Фальклорная і літаратурная традыцыі: праблема суіснавання




Дата канвертавання01.05.2016
Памер88.56 Kb.


М.А. Сазонаў (Мінск)
Фальклорная і літаратурная традыцыі: праблема суіснавання

(на матэрыяле аповесці М. Гарэцкага «Дзве душы»)

Фальклор адыграў надзвычай важную ролю ў станаўленні айчыннага прыгожага пісьменства. Падчас штучнага перарывання літаратурнай традыцыі менавіта ў калектыўнай творчасці народа акумуляваліся і захоўваліся рысы нацыянальнага светабачання, якія «чакалі» спрыяльных умоў для рэалізацыі свайго мастацкага патэнцыялу. Аднак, нягледзячы на ўяўную відавочнасць гэтага факту, у айчынным літаратуразнаўстве ён атрымаў досыць вялікую колькасць трактовак, што ўказвае як на яго істотнасць, так і на яшчэ не пераадоленую дыскусійнасць.

У значнай ступені гэта сітуацыя абумоўлена тым фактам, што ўдакладненне месца і ролі фальклорнай традыцыі ў беларускай літаратуры ХХ стагоддзя ўскладняецца яе суіснаваннем з літаратурнай традыцыяй, якая таксама выступала у якасці крыніцы творчай энергіі для маладых аўтараў. Паступова тэорыя «перарастання» маладой беларускай літаратуры, якая на пачатковым этапе свайго існавання характарызавалася актыўным выкарыстаннем прыёмаў фальклорнай паэтыкі [7], ў паўнавартаснае мастацтва слова сутыкнулася з пэўнымі цяжкасцямі. Яны былі абумоўлены неабходнасцю інтэрпрэтаваць творы, якія сваім узнікненнем адзначылі «якасны скачок» у галіне эстэтычнага асэнсавання рэчаіснасці беларускай прозай. Ад бытавых замалёвак і лірычных імпрэсій яна досыць хутка прыйшла да апавядання, сацыяльна-філасофскай аповесці і рамана. Больш таго, часам аўтары, шукаючы адпаведную мастацкую форму для рэалізацыі сваіх задум, стваралі творы, якія мелі сінтэтычную жанравую прыроду, накшталт драматычнай аповесці ці дакументальных запісак, якія, у прыватнасці, узбагацілі творчую спадчыну М. Гарэцкага. Перад даследчыкамі ўзнікла праблема суаднясення сістэмы жанраў, «прапанаваных» вуснай народнай творчасцю, з вяілкай колькасцю твораў, якія характаразаваліся імкненнем да актыўнага пераадолення фальклорнай «зададзенасці».

А.П. Матрунёнкам прапанавана тыпалогія даследчыцкіх падыходаў да праблемы бытавання фальклорнай традыцыі ў айчыннай літаратуры. Надзвычай хуткае развіццё складанай сістэмы жанраў тлумачыцца ў іх ці паступовым перарастаннем фалклорнай традыцыі ў літаратурную, ці праз канцэпцыю засваення складаных мастацкіх формаў на аснове фальклорнай традыцыі праз алегарычнае апавяданне, якое, быццам бы выконвала ролю «прамежкавага» звяна на шляху развіцця паўнавартаснага прыгожага пісьменства. Найбольш слушнай, з указаных аўтарам, з'яўляецца канцэпцыя «арганічнага адзінства» дзвюх традыцый на пачатковым этапе станаўлення айчыннай літаратуры. Аднак без належнай аўтарскай увагі застаецца ўнутраны механізм яе функцыянавання.

Пазней Дз. Дудзінская, разумеючы беларускую нацыю як суб’ект экзістэнцыі, агучвае канцэпцыю «прэзумпцыі таленавітасці», згодна з якой айчыннаму прыгожаму пісьменству адпачаткава быў уласцівы моцны творчы патэнцыял [5, с. 10]. На думку даследчыцы, гэта патрабуе адносін да беларускага літаратурнага працэсу не як да «мастацтва з меткай правінцыйнасці, чый рух павінен заўсёды памнажацца на каэфіцыент паскоранасці, каб пераадолець непазбыўнае адставанне» [5, с. 10], а як да самастойнага эстэтычнага фенамена. Пагаджаючыся з апошнім, мы, тым не менш, вымушаны адзначыць, што без належнай увагі да паскоранасці развіцця беларускай літаратуры ў ХХ стагоддзі немагчыма інтэпрэтаваць айчынны літаратурны працэс без пэўных скажэнняў, таму што ў дадзеным выпадку з вобласці навуковых інтарэсаў выключаецца адзін з найважнейшых фактараў яго развіцця.

Калі ж успрымаць паскоранасць развіцця у якасці адной з іманентных якасных характарыстык айчыннай літаратуры, які ў большай ці меншай ступені знаходзіў свой адбітак у творчасці беларускіх аўтараў на працягу усяго ХХ стагоддзя, то нельга пакінуць без увагі прычыны яе [паскоранасці] ўзнікнення: імкненне пісьменнікаў, якія ўсвядомілі магчымасць рэалізацыі крэатыўнага патэнцыялу беларускага этнасу сярод іншых народаў, як мага хутчэй нагнаць «літаратурнае адставанне». Само паняцце «паскоранасці», калі яно ўжываецца ў адносіне да якой-небудзь з'явы рэчаінсасці, ўжо утрымлівае ў сабе некаторы элемент ацэначнай характарыстыкі, якая можа з'явіцца толькі пры суаднясенні з іншымі, падобнымі да яе. У дадзеным выпадку праз суаднясенне з літаратурнымі працэсамі іншых краін. У прыватнасці, што зусім заканамерна, - з рускім: «Да пачатку ХХ ст. <...> у рускай прозе ўжо былі А. Пушкін, М. Лермантаў, І. Тургенеў, Л. Талстой, Ф. Дастаеўскі, А. Чэхаў, М. Горкі, была па сутнасці, цэлая эпоха, правільней, нават некалькі эпох развіцця мастацкай прозы, у тым ліку такіх высокаразвітых празаічных жанраў, як аповесць і раман, былі створаны некалькі пакаленняў мастацкіх характараў і сярод іх талстоўскія характары тыпу «дыялектыкі душы» - свайго роду вяршыня крытычнага, ці, як яго звычайна называюць, «псіхалагічнага» рэалізму другой палавіны ХІХ ст., былі дзівосныя па глыбіні і праўдзівасці мастзней мастацкія адкрыцці ў сферы чалавеказнаўства Дастаеўскага, прызнаныя пазней геніяльнымі ва ўсім свеце» [7, с. 90 - 91].

Паказальным з’яўляецца вектар творчага сталення М. Гарэцкага – класіка беларускай літаратуры, чые творы па ўзроўню мастацкіх абагульненняў і складанасці праблематыкі ўзняліся да ўзроўню сапраўднай культурнай вяршыні свайго часу, якая і сёння ўяўляе сабой цікавы матэрыял для плённых даследаванняў. Пачынаючы творчую біяграфію з невялікіх апавяданняў, якія ўвогуле не выбіваюцца з літаратурных традыцый свайго часу, пісьменнік няспынна шукаў уласны шлях, часам звяртаючыся да эксперымента з мастацкай формай.

Адметнае месца ў яго творчай спадчыне займае сацыяльна-філасофская аповесць «Дзве душы» (1919). Вастрыня пастаўленых у творы праблем тлумачыцца складанымі грамадска-палітычнымі умовамі паслярэвалюцыйнага часу, які быў выбраны аўтарам у якасці фону разгортвання дзеяння. Аднак пісьменнік у першую чаргу застаецца мастаком. Яго ўвага скіравана ў бок даследавання ўнутранага жыцця асобы, праз якое дасягалася творчае асэнсаванне рэальных гістарычных. На прыкладзе аналізу ўнутранага жыцця Ігната Абдзіраловіча пісьменнік даследаваў уздзеянне рэвалюцыі як сацыяльнага феномена на асобу ўвогуле. Пры гэтым раскрыццё ўнутранага свету героя, вакол якога будуецца апавядальная структура твора, адбываецца з выкарыстаннем трывіяльнага сюжэтнага павароту: падмены панскага дзіцяці сынам прасталюдзінаў. Аднак гэты «вандроўны» сюжэт еўрапейскага фальклору напаўняецца пісьменнікам глыбокім зместам. Творчае пераасэнсаванне традыцыйнага мастацкага прыёму дазволіла М. Гарэцкаму ўвесці ў апавядальную структуру складаную сацыяльна-філасофскаую праблематыку.

У значнай ступені захоўваючы ў сабе рысы аўтабіяграфізму, што з’яўляецца прыкметай многіх твораў М. Гарэцкага, вобраз Ігната Абдзіраловіча створаны з выкарыстаннем засвоеных пісьменнікам прынцыпаў будавання мастацкіх характараў, назапашаных сусветным прыгожым пісьменствам. Пошукі героем свайго месца ў куламесе сацыяльных катаклізмаў суправаджаюцца рэалізацыяй розных мадэляў паводзін у крызіснай сітуацыі, якія ілюструюцца праз яго адносіны з іншымі героямі. Даследуючы матывіроўку іх ўчынкаў, аўтар раскрывае глыбінныя слаі іх свядомасці, дзякуючы чаму дасягаецца значнае паглыбленне характараў. У выніку сацыяльная праблематыка паступова саступае месца экзістэнцыяльным пытанням. Галоўным аб'ектам мастацкага выяўлення становіцца чалавек, яго ўчынкі і адказнасць перад сабой і іншымі людзьмі.

Трапляючы ў інфернальнае прастранства, выхад у якое, згодна з фабулай твора, супадае з героевым усведамленнем сваёй адасобленнасці ад астатніх людзей, Ігнат Абдзіраловіч вымушаны пераадольваць шэраг выпрабаванняў, якія стаяць на яго шляху да здабыцця ўнутрага спакою. Па словах Н.Дз. Андрэйкавец, герой «…знайшоў той універсальны сродак, які дапаможа яму разабрацца ў сваёй душы і вызначыцца. Чалавечнасць – вось тая мяжа, якую нельга пераступаць, вось тое, што не дасць адысці ад лепшых традыцый свайго народа, ад “роднага карэння”» [3, с. 21].

Пры гэтым пошукі «духоўнага апірышча» галоўнага героя звязаны з пераадоленнем шэрагу выпрабаванняў. У той жа час ён імкнецца знайсці шлях да ўнутранага самавызначэння праз палеміку з іншымі героямі-прадстаўнікамі розных сацыяльных сіл. Пры гэтым мы назіраем раскладанне душы Ігната Абдзіраловіча на розныя галасы, што ўступаюць у дыялог у яго свядомасці. Дадаткова ідэйная канфрантацыя ў душы Абдзіраловіча,  падкрэсліваецца ўвядзеннем двух персанажаў, якія асацыіруюцца з канфліктуючымі перакананнямі ў душы героя: Гаршчка і капітана Гарэшкі. Але тая складаная сістэма ўнутраных патрабаванняў да сябе і свайго самавызначэння, якая кіруе ўчынкамі Ігната Абдзіраловіча, не дазваляе яму прыняць той ці іншы бок у гэтай спрэчцы. Цікава, што ўсе персанажы, што ўступаюць у зносіны з галоўным герем, імкнуцца да таго, каб ён прыняў іх светапоглядныя перакананні. На працягу развіцця дзеяння ў творы атрымоўвае рэалізацыю матыў спакусы. Спакушальнікамі галоўнага героя з'яўляюцца амаль усе персанажы, акрамя яго біялагічная маці Маланні. У адпаведнай ролі таксама выступаюць жаночыя вобразы: Аля Макасеева і Ірына Сакавічанка. Пры гэтым аб'ектыўна Ігнат Абдзіраловіч у дачыненні да астатніх герояў твора апынуўся ў апазіцыі. Гэта абумоўлена тым, што яны выступаюць ад імя той ці іншай сацыяльнай сілы і пазіцыяніруюцца як абаронцы яе інтарэсаў.

З аднаго боку, такім чынам атрымоўвае сваю рэалізацю моцная генетычная роднасць твора фальклорнай традыцыяй, для якой адпаведная мадэль будавання сюжэта, засанаванага на пераадоленні героем розных выпрабаванняў, з'яўляецца аднозй з найбольш запатрабаваных. З другога боку, праз яе выкарыстанне падкрэсліваецца стан глыбокага анталагічнага крызісу ў свядомасці Ігната Абдзіраловіча, які ўвасабляе ў сабе тып беларускага інтэлігента ў пачатку ХХ стагоддзя. Па словах І. Канчэўскага, аўтара эсэ «Адвечным шляхам» [1], «раздвоенасць» душы галоўнага героя аповесці <...> «Дзве душы» - метафара спецыфікі нацыянальнага светапогляду, «вагання» паміж Захадам і Усходам. Пазней В. Максімовіч удакладніў: «Наяўнасць «дзвюх душ» – не эгаiстычны стан двудушнасцi. Гэта ўнутранае адлюстраванне вобраза свету, якое ўказвае на цяжкасць i складансць яго пазнання. «Дзве душы» – умоўны вобраз той цякучасцi i няпэўнасцi, якая перашкаджае ўтварэнню схематычных перакананняў. Пісьменнік аддае перавагу такому стану, калi ў душы чалавека адбываецца пастаянны маральны рух, калi чалавек здольны ўлавiць сапраўдную i шматзначную дыялектыку жыцця. Калі для еўрапейскіх мадэрністаў дваістасць была найперш катэгорыяй мастацка-эстэтычнай, то для Я. Купалы і М. Гарэцкага яна набыла сапраўды светапоглядна-філасофскі статус, бо з'яўляецца арганiчнай сутнасцю беларуса» [6, с. 101].



Такім чынам, у аповесці М. Гарэцкага «Дзве душы» знайшла сваё выяўленне тэндэнцыя да паскарэння развіцця айчыннага літаратурнага працэсу. Беларуская літаратура, якая засталася без доўгай традыцыі неперарыўнага развіцця і назапашвання мастацкага вопыту пачала плённа ўспрымаць творчыя здабыткі іншых літаратур. Пераадольваючы «фальклорную зададзенасць», ад аналізу здабыткаў сусветнай культуры яна хутка прыходзіць да мастацкага сінтэзу. Паказальным у гэтым сэнсе з'яўляецца творчы шлях М. Гарэцкага. Пачаўшы з твораў, якія ў значнай ступені характарызуюцца бытапісальніцтвам і ўвагай да цяжкага становішча сялянства, што набліжае іх да традыцыйных матываў беларускай літаратуры пачатку ХХ стагоддзя, пісьменнік досыць хутка засвойвае прынцыпы стварэння складанага характару, які з'яўляецца маркерам «развітых» літаратур з даўнімі традыцыямі «чалавеказнаўства». Раскрыццё вобразу Ігната Абзіраловіча адбываецца праз выкарыстанне некалькіх планаў. Фальклорная традыцыя знаходзіць выяўляецца праз выкарыстанне «вандроўнай» фальклорна-рамантычнай фабулы падмены панскага дзіцяці сынам просталюдзінаў. У далейшым характар раскрываецца праз сацыяльную сферу. Аўтар выкарыстоўвае шэраг мастацкіх сітуацый, у якіх галоўны герой вымушаны шукаць сваё месца ў куламесе сацыяльных катаклізмаў, што напаткалі краіну падчас рэвалюцыі і грамадзянскай вайны. Лірычны аспект характару знаходзіць сваё адлюстраванне праз увядзенне ў апавядальную структуру твора жаночых вобразаў: Алі Макасеевай і Ірыны Сакавічанкі. Нарэшце, экзістэнцыяльны аспект характару расрываецца праз суаднясенне характару галоўнага з анталагічнай праблематыкай і пакутлівым пошукам адказаў на складаныя пытанні, якія ставяцца перад ім жыццём. Гэта дазваляе нам гарыць не проста аб феномене «паскоранасці развіцця» айчыннага прыгожагна пісьменства, а аб дзіўным дасягненні ім эстэтычных вяршынь, якія суадносяцца з найлепшымі прыкладамі сусветнай літаратуры. Фальклорная традыцыя, такім чынам, утрымліваючы ў сабе вялікі эстэтычны патэнцыял, абумовіла, пры суаднясенні з літаратурнымі традыцыямі іншых краін, рэзкі «якасны скачок» развіцця айчыннай літаратуры. У сітуацыі пазбаўленасці неперарыўнага развіцця, беларуская літаратура таксама была пазбаўлена стрэатыпаў будавання складаных характараў, дзякуючы чаму магла лёгка ўспрымаць іх найлепшыя ўзоры з іншых літаратур, а таксама творча іх «перапрацоўваць» згодна з унутранымі законамі свайго развіцця.

СПІС ВЫКАРЫСТАНЫК КРЫНІЦ


  1. Абдзіраловіч, І. Адвечным шляхам [Тэкст] / І. Абдзіраловіч // Вобраз – 90: Літ. – крытыч. арт. / уклад. С. Дубавец; рэдкал. : Н. Пашкевіч (рэд.) і інш. – Мн. : Маст. літ., 1990. – С. 43 – 86.

  2. Андрэйкавец, Н. Дз. Духоўныя пошукі Ігната Абдзіраловіча (Аповесць М. Гарэцкага «Дзве душы»). / Н. Дз. Андрэйкавец // 2-ія Гарэцкія чытанні [Рэдкал.: У.М. Ліўшыц (адк. Рэд.) і інш.] Ч.1. - Горкі, 1996. С. 19 – 21.

  3. Бароўка, В. Ю. Адраджэнскія матывы ў дакастрычніцкай прозе М. Гарэцкага / В.Ю. Бароўка // 1-ыя Гарэцкія чытанні / Рэдкал.: У.М. Ліўшыц (акд. Рэд.) і інш. - Горкі, 1993. С. 18 – 23.

  4. Гарэцкі, М. Выбраныя творы / Максім Гарэцкі; уклад. Р. Гарэцкага і Т. Голуб, прадм. і камент. Т. Голуб. - Мінск: Кнігазбор, 2009. - 640 с.

  5. Дудзінская, Д.І. - Т. Сусвет і свет душы / Дзіна Дудзінская. - Мінск: Права і эканоміка, 2008. - 480 с.

  6. Максімовіч, В. Шыпшынавы край: Старонкі беларускай літаратуры 20–30–х гг. 20 ст. [Тэкст]: дапаможнік для настаўнікаў / В. Максімовіч. – Мн. : “ІВЦ Мінфіна”, 2002. – 160 с.

  7. Матрунёнак, А.П. Псіхалагічная проза / А.П. Матрунёнак. – АН БССР, Ін-т літ. імя Я. Купалы. - Мн.: Навука і тэхніка, 1988. - 205 с.



База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка