Гектар Х'ю Мунро Сакі




Дата канвертавання01.05.2016
Памер35.04 Kb.




(Гектар Х'ю Мунро) Сакі (Hector Hugh Munro) Saki (1870 – 1916) – брытанскі пісьменнік, чые дасціпныя, а часам нават змрочныя апавяданні былі сатырай на норавы эдвардыянскай Англіі. Сакі лічыцца прызнаным майстрам апавядання нароўні з О. Генры і Дораці Паркер.
На яго творчасць зрабілі моцны ўплыў Оскар Ўайлд, Льюіс Кэрал і Кіплінг, у той час як яго творы паўплывалі на А. А. Мілна, Ноэла Каўарда і П. Г. Вудхаўза.

Жанчына, што гаварыла праўду

(The Woman Who Told the Truth)

(з цыклу “Рэджынальд пра галоўныя заганы”)

Жыла-была, пачаў Рэджынальд, жанчына, што гаварыла праўду. Безумоўна, звычка гэтая з’явілася не ўвадначас, а прарастала ў ёй павольна, нібы лішайнік на здаровым з выгляду дрэве. У яе не было дзяцей – іначай усё магло б быць іначай.


Гэта пачалося амаль незаўважна, без асаблівых на тое падставаў, апроч той, што жыццё яе было даволі пустым, таму так лёгка было спатыкнуцца і пачаць гаварыць праўду па дробязі. А потым усё ўскладнілася: мяжа дазволенага была пяройдзеная, пачалася праўда па-буйному – і ўрэшце яна сказала праўду пра свой узрост. Яна паведаміла, што ёй сорак два гады і пяць месяцаў, – як бачыце, да таго часу яе праўдзівасць сягнула нават месяцаў. Гэта, мабыць, прыемна анёлам, але яе старэйшая сястра была не вельмі задаволеная. На дзень нараджэння нашай жанчыны замест білетаў у оперу, на якія тая спадзявалася, сястра даслала ёй паштоўку з відам на Ерусалім з Элеонскай гары, што, згадзіцеся, не зусім адно і тое ж. Помста старэйшай сястры можа прымусіць сябе чакаць, але, як Паўднёва-ўсходні экспрэс, урэшце прыбывае без спазненняў.
Сябры жанчыны спрабавалі адгаварыць яе ад надмернага патурання гэтай звычцы, але яна сказала, што заручаная з праўдай, пасля чаго ёй заўважылі, што не зусім разумна так часта з’яўляцца разам на публіцы. (Бо прадбачлівая жанчына не будзе рэгулярна абедаць разам з мужам, калі хоча асляпіць яго, нібыта Адкрыццё прарока, за вячэрай. Яму трэба даць час на забыванне, а паловы дня для гэтага недастаткова). І неўзабаве шэрагі яе сяброў месцамі парадзелі. Яе жарсць да праўды аказалася несумяшчальнай з шырокім колам знаёмстваў. Напрыклад, яна сказала Мірыям Клапшток, як менавіта тая выглядала на балі ў Ілексаў. Ну безумоўна, Мірыям пыталася пра бесстаронняе меркаванне, а нашая жанчына штодня малілася ў царкве за мір ва ўсім свеце, але свет, на жаль, поўны супярэчнасцяў.
Усе пагаджаліся на адным: кепска, што ў яе няма сям’і. З дзіцёнкам-другім у доме неяк несвядома пачынаеш утаймоўваць празмернае імкненне да праўды. Дзеці дадзеныя нам на тое, каб мы стрымліваліся ў выказванні найлепшых пачуццяў. Вось чаму тэатр, як бы ні намагаўся, ніколі не будзе больш штучным, чым жыццё, – нават у ібсэнаўскай драме трэба выкрываць тое, пра што звычайна маўчыш у прысутнасці дзяцей і слугаў.
Лёс ад пачатку наканаваў, каб мы гаварылі праўду, і па справядлівасці частку віны павінен узяць на сябе. Таму, не маючы дзяцей, нашая жанчына была вінаватая хіба што ў неасцярожнасці самога пацярпелага.
З часам яна адчула, што стала рабыняю таго, што спачатку было не больш чым марнай схільнасцю. І вось аднойчы ёй усё адкрылася. Любая жанчына кажа сваёй краўчысе дзевяноста працэнтаў праўды, астатнія ж дзесяць – гэта той нескарачальны мінімум маны, на які ніводная кліентка, якая сябе паважае, ніколі не зробіць замаху. Майстэрня мадам Драга было месцам сустрэчаў голай праўды з крыкліва адзетай маной, і там нашая жанчына адчула ў сабе сілы зрабіць апошнюю спробу і ўваскрасіць прастадушны фальш мінулых дзён. Сама мадам была апанаваная натхненнем і мела выгляд сфінкса, які ведае ўсё на свеце, але пра большасць ахвотна маўчыць. Яна б праславілася, калі б была ваенным міністрам, але ёй было дастаткова багацця.
– Я прыбяру вось тут, а потым – ну пацярпіце хвілінку, міс Ховард! – потым тут, а потым вось так збяру – упэўненая, вам будзе нашмат зручней!
Жанчына крыху павагалася. Здаецца, так мала высілкаў патрэбна было, каб проста моўчкі згадзіцца з мадам. Але звычку было ўжо не перамагчы.
– Баюся, – прамармытала яна, – што тут вось крышку, ну зусім крышачку...
І гэтым “крышачку” яна акрэсліла ўсю незваротнасць сваёй рабскай залежнасці ад праўды. Мадам не вельмі радавалася, калі ёй пярэчылі ў прафесійных пытаннях, а калі мадам страчвала вытрымку, асобная вытрымка знаходзілася ў вашым рахунку.
І ўрэшце надышла жахлівая хвіліна, якую жанчына ўжо даўно прадбачыла, – яшчэ адна маленечкая праўда, што трывожыла яе ў хвіліны абуджэння. Неяк золкай раніцай у сераду, з цяжкасцю падбіраючы словы, яна заўважыла кухарцы, што тая выпівае. Сцэна, якая адбылася пасля гэтага, запомнілася ёй так выразна, нібыта была напісаная ў яе ўяўленні самім Эбі [1]. Кухарка была добрая – такія кухаркі сыходзяць за добрых; а як сыходзяць, то яна і сышла.
На наступны дзень на абед заявілася Мірыям Клапшток. Жанчыны і сланы ніколі не забываюць несправядлівасці.

[1] Эдвін Остын Эбі (1852–1911) – амерыканскі мастак, ілюстратар, з 1878 году жыў у Англіі; у 1902 годзе быў афіцыйным партрэтыстам на каранацыі Эдуарда VII. Ілюстраваў кнігі вядомых аўтараў, у тым ліку Шэкспіра.


пераклад з ангельскай – Кацярына Маціеўская
© Кацярына Маціеўская, пераклад, 2010


prajdzisvet.org


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка