Фальклорны матыў прадзіва, ткацтва ў творчасці ларысы геніюш




Дата канвертавання21.03.2016
Памер87.68 Kb.
Петрушкевіч А.М.

Гродзенскі дзяржаўны універсітэт імя Янкі Купалы, г. Гродна


ФАЛЬКЛОРНЫ МАТЫЎ ПРАДЗІВА, ТКАЦТВА Ў ТВОРЧАСЦІ

ЛАРЫСЫ ГЕНІЮШ
Уплыў фальклору на станаўленне творчай асобы Ларысы Геніюш відавочны. Матывы і вобразы народна-песеннай паэзіі ўваходзяць у творчасць паэткі амаль з самага пачатку. Вызначаючы той грунт, на якім былі ўзгадаваныя вершы паэткі, Данута Бічэль метафарычна даводзіць, што “асновай яе паэзіі была народная песня, па якой яна ткала, як перабіранкі, квяцістыя, далікатныя, мудрыя, самабытныя, смелыя метафары” [1, с. 234]. Невыпадкова менавіта фальклорны матыў прадзіва, ткацтва – адзін з галоўных у паэзіі Ларысы Геніюш. І гэта сапраўды так: яна старанна і акуратна праз вобразнае слова ткала нітку і жыцця, асэнсоўваючы ягоныя павароты, страты і набыткі, ведаючы, што ўсё адбываецца па волі вышэйшай, і майстравала вобразную канву сваёй паэзіі. Бо сама яна з таленавітага роду ткалляў. І ў прамым сэнсе гэтага слова таксама. Згадаем цудоўны фотаздымак, зроблены ў Гудзеўскім музеі, на якім Ларыса Антонаўна прадзе на калаўротку тонкую нітку. Кабета паважанага веку, але якая ж прыгожая! Строгага фасону, дасканала дапасаваная да ладнай постаці прыгожая цёмная сукенка, хораша завязаная квяцістая хустка, з-пад якой выглядаюць акуратна ўчасаныя валасы, нятанны пярсцёнак на руцэ. І светлая, нават нейкая загадкавая ўсмешка на твары, быццам углядаецца яна ў часы далёкай маладосці. Або і сапраўды чаруе, перабіраючы нітку часу. І робіць гэта так спраўна і лёгка, што праца ператвараецца ў сапраўдную творчасць:

Пальцам няцяжка нітачку віць,

долю з праменных валокнаў,

нітачка ўецца, песня ляціць,

зоры калыша звонку [2, с. 178].

Гэта радкі з паэмы “Куфар”, у якой матыў ткацтва, прадзіва – стварэння сапраўдных мастацкіх цудаў, наогул, скразны ў творчасці паэткі, прагучаў асабліва шырока, магутна. А ў зачыне паэмы нават час той даўні пазначаны галоўнай прыкметай – гэтай спрадвечнай стваральнай жаночай працай:



Быў час ў маім Краі

сягоння туманны,

аднесены хваляй,

час прадзены, тканы [2, с. 175].

Гэты твор, як зазначае даследчык творчасці Ларысы Геніюш А.М. Пяткевіч, “наскрозь прасякнуты паэзіяй беларускага народнага духу, насычаны матэрыялам традыцыйнай народнай культуры… Паэма “Куфар” і ёсць своеасаблівая прэзентацыя беларускага народнага густу і таленту, працавітасці і майстэрства, маральнасці і высакародства… Куфар захоўвае скарбы народнай душы, што перадаюцца праз пакаленні…, выступае знакавай, нават сімвалічнай з’явай, што ўвасабляе вышэйшыя каштоўнасці Беларусі, перададзеныя продкамі” [3, с. 177].

Паэма мае своеасаблівую кампазіцыю. Кожны раздзел (зрэшты, толькі ўмоўна можна падзяліць твор на раздзелы) уяўляе сабою самастойны твор, верш з адметнай рыфмоўкай, рытмам, строфікай. І разам з тым, гэта вельмі цэласны, унутрана зладжаны твор пра долю жанчыны, таленавітай працаўніцы, у якой адбіваецца гісторыя Краю, бо яна таксама была творцай гэтай гісторыі. Бо яе працоўныя рукі не проста “ўсіх накармілі, // усіх апранулі”, а ткалі ручнікі, дываны, сурвэткі “пад колер краіны // цудоўным узорам”. Таму невыпадкова, што ў многіх вершах дамінуе ў колеравай палітры белы:

Бела навокал, аж вочы баляць,

вішні лунаюць ля плота,

белы ўвесь сад, беляхціць сенажаць –

то сонейка беліць палотны.
Белыя косы, бялявы хлапец

каля дзяўчат завіхнуўся,

з песняю выйшлі дзень белы сустрэць

белыя, белыя, русыя [2, с. 177].

Зразумела, што белы колер не проста адзнака знешняга вобліку насельнікаў нашай зямлі, ён сімвалізуе духоўную чысціню і светласць. Гэта колер нашага, дадзенага змагарнай гісторыяй сцяга. Таму побач з гэтай белай асновай часта сустракаем колеры маку, ягадаў каліны, “ярыя, як вішні”.

Наогул, паэтка разам з галоўнай гераіняй сваёй паэмы жанчынай-ткалляй, зрабіла героямі і творы яе рук, якія ажываюць, пазначаныя самастойным лёсам. Гэта белыя сувоі палотнаў, што “стаяць, нібы сваі цёсаныя тыя”, дываны, хусткі, хвартушкі, ручнікі, паясы. Рэчы гэтыя шматфункцыянальныя. Захавальнік скарбаў куфар адкрывае ўсё новыя дзівосы, на якія не можа налюбавацца лірычная гераіня – спадчынніца багацця. Сваю вялікую любоў, захапленне працай рук і сэрца прабабуляў перадае яна, бо гэта і сапраўды прыгажосць незвычайная, краса, запазычаная ў прыроды, укладзеная ў роспіс дываноў:

Дываны – луг квяцісты ў руках,

мары дзіўныя, ўтканыя ў ніці,

каляровы дзявочы пасаг,

промень шчасця з жыццёвай крыніцы [2, с. 179].

У тым жа часе ствараўся і верш “Дыван”, што сваім зместам пераклікаецца з паэмай “Куфар”. У ім, па сцверджанні Дануты Бічэль, “уся мудрая філасофія многіх пакаленняў, уткана ў ромбікі-строфы” [4, с. 3]. А сам дыван нагадвае твор песеннага мастацтва, што здзіўляе, заварожвае дасканаласцю і гучання, і жывога, выразнага малюнка:



Узор пяе на лоне пражы белай,

шнурок з квадратаў роўненька бяжыць.

Як вылічыць, як аснаваць сумела

ты свой дыван, каб так заваражыць? [5, с. 12]

З’яўленне і гэтага верша, і паэмы “Куфар” невыпадковае. Яно падрыхтавана тымі багатымі на ўражанні падзеямі далёкага юнацтва, якія назаўсёды засталіся ў памяці. Пра гэта згадвае Ларыса Геніюш у сваёй аўтабіяграфічнай прозе, дзе, зрэшты, шмат ад паэзіі. Найпершы абавязак беларускай дзяўчыны спрадвеку быў прасці і ткаць. Праца гэтая, даволі цяжкая і аднатонная, прывучала да ўважлівасці, цярплівасці, пакоры, што так неабходна для ўзгадавання добрага характару будучай жонкі, гаспадыні. У аповедзе “Манюты” пра род маці Аляксандры, крыху з’іначыўшы вядомую прыказку, Ларыса Геніюш пісала, маючы на ўвазе найперш сваю маладзенькую тады матулю: “Пазнаюць бабіну дачку і ў рабым андарачку”, – гаварылі людзі пра харошых, скромных дзяўчат, якія пад матчыным крылом, ткучы і прадучы, у тую пору церпяліва чакалі на свой лёс” [2, с. 214].

А яшчэ цяжэйшай, вельмі бруднай, пыльнай была праца па апрацоўцы лёну. Але, як тое ні дзіўна, гэтая праца вабіла шляхетную дзяўчыну, якая, нягледзячы на пярэчанні родных, шмат часу праводзіла ў хатах дзедавых парабкаў. Тыя ўражанні засталіся на ўсё жыццё: “На гарэ стаялі шырокія церніцы, гдзе ўсе церлі лён. Дзіўна, там шурпатая жменя сухога лёну ператваралася ў мяккі, прамяністы шоўк, і калі яго прылажыць да твару, дык пах нечым такім родным, далёкім і мінулым, якое толькі можа адчуць унучка многіх пакаленняў прыгонных ткачыхаў, чулая і падсведама кахаючая гэтыя песні і казкі, і працу прабабак сваіх, і адвечны славянскі лён …” [2, с. 211–212]. Пра гэта аўтарка напіша пазней, у сталым веку. Але вельмі дакладна перадасць тое глыбокае захапленне вынікам чалавечай працы і незвычайнае маладое пачуццё еднасці з родам ткалляў, з водарамі роднай зямлі, найпрыгажэйшы з якіх для яе пах лёну.

Дзяўчына вельмі любіла не толькі назіраць за працай папрадухаў. У яе назіраннях выяўляўся паэтычны характар, калі заўважаліся ўпрыгожаныя фантазіяй колеры, чуліся адметныя гукі. Але роля толькі старонняй наглядальніцы не вельмі задавальняла дзейсную натуру маладой асобы, яна сама імкнулася рабіць гэтую працу. І рабіць як найлепей: “Мая цётка часта, калі мужчын не было ўдома, сядала за кудзелю. Прала яна лён тонка-тонка. Мне ж так хацелася самой выпрасці сваю нітачку, і каб не горшая… Мне, на жаль, дазвалялі прасці толькі клочча, а я так любіла, калі круціцца верацяно ці як бурчыць суцішана калаўротак і ў пальцах звініць тонкая, залатая нітачка, як ні ў кога…” [2, с. 212–213].

Памяць пра мінулае роду, пра тых, што ўжо закончылі свой жыццёвы шлях, хораша падсвечваецца менавіта матывам прадзіва: “Бурнае жыццё тых людзей, як і жыццё шматлікіх пакаленняў перад імі, даўно адыйшло ў вечнасць, пакінуўшы свежы і балючы яшчэ след у душы маей і чароўную памяць аб шаўкавістай жменьцы выцертага мною лёну ды аб нітачцы, спрадзенай тонка” [2, с. 213]. На гэтай прыгожай ноце абрывае аўтарка аповед пра адну з самых дарагіх для яе мясцінаў – Гудзевічы, дзе расла пад магутным крылом свайго мудрага дзеда Паўла Міклашэвіча, які праз актыўны, няўрымслівы характар, мэтанакіраванасць, працавітасць выбіўся да заможнага жыцця.

Гэтае захапленне прадзівам, ткацтвам праходзіць і праз многія лірычныя творы Ларысы Геніюш. У цудоўным вершы “Сустрэча”, прысвечаным Максіму Танку, клопат пра няздзейсненае не толькі ў асабістым жыцці, але і ў лёсе Краю, перадаецца менавіта праз гэты скразны фальклорны матыў:



Сустрэнемся на вузкай перакладзіне.

З двух берагоў, паважныя, прыйдзем.

Усё, што не даткана, не дапрадзена,

я пакажу табе

ў святочны дзень [2, с. 127].

У той незвычайнай гасціне-бяседзе, дзе шаноўнага госця вітаюць шчыра, паважна, як заўсёды ўмела гэта рабіць паэтка ў сваёй гасціннай хаце, матыў прадзіва разгортваецца на ўсю прастору сустрэчы. Праз яго перадаецца мінулае, дзе за плячыма абодвух творцаў пакінута столькі няпростых шляхоў, пераблытаных, быццам тыя ніткі. З захапленнем выказваецца Данута Бічэль пра гэты верш: “Так песенна-ўсмешліва пра горкія выпрабаванні лёсу!” [4, с. 4]. У гэтым і заключаецца спрадвечнае беларускае ўменне смяяцца скрозь слёзы. А пачынае паэтка ўзнёсла, разгоніста, на ўсю моц таленту беручы высокую ноту:



Снуецца з песнямі льняное прадзіва,

Пасаг бы з кужалю танчэй саткаць.

Жартоўна кросенцы мае разладзілі,

уток заблыталі,

не разблытаць [2, с. 127].

Чаму можна сцвярджаць, што не толькі пра асабістае ідзе гаворка ў вершы? Бо ў ім зашыфравала Ларыса Геніюш вобраз нашай старажытнай Пагоні. Даследчык творчасці паэткі Міхась Скобла пісаў “пра пашматаны цэнзарскімі нажніцамі рукапіс “Невадам з Нёмана”, з якога было выкасана 120 радкоў, дзе сустракаліся словы Бог, Пагоня, крывіцкі” [6, с. 12]. А менавіта ў гэтым зборніку і быў надрукаваны верш, таму паэтка і мусіла “хаваць” вобраз за дасканалай, разгорнутай метафарай:



Я запяю табе пра дзіва дзіўнае,

якая ў Нёмне глыбіня,

як ноччу месячнай на воды сінія

выводзіць дзеўчына паіць каня.

А конь не слухае, а конь бянтэжыцца,

рве цуглі срэбныя – дарма спыняць.

З каменняў Нёмнавых аж іскры крэшуцца,

аж сэрца цешыцца з таго каня [2, с. 127].

Супастаўленне працэсу мастацкай творчасці і працы з лёнам праз выкарыстанне прыродных з’яваў, малюнкаў, неаднойчы сустракаем у паэзіі Ларысы Геніюш, бо і сапраўды, “у яе тчэ прырода, стыхійныя сілы” [4, с. 3]. Да прыкладу, у вершы “У забыцці…” ў вельмі абмежаванай мастацкай прасторы (усяго два паэтычныя радкі) паэтка змагла адлюстраваць усе тры гэтыя матывы: прырода, прадзіва, творчасць:



На голлі дрэў снуе вятрыска песню,

Яе звіваю і праду, як лён [2, с. 130].

Вызначэнне родавай жаночай сутнасці традыцыйна пазначаецца: па кудзелі, бо гэта – праца з лёнам – заўсёды было найпершай жаночай справай. Галоўнае ж, як падкрэслівае паэтка ў вершы “Жаночае”, кабета павінна была не толькі ствараць неабходныя для існавання сям’і рэчы, матэрыяльныя набыткі, але найперш – зберагаць духоўныя скарбы роду. Рамантычныя вобразы недапрадзенай шпулі, адвечнага агню узвышаюць, здавалася б, звычайную працу. А жаночая доля бачыцца як адна з самых важных справаў:



Наша доля – кудзеля і лён,

нітку віць з недапрадзенай шпулі,

вартаваць адвечны агонь –

казкі, песні забытай бабулі [2, с. 132].

І нават малюючы ўзнёслы, рамантычны вобраз князёўны Прадславы ў паэме “Даўніна”, ідэалізаваны ва ўсіх адносіх (партрэт, характар, паводзіны), Ларыса Геніюш вызначае самае сутнаснае ў гэтай слаўнай юнай асобе менавіта праз матыў прадзіва, ткацтва. Цалкам зразумелае параўнанне будучай вялікай асветніцы, святой Ефрасінні Полацкай з багіняй ставіцца ў адзін шэраг з тымі патрабаваннямі, што ўпрыгожвалі характар кожнай звычайнай дзяўчыны. Бо гэта і сапраўды каштоўнасці аднаго надзвычай высокага ўзроўню:



Такая б прала і ткала,

верна з паходу чакала.

Гонар – з такою быць радам.

Яна не дзяўчына, а Лада! [2, с. 168].

Ларыса Генюш – “сейбітка глыбокіх думак, ткалля наватарскіх метафар і перыфраз на аснове народных традыцый” [4, с. 6], праз усю сваю творчасць адлюстроўвала ўзгадаванае з маленства захапленне стваральнай працай беларускіх ткалляў.





  1. Бічэль, Д. Мост святога Францішка: успаміны / Д. Бічэль. – Мінск: Медысонт, 2010. – 290 с.

  2. Геніюш, Л. Выбраныя творы / Л. Геніюш. – Мінск: Беларускі кнігазбор, 2000. – 616 с.

  3. Пяткевіч, А. Старонкі спадчыны: культурнае памежжа Гродзеншчыны: працэсы, з’явы, асобы / А. Пяткевіч. – Мінск: Бел. кнігазбор, 2006. – 240 с.

  4. Бічэль, Д. Песні настоены на зёлках / Д. Бічэль // Л. Геніюш. На чабары настоена: Лірыка. – Мінск: Маст. літ., 1982. – С. 3–6.

  5. Геніюш, Л. На чабары настоена: Лірыка / Л. Геніюш. – Мінск: Маст. літ., 1982. – с.

  6. Скобла, М. Ёй дадзена было перамагчы / Скобла М. // Л. Геніюш. Збор твораў у 2 т. Т. 1. Паэзія. – Мінск: Лімарыус, 2010. – С. 7–14.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка