Фразеалагізмы ў беларускіх народных казках




Дата канвертавання15.05.2016
Памер55.68 Kb.
Садоўская А.С.

Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Я.Купалы, Гродна


ФРАЗЕАЛАГІЗМЫ Ў БЕЛАРУСКІХ НАРОДНЫХ КАЗКАХ
Цікавасць лінгвістаў, літаратуразнаўцаў, фалькларыстаў да вусна-паэтычнай творчасці, да вобразнай мовы і мастацкіх сродкаў увесь час вялікая. Без перабольшання можна сказаць, што вусна-паэтычная творчасць для беларускага народа доўгі час выконвала функцыі не толькі мастацкай літаратуры, але і тэатра, іншых форм мастацтва і грамадскай свядомасці. Фальклор у сістэме сучаснай культуры набывае ўсё больш шматгранны характар, ставіць новыя задачы. Актуальнымі з’яўляюцца такія праблемы, як ідэйнае і мастацкае значэнне фальклорнай класікі для сучаснасці, фальклор і яго роля ў развіцці мастацтва, літаратуры і літаратурнай мовы, міжэтнічныя сувязі ў фальклорнай спадчыне і інш.

Фальклор як паэтычная творчасць валодае старажытнейшымі формамі мастацтва вуснага слова, якое адыграла вялікую ролю ў духоўным жыцці народа на працягу многіх тысячагоддзяў. Узнікнуўшы задоўга да з’яўлення пісьменнасці, літаратуры і літаратурнай мовы, фальклорная творчасць выпрацавала асабістую паэтычную сістэму, свае вобразныя сродкі, абагуленыя формы жывога вуснага маўлення. Вусная народная творчасць зафіксавана ў памяці беларусаў, яна заўсёды была невычэрпнай крыніцай ідэй, вобразаў, спосабаў мастацкага адлюстравання жыцця народа.

Творы вусна-паэтычнай творчасці і ўся разнастайнасць іх мастацкага адлюстравання са старажытных часоў перадаваліся з пакалення ў пакаленне. Да нашых дзён захавалі асноўныя жанры, іх моўныя і мастацкія формы пабудовы. Безумоўна, многія творы страчаны, а іншыя адчулі значныя трансфармацыі за час працяглага развіцця вусна-паэтычнай творчасці ва ўмовах поўнай адсутнасці іх пісьмовай фіксацыі.

Фальклор беларускага народа багаты і разнастайны. Сярод іншых фальклорных жанраў казкі займаюць асаблівае становішча і вылучаюцца шырынёй ахопу жыццёвых з’яў, глыбінёй абагульнення, яркасцю і непаўторнасцю створаных вобразаў.

У яркіх мастацкіх вобразах беларускія казкі, як і казкі іншых народаў, раскрываюць паўсядзённае жыццё народа, яго светапогляд, ідэалы. Нельга ведаць сапраўдную гісторыю народа, не ведаючы яго вуснай народнай творчасці. Узнікшы ў глыбокай старажытнасці, казкі заўсёды былі непарыўна звязаны са шматгранным жыццём народа, яго барацьбой з сіламі прыроды, а ў класавым грамадстве – за роўнасць, сацыяльную справядлівасць. Казкі задавальнялі эстэтычныя запатрабаванні народа і ў той жа час былі важным сродкам пазнання навакольнага свету і абагульнення працоўнага вопыту многіх пакаленняў, а таксама сродкам выхавання.

Як вядома, вывучэнне розных бакоў мовы, яе лексічнага багацця і семантычных асаблівасцей, сродкаў выразнасці, выяўленчых сродкаў – адно з патрабаванняў, пастаўленых жыццём перад навукай аб мове. У сувязі з гэтым вялікую цікавасць уяўляюць моўныя асаблівасці твораў вуснай народнай творчасці. Пытанні вывучэння славеснай формы народнай казкі не вычарпаны.

Фразеалагізмы як адзін з самых выразных мастацкіх сродкаў твораў вуснай народнай творчасці і мастацкай літаратуры актыўна выкарыстоўваліся і выкарыстоўваюцца для праўдзівага і выразнага адлюстравання перад чытачамі ці слухачамі розных з’яў аб’ектыўнага свету. «Фразеалагізмы адносяцца да адзінак мовы, якія валодаюць не толькі ўнікальнай семантыкай і, як правіла, экспрэсіўнасцю, эмацыянальна-ацэначным характарам, але і нясуць у сабе закадзіраваную інфармацыю пранацыянальна-культурны светапогляд народа, яго ўнікальныя духоўныя і культурныя адметнасці»[1, с.116-117]. Аналізуючы беларускія народныя казкі, у якіх шырока выкарыстоўваюцца разнастайныя фразеалагізмы як адзін з найбольш яркіх сродкаў эмацыянальнага ўздзеяння, можна адзначыць, што народ асабліва цэніць гэтае моўнае багацце. Фразеалагізмы адлюстроўваюць карціны сацыяльна-эканамічнага жыцця, матэрыяльную і духоўную культуру народа. Невыпадкова іх так трапна называюць «самародкамі, самацветамі роднай мовы, залацінкамі народнай мудрасці. Яны ажыўляюць маўленне, робяць яго сакавітым і эмацыянальным, ёмістым і сціслым» [2, с.207].

Разглядаючы фразеалагізмы з семантычнага боку, можна адзначыць факт існавання розных у семантычных адносінах адзінак. Дзеянні персанажаў, іх хваляванні, настрой і псіхалагічныя перажыванні, іх унутраны свет, характар і знешнасць, узаемаадносіны людзей, іх становішча ў грамадстве, адносіны герояў да падзей ці з’яў і меркаванні аб іх, уздзеянне падзей на ўдзельнікаў, адчуванні персанажаў – усё гэта адлюстроўваецца ў багатай семантыцы фразеалагізмаў.У іх фіксуецца ўсё, што ўласціва народу: мудрасць, звычаі, багаты жыццёвы вопыт, уклад жыцця, асаблівасці мыслення і псіхікі. Асаблівую цікавасць прадстаўляюць так званыя паэтычныя фразеалагізмы. Менавіта яны ўзмацняюць уздзеянне выказваемай мастацкай думкі, садзейнічаюць ўзрастанню эмацыянальна-экспрэсіўнага значэння кантэксту.

У казках фразалагізмы выкарыстоўваюцца там, дзе звычайнае, някідкае слова выглядала б сухім, невыразным, не выклікала б у душы слухача ці чытача неабходнага эмацыянальнага водгуку . Напрыклад, ці адчулі б мы той сэнс, ці дастаткова ёмістымі былі выразы, калі б у іх не выкарыстоўваліся замест звычайных слоў трапныя фразеалагізмы: Я й нявумна, і нядурна; а калі возьмеш мяне замуж, дык я дванаццаць сыноў спараджу – голас у голас, волас у волас, пахводка ў пахводку, гаворка ў гаворку, ліцом як адзін[3, с.103].Выкарыстаныя ў гэтым кантэксце фразеалагізмы маюць свае слоўныя заменнікі: голас у голас, волас у волас, пахводка ў пахводку, гаворка ў гаворку– ‘такія падобныя, што цяжка адрозніць’; як адзін– ‘зусім аднолькавыя і добрыя ў якіх-небудзь адносінах’. Але ці наўрад гэтыя заменнікі зрабілі б тое, што пад сілу толькі фразеалагізмам, бо імі “не проста называюцца, але адначасова і характарызуюцца пэўныя асобы, прадметы, прыкметы, дзеянні” [2, с. 46] .

Па структуры ўсе фразеалагізмы сучаснай беларускай мовы групуюцца ў тры разнавіднасці: словазлучэнні, спалучэнні, сказы. У казках прадстаўлены ўсе гэтыя разнавіднасці з разнастайнымі мадэлямі: -- А паедзем у белы свет, ачышчаць, нягіднага Сокала пабіваць [3, с.81];-- Вязісваіх дачок ліба ў лес, ліба ў ваду, ліба ў чыстае поля, а ня то я сама сябе звяду со свету![3, с.101];Стаў пан іх гадаваць, сталі яны расці: не па гадах растуць, ды па чыслах[3, с.119];-- Не, бабулька, ваўкі не з’елі, мядзведзі не забілі, а прынёс я хлеба-солі[3, с.35]; -- Не, дзядзечка, не прадам я яе, -- яна мне дорага каштуе, яна мяне і кормя і поя, я яе ні за якія грошы не прадам![3, с.46];Як з’еў адно яблыка, так і стаў чалавекам. Рад стаў, як бытта на свет нарадзіўся![3, с.28]. Усе фразеалагізмы, такія разнастайныя ў структурных адносінах, адыгрываюць пэўную ролю ў казках і садзейнічаюць больш поўнаму, вобразнаму і пераканаўчаму раскрыццю іх асноўных ідэй.

Прадстаўлены ў беларускіх народных казках усесемантыка-граматычныя групы фразеалагізмаў: назоўнікавыя, прыметнікавыя, дзеяслоўныя, прыслоўныя, выклічнікавыя, мадальныя: -- Як бы тут нам пражыць, братцы? І дзе б нам найсці кусок хлеба?[3, с.96];-- Гэтыя людзі былі ўперадзі багатыры і дужа прыгынялі бедных мужыкоў на прыгон к сабе – і малых і старых – і здзікаліся над імі[3, с.123]; А багач тэй ні жывы ні мёртвы сядзіць, ня ведаець, і дзе ён: ці на тым свеце, ці на гэтым [3, с. 51]; Няшчасны Егар адправіўся дамоў. Прыходжу я , тож задумаўся і галаву павесіў [3, с.209];-- Не, сястрыца, ты ні звядзеш іх са свету, а во я звяду![3, с.157]; От яны сабе бяседуюць з рання ды да вечара[3, с.52]; -- А паедзем убелы свет, ачышчаць, Нягіднага Сокала пабіваць! [3, с.81];-- Здрастуй, мужычок! Бог помыч! [3, с.63];-- Ну, -- кажа, -- ідзі з богам! Шчасліва![3, с.67]; У гэтым балоці, як кажуць, ідалыгарэлку гналі [3, с.67]; Такім чынам, праслужыў салдат Іванька дваццаць пяць лет, выслужыў сабе сіні білет [3, с.110].

Фразеалагізмы ў беларускіх народных казках сведчаць пра высокую маўленчую культуру, глыбокія жыццёвыя пазнанніі мудрасць народа.Яны адлюстроўваюць спецыфіку беларускай мовы, яе самабытнасць і разам з тым універсальнасць. Гэтыя спецыфічныя моўныя адзінкі ўяўляюць вельмі складаную з’яву, якая адлюстроўвае спосаб жыцця і характар народа, яго гісторыю, духоўнае жыццё і псіхалогію, нацыянальныя традыцыі і звычаі, тэмперамент народа.Таму і да сённяшняга часу фразеалагізмы застаюцца невычэрпнай крыніцай пазнання ў самых разнастайных фальклорных жанрах, у тым ліку і казках.



Літаратура

  1. Ляшчынская, В.А. Сучасная беларуская мова: фразеалогія: вучэб. дапам. / В.А. Ляшчынская. – Мінск: РІВШ, 2010. – 230 с.

  2. Лепешаў, І.Я. Фразеалогія сучаснай беларускай мовы / І.Я. Лепешаў: вучэб. дапам. для філалаг. фак. ВНУ. – Мінск: Выш. шк., 1998. – 271 с.

  3. Беларускія народныя казкі / са зборнікаў Е.Р. Раманава. – Мінск: Дзяржаўнае выдавецтва БССР, 1962. – 338 с.




База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка