Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт




Дата канвертавання01.05.2016
Памер148.71 Kb.

Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт

запрашае на


XVI Міжнародную навуковую канферэнцыю студэнтаў бакалаўрыяту і магістратуры
Еўропа 2014: Гуманітарныя навукі паміж мінулым і будучыняй
У адрозненне ад прыродазнаўчых і тэхнічных навук, што дэманструюць ашаламляльныя поспехі ў сваім развіцці, гуманітарныя і сацыяльныя навукі недапушчальна часта выяўляюцца няздольнымі адказаць на крызісныя з'явы сучаснага глабальнага свету. Асабліва інтэнсіўнымі і скрайне радыкальнымі па сваіх формах з'яўляюцца спробы пераасэнсавання фундаментальных асноваў гуманітарных навук у ХХ стагоддзі, што зазнала нечуваныя да тае пары сацыяльныя ўзрушэнні, якія каштавалі дзясяткаў мільёнаў чалавечых жыццяў. Небеспадстаўна такога кшталту трагічныя падзеі гісторыі суадносяцца з неапраўданымі ілюзіямі самога ладу мыслення і тых уяўленняў пра чалавека і грамадства, якія культываваліся ў еўрапейскай традыцыі цягам доўгіх стагоддзяў.

Пэўнае падсумаванне драматычнага дысанансу і разрыву паміж ведамі і рэчаіснасцю, да якой гэтыя веды звяртаюцца, было зроблена ў выказваннях Х. Арэнт блізу 60 гадоў таму: «thought and reality have parted company» і «reality has become opaque for the light of the thought». Драматызм гэтага дамінантнага для ХХ стагоддзя прызнання, што сведчыць пра адсутнасць у нас належнага ўяўлення пра тое, якім чынам і праз якія веды належыць асэнсоўваць існуючую сацыяльную рэчаіснасць і вызначаць уласныя жыццёвыя арыенціры ў гэтым свеце, быў у пэўнай ступені пахіснуты крыху больш за 20 гадоў таму, калі выявіла сваю неабгрунтаванасць і распалася сацыяльная сістэма, што цягам дзесяцігоддзяў замінала пазітыўным пераўтварэнням у сучасным свеце.

Панятак «гуманітарныя навукі» ўжываецца ў дадзеным выпадку ў ягоным гранічна шырокім сэнсе, спалучаючы ў сабе як сацыяльныя навукі (эканоміка, права, сацыялогія і да г. п.), так і тое, што ў англійскай мове абазначаецца як humanities. Пры гэтым неабходна звярнуць увагу на тое, што змест humanities (літаратура, мастацтва, гісторыя, філасофія) выяўлены не ў адпаведнасці з прынцыпамі выкладання навуковай тэорыі. Тым не менш, гэты «ненавуковы» спосаб выяўлення ў літаратурным творы, жывапісе, музыцы ёсць надзвычай істотным, а часам – і больш глыбокім спосабам спасціжэння чалавекам самога сябе і навакольнага грамадства.

У межах працы канферэнцыі плануецца правесці наступныя секцыі:

Мова гуманітарных навук


Кіраўнік: А. А. Міхайлаў

Мова занадта часта ўспрымаецца як сродак ці інструмент, якім мы быццам бы валодаем. Аднак нават у сваёй роднай мове, не кажучы ўжо пра замежную, ступень гэтага «валодання» можа істотна адрознівацца. Часцяком нашая мова стандартная, шаблонная, яна абапіраецца на выкарыстанне шырока распаўсюджаных стэрэатыпаў, перашкаджае даносіць да Іншага змест таго, што ў нашых формах камунікацыі паўстае ў гранічна збедненым выглядзе. Адной з найсур'ёзнейшых праблем, з якімі сутыкаюцца гуманітарныя навукі, ёсць дамінаванне ў іх мовы абстрактнай тэорыі, якая занадта часта навязвае сябе навакольнай рэчаіснасці і тым самым замінае спасцігаць гэтую рэчаіснасць у яе канкрэтнасці. Менавіта таму цягам апошніх дзесяцігоддзяў робяцца намаганні па пераасэнсаванні таго, якой павінна быць мова гуманітарных навук, каб яна здолела набыць неабходную моц свайго абазначэння і ўздзеяння.

Праблемы станаўлення міжнароднага і еўрапейскага правапарадку

Кіраўнік: К. Іваноў

Сучасныя працэсы ўзаемадзеяння розных прававых сістэм і інтэнсіўны абмен паміж імі прывялі да фарміравання глабальных стандартаў у галіне права. Трансфармацыі нацыянальнай прававой сістэмы – адзін з найбольш істотных працэсаў, што адбываюцца ў грамадствах Усходняй Еўропы пачынаючы ад 90-х гг. ХХ ст., – звязаныя ў значнай ступені з працэсамі ўніверсалізацыі прававых прынцыпаў. Гэты працэс ахоплівае ўсе галіны права і адкрывае нацыянальныя прававыя сістэмы да міжнароднага права, а таксама дазваляе казаць пра станаўленне міжнароднага і рэгіянальнага правапарадкаў.

Секцыя ёсць пляцоўкай для абмеркавання тэндэнцый у развіцці міжнароднага і еўрапейскага права, а таксама аспектаў уплыву, які робіць у цяперашні час міжнароднае і еўрапейскае права на нацыянальны правапарадак. Мяркуецца, што секцыя аб'яднае студэнтаў, якія спецыялізуюцца па самых розных галінах права.




Канстытуцыяналізм і прававыя інструменты абароны правоў чалавека ў краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы

Кіраўнік: А. Брэскі

Стан механізмаў абароны правоў чалавека знаходзіцца сёння ў цэнтры развіцця канстытуцыйнага права. Праблема правоў чалавека больш ужо не ёсць выключна ўнутранай справай кожнай дзяржавы, а перарасла ў чыннік міжнароднага парадку. Падчас секцыі абмяркоўваюцца пытанні стану судовай абароны, права на атрыманне кваліфікаванай юрыдычнай дапамогі, развіцця інстытута Упаўнаважанага па правах чалавека, адмысловых органаў, што ажыццяўляюць міжнародны кантроль за дзейнасцю дзяржаваў у сферы забеспячэння і аховы правоў чалавека; якія спосабы і метады рэгулявання магчымыя ў галіне новых тэхналогій, што дазваляюць захаваць гуманістычны характар цывілізацыі.

Mapping Knowledge

Кіраўнік: Ф. Акерман, працоўная мова секцыі – англійская

We got used to read the world as complex textual structures and we normally fix our insights as texts. During the last decades cultural analysis paid special attention to different aspects of this de- and reconstruction process. The practice of reading and writing itself became an issue of anthropological research. A Spatial turn paid more attention to the spatial dimension of both: Language as a semiotic practice and history being perceived not mainly within a framework of time, but literally taking place. Looking from a post-colonial historical perspective it is obvious that maps were not just an illustration of knowledge, but the process of mapping itself was part of the production of space, history and consciousness. In this section we will analyze the production of knowledge and its spatial dimension in regard to our own work.

Даследаванне рэлігійнага жыцця як міждысцыплінарны праект

Кіраўнік: В. Ю. Брэская

 

Пачынаючы ад сярэдзіны XIX стагоддзя, рэлігіязнаўства дэманструе эвалюцыю навуковых метадаў і катэгорый аналізу рэлігійнага жыцця. Сучаснаму даследчыку рэлігіі зусім не складана даць азначэнне паняткам «гарадская рэлігійнасць», «мега-царква», «прасторавы аналіз рэлігійных з'яваў», «кагнітыўнае рэлігіязнаўства».



Навуковае спазнанне рэлігійных працэсаў сёння імкнецца да ўсё больш вузкай спецыялізацыі, пры гэтым утвараюцца новыя камбінацыі міждысцыплінарных сувязяў гісторыі і сацыялогіі рэлігіі, філасофіі і псіхалогіі рэлігіі. Менавіта гэтая тэндэнцыя прымушае даследчыкаў пераключаць фокус з вузкага дысцыплінарнага падыходу на міждысцыплінарнае даследаванне рэлігійнага феномена ў катэгорыях, што інтэгруюць розныя спосабы аналізу рэлігіі. Секцыя запрашае да ўдзелу маладых даследчыкаў рэлігіі, што дэманструюць у сваіх выступах міждысцыплінарны метад і катэгорыі аналізу рэлігійнага жыцця.

Тэалогія і публічная сфера

Кіраўнік: С. Гарэт, працоўныя мовы секцыі – англійская, руская

Сучасныя ліберальныя дэмакратыі зводзяць выказванні пра Бога ў рамкі рэлігійных установаў і прыватнай сферы веры, аддзяляючы яго ад публічнай сферы. Аднак некаторыя сучасныя палітолагі, напрыклад, Уільям Конэлі, сцвярджаюць, што свецкія грамадствы з ліберальным палітычным ладам вымагаюць ад грамадзян размежаваць свае рэлігійныя перакананні і «спавядаць веру ў межах разумнага, працэдуры ці разважлівасці» для таго, каб быць актарамі ў публічнай сферы. Але такая «вера» выклікае шэраг пытанняў што да саміх бінарных апазіцый: «сакральнае/свецкае» ці «публічнае/прыватнае», якія выкарыстоўваюцца для ўпарадкавання ліберальных дэмакратый. Такім чынам, падчас гэтай секцыі будуць разглядацца пакрыёмыя тэалагічныя і анталагічныя абгрунтаванні ліберальнай дэмакратыі; сувязь паміж верай і дзеяннем; а таксама пытанні актуальнасці дзейсных бінарных апазіцый, якія ажыўляюць ліберальныя дэмакратыі, і альтэрнатыўныя спосабы інкарпаравання размовы пра Бога ў публічную прастору.

Працэсы еўрапеізацыі ў краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы: сацыяльна-палітычныя і эканамічныя аспекты

Кіраўнік: В. Валянцінавічус

У межах працы гэтай секцыі плануецца закрануць пытанні, датычныя праблематыкі трансфармацыі рэгіёна, выявіць палітычныя і эканамічныя тэндэнцыі, супольныя і адрозныя для краін, што ў яго ўваходзяць. Працэсы еўрапеізацыі дакладчыкі закліканыя інтэрпрэтаваць і выкарыстоўваць у больш агульным азначэнні, абапіраючыся як на ўнутрыпалітычныя, так і на знешнепалітычныя працэсы глабальнага характару. Дакладчыкі могуць як асвятляць агульнагістарычныя пытанні ў межах заяўленага ў тэме праблемнага поля, так і прадстаўляць аналіз канкрэтных кейсаў. Вітаюцца даклады міждысцыплінарнага характару, аднак у межах паліталагічнай, сацыялагічнай і філасофскай парадыгмаў.

Публічная палітыка і трэці сектар: праблемы азначэння і аналізу ў рэгіёне Цэнтральна-Усходняй Еўропы (ЦУЕ)
Кіраўнікі: Т. Чуліцкая, А. Сцяпанаў
Праблематыка публічнай палітыкі і трэцяга сектара ў рэгіёне ЦУЕ ёсць даволі новай для акадэмічных даследаванняў. Актуальныя пытанні: наколькі гэтыя паняткі адпавядаюць рэаліям цэнтральна- і ўсходнееўрапейскіх дзяржаваў, практыкам кіравання і грамадскага жыцця ў іх? Як фарміруецца ў іх павестка дня публічнай палітыкі, у чым палягаюць асаблівасці інструментаў яе рэалізацыі? Ці могуць няўрадавыя арганізацыі існаваць і функцыянаваць у палітычных умовах, дзе па-ранейшаму ажыццяўляецца дзяржаўнае рэгуляванне розных сфер грамадскага жыцця (напрыклад, у Расіі і Беларусі)? Цікавай перспектывай для абмеркавання гэтых пытанняў ёсць ажыццяўленне параўнання паміж краінамі рэгіёна, пошук падставаў для такога кшталту параўнання і выпрацоўка класіфікацыі публічнай палітыкі і трэцяга сектара. Гэтыя і іншыя пытанні і кірункі даследаванняў разгляданых з'яваў публічнай сферы прапануем абмеркаваць удзельнікам панэлі.

Гуманітарныя навукі і адукацыя

Кіраўнік: Р. Я. Мінянкоў

Мэта секцыі – аналіз практык прадстаўлення сацыяльных і гуманітарных навук у сучаснай вышэйшай адукацыі. З аднаго боку, гаворка пойдзе пра аналіз існуючых практык, з іншага – пра задачы і перспектывы гуманітарнай адукацыі ва ўмовах грамадства сацыяльнай нявызначанасці і зменлівых ідэнтычнасцяў. Істотна зразумець, якія веды павінен мець сучасны чалавек, каб паспяхова вырашаць праблемы асабістага і сацыяльнага жыцця ў кантэксце бесперапынных сацыяльных зменаў, як гэтыя веды могуць быць прадстаўленыя ў адмысловых гуманітарных курсах, а таксама ў структуры прафесійнай падрыхтоўкі ўвогуле.

Інтэрпрэтацыя культурнай спадчыны – шлях да гуманітарнага пазнання

Кіраўнік: А. М. Калбаска

Музеі як адна з найбольш эфектыўных форм інтэрпрэтацыі культурнай спадчыны дапамагаюць чалавеку зразумець іншых людзей і самога сябе. Розныя тыпы і спосабы вытлумачэння спадчыны адпавядаюць розным гістарычным эпохам і культурным традыцыям. Яны падуладныя палітычным і ідэалагічным уплывам, шматварыянтныя і суб'ектыўныя. Адны і тыя самыя падзеі магчыма прадставіць з дыяметральна супрацьлеглых пунктаў гледжання, з супрацьлеглым вынікам. Пачынаючы ад другой паловы ХХ стагоддзя ў свеце нарастае рух «За новую музеялогію»: музеі выходзяць па-за межы сваіх сцен, вяртаюць гістарычныя артэфакты ў рэальнае жыццё, выкарыстоўваючы самыя разнастайныя формы і спосабы інтэрпрэтацыі. Тым не менш, праблема вытлумачэння і разумення спадчыны застаецца ключавой для ўсіх удзельнікаў працэсу.

History from below – гісторыя «знізу»

Кіраўнікі: І. Раманава, І. Махоўская

Змяненне ў ХХ ст. уяўленняў пра чалавека і грамадства спрычынілася да трансфармацыі гуманітарных ведаў увогуле і гісторыі ў прыватнасці. Гаворка ідзе не столькі пра новы ракурс, колькі пра прынцыпова інакшы падыход да рэканструкцыі мінулага. Для гісторыі «знізу» (history from below), мікрагісторыі, гісторыі штодзённасці (Alltagsgeschichte, history of everyday life, everyday life history) аб'ектам даследавання ёсць мноства рацыянальнасцяў, мноства стратэгій, якія выкарыстоўваюць супольнасці, сацыяльныя групы, сем'і, паасобныя індывіды. Вывучэнне пытанняў узаемасувязі паміж індывідуальнай рацыянальнасцю і калектыўнай ідэнтычнасцю вымагала ад гісторыкаў міждысцыплінарнасці ў працы з крыніцамі.

Прыярытэтнымі кірункамі працы гэтай секцыі будуць гісторыя штодзённасці і мікрагісторыя ў вывучэнні гісторыі Беларусі.



Культурная спадчына ў кантэксце глабальных выклікаў сучаснасці

Кіраўнік: С. В. Арцюшэўская

Актуальнасць вывучэння праблем, звязаных з культурнай спадчынай, абумоўленая ўскладненнем і пашырэннем канцэпцыі культурнай спадчыны, а таксама якасным змяненнем яе ролі ў сучасным свеце. Працэсы глабалізацыі, што нівелююць рэгіянальныя адрозненні, камерцыялізацыя культурнай сферы, імклівае развіццё турызму і шматлікія іншыя выклікі сучаснасці актуалізуюць праблемы вывучэння, захавання і практычнага выкарыстання культурнай спадчыны. Варта адзначыць павелічэнне значэння культурнай спадчыны як фактара захавання культурнай разнастайнасці, самаідэнтыфікацыі супольнасцяў рознага ўзроўню, а таксама прызнанне ролі культурнай спадчыны як інфармацыйнага, адукацыйнага, эканамічнага і палітычнага рэсурсу ўстойлівага развіцця грамадства.

Запрашаем удзельнікаў секцыі да абмеркавання наступных пытанняў: культурная спадчына і ідэнтычнасць; праблемы аховы культурнай спадчыны; формы і метады актуалізацыі культурнай спадчыны; індустрыя спадчыны; культурная спадчына і турызм.


Сучаснае мастацтва: паміж класікай і авангардам
Кіраўнікі: А. Тоўсцік, К.  Янчэўская
Пачынаючы ад авангарда мінулага стагоддзя, мастацтва – гэта ўжо не вытворчасць высокамастацкіх рэчаў, а хутчэй прэзентацыя новых ідэй і спроба мастацкімі сродкамі ўплываць на навакольны свет. Таму жаданне разглядаць мастацтва па-за межамі сацыяльна-палітычнай праблематыкі часам успрымаецца як беспадстаўнае і наіўнае. Ці захоўваецца пры гэтым сувязь сучаснага мастацтва з класікай? Якія новыя тэхнікі і тэхналогіі яно выпрацоўвае ўнутры сябе, а якія бярэ на ўзбраенне з даўнейшых часоў? Так, кіно і фатаграфія – гэта ў большай ступені мастацкая практыка ці тэхнічны працэс, а, мабыць, удалы навуковы эксперымент? І што ж чакае мастацтва ў будучыні? Магчыма, яго межы будуць сцёртыя цалкам: арт-тэрапія зробіцца неад'емнай часткай нашага жыцця, і кожны з нас без вынятку з дапамогай найноўшых медыяў зможа адчуць сябе творцам і мастаком?
Медыякультура: аналіз, інтэрпрэтацыя, крытыка

Кіраўнік: В. Канстанцюк

Секцыя прысвечаная праблеме інтэрпрэтацыі сучаснай медыякультуры ў міждысцыплінарным кантэксце – з пункту гледжання культурнай тэорыі, філасофіі, сацыялогіі, антрапалогіі, тэорыі камунікацыі, лінгвістыкі, гісторыі, палітычных навук і г. д. Секцыя можа ўключаць даклады па наступных кірунках (але не абмяжоўвацца імі): «старыя» і «новыя» медыі – супольнае і адметнае (што «новага» ў «новых медыях»); генеалогія медыя (у філасофскім і сацыяльным аспектах); антрапалагічныя аспекты высокатэхналагізаванай штодзённасці; кінематограф як рэпрэзентацыя і форма крытычнай рэфлексіі медыялізаванай рэальнасці; інтэрактыўнасць VS інтэрпасіўнасць у кантэксце палітычнага жыцця соцыуму; мова новых медыяў; медыялізаванае асяроддзе гарадской прасторы; праблемы рэгуляцыі доступу да ведаў і культурнай прадукцыі ў эпоху Інтэрнэту; лёс медыя- і Net-арту ў эпоху DIY культуры; трансмедыя – новыя фарматы і жанры медыякультуры ў эпоху медыяканвергенцыі.


(Не)актуальныя праблемы гендарнай тэорыі

Кіраўнікі: А. Мінчэня, В. Сасункевіч

Секцыя прысвечаная праблемам сучаснай гендарнай тэорыі і яе выкарыстання для даследавання сацыяльных, палітычных, культурных і эканамічных рэалій постсавецкага грамадства. Секцыя ўключае даклады па наступных кірунках (але не абмяжоўваецца імі): гендарныя аспекты прыватнай і публічнай сферы; гендарная адукацыя для НДА; фемінісцкая крытыка поп-культуры і медыя; гендарныя аспекты найноўшых інфармацыйных і аўдыявізуальных тэхналогій; гендар, Інтэрнэт і віртуальныя ідэнтычнасці; гендарная оптыка ў літаратуры; гендар, сексуальнасць, улада; квір-тэорыя і практыка ЛГБТ-рухаў; трансгендарныя тэорыя і практыка; гендар і нацыяналізм; гендарнае вымярэнне эканомікі і фемінісцкая крытыка неаліберальнай палітэканамічнай тэорыі; мужчыны ў фемінізме; гендарныя калізіі постсацыялістычнага грамадства.


Папулярызацыя ўрбанізму і новыя прафесійныя ідэнтычнасці
Кіраўнік: С. Любімаў

Сёння горад штораз часцей успрымаецца як цэнтральная ніша развіцця, сфарміраваная новым тыпам дачыненняў паміж вытворчасцю і спажываннем, канкурэнтаздольнасцю і культурай, сацыяльнымі праблемамі і палітычным прадстаўніцтвам. Якасныя змены гарадскога асяроддзя надаюць новы сэнс і легітымнасць існым сферам занятасці, а таксама па-новаму афармляюць прафесійныя ідэнтычнасці архітэктара, сацыяльнага актывіста, муніцыпальнага палітыка, аніматара, культурнага прадпрымальніка, журналіста і г. д. Мэта гэтай секцыі – выявіць спецыфіку новых працоўных месцаў і прафесійных ідэнтычнасцяў, што паўстаюць разам з папулярызацыяй урбанізму як апрычонай практыкі і галіны ведаў; а таксама абмеркаваць легітымнасць і грамадскія задачы, якія вырашаюць гэтыя прафесіі і працоўныя месцы. Секцыя прадугледжвае як сістэматызуючыя даклады, так і даследаванні канкрэтных праектаў і падыходаў.

Дызайн і гуманітарныя навукі: уяўленні аб дызайне на постсавецкай прасторы

Кіраўнік: А. Пігальская

Дызайнер – даволі папулярная прафесія на постсавецкай прасторы. Лічыцца, што для прафесіі дызайнера патрэбныя пераважна практычныя навыкі. Неабходныя звесткі па гісторыі і тэорыі дызайну зазвычай пазычаюцца з еўрапейскага і амерыканскага кантэксту. Лакальная гісторыя дызайну апынаецца на перыферыі ўвагі. Секцыя скіраваная на выяўленне адметных рысаў, характарыстык постсавецкай прасторы, якія вызначаюць і ўплываюць на дзейнасць дызайнера; вызначэнне ролі і значэння прафесіі дызайнера на постсавецкай прасторы, грунтуючыся на канкрэтных прыкладах і гісторыях як з савецкіх часоў, так і з нядаўняга мінулага.
Псіхалогія як сацыяльная практыка

Кіраўнікі: Т. В. Шчытцова, І. Г. Глухава

Псіхалогія, бясспрэчна, займае асаблівае месца сярод сацыяльных навук. Яе прэтэнзія на спазнанне законаў нашага душэўнага жыцця і паводзінаў ператварае псіхалогію ў прадмет нязгаснай цікавасці для самай шырокай публікі. Пры гэтым менавіта практычнае вымярэнне псіхалогіі – яе здольнасць выступаць у якасці дзейснага сродку па трансфармацыі нашага самаразумення і сацыяльнага досведу – патрабуе адмысловай рэфлексіі адносна таго, на якім бачанні чалавека ўгрунтаваныя тыя ці іншыя метады практычнай псіхалогіі. З іншага боку, неабходна праясніць пытанне сацыяльна-гістарычнай абумоўленасці псіхатэрапеўтычнай і кансультацыйнай працы псіхолагаў-практыкаў. Якім сацыяльным запытам адпавядае практычная псіхалогія? Як развіваецца гэтая сфера ведаў і сацыяльнага ўзаемадзеяння ў постсавецкіх краінах і ў Беларусі, у прыватнасці?

Сучаснае грамадства: паміж індывідуалізмам, калектывізмам і практыкамі супольнасцяў

Кіраўнік: В. Шпарага

Індывідуалізм нарадзіўся ў Еўропе ў выніку развіцця мадэрных грамадстваў, у якіх дзяржава гарантавала (і рабіла стаўку на) недатыкальнасць асобы і яе фундаментальныя грамадзянскія і палітычныя правы. Калектывізм жа, ажно да распаду СССР, асацыяваўся з парушэннем гэтых правоў і бязмежным умяшальніцтвам дзяржавы ў індывідуальнае і сацыяльнае жыццё людзей. Як суадносяцца гэтыя паняткі сёння, у сітуацыі эрозіі (крызісу) дзяржавы ўсеагульнага дабрабыту ў Заходняй Еўропе і сацыяльнай дзяржавы ў краінах постсавецкай прасторы? Чаму сучасныя сацыяльныя тэарэтыкі не здавальняюцца сёння паняткам індывідуальнай свабоды і разважаюць над практыкамі і тэорыямі супольнасці, звяртаючыся пры гэтым да такіх паняткаў, як калектыўныя каштоўнасці, сацыяльны капітал, справядлівасць і публічнасць? Урэшце, як гэтыя паняткі і праца з імі змяняюць аблічча самой філасофіі і сацыялогіі?

Канкурэнтаздольнасць прадпрыемстваў
Кіраўнікі: А. Кавалёў, А. Стральцоў
Навука стратэгічнага менеджменту пастулюе рэсурсную канцэпцыю стратэгіі асноўным трэндам сучаснай даследчай праграмы. Сапраўды, пошук крыніц поспеху фірм унутры саміх фірм ёсць плённым кірункам. Але пры гэтым паўстае ключавое пытанне: ва ўмовах даступнасці рэсурсаў павінна адбыцца выраўноўванне ўмоваў дзейнасці, і канкурэнтныя перавагі павінныя мець выключна часовы характар. За кошт чаго тады атрымліваецца доўгатэрміновая перавага? Апрача таго, шматлікія фактары канкурэнтаздольнасці фірм ляжаць па-за межамі саміх фірм. Якія сацыяльныя і бізнэс-інстытуты забяспечваюць канкурэнтаздольнасць? Ці ёсць узаемасувязь канкурэнтаздольнасці нацыянальнай эканомікі і фірм, што дзейнічаюць у глабальным асяроддзі?

З гэтай нагоды асноўныя пытанні секцыі наступныя: Якія фактары вызначаюць ключавыя кампетэнцыі фірм? Ці маецца ў фірм магчымасць стварыць рэсурсы, што забяспечваюць канкурэнтныя перавагі? Ці можа ўрад фарміраваць умовы павышэння канкурэнтаздольнасці прадпрыемстваў?




Between market and society: a German model of economics
Кіраўнік: I. Motūzaitė, працоўная мова секцыі – англійская
It’s not a secret that the most impressive project of social and economic development after WWII was a Germany’s model of social market economy, directed at ensuring customer-friendly competitive market as well as social security, fair work conditions and open trade policy. It’s a liberal system suitable for countries in which free entrepreneurship prevails as an essential good, accompanied at the same time by concern for social welfare.
However, what are the costs of practical implementation of these sometimes incompatible aims? Analysing a 50 years old way of Germany’s development of social market economy, we can speak about the key of such success with all its advantages and disadvantages. 
Таксама падчас канферэнцыі плануецца правесці шэраг круглых сталоў, прэзентацый кніг і студэнцкіх навуковых праектаў.

Працоўныя мовы канферэнцыі: англійская, нямецкая, беларуская, руская.

Удзел у канферэнцыі – на падставе конкурсу. Для ўдзелу ў канферэнцыі неабходна да 16 сакавіка запоўніць і падаць анлайн-заяўку. Вынікі конкурснага адбору будуць паведамленыя не пазней за 15 красавіка 2014 г. Па выніках канферэнцыі плануецца выданне зборніка навуковых працаў.

Візавая падтрымка

Студэнты, якім неабходная візавая падтрымка, павінныя ў заяўцы пазначыць пашпартныя звесткі для атрымання візаў. Віза выдаецца бясплатна.



Жытло

На перыяд правядзення канферэнцыі (16–17 траўня) усім удзельнікам прадастаўляецца жытло (бясплатна).



Кантакты

Кантактны адрас: studentconference @ ehu.lt За абнаўленнямі сачыце на старонцы канферэнцыі http://www.ehu.lt/ru/conference/studencheskaja-konferencija-egu, а таксама на нашых старонках у сацыяльных сетках: VK, Facebook.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка