Г. В. Сегянюк каб не згінула матчына мова




Дата канвертавання23.03.2016
Памер82.7 Kb.
Г.В. СЕГЯНЮК
КАБ НЕ ЗГІНУЛА МАТЧЫНА МОВА

(да 130-годдзя з дня нараджэння У. Ігнатоўскага)
Усякая нацыя можа нармальна развівацца толькі ва ўмовах моўнай еднасці народа, усіх яго сацыяльных, дэмаграфічных і іншых груп. Надаць мэтанакіраваны характар гэтаму яднанню магчыма перш за ўсё праз сістэму ўстаноў адукацыі, таму так важна, хто ўзначальвае адукацыйную сістэму ў дзяржаве, асабліва ў перыяд яе станаўлення.

Адным з тых, хто стаяў ля вытокаў нацыянальнай сістэмы адукацыі, хто бясконца многа зрабіў для беларускага народа і Айчыны, быў наш зямляк (нарадзіўся ў в. Такары сучаснага Камянецкага р-на), выдатны вучоны, першы наркам асветы БССР, першы прэзідэнт Акадэміі навук Беларусі і першы яе акадэмік Усевалад Макаравіч Ігнатоўскі (1881–1931).

Кароткі, але такі плённы жыццёвы шлях У. Ігнатоўскага, яго рознабаковая дзейнасць як вучонага-гісторыка, асветніка, палітыка вызначаліся пачуццём нацыянальнай самасвядомасці, якую сам ён выразіў так: “Мне не патрэбна нічога чужога, але, калі ласка, не адбірайце ў мяне галоўнага – нацыянальнай Айчыны, роднай беларускай мовы і ўсяго таго, што блізка звязана з Беларуссю” [5].

Педагагічная дзейнасць У. Ігнатоўскага пачалася пасля заканчэння ў 1911 годзе Юр’еўскага універсітэта (г. Тарту) у адной з прыватных гімназій г. Вільні ў якасці выкладчыка рускай мовы. Ужо ў гэты час, ва ўмовах жорсткага палітычнага кантролю за лаяльнасцю да царскага прастолу выкладчыкаў і вучняў (сярод апошніх у Віленскай навучальнай акрузе большасць складалі беларусы, літоўцы, палякі), ва ўмовах строгага навучання на рускай мове ў маладога выкладчыка складваліся адносіны да роднай мовы, фарміравалася пачуццё грамадзянскасці.

Далейшае станаўленне палітычных і грамадзянскіх поглядаў У. Ігнатоўскага, як і прыдбанне ім педагагічнага вопыту адбываецца на пасадзе выкладчыка гісторыі і эканамічнай геаграфіі ў Мінскім педагагічным інстытуце (1914–1922 гг.) і прыпадае на насычаны гісторыка-рэвалюцыйнымі падзеямі перыяд. Ён быў выбраны старшынёй педагагічнага савета інстытута, а ў перыяд вымушанай эвакуацыі інстытута ў г. Яраслаўль у сувязі з наступленнем германскіх войск становіцца актыўным удзельнікам рэвалюцыйна-дэмакратычнага напрамку ў беларускім нацыянальным руху: разам з іншымі беларусамі-бежанцамі стварае грамадска-палітычную арганізацыю “Наш край” (з 1917 года – “Маладая Беларусь”).

Навукова-педагагічная і культурна-асветніцкая дзейнась У. Ігнатоўскага набыла асаблівую значнасць пасля рэвалюцыйных падзей 1917 года, калі беларусы атрымалі сваю дзяржаўнасць і ў межах “Дэкларацыі правоў народаў Расіі” пачалі здзяйсняць нацыянальнае культурнае будаўніцтва на тэрыторыі Беларусі. На пачатку 1918 года быў створаны Беларускі нацыянальны камісарыят начале з А. Чарвяковым, і менавіта на Мінскі педагагічны інстытут пад кіраўніцтвам яго рэктара, прафесара Ігнатоўскага была ўскладзена асноўная задача па арганізацыі курсаў беларусазнаўства, гісторыі і эканомікі края, адкрыццё беларускіх школ і культурна-асветніцкіх устаноў (на пачатку верасня 1918 года інстытут зноў перабазіраваўся ў Мінск).

Ідэі беларускага нацыянальнага адраджэння, развіцця беларускага этнасу, фарміравання беларускай нацыі ў межах дэмакратычнай дзяржавы, навучання ў школах на роднай мове выкладзены У. Ігнатоўскім яшчэ ў першай яго навуковай працы “Кароткі нарыс нацыянальна-культурнага адраджэння Беларусі”. Прызначэнне его ў канцы 1920 года народным камісарам асветы дало магчымасць рэалізаваць гэтыя ідэі, поўнасцю адпавядала яго інтарэсам, тэарэтычным ведам і прафесійным навыкам.

Як грамадска-палітычная, сацыяльна-эканамічная і культурная з’ява беларусізацыя 20-х гадоў уяўляла сабой цэлы комплекс мер па развіцці нацыянальнай культуры і мовы навучання ў школе, па стварэнні кіраўнічых кадраў з ліку мясцовых жыхароў і з’яўлялася важным сродкам тагачаснай нацыянальнай палітыкі ў рэспубліцы. Трэба адзначыць непасрэдны ўдзел Усевалада Макаравіча ў такіх важнейшых дакументах, якія вырашалі шляхі беларусізацыі, як “Канкрэтызацыя платформы па нацыянальнаму пытанню, прынятай за аснову Палітбюро ЦК РКП(б) ва ўмовах БССР”, “Аб практычных мерапрыемствах па правядзенні нацыянальнай палітыкі” (пастанова ЦВК БССР 1924 года) і інш. Яго праграма была скіравана на беларусізацыю ўсяго духоўнага жыцця рэспублікі: развіць і ўмацаваць суд, адміністрацыю, органы гаспадаркі, органы ўлады, каб у іх ужывалася беларуская мова і веданне беларускага быту, культуры адпавядала большасці працоўных мас рэспублікі; даць беларускай мове адпаведнае месца сярод іншых мясцовых моў у прэсе, школе, у тэатры, у клубна-асветнай справе і наогул ва ўсіх культурна-асветніцкіх установах як партыі, так і ўлады.

Калі на пачатку 90-х гадоў пасля распаду СССР у суверэннай Рэспубліцы Беларусь вырашаліся пытанні дзяржаўнай мовы, моў навучання, калі пачалося станаўленне нацыянальнай адукацыйнай сістэмы і пры гэтым было немала спрэчак, дыскусій і нават памылак, то, мабыць, нелішнім было б нашым дзяржаўным чыноўнікам ад адукацыі павучыцца ў першага наркама асветы, як адраджаць нацыянальную ідэю без перагібаў – настолькі ўзважана і ў той жа час эфектыўна адбывалася беларусізацыя ў 20-я гады. Фактычна яна пачалася ў самым Наркамаце асветы, дзе ўсе пасяджэнні, нарады, з’езды, педагагічныя канферэнцыі і нават неафіцыйныя размовы вяліся перш за ўсё на беларускай мове, хоць пры гэтым не ігнараваліся іншыя мовы (згодна вышэй адзначанай пастановы 1924 года дзяржаўнымі былі аб’яўлены чатыры мовы: беларуская, руская, яўрэйская, польская – і ўсе дакументы масавага характару выпускаліся на чатырох мовах).

Прапаганду (праз “Вестник Народного Комиссариата Просвещения ССРБ”, з якім актыўна супрацоўнічаў) беларускай мовы як прыярытэтнай ў рэспубліцы, дзе на той час пражывала каля 80% беларусаў, У. Ігнатоўскі здзяйсняў ненавязліва, шляхам пераканання партыйных і савецкіх органаў у неабходнасці ведання і практычнага выкарыстання асноўнай дзяржаўнай мовы, таму нават прадстаўнікі іншых нацыянальнасцяў імкнуліся хутчэй і глыбей авалодваць мовай рэспублікі, у якой яны сталі жыць і працаваць. Вось гэтага як раз і не было ў нашы 90-я гады, калі гісторыя дала беларусам яшчэ адзін шанс выратавання роднай мовы. У гэтым сэнсе прыкладам можа быць пазіцыя адзінкавых прадстаўнікоў педагагічнай грамадскасці, такіх як прафесар, доктар педагагічных навук (па нацыянальнасці руская) Ефрасіння Андрэеева, якая не толькі авалодала беларускай мовай так, што стала чытаць на ёй студэнтам лекцыі і напісала некалькі навуковых прац і вучэбных дапаможнікаў, але і прыйшла да думкі: “А ці не стварыць нам, рускім, нейкую асацыяцыю, таварыства і г.д. у падтрымку сучаснага беларускага нацыянальнага-культурнага Адраджэння?” [1].

Як цэнтр культуры і асветы ў Беларусі Наркамат па ініцыятыве і пад кіраўніцтвам У. Ігнатоўскага распрацоўвае новыя праграмы і вучэбныя дапаможнікі, метадычныя і навуковыя матэрыялы, арганізуе працу па падрыхтоўцы і перападрыхтоўцы настаўнікаў для нацыянальнай школы. Падрыхтоўку настаўніцкіх кадраў наркам лічыў адной з важнейшых спраў, таму па яго прапанове ў 1922 годзе была створана цэлая сетка дамоў працоўнікаў асветы, адкрыты курсы падрыхтоўкі настаўнікаў, а таксама прынята Цэнтрвыканкамам Беларусі спецыяльная адозва да ўсіх беларусаў, працаўнікоў асветы, якія апынуліся ў РСФСР ці ў Украіне, з заклікам вярнуцца на радзіму для працы ў школе.

Такая комплексная мэтанакіраваная палітыка беларусізацыі 20-х гадоў дала свае плённыя вынікі: ужо ў 1922/23 навучальным годзе колькасць беларускіх пачатковых школ складала 60%; у 1924/25 – 93,8%, а сямігадовых – 71,2%. У 1928 годзе да 80% школ было пераведзена на беларускую мову навучання. Узрасла і доля студэнтаў-беларусаў у ВНУ, адпаведна з 1/3 да 55%, прычым у рэспубліцы ўпершыню пры паступленні ў ВНУ і на рабфак былі ўведзены іспыты на веданне беларускай мовы [2].

Падчас старшынства У. Ігнатоўскага ў Наркамаце асветы ў БССР была закладзена сетка навучальных і адукацыйна-выхаваўчых устаноў: заснаваны Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (у ім Ігнатоўскі быў членам праўлення, дэканам, намеснікам рэктара); адчынены Горацкая сельскагаспадарчая акадэмія і Віцебскі ветэрынарны інстытут; створана шэраг педвучылішчаў; рэарганізаваны Мінскі інстытут народнай адукацыі Ў Беларускі педагагічны тэхнікум; створаны Дзяржаўны музей і Дзяржаўная бібліятэка і інш.

Разумеючы неабходнасць і важнасць стварэння ў рэспубліцы такой установы, якая магла б стаць цэнтрам навуковай думкі, шырокамаштабна вывучаць праблемы нацыянальнай культуры, У. Ігнатоўскі разам з іншымі вучонымі-аднадумцамі ініцыіраваў адкрыццё ў Мінску Інстытута беларускай культуры. Ён быў створаны на базе Навукова-тэрміналагічнай камісіі Наркамасветы БССР ў 1922 годзе, а ў 1924 годзе атрымаў статус вышэйшай шматгаліновай навукова-даследчай установы.

Калі ў 1926 годзе Інбелькульт быў выведзены са складу Наркамата асветы (падначальваўся непасрэдна СНК Беларускай ССР) і начале яго стаў У. Ігнатоўскі, там былі сканцэнтраваны лепшыя навуковыя сілы з ліку выдатных грамадскіх дзеячаў і вучоных Беларусі (Г. Гарэцкі, З. Жылуновіч (Цішка Гартны), І. Замоцін, Я. Купала, Я. Колас, С. Некрашэвіч і інш.). У канцы 1928 года інстытут быў рэарганізаваны ў Акадэмію навук БССР, і першым прэзідэнтам яе, правадзейным членам па кафедры гісторыі з’яўляўся У. Ігнатоўскі.

Уклад вучоных у навуку ў перыяд кіраўніцтва Ігнатоўскага быў значным. Да прыкладу, толькі вучоныя-мовазнаўцы распрацавалі навуковую тэрміналогію беларускай мовы і выдалі каля двух дзесяткаў тэрміналагічных зборнікаў; этнографы сабралі амаль 30 тысяч фальклорных твораў беларускага паходжання; педагагічная секцыя вяла працу па даследаванні гісторыі беларускай школы, быту настаўнікаў і вучняў, па метадычнай працы і інш. Сам Усевалад Макаравіч быў не толькі добрым адміністратарам, але і выдатным вучоным-гісторыкам. Усяго ён напісаў больш за трыццаць навуковых прац, прысвечаных гісторыяграфіі, гісторыі педагогікі. Найбольш вядомыя з іх, акрамя ўжо ўпамянутага “Кароткага нарыса нацыянальна-культурнага адраджэння Беларусі”, – гэта “Кароткі нарыс гісторыі Беларусі”, “Гісторыя Беларусі ў XIX і ў пачатку XX стагоддзя”, “З гісторыі асветы на Беларусі на пачатку XIX сталецця”, “1963 год на Беларусі” (грунтоўная манаграфічная праца, нажаль апошняя). Увогуле яму належыць распрацоўка канцэпцыі нацыянальнай гісторыі Беларусі, перыядызацыя якой, па сутнасці, прынята і сёння.

Негледзячы на такую плённую працу на карысць сваёй нацыі, нягледзячы на высокія пасады як у дзяржаўных, так і партыйных органах (член ЦВК і Прэзідыума ЦВК БССР, член Бюро ЦК КП(б)Б, загадчык агітацыйна-прапагандысцкага аддзела ЦК КП(б)Б і інш.), а правільней сказаць, якраз па гэтай прычыне (вырашэнне нацыянальнага пытання ў Беларусі ў сталінскі перыяд такімі, як Ігнатоўскі, не адпавядала “інтэрнацыянальнай” палітыцы крамлёўскіх камуністаў) на пачатку 1930 года спецыяльная камісія ЦК ВКП(б) абвінаваціла У. Ігнатоўскага ў нацыяналізме, у антыкамуністычнай дзейнасці. Як “варожага элемента, які іграў на руку нацдэмаўскай контррэвалюцыі” яго не толькі выключылі з партыі, але падобна іншым кіраўнікам-беларусам (А. Баліцкі, А. Чарвякоў, З. Жылуновіч, М. Галадзед, С. Некрашэвіч і многія іншыя) знішчылі фізічна, інсцэніраваўшы самагубства.

Вядома, У. Ігнатоўскі не заўсёды быў згодны з партыйнай лініяй бальшавікоў у вырашэнні як нацыянальнага пытання, так і праблем сялянства. У сваёй мастацка-гістарычнай аповесці “Мудрый Всеволод” пісьменнік, кандыдат гістарычных навук У. Якутаў прыводзіць прыклад, калі Ігнатоўскі, знаходзячыся на пасадзе загадчыка Наркамата земляробства БССР (1920), праводзіў інспекцыйны агляд першых камун і, назіраючы ў іх безгаспадарчасць, раўнадушша, называў іх недарэчным вынаходніцтвам; гвалтоўную ж сталінскую калектывізацыю лічыў не толькі непапраўным глупствам, але і палітычным, угалоўным злачынствам. Аднак ён заўсёды лічыў сябе інтэрнацыяналістам і быў ім. “Я спачатку чалавек, а потым ужо беларус”, – заяўляў ён [5].

Сучасныя навукоўцы, у тым ліку нашы брэсцкія, ацэньваюць У. Ігнатоўскага як вялікага вучонага, рэвалюцыянера ў галіне беларускай культуры, нацыянальнага дзяржаўнага будаўніцтва (У. Мелішкевіч, Я. Шляжко), як самабытную, арыгінальную асобу адраджэнскага, гуманістычнага тыпу, як выдатнага нацыянальнага дзеяча з самастойным складам мыслення (Г. Праневіч) [3]. Можна дапоўніць: У. Ігнатоўскі стаяў ля вытокаў нашай нацыянальнай школы, і калі мы сёння хочам стварыць і ўмацаваць менавіта сваю, нацыянальную па сутнасці, а не фармальна, сістэму адукацыі, у аснове якой ляжыць свая культура, родная мова, то мае сэнс звяртацца да вопыту 20-х гадоў, да спадчыны Усевалада Макаравіча Ігнатоўскага.
СПІС ЛІТАРАТУРЫ

1. Андрэева, Е. Вярнуць на законны пасад / Е. Андрэева // Народная газета. – 1993. – № 231. – 26 лістапада.

2. Асвета. Гісторыя. Мова : Тэматычны зборнік навуковых прац па беларусазнаўству / навуковы рэдактар Яцкевіч С.А. – Брэст : БАУС, 1992. – 52 с.

3. Усевалад Макаравіч Ігнатоўскі (да 110-годдзя з дня нараджэння) : матэрыялы навуковых чытанняў / Інстытут гісторыі АН РБ, Брэсцкі дзяржаўны педінстытут ім. А.С. Пушкіна, Брэсцкі абласны інстытут удасканалення настаўнікаў ; рэд. У.У. Мелішкевіч. – Брэст : БрДУ імя А.С. Пушкіна, 1992. – 70 с.



4. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. – Мінск : БелЭн, 1993–2003. – Т. 3. – 1996. – 527 с.

5. Якутов, В. Мудрый Всеволод. Фрагменты художественно-исторической повести / В. Якутов // Народная газета. – 1993. – №№ 185–190.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка