Газета «культура» №30 Мода на мецэнацтва




Дата канвертавання01.05.2016
Памер28.99 Kb.

Газета «КУЛЬТУРА»

№30

Мода на мецэнацтва


Неаднойчы з вуснаў дзеячаў мастацтва мне даводзілася чуць выраз: “Эх, няма ў наш век мецэнатаў!” Ды і афішы значных (але пры гэтым не вельмі “масавых”, з пункта гледжання глядацкай увагі) культурных праектаў сёння не стракацяць лагатыпамі спонсараў. З іншага боку, сітуацыя пакрысе змяняецца. І ад прадстаўнікоў буйных кампаній усё часцей можна пачуць выраз “сацыяльна адказны бізнес”. Яшчэ напрыканцы 2006 года намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Андрэй Кабякоў уручыў сертыфікаты сусветнай ініцыятывы Арганізацыі аб’яднаных нацый “Глабальны дагавор” яе першым удзельнікам з Беларусі. Тады іх было ўсяго 26, сёння — ужо 72.

 - Гэтая ініцыятыва, абвешчаная ў 2000 годзе Генеральным сакратаром ААН Кофі Ананам, сведчыць пра тое, што чаканні грамадства ў дачыненні да бізнесу сёння моцна змяніліся, - кажа галоўны саветнік ініцыятывы "Глабальны дагавор" у Беларусі Таісія Ялецкіх. - І дзелавыя людзі з усяго свету выявілі сваё імкненне кіравацца тымі высокімі патрабаваннямі. Псіхалогія бізнесмена змяняецца: усё больш людзей усведамляе, што лепей патраціць свае сродкі на значны сацыякультурны праект, чым збудаваць сабе яшчэ адну вілу...

Сацыяльная адказнасць бізнесу мае шмат вымярэнняў: яна ўключае не толькі ўласна якасць прадукцыі, але таксама і дбанне пра экалагічную бяспеку, стварэнне работнікам добрых умоў працы, удзел у разнастайных сацыяльных і культурных праектах. Адпаведна, ставячы свой подпіс у "Глабальным дагаворы", дырэктар той або іншай арганізацыі бярэ на сябе нямала абавязкаў.

 - Спонсарства і дабрачыннасць - невялікая частка таго, што мы называем карпаратыўнай этыкай, - тлумачыць Таісія Eлецкіх. - Тут можна казаць пра культуру бізнесу ў самым шырокім сэнсе слова, якая, у сваю чаргу, прадугледжвае і рупліўства аб духоўных каштоўнасцях грамадства.

 І, адпаведна, - глыбокае памкненне займацца нават не спонсарствам, а чыстым мецэнацтвам. Але ў наш прагматычны век людзі рэдка кіруюцца адно душэўнымі памкненнямі. Таму цалкам дарэчы будзе гучаць пытанне: а што ж бізнесмены атрымліваюць наўзамен?

 - Ёсць усе падставы меркаваць, што неўзабаве этычныя прынцыпы вядзення бізнесу стануць свайго кшталту міжнародным стандартам, - кажа Таісія Елецкіх. - Гэта будзе своеасаблівы крытэрый саліднасці. Адпаведна, кампанія, што гэтыя нормы ігнаруе, не здолее заключыць дамову з буйным замежным партнёрам. У той самы час, кваліфікаваны спецыяліст спыніць свой выбар месца працы на кампаніі, якая дбае пра свой персанал.

Зразумела, што ў плане іміджа ўдзел у "Глабальным дагаворы" ніводнаму прадпрыемству не нашкодзіць. Ды толькі... Ці не застаюцца тыя добрыя намеры чыстай дэкларацыяй?

 - Усё залежыць ад пазіцыі кіраўніцтва кампаніі, ад яго дальнабачнасці і ўмення прагназаваць перспектыву, - кажа Таісія Ялецкіх. - Калі ты займаешся вытворчасцю газіраваных напояў, мае сэнс падбаць пра чысціню вады. Тое самае тычыцца і "экалогіі душы".

Зрэшты, магчыма, няшчырасць і двурушніцтва ўдзельнікаў "Глабальнага дагавора" здатныя адно сапсаваць іх імідж. Бо адна з умоў удзелу ў ініцыятыве - штогадовыя справаздачы, якія ўтрымліваюць рэальныя факты, што пацвярджаюць добрыя намеры.

У ліку беларускіх удзельнікаў ініцыятывы - як невялікія фірмы, так і прамысловыя гіганты. Да прыкладу, Беларускі металургічны завод сёлета ўпершыню прадставіў справаздачу паводле найвышэйшых міжнародных стандартаў. У ёй прадпрыемства, сярод іншага, адзначыла і фінансавыя ўліванні ў прыналежны яму Палац культуры металургаў - установы, чыю ролю ў культурным жыцці Жлобіна цяжка пераацаніць.

Па словах Таісіі Елецкіх, часам прадстаўніцтвы ініцыятывы здолеюць стаць своеасаблівымі каардынацыйнымі цэнтрамі для пошуку спосабаў рэалізацыі таго або іншага культурнага праекта. Адзін з членаў ініцыятывы дасылае ў яе беларускі "штаб" сваю ідэю, а адтуль інфармацыя трапляе да іншых удзельнікаў, здатных падтрымаць яе фінансава. Адна з такіх задум на бліжэйшы час тычыцца збору кніг для бібліятэк дзіцячых дамоў.



- Лічу, што спадзявацца адно на дзяржаўны бюджэт у справе фінансавання сацыяльна значных праектаў сёння нам не выпадае, - кажа галоўны саветнік. - І мы бачым, што людзі бізнесу на Беларусі для гэтых добрых спраў ужо "саспелі". Таму сёння важна натхніць іх, "задзіночыць" высілкі. І ўрэшце - стварыць своеасаблівую моду на дабрачыннасць. У гэтым - адна з задач "Глабальнага дагавора".


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка