Галіна Багданава Імя Ахрэмчыка…




Дата канвертавання30.04.2016
Памер77.35 Kb.

Галіна Багданава

Імя Ахрэмчыка…

Нават калі хто з маіх аднагодкаў і не адразу ўспомнць, кто ж такі Іван Восіпавіч Ахрэмчык, дастаткова нагадаць: «Ён жа карціну «Абаронцы Брэсцкай крэпасці» напісаў, тую самую, рэпрадукцыя якой была ў падручніку!». Была і, пэўна ж, ёсць, бо гісторыю лепш вывучаць не абстрактна, а праз характары, лёсы людзей. Знясіленыя, адчайныя змагары, пра якіх яшчэ будуць напісаны кнігі, знятыя кінафільмы. Але ж ужо для некалькіх пакаленняў Брэсцкая крэпасць — гэта Брэсцкая крэпасць Ахрэмчыка. Ён нарадзіўся 3 снежня 1903 года ў Мінску, скончыў Маскоўскі вышэйшы мастацка-тэхнічны інстытут, вучыўся ў такіх вядомых майстроў, як К. Істомін, А. Шаўчэнка, А. Архіпаў. З 1921 года практычна да самай смерці, да 1971 года, ягоныя карціны можна было ўбачыць на самых розных выстаўках. Гэта I.В. Ахрэмчык — аўтар «Падпісання маніфеста аб стварэнні БССР», партрэтаў У. Галубка, 3. Васільевай, Г. Глебава, К. Чорнага, П. Глебкі, плафона «Дружба народаў» для Тэатра юнага гледача ў Мінску. Ён — народны мастак Беларусі, выкладаў у Віцебскім мастацкім тэхнікуме, Мінскім мастацкім вучыліішчы, Беларускім політэхнічным інстытуце, Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце...

Многія ягоныя вучні сягоння — гонар беларускага выяўленчага мастацтва. У яго вучыліся П. Масленікаў, М. Савіцкі, I. Воранаў, В. Грамыка, А. Гугель. Але імя Г.В. Ахрэмчыка засталося не толькі ў падручніках па гісторыі мастацтва. Яно ўжо шмат гадоў — знакавае для цяперашняга Рэспубліканскага каледжа мастацтваў (раней гэта была школа-інтэрнат для адораных дзяцей, якую, з'яднаўшы словы «Парнас» і «інтэрнат», называлі «Парнатам»). Летась Рэспубліканскі каледж мастацтваў імя I.В. Ахрэмчыка адзначыў свае саракагоддзе. І вось напярэдадні свята вырашылі знайсці і павесіць у фае не толькі партрэт Ахрэмчыка, але і ягоныя карціны. 3 усяго выбралі пейзажы, мяккія, лірычныя, узнёслыя. Іван Восіпавіч быў з тых мастакоў, што не падначальваюць натуру ўласнаму стылю, а ўглядаюцца, услухоўваюцца ў наваколле, спасцігаюць, а потым аднаўляюць у рытміцы ліній, шматгалоссі фарбаў, той ці іншы краявід.

3'явіліся побач з партрэтам пейзажы — і быццам душа з'явілася. Каледж на шэсцьдзесят гадоў маладзейшы за таго, чыё імя яму выпала насіць. Сёння тут ствараюцца унікальныя па нашым часе ўмовы для вучобы і творчасці. У каледжы займаюцца каля 500 юных музыкантаі і мастакоў з усей Беларусі, выкладаюць не проста настаунікі — творцы, вядомыя далека за межамі нашай рэспублкі сваімі песнямі, карцінамі, скульптурнымі кампазіцыямі. Як любіць паўтараць сённяшні дырэктар каледжа, магістр педагагічных навук Людмла Мікалаеўна Шахава, лепш за ўсе выхоўвае «строгая дабрыня». Гэта значыць давер, павага і ў той жа час вялікая патрабавальнасць. Кажуць, што чалавек, адораны ад прыроды вялікім талентам і з-за ляноты ці несабранасці не здольны рэалізаваць яго, можа панесці вялікае пакаранне. Гэта грэх, меўшы голас, не спяваць. У дырэктарскім кабінеце, за шклом — падораны царкоунымі дзеячамі абраз — строгі і ўзвышаны святы лік, а ўнізе, на паліцы скульптурная кампазіцыя аднаго з лепшых сённяшніх навучэнцаў каледжа, пераможцы рэспубліканскага конкурсу, юнага скульптара Аляксандра Навасёлава — вылепленыя з гліны ружы, якія ахінаюць-ахоўваюць жаночыя рукі — вытанчаныя і пяшчотныя. Калі хочаце, гэта знак-сімвал... Людміла Мікалаеўна шмат гадоў адпрацавала настаўніцай малодшых класаў, потым завучам. Настаўніцай была яе маці, і сястра выбрала тую ж прафесію.

Першае, што здзіўляе тых, хто пераходзіць вучыцца ў гімназію-каледж з іншых школ, — гэта незвычайная атмасфера даверу і шчырасці. Тут рэдка бываюць пустыя сваркі ды звадкі. I я ведаю чаму. Усе тут, пачынаючы ад самых малых і да дванадцацікласнікаў, працуюць, як пчолы. А пчолы не сварацца. Ім проста няма калі.

Каледж стаў другім родным домам для многіх знакамітых музыкантаў і мастакоў. Тут вучыліся і акадэмікі Беларускай акадэміі мастацтваў Уладзімір Савіч, Фелікс і Валерый Янушкевічы, Віктар Альшэўскі, Уладзімір Вішнеўскі, вядомы мастак-манументаліст Уладзімір Крываблоцкі, мастачка дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, габелены якой сёння знаходзяцца нават у Парыжы (сама яна таксама жыве за мяжою) Вольга Дзёмкіна... Тут вучыліся цэлыя творчыя дынастыі і творчыя дуэты. Дыпломныя работы многіх слынных мастакоў сёння таксама экспануюцца ў каледжы. Але я паспрабую перадаць атмасферу каледжа ўсяго праз два лёсы — двух мастакоў, жыццё якіх без гэтай навучальнай установы склалася б зусім іначай, і ўвогуле ці склалася б. Гэта акадэмік Беларускай Акадэміі мастацтваў, графік Рыгор Сітніца, які, дарэчы, добра вядомы чытачам «Полымя», упершыню тут былі надрукаваныя ягоныя вершы, прызнаныя лепшай публікацыяй года. Другі мастак толькі пачынае свой творчы шлях. Ён таксама піша вершы і стварае незвычайныя па глыбіні скульптурныя кампазіцыі. Гэта вучань 11 класа, ці як тут прынята вызначаць — II курса каледжа Аляксандр Навасёлаў, работа якога — агорнутыя жаночымі рукамі ружы — стаіць у кабінеце дырэктара.

У адным са сваіх інтэрв'ю Рыгор Сітніца успамінаў:

— Нарадзіўся на вёсцы, у Петрыкаўскім раёне. І маляваць пачаў з гадоў пяці. А потым напісаў у «Пионерскую правду», у Маскву, папрасіў падказаць мне, дзе вучаць на мастака. I мне падказалі... Маўляў, калі падрасцеш, паступай, хлопча, у Чарнігаўскае мастацкае вучылішча. Але, на шчасце, тады да нас у вёску прыехаў выкладчык музыкі Іван Пятровіч Маліноўскі, да якога я хадзіу браць урокі ігры на баяне. Ён і падказаў мне, што калі хачу стаць мастаком, магу паехаць у Мінск, школу-інтэрнат імя Ахрэмчыка. Бацька мой усе зразумеў і адпусціў адразу. А маці мы ледзь угаварылі. Прыехалі мы з Іванам Пятровічам у Мінск, знайшлі школку, а ўступныя экзамены даўно скончыліся. Усе на канікулах ці на практыцы. Хадзіў па школе толькі малады выкладчык, выпускнік мастацка-графічнага факультэта Вцебскага педінстытута Ягор Батальёнак, у тоўстых такіх акулярах (у яго надта кепскі зрок быў). Мы яму працы мае паказалі — стагі, каровы, хлявы... Ён тыя працы пакінуў, а мы дамоў, на вёску паехалі. Потым я ліст атрымаў: «Прыняты, прыязджай, вучыся!» Ягор Батальёнак усіх у школцы пераканаў, што мяне без экзаменаў можна прыняць. Так і пачалося мае новае жыццё...

Тады Рыгор Сітніца не ведаў, што ў «Парнаце» пачалося ягонае ўзыходжанне на Парнас.

Дасюль згадвае, як уцякаў з вёскі раней часу, не чакаючы канца канікулаў, каб хутчэй у майстэрню, да сяброў.

— У нас, — кажа Рыгор, — спаборніцтва нават было, хто болей кампазіцый да прагляду зробіць. Шмат хто вершы пісау. А яшчэ мы паспявалі і каток заліць, і нагуляцца...

Пасля таго, як Рыгор Сітніца скончыў аддзяленне графікі Беларускай акадэміі мастацтваў, ён ізноў вярнуўся у сваю школку, якая ужо называлася ліцэем, Рэспубліканскім ліцэем мастацтваў імя I.В. Ахрэмчыка. Вярнуўся, каб выкладаць. Цяпер ужо пра ягоных вучняў, ягоных выпускнікоў пішуць газеты. Дарэчы, дзіўная акалічнасць, многія вучні Рыгора Сітніцы сталі не толькі выдатнымі мастакамі, але і паэтамі. Летась, напрыклад, да абароны дыплома ў Беларускай акадэміі мастацтваў былая яго вучаніца, выпускніца аддзялення графікі Ганна Ціханава, сама напісала і аформіла кнігу. Уникальная з'ява ў нашай культуры. А сам Рыгор Сітніца увайшоў у Гісторыю беларускага мастацтва сваімі графічнымі серыямі «Святло адвечнае», «Краіна забыцця», «Новы дом»... Яго нават запрасілі ў Грэцыю, дзеля таго, каб перадаў на паперы свае мастацкае бачанне гэтай калыскі цывілізацыі. I ён, апантаны відарысамі сваей малой Радзімы, стварыў цэлую нізку графічных аркушаў «Ратаванне Грэцыяй». Усе работы выкананы каляровымі алоўкамі. Застаецца толькі дзівіцца, як ён можа пры гэткай ювелірнай працы захоўваць на вялізных аркушах цэласнасць успрымання. Ён выхоплівае нейкі фрагмент звыклай рэчаіснасці — ці то нізка цыбулі, ці то дровы, ці то напаўразбураныя, з'едзеныя часам старажытнагрэчаскія калоны — і вымушае нас углядацца ў іх, падказваючы, як у фрагменце, праз фрагмент адчуць і успрыняць пульсацыю цэлага.

Дарэчы, Рыгор Барадулін прысвяціў графічнай серыі Рыгора Сітніцы «Шпацыр уздоўж паркана» адзін са сваіх вершаў.

Цяпер у каледжы працуе не только Рыгор, а і ягоная жонка, вучыцца на музычным аддзяленні іхні сын Міколка. Да 40-годдзя Рэспубліканскага каледжа мастацтваў імя Ахрэмчыка Рыгора Сітніцу ўзнагародзілі Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Я назіраю, з якой павагаю і адначасова пяшчотай ставіцца Рыгор да сваіх вучняў (сёлета ён набраў пяцікласнікаў), і адчуваю, што гэта не толькі прыродай дадзены талент, але і выхаванне, выхаванне гэтымі сценамі, дзе пануе «строгая дабрыня» і вучацца, працуюць дзеці-пчолы...

Недарма сюды, у каледж, як у канцэртную залу ці ў выставачны салон, усе часцей наведваюцца супрацоўнікі пасольстваў, вядомыя ў рэспубліцы людзі.

Памятаеце ахінутыя жаночымі рукамі ружы, што стаяць у кабінеце дырэктара? Іх зрабіў Аляксандр Навасёлаў. У Шчучыне, адкуль ён прыехаў, была мастацкая школа, дзе хлапчук упершыню паспрабаваў маляваць і ляпіць. Творчасць для Аляксандра на той час, можа быць, была адзіным праменьчыкам святла. Так сталася, што, акрамя бабулі, у яго нікога не было. I калі ён прыехаў вучыцца у Рэспубліканскі каледж мастацтваў, «Парнат» зрабіўся для яго больш чым родным домам, ён, па-сутнасці, стаў ягоным адзіным домам.

А выкладчыкі, найперш Леанід Рыгоравіч Давідзенка і Анатоль Аляксеевіч Баразеннікаў, якія адкрылі Аляксандру Навасёлаву мастацтва скульптуры, застаюцца для юнака ці не галоўнымі аўтарытэтамі. У пятнаццаць гадоў Аляксандр вылепіў з шамоту кампазіцыю «Нявольнік» — схіленая ў маленні постаць, але калі прыгледзецца, можна заўважыць, што яе сілуэт складаецца са з'яднаных у адзінае дынамічнага, самага дынамічнага сярод геаметрычных фігур шара і статычнай, скіраванай у неба піраміды. Гэта як бы сімвал, метафара нашай зямной няпэўнасці і вечнага парывання да нябёсаў. Аляксандру пашанцавала яшчэ і таму, што побач з ім, у майстэрні, ды і ў класе, у каледжы шмат апантаных, аддадзеных творчасці людзей, якія да ночы заседжваюцца ў майстэрні, ходзяць на выстаўкі, шмат чытаюць і думаюць. 3 апошніх работ Аляксандра мяне асабліва ўразілі дзве — выразаная з дрэва дзяўчына, што расчэсвае валасы, а здаецца, іграе на іх, як на струнах, і ягоная «Афрадыта-вакханка», ногі якой пераўтвораны у хвалі, а твару не угледзець, ён растае ў аблоках. Між хваляў і аблокаў жывая гнуткая жаночая постаць, пульсуючы язычок полымя, увасобленае ў дрэва самое жыццё...

Летась па вясне у Рэспубліканскім каледжы мастацтваў імя Ахрэмчыка вельмі шырока адзначылі 550-годдзе з дня нараджэння выдатнага італьянскага мастака Леанарда да Вінчы, які, дарэчы, таксама гадаваўся без маці. Яна, паводле звестак, кінула яго. Дык вось, каледж у нашай рэспубліцы быў, бадай, адзінаю ўстановай, дзе ўспомнлі і адзначылі юбілей Леанарда. Пра гэта пісала летась і «Комсомольская правда». Падрыхтавалі выстаўку работ не толькі мастаціх твораў, але і праектаў — ад незвычайных музычных інструментаў да пальчатак з падагрэвам. Усім жа добра вядома, што Леанарда быў вынаходнікам (ягоныя парашут, танк і іншыя вынаходніцтвы паўтарылі ў выглядзе мадэляў навучэнцы Рэспубліканскага цэнтра тэхнічнай творчасці). Аляксандр Навасёлаў, якога аднакласнікі прызналі чалавекам Адраджэння, прапанаваў да выстаўкі цэлую серыю вынаходніцтваў і гіпотэз, напрыклад, гіпотэзу пра тое, што курынае яйка, падзеленае напалам, дасць у аб'ёме суадносіны «залатога сячэння», і паспрабаваў даказаць гэта. А потым, падчас канцэрта, ён і яшчэ адзін яго аднакласнік ва усіх на вачах малявалі сучасную, але на дзіва падобную на даўнейшую Мадонну. У іх класе вучыцца дзяўчына, надта ж падобная да мадон Леанарда.

Цяпер каледж рыхтуецца адзначыць стагоддзе Івана Восіпавіча Ахрэмчыка, таго самага мастака, які калісьці ўвасобіу абаронцаў Брэсцкай крэпасці. Каб памяталі. Бо як толькі мы забываемся на бяду, яна можа паўтарыцца. І я разумею, чаму да юбілею «ваеннага» мастака ў каледжы ля ягонага партрэта павесілі не рэпрадукцыі ягоных кампазіцый ці эскізы да карцін на ваенную тэму, а лірычныя краявіды. Недарма ж на вёсцы традыцыйна і на франтонах, і ля вокнаў можна сустрэць салярныя, сонечныя знакі. Сонца і дабрыня супроцьстаяць усяму нядобраму.



I вялікі гонар для ўсіх, хто ведаў Івана Восіпавіча Ахрэмчыка, — тое, што ягонае імя сёння звязана не толькі з батальнымі кампазіцыямі, але і з адзінаю ў рэспубліцы навучальнаю ўстановай, дзе набываюць крылы юныя таленты, дзе пануюць дабрыня і шчырасць.

2003 г.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка