Эвалюцыя аўтабіяграфізму ў прозе Ч. Мілаша




Дата канвертавання23.03.2016
Памер38.22 Kb.
Эвалюцыя аўтабіяграфізму ў прозе Ч. Мілаша.

Аўтабіяграфізм – прыем, які не належыць да літаратурных адкрыццяў, бо мае даўнюю гісторыю, але ён зь’яўляецца выразнай ўласцівасцю літаратуры менавіта другой паловы XX стагоддзя. З усіх дэфініцыяў гэтага тэрміну найбольш адпаведным нам падаецца азначэнне М. Медарыч: “гэта стылістычна маркаваны літаратурны прыём, які яўляе сабою рэха жанру аўтабіяграфіі; ён з’яўляецца ў тэкстах, якія самі па сабе не ёсць аўтабіяграфіяй, не пісаліся і не ўспрымаліся як аўтабіяграфіі”1.

Пасля заканчэння другой сусветнай вайны аўтабіяграфізм пачынае граць ролю, адметную ад папярэдніх эпохаў. Перадусім гэта абумоўлена гістарычнай рэальнасцю стагоддзя, якая патрабавала іншага ўзроўню ацэнкі таго, што адбываецца. Упэўненасць, якую падтрымлівалі многія літаратары, што сродкамі літаратуры рэалізму немагчыма перадаць гістарычны досьвед XX стагоддзя з яго жахам і шаленствам, выказваў, напрыклад, В. Шаламаў – “усё, што выходзіць за дакумент, ужо не рэалізм, а падман, міф, фантом, муляж… Усё, што пераўзыходзіць дакумент, ужо не мае права паставіць сябе вышэй за любую туманную казку”2. Менавіта спробай зрабіць “адпаведны партрэт канкрэтнага месца і часу” тлумачыцца свядомая ўстаноўка на аўтабіяграфізм большасці празаічных тэкстаў польскага паэта і пісьменніка, нобелеўскага лаўрэята 1980-га году Чэслава Мілаша (1911-2004).

Пасля Другой сусветнай вайны і эміграцыі ў 1951 г. у жыцці Мілаша наступае момант, калі ён перастае пісаць вершы. Гэтую “бясплённасць і бяздзейнасць” ён пераадольвае, звяртаючыся да прозы. У 1955 г. з’яўляецца раман “Даліна Ісы” – кніга не аўтабіяграфічная, але для стварэння якой быў скарыстаны пэўны аўтабіяграфічны матэрыял. У творы распавядаецца пра хлопца Тамаша і ягонае перабыванне ў Літве, у доме дзеда Сурконта. Большая частка персанажаў мае рэальных прататыпаў сярод людзей, якія атачалі Мілаша ў часы дзяцінства. Свайго героя аўтар надзяляе многімі дэталямі ўласнай біяграфіі: абодва яны нарадзіліся ў Літве, а ў 1918 г. пераехалі ў Польшчу, абодва выхоўваліся дзядамі, а час, праведзены ў даліне прыўкраснай ракі, быў самай лепшай і радаснай часткай жыцця. Важную ролю ў рамане грае літоўская прырода. Мілаш у мастацкіх мэтах змяніў тапонімы, але іх апісанне не дае падставы сумнявацца, пра якія мясціны ідзе гаворка. Таму ў чорнай, з лянівай плынню, шчыльна зарослай вербалозам Ісе лёгка пазнаецца Невяжа, у даліне якой ўласна і правёў дзяцінства Мілаш. Вёска Гінне ў рэчаіснасці носіць назву Сьвентабросьць. Але нягледзячы на тое, што некаторыя эпізоды раману наўпрост спісаныя аўтарам з уласнага жыцця, Мілаш заўсёды настойліва падкрэсліваў, што “Даліна Ісы” – гэта не ўспаміны дзяцінства і ўсе рэаліі былі пераасэнсаваныя на карысць раманных вобразаў, якія з’яўляюцца больш, чым проста апісаннем.

На першы погляд, перад намі класічны раман ініцыяцыі, гісторыя аднаго дзяцінства, назаўсёды страчанага кавалку жыцця – з усёй яго шматвымернасцю. Даліна Ісы падобная да выспы, якую абмінае Гісторыя, і час, што імкліва імчыць у гэтак званым вялікім свеце, тут перастае існаваць. І вобразы мінулага, часта вельмі звычайныя, неаднаразова вяртаючыся, паўторна здабытыя з памяці-непамяці, ствараюць уласны міфалагічны час з яго парадыгматычнасцю і інтэнсіўным угляданнем у сутнасць рэчаў. “Даліна Ісы” – не толькі раман пра сталенне Тамаша. Гэта яшчэ гісторыя іншых – яго продкаў і людзей, што паўплывалі на фармаванне яго асобы.

Мясцінам дзяцінства і юнацтва прысвечаны і наступны празаічны твор Ч. Мілаша – кніга мемуарнай эсэістыкі “Родная Еўропа” (1958), якая з’явілася з-за неабходнасці для паэта вызначыць свае нацыянальныя і культурныя карані. Але ізноў жа, гэты твор – не пераказ фактаў біяграфіі, а спроба ідэнтыфікацыі сябе, як еўрапейца з пэрыферыі Еўропы, на фоне глабальных гістарычных зменаў ад пачатку першай сусветнай вайны да канца другой. Аўтару было неабходна вывесці на авансцэну ўласнае “я”, каб з дапамогай пэўнай суб’ектыўнасці пазбегнуць напісання “сухога трактату”, а з другога боку, гэта спроба аб’ектыўнага, дыстанцыяванага погляду на ўласнае жыццё, які ператвараецца ў абагульненне, у рэфлексію нал сутнасцю культурнай адрознасці ўсходняга еўрапейца. “Нішто не перашкаджае, каб, замест высоўвання на першы план індывідуальнасці, дбаць перадусім пра фон і глядзець на сябе як на сацыялагічны аб’ект. Унутраныя перажыванні, раз ужо мы захавалі іх у памяці, будуць ацэненыя ў перспектыве пераменаў, якія адбываліся з асяроддзям”3. То бок Гісторыя ўжо не прамінае мілашаўскага героя, як гэта было ў “Даліне Ісы”, пакідаючы яго ва ўласным міфалагічным часе і прасторы. Гісторыя робіцца фонам і аб’ектам даследвання.

А ў 1877 г. з-пад пяра Мілаша выходзіць своеасаблівая інтэлектуальная і літаратурная аўтабіяграфія – “Зямля Ульра”. Яна пачынаецца пытаннем: “Кім я быў? Хто я цяпер, праз гады?” “Зямля Ульра” – гэта філасофская сума эсэістыкі Мілаша, якая дае адказ на другую частку вышэйзгаданага пытання і выказвае сваё крытычнае стаўленне да сучаснай культуры. “Маё ўнутранае развіццё вымяраецца паступовым нарастаннем недаверу да літаратуры і мастацтва майго стагоддзя”. “Зямля Ульра” – тэрмін, прыдуманы Уільямам Блэйкам. Ён павінен азначаць краіну хворага, няшчаснага ўяўлення, якое з’яўляецца прадуктам сучаснай навукі.

Такім чынам, можна сцвярджаць, што аўтабіяграфічны пачатак у творчасці Чэслава Мілаша эвалюцыянуе ад лінейнага наратыву і фактаграфізму праз трансфармацыю аўтарам жыццёвага матэрыяла ў экзістэнцыйную рэфлексію да “прыгодаў ідэі”.



1 Медарич М. Автобиография/ автобиографизм  // Автоинтерпретация. Сб. статей. — СПб.,1998, с.5

2 Цыт. па: Золотоносов М. Последствия Шаламова / http://www.booksite.ru/fulltext/1sh/ala/mov/32.htm

3 Мілаш, Ч. Родная Еўропа / Чэслаў Мілаш. – Мінск: І.П. Логвінаў, 2001. – с. 13


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка