Этнаграфія гэта апісанне жыцця народа, яго побыту, традыцый, абрадаў. Зразумела, што ў нашым маленькім куточку мы не можам паказаць увесь быт народа




Дата канвертавання20.05.2016
Памер42.45 Kb.

Этнаграфія - гэта апісанне жыцця народа, яго побыту, традыцый, абрадаў. Зразумела, што ў нашым маленькім куточку мы не можам паказаць увесь быт народа.

Рэчы, якія вы зараз бачыце, не вельмі старыя: імі карысталіся нашы бабулі і прабабулі, а некаторымі карыстаюцца і зараз.

Цікава,што многія з іх самі з'яўляюцца продкамі сучасных рэчаў.

Вось гэта калатоўка. Яна продак сучаснага міксера. Ёй карысталіся, напрыклад, калі варылі гарбузовую кашу. (Кавалачкі гарбуза спачатку варылі, а потым калатоўкай разбівалі. А вялікай калатоўкай разбівалі кавалачкі мукі, калі варылі зацірку для свіней).


Драўляную лыжку і сёння можна сустрэць ў нашых хатніх гаспадарках. Такую вялікую лыжку называлі апалонікам. Выраб лыжак быў некалі промыслам. Выраблялі лыжкі лыжачнікі.

Ступа - традыцыйная прылада для апрацоўкі зерня на крупы. Выкарыстоўвалася і для іншых мэт. Ступу рабілі з кавалка тоўстага ствала дуба, граба, часам таполі або ліпы. У ствале выдзёўбвалі ці выпальвалі конусападобную выемку. Зерне ў ступе таўклі таўкачом. Часта таўклі ў два таўкачы. Зерне перад апрацоўкай сушылі, а ў працэссе таўчэння для таго, каб лепш аддзялялася шалупінне, крыху змочвалі вадой. Стоўчаныя крупы прасявалі на рэшаце ці ачышчалі пры дапамозе апалушак.

А гэта пранік. Ён з’яўляецца продкам сучаснай пральнай машыны. Мылі бялізну на рэчцы, клалі яе на масткі і адбівалі пранікам, каб бялізна стала чыстай. Ім таксама аббівалі лён і проса.

Гэта рэч называецца качалкі. Яна з'яўляецца продкам праса.

А пазней ужо з'явіліся вугальныя прасы. У нас іх некалькі, і ўсе яны розныя.

А гэта не проста кош. У ім захоўвалі прадукты, клалі каўбасу, сала і падвешвалі да столі, каб мышы не з'елі, у ім прасушвалі сыры, трымалі грыбы, зёлкі. Называўся такі кош сажам.

Раней хлеб у магазіне не куплялі, яго выпякалі ў кожнай хаце. А такой лапатай садзілі хлеб у печ. Рабілі яе з дошкі звычайна лісцевых парод дрэва. Каб цеста лягчэй ссоўвалася на чарэнь, краі лапаты рабілі танчэйшымі. Перад тым, як саджаць цеста ў печ, гаспадыня пакрывала лапату хрэнавым, кляновым ці дубовым лісцем, аерам і пасыпала зверху мукой. Захоўвалі хлебную лапату ў варыўні або ў каморы. Драўляныя лапаты рабілі для падгортвання бульбы ў буртах і для перамешвання збожжа на таку.

Сёння ў саўгасе працуюць машыны веялкі для таго, каб аддзяліць зерне ад рознага смецця. А раней такіх машын не было і карысталіся вось такой веялкай.

Вельмі важнай культурай для беларусаў быў лён. Ільняная тканіна ішла на вопратку, з ільна ткалі розныя патрэбныя рэчы. Але, каб лён ператварыўся ў гэтыя рэчы, трэба было шмат папрацаваць з ім. Усе працэсы, звязаныя з апрацоўкай ільняной сыравіны і падрыхтоўкай яе да ткання, выконваліся ўручную – звычайна гэта была жаночая работа. У кастрычніку лён мялі, трапалі, часалі. Гэта церніца, або мялка - прылада для (мяцця) ільняной ці канаплянай трасцы. А трапалі лён вось такім траплом.

У нас пакуль няма станка , які называўся кросны ,але ёсць дэталі гэтага станка-берды, ніты, чаўнок. На кроснах ткалі. Вось гэтыя посцілка, абрус, ручнік сатканы на кроснах. Сыравінай для ткацтва на Беларусі здаўна служылі лён, воўна, радзей пянька. У лістападзе пачыналі прасці. Пралі пры дапамозе верацяна або калаўрота на працягу ўсяго тыдня за выключэннем святочных дзён і нядзелі. Затым пражу рыхтавалі да ткання: бялілі або фарбавалі, снавалі.

У працэсе адбельвання маткі пражы вымочвалі ў шчолаку, залівалі ў жлукце, паласкалі і развешвалі на сонцы. Палатно вымочвалі, выбівалі пранікам на рэчцы, паласкалі, а затым рассцілалі на роснай траве (прадвеснем на снезе) для бялення пад сонечнымі промнямі.

Асноўнай сыравінай для фарбавання ў хатніх умовах служылі натуральныя фарбавальнікі: адвары або настоі лісця, кары дрэў, сцяблоў, кветак, каранёў траў. У выніку змешвання розных кампанентаў атрымлівалі патрэбны колер.У сакавіку, калі дзень павялічваўся, у хату прыносілі ставы і ўвесь панарад: ніты, бёрды, набіліцы і інш. У наладцы красён і ткацтве звычайна ўдзельнічалі 2 – 3 жанчыны.

Гэта віток, на яго наматывалі ніткі.

Вось з такой авечай воўны на калаўроце пралі ніткі, а потым бабулі вязалі з іх рукавічкі і шкарпэткі.

Сялянскія хаты упрыгожвалі ручнікі. Ручнікі ўжываліся для штодзённага і святочнага дэкаратыўнага ўпрыгожвання жылля і абразоў (набожнікі); былі адным з неабходных абрадавых атрыбутаў у вясельным і пахавальна-памінальным абрадах.

Уваходзілі ў пасаг нявесты, з’яўляліся неабходнай часткай падарункаў нявесты жаніху, сватам, родзічам жаніха. Ручніком перавязвалі цераз плячо важнейшых удзельнікаў вяселля. Іх пасцілалі як “падножнік”,на які станавіліся маладыя ў час царкоўнага вянчання, выкарыстоўваліся для абрадавага звязвання маладых, для абгортвання рук нявесты і жаніха ва ўрачыстыя моманты вяселля.

Ручнікі клалі нябожчыку ў труну, нярэдка абівалі яе, прывязвалі да павадоў каня, які вёз нябожчыка на могілкі. На ручніках апускалі труну ў магілу, ручніком упрыгожвалі надмагільны крыж. Як знак жалобы ручнік вывешвалі за акно на сарачыны, на дзяды.

У час засухі, эпідэмій, вайны і іншых няшчасцяў жанчыны ўсяго сяла ткалі на працягу дня ці ночы абыдзённік , які выконваў функцыю апатрапея. Узорысты ручнік - адзін з прадметаў, які найчасцей ахвяроўвалі як дар у царкву, касцёл, капліцу, на крыжы, што стаялі на расстайных дарогах.

Ручнікі займалі таксама важнае месца ў каляндарных звычаях і абрадах. На вадохрышча ручнікі часам упрыгожвалі ледзяны крыж, на сёмуху іх ахвяроўвалі бярозе як духу расліннасці, на Купалле разам з вянкамі з жывых кветак развешвалі на прыдарожныя крыжы, на зажынках першы сноп абвязвалі стужкамі, прадзівам ці ручніком, ім жа ахіналі гэты сноп у куце.

З дапамогай ручніка быццам бы ажыццяўлялася сувязь паміж нашчадкамі і продкамі.

Круглік Вера Ануфрыеўна, якая занесена ў раённую кнігу “Памяць” як майстрыха па вышыванню, вышыла нам гэтыя рушнікі : адзін крыжыкам, а другі гладдзю. А гэты ручнік вышыла балгарскім крыжыкам бабуля нашай настаўніцы Алены Антонаўны Залуцкай.



Гармонік і цымбалы – гэта традыцыйныя народныя музычныя інструменты. Ігры на цымбалах навучаліся (па слыху, сам праз сябе) ад бацькоў або ад вядомага ў наваколлі “майстра”. Інструмент ансамблевы, які традыцыйна спалучаўся са скрыпкай, катрынкай, кларнетам, гармонікам, бубнам ці талеркамі. Ансамблі з удзелам цымбал ігралі звычайна на вяселлях, хрэсбінах, бяседах, дзе шмат танцавалі і спявалі. Найбольш раннія ўпамінанні пра цымбалы сустракаюцца ў літаратурных помніках Беларусі 16 ст.






База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка