Функцыянальныя стылі Варыянт-1А




Дата канвертавання17.05.2016
Памер72.26 Kb.

Функцыянальныя стылі Варыянт-1А

Вызначце стыль тэксту. Дакажыце сваё меркаванне па плану:



  1. стыль; 2) дзе і кім ужываецца; 3) мэты і задачы; 4) асаблівасці

Можна зразумець нашых калег, расейскіх дэмакратаў, якія нядаўна перажылі тое, што і мы, і зараз пацягнуліся да падманлівай, цяжкадасягальнай свабоды. Аб’яднаўшыся з беларусамі, яны думаюць набыць дадатковы шанец на шляху да яе, кіруючыся ўсё той самай логікай -- разам лягчэй. Але старая чэская прымаўка кажа: не запускай млын, калі не можаш яго спыніць. Ці здолеюць нашыя расейскія калегі годна распараджацца хаця б уласнай свабодай? А можа, больш рэальная і для нас, і для іх небяспека страціць усё? Дзе гарантыі, што іх свабода дасягнутая цалкам і назаўсёды? У краіне, дзе не бясконцыя ганебныя войны, дзе паўсюль ліецца кроў, прыціскаецца свабода слова, а галоўнай дзяржаўнай ідэяй робіцца ўсё той самы нацыянал-імперыялізм? Занадта гэта сумнеўна...


Функцыянальныя стылі Варыянт-1Б

Вызначце стыль тэксту. Дакажыце сваё меркаванне па плану:



  1. стыль; 2) дзе і кім ужываецца; 3) мэты і задачы; 4) асаблівасці

Чалавецтва развітваецца з адным са сваіх духоўных лідэраў – з Папам Рымскім, пантыфікам, Янам Паўлам II. Званне гэтае (папа), як вядома, азначае: айцец, настаўнік, выхавацель. Ян Павел II такім і быў сапраўды. Са строгай бацькоўскай любоўю і адказнасцю, з гарачай і нястомнай, насамрэч апостальскай верай ён вучыў, выхоўваў, пераконваў, бласлаўляў, маліўся... Маліўся не толькі за вернікаў-каталікоў, але за ўвесь людскі род, у тым ліку і за ўсіх нас, беларусаў. Да апошніх сваіх дзён, да апошняга, у літаральным сэнсе, слова, дыхання ён натхнёна клікаў нас спадзявацца на перамогу сіл дабра над нячыстай, д’ябальскай сілай, на ўсталяванне гармоніі ў дачыненнях веры і розуму, свабоды і праўды, годнасці чалавека і яго адказнасці, на ўмацаванне “сапраўднай і разам з тым усеагульнай этыкі, якая патрэбна сёння чалавецтву” (словы адной з яго энцыклік). Ён прароча глядзеў у будучыню, ён надзвычай любіў моладзь.

Функцыянальныя стылі Варыянт-1В

Вызначце стыль тэксту. Дакажыце сваё меркаванне па плану:



  1. стыль; 2) дзе і кім ужываецца; 3) мэты і задачы; 4) асаблівасці



Яскравым прадстаўніком беларускай нацыянальнай інтэлігенцыі быў Якуб Колас (Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч). Праз усю яго творчасць праходзіць ідэя слугавання народу. Так, сын лесніка, атрымаўшы адукацыю, займаецца асветай. настаўнічае. У хрэстаматыйным рамане “На ростанях” мы бачым народнага інтэлігента Андрэя Лабановіча, яго ідэйныя пошукі, унутраны стан, перажыванні, хістанні. Ён пазнаецца намі як інтэлігент у школьнай дзейнасці, у адносінах да абранай прафесіі, да сялян, да прыроды і, зразумела, у адносінах да жанчын. Узаемадачыненні паненкі Ядвісі і Андрэя – найпрыгажэйшая казка Палесся. Сапраўдны інтэлігент ніколі не будзе цурацца свайго народа, бачачы яго невуцтва, забітасць, кансерватызм і інш. негатыўныя рысы. Ён будзе шукаць выйсце, задавацца пытаннямі – што адбываецца. хто вінаваты, што рабіць?


Функцыянальныя стылі Варыянт-2А

Вызначце стыль тэксту. Дакажыце сваё меркаванне па плану:



  1. стыль; 2) дзе і кім ужываецца; 3) мэты і задачы; 4) асаблівасці

Пакой быў высокі, як касцёл, і вострыя скляпенні губляліся ў цемры, а за стральчастымі вокнамі ляжала вечнае цямноцце. І пакой быў пусты - толькі стол, ды два крэслы, ды шахматная дошка на стале.

Сцены былі ўсе абцягнуты шэрым пыльным сукном. Проста перад Вылівахам, у дальнім муры, былі нізкія цёмныя дзверы, самыя апошнія, якія існавалі і ў свеце Памяці і ў свеце Забыцця. Усю тую сцяну і дзверы засноўвала павуцінне. Як чорныя бліскучыя праменні, беглі ва ўсе бакі ніці таўшчынёю з руку. І, як пачварнае чорнае сонца, сядзеў у збегу гэтых праменняў кашлаты велічэзны павук са срэбным крыжам на спіне - Арахна, якая тчэ павуцінне вечнасці.

А за сталом у адным з крэслаў сядзела і маўчала Смерць.

- Добры вечар у хату, - сказаў Выліваха.

- Ты што ж гэта, Гервасій? - сказала ўрэшце Смерць. - За ўсю маю дабрыню, за кветку, за апошні глыток віна, які я дазволіла табе, ты ўзбунтаваў ладдзю Роспачы.




Функцыянальныя стылі Варыянт-2Б

Вызначце стыль тэксту. Дакажыце сваё меркаванне па плану:



  1. стыль; 2) дзе і кім ужываецца; 3) мэты і задачы; 4) асаблівасці


Гадзіну з паловай стаяў я пад маладзіком. Пасля адправіўся ў прыбудоўку.

Доўга ляжу на раскладушцы, аж пакуль мяне не зморвае сон. Перад гэтым паспяваю яшчэ адправіць сябе ў самую харошую для маёй душы мясцінку - у чарнічны бор з пракаветных высозных сосен. Потым доўга буду блукаць між стромкіх дзеравін і дыхаць напоўніцу гаючае паветра, аж пакуль не стамлюся і не ўпаду пад шаты магутнага дуба. А яму пад шэсць стагоддзяў.

Буду тады доўга ўслухоўвацца ў яго дыханне і чуць яго думкі-шэпты, і ён абавязкова падзеліцца са мною пра тое, што накапіла яго памяць і розум за сівыя стагоддзі, раскажа, што чуў і што ўбачыў... І тое таксама прыдасць мне сілы і яснасць думкі, мудрасць і прасвятленне - з усіх дрэваў ён для мяне самы родны, самы блізкі...

Гудуць пчолы. Шэпчуцца патаемна вяршыні дрэў. Плыве па лесе мройная цішыня. А я плыву ў чоўне свайго задавальнення і радасці. Адчуваю, як вырастаюць у мяне нябачныя крылы, святлее розум, і я не адчуваю пад нагамі зямлі.

Функцыянальныя стылі Варыянт-3А

Вызначце стыль тэксту. Дакажыце сваё меркаванне па плану:



  1. стыль; 2) дзе і кім ужываецца; 3) мэты і задачы; 4) асаблівасці



Спяшаемся на аўтобус. Каб не спазніцца. Да сына хочам. Пераведаць надумалі. Адзін наш у Гародні, а другі аж у Мінску. Стары казаў: у нядзельку трэба нядзелькаваць, рукам спачыну знайсці. А я разважыла: не, што там нядзелькаваць! Ехаць – не працаваць. Дацягнемся да аўтобуса, а там у Слонім, а там і ў Мінск. Не на сабе ж цягнуць, не на кані пхнуцца дзень і ноч. Ды нагатавалі сяго-таго, ды сабралі таго-сяго, ды склалі, дый на вас во натрапілі, дай божачка вам здароўя, што дапамаглі. А сын наш студэнтаў вучыць. Жыве, як той казаў, дай божа ўсім добрым людзям! То чужыя кніжкі чытаў, а гэта сам свае напісаў, людзі іх чытаюць. Студэнты вучаць яго кніжкі. Дык завязём. І жонка ёсць, і двое дзетак гадуе – усё гэта ім. І ягады, і з грады агурочкі, і з галінкі памідоры, і кропу, і паляндвіцу, і часныку, і... Як ні ёсць – свае дзеці. Трэба ж. Трэба дапамагчы дзецям.


Функцыянальныя стылі Варыянт-4А

Вызначце стыль тэксту. Дакажыце сваё меркаванне па плану:



  1. стыль; 2) дзе і кім ужываецца; 3) мэты і задачы; 4) асаблівасці

.

Асноўныя асаблівасці фанетыка-фаналагічнай сістэмы беларускай мовы вельмі кантрастныя ў адносінах да многіх моў, якія ёсць крыніцамі запазычання. Асабліва гэта тычыцца запазычанняў з нямецкай мовы, у якой адсутнічае карэляцыя па мяккасці / цвёрдасці. У прыватнасці, наяўнасць у нямецкай аднаго т. зв. сярэднееўрапейскага l на фоне супрацьпастаўлення беларускіх л – л’ пры значнай колькасці запазычанняў з германскіх моў (найперш з нямецкай і ідыш) стварыла пэўную арфаэпічную і правапісную праблему ў працэсе адаптацыі запазычанняў. Большасць старых запазычанняў, якія прыйшлі з Захаду і былі асіміляваныя, перадаюцца праз л’, напрыклад: клямра (< ням. Klammer), бляха (< ст.-в.-ням. blech), люфт (< ням. Luft) и под., што адлюстроўвае таксама польскае пасрэдніцтва. Нешматлікія выпадкі выкарыстання фанемы л для перадачы нямецкага l тлумачацца названымі абставінамі, параўн., напрыклад, лата - жэрдка, якую прымацоўваюць да крокваў' (< польск. lata < с.-в.-ням. latte).


Функцыянальныя стылі Варыянт-4Б

Вызначце стыль тэксту. Дакажыце сваё меркаванне па плану:



  1. стыль; 2) дзе і кім ужываецца; 3) мэты і задачы; 4) асаблівасці

Спецыфіка сінтаксісу беларускай стандартнай мовы вызначаецца двума рознаскіраванымі фактарамі: па-першае, яго блізкасцю да народнай асновы, па-другое, значным уплывам сінтаксічных структураў суседніх славянскіх моў (расейскай і польскай), стандартныя формы якіх ужываліся і ўжываюцца зараз на тэрыторыі распаўсюджання беларускай мовы. Пры гэтым афіцыйны варыянт беларускага стандарту талерантна ўспрымае сінтаксічныя структуры, што прыйшлі з расейскай (а праз яе – з іншых еўрапейскіх моў), у той час як класічны варыянт арыентуецца на структуры, характэрныя для народнага маўлення ці для польскага стандарту, параўн., напрыклад, думаць пра жыццё і думаць аб жыцці (< рас. думать о жизни), дзякаваць брату (польск. dziękować bratu, рас. благодарить брата), ажаніцца з удавой (польск. ożenić się z wdową, рас. жениться на вдове), схадзіць па хлеб (рас. сходить за хлебом) і пад.



Функцыянальныя стылі Варыянт-5А

Вызначце стыль тэксту. Дакажыце сваё меркаванне па плану:



  1. стыль; 2) дзе і кім ужываецца; 3) мэты і задачы; 4) асаблівасці


У дзеючай дзяржаўнай статыстычнай справаздачнасці формы № 6-Т (кадры) кіраўнікі; галоўныя спецыялісты і спецыялісты адносяцца да катэгорыі служачых. Асобна вылучаюць іншых служачых, якія ажыццяўляюць падрыхтоўку і афармленне дакументацыі. Гэта архіварыусы, сакратары-машыністкі, статысткі і г.д.

Другая группа – гандлёва-аператыўны персанал. У гэту групу ўключаюцца работнікі, занятыя ў асноўным непасрэдным абслугоўваннем пакупнікоў: прадаўцы, кантралёры; кантралёры-касіры, загадчыкі магазінаў і іх намеснікі, у функцыі якіх уваходзіць абслугоўванне пакупнікоў; работнікі развазной, разноснай, дробнарознічнай гандлёвай сеткі.

Трэцяя група – дапаможны персанал. Да яе адносяцца работнікі, якія абслугоўваюць працэс продажу тавараў, занятыя захоўваннем, падрыхтоўкай да продажу тавараў, іх размяшчэннем, утрыманнем матэрыяльна-тэхнічнай базы. Гэта фасоўшчыкі, грузчыкі, прыбіральшчыкі, кладаўшчыкі, прыёмшчыкі, камплектоўшчыкі і інш.


Функцыянальныя стылі Варыянт-5Б

Вызначце стыль тэксту. Дакажыце сваё меркаванне па плану:



  1. стыль; 2) дзе і кім ужываецца; 3) мэты і задачы; 4) асаблівасці



У п а л і т ы ч н ы я п р а в ы і с в а б о д ы ўваходзяць: свабода поглядаў, перакананняў і іх свабоднае выказванне (ніхто не можа быць прымушаны да выказвання сваіх перакананняў або адмовы ад іх; манапалізацыя сродкаў масавай інфармацыі і цэнзура недапушчальны); права на атрыманне, захоўванне і распаўсюджанне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі пра дзейнасць дзяржаўных органаў, грамадскіх аб’яднанняў, палітычнае, эканамічнае,культурнае і міжнароднае жыццё, пра стан навакольнага асяроддзя; права на свабоду сходаў, мітынгаў, вулічных шэсцяў, дэманстрацый і пікетавання, якія не парушаюць правапарадак і правы іншых грамадзян; права на свабоду аб’яднанняў; права на ўдзел у вырашэнні дзяржаўных спраў як непасрэдна, так і праз сваіх прадстаўнікоў або шляхам абмеркавання на рэферэндумах, сходах і інш. вызначанымі законам спосабамі...









База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка