Фарміраванне нацыянальнай самасвядомасці вучняў на ўроку матэматыкі, шляхам выкарыстання лікавых матэрыялаў з беларускай гісторыі




Дата канвертавання15.03.2016
Памер54.33 Kb.
Лабанок Вадзім Анатольевіч

Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. А. Куляшова

Аспірант кафедры методыкі выкладання матэматыкі

дам. адрас: 212002, г. Магілёў

праспект Пушкіна 67А-3

тэл.8-0222-45-45-07



Фарміраванне нацыянальнай самасвядомасці вучняў на ўроку матэматыкі, шляхам выкарыстання лікавых матэрыялаў з беларускай гісторыі.
Гаворачы пра беларускую нацыянальную школу, мы маем на ўвазе не толькі выкладанне прадметаў на беларускай мове. Калі веды пра сваю краіну вучні будуць атрымліваць толькі на ўроках, у назвах якіх сустракаецца слова “Беларусі” ці “беларуская” (беларуская мова, гісторыя Беларусі і інш.), то такая адукацыя будзе аднабаковай, а фарміраванне нацыянальнай самасвядомасці, выхаванне пачуцця нацыянальнай годнасці будзе насіць фармальны характар.

Фарміраванне асобы чалавека і грамадзяніна ёсць цэласны педагагічны працэс, які паступова ідзе праз выкладанне розных школьных прадметаў.

Мы лічым педагагічнай недальназоркасцю той факт, што на працягу многіх гадоў выкарыстанне “дакладных” навук і, ў першую чаргу, матэматыкі для выхавання дадатных чалавечых каштоўнасцей у вучняў знаходзілася на перыферыі адукацыі. Між тым, матэматыка як навука валодае магутным арсеналам педагагічнага ўздзеяння на асобу вучня. І ў першую чаргу дзякуючы міжпрадметным сувязям з прадметамі, якія традыцыйна лічацца нематэматычнымі.

Мы звярнём увагу толькі на сувязь з адным такім прадметам: гісторыяй Беларусі.

Гісторыя беларускага народа самабытная, вельмі цікавая. Беларуская храналогія дае багаты матэрыял для складання так званых задач-рэбусаў. Задачы – рэбусы ўяўляюць сабой слоўнае апісанне сувязяў паміж кампанентами даты пэўнай гістарычнай падзеі. Гэтых кампанентаў можа быць ад двух да чатырох, і ў якасці іх звычайна выступаюць год, месяц года, чысло. У некаторых задачах такая кампанента, як год, падзяляецца яшчэ на некалькі. Напрыклад, год можа быць заданы з дапамогай двух велічынь: колькасці прайшоўшых стагоддзяў ад пачатку леталічэння і колькасці гадоў, прайшоўшых ад пачатку дадзенага стагоддзя, або заданнем лікаў, утвораных адной ці некалькімі лічбамі ў запісу года. Прывядзем толькі два прыклады такіх задач.

Задача 1. Беларускі першадрукар Францыск Скарына і расійскі першадрукар Іван Фёдараў выдалі свае першыя кнігі ў адным стагоддзі. Каб даведацца, у якім годзе наш зямляк Ф.Скарына надрукаваў у Празе сваю першую кнігу “Біблію” трэба памножыць апошні просты лік чацвёртага дзесятка на першы просты лік у пятым дзесятку. Калі колькасць гадоў, прайшоўшых ад пачатку стагоддзя да года, у якім расіянін І.Фёдараў сумесна з Пятром Мсціслаўцам выдаў у Маскве сваю першую кнігу “Апостал”, падзяліць на 4 то атрымаем лік, на адзінку большы за колькасць прайшоўшых стагоддзяў. Хто пачаў выдавецкую дзейнасць раней і на колькі?(Адказ: Скарына выдаў першую кнігу на 47 гадоў раней)

Задача 2. Карысна ведаць, што радзіма нашых продкаў – Вялікае Княства Літоўскае,-была другой дзяржавай у Еўропе (пасля Вялікабрытаніі), дзе была прынята канстытуцыя. Яна называлася “Першы Статут Вялікага Княства Літоўскага”. Ці цікава вам калі гэта адбылося ? Калі так, то ведайце, што чысло, калі быў прыняты “Першы Статут ВКЛ”, супадае з колькасцю гадоў ад пачатку стагоддзя да года гэтай падзеі і з’яўляецца простым лікам трэцяга дзесятка. Нумар месяца супадае з апошняй лічбай года і з’яўляецца квадратам простага ліку. Калі падвоіць колькасць прайшоўшых стагоддзяў, то атрымаем лік, на адзінку большы за колькасць гадоў, прайшоўшых ад пачатку стагодзя да года прыняцця Статута. Калі быў прыняты “Першы Статут ВКЛ”? (Адказ: 29.09.1529)

Багаты матэрыял для матэматычных задач могуць даць даты гістарычных падзей і прамежкі часу паміж імі. Сярод такіх дат у Беларускай гісторыі вылучым наступныя даты:

1. Гады першага ў памінання ў летапісе беларускіх гарадоў.

Задача 3. Першай сталіцай Вялікага княства Літоўскага быў горад Навагрудак, які быў заснаваны ў 1044 г., горад Барысаў на 58 г. маладзейшы за Навагрудак і на 53 г. старэйшы за горад Мазыр. Горад Кобрын на 132 г. маладзейшы за Мазыр. Вызначце даты заснавання гэтых беларускіх гарадоў і пакажыце іх на лініі часу (каардынатным прамені). На колькі гадоў першая сталіца ВКЛ, горад Навагрудак, старэйшы за сталіцу Расіі – Маскву, калі ў 1997 г. святкавалася 850-годдзе Масквы?(Адказ: Барысаў – 1102 г., Мазыр –1155 г., Кобрын – 1287 г. Навагрудак на 103 г. старэйшы Маскву)

2. Гады атрымання беларускімі гарадамі Магдэбургскага права на самакіраванне.

Задача 4. Горад Мінск атрымаў Магдэбургскае права на 108 г. пазней за Гродна і на 62 г. раней за Магілёў. Віцебск атрымаў гэтае права на 26 г. пазней за Магілёў, а Брэст – на 1 г. раней за Гродна. У якіх гадах атрымалі Магдэбургскае права гэтыя гарады, калі вядома, што Брэст атрымаў яго ў 1390 г.? (Адказ: Мінск – 1499г., Брэст – 1390 г. Гродна – 1391 г., Магілёў – 1561 г., Віцебск – 1587 г.).

3. Даты, звязаныя са статутамі ВКЛ.

Задача 5. Першы Статут ВКЛ быў уведзены ў дзеянне 29 верасня 1529 г., а другі зацверджаны 11 сакавіка 1566 г. Колькі поўных гадоў дзейнічаў Першы Статут ВКЛ? (Адказ: 36)

4. прамежкі часу паміж датамі істотных падзей з гісторыі Беларусі (бітвамі, стыхійнымі бедствамі і інш.).

Задача 6. У ХVІ-XVIII ст. у Магілёве было 4 моцныя пажары, пасля якіх горад даводзілася амаль што адбудоўваць па-новаму. Прамежкі часу паміж гэтымі пажарамі выражаюцца трыма рознымі лікамі. Першы і другі праме­жак у суме дадуць 113, першы і трэці – 109, а другі і трэці – 84. У якіх гадах адбыліся гэтыя бедствы, калі першы раз Магілёў пацярпеў ад пажару ў 1595 г.? (Адказ: 1595, 1664, 1708 і 1748).

Эканамічнае жыцце нашых продкаў таксаам можа быць адлюстравана ў матэматычных задачах.

1. Кошт розных тавараў.

Задача 7. У старажытнай Беларусі асноўнай грашовай адзінкай з’яўляўся грош. Падсвінак каштаваў 5 грошаў, ягня было на 20% даражэйшым, і яго кошт складаў 30% ад кошту цяляці, які быў роўны 50% кошту жарабяці. Колькі грошаў каштавалі ў старажытнай Беларусі ягня, жарабя і цяля? (Адказ: ягня – 6, цяля – 20, жарабя –40 грошаў).

2. Дачыненні паміж старажытнымі грашовымі адзінкамі.

Задача 8. У Вялікім княстве Літоўскім у якасці сродкаў аплаты выкарыстоўваліся срэбныя манеты – літоўскія, пражскія і польскія грошы. Маса літоўскага гроша была на 0,51 г большай за масу польскага гроша, але на 1,29 г меншай за масу пражскага гроша. Разам тры гэтыя грашовыя манеты важылі 8,49 г. Вызначце, колькі грамаў важылі літоўскі, пражскі і польскі грошы. (літоўскі грош – 2,57 г., польскі – 2,06 г., пражскі грош – 3,86 г).

3. Падаткі, мытныя пошліны, заробкі людзей і інш.

Задача 9. Як сучасная Беларусь падзяляецца на вобласці і раёны, так і Вялікае княства Літоўскае падзялялася на паветы. Жыхары паветаў штогод плацілі дзяржаве падаткі ў памеры 20 грыўняў (тагачасныя манеты) з сям’і, або з дыма, як тады называлі. У табліцы дадзена выпіска з дакумента ад 1717 г., якая змяшчае інфармацыю пра колькасць сем’яў (дымоў) у некаторых паветах ВКЛ.


Павет

Колькасць дымоў

Ашмянскі

8420

Лідскі

5030

Браслаўскі

1160

Слонімскі

3200

Аршанскі

11800

Колькі грошаў у якасці падаткаў павінна была атрымаць дзяржава з гэтых паветаў у 1717 г.? (Адказ: 592 200 грыўняў).

Шмат заданняў на вылічэнне можна скласці, выкарыстоўваючы беларускую гістарычную метралогію.



Задача 10. Адной са старабеларускіх мера даўжыні быў локаць. Сажань складала 3 локця і была даўжэйшая за 1 локаць на 129,86 см. Колькі сантыметраў змяшчалі локаць і сажань? (64,96 см., 194,82 см).

Мы разгледзілі магчымасці выкарыстання толькі інфаромацыі з беларускай гісторыі на ўроку матэматыкі. Падобным чынам на уроку матэматыкі можна знаёміць школьнікаў са звесткамі з геаграфіі Беларусі, яе флоры і фауны. Такія задачы выклікаюць цікавасць у вучняў, садзейнічаюць фармаванню адзінства лагічнага і вобразнага мыслення, пашырэнню і паглыбленню пазнавальных інтарэсаў школьнікаў.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка