Фрыдрых Дзюрэнмат / Friedrich Dürrenmatt




старонка1/4
Дата канвертавання01.05.2016
Памер1.01 Mb.
  1   2   3   4




Фрыдрых Дзюрэнмат / Friedrich Dürrenmatt (нар. у 1921) – швейцарскі пісьменнік, драматург і мастак. Нарадзіўся ў вёсцы Канальфінген у швейцарскім кантоне Берн. Першы творчы і камерцыйны поспех Фрыдрыху Дзюрэнмату прынесла п’еса «Ромул Вялікі» (1949), а «Шлюб спадара Місісіпі» (1950) зрабіў яго драматургам нацыянальнага маштабу. Лаўрэат шматлікіх міжнародных і нацыянальных прэміяў, у тым ліку Мальераўскай (1957) і Шылераўскай (1959). Памёр пісьменнік 14 снежня 1990 года ў Нэўшатэлі менш чым за месяц да свайго сямідзесяцігоддзя.

Партрэт планеты
П’еса.
А С О Б Ы
А д а м. Е в а.

Каін. А д а.

А в е л ь. Ц ы л а.

Э н о х. Н а э м а.



П'еса ідзе без перапынкаў. Дзеянне доўжыцца адну гадзіну трыццаць пяць хвілін. На заднім плане спачатку запальваецца Птушыная Дарога. Сцэна крыху асветленая. А д а м выходзіць злева і ідзе ў сярэдзіну задняга плана сцэны.
А д а м. Я — першы Бог.
Пасля Адама выходзіць К а і н, ён відавочна слабы на вушы.
Каін. Што?

Адам. Я — першы Бог.

Каін. Ах так. (Становіцца праваруч ад Адама). Я — другі Бог.
3 пэўнай урачыстасцю выходзіць А в е л ь, становіцца леваруч ад сярэдзіны сцэны.
А в е л ь. Я — трэці Бог!
3 пэўнай бесклапотнасцю на твары выходзіць Э н о х, спыняецца з самага левага краю сцэны.
Э н о х. Я — чацвёрты Бог.

Адам пазяхае.
Каін. Як?

Адам. Сумная гэта бясконцасць.

Авель. Сумная да ашалення.

Каін. Што?

Авель (старанна вымаўляючы). Сумная да ашалення.

К а і н. Ах так.

Энох (гледзячы ў бок Адама і Авеля). Сядайма?

А в е л ь. Сядайма.


Авель сядае, Энох кладзецца на спіну, Адам застаецца стаяць.
К а і н (няўцямна). Што?

Авель (старанна вымаўляючы). Сядайма.

К а і н. Ах так. (Сядае).

Адам. Сонца вунь там загіне...

К а і н. Хто?
Каінава глухаватасць пачынае паступова раздражняць Адама.
Адам. Сонца там... Загіне.

К а і н. Ах так.

А в е л ь. Калі?

Адам. Неўзабаве.

Э н о х (пераварочваецца на жывот, глядзіць на Птушыную Дарогу). Во гэта будзе выбух!

К а і н. Што будзе?

А в е л ь. Сонца расколецца, і ягоная матэрыя разляціцца па Сусвеце.
Авель відавочна гэтаму рады.
К а і н. Ах так.

А да м. Бух!

К а і н. Што?

А д а м. Бубух!

Каі н. Як?

А д а м. Бум!

К а і н. Ага!

Энох. Але пакуль што гэтае сонца яшчэ стабільнае.

Авель. Значыць, выбуху не будзе.

Энох. Не, яно выбухне.

Авель. Значыць, яно не стабільнае.

Энох. Я надта ў сонцах не разбіраюся. (Пераварочваецца на спіну).

Адам. I я таксама.

Каін. Што?

Адам (са злосцю). I я таксама.

Каін (злуецца). Ах так.

Адам. Цікава, ці гэта сонца мае планеты?

К а і н. Мае — што?

Адам. Планеты!

К а і н. Ах так.

Авель. Не ўяўляю сабе.

К а і н. Што-што?


Адам мармыча нешта няўцямнае.
Ка і н. Ах так.

Энох. Я кажу пра планеты, населеныя жывым.

К а і н. Чым?

Авель (Каіну). Раслінамі, жывёламі, людзьмі.

К а і н. Ах так.

Э н о х. Я не разбіраюся і ў жывых істотах.

А в е л ь. Гэта няважна.

Энох. Ну што, рушым далей?


Авель, смеючыся, падымаецца, за ім падымаецца Энох.
Каін. Га?

А в е л ь (абмінаючы Каіна справа, старанна вымаўляе). Хадзем.

К а і н. Ах так. (Падымаецца і становіцца ззаду за Авелем).

Адам (яшчэ раз глядзіць у бок Птушынай Дарогі). Сонца ўсё роўна загіне.


Адам адыходзіць за правую кулісу. Слабое сонца на сцэне патухае. Свеціцца толькі Птушыная Дарога. Потым раптоўна ўспыхвае поўнае святло. Птушыная Дарога знікае. 3 глыбіні сцэны злева выходзяць ж а н ч ы н ы, справа — м у ж ч ы н ы, усе становяцца паўколам. Жанчыны апранутыя ў форму, у руках — блакітныя фуражкі. Ада трымае кіёк. На мужчынах — звярыныя шкуры, нібы ў дзікуноў.
У с е. Мы.

Е в а. Ева.

У с е. Мы.

Ада. Ада.

У с е. Мы.

Ц ы л а. Цыла.

У с е. Мы.

Н а эма. Наэма.

У с е. Мы.

А д а м. Адам.

У с е. Мы.

Каі н. Каін.

У с е. Мы.

А ве л ь. Авель.

У с е. Мы.

Э н о х. Энох.


Жанчыны насоўваюць блакітныя фуражкі.
А да. Гуляць!
Ж а н ч ы н ы адыходзяць праз левую кулісу. Мужчыны, гарбацячыся, моўчкі бягуць па коле. Бачаць, што жанчыны адышлі.
А да м. Горача.

К а і н. Усё павысыхала.

Э н о х. Рэкі абмялелі.

А ве л ь. Танец дажджу!


Чутно біццё барабанаў у негрыцянскіх рытмах. Мужчыны, тупаючы і выкрыкваючы па-першабытнаму, збіваюцца ў цеснае кола. Справа выходзіць Е в а з жалезным катлом, глядзіць на танец. Музыку перарывае гучны ўдар літаўраў. Мужчыны з жахам заўважаюць Еву — і зноў бягуць па коле. Ева пагардліва абмінае іх, ставіць кацёл на авансцэну.
Ева. Есці!
Мужчыны спыняюцца, чакаюць, пакуль Е в а пойдзе, потым кідаюцца да катла і пачынаюць прагна есці.
Э н о х. Ізноў пячонка?

А в е л ь. Не ведаю.

Адам. Пячонка.

Ка і н. Пячонка.

Энох. Вечна пячонка ды пячонка.
Глядзяць адзін на аднаго.
Адам. Даўней мы елі шынку.

Каін. Катлеты.

А в е л ь. Адбіўныя.

Энох. Сала.

Авель. То было раней.
Яны рохкаюць.
К а і н. Нас кормяць горш і горш.

А ве л ь. Ад таго часу, як у нас паявіліся белыя жанчыны.

Энох. Іншых няма.

Адам. Белыя жанчыны звезлі нашых жанчын.

Авель. На вялікіх бліскучых птушках.

К а і н. Куды?

Адам. Не ведаю.

Э н о х. Ці яны вернуцца?

Адам. Яны ніколі не вернуцца.

А ве л ь. Ніколі.

К а і н. Ці будзем даядаць?

А д а м. Будзем.


Каін і Адам зноў ядуць. Энох паварочваецца да іх спінай.
Э н о х. Пячонка. У гэткую спёку.
Авелю робіцца млосна.
Авель. Я больш ні да чога не дакрануся.
На заднім плане злева з'яўляецца Е в а.
Е ва. Кацёл прыбраць. Прынясіце лаўку і скрыню з чырвоным крыжам.
Энох адносіць кацёл на задні план сцэны і ставіць яго пасярэдзіне. Адам і Каін бягуць да сярэдзіны задняга плана сцэны і знікаюць. Авель адбягае ў правы бок сцэны і знікае. Адам і Каін прыносяць лаўку, ставяць яе пасярэдзіне сцэны і сядаюць. Авель нясе скрыню з чырвоным крыжам, ставіць яе

з правага боку ад лаўкі, бліжэй да гледачоў, потым сядае на скрыню.
Ева. Трэба нарваць бананаў.
Дзікуны буркаюць сабе пад нос, але падымаюцца. А д а м і К а і н бягуць да сярэдзіны задняга плана сцэны.

А в е л ь пераскоквае цераз лаўку і выбягае, за ім следам А д а м і К а і н. Э н о х таксама спрабуе ўцячы.
Ева. А ты застанься.

Э н о х (дранцвее). Калі ласка.

Ева (сядае на лаўку). Сядай.

Э н о х (сядаючы на скрыню). Калі ласка.

Е в а. Выпрастайся.

Э н о х (выпростваючыся). Калі ласка.

Е в а. Сёння ты спіш са мною.

Э н о х. Калі ласка.

Е в а. Ты за кожным разам кажаш: калі ласка.

Энох. А што мне яшчэ казаць?

Е в а. 3 задавальненнем.

Э н о х. Калі ласка.

Ева. Ці ты не хочаш спаць са мною?

Э н о х. У мяне пра гэта ніхто не пытаецца.

Е в а. Я пытаюся.

Э н о х. А калі я не хачу?

Ева. Ты мусіш спаць са мною.

Э н о х. Ну во, бачыш.

Ева (у роспачы падымаецца). Так не пойдзе.

Энох. Горача.

Ева. Гэта не адказ.

Э н о х. Адказу не будзе.

Е в а (спыняецца каля Эноха). Табе не даспадобы спаць са мною.

Э н о х. Мне нічога не даспадобы.

Ева. Пячонка табе таксама не даспадобы.

Э н о х. Каб сала...

Ева. Сала болей няма.

Энох. Ну, тады шынкі.

Ева. Ніводнага негра не засталося.

Э н о х. А кітайцаў?

Ева. Таксама няма.

Э н о х. Тады я нічога больш есці не буду.

Ева. Пэўна, можна здабыць колькі белых.

Э н о х. Ф-фу, яны паскудныя на смак.

Ева (узрадаваўшыся). Жывёлін?

Э н о х. Жывёлін есці няможна.

Ева (укленчвае перад Энохам). Раней вы жывёлін елі.

Э н о х. Гэта быў грэх.

Е в а (расчаравана падымаецца). Тады еш бананы.

Энох. Яны нясмачныя.

Е в а (зноў сядае на лаўку). Мы ж ямо бананы.

Э н о х. То ж вы!


3 правай кулісы выходзіць Ц ы л а з бляшанай міскаю.
Цыла. Ты сёння з ім спіш?

Е в а. Ага.

Цыла (падае міску Эноху). Еш.

Энох. Я ўжо еў.

Цыла. Еш яшчэ.

Э н о х. Калі ласка.

Ц ы л а. Гэта сцягно негра.

Э н о х. Калі ласка. (Пачынае есці).

Ева. Ён заўсёды кажа: калі ласка.

Цыла. Самае галоўнае, што ён падпарадкоўваецца.

Энох (працягваючы есці). Дзіўна. (Пасля паўзы). Смачна.

Цыла. Гэта не негр.

Э н о х. Індус?

Цыла. Не.

Энох. Нехта са спякотных краін?

Ц ы л а. Таксама не.

Э но х. Ліліпут?

Цыла. Свіная смажаніна.

Э н о х (шпурляе міску вобзем, з жахам глядзіць на яе, крычучы). Я парушыў закон!

Цы ла (рупліва ўсаджваючы Эноха на скрыню). Сядай.

Э н о х. Калі ласка.

Цыла. Даядай.

Э н о х. Калі ласка. (Жуе, спачатку павольна, потым хутчэй і хутчэй).

Цыла. Смачна?

Э н о х. Смачна.

Цыла (Еве). Бачыш во.

Энох. Адкуль свініна?

Цыла. Ад Бога.

Ева. Ён паслаў нашаму племю тысячу свіней, тысячу авечак, тысячу кароў.

Э н о х. Слава Госпаду!

Цыла. Амін.

Э н о х. Ці можна вылізаць міску?

Ц ы л а. Калі ласка.
Энох падымаецца, праходзіць каля Евы ў глыб сцэны.
Энох (Еве). Хадзем спаць.

Е ва. Калі ласка.


Ева неахвотна ідзе следам за Энохам. 3 левага боку выходзяць Наэма і Ада з кійком.
Ада. Ці з'еў ён свініну?

Цыла. З'еў.

А д а. Ну вось.

Н а э м а. Нарэшце ўжо...



Aда. Я мушу сесці.
Сядае. Праваруч ад яе сядае Наэма, леваруч — Цыла.
Цыла. Заўтра ўсе будуць есці.

Ада. Людажэрства больш няма.

Цыла. Можна распачынаць жывёлагадоўлю.

Наэма. Наша навуковая мэта дасягнута.

Ада. Мы ўжо можам ім вярнуць іхніх жанчын.

Цыла. Яны таксама перайшлі на мясное харчаванне?

Ада. Яны ядуць нават бананы.

Наэма. Мы пакідаем гэтую выспу годна і з удзячнасцю.


Справа выходзіць К а і н у карычневай афіцэрскай форме і сонцаахоўных акулярах.
Каін. Дарагія дамы, нас можна павіншаваць з поспехам.
Цыла і Наэма падымаюцца, Ада застаецца сядзець.
Наэма. Поспех быў дасягнуты толькі дзякуючы самаахвярнасці, спадар упаўнаважаны.

Каін. Вядома, вядома.


Каін сядае з правага боку ад Ады на лаўку, запрашае іншых. Наэма сядае каля Ады, Цыла — на скрыню з чырвоным крыжам.
Ада. Мы ўсе прысвяцілі сябе змаганню супраць людажэрства, спадар упаўнаважаны.

Каін. I вы таксама?

Ада. I я.

К а і н. Грандыёзна.

Ада. Толькі абыходным шляхам, праз эротыку, мы здолелі паўплываць на гэтых дзікуноў.

К а і н. Фантастыка!

Ада. Яны яшчэ да гэтага часу жывуць у матрыярхаце.

Каін. Якое дзікунства...


Злева выходзіць А в е л ь у такой самай форме, як і ў Каіна.
Авель. Імпартаваныя тысяча кароў, тысяча авечак, тысяча свіней.

К а і н. Ну і што?

Авель. Гэта ж вар'яцтва!

Каін. На выспе зліквідавана людаедства.

Авель. А на мацерыку цяпер голад.

К а і н. Наш камітэт гэтым не займаецца.

Авель. А наш займаецца якраз барацьбой супраць голаду.

К а і н. Разумнае планаванне сям'і засцерагае ад голаду. Няхай глытаюць супрацьзачаткавыя таблеткі і не лезуць да нас.

А ве л ь. Але ж яны галадаюць якраз з тае прычыны, што з мацерыка вывезена па тысячы кароў, свіней ды авечак. Галадаюць дзесяткі тысяч.

Ка і н. Затое тут сотні такіх самых істотаў, як і на мацерыку, не ядуць да сябе падобных.

Авель. Людаедства не пагражае свету.

К а і н. Любое варварства — пагроза свету.

Авель. Не трэба гаварыць збітых фраз.

А д а. Я не дзеля таго прысвяціла сваё жыццё барацьбе з людаедствам, каб пасля цярпець знявагу ад прадстаўнікоў камітэта дапамогі галадоўцам.

А д а м. Мадам, зразумейце мяне: вы вывозіце з мацерыка скаціну, а там паміраюць дзеці...

А д а. Генеральны сакратар даў нам транспартныя сродкі.

Авель. Невыпраўны ёлупень.

А д а. На такім узроўні я не збіраюся дыскутаваць далей.

Ц ы л а. За нашага генеральнага сакратара мы пойдзем у агонь.

Наэма. Ён усё-ткі Нобелеўскі лаўрэат у галіне літаратуры.

А в е л ь. Нам патрэбны не эстэт, а практык. Без каардынацыі немажліва выканаць праграму дапамогі свету. У той самы час, калі ваш камітэт вывозіць скаціну з мацерыка для бяскрыўдных людаедаў, народ, за плячыма якога трохтысячагадовая культура, пажырае чалавечыя трупы. Калі ваш камітэт заахвочвае такое людаедства, дык хіба яго можна называць камітэтам па барацьбе з людаедствам? Дазвольце, я сяду. Задыхаюся нешта.
Ніхто не дае яму месца.
К а і н. Выспа чакае вашых распараджэнняў.

Авель. Маё сэрца!..


Авелю цяжка стаяць.
Ада. Мы ўсе разлічваемся сваім здароўем.

Авель. Гэта праклятая зямля... ці хоць ураджайная?

Ц ы л а. Гэта — рай.

Авель. Тады дзікуны няхай ядуць бананы і не разлічваюць на нашую скаціну.

Ада. Бананы ім не даспадобы.

Авель. Не даспадобы! Ім бананы не даспадобы, калі ў нас не хапае харчоў!

Цыла. Апроч бананаў, тут няма чаго есці. Адны пацукі ды чарвякі.

Авель. На мацерыку іх даўно ўжо ядуць.

К а і н. Божухна! Людаедства немагчыма перамагчы без кулінарнага ўмельства.

А вел ь. У вас у галовах няма нічога, апроч людаедства.

К а і н. А ў вас нічога, апроч галадоўцаў.

А вел ь. Прапаную абмеркаваць наш канфлікт на агульным пасяджэнні арганізацыі дапамогі свету.

К а і н. Калі ласка.
Усе становяцца радком, перадам да скрыні з чырвоным крыжам. 3 правага боку выходзіць А д а м, ён у карычневым сурдуце.
Цыла. Генеральны сакратар.

Адам (залазіць на скрыню). У якасці генеральнага сакратара міжнароднай арганізацыі дапамогі свету шлю вам прывітанне ў гэтым цудоўным горадзе на беразе самага цудоўнага возера і заклікаю вас: набярыцеся мужнасці!


Воплескі. Адам кланяецца. Выходзіць Е в а ў блузцы і з жаночай сумачкай, становіцца на скрыню перад Aдамам, адчыняе сумачку і пачынае пудрыцца.
Адам. Я нарадзіўся ў гэтай горнай краіне, спадары і спадарыні. У маленстве я часцяком хадзіў у горы. 3 усіх бакоў было атачэнне неадольных стромых скал. Абвалы заміналі, але я ішоў ды ішоў, пакуль перад вачыма не з'явіўся горны перавал і каля ног вандроўніка не апынулася шматпакутная радзіма. Гэтак і цяпер. Яшчэ не пераадолены неразважнасць і карыслівасць, але яны адыдуць, і вы ўбачыце вызваленую зямлю.

Ева. Яны зноўку жаруць чалавечыну.

А да м (не зважаючы на Еву). Усё будзе добра.

А д а. Каго?

Ева. Матросаў.

Адам. Усё будзе добра.

Ада. У чым прычына?

Е в а. Танкер-нафтавік водазмяшчэннем трыста тысяч тон узарваўся непадалёк ад выспы, з экіпажа жывыя засталіся толькі 52 чалавекі.

К а і н. I што — усіх з'елі?

Ева. Усіх.

Адам. Усё будзе добра.

Авель. Як упаўнаважаны прадстаўнік камітэта дапамогі галадоўцам лічу выбух нафтавага танкера-трохсоттысячніка нашмат больш фатальным...

Адам. Захоўвайце парадак, не хвалюйцеся. Толькі спакойна... Прагрэс доўжыцца стагоддзі, калі не тысячы гадоў. Чытайце Фрэйда.

А д а м (злазіць са скрыні, падыходзіць да тых, што стаяць, паціскае дамам рукі). Нягледзячы на невялікі рэцыдыў у самым пачатку ўзнікнення чалавечай культуры на гэтай выспе, я шчыра ўдзячны дамам з камітэта барацьбы супраць людаедства за іх асабісты ўдзел. Да сённяшняга свята аркестр філармоніі нашага горада падрыхтаваў бессмяротную Пятую сімфонію Бетховена. Пакуль наладжваецца буфет, мы паслухаем Бетховена, і спадзяюся, што ён суцешыць нас, што нам так патрэбна ў нашай цяжкай службе.


Здалёк далятаюць першыя пяць тактаў Пятай сімфоніі Бетховена. Адам ляпае па плячы, Авель бярэ пад казырок. Усе, апроч Евы і Каіна, выходзяць. Каін здымае куртку, кладзе яе на лаву. Ева сядае на скрыню, дастае з сумкі электрабрытву і падае яе Каіну. Яна накладае грым, расчэсвае валасы. Каін паварочваецца да Евы, спрабуе штосьці сказаць, але махае рукою моўчкі, потым ідзе наперад. Правая нага ў яго не гнецца. Ён спыняецца, разяўляе рот, але нічога не кажа.

Зноў махае рукою і пачынае галіцца. Яшчэ раз гучаць першыя чатыры такты сімфоніі.
К а і н. Ён ізноў не здаў іспыту.

Ева. Недабраў тры балы, зусім крыху.

К а і н. Другі раз.

Е в а. У яго запозненае развіццё.

К а і н. Каб у яго было запозненае развіццё, ён бы не спаў з пакаёўкаю.

Ева. Ты таксама спіш з пакаёўкаю.


Гучаць першыя чатыры такты Пятай сімфоніі.
К а і н. I пры ўсім тым ён прыдатны да службы ў войску.

Ева. Ты проста зайздросціш яму.

К а і н. Я быў добры салдат.

Е в а. Праз гэта ў цябе і кавяла.

К а і н. Не чапляйся да мяне з гэтай кавялою.

Е ва. А ты не чапляйся да мяне з маім сынам.

К а і н. Я ганаруся сваёй кавялою.

Ева. А я ганаруся сваім сынам.


Гучаць першыя чатыры такты сімфоніі.
К а і н. Я што — мушу цэлы вечар слухаць гэту сімфонію?

Ева. Ён любіць класічную музыку; табе са сваёй кавялою гэтага не зразумець. Па-твойму, эротыка — гэта згвалтаванне.

К а і н. Не чапляйся да мяне са сваёй пакаёўкаю.

Е ва. Я гавару не пра пакаёўку, я гавару пра нас з табою.


Першыя чатыры такты сімфоніі.
Каі н. Я — мужчына, а твой сын — гаўнюк.

Ева. Навошта ж тады ты пасылаеш яго ваяваць у джунглі, калі ў цябе такая думка пра яго?

Каін. Вайна зробіць з яго мужчыну.

Е ва. Лухта.


Зноў гучаць першыя чатыры такты сімфоніі.
Е ва. Навошта ўвогуле яна патрэбная, гэта вайна?

К а і н. Урад ведае навошта.

Е ва. Каб скінулі колькі атамных бомбаў на гэтых дзікуноў, дык былі б спакойныя.

К а і н. Каб мы скінулі, дык і іншыя таксама скінулі б.

Ева. У дзікуноў атамнай бомбы няма.

К а і н. Знайшла сабе сяброў!

Е в а. Вы ўсе — гаўнюкі.

Каін (чысціць брытву). Табе што — у школу трэба?

Ева. Я даглядаю за параненымі.

К а і н. Праўда?

Е в а. А табе?

К а і н. Пасяджэнне ў радзе дапамогі ветэранам.

Е ва. А-а.

Каін (падыходзячы да Евы). Мне трэба ісці.

Е в а. Ідзі.
Ева падстаўляе шчаку Каіну. Каін цмокае яе ў шчаку. Гучаць першыя чатыры такты Пятай сімфоніі.
К а і н. У яго зноў сваё.

Ева. Пэўна, табе пара ісці.

К а і н (накідаючы куртку на плечы). Трэба было б мець запозненае развіццё.
К а і н выходзіць. Паяўляюцца Цыла і Наэма, сядаюць на лаўку. На плячах накінутыя хусткі. Цыла вяжа, Наэма разглядае фотаальбом. Ева ставіць сумку на зямлю, дастаўшы з яе насамперш кавалачак цукру, смокча яго. Рашуча ўваходзіць А д а з трохногім зэдлікам, сядае.
Н а э м а. Мне восемдзесят сем год.

Ева. А мне — восемдзесят восем.

Ц ы л а. Мне — восемдзесят дзевяць.

Ада. А мне — дзевяноста.

Наэма. Мяне завуць Наэма. Бацька мой працаваў на фабрыцы. Ён увесь час жыў у галечы. Мы ўсе жылі ў галечы. Жытлом нашым была халупа, накрытая мохам. Пяцьдзесят сем год таму я выйшла за рабочага-чыгуначніка. Пазней ён даслужыўся да начальніка станцыі. Памёр дваццаць год таму. Я мела адзінаццаць дзяцей: сем хлопчыкаў і чатыры дзяўчынкі. Засталіся чатыры хлопчыкі і чатыры дзяўчынкі. Самы большанькі трапіў пад цягнік Берн — Люцэрн. Ён гуляў на рэйках і меў тады ўсяго чатыры гадкі. Другі памёр ад рака, маючы сорак год, трэці ў тым самым годзе зваліўся з даху: ён быў страхар. Думаю, што ў мяне больш як дваццаць унукаў і, відаць, яшчэ болей праўнукаў. Але чамусьці ніхто мяне не наведвае. Часам я атрымлівала паштоўкі ад майго меншанькага з Амерыкі, з Дэтройта. Ён працаваў там на аўтамабільным заводзе, але ўжо дзесяць год, як не піша. У гэтым прытулку я ўжо трынаццаць гадоў. Штодня я сядаю ля акна і разглядаю сямейны альбом. Пры гэтым не думаю пра свайго мужа. I пра дзяцей таксама не думаю. Увогуле я ні пра што не думаю.

Ева. Я — Ева. Ніколі не была замужам. Дый навошта? У мяне заўсёды былі мужчыны. Здаралася, больш як пяць за адну ноч. Гэтым промыслам я пачала займацца, маючы пятнаццаць гадоў. Я рабіла ўсё, чаго ад мяне патрабавалі, а патрабавалі ўсяго, што можна патрабаваць ад такіх, як я. У мяне быў сябар, які здабываў мне дазвол ад паліцыі займацца маім промыслам — гэтак усё было законна. Палова майго заробку ішла на выплату падаткаў, трыццаць працэнтаў забіраў мой сябрук. Мне заставаліся дваццаць працэнтаў. Але я была беражлівая і рупная. Сама сабе я гаварыла: «Ева, ты састарэеш. Памятай пра гэта». I вось я стала старая. Да шасцідзесяці пяці год я назапасіла грошай досыць, каб купіць месца ў гэтым прытулку. Мой сябра Эган Мюлер ужо дзесяць год як памёр у Асконе, будучы міліянерам. Ён меў шмат такіх, як я, якія на яго працавалі. Ён быў прыстойны чалавек, і калі параўнаць з іншымі мужчынамі, якіх я ведала, — надзвычай прыстойны. Я ніколі не саромелася свайго занятку і ганаруся, што дажыла да гэтага веку, не нарабіўшы шкоды ні душы, ні целу. Удзень я чытаю раманы пра каханне, а ўвечары сяджу ля тэлевізара. Больш за ўсё мне даспадобы фільмы з удзелам Саймана Тэмплара, і Бананцу таксама я люблю. Калі б я напаткала такога мужчыну, маё жыццё было б зусім іншае, але такіх мужчын можна ўбачыць толькі ў тэлевізары.

Цыла. Мяне завуць Цыла. У мінулым — медсястра. Я працавала ў невялікай вясковай лякарні. Побач з лякарняю, у сажалцы, разводзілі стронгу. Чаго я толькі не нагледзелася: бачыла нараджэнне і смерць. Адны баяліся смерці, другім было ўсё роўна: ці яны памруць, ці выжывуць; трэція зусім і не разумелі, што паміраюць. Напачатку я пакутавала, гледзячы на іх пакуты, але неўзабаве гэта ўсё прайшло. У немаўлятах я пачала бачыць будучых вязняў смерці — і нічога болей. Людзі, якіх я даглядала, дарылі мне на развітанне шакалад і кнігі з прысвячэннямі, і забывалі мяне, як толькі выходзілі з лякарні; і я іх таксама забывала. У вольныя дні я дапамагала братавай. Яна хварэла, а ў яе ж было трое дзяцей; дзеці мяне не любілі, я іх таксама. Аднаго разу я адпачывала ў Грындэльвальдзе, другі раз — у Фларэнцыі; і тады, і тады ішлі праліўныя дажджы. Мікеланджэлаў Давід мяне таксама расчараваў. Мужчыны выглядаюць зусім іначай. У мяне былі невялікія шашні з маладзенькім асістэнтам доктара. Мы спалі з ім два дні, а пасля ён ажаніўся з дачкою галоўнага лекара. Неяк пазней ён ізноў хацеў зацягнуць мяне ў ложак, ды я ўжо не хацела.

Ада (бярэ ў руку саламяны кошык з чорнай накрыўкай). Я — Ада, графіня фон Цынцэн. Была заручаная з графам Крэсам фон Штукам, які памёр у дзевяностых гадах у адной былой нямецкай калоніі — недзе ва Усходняй Афрыцы. Яго зжэр леў. I дзякуй Богу. Я не магла яго цярпець. Увогуле мужчыны выклікалі ў мяне агіду. I ў мяне ніколі нікога не было. Я любіла толькі кошак. Можа, з тае прычыны, што яны мне нагадвалі льва, які расправіўся з маім жаніхом,— і за гэта я ўдзячная па сёння ўсяму кашэчаму роду. Кот, што ў мяне цяпер на каленях, належыць гэтаму пры­тулку. Я дала яму клічку Тасіла, але ён рэагуе толькі на Негрыцяня. Тасіла... Гэтак звалі майго бацьку. Ён ніколі не выпускаў з рук сваёй пугі. У першую сусветную ён страціў тры чвэрці сваёй маёмасці. Гэтыя дваццаць мільёнаў ён уфундаваў у вайну. Астатнія з'ела інфляцыя. Я ў гэтым прытулку ўжо больш як сорак год. Тры гадзіны штодня я раблю праходку ў найбліжэйшым лесе: гадзіну перад і дзве — па абедзе. I ніколі не карыстаюся кульбакаю. Я не чытаю кніг, цярпець не магу музыкі, мне не патрэбны тэлевізар. Старой жанчыне з дому фон Цынцэн ні ў чым няма патрэбы. Штонядзелі я хаджу ў царкву і сплю пад час набажэнства. Усе фон Цынцэны штонядзелі хадзілі ў царкву і спалі пад час набажэнства. Са мною скончыцца наш род. Адзінае маё жаданне — дажыць да ста гадоў. Усе фон Цынцэны дажывалі да дзевяноста, ды ніводзін не дажыў да ста. Калі я здолею дажыць да ста, я выпераджу ўсіх фон Цынцэнаў, а толькі таго я і хачу.

  1   2   3   4


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка