Фельетоны Змітрака Бядулі: канцэпцыя, праблематыка і ўплыў на развіццё сатырычнай прозы 20-х Юлія Мацук (Мінск) Ужо з часоў «Нашай нівы»




Дата канвертавання01.05.2016
Памер92.39 Kb.
Фельетоны Змітрака Бядулі: канцэпцыя, праблематыка і ўплыў на развіццё сатырычнай прозы 20-х

Юлія Мацук (Мінск)
Ужо з часоў «Нашай нівы» беларуская інтэлігенцыя падзялялася на два лагеры, супярэчнасці паміж якімі асабліва выразна выявілі рэвалюцыйныя падзеі 1917 года. Адны выступалі за канчатковы разрыў з Расіяй і пабудову самастойнага дзяржаўнага ўтварэння, іншыя, захопленыя ідэямі сусветнага камунізму, варожа ставіліся да незалежнасці, не бачачы перспектыў для ніжэйшых класаў, сялян і працоўных, у самастойнай краіне. На варце інтарэсаў бальшавіцкай ўлады ў першыя паслярэвалюцыйныя гады стаялі газеты «Дзянніца» (з 1918г.), пазней «Савецкая Беларусь» (з 1920г.), незалежніцкія памкненні падтрымлівалі «Вольная Беларусь», «Звон», «Беларус», з якімі супрацоўнічаў сярод іншых і Змітрок Бядуля. У згаданых выданнях ён надрукваў шэраг палітычна афарбаваных фельетонаў, скіраванасць якіх была відавочна антыбальшавіцкай. І, як на першы погляд ні парадаксальна, многія з іх перагукаюцца з сатырычнымі творамі беларускіх пісьменнікаў 2-ой паловы 20-х гадоў. Пры больш глыбокім аналізе відавочна, што гэтыя сатырыкі папросту сталі вяртацца да традыцый “нашаніўскай” школы, адпаведна адмаўляючыся ад паслякастрычніцкіх утопій, што і дазволіла іх творам перажыць свой час і па сённяшні дзень ўваходзіць у “залаты фонд” беларускай сатырычнай прозы. Пры гэтым шукаць непасрэдны ўплыў таго ці іншага фельетона З.Бядулі на той ці іншы твор Я.Коласа, К.Крапівы, А.Мрыя тут не выпадае: агульнай тут з’яўляецца найперш іх танальнасць. Зварот жа гэтых аўтараў да тых жа праблем, якія закрануў З.Бядуля ў сваёй публіцыстыцы 1917-1919 гг., і канцэптуальная скіраванасць іх твораў сведчаць пра тое, што апошні ўсё ж меў рацыю, калі цвяроза ставіўся да камуністычных ідэй і крытычна ацэньваў тыя метады, якімі яны праводзіліся ў жыццё.

Непасрэдна пераходзячы да фельетонаў З.Бядулі, напачатку варта звярнуцца да тых з іх, дзе аўтарам ўзнімаецца праблема стаўлення прадстаўнікоў пэўных пластоў грамадства да ўласна ідэі нацыянальнага адраджэння. Асаблівай кампазіцыйнай і стылёвай трапнасцю на акрэсленую тэматыку адрозніваецца фельетон «Пакрыўджаныя», дзе аўтар кпіць з дробнай расійскай, а таксама польскай інтэлігенцыі, якая разгортванне беларускага руху ўспрымае ледзь як не асабістую трагедыю. Ужо невялічкае пейзажнае замалёўка напачатку хавае ў сабе трагікамічныя ноткі: «Вечар. Ціха ў кватэры. Нават мыш не заскрабе. Бляск ад лямпы ўпаў на бледны змучаны твар пана Максімава, а далей адбіўся на дрэвах за вакном, што так таемна маўчаць, як быццам нешта захаваўшы. Нават кот і той ляжыць увесь час у запечку, а не йдзе вільнуць хвастом каля свайго пана». [5, с. 2] Максімаў занядужаў, а апрача гэтага яму сняцца страшныя сны: «І горш за ўсё, што аднастайныя. Падкрадзецца Беларускі Нацыянальны Камітэт, узваліцца ўсім сваім цяжарам на грудзі, душыць за горла…Ды каб ён хаця адзін! А то навалюцца яшчэ ўсе разам: беларускі тэатр, ноч на Купалле, родная мова, скарбоначны збор, усе гурткі беларускія…» [5, с. 2] Няшчасны пан выцірае пот з твару белай хустачкай і, як да апошняй інстанцыі, звяртаецца да Бога: «Божухна Літасцівы! На што Ты пусціў на свет гэтых беларусаў? Чым я пакрыўдзіў Тваю Боскую моц, што Ты не збярэш іх са свету, не пашлеш на іх пошасці?Я – ж не магу жыць, мне не мілы красачкі, хочацца мне разам з маім Лыскам завыць, калі чую іх голас, бачу іх рух…» [5, с. 2] Нават павярнуўшыся на другі бок, не можа ён адкараскацца думак: «Родная мова, родная школа, нацыянальнае адраджэнне…На што, на якое, каму гэта патрэбна? Жыві паціху, не круці галавою, Расейцы даюць усё гатовае – дзякуй ім за дабрату іхнюю…А як народ збудзіцца, згадае, хто яго ворагі, загаворыць сваёю ўласнаю моваю? Бывай здарова тады, салодкае жыццё!» [5, с. 2] У падобных развагах Максімаў праводзіць не адну гадзіну. Але вось перад чытачом яшчэ адзін пейзаж: «Поўны стол красак, краскі на вокнах, на крэслах». [5, с. 2] Гэта ўжо пан Стэпкоўскі бегае па кватэры, з не лепшым настроем, чым у Максімава, бо «сягоння нават і красак не ўзяла. І так спаткала непрыемна…У дадатак яшчэ гэтыя беларусы сэрца ад’ядаюць». [5, с. 2] Вырашае Стэпкоўскі пайсці ў госці да Максімава, бо той даўно клікаў. «Спаткаліся паны-дабрадзеі, абняліся й заплакалі. Пацяклі слёзы й змяшаліся разам…» [5, с. 2] Урывак, дзе згадваецца Стэпкоўскі і яго думкі значна меншы за той, дзе фігуруе Максімаў, але стаўленне абодвух да беларускага руху абсалютна аднолькавае — варожа-негатыўнае. З.Бядуля не гаворыць яўна аб нацыянальнай прыналежнасці сваіх герояў, але, як і Я.Купала ў сваёй трагікамедыі «Тутэйшыя», дае сваім героям прозвішчы з тыповамі канчаткамі для рускіх – на -аў, і польскіх - -скі. Пры гэтым, хоць, зноў жа, З.Бядуля не гаворыць пра тое выразна, і Максімаў, і Стэпкоўскі, верагодней за ўсё, зрусіфікаваныя і апалячаныя беларусы: на гэтую думку наводзіць выказванне Максімава пра тое, што, маўляў, расейцы даюць усё гатовае — напэўна, чалавек, які б прыехаў выконваць каланізатарскія функцыі непасрэдна з самой Расіі, выказваўся б крыху інакш. У гэтым фельетоне З.Бядулі дзейсныя персанажы належаць да так званых «рудыментаў былой эпохі», але, як паказала практыка, многія з іх пазней аказаліся здольнымі прыстасавацца да новай улады: і Максімава, і Стэпкоўскага можна залічваць у папярэднікі да такіх літаратурных герояў сатырычных апавяданняў 20-х, як пракурор з аднайменнага твору Я.Коласа ці Лукавіцын-Цыбульскі-Цыбулевіч з «Майго суседа» К.Крапівы.

У фельетоне «Байка» Зрэбнага-Бядулі, як і ў папярэднім творы, уласна нейкага камічнага факта ці выпадку таксама не адшукаць, а сюжэт завязаны на тым, як да папа ў сне з’яўляецца чорт. Аднак замест прапановы класічных спакус (баба, грошы і г.д.) нячысцік звяртаецца да бацюшкі з наступнымі словамі: «Я кінуў благое…Цяпер жа абглядаю людское сумленне. Асабліва ў тых, хто найбольш мяне лаяў. Чуеш гоман тваіх братоў? Чуеш жаданне беларусаў людзьмі звацца?» [4, с. 2] Не маючы змогі слухаць далей, поп перапыняе чорта: «Пачакай, спыніся! І так нарэзалі добра сэрца яны, а ты яшчэ — браты, беларусы…Смешкі прыйшоў строіць, кпінствы? Я – беларус? Ты, мабыць, памыліўся дзвярыма, да душы кажу!...Браточак, даражэнькі! Май ласку, не валтузь маіх добрых, працавітых людзей. Я іх люблю, а ім жадаю дабра, я вяду іх бітым шляхам. Шырока разлягаецца ён да Маскоўшчыны, дзе ўсіх нас чакае шчаснае жыццё. Мы добра гэта нарыхтавалі, ён напалоў туды набліжыўся. Давай лепш утворым згоду, зробімся сябрамі: я крыжам, а ты сваёю здольнасцю – хутка пасунем справу ўперад. Разам здолеем усё…Ты круціш галавою? Нават не слухаеш? Дык вот-жа…У імя Ойца…» [4, с.2] Чхнуўшы, чорт знікае. Варта зазначыць, што ў гэтым фельетоне ледзь не палову твора займае менавіта маналог бацюшкі: аўтар дазваляе персанажу самавыкрывацца, і гэтая тэндэнцыя асабліва праявіцца ў звароце пісьменнікаў-сатырыкаў другой паловы 20-х да сказавай формы. Як і ў «Пакрыўджаных», у «Байцы» сатырычнае джала аўтар накіроўвае на тых, цяпер ужо прадстаўнікоў царквы, хто адмоўна ставіцца да адраджэння беларускай нацыі. Адметна тое, што З.Бядуля не падкеплівае ў творы ні са знешняга выгляду папа (нават няма яго партрэта), ні з нейкіх іншых недасканаласцяў свайго героя, але тое, наколькі агрэсіўна бацюшка ўспрымае «жаданне беларусаў людзьмі звацца» гаворыць само за сябе. Міжволі напрошваецца пытанне: ці не з’яўляецца двудушнікам гэты служка Божы, які настолькі недапушчальна ставіцца да права на існаванне іншага народа, што нават першым прапаноўвае нячысціку паўдзельнічаць у перашкодзе беларускаму руху?

Асобна вылучаецца як з канцэптуальнага, так і з мастацкага боку фельетон З.Бядулі “Перад Новым годам”. Тут аўтар скарыстаўся рэдкім для беларускай сатырычнай публіцыстыкі і сатырычнай прозы фантастычным прыёмам: падзеі адбываюцца ў пекле. Каларыт жа і перадача атмасферы часу ў творы сапраўды на вышыні: «Канцылярыя ў пеклі. Ляскаюць шчоты. Скрыпяць пер’і. Чэрці рыюцца ў розных пузатых кнігах. Дапісваюць і адпісваюць. Адпісваюць і дапісваюць». [1, с. 2] Далей, паводле зместу, з зямлі ў пекла з навінамі вяртаецца Сваволя, « з доўгім сінім носам, з чырвонымі вачыма, з доўгімі касцістымі рукамі, уся ў гідкіх анучах….Самы заядлы Бэк і то словам «буржуйка» не адважыўся б яе сароміць». [1, с. 2] Сваволя хваліцца тым, як «пачала пампаваць натоўпы людзей рознымі ідэямі. Людзі не могуць іх пераварыць і пачынаюць рыгаць імі направа і налева, як тыя свінні перакормленыя…Людзі напіваюцца і паміраюць пры бочках, топяцца ў гарэлцы, грабуюць, палюць усё і забіваюць брат брата». [1, с.2] Урэшце рэзюмуе: «У нас пекла лепшае за тваё, таварыш Глаўкапекл». [1, с.2] Такім чынам, лаканічна і разам з тым максімальна выразна абмалёўвае аўтар драматызм рэвалюцыйных падзей, не хаваючы свайго саркастычнага стаўлення да ініцыятараў перамен — «таварышаў». Асабліва ўражвае канцоўка фельетона, якую Бядуля кампазіцыйна аформіў як абмен радыёграмамі паміж Глаўкаверхам і Глаўкапеклам:

«Ад Глаўкаверха да Глаўкапекла!

На Украіне льецца кроў. Разганяюць прыкладамі і штыхамі беларускія сялянскія з’езды. Мае п’яныя Крывашэіны паказваюць добрым людзям Волю ў вастрогах. Троцкі мае выдаць дэкрэт аб новых гільётынах для людскіх галоў.

Люцыпар дыктуе свайму сакратару радыограму:

Ад Глаўкапекла — Глаўкаверху.

Дзякую за шчырую службу. Вы, Бэкі, -- мае найлепшыя таварышы. Абманываеце народ не горш за быўшаго самадзержца Мікалая ІІ ». [1, с.3]

«З Новым годам» напісаны напрыканцы 1917 года і надрукаваны ў «Вольнай Беларусі» ад 31 снежня гэтага ж году, адпаведная назва, такім чынам, абраная нездарма. З.Бядулю, як бачна, надзвычай моцна хвалявала сітуацыя, што склалася ў краіне, і найлепшым сведчаннем неабыякавасці пісьменніка стаў гэты фельетон, у якім сатырычная афарбоўка спалучана з драматычнай абмалёўкай рэалій, а стылёвая і кампазіцыйная адшліфаванасць даведзена да дасканаласці.

Згаданы фельетон напісаны паводле прынцыпу ад праблемы да тыпізацыі, зноў жа, даволі рэдкім для гэтага жанру, бо найчасцей пры стварэнні фельетонаў аўтары карыстаюцца прынцыпам ад факта да праблемы. Такія творы, як «Сялянская арыентацыя» і «Слова з песні» З.Бядулі належаць якраз да гэтага тыпу. Праблемай, якая закранаецца аўтарам, з’яўляецца методыка ўсталявання савецкай улады рэпрэсіўнымі сродкамі, а ў якасці фактаў абраныя выпадкі ў вёсцы N. Так, у першым творы настаўнік-камуніст склікае на сход сялян на гутарку-агітацыю з пытаннем пра іх арыентацыю. Апошняе слова выклікае неразуменне ў грамады і настаўнік фармулюе пытанне больш проста: «Каму вы спрыяеце, таварышы: ці бальшавіком, ці немцам, ці польскім легіонам?» [3, с.3] Адзін з самых старых на сходзе адказвае: «Пане таварышу! У нас зусім простая «рыянтацыя»: хто не адбірае ў нас хлеба і солі, хто не б’ець нас бізуном, за таго мы стаімо… Хай сабе ён расіец, немец, паляк, бальшавік, ангелец — усё роўна… Хто нашае веры не паганіць, хто нашых святых абразоў пад ногі не кідае, таго мы і паважаем…А стаім мы за сябе — хочам быць самі гаспадарамі сваёй зямлі -- вось наша «рыянтацыя!» [3, с.3] Грымнуўшае пасля адповедзі настаўнікава «Контррэвалюцыя!» наводзіць на сялян жах і справа аб сялянскай «рыянтацыі» ўлагоджваецца нанесенымі назаўтра агітатару «простымі сэрцамі» хлебам і салам. Такім чынам, прадстаўнік новай улады аказваецца не такім ужо і трывалым у перакананнях і цвёрдым у прынцыпах, з чаго, уласна кажучы, і падкеплівае аўтар. Цікава, што ўжо на самым пачатку фельетона З.Бядуля супрацьпастаўляе агітатара і сялян, ствараючы іх партрэтныя замалёўкі. Так, «мігценне агню (лучыны) малявала твары барадатых сялян у фантастычныя абразы старасвецкіх лясных жыхароў» [3, с.3] , а «Твар у настаўніка-камуністы гарэў ад вялікай энергііі, маладыя вочы ззялі. Голас яго звінеў». [3, с.3] Тым больш камічна выглядае апошні пры такім партрэце і наступных, неадпаведных ідэйнаму камуністу паводзінах. Сялянская ж недалёкасць (гоманы «рыянтацыя, тацыя, чартацыя », зварот да камуніста «пане таварышу!») падаецца куды больш паказной, чым ёсць насамрэч, а вось падыход да «рыянтацыі», выказаны старым, слушны і жыццёва мудры.

У фельетоне «Слова з песні» апавядаецца пра тое, як у школе вёскі N паміж расійскімі марсельезамі спявалі беларускую «Ад веку мы спалі», але раптам песня пачала рэзаць вуха некаторым асобам: маўляў, чаму беларуская і скуль яна ўзялася? Настаўнік падаў асобам друкаваны тэкст песні, мнагазначна пагмыкаўшы над якім тыя нічога контрэвалюцыйнага ў ёй не зайшлі, але зацікавіліся зменай радка «трэба зладзеяў пабіць» на «трэба навуку здабыць». На тлумачэнні вучыцеля, што першы варыянт не эстэтычны для маленькіх дзетак было адказана: «Не эстэтычна, а палітычна, а палітыку павінны цяпер ведаць і дзеці». [2, с.3] Пасля ж высвятлення таго факту, што настаўнік да ўсяго і не камуніст, асобы ўльтыматыўна заявілі, маўляў «Вы не гадзіцеся ў вучыцелі, калі так. Цяпер усе павінны ведаць палітыку. Мейсца вы тут мець не можаце ». [2, с.3] Давялося настаўніку зрабіцца камуністам, але з таго часу ён асабліва моцна напіраў на словы «трэба зладзеяў пабіць», пры гэтым сціскаючы кулакі і жадаючы моцна пабіць вядомых асоб. Як і ў фельетоне «Сялянская арыентацыя», пад сатырычнае выкрыццё трапляюць прадстаўнікі новай улады, якія негатыўна, праўда, пакуль прыхавана, ставяцца да беларускай мовы, і ў першую чаргу зацікаўленыя не ў высокаадукаваным новым пакаленні, але палітычна выхаваным. Дарэчы заўважыць, што ні ў першым, ні ў другім фельетоне З.Бядуля не бярэ для матэрыяла ўласна нейкі сапраўды вонкава камічны, смешны выпадак. Як падкрэсліваюць многія даследчыкі, канфлікт у фельетоне не абавязкова павінен быць заснаваны на нейкай смешнай недарэчнасці, галоўнае — звярнуць увагу грамадства на ўнутраную неадпаведнасць некага ці нечага заяўленаму ідэалу. І відавочна, што ў абодвух творах прадстаўнікі новай улады выглядаюць парадыйна стасоўна ідэй і лозунгаў, якія ёю абвяшчаюцца.

Істотна тое, што большасць з тых праблем, якія закранаў З.Бядуля, так і засталіся нявырашанымі за дзесяцігоддзе, што, у сваю чаргу, зноў прымусіла звярнуцца да іх. Зварот гэты адбыўся ў другой палове 20-х, калі ў літаратуры пачала адбывацца кардынальная змена вектару сатырычнага кірунку ад антысялянскага да антыбюракратычнага, а г.зн. з канца 30-х гадоў практычна антыдзяржаўнага. Канешне, не былі абсалютна ідэнтычнымі героям фельетонаў З.Бядулі 1917-1919 гг. персанажы сатырычных твораў К.Крапівы, А.Мрыя, таго ж Я.Коласа. Зразумела і тое, што мастацкай літаратуры ўласцівы значна большы аналітызм, чым нават вельмі ўдалай публіцыстыцы, таму параўноўваць непасрэдна сатырычныя творы гэтых аўтараў і фельетоны З.Бядулі падаецца не зусім карэктным, тым больш, што ўласна сатырычная плынь не з’яўлялася магістральнай ў яго творчасці “нашаніўскага” перыяду, не стала такой і пазней. Тым не менш, правільнасць абранай канцэпцыі ў спалучэнні з пісьменніцкім вопытам і талентам дазваляюць не толькі аднесці фельетоны З.Бядулі паслярэвалюцыйнага перыяду да лепшых у беларускай публіцыстыцы і літаратуры, але і дазваляюць казаць пра іх уплыў, хаця б і ўскосны, на развіццё беларускай сатыры 20-х гадоў.



Літаратура:
1. Бядуля З. Перад Новым годам // Вольная Беларусь. – 1917. -- № 36. – С. 2-3

2. Бядуля З. Слова з песні // Звон. – 1919. -- № 10. – С. 2-3

3. Бядуля З. «Сялянская арыентацыя» // Звон. – 1919. -- № 11. – С. 3

4. Зрэбны. Байка // Вольная Беларусь.—1917.-- № 31.— С. 2



5. Зрэбны. Пакрыўджаныя // Вольная Беларусь. — 1917.— № 9. – С. 2


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка