Г. Я. Адамовіч (Мінск)




Дата канвертавання13.06.2016
Памер93.36 Kb.

Г. Я. Адамовіч (Мінск)



ДА ПРАБЛЕМЫ ТЫПАЛОГІІ БЕЛАРУСКАГА КАНТЭКСТУ
Праблемы тыпалогіі выступаюць прыярытэтным аб’ектам даследавання з пачатку 1970-х гг., убіраючы вывучэнне самых розных літаратурна-мастацкіх з’яў у аспекце класіфікацыі і сістэматызацыі асноўватваральных прыкмет і якасцей. З актуалізацыяй тыпалагічнага (гісторыка-тыпалагічнага, параўнальна-тыпалагічнага) падыходу праводзяцца даследаванні айчыннай і замежных літаратур, асноўных складнікаў і характару развіцця літаратурнага працэсу (сусветнага і нацыянальнага), відаў і формаў літаратурных сувязей. Тыпалогія і ўзаемасувязі літаратур, тыпалогія літаратурных узаемадзеянняў – у шэрагу распрацаваных напрамкаў кампаратывісцкага дыскурсу. У іх межах вучонымі-філолагамі Беларусі разглядаюцца самыя розныя аб’екты: літаратурныя эпохі, кірункі і плыні, роды і жанры і інш. Навуковая тэма кафедры беларускай літаратуры БДПУ імя Максіма Танка фармулюецца ў рэчышчы аднаго з гэтых напрамкаў: “Тыпалогія літаратурнага працэсу ў Беларусі ў сістэме новых педагагічных тэхналогій” (2006 – 2010 гг.).

Тыпалогія беларуска-замежных літаратурна-мастацкіх сувязей – навуковая парадыгма міжлітаратурных (беларуская і іншанацыянальныя літаратуры) і міждысцыплінарных (літаратура і іншыя віды мастацтва, літаратуразнаўства і іншыя навукі) зносін і ўзаемадачыненняў, якая дазваляе вылучыць асобную памежную сферу – беларускі кантэкст – як іх сумарную множнасць і як сістэму.

Беларускі кантэкст мае не толькі падпарадкаванае іншым складнікам вызначэнне (фон, асяроддзе, сістэма для падсістэмы [1, с. 76]), але і асобнае, сэнсава значнае, цэнтральнае, цэласнае, якое аб’ядноўвае самастойныя аб’екты-сістэмы ў адзінае цэлае. У аснову тыпалогіі беларускага кантэксту закладзены суадносіны паміж яго складнікамі, якія вызначаюцца міжлітаратурнымі і міждысцыплінарнымі сувязямі і ўзаемадачыненнямі. У міжлітаратурным аспекце беларускі кантэкст фарміруецца пры супастаўленні і проціпастаўленні нацыянальных літаратур (у сістэме сусветнай літаратуры), асобных з’яў у межах сусветнага літаратурнага працэсу (эпох, кірункаў, плыняў, жанраў і інш.), а таксама аўтараў і літаратурных твораў (і адпаведна іх фармальна-змястоўных кампанентаў). У міждысцыплінарным вывучэнні параметры беларускага кантэксту вызначаюцца суадносінамі паміж вобразамі, створанымі ў літаратуры і ў іншых відах мастацтва, у рэчышчы праблемнага вывучэння літаратуры (разгляд той ці іншай праблемы ў межах розных дыскурсаў), пры супастаўленні падсістэм у межах сістэм больш высокага ўзроўню абагульнення (па гарызанталі і вертыкалі) і выяўленні агульных заканамернасцей іх развіцця.

Тры ключавыя задачы беларускага літаратуразнаўства можна акрэсліць у аспекце кампаратывізму: беларускі кантэкст даследуецца як з’ява міжлітаратурных узаемасувязей, беларускі кантэкст разглядаецца ў сферы міждысцыплінарных узаемадзеянняў, беларускі кантэкст выступае прыкметай цэласнасці навуковага і мастацкага тыпаў пазнання.



Сфера міжлітаратурных узаемасувязей з’яўляецца асновай фарміравання і развіцця беларускага кантэксту. «...Тэкст жыве, толькі калі судакранаецца з іншым тэкстам (кантэкстам)», – пісаў М. М. Бахцін у позніх накідах «Да метадалогіі гуманітарных навук» [2, c. 76]. У выніку супастаўлення дзвюх і болей літаратурна-мастацкіх з’яў, кожная з якіх належыць асобным нацыянальным літаратурам, выяўляюцца агульнасці, якія сведчаць пра адзінства сусветнага літаратурнага працэсу ў цэлым і разам з тым прыўносяць дадатковыя якасці ў сістэму нацыянальнага мастацтва. Гэтыя агульнасці акрэслены паняццем “кантэкст”. Кантэкст фарміруецца дыялектычнымі працэсамі рэцэпцыі ў сістэме міжлітаратурных сувязей: “беларускі кантэкст” у сусветнай літаратуры і “сусветны кантэкст” у нацыянальным слоўным мастацтве. Кантэкст разглядаецца як цэласная сістэма – сумежжа беларускай і сусветнай літаратур, сумежжа літаратуры як слоўнага мастацтва (сукупнасці ўсіх твораў усіх літаратур народаў свету) і літаратурнай класікі (вяршынных дасягненняў у ёй).

У аснове тыпалогіі беларускага кантэксту закладзены суадносіны паміж яго складнікамі. У міжлітаратурным аспекце беларускі кантэкст фарміруецца пры супастаўленні і проціпастаўленні нацыянальных літаратур (у сістэме сусветнай літаратуры), асобных з’яў у межах сусветнага літаратурнага працэсу (эпох, кірункаў, плыняў, жанраў і інш.), а таксама аўтараў і літаратурных твораў (і адпаведна іх фармальна-змястоўных кампанентаў).

Рэцэпцыя сусветнай літаратурнай класікі ў беларускай мастацкай прасторы, а таксама ўваходжанне беларускай літаратурнай класікі ў сусветную літаратуру – двухбаковы працэс, у выніку якога адбываецца фарміраванне і развіццё беларускага (беларуска-іншанацыянальнага, беларуска-замежнага) кантэксту. Ён з’яўляецца памежжам беларускай літаратуры і літаратур народаў свету, якое дапаўняе і ўзбагачае кожную з іх. Двуадзінства працэсаў рэцэпцыі дазваляе вылучыць два складнікі беларускага кантэксту: замежны кантэкст у беларускай літаратуры і беларускі кантэкст у іншанацыянальных літаратурах. Беларускі кантэкст – гэта арганічная частка нацыянальнага літаратурнага працэсу і змястоўна-структурны кампанент літаратуры сусветнай.

Беларускі кантэкст разглядаецца як “сумарная множнасць” і разам з тым цэласнае адзінства сістэмы міжлітаратурных сувязей і ўзаемадзеянняў. З аднаго боку, ён фарміруецца на аснове ўсёй сукупнасці прыкладаў нацыянальнага мастацтва, якія так ці інакш звязаны з іншанацыянальнымі літаратурамі. З другога боку, беларускі кантэкст выступае цэласнай мастацкай прасторай, якая мае адметны характар і спецыфічныя заканамернасці развіцця. У гэтым выпадку ён з’яўляецца інтэграванай якасцю сістэмы міжлітаратурных сувязей і зносін.

Тыпалогія беларускага кантэксту акрэслена параметрамі, якія характарызуюць нацыянальны і сусветны літаратурны працэс у цэлым (літаратурна-мастацкія эпохі, кірункі, жанры і інш.), а таксама вызначаюць змястоўна-структурныя кампаненты мастацкага твора (ідэйна-эстэтычныя пазіцыі творцы, тэматыка, праблематыка, сістэма вобразаў і інш.). “Звышз’явамі” беларускага кантэксту (нараджаюцца толькі ва ўмовах сістэмнага цэлага) выступаюць феномены, якія не вылучаюцца ў межах асобнай літаратуры або твора, але выяўляюцца на аснове тыпалагічных сыходжанняў, у выніку кантактных і генетычных сувязей (вандроўныя сюжэты, вечныя вобразы, скразныя матывы і інш.).

Беларускі кантэкст разглядаецца як адзінка ў сферы міждысцыплінарных узаемадзеянняў. Паняцце “кантэкст” абазначае памежжа дзвюх рэальнасцей: “першай” (матэрыяльнай, аб’ектыўнай) і “другой” (мастацкай, суб’ектыўнай), што дазваляе праводзіць міждысцыплінарныя даследаванні літаратуры. Праблема міждысцыплінарнасці ў пачатку ХХІ ст. актуалізуецца з прыняццем новых адукацыйных стандартаў, дзе яна вылучана ў якасці скразнога напрамку сучаснага развіцця навук і сістэмы адукацыі [3]. Зварот да міжпрадметных сувязей – адзін з прыярытных прынцыпаў выкладання беларускай літаратуры ў сярэдніх агульнаадукацыйных установах Беларусі [4].

З пазіцый міждысцыплінарнага падыходу беларускі кантэкст разглядаецца як спадчына сусветнай літаратуры, пераствораная прадстаўнікамі розных відаў мастацтва ў Беларусі – у выяўленчым мастацтве і музыцы, у тэатры і кіно і інш. Гэтаксама мастацкая рэальнасць даследуецца з прымяненнем катэгарыяльнага апарата і метадалогіі іншых навук, паколькі яна змяшчае багаты матэрыял для рознабаковага і больш глыбокага спасціжэння чалавека і свету. У рэчышчы міждысцыплінарнай парадыгмы вылучаны дзве актуальныя парадыгмы тыпалогіі беларускага кантэксту: зварот да сістэмнага аналізу і выкарыстанне тэзаўруснага падыходу. Сістэмны аналіз з’яўляецца агульнанавуковай праграмай, з дапамогай якой можа быць рэалізавана ідэя міждысцыплінарнасці ў дачыненні да розных сфер навуковага пазнання. У сувязі з развіццём і пашырэннем інфармацыйных тэхналогій актуалізуюцца дзве праблемы, акрэсленыя паняццямі “тэзаўрус” і “тэзаўрусны падыход”. Першая – праблема сістэматызацыі ведаў з розных галін літаратуры, культуры (па сусветнай літаратуры ў беларускім кантэксце і беларускай літаратуры як часткі сусветнай літаратурнай спадчыны). Другая праблема – вылучэнне сістэмы прыярытэтаў у працэсе сістэматызацыі, класіфікацыя літаратурных фактаў на той ці іншай сістэмаўтваральнай аснове.

Сістэмны аналіз і тэзаўрусны падыход, будучы па-ранейшаму актуальнымі навукова-даследчымі парадыгмамі, дазваляюць вылучыць спецыфічныя з’явы і працэсы, адпаведна з якімі ідзе фарміраванне і развіццё літаратуры як асобнага віда чалавечай дзейнасці, а таксама з пазіцый якіх гэты від можа быць даследаваны і інтэрпрэтаваны – і як самастойная сфера творчасці, і ў супастаўленні і проціпастаўленні з іншымі відамі і формамі чалавечай дзейнасці.

Беларускі кантэкст выступае прыкметай цэласнасці навуковага і мастацкага тыпаў пазнання. Міждысцыплінарнасць у гэтым аспекце можна абазначыць як вывучэнне адной і той жа рэальнасці прадстаўнікамі розных навук і мастацтваў, што забяспечвае яе шматаспектнае, шматбаковае пазнанне, абапіраючыся на дадзеныя і метадалогію розных навук. Літаратуразнаўства мае агульную сферу з іншымі навукамі, калі літаратура даследуецца не столькі як «мастацкі свет», колькі як «свет», што развіваецца па агульных, незалежных ад чалавека фундаментальных законах і з’яўляецца прадметам вывучэння ў розных навуках, у т. л. з’яўляецца прадметам пазнання і адлюстравання ў творах літаратуры.

Беларускі кантэкст уяўляе сабой складаную шматузроўневую, шматвектарную структуру, якая фарміруецца ў сістэме міжлітаратурных, міждысцыплінарных сувязей і ўзаемадзеянняў. Яго тыпалогія вызначаецца пры супастаўленні і проціпастаўленні літаратуры і іншых відаў мастацтва і характарызуецца агульнасістэмнымі заканамернасцямі гістарычнасці, іерархічнасці, шматстайнасці, камунікатыўнасці, інтэгратыўнасці. Наяўнасць сувязей і ўзаемадзеянняў паміж літаратурамі ў кантэксце сусветнай, а таксама двухбаковасць працэсаў рэцэпцыі ў літаратуры і мастацтве абумоўліваюць спецыфіку суадносін паміж часткамі і цэлым як асобнай заканамернасці фарміравання і развіцця кантэксту.

“Звышякасцю” сістэмы міждысцыплінарных сувязей, цэласным нараджэннем кантэксту з’яўляецца паняцце інтэрдысцыплінарнасці. Яно трактуецца намі як сумежжа і як прыём суаднясення дзвюх рэальнасцей – аб’ектыўнай і суб’ектыўнай, матэрыяльнай і мастацкай, як спосаб выяўлення агульнасцей паміж імі. У шырокім сэнсе слова інтэрдысцыплінарнасць з’яўляецца ядром беларускага кантэксту і характарызуецца агульнасістэмнымі заканамернасцямі гістарычнасці, іерархічнасці, шматстайнасці, камунікатыўнасці, інтэгратыўнасці. Наяўнасць сувязей і ўзаемадзеянняў паміж літаратурамі ў кантэксце сусветнай, а таксама двухбаковасць працэсаў рэцэпцыі ў літаратуры і мастацтве абумоўліваюць спецыфіку суадносін паміж часткамі і цэлым як асобнай заканамернасці фарміравання і развіцця кантэксту.

Заканамернасць гістарычнасці выяўляецца на розных этапах рэцэпцыі беларускай і іншанацыянальных літаратур, сусветнай літаратуры ў цэлым, упісаных у гісторыка-культурны працэс той ці іншай дзяржавы, нацыі, чалавецтва. Яна выяўляецца ў працэсах выспявання, тыпалагізацыі літаратурна-мастацкай з’явы (эпохі, кірунку, жанру, вобраза і інш.). Названая заканамернасць праступае праз паўтаральнасць гэтай з’явы ў літаратуры розных народаў, перыядаў. Яе можна заўважыць на прыкладах узнаўлення аўтарам тых ці іншых прыкмет свайго часу, традыцый папярэдніх эпох або наватарскіх для свайго часу тэндэнцый.

Заканамернасць іерархічнасці раскрываецца на прыкладах аднабаковых, двухбаковых, а таксама шматбаковых сувязей паміж беларускай літаратурай і літаратурамі народаў свету, што з’яўляецца вынікам двуадзінства рэцэпцыі ў межах сусветнай літаратуры. Пры пераходзе з адной літаратуры ў другую (або пры супастаўленні адной літаратуры з другой) адбываецца пераразмеркаванне прыярытэтаў у сістэмах міжлітаратурных сувязей, літаратурнай класікі, нацыянальных літаратур. Заканамернасць іерархічнай упарадкаванасці звязана таксама са спецыфікай тэзаўруснага падыходу, які дазваляе класіфікаваць літаратурныя і міждысцыплінарныя сувязі на той ці іншай сістэмаўтваральнай аснове.

Заканамернасць шматстайнасці абумоўлена наяўнасцю шматбаковых, шматвектарных сувязей паміж літаратурамі. Класічныя творы сусветнай (нацыянальнай) літаратуры маюць разгалінаваную сістэму сувязей з творамі, сюжэтамі, вобразамі іншых пісьменнікаў, у тым ліку замежных, прадстаўнікоў іншых відаў мастацтва або нашчадкаў, якія звяртаюцца да ўзораў класікі ў іншых стагоддзях. Мастацкі свет творцы таксама шматмерны, шматзначны, ён з’яўляецца аб’ектам асэнсавання і перастварэння пры перакладзе, інтэрпрэтацыі ў розных відах мастацтва, а таксама ва ўспрыманні рэцыпіентаў-навукоўцаў.

Заканамернасць камунікатыўнасці выяўляецца ў міжлітаратурных сувязях і ў міждысцыплінарным асвятленні. Існуюць пэўныя асаблівасці пры пераходзе ад фальклору да літаратуры, з адной нацыянальнай літаратуры ў іншую, з аднаго стагоддзя ў другое. Рэцэпцыя літаратурнага твора, сюжэта, вобраза, іх інтэрпрэтацыя сродкамі іншых відаў мастацтва, з дапамогай тэрміналогіі і метадалогіі іншых навук таксама сведчыць пра наяўнасць гэтай заканамернасці ў сістэмах міжлітаратурных, міждысцыплінарных сувязей.

Заканамернасць інтэгратыўнасці выяўляецца праз спецыфіку зносін часткі і цэлага, праз паняцце цэласнасці сістэмы. Кожнае з тэарэтычных паняццяў, прааналізаванае ў кампаратывісцкім плане, ілюструе еднасць літаратурных з’яў на аснове цэласнасці сістэм “літаратура”, а таксама беларускага кантэксту – складовай часткі нацыянальнай і сусветнай літаратуры, іх арганічнага і асаблівага памежжа.



_______________

  1. Сярод найбольш ужывальных: беларуская літаратура ў кантэксце сусветнай, творчасць пэўнага аўтара ў кантэксце нацыянальнай (рэгіянальнай, сусветнай) літаратуры і інш. У гэтым сэнсе цікавую метафару выкарыстаў В. П. Рагойша ў артыкуле “Францішак Багушэвіч у інтэр’еры стагоддзя” // Беларуская думка – 2010. — № 3, сакав. – С. 114–120.

  2. Бахтин, М. М. Эстетика словесного творчества / М. М. Бахтин.— 2-е изд. — М., 1986.

  3. У БДПУ распрацаваны арыгінальны праект новай канцэпцыі развіцця сістэмы адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь, дзе сярод ключавых названы прынцып “сістэмнасці (адзінства дыферэнцыяцыі, інтэграцыі і іерархічнай арганізацыі)”, а змест адукацыі характарызуецца як адкрытая дынамічная сістэма, якая, акрамя іншага, павінна “адлюстроўваць міждысцыплінарны характар чалавеказнаўчых ведаў” (Концепция развития системы педагогического образования в Республике Беларусь: проект / П. Д. Кухарчик [и др.]; под общ. ред. И. И. Цыркуна. – Минск, 2008. – С. 3, 17–18).

  4. Прынцып арыентацыі “на засваенне набыткаў нацыянальнай культуры ў адзінстве з агульначалавечымі каштоўнасцямі” і “прынцып міжпрадметных сувязей” акрэслены ў якасці прыярытэтных у Канцэпцыі вучэбнага прадмета «Беларуская літаратура» // Роднае слова. – 2009. – № 8. – С. 80–89.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка