«Этнаграфія для імбрычкаў»: Сцэнар пасяджэння клуба «Спадчына» Ад аўтара Прапанаваны сцэнар пасяджэння клуба




Дата канвертавання13.05.2016
Памер133.55 Kb.
Падрыхтавала настаўнік беларускай мовы і літаратуры

УА «Полацкая дзяржаўная гімназія № 1 імя Францыска Скарыны»

Алена Уладзіміраўна Казлова
«Этнаграфія для імбрычкаў»: Сцэнар пасяджэння клуба «Спадчына»

Ад аўтара

Прапанаваны сцэнар пасяджэння клуба «Спадчына» мае на мэце «прарэкламаваць» працу клуба, сябрамі якога з’яўляюцца вучні рознага ўзросту (5 – 11 класы), зацікаўленыя настаўнікі, бацькі; прыцягнуць увагу да традыцыйнай культуры і рэальных спраў у спазнанні яе; захапіць сваёй працай іншых неабыякавых асоб, папоўніць гэтым самым рады свайго клуба.

Для сяброў клуба – больш цесна пазнаёміцца паміж сабой, больш даведацца пра ролю кожнага сябра клуба ў агульнай справе, прэзентаваць сваю працу перад іншымі, развіваць свае камунікатыўныя, творчыя здольнасці, спазнаваць беларускі свет і сябе ў гэтым свеце.

На пасяджэнне былі запрошаны госці (аднакласнікі нашых сяброў клуба, іх бацькі, жадаючыя).

У сцэнарыі выкарыстаны аўтарскія творчыя працы вучняў, тэксты іх уласных выступленняў. Да распрацоўкі падрыхтавана камп’ютарная падтрымка ў выглядзе прэзентацыйнага матэрыялу.

Вядоўца: Добры дзень! Я рада вітаць вас! Сёння мы сабраліся на творчае пасяджэнне клуба «Спадчына».

Нагадаю вам наш дэвіз:

Мы прынікаем да крынічных вытокаў,

Каб памудрэць,

Каб пасталець,

Каб з годнасцю мовіць:

Мы – беларусы!

Наша тэма – загадкавая: «Этнаграфія для імбрычкаў». І першае заданне вам – расшыфраваць гэты незвычайны надпіс!

Этнаграфія – ... (Правільна, этнаграфія – 1. навука, якая вывучае матэрыяльную і духоўную культуру народа; 2. асаблівасці быту, нораваў, культуры, звычаяў народа, мясцовасці).

Імбрычак – ??? (Прымяніце логіку ў разважаннях. Калі вы чулі падобную фармулёўку? Камп’ютар для …, французская мова для … Правільна – для чайнікаў!)

Толькі імбрычак – гэта не проста чайнік, а чайнічак, у якім заварваюць гарбатку. Ён утрымлівае сутнасць чаю, яго смак і пах, усю яго адметнасць.

Так, як і вы. Кожны з вас ведае вельмі многа па сваёй тэме, сваёй справе. І ваша задача сёння – пазнаёміць іншых са сваёй справай, сваімі ведамі. А агулам – заварыць этнаграфічную гарбатку і пачаставаць не толькі сябе, але і гасцей.

Давайце пачнём!

І частка

Вядоўца: На нашым пасяджэнні прысутнічаюць ўдзельнікі сёлетняй этнаграфічнай экспедыцыі. І таму ім першым слова. Калі ласка!

Ігар Палынскі, удзельнік экспедыцыі: 14 чэрвеня – дзень для нас асаблівы. Чаму?

Нам, вучням 8 класа, пашанцавала быць удзельнікамі этнаграфічнай экспедыцыі. У ёй прымалі ўдзел не толькі вучні, але і настаўнікі – Т.Ю. Пранікава, Н.І. Шыцёнак, Н.М. Ключанок, а таксама супрацоўнік музея ткацтва А.С. Аўласенка. Экспедыцыя доўжылася чатыры дні: з чатырнаццатага па сямнаццатага чэрвеня. За гэты час мы наведалі наступныя населеныя пункты: в. Малае Сітна, Вялікае Сітна, Труды, Кавалі, Уладзіміраўка.

Гэты край мае багатую гісторыю. Мясцовыя жыхары расказалі, што на паўднёвым усходзе ад вёскі Малае Сітна ёсць помнік, прысвечаны падзеям 1563 года. Нам удалося пабываць на тым месцы, дзе знаходзілася крэпасць 16 стагоддзя.

Маляўнічая прырода гэтага краю: у вёсцы Малае Сітна бярэ пачатак наша Палата.



Ягор Шпіталенкаў, удзельнік экспедыцыі: Хочацца расказаць пра людзей гэтага краю.

У першы дзень мы пазнаёміліся з майстрам-разьбяром Галінай Рэанальдаўнай Баймеевай, якая паказала нам працэс разьбы па дрэве, свае вырабы: упрыгожванні на франтоне, узоры на плоце. Казачныя сюжэты, выкананыя яе рукамі, упрыгожваюць уваход канторы лясгаса.

Павел Палікарпавіч Новікаў – паважаны ў вёсцы чалавек, ён быў удзельнікам партызанскага руху, член брыгады «Жалазняк». Павел Палікарпавіч заснаваў Маласітненскую сярэднюю школу, на працягу 19 год працаваў дырэктарам.

Усе ў вёсцы ведаюць Надзею Сцяпанаўну Хадунову. Жанчына хораша спявае, мае добрую памяць, умее радавацца жыццю. У час першай сустрэчы мы змаглі запісаць аж 35 песень у яе выкананні. Урывак з песні ў выкананні Надзеі Сцяпанаўны мы прапануем паслухаць.



(Гучыць магнітафонны запіс песні)

Аляксандра Фядотаўна Яфімава – самая старэйшая жыхарка гэтай мясцовасці. Нарадзілася яна ў 1912 г. «Пры Мікалаю яшчэ жыла», – успамінае бабуля. Аляксандра Фядотаўна мае добрую памяць, праспявала нам песні, прыпеўкі, згадзілася на фота, сказала, што будзе чакаць здымак.

Ада Нікіфараўна Пацерка – майстар на ўсе рукі. Займаецца пляценнем кошыкаў, кашпо, з дапамогай іголкі вырабляе дываны. А таксама піша нарысы і вершы.

Ігар Палынскі: Экспедыцыя нам вельмі спадабалася. Мы пазнаёміліся з многімі цікавымі людзьмі. Пад час экспедыцыі мы сабралі дастаткова матэрыялу для напісання навуковай працы. Бралі ўдзел у гарадскім конкурсе «Наш край», праца заняла першае месца. Таксама папоўніўся экспанатамі наш школьны музей.

ІІ частка

Вядоўца: Сапраўды, наш музей «Беларуская хатка» з кожным годам папаўняецца матэрыяламі, экспанатамі. Наведваюць яе традыцыйна не толькі вучні нашай гімназіі, але і госці школы. А таму вельмі неабходныя дасведчаныя людзі, якія ведаюць усе сакрэты нашага музея. Падрастае новае пакаленне экскурсаводаў нашай хаткі. Яны толькі вучацца і зараз запрашаюць вас на завочную экскурсію па музеі. Калі ласка!

Вольга Роганава, экскурсавод-пачатковец: Печ займае вельмі важнае месца ў хаце. Печ – гэта цеплыня. Печ – гэта здароўе застуджанаму. Як прыемна, прыйшоўшы з марозу, залезці на ляжанку і адпачыць хвіліну-другую. Печ – гэта і гарачая смачная ежа.

На поўначы печ дужа вялікая і простая, хіба што з пячуркамі для запалак і лучыны на распал. Затое на поўдні яна меншага памеру і часам нагадвае архітэктурнае збудаванне. Дзясяткі выступаў і ніш, у якіх гліняныя збанкі і ліверы. Тут ёсць дзе ўставіць спарыш, паставіць «удаву», гаршчочак, падобны на абаранак.



Маша Кірушчанкава, экскурсавод-пачатковец: Па дыяганалі ад печы размяшчаўся чырвоны кут, покуць. Традыцыйна покуць асацыявалася з усходам або поўднем, а печ – з захадам, поўначчу. Па кутняй сцяне размяшчаліся ручнікі, якіх у хаце было многа, кожны меў сваё прызначэнне.

І яшчэ адно ўпрыгожванне хаты – тканыя посцілкі (у 6, 12, 24 ніты). І, вядома ж, ручнікі. Ручнікі ў нас, на Беларусі, таксама розныя, па мясцовасці, вельмі разнастайныя.



ІІІ частка

Вядоўца: Калі заціхаюць крокі на школьных калідорах і не звініць ужо званок, засынаюць класныя кабінеты і прычыняюцца дзверы школы, здаецца, і ў хатку прабіраецца сон. Але гэта не так! Бо там пануе… Дамавік.

Ён з’явіўся нядаўна ў хатцы і мае старэйшага брата. Але больш падрабязна пра гэта ведае яшчэ адзін сябра нашага клуба – Андрэй Шведаў, які і раскажа нам пра гаспадара хаткі. Дамавічка ён рабіў разам з маці для ўрока беларусазнаўства.



IV частка

Сябра клуба, сталы экскурсавод: А я таксама ведаю некаторыя сакрэты хаткі і хачу вам сёння расказаць. Гучыць казка, складзеная Вольгай Аблажэвіч, у выкананні аўтара:
Казка

Нядаўна ў нашай хатцы праводзілася экскурсія. Пелагея Жыгімонтаўна (віртуальная гаспадыня хаткі) сустракала гасцей. А я (экскурсавод) старалася зацікавіць іх аповедам пра незвычайныя рэчы інтэр’ера. Ведаеце, у мяне гэта атрымалася. Усе госці засталіся задаволенымі. Асабліва адзін хлопчык. Яго вельмі ўразіў прас. Усю экскурсію юны госць глядзеў на гэту цікавую рэч і ўвесь час запытваўся пра прас. Адным словам, хлопчык быў насамрэч уражаны. Нашым гасцям усё спадабалася. І я была рада.

Аднак на наступны дзень Пелагея Жыгімонтаўна расказала мне пра адну не вельмі прыемную рэч. Адразу пасля таго, як скончылася экскурсія, наш прас-фарсун пачаў фанабэрыцца, сцвярджаючы, што ён самы лепшы і галоўны, бо менавіта на яго звярнулі ўвагу ў першую чаргу. (Наогул, прас вечна нечым не задаволены. Заўсёды лічыць сябе самым разумным. І ўсе ведаюць, што з ім лепш згаджацца, бо, калі што не так, прас пачынае злавацца, пыхкаць, аж пара праз усе дзіркі прэ.) Але ў гэты раз рэчы не выцерпелі такога нахабства фарсуна. Словам, завязалася паміж імі спрэчка: хто ж самы галоўны ў хаце і неабходны ў гаспадарцы.

Прас-фарсун не адступаў:

– У вочы заўсёды кідаецца самае цікавае. А мяне заўважылі першым. Значыць, я самы-самы!

– О-о-о, гэта яшчэ не паказчык! Проста цябе паставілі на самае бачнае месца, – адгукнулася Печ. – Можа, ты і цікавы, але карысці ад цябе, як ад саначак улетку. Толькі і ўмееш, што пыхкаць. Вось я… Я самая патрэбная. Без мяне замёрзнуць гаспадары ды згаладаюць. Не будзе мяне, і што? Прас будзе ім хлеб пячы? (Дарэчы, Важная Печ сапраўды карыстаецца аўтарытэтам сярод іншых. Як-ніяк самая вялікая і старая рэч у хаце. Паважаюць яе не толькі прадметы гаспадаркі, але і гаспадары, бо яна для іх і пекар, і лекар.) Але і з такой паважанай рэччу можна паспрачацца.

– Яшчэ чаго! – падала голас Капрызная Дзяжа. – Усе ведаюць, што я тут галоўная! І менавіта мяне любяць больш за ўсіх гаспадары. Мне ўсе павінны дагаджаць, бо я першая маю справу з хлебам. Усе гэта ведаюць. (Так, усе ведаюць, якая Дзяжа капрызніца. Нават гаспадары ставяцца да яе з асцярожнасцю. Бо, што якое, можна і хлеб сапсаваць ці, наогул, адмовіцца дапамагаць. Пакрыўдзіцца – і ўсё тут! Цяжка прыдзецца ўсім, бо няма дзяжы – няма хлеба.)

– І што тут незразумелага! – уключыўся ў спрэчку Ганарлівы Куфар. – Гэта ж відавочна, што самы лепшы я! Бо самы прыгожы. Я захоўваю святочнае адзенне сямейнікаў і самае важнае – я захоўваю пасаг нявесты. Усё самае цудоўнае пры мне. А вядома, што менавіта прыгажосць выратуе свет! (Наш Куфар – сапраўдны моднік, ён лічыцца самым гламурным сярод іншых, бо ніхто больш не мае справы з самымі прыгожымі ўбраннямі.)

– Ну-ну… Ты, Куфар, канечне, яшчэ той прыгажун. Вялікі, каваны прыгожымі ўзорамі. Але без нас не было б табе чаго захоўваць! – умяшаліся працавітыя Кросны. – Мы ствараем усю гэту тваю прыгажосць: і світкі, і посцілкі, і настольнікі. Тчом не пакладаючы рук, стараемся. Усю сям’ю апранаем. Значыць мы – самыя неабходныя!

– Прабачце, Паважаныя Кросны, але вы забыліся на мяне, – прагаварыла танюсенькім галаском Лучынка-Дзяўчынка. – Каб не маё, няхай сабе і бляклае, святло, не змагла б гаспадыня доўгімі зімнімі цёмнымі вечарамі ткаць. І Вы былі б непатрэбныя. Менавіта я асвятляю нашу хату. Атрымліваецца, я – самая галоўная. І не глядзіце, што маленькая, затое карысці ад мяне больш, чым ад каго. (Лучынку-Дзяўчынку ў хаце не ўспрымалі ўсур’ёз. Малая яшчэ, каб слухалі яе. Ёсць – і добра, няма – не страшна, іншая знойдзецца.)

Раптам пачулася:

– Якія ж вы ўсе смешныя! Спрачаюцца, крычаць немачкі, – заспявалі Вясёлыя Цымбалы. – А вось уявіце, не было б нас, хто б вас мірыў і весяліў? Хто, як не нашы песні? Менавіта яны ўздымаюць усіх над будзёным, над радасцю, над горам. Некаторыя пераносяць нас у свет мар, некаторыя, наадварот, набліжаюць да рэальнасці. Гэта самае галоўнае. Адсюль вывад: мы – лепшыя! (Цымбалы сапраўды стваралі атмасферу ў хаце, без іх не абыходзілася ніводнае свята, ніводны абрад. Усе гэта ведалі, але нікому не хацелася прызнаваць сябе горшымі.)

Так і спрачаліся б Рэчы бясконца, каб не ўмяшаўся Мудры Абраз, што знайшоў пачэснае месца ў Чырвоным куце. Гэта самая маўклівая і разважлівая рэч у хаце. Да яго заўсёды звяртаюцца па параду, бо Абраз самы справядлівы, але асудзіць не спяшаецца.

– Хопіць вам ужо, – прамовіў Абраз. – Колькі можна нагаворваць адно на аднаго. Мы ж адна сям’я. Няўжо вы яшчэ не зразумелі, што ўсе разам мы моцная каманда, а па адным – нішто. Прападзём. І ўсе мы галоўныя, і ўсе патрэбныя самыя. Паважаць мы павінны адно аднаго, а не асуджаць.

Змоўклі ўсе. Прыслухаліся да Мудрага Абраза. І нічога больш не сказалі. Сорамна стала за свае словы, за гэтую пустую балбатню. А пасля вырашылі ніколі больш не спрачацца на гэтую тэму, падзякавалі Абразу. Сапраўды мудрэц…

Мяне вельмі ўразіў аповед Пелагеі Жыгімонтаўны, Але добра, што Рэчы прыйшлі да правільнага вываду, засталіся сябрамі. А я цяпер, калі праводжу экскурсіі, не проста расказваю пра Рэчы, але і стараюся падкрэсліць індывідуальнасць, неабходнасць, важкасць кожнай з іх.

V частка

Ліза Баханькова, юны даследчык: А яшчэ многа цікавага можна даведацца пра рэчы з хаткі (і не толькі з хаткі) з кніжкі Міколы Маляўкі «Сядзіба, або Хата з матчынай душой» (кніга дэманструецца). Мяне зацікавілі прыказкі і фразеалагізмы, якія насяляюць рэчы з хаткі:

Дзе сыноў лава, там бацьку лава, дзе дачок лава, там матцы лава.

Мукой дзяжы не запыліш.

Па малацэ не плач, калі са смятанай гарлач.

Да пары збан ваду носіць.

Бондар у людзей капусты просіць, бо свае кадушкі не мае.

Сівой барадзе месца на куце.

Для стомленых ножак і капа ложак.



VI частка

Вядоўца: Доказ таго, што рэчы ў нашым музеі жывыя, мы знайшлі ў беларускага паэта Алеся Разанава. Вось паслухайце!

Гучаць у выкананні вучняў вершаказы Алеся Разанава «Рэчы» і «Кош»:

Наталля Корсак, сябра клуба:

Рэчы

Рэчы, дарэчы, калі яны становяцца памочнікамі чалавеку, калі яны яму зручныя і спадручныя, і недарэчы, калі яны пачынаюць панаваць над чалавекам і супярэчыць яму.

Рэчы насяляюць чалавечы свет, яго рэчаіснасць, і жыццё чалавека цячэ ў рэчышчы, абумоўленым рэчамі, не могучы выхіліцца з-пад іхняга ўплыву і не могучы заставацца там, дзе застаюцца яны.

Страчваючы рэчы, чалавек сірацее, нібыта страчваюцца яго стрыечныя двайнікі, і набывае новыя магчымасці ў новай сустрэчы з імі.

Чалавек трымаецца за рэчы, як за парэнчы, і яшчэ невядома, хто болей каго не хоча адпусціць ад сябе – ці ён іх, ці яны яго.

У рэчах назапашваецца рэха чалавечых думак, зарокаў і адрачэнняў. З рэчаў, як выява іхняй спрадвечнай і таямнічай моцы, узнікае r e x – цар.



Паліна Платава, сябра клуба:

Кош

У кош напіхваецца скошаная канюшына, ссыпаецца накапаная бульба, назбірваюцца стрэсеныя антонаўкі і каштэлі.

Кош дзіравы – для вады, для паветра і для пяску, але для ўсяго іншага цэлы, і гэтым сваім сумешчаным кшталтам каштоўны.

Кош сухарэбры, кашчавы, таму яго лёгка бяруць за каршэнь і нясуць у поле, у сад, у кашару, а то яшчэ далей – у Кушляны ці Мікашэвічы.

У кашы копшаецца квахтуха.

Ля каша ляжыць, нібы кошычак, кошка.



VII частка

Вядоўца: На дадатковых занятках па мове мы паспрабавалі напісаць свае вершаказы. І вось што атрымалася.

Юля Іванова, сябра клуба, аўтар вершаказа:

Лапці


Лапці заўсёды цанілі ў народзе.

Лапці патрэбны і ў хлеве, і клеці, у хаце. Рабілі іх са скуры і з сарамяці. Яшчэ выраблялі з лазовага лыку, з ліпы (лыка рабілі з прыгожанькай ліпы) – розныя лапці рабілі ў народзе.

Лапці заўсёды ў розных краінах цікавыя сваёй разнастайнасцю. Лапці цікаўныя, падарожнічаюць і цікуюць.

Добрыя лапці рабілі ў народзе, але нашы сучасныя боты лепш за любыя плеценыя лапці.



Света Глебка, сябра клуба, аўтар вершаказа:

Лямпа


Лямпа асвятляе наш жыццёвы шлях здаўна. Здаўна стаіць яна ў хаце і дапамагае нам у працы. Асвятляе хлеў і хату.

Лямпа мае капялюш вялікі і пляскаты.

Лямпа закручваецца і адкручваецца.

Святло лямпы бярэцца ад газы, яго можна зрабіць меншым або большым.



Даша Кулеш, сябра клуба, аўтар вершаказа:

Прас


Прас – фарсун, бо вельмі прыкметная рэч. Ён можа прасаваць і тканіну, і паперу. Калі павольна яго рухаць, то ён адпрасуе кожную складачку, кожны загібчык.

У хаце прас адчувае сябе вельмі паважна. Зрэдку паводзіць сябе, як свавольнік, бо таксама мае сваю музыку і мову. Ён сіпіць і свішча, сыкае і стракоча. І яго цяжка супакоіць, пакуль не астыне.

Яшчэ ў старажытныя часы ўсе карысталіся прасамі. І ў наш час у праса слава працавітага фарсуна.

Вядоўца: Згадзіцеся вельмі ўдалыя вершаказы атрымаліся!

VIII частка

Алеся Стрэчка, сябра клуба, сталы даследчык: А я хачу загадаць вам загадку, якую традыцыйна задаём пры наведванні музея новым гасцям:

– Як вы лічыце, які прас першы? (Дэманструюцца літы прас, вугальны прас, вугальны прас з трубой.)



(Гучаць адказы-меркаванні ад удзельнікаў.)

– Але правільнага адказу наш фотарад не змяшчае. Першым прасам былі ВАЛОК і КАЧАЛКА.



Воля Аблажэвіч, сябра клуба, паказвае, як вучыла яе бабуля прасаваць рэчы пры дапамозе качалкі і валка.

Алеся Стрэчка, сябра клуба, сталы даследчык: Яшчэ адно пытанне: Як раней прасавалі жалезнымі (літымі і вугальнымі) прасамі?

(Алеся распавядае пра вопыт і прыёмы карыстання прасамі. Яе аповед грунтуецца на даследчай рабоце «Гісторыя праса», якую яна пісала пад кіраўніцтвам настаўніка беларускай мовы і літаратуры і настаўніка фізікі. Эксперыментальным шляхам награваліся літыя і вугальныя прасы, рабіліся замеры цеплаёмістасці прасаў, аналізаваліся іх каэфіцыенты карыснага дзеяння і час «працы».)

IХ частка

Аня Гарбузава, сябра клуба, сталы даследчык: Я таксама раскажу вам пра сваю працу. У музей да нас трапіў ручнік у вельмі дрэнным стане. (Дэманструецца.) Таму мы вырашылі аднавіць гэты ручнік.

(Расказвае пра ход сваёй працы, паказвае вынікі. На прывезеным з экспедыцыі старым ручніку быў вельмі выцвілы ўзор. Таму сябры «Беларускай хаткі» вырашылі зрабіць копію гэтага ручніка на ўроках працоўнага навучання. Неабходна было правільна і дакладна зрабіць схему ўзору са старога ручніка, падабраць тканіну для ручніка, ніткі для вышывання, навучыцца дакладна і акуратна класці крыжык, набрацца цярпення і не толькі пачаць вышыўку, але яе і закончыць. Паказвае, як захоўваецца ручнік у куфры.)

Дар’я Кулеш, сябра клуба, сталы даследчык: На ўроках працы пачалі аднаўляць карункі гэтага ручніка. Удалося зняць частку схемы пляцення карункаў. (Дэманстрацыя схемы і зробленай на дадзены момант часткі карункаў.)

Х частка

Вядоўца: Усе мы былі на працягу нашай сустрэчы вельмі ўважлівымі. І зараз я прапаную вам патрэніраваць сваю кемлівасць! У якасці падагульнення – загадкі з хаткі!

Загадкі з хаткі:

1. Бог жыве на небе,

Бог жыве ў царкве,

А ў сялянскай хаце,

Дзе Ён, Бог, жыве?

(Покуць)


2. Сама гола, а за пазухай сарочка.

(Свечка)


3. Які гэта звер: зімой есць, а летам спіць,

Цела поўнае, а крыві не мае?

Сесці на яго сядзеш, а з месца цябе не звязе.

(Печ)


4. Пасярод хаты вісіць чорт лупаты.

(Лямпа)


5. Рагаты, да не бык,

ежу бярэ, а не сыты,

людзям падае, а сам у кут ідзе.

(Вілкі)


6. Не разыначка, а ўсе смакуюць,

Не дзяўчыначка, а ўсе цалуюць.

(Лыжка)

7. У ліпавым карытцы жывое варушыцца.



(Лапці)

8. Надзеў на вяселле прыгожы жупан,

На возе рассеўся і едзе, як пан.

(Куфар)


10. У жываце – баня,

У носе – рэшата,

На галаве – пупок,

Адна рука і тая на спіне.

(Чайнік)
Рэфлексія

Вядоўца: Наш Дамавічок вельмі ўважліва слухаў вас, яму ўсё спадабалася, а што спадабалася вам? Падзяліцеся сваімі ўражаннямі ад сустрэчы.

(Перадаецца Дамавік з рук у рукі ўдзельнікамі сустрэчы. Удзельнікі – і сябры клуба, і госці – выказваюць свае думкі наконт убачанага і пачутага.)

Вядоўца: Вось і падышла да завяршэння наша сустрэча. Сёння мы пабывалі завочна і на экскурсіі, і ў этнаграфічнай экспедыцыі, сталі сведкамі надзвычайных даследаванняў і рэканструкцый, атрымалі асалоду ад шэдэўраў класікаў і нашых юных аўтараў. А самае, напэўна, галоўнае – нам удалося заварыць тую этнаграфічную гарбатку, адчуць смак нашай традыцыйнай культуры, стаць часткай яе, а то, можа, і стваральнікам яе!

Дзякуй вам усім за працу! Я думаю, што пасяджэнне клуба прайшло карысна, цікава і дало вам штуршок для далейшай працы. Магчыма, з’явіліся жадаючыя стаць удзельнікамі нашага клуба «Спадчына»? Мы ўсіх будзем рады бачыць! Да сустрэчы!






База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка