Файл выкарыстоўваць толькі у патрэбах парафій. Публікацыя ў іншых месцах без дазволу аўтараў забараняецца!




Дата канвертавання01.05.2016
Памер101.52 Kb.
Файл выкарыстоўваць толькі у патрэбах парафій. Публікацыя ў іншых месцах без дазволу аўтараў забараняецца!
Крыжовы шлях паводле разважанняў кс. Яна Твардоўскага

Прыпынак 1 Здрада Юды
Возьмем толькі адзін фрагмент мукі Панскай: арышт Езуса.

Пасля Апошняй вячэры Езус пайшоў у Аліўны сад з адзінаццаццю вучнямі. Дванаццаты, Юда, пайшоў, каб не вярнуцца. Калі адышоў, апанавала яго ноч, цемра, як заўсёды бывае, калі адыходзім ад Езуса. Праўдападобна, што Езус пакінуў восем вучняў у хаце садоўніка, а ўзяў з Сабой толькі трох: Пятра, Якуба і Яна і дазволіў ім чуваць. Сам пайшоў маліцца.

Цікава, што тады, калі Езус сказаў: “ Не Мая, а Твая няхай стане воля,”– прыйшоў анёл і ўзмацняў Яго.

Не раз баімся сказаць: “ Пане Божа, няхай будзе так, як хочаш Ты.” Толькі тады, калі на гэта пагодзімся, анёл пачне нас узмацняць.

Юда ўвайшоў у сад, а за ім – грамада ўзброеных слуг святыні. У тыя часы вучні цалавалі Настаўніка ў руку, а сябры цалаваліся ў шчаку. Хоць Юда ў гэты момант і быў здраднікам, але не мог забыць, што Езус – яго сябар, і пацалаваў Яго як прыяцеля.

Заўважым, што нават, калі грашым, бачым вочы Езуса-Сябра, які чакае на нашу сардэчную скруху і вяртанне.



  • Прыяцель, чаго прыйшоў? – запытаў Езус. Словы і пытанне, скіраваныя да кожнага з нас: ці сапраўды прыходзім да Яго з чыстым сэрцам?


Прыпынак 2 Цёмны розум фарысеяў
Езус збавіў нас ад цёмнага розуму.

Калі карыстаемся цёмным, а не светлым розумам?

Тады, калі фальшыва ацэньваем сябе і рэчаіснасць навокал. Тады, калі мы думаем, што з’яўляемся найважнейшымі, найпатрэбнейшымі, наймудрэйшымі, калі здаецца нам, што людзі навокал злыя, бязлітасныя, фальшывыя, подлыя. Калі здаецца нам, што ў свеце змагаецца дабро са злом і не вядома, хто пераможа – можа, дабро, можа, зло… Калі так разважаем, карыстаемся цёмным розумам.

Калі, аднак, сустракаемся з Езусам, з Евангеллем, падаём Езусу руку ў малітве, тады Ён пазбаўляе нас цёмнага розуму. Пачынаем разумець, што, увогуле, не з’яўляемся самымі важнымі ў свеце, самымі цярплівымі, самымі мудрымі, што столькі ёсць людзей, якія лепшыя за нас, якія жывуць большай любоўю. Мы павінны служыць, а не думаць пра сябе, сваё панаванне і сваю веліч.

Ірад тупаў нагамі, сядзеў на троне са слановай косці і думаў, што ён – наймагутнейшы. Увесь свет павінен быў круціцца вакол яго. Нават не заўважаў бездомнага Святога Юзафа, якога не пускалі ў хаты. Аднак Ірад зараз – цёмная пляма ў гісторыі, а ў гонар Юзафа будуюцца касцёлы, і мы пастаянна кладзём яму ў руку свежыя белыя лілеі.

Калі прыбліжаемся да Езуса, то Ён выбаўляе нас ад фальшывай ацэнкі людзей, якія ў цэлым не з’яўляюцца такімі подлымі, як нам здаецца.

Колькі ёсць людзей на выгляд злых, бязлітасных, якія, аднак, дасягнуць святасці. Колькі ёсць Магдален, якіх Езус кананізуе.

Калі мы пасябруем з Езусам, зразумеем, што зло ўжо прайграла, бо яно пераможана. Той, хто становіцца на дарогу граху, заўсёды – раней ці пазней – мусіць прайграць.



Прыпынак 3 Езус на судзе ў Пілата
На ўроку рэлігіі сястра расказвала пра тое, як Езуса схапілі, звязалі і кінулі ў вязніцу. “ Езус застаўся адзін, – гаварыла сястра, – Той, хто шукаў адну згубленую авечку, Той, хто памагаў кожнаму. “ Вось стаіць перад судом, Яму хочуць зрабіць штосьці дрэннае: хочуць забіць у Іерусаліме.”

Стала ціха,быццам салдаты хадзілі ў гімнастычных тапках.

Сястра паглядзела на гадзіннік. Урок рэлігіі закончыўся. Сказала ўсім:


  • Ідзіце дадому.

Хлопчык, які слухаў расказ сястры, выйшаў уражаны. Было цудоўнае надвор’е, але яму здавалася, што ідзе халодны дождж і ўсе маюць чорныя парасоны.

  • Тата, – паклікаў хлопец, убачыўшы бацьку, – мусім хутчэй злавіць таксі.

  • Не дадому! Мусім зараз жа ехаць у Іерусалім! Мусім абараніць Езуса ад злых людзей!

Бацька нічога не змог адказаць, бо ў горле стаў ком. Нават вадзіцель зрабіў такую мінку, быццам хацеў плакаць без сведкаў. Забыўся пра тое, што сам няверуючы.

Што ўзрушвае ў гэтым апавяданні, якое абапіраецца на аўтэнтычнае здарэнне?

Пастава хлопца, якому была дадзена ласка шчырага прагнення прыйсці на дапамогу Езусу.

Хочацца, каб і мы ўмелі знайсці тое ўзрушанне, раздзьмуць полымя, якое было распалена напачатку




Прыпынак 4 Выбар, зроблены з любові
Перадусім часта разважаем пра фізічныя цярпенні Езуса: пра тое, як цягалі Яго за валасы, стукалі малатком па нервах, прыбівалі да крыжа. У нашых вачах стаяць прылады мукі Панскай: цярновая карона, мачалка, поўная воцату і злосці, крыж.

Заўважым, аднак, што Евангелле, гаворачы пра муку Езуса, распавядае трохі інакш. Не падае паасобных цярпенняў Езуса. Расказвае па- мужчынску! Не расказвае пра асобныя прылады катавання, але пра незвычайную Любоў, незвычайную Сілу.

Гісторыя свету вучыць, што было многа замучаных: тых, каго лішалі зроку, рвалі на часткі, мазалі мёдам і выстаўлялі на зжыранне белым мурашкам, пераразалі пілой…

Чым жа адрозніваецца мука Езуса ад кожнай мукі страчанага чалавека?

Усе гэтыя людзі мусілі цярпець, бо не мелі іншага выбару. Спаткаліся з няласкай, трапілі ў сетку інтрыг і мусілі так страшна памерці.

Тымчасам Езус выбраў Сваю муку цалкам дабравольна. Мог яе ўвогуле не выбіраць, а збавіць свет без крыжа. Ніхто не ставіў яму выбару: “Альбо паклонішся цэзару, альбо пойдзеш на крыж.”

Мука Езуса – гэта незвычайная Таямніца такой вялікай любові, што прымае дабравольнае цярпенне з любові да Бога і чалавека.

Езус выбірае такую цяжкую дарогу, каб паяднаць чалавека з Богам. Дабравольна прымае такое моцнае цярпенне і гаворыць нам, якім вялікім з’яўляецца людскі грэх у вачах Бога, калі трэба аж такім, свядома выбраным цярпеннем, яго адкупіць.


Прыпынак 5 Езус бярэ крыж
Кажам: “Мука Езуса Хрыста, нашага Збаўцы.” А што гэта значыць “наш Збаўца?” Ведаем гэтыя словы на памяць, паўтараем пры кожным зручным выпадку. Але, аднак, ці маюць яны для нас жывы сэнс?

Ад чаго нас збавіў Езус?

Катэхізіс адказвае найпрасцей: Езус збавіў нас ад граху.

Што гэта значыць?

Езус як чалавек, спаўняў найдакладней волю Бога: прыняў самую балесную смерць, якую запатрабаваў Бог, ахвяраваў Богу Сваю любоў ( у якой адмовіў першы чалавек, які ўзбунтаваўся ) за кошт Вялікай пятніцы, церні, якія ранілі, крыж, які прыгнятаў. Кожны грэшнік, які з думкай пра Езуса шкадуе аб грахах, неспадзявана апынаецца ў святле Божай ласкі.Так кажа катэхізм.

Паспрабуем, аднак, пайсці далей, чым гэта фармальная фармуліроўка, і скажам сабе, што Езус збавіў нас ад цёмнага розуму, злога сэрца, слабай волі.


Прыпынак 6 Дапамога самотнаму Езусу
Што такое Крыжовы шлях? Гэта адзін вялікі аповед пра самотнага Езуса, пра яго адзіноту паміж людзей.

Толькі лічаныя сэрцы былі пры ім.

З Евангелля ведаем, што Езус не хацеў быць адзін.

Казаў Сымону, паказваючы на жанчыну: “ Бачыш гэту жанчыну? Выцерла Мае ногі пахошчамі, цалавала Мае рукі, тулілася да Маіх ног, аказала мне столькі сэрца, а ты Мне нічога не даў!” У Аліўным садзе Езус казаў вучням: “ Не маглі ніводнай гадзіны чуваць са мной!” “ Быў галодны, а вы мяне не накармілі. Сасмяглы, а вы не далі мне піць. Сядзеў у вязніцы, а вы не прыйшлі да Мяне.”

Бог усім нам даў ласку веры – большую, чым іншым. Не ўсе прыходзяць у касцёл у сакавіцкае бездарожжа, каб абыходзіць Крыжовы шлях. Але наша пакліканне да веры павінна быць яшчэ большым. Наша пакліканне – пастаянна чуваць пры Езусе і не пакінуць яго аднаго. Быць разам з Ім, хоць прыйшлося б нам быць самотнымі ў свеце
Прыпынак 7 Падзенні Езуса
Езус казаў, што прыйшоў навяртаць не праведнікаў, а грэшнікаў.

Для чаго цярпеў Езус? Ведаем, што быў заліты потам і крывёй; Яго сцёбалі бічамі, білі, але для чаго? Кажам, што Езус цярпеў і памёр за нас. Гэта праў да, але, кажучы так, мы ўжываем не зусім дакладны выраз. Скажам: Пан Езус цярпеў і памёр за мяне, па маёй прычыне!

Грэшнікі мелі свае вялікія грахі, але былі і людзі, пакліканыя да святасці, якія таксама мелі свае грахі: пастаянную нявернасць свайму пакліканню.

Есус цярпеў па нашай прычыне. Ужо тады бачыў усе нашы падзенні, грахі, слабасці.

Спавядаемся ў грахах, атрымліваем пакуту ( звычайна досыць лёгкую ). З’яўляемся шчаслівымі, што ўсё так добра пайшло. Кленчым пры Панскім Стале, прымаем Святую Камунію – Радасць Дару. Толькі забываем, што таму маем адпушчэнне грахоў і можам прыняць Святую Камунію, што Езус аж так цярпеў. Як дорага каштавала Езусу ўсё тое, чым зараз так лёгка дыхаем.
Прыпынак 8 Плач над Езусам
Найчасцей падчас Крыжовага шляху плачам над бедным, зраненым, пакрыўджаным Панам Езусам. Тым, Хто меў самае беднае пахаванне, з маленькай горсткай сяброў, быў пакладзены ў чужую грабніцу.

Але падчас Крыжовай дарогі Езус сказаў жанчынам, што не задаволены іх плачам.

Для чаго сёння мы збіраемся разам?

Ці толькі для таго, каб аплакваць боль двух тысяч год?

Ці толькі для таго, каб паказваць пальцам на элегантнага Пілата, панурага Юду, жорсткі тлум, які штурхаў і біў Жыда?

Ці толькі для таго, каб сказаць, што мы лепшыя за іншых, бо яны не думаюць пра Езуса, а мы над Ім плачам?

“ Не здаровыя, а хворыя патрабуюць лекара.”

Збіраемся разам, бо часта з’яўляемся хрысціянамі, якія патрабуюць лекара.

Збіраемся разам, каб убачыць сваю слабасць і нявернасць.
Прыпынак 9 Цярпенні ў падзеннях
Ніколі не ведаем, што з намі можа адбыцца. Не можна загадзя нічога Пану Богу ні абяцаць, ні прысягаць, бо не раз прыйдзе цяжкая хвароба і нават пятух не запяе, а мы станем здраджваць Езусу і ў цярпенні станем нядобрымі, эгаістычнымі.

Падчас Апошняй вячэры Езус ведаў, што Яму здрадзяць і заб’юць, аднак устанавіў Найсвяцейшы Сакрамэнт. Даў любоў за нянавісць, якая Яго напаткае.

Да Юды, які прыйшоў Яго выдаць, не звярнуўся: Ідзі прэч, лайдак! але: Прыяцель, чаго сюды прыйшоў?

Падчас Крыжовай дарогі не ўнікаў спатканняў з людзьмі. Дазволіў Сымону дапамагчы і праз гэта зрабіў яго несмяротным. Дазволіў Вераніцы выцерці Свой твар; не саромеўся паказаць людзям сваё скатаванае, збалелае аблічча.

Перад смерцю маліўся за сваіх ворагаў.

Якое прыгожае цярпенне: цярпець і адначасова любіць, цярпець і не закрывацца на людзей.

Будзем узірацца ў цярпенне Езуса, як у сонца, і маліцца аб ласцы, каб навучыцца таму, што найцяжэйшае: умець любіць у цярпенні і ахвяраваць яго за іншых.

Прыпынак 10 Ахвяра, складзеная Богу
У словах: “ Суцеш Мяне,” Езус казаў: “ Вазьмі Мой крыж, будзь разам са Мной, далучыся да вялікай справы адкуплення за грахі ўсяго свету.”

Часта хочам ахвяравацца Богу , але так, як самі выберым: “ Сёння я слабы, нешчаслівы, адзінокі, але як буду моцны, то Табе, Пане Божа, ахвярую.”

Тымчасам Езус чыніць нас вечным дарам для Пана Бога. Не мы, але Ён Сам. Ён прагне, каб мы сваю адзіноту, крыжы ўмелі далучыць да вялікай справы адкуплення.
Прыпынак 11 Разважлівы злачынца
Абыходзячы Крыжовы шлях, аплакваем Пана Езуса, думаючы пра грэшнікаў. Папракаючы грэшнікаў, самі можам адчуваць сябе лепшымі, справедлівейшымі, больш чыстымі.

Узнікае спакуса: смуткуем над злосцю людзей злых, над жорсткасцю свету, які замучыў Езуса, і дзівімся, што хадзілі па зямлі такія страшныя людзі, як Пілат і Юда. Тады становімся падобнымі да тых фарысеяў, якія не хацелі есці з грэшнікамі і мытарамі, спачувалі ім.

Мы, якія плачам, – лепшыя; яны, якія грашаць, – горшыя.

Тымчасам усе мы адказваем за свет.

У тым, што ў свеце ёсць многа зла, – і наша віна.

Ці адчуваем віну за зло, якое ёсць у свеце?

Кожны грэх, кожная нявернасць – гэта рана, нанесеная Езусу.

Душа Вялікага посту – гэта тое, што можам адчуць сябе адказнымі за зло, можам цярпець разам з Езусам.


Прыпынак 12 Смерць на крыжы
У пачатку сваёй малітвы Езус сказаў: “ Божа мой, Божа, чаму Мяне пакінуў?” Потым чуваць непрамоўленыя Езусам словы: “ Чалавеча, чалавеча, чаму Мяне пакінуў?”

Ёсць такія шчаслівыя людскія смерці, калі ўсе збягаюцца да паміраючага – як у дзень імянінаў – з квятамі, з добрым словам. Так паміраў Святы Юзаф. Была пры ім Найсвяцейшая Маці, Езус. Апокрыфы расказваюць, што нават пастушкі збегліся, нават прыбег ослік і стаў у акне. Калі паміраў Святы Ян Віанэй, зазванілі званы ў яго вёсцы.

Але Езус не паміраў смерцю Святога Яна Віанэя. Не было працэсіі святароў. Былі святары, але адышлі, пахаваліся ў будах. Застаўся адзін. Прыблізіўся да тых, хто ў час смерці адчувае ўвесь цяжар сваёй адзіноты.

Молімся аб добрай, камфортнай смерці, каб паміраць пры людзях, званах, якія б’юць, пры ксяндзы, які штодзённа прыносіць святую Камунію.

Езус праз Сваю смерць прыблізіўся да самых убогіх паміраючых і абмыў усе плямы нашай смерці.
Прыпынак 13 Вартасць цярпення
Калі неспадзявана спадае на нас цярпенне, становімся слабымі, скручанымі ўдвая. Раптоўна змяншаемся, крывімся. У страху, грымасе хаваецца натуральны пратэст чалавека супраць цярпення, якое на самым пачатку не было яму прыгатавана. Дрыжым перад тым, што на самой справе не павінна было быць у людской натуры.

Сёння, калі грашым, тлумачым гэта у розны спосаб: грашым таму, што маем слабыя нервы; таму, што маем цесную кватэру; таму, што заганы перайшлі ў спадчыну ад продкаў.

Дрыжым перад грахом і перад цярпеннем, якое было наступствам першароднага граху.

Езус не адкупіў нас ад цярпення, але паказаў, што беднае людское цярпенне пасля Яго крыжовай смерці можа стаць вялікай вартасцю. Паказаў, што можна ў цярпенні любіць і можна не толькі скручвацца ўдвая, але і распраўляць плечы, сталець і станавіцца патрэбным для людзей самотных, пакінутых.

Першае, што павінны зрабіць, калі прыйдзе цярпенне, – гэта не корчыцца ад болю, а ачысціцца ад грахоў, каб нявінна цярпець.
Прыпынак 14 Дарога да змёртвыхпаўстання
Колькі людскіх цярпенняў перажыў Езус?

Перажыў цярпенні пакрыўджаных і нявінна забітых.

Цярпеў цярпеннем тых, хто бярэ крыж.

Перажыў цярпенне, якое перавышае фізічныя сілы чалавека.

Перажыў цярпенне расстання з Маці.

Перажыў цярпенні тых, каму дапамагаюць, але толькі хвіліну.

Перажыў цярпенне, якое не дазваляе ісці далей, а толькі валіць на зямлю.

Перажыў цярпенні тых, хто ўвогуле не разумее, калі церпіць.

Перажыў цярпенне самага страшнага фізічнага болю, калі б’юць малатком па нервах і прыбіваюць да крыжа.

Перыжыў цярпенні паміраючых.



Перажыў цярпенні таго, хто меў самае ўбогае пахаванне – цярпенне адзінокай труны сярод людзей.

Колькі людскіх цярпенняў перажыў Езус у дарозе да змёртвыхпаўстання.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка