Ёсць такi сайт




Дата канвертавання27.03.2016
Памер19.64 Kb.
Ёсць такi сайт


Маладое пакаленне павінна ведаць аб тым, якой цаной нашы дзяды і прадзеды здабылі Вялікую Перамогу. Гэтай тэме прысвечана мноства мастацкіх і дакументальных твораў, фільмаў. Але, безумоўна, больш яркія вобразы паўстаюць, калі справа тычыцца родных людзей. Больш даведацца пра сваіх блізкіх можа дапамагчы сайт электроннага банка дакументаў «Подзвіг народа ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.» (http://podvignaroda.mil.ru).

З дапамогай гэтага інтэрнетрэсурсу я паспрабавала адшукаць узнагародныя дакументы блізкіх мне людзей і даведацца нешта новае пра іх лёс.

Знайшла на сайце звесткі пра майго дзядулю Міхаіла Васільевіча Няфёдава, ураджэнца Маскоўскай вобласці. Я была яшчэ дзіцем, калі ён памёр, і мала што ведаю пра яго лёс. Нарадзіўся ў 1926 годзе, у 18 гадоў яго прызвалі ў Чырвоную Армію. Прайшоў усю вайну, быў стралком 7 стралковай роты 3 стралковага батальёна марской пяхоты. Удзельнічаў у вызваленні Беларусі. Ва ўзнагародным дакуменце да медаля “За адвагу” напісана, што ў 1943 годзе чырвонафлоцец пры ўзяцці горада Віцебска ў складзе 34 дывізіі 248 стралковага палка са станкавага кулямёта знішчыў 12 немцаў, пасля чаго быў паранены. Ведаю, што дзядуля прымаў удзел у бітве за Кёнігзберг, а пасля вайны, так склаліся абставіны, вярнуўся туды, стварыў сям’ю, выгадаваў дзяцей.

Адшукала я і тры ўзнагародныя лісты да двух медалёў “За адвагу” і ордэна Айчыннай вайны II ступені Івана Якаўлевіча Жыліка, прадзеда маіх сыноў, якога даўно няма ў жывых.

І. Я. Жылік нарадзіўся ў 1919 годзе ў вёсцы Вядзернікі Валожынскага раёна, прызваны ў Чырвоную Армію ў жніўні 1944-га, быў сапёрам 238 інжынерна-сапёрнага батальёна на Другім Беларускім фронце. 14 студзеня 1945 года ў раёне вёскі Лосева, дзейнічаючы ў складзе групы, ён суправаджаў пяхоту ў наступленні на занятай фашыстамі тэрыторыі. Ідучы спераду наступаючых падраздзяленняў, выявіў у 50-ці метрах ад нямецкіх траншэй міны, якія абясшкодзіў. Пяхота змагла без перашкод прадоўжыць наступленне. Такім чынам, Іван Якаўлевіч забяспечыў своечасовы праход нашых часцей. За ўзорнае выкананне задання і праяўленыя пры гэтым доблесць і мужнасць ён быў узнагароджаны сваім першым медалём “За адвагу”.

4 лютага пры абароне горада Кульм, знішчаючы Торнаўскую групоўку ў раёне Недвіцы, на працягу сутак Іван Якаўлевіч трымаў абарону, прыкрываючы шашу. Адбіваючы атаку, у рукапашнай сутычцы знішчыў аднаго нямецкага салдата і аднаго ўзяў у палон. Так ён атрымаў свой другі медаль “За адвагу”.

За ўдзел у ваенных дзеяннях, прыкладныя паводзіны, доблесць і мужнасць І. Я. Жылік быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені.

Кожны салдат Вялікай Айчыннай вайны заслугоўвае добрых слоў. Хочацца, каб нашы дзеці памяталі сваіх прадзедаў, якія вялікай цаной заваявалі мір на роднай зямлі.



Анжэла РАДЫНА


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка