Гарматны в. П. Сялянскія сервітуты ў палескім ваяводстве




Дата канвертавання19.03.2016
Памер89.94 Kb.
ГАРМАТНЫ В. П.

СЯЛЯНСКІЯ СЕРВІТУТЫ Ў ПАЛЕСКІМ ВАЯВОДСТВЕ

(1921-1939 гг.)

У 1921 г. болей паловы сялян Палескага ваяводства карысталася сумеснымі зямельнымі ўладаннямі (сервітутамі), агульная плошча якіх складала каля 438 тысяч гектараў (каля 15% усёй сялянскай зямлі). Юрыдычна ні адзін, ні другі бок без узаемнага дагавору не мог прадаць сервітутны ўчастак. Былы міністр аграрных рэформ У. Станевіч пісаў, што сервітуты на Палессі “часам складаюць большую частку сялянскіх надзелаў, дзе ворныя землі з`яўляюцца толькі некаторым дадаткам да іх сядзіб” [9, с. 88].


СЕРВІТУТЫ Ў ПАЛЕСКІМ ВАЯВОДСТВЕ (1921-1939 гг.) [9, с. 86]

лясныя

выганы і пастбішча

лясы і пастбішча

іншыя

13,2%

68,1%

18,6%

0,1%

У плане рэформы (на аснове законаў, прынятых Сеймам 7 мая 1920 г. і 10 студзеня 1922 г.) прадугледжвалася ліквідацыя сервітутаў дабравольным і прымусовым шляхам. Ліквідацыя сервітутаў мела для сялян цяжкія наступствы – 75% сервітутных зямель перайшло ва ўласнасць памешчыкаў і асаднікаў, таму праходзіла галоўным чынам у прымусовым парадку [3, Арк. 12].

Сяляне пазбаўляліся адвечнага права карыстацца агульнымі пастбішчамі, выганамі, збіраць у лесе грыбы і ягады і г. д. За збор грыбоў, ягад, нават за мох патрэбна было плаціць па 2-3 і болей злотых. Калі ж ляснік лавіў селяніна ў лесе і той не меў талона, то за гэта бралі вялікі штраф, а самога селяніна жорстка збівалі.

Вельмі часта здаралася так, што сяляне наўмысна пускалі сваю жывёлу на палі памешчыка з мэтай нанесці яму “шкоду”. Таму Сеймам быў прыняты Закон ад 31 ліпеня 1934 г., які пастанаўляў, што гаспадар зямлі мае права забраць чужую жывёлу, нанесшую яму патраву, і патрабаваць з гаспадара жывёлы аплаты нанесенага ўрону і кошту корма жывёлы [5, с. 122, 142].
ЛІКВІДАЦЫЯ СЕРВІТУТАЎ У ПАЛЕСКІМ ВАЯВОДСТВЕ

(1919–1936 гг.) [9, c. 163]



ліквідаванa сервітутаў

сялянскіх гаспадарак

выдзелена ўзамен сервітутаў зямлі, га

441

43113

110624

У барацьбе за свае правы сяляне выкарыстоўвалі як легальныя, так і нелегальныя сродкі барацьбы: суд, Сойм, левыя газеты, а калі гэта не дапамагала, то выкарыстоўваліся нелегальныя сродкі барацьбы: супраціўленне правядзенню ліквідацыі сервітутаў, непрызнанне вынікаў праведзенага зямельнага размеркавання, незаконны выпас жывёлы на землях памешчыкаў, самавольная вырубка лесу і гэтак далей. Яшчэ болей грозныя масштабы набыла барацьба сялян супраць памешчыкаў і асаднікаў у форме падпалу іх маёнткаў і хутароў. Падпалы прыносілі памешчыкам, асаднікам і буржуазіі, а таксама польскай дзяржаве, найбольшы матэрыяльны ўрон.

Спачатку ўзнікалі судовыя працэсы, якія ініцыявалі сяляне супраць сваіх памешчыкаў, патрабуючы поўную перадачу сервітутаў у сваю ўласнасць. Гэтыя працэсы працягваліся па некалькі гадоў. Калі памешчык дабіваўся ва ўлад рашэння аб падзеле сервітута, сяляне звярталіся ў суд. Яны выбіралі дэлегацыі абараняць іх правы, збіралі грошы, наймалі адвакатаў, але суды, часцей за ўсё, выносіў рашэнне на карысць памешчыка, спасылаючыся на юрыдычнае права ўласнасці паноў на гэтыя землі, існаваўшыя з даўніх часоў і захаваныя пры адмене прыгоннага права.

На такія рашэнні сяляне падавалі апеляцыі, але і яны часцей за ўсё адхіляліся. Пакуль ішло судовае разгляданне справы, сяляне паўсюдна карысталіся севітутамі, нягледзячы на забарону памешчыкаў. Яны часта аказвалі прамое супраціўленне уладам, калі тыя спрабавалі правесці размежаванне сервітутных зямель, пасля таго як суд вынес рашэнне на карысць памешчыка. барацьба нярэдка прадаўжалася і пасля ліквідацыі сервітутаў, сяляне працягвалі ім карыстацца, нягледзячы ні на што. Памешчыкі вымушаны былі вызываць паліцыю, каб справіцца з сялянамі.

Сяляне вёскі Загор`е Кобрынскага павета на працягу доўгага перыяду дарэмна дабіваліся праз суд прызнання іх правоў на сервітут. Суд вынес рашэнне на карысць памешчыка. Войт патрабаваў ад сялян, каб яны пакарыліся судоваму рашэнню і спыніць далейшае карыстанне сервітутам. У сувязі з гэтым кобрынскі павятовы стараста паведамляў у ваеводскую ўправу, што “сельская грамада вёскі Загор`е катэгарычна і рашуча адмаўляецца падпарадкавацца, заяўляючы, што і надалей будзе пасці жывёлу на лугах, бо яны належаць вышэйазначанай вёсцы” [6, с. 158].

У інтэрпеляцыі беларускіх паслоў у Сойм у сувязі з прыгнётам сялян асаднікамі адзначалася: “Асаднік, капітан Стылінскі, захапіў сервітутны луг, які належаў сялянам вёскі Квясевічы Косаўскага павету. Пагражаючы зброяй, асаднік не пускае сялян пасці жывёлу на сервітутнай зямлі“ [4, с. 84].

Жыхары вёсак Пучыны Пінскага павета, Кабыльнікі і Кастамолаты Брэсцкага павета і некаторых іншых на працягу некалькіх гадоў не прызнавалі праведзенай уладамі разбіўкі палёў на водрубы, знішчалі межавыя знакі, жылі ў вёсцы і працягвалі апрацоўваць ранейшыя надзелы [9, с. 99].

Трэба адзначыць, што здараліся выпадкі, калі выступленні сялян арганізоўвалі і ўзначальвалі прадстаўнікі мясцовай вясковай адміністрацыі. Так, напрыклад, 13 студзеня 1923 г. солтыс Сіманюк сабраў каля 50 жыхароў вёсак Аннапаскі, Ямніца і Хмелішча Олтушскай гміны Брэсцкага павета і прызваў іх пайсці ў лес, што з даўніх часоў належаў сялянам, каб прагнаць адтуль інжынера Май-Мескулава, які быў прысланы раздзяліць лес паміж сялянамі і памешчыкамі. За солтысам у лес пайшлі 35 сялян, яны сустрэлі там каменданта олтушскай паліцыі Хамяка, інжынера Май-Мескулава і рабочых, якія пілавалі і вывозілі драўніну. На пытанне каменданта: “Што вам патрэбна?” сяляне заявілі, што як і іх бацькі, дзяды і прадзяды, лічаць увесь гэты лес сваёй уласнасцю і не дазволяць яго пілаваць. Рабочыя, салідарныя з сялянамі, кінулі працаваць і пайшлі дадому. І пасля гэтага, камендант не пераставаў угаворваць сялян, даказваючы “законныя” правы памешчыка на гэты лес, але сяляне выгналі яго з лесу разам з памешчыкам [7, с. 70; 9, с. 191].

У цыркуляры столінскаму старосце палескі ваявода Станіслаў Юзаф Даўнаровіч 26 мая 1924 г. пісаў, што “у апошні час у міністэрства ўнутраных спраў паступіла скарга дэлегацыі Палескага саюза памешчыкаў аб павялічыўшыхся, нібыта, выпадках масавай вырубкі лясоў і выкасу сенакосаў мясцовымі сялянамі на тэрыторыі некаторых паветаў”.

У чэрвені 1924 года ваеныя асаднікі ў маёнтку Планя Свята-Вольскай гміны Косаўскага павета данеслі ўладам пра тое, што сяляне пасуць жывёлу на іх лугах. На даследаванне скаргі ў вёску Планя тэрмінова прыбыла паліцыя. Сяляне кінуліся на паліцыянтаў з сякерамі, спрабуючы іх абяззброіць. У выніку гэтага паранены адзін паліцэйскі. Сяляне, аказаўшыя супраціўленне паліцыі, потым былі арыштаваны і аддадзены пад суд [7, с. 69–71].

Калі леснікі маёнтка Прывітоўка Пінскага павету ў ліпені 1927 г. пабілі пастуха Васіля Сакаловіча, які пас сялянскіх коней на памешчыцкім лузе, сяляне вёскі Прывітоўка двойчы ўрываліся ў маёнтак, каб расправіцца з прыгнятальнікамі [7, с. 147].

27 верасня 1927 г. селянін вёскі Сашыца Сялецкай воласці Пружанскага павета пісаў у газеце “Сельская ніва”: “Последние дни в деревне проводится ликвидация сервитутов во главе с помещиком-паном Редиком. Эта «ликвидация», как её называют, имеет в виду отобрать от крестьян их собственные земли и передать помещикам” [4, с. 37].

У 30 верасня 1929 г. сяляне вёсак Осаўцы і Пляхаўшчына Пружанскага павета, узброеныя сякерамі і кіямі, прагналі землемера і суправаджаючых яго 3 паліцэйскіх, якія адводзілі сервітутныя землі памешчыку. 2 кастрычніка ён прыбыў разам з 4 паліцэйскімі, але каля 200 сялян прагналі іх ізноў. 4 кастрычніка ў суседні маёнтак Сялец быў накіраваны паліцэйскі атрад ў складзе болей чым 30 чалавек, узброенымі вінтоўкамі і 2 ручнымі кулямётамі. Яго ўзначальвалі стараста павета і намеснік павятовага земскага камісара. Толькі такім чынам уладам удалося правесці тут зямельнае размежаванне [6, с. 100–101; 8, с. 139].

Вясною 1931 г. супраць перадачы маёнтку Булькава сервітутных лугоў выступілі жыхары вёскі Ракітніца Кобрынскага павета. Сабраўшыяся сяляне ў колькасці 200 чалавек, прагналі прадстаўнікоў праваахоўчых органаў.

Трохі пазней адбыліся наступныя падзеі. Калі сялянская жывёла зайшла на севітутны луг, памешчык з трыма паліцэйскімі захапілі кароў, а пастухоў – дзяцей і падлеткаў – жорстка збілі. На крыкі дзяцей з вёскі прыбеглі сяляне, узброеныя кіямі, косамі, сякерамі. Камендант паліцэйскага ўчастка выхапіў рэвальвер і паспрабаваў стрэліць у натоўп, але атрымалася асечка. Памешчык кінуў яму свой рэвальвер, але сяляне перахапілі яго, а потым абяззброілі паліцэйскіх.

На наступны дзень у Ракітніцу прыбыў карны атрад у 45 паліцыянтаў, якія правялі тут крывавую пацыфікацыю. Такія ж выступленні назіраліся у вёсках Юндзілавічы і Здзітава Косаўскага павета, у шэрагу вёсак Лышчыцкай і Дамачаўскай гмін Брэстскага павета і гэтак далей [5, с. 141; 6, с. 158; 8, с. 139, 142, 143].

Здаралася так, што сяляне наўмысна парушалі існуючыя здаўна законы і правы памешчыкаў, патрабуючы поўную перадачу сервітутаў на сваю карысць. У Высокаўскай гміне Брэсцкага павета восенню 1931 г. і зімою 1932 г. сяляне цэлымі вёскамі выязжалі рубіць памешчыцкі лес і вывозілі яго для сваіх патрэб. Сяляне вёскі Ліпнішкі Вішнеўскай гміны аказалі супраціўленне леснікам, што не давалі рубіць лес, абяззброілі іх.

Калі ўладальнік маёнтка Багданаўка Лунінецкага павета прадаў частку зямель, якімі сяляне карысталіся як сервітутам. сяляне выступілі супраць пакупнікоў і не дапусцілі выкарчоўкі лесу. Толькі з дапамогаю паліцыі іх прымусілі адступіць [6, с. 157-158].

У вёсцы Ганна Брэсцкага павета памешчык вырашыў вырубіць лес на ўчастку, дзе быў сервітут, але сяляне, даведаўшыся аб гэтым, вырубілі яго самі. Памешчык вызваў паліцыю. Сяляне аказалі супраціўленне, вывезлі лес і адмовіліся плаціць за яго ў казну. Гэтае выступленне адбылося пад уплывам мясцовай ячэйкі КПЗБ, якая стварыла камітэт для кіраўніцтва выступленнем. У пачатку 1932 г. толькі ў Пінскім павеце мела месца 11 выпадкаў сутыкнення сялян з памешчыкамі. У 1933 г. доўга і актыўна змагаліся супраць спроб ліквідацыі сервітута жыхары вёскі Любча Лунінецкага павета [6, с. 171].

23 чэрвеня 1932 г. 3 леснікоў маёнтка Арэхава-Галоўнае Олтушскай гміны Брэсцкага павета, што належаў Віленскаму зямельнаму банку, прыйшлі на лугі маёнтка з мэтай праверкі ці не было выпадкаў самавольнага кашэння сена. Болей 100 сялян касілі самавольна сена на лугах маёнтка. Леснікі склалі спіс віноўнікаў. У адказ сяляне заявілі нібыта купілі луг у мясцовага святара праваслаўнай царквы Лукашыка Георгія з вёскі Арэхава у 1932 г. На прад`яўленых дагаворах адсутнічала гербавая марка і яны былі прызнаны несапраўднымі [1, с. 179; 6, с. 158].

Пінскі павятовы стараста пісаў у справаздачы ў ваяводскую ўправу (1932 г.) аб тым, што ў маёнтках Бродніца-Юдмавічы, Малая Платніца, Жалкін, Хойна, Велятычы, Почапава, дзе былі сервітуты, паміж сялянамі і памешчыкамі часта ўзнікаюць вострыя канфлікты, якія прыводзяць да прамых сутыкненняў з адміністрацыяй, і што насельніцтва навогул вельмі варожа адносіцца да памешчыкаў і ўлады [6, с. 157].

Галоўным арганізатарам барацьбы сялян Палескага ваяводства была КПЗБ. Як паведамляў орган КПЗБ “Чырвоны сцяг” (№ 1, 1933 г.), ячэйка КПЗБ вёскі Баравікі Кобрынскага павета “разгарнула барацьбу за вадзяны сервітут”. Пад кіраўніцтвам мясцовых камуністаў 45 сялян вёскі пайшлі на раку і прагналі 3 заможных сялян, якія захапілі для сябе ўсю лоўлю рыбы на рацэ і арганізавалі лоўлю рыбы для ўсіх сялян “камунай”. Выступленне сялян было падаўлена паліцыяй [2, с. 66].

У пачатку студзеня 1933 г. у вёску Хорава Пружанскага павета прыехаў землямер, каб правесці абмер сервітутных зямель, якімі карысталіся сяляне, для перадачы іх памешчыкам. Па закліку члена КПЗБ Сцяпана Самайловіча сяляне адзінадушна вырашылі не аддаваць сваіх зямель і далучыцца да бастуючых рабочых лясных промыслаў [10, с. 197].



Сервітуты былі з аднаго боку перажыткам з часоў паншчыны, з другога – жыццёванеабходнай для сялян рэччу – яны давалі ім магчымасць трымаць на выганах, пашах большую колькасць сельскагаспадарчай жывёлы, а на вадаёмах – вялікую колькасць хатняй птушкі, лавіць рыбу, а таксама такі неабходны лес для пабудовы хаты, нарыхтоўкі дроў, магчымасць бесперашкодна збіраць ягады, грыбы, мох. У цэлым сялянства было рэзка супраць ліквідацыі сервітутаў, бо пры гэтым страчвала больш, чым атрымоўвала ўзамен. Барацьба сялян супраць сваіх памешчыкаў за захаванне сервітутаў актыўна выкарыстоўвалася і падтрымлівалася мясцовымі ячэйкамі КПЗБ, што перашкаджала паспяховаму правядзенню польскімі уладамі ў Палескім ваяводстве ў 1921-1939 гг. аграрнай рэформы.


  1. Борьба трудящихся Западной Белоруссии за социальное и национальное освобождение и воссоединение с БССР: Документы и материалы. В 2 т. – Т. 2. 1929-1939 / И. П. Ховратович (сост.) [и др.] – Мн.: Беларусь, 1972. – 560 с.;

  2. Гак, Л., Майзель, Ю. 13 год вызвалення БССР ад белапалякаў / Л. Гак. // – Мн.: Партыйнае выдавецтва, 1933. – 80 с.;

  3. Дзяржаўны архіў Брэсцкай вобласці (ДАБВ). – Ф. 60. – Воп. 1. – Спр. 99 Списки землеустроителей и переписка с поветовыми земельными управлениями о правилах приёма студентов на практику и о проведении хуторизации земли;

  4. Кухарев, Б. Е. Сельское хозяйство Западной Белоруссии (1919-1939 гг.) / Б. Е. Кухарев. // – Мн.: Вышэйшая школа, 1975. – 112 с.;

  5. Лочмель, И. Ф. Очерк истории борьбы белорусского народа против польских панов / И. Ф. Лочмель. // - М.: Воениздат, 1940. – 164 с.;

  6. Полуян, В. А. Революционно-демократическое движение в Западной Белоруссии (1927-1939 гг.) / В. А. Полуян. // – Мн.: Наука и техника, Институт истории АН БССР, 1978. – 360 с.;

  7. Полуян, В. А., Полуян, И. В. Революционное и национально-освободительное движение в Западной Белоруссии в 1920-1939 гг. / В. А. Полуян. // – Мн.: Государственное издательство БССР, 1962. – 224 с.;

  8. Полуян, И. В. Западная Белоруссия в период экономического кризиса. 1929-1933 гг. / И. В. Полуян. // – Мн.: Навука і тэхніка, 1991. – 207 с.;

  9. Сорокин, А. А. Аграрный вопрос в Западной Белоруссии (1920-1939 гг.) - / А. А. Сорокин. // - Мн.: Наука и техника, 1968. – 204 с.;

  10. У суровыя гады падполля: Успаміны былых членаў КПЗБ – актыўных удзельнікаў рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі [склад.: М. С. Арэхва і інш.] – Мн.: Дзяржаўнае выдавецтва БССР, 1958. – 363 с.







База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка