Эпіграф:“А на стале тым – рай ды годзе” Літаратура: 1




Дата канвертавання07.05.2016
Памер99.96 Kb.
Свята нацыянальнай кухні
Мэта:Выхоўваць павагу і любоў да традыцый і звычаяў нашых продкаў, да гісторыі беларускай кухні, зацікавіць прыгатаваннем спрадвечна беларускіх страў.
Эпіграф:“А на стале тым – рай ды годзе”
Літаратура:

1.”Беларуская кухня”, Мн. “Ураджай” 1993.

2.”Літоўская гаспадынька”, Мн. “Полымя” 1993.

3.”Новая зямля”, Я.Колас.

4.”Родныя дзеці”, Н.Гілевіч

5.”Пачаткі роднае мовы”, В.Раманцэвіч.
Афармленне: зала нагадвае беларускую карчму. Сцены ўпрыгожаныя каляровымі плакатамі, намаляваныя ў нацыянальным стылі. На іх прыказкі і прымаўкі:
Усё зашкодзіць, што занадта, нават пірагі.

Запас бяды не чыніць.

Смачна было, ды блізка дно.

На смачны кусочак знойдзецца раточак.

Калі на стале гусь і парася, то работа хараша.

Калі хлеб у возе, то няма бяды ў дарозе.

Без хлеба яда—да парога хада.

Чалавек галодны ні на што не годны.
Столікі ссунутыя па два, накрытыя вышыванымі абрусамі. Ручнікі прымацаваныя і на сценах. На сталах – нацыянальныя стравы. Гучыць беларуская музыка.
Госці: Кулецкая Марыя Мікалаеўна - народны мастак.

Кудравец Аляксандр Васільвіч - кіраўнік ансамбля “Ліцвіны”

Ніна Васільеўна – старэйшы повар школьнай сталоўкі.

Ход свята
Усе ўдзельнікі сядзяць за столікамі па 5-6 чалавек. Збоку столік гасцей з самаварам. Усе выконваюць песню “Сёння ў нашай хаце свята”(або гучыць яна ў запісе).
Вядоўца: Сёння ў нашай хаце сапраўды свята. Яго мы прысвяцілі нацыянальнай кухні, якую ведаем вельмі і вельмі мала. Якія стравы спажывалі нашы продкі? Як яны называліся і як гатаваліся? У якіх абрадах іх ужывалі беларусы? Якое значэнне яны мелі і маюць? Пра ўсё гэта нам і раскажуць сёння ўдзельнікі свята.

Прадстаўленне гасцей.

Вядоўца: Давайце паслухаем гісторыю нашай нацыянальнай кухні. (Удзельнікі па адным ад століка распавядаюць)
З гісторыі нацыянальнай кухні:
1. Шматвяковую багатую і цікавую гісторыю мае беларуская кухня. Спрадвеку беларусы падтрымлівалі цесныя сувязі з рускімі, украінцамі, палякамі, літоўцамі і латышамі. І заканамерна, што беларуская кухня зрабіла ўплыў на кухні гэтых народаў. І наадварот. Пра гэта сведчаць і агульныя назвы адных і тых жа страў, кулінарных вырабаў і напояў, розных кухонных рэчаў і посуду. Вядома, напрыклад, што літоўцы і латышы перанялі беларускае слова талакно, а беларусы — літоўскае слова луста. Крупнік мае агульную назву ў палякаў, літоўцаў. А традыцыйная страва беларусаў верашчака папулярная і ў Латвіі. Добра вядомая беларуская зацірка ў рускай, літоўскай, польскай і ўкраінскай кухнях.

2. Беларусы, як і іншыя славянскія народы, здаўна займаліся земляробствам. Жыта, пшаніца, ячмень, авёс, грэчка, гарох — найстаражытнейшыя культуры на Беларусі. У паўсядзённым харчаванні беларусаў выкарыстоўваліся збожавыя і гародніна, што вырошчваліся і вырошчваюцца на палях і агародах. Печаны жытні і іншыя вырабы з жытняй мукі на працягу многіх стагоддзяў панавалі ў харчаванні насельніцтва. У беларусаў з дзяцінства выхоўваліся да хлеба павага і беражлівасць. З ім ішлі на радзіны, у сваты, на вяселле і іншыя ўрачыстасці. Хлебам-соллю сустракалі дарагіх гасцей. Самы старажытны хлебны выраб у славян — каравай. У беларусаў каравай і ў нашы дні з’яўляецца абавязковым на вяселлі. Звычайна ён мае круглую форму, зверху ўпрыгожваецца фігуркамі птушак, жывёл, чалавечкаў з цеста. Падаецца каравай на вяселлі напрыканцы ўрачыстай трапезы як сімвал матэрыяльнага дастатку.


3. У 20-30-я гады былі распаўсюджаны такія стравы, як талакно, жур (аўсяны кісель), крупнік, пячона (каша з пшана), калатуха, поліўка, верашчака (мясная страва). З жытнімі і бульбянымі блінамі часта ўжывалі тоўчанае семя льну і каноплі, шкваркі, гурочны і капусны расол. Шырокае распаўсюджанае ў беларускай кулінарыі да 50-х гадоў ХХ стагоддзя мелі замяняльнікі хлеба: сачні, драчоны, скавароднікі. Іх рыхтавалі таксама з жытняй, ячменнай і зрэдку пшанічнай мукі. Скавароднікі пяклі з кіслага цеста. Сачні рабілі больш тонкія, чым скавароднікі, але таўсцейшыя за бліны. Для прыгатавання сачней (тоўстых мучных бліноў) часта выкарыстоўвалі начынку: бульбу, яблыкі, вішні, слівы і інш. Для драчон бралі сыроватку або свежае малако, а таксама хлебны, кляновы або бярозавы квас. Цеста рабілі больш вадкім, чым для выпечкі хлеба.З лепшых гатункаў мукі пяклі хрусты, каржаны, пернікі, з квашанага цеста рабілі пірагі (з грыбамі, яйкамі, ягадамі).

4. З мучных страў найбольш папулярнымі былі клёцкі, зацірка, кулеш, лапша, наліснікі, ламанцы, з крупяных — крупнік, панчак, гушча. Іх падавалі з мясам, смажаным салам, малаком, маслам. Асабліва разнастайныя ў Беларусі стравы з бульбы, якую да сённяшняга часу называюць другім хлебам. Бульбяная бабка, камы, дранікі, калдуны, капытка, поліўка, тушанка.
У старабеларускіх крыніцах часта ўзгадваюцца розныя расліны, якія выкарыстоўваліся ў якасці прыпраў: пастарнак, мята, пятрушка, кмен, кроп, хрэн, мак. Многія лічаць, што беларусы да Х стагоддзя былі вегетарыянцамі. Але гэта не так. Здаўна найбольш распаўсюджаным было свіное мяса. На сялянскім стале кілбасы, вяндліна і іншыя прадукты з мяса з’яўляліся ў святы і падчас сямейных урачыстасцей. У паўсядзённым харчаванні мяса служыла толькі “прыправай” да крупяных страў і гародніны. З мясных страў рыхтаалі ў сёлах пячысты, вантрабянку, студзяніну, паляндвіцу, кілбасу сялянскую.

5. З глыбокай старажытнасці каровіна малако, тварожны сыр з’яўляліся ўлюбёнай стравай славянскіх народаў. Масла і смятану падавалі да аладак, дранікаў, бабкі. З тварагу рабілі сыр, сырніцу.


У вялікай пашане ў беларусаў былі грыбы — свежыя, сушаныя, салёныя, марынаваныя, а таксама лясныя ягады — чарніцы, дурніцы, суніцы, брусніцы, маліны, журавіны .Садавіну і ягады сушылі, мачылі, з іх гатавалі разнастайныя напоі -- бярозавік, мядуху, кляновік, збіцень. Сярод вегетарыянскіх страў найбольш распаўсюджанымі былі кулага з чарніц або дурніц з дамешкам пшанічнай мукі і цукру, саладуха — каша з жытняй або пшанічнай мукі і соладу. Здаўна славянскія народы рыхтавалі напоі з мёду. У паўсядзённым жыцці ўсе саслоўі ўжывалі квас. Яго рыхтавалі з хлеба жытняга, жытняй, ячменнай, аўсянай мукі і соладу.
6. Вельмі многія звычаі, асабліва да 1917 года, былі звязаныя з прыгатаваннем спецыяльных абрадавых кулінарных вырабаў, страў і напояў. Сярод шматлікіх абрадаў. Самы багаты канечне ж вясельны стол. А сярод сямейных урачыстасцей, прысвечаных рэлігійным святам, вылучаліся Каляды і Вялікдзень. Стол тады ў кожнай сям’і быў вельмі багаты і адрозніваўся ад паўсядзённага. Цікава нагадаць пра застольныя традыцыі, якія існавалі з даўніх часоў. У кожнай сям’і прытрымваліся не толькі адпаведнага рэжыму ў хатнім харчаванні, але і пэўнага адпрацаванага этыкету. Малодшыя члены сям’і ніколі не садзіліся за абедзенны стол раней за старэйшых. Падчас ежы ніколі не чуваць было прыхлёбванняў, прычмокванняў. Гутарак за сталом таксама не вялі.
Вядоўца: Праслухаўшы гісторыю нацыянальнай кухні, мы нешта задумаліся, аб нечым і крыху засумавалі. Сёння ў нас жа свята. А якое свята праходзіць без конкурсаў, песняў ды скокаў. Вось мы і абвяшчаем конкурс на найлепшую частушку аб стравах.У вас на століках стаяць пустыя місы. Але за кожны конкурс яны могуць напаўняцца вось такімі пернікамі. У якой каманды будзе найбольш пернікаў, тая і пераможа. А ацэньваць конкурс будзе наш кампазітар Кудравец Аляксандр Васільевіч.

Вучні ад кожнай каманды па чарзе выконваюць частушкі.Слова ад журы Кудраўцу А.В.
Настаўнік: Аляксандр Васільевіч, раскажыце крыху пра сябе,пра ваш ансамбль, якія песні Вы любіце спяваць і ці ёсць у вашым рэпертуары песні пра беларускія нацыянальныя стравы? А якая ваша любімая страва з дзяцінства? Можа, Вы раскажаце , як яе прыгатаваць?

Аляксандр Васільевіч, вас часта запрашаюць на вяселлі. Скажыце, ці падаюць зараз на вяселлях нацыянальныя стравы? Калі так, то дзе? У якой мясцовасці Пружанскага раёна? Настаўнік дзякуе за цікавае выступленне,запрашае да пачастунку.


Вядоўца: Вы ўсе, мабыць, заўважылі, як прыгожа ўбраныя сёння сталы, яны ломяцца ад розных страў. І мы абвяшчаем конкурс на найлепшую сервіроўку стала . ( Журы ацэньвае конкурс ). Слова для абвяшчэння вынікаў прадстаўляецца Ніне Васільеўне.
Настаўнік: Дзякуй, Ніна Васільеўна.Дзякуй не толькі за тое, што Вы прыйшлі сёння на наша свята, але і за тое, што вы гатуеце такія цудоўныя стравы. Кожны дзень Вы прыдумваеце нешта новенькае, смачнае і вельмі каштоўнае, нягледзячы на такую мізэрную суму . Мне хацелася б запытацца, хто вас навучыў так смачна рыхтаваць ежу? Хто дапамог Вам у выбары прафесіі ?
І якая Ваша любімая страва? Настаўнік дзякуе за выступленне, жадае поспехаў у працы.

Вядоўца: Ну а цяпер я аб’яўляю наступны конкурс. Гэта дамашняе заданне — рэклама стравы беларускай нацыянальнай стравы. Кожная група прыгатавала страву. А вось якую? Яны распавядуць самі.

Кожная група па чарзе рэкламуе сваю страву. Музычная паўза. Выконваецца беларуская песня. Пасля журы разам ацэньвае конкурс.

Вядоўца: Слова для агучвання вынікаў конкурсу прадстаўляецца Кулецкай Марыі Мікалаеўне, народнаму мастаку.

Настаўнік: Дзякуй , Марыя Мікалаеўна. Мы ўсе добра ведаем, што Вы арганізавалі гурток роспісу на шкле. Скажыце некалькі слоў аб рабоце гуртка і ці ёсць у вас работы, дзе адлюстраваны прадметы, звязаныя з прадметамі кухні, прадуктамі харчавання? Расказ майстра. Далей настаўнік працягвае гутарку.

-- Марыя Мікалаеўна, а якія стравы з дзяцінства Вам запомніліся найбольш? Якія любіла гатаваць Ваша матуля ці, можа , бабуля? Адказы мастачкі, падзяка настаўніка за цікавы расказ.

Вядоўца: У беларускай літаратуры шмат ёсць, твораў-прысвячэнняў нацыянальным стравам. Раман у вершах “Родныя дзеці” — адзін з іх. І мы пачынаем эстафету выразнага чытання -- урыўка з гэтага рамана.
Настаўнік: Вось ты ў гасцях — і нават слоўца

Табе сказаць няма калі:

Вяндлінку з водарам ядлоўца

Мяцеш—зараз па два скрылі!



Далей працягваюць чытаць вучні з кожнага століка па чарзе.
1. А побач зірк! — як цуд, як казка— 2. Калі ж дапаў да вантрабянкі--

З каляндрай, перцам, часнаком- Цягаць стамілася рука!

Ляжыць вясковая каўбаска, Глядзіш — а ўжо кіндзюк крывянкі

Таксама ўвітая дымком! На блюда выклалі з гаршка!

К таму ж падсохла на гарышчы — О,гэны зверху і сысподу

Дык толькі плеўка шапаціць! Наскрозь усмажаны каўтух!

Умэнт кальцо з паўметра знішчыў— За чатырох змалоў — уходаў!

Адно раз’ятрыў апетыт! (Хоць сам ты лічыш, што за двух)


3. Паспеў адчуць, што ўжо не слабка

І ў паясніцы,-- а на стол

Тым часам едзе ў місе бабка

І парай дыхае пад столь.

З бакоў запечаная ўмеру,

У бульбе скварачкі тырчаць...

І так жа ўслед пайшла на змену —

Хоць замычы — каб не маўчаць!


4.“Усё!—сказаў.—На гэтым дзякуй!”

А на абрус -- нясуць бліны

Да іх — мачанку-верашчаку

З наборам рэбрачак свіных!

Хвіліну выстагнаў ты моўчкі:

“Дзе месца ўзяць? Патоўпіць дзе?”

І неўпрыкмет на два-тры вочкі

Паслабіў пас на жываце.

5. Ужо не здыхацца! Падпёрла—

Няйначай крушня камянёў!..

А перад носам ... ставяць цёрла

Гарачых, тлустых калдуноў!

Калдун!.. Духмяны, самавіты,

У масле ўсмяглы, а паўзверх —

Смятанкай свежаю паліты!..

Ну што? І зноў глядзіш, як звер?


6. І адчуваеш, адчуваеш:

Няхай хоць з гэтуль у труну-

А не зганьбуеш, не стрываеш—

Дасі прытул і калдуну!

Дасі!.І добра зробіш, браце!

І не ўпікай дарма сябе!

Ты за ядой — як і на працы:

На малацьбе ці на касьбе!


Настаўнік: Калі на свеце нехта дзесьці

Умее добра працаваць,--

То ўмее ён і смачна з’есці

І – адпаведна—згатаваць!

Таму — дастойна, без эфекту

Прымай падзяку-пахвалу—

І беларускаму таленту,

І беларускаму сталу!

І цмокні ў ручку гаспадыні,

Каб сонцам пырснула яна,

І ўскінь яшчэ—а то астыне!—

Ускінь на сэрца... калдуна!..



Настаўнік: А вось і калдуны. І пакуль нашы госці будуць частавацца калдунамі, мы аб’яўляем конкурс на лепшую назву гэтай беларускай нацыянальнай стравы. Гэта можа быць прыказка, прымаўка, радок з верша, вядомая фраза або проста прыдуманае вамі выказванне, якое, на ваш погляд, найлепш падыходзіць да гэтай стравы. Ну, а заадно журы абвесціць вынікі выразнага чытання. І я даю слова настаўніцы роднай мовы і літаратуры Ануфрыенка Валянціне Леанідаўне. Валянціна Леанідаўна нарадзілася на радзіме нашага слаўнага земляка , паэта Міколы Засіма, яна і ацэніць эстафету выразнага чытання.

Пасля абвяшчэння вынікаў настаўнік працягвае гутарку.

Валянціна Леанідаўна, а якія стравы рыхтавалі ў вашай мясцовасці?



Якія стравы Вам запомніліся з дзяцінсіва? І ці часта вы рыхтуеце такія стравы?

Словы падзякі, пасля агучванне дзецьмі прыдуманай назвы стравы калдуны.

Пакуль журы падводзіць вынікі конкурсу на лепшую назву стравы, музычная паўза. Грае Краўчук Таццяна на баяне беларускую народную песню “Цячэ вада ў ярок”. Пасля журы абвяшчае, чыя ж назва была найбольш арыгінальнай. Тая каманда атрымоўвае чарговы пернік у місу.

Вядоўца: А цяпер такіх пернікаў ёсць магчымасць зарабіць больш, бо мы аб’яўляем конкурс ”Працягні прыказку”. За кожную правільна названую прыказку — пернік. Адказвае той, хто першы падыме сцяжок.

Настаўнік называе пачатак прыказкі, вучні—працяг.

  • Гаспадарку весці — (не кашу есці)

  • Хто не дбае, (той нічога не мае)

  • Запас (есці не просіць)

  • Без запасу чалавек (гіне без часу)

  • Няхай ляжыць, (хлеба не просіць)

  • У дзіравым вядры (не носяць вады)

  • Не печ корміць, (а рукі)

  • Дзе цвет, (там і мёд)

  • Горка рэдзька (ды ядуць)

Вядучы: Веданне фальклору — адзін з паказчыкаў культуры чалавека. Сёння ў нас гучалі частушкі, прыказкі і прымаўкі. А вось наколькі мы кемлівыя, пакажа нам веданне беларускіх загадак. За кожную правільна разгаданую загадку -- пернік. Будзьце ўважлівымі.

Настаўнік загадвае загадкі, вучні разгадваюць:

  • Вадкае, а не вада, белае, а не снег. (Малако)

  • Што ў вадзе родзіцца і ў вадзе расходзіцца? (Соль)

  • Чорненькае, маленькае ў караля на абедзе (Перац)

  • Белы, як снег, салодкі, як мёд (Цукар)

  • Скажы мне , цяцера, што з цябе робіць звера? (Гарэлка)

  • Без чаго найбяднейшы чалавек вячэраць не сядзе (Без лыжкі)

  • Не разаб’еш гаршчок, не з’ясі і кашы (Арэх)

  • Чорны колер, вінны смак, каменнае сэрца (Вішня)

  • Усіх нас корміць, а сама есці не просіць (Зямля)

Настаўнік падводзіць вынікі конкурсаў, у якой каманды аказалася найбольш пернікаў, тая і перамагла. Каманду-пераможцу настаўнік віншуе пірагом і запрашае ўсіх да пачастунку. Удзельнікі свята дзеляцца рэцэптамі страў.
Настаўнік: Вось і заканваецца наша свята. Вельмі хочацца, каб вам, дарагія дзеці, вам, паважаныя госці, штосьці запомнілася, каб вы пакарысталіся нашымі рэцэптамі. На развітанне пажадаем, каб сталы ў нашых хатах былі багатымі, а душы і сэрцы—добрымі і шчодрымі.

Ад кожнага століка вучні па чарзе гавораць зычанні.

  • Каб доўгія гады жылі, здаровыя былі і на нас не забываліся

  • Няхай будзе так, як добрыя людзі кажуць

  • Каб жылося, былося, елася і яшчэ больш хацелася

  • Будзь вясёлы, як сват на вяселлі, здаровы, як вада, багаты, як зямля

  • На доўгі век, на добрае здароўе

  • Я зычу вам таго, чаго і сабе жадаю.


Гучыць песня “Сёння ў нашай хаце свята”. Спяваюць усе разам.

Матэрыялы да сцэнарыя свята падабрала настаўніца

Жаўнярчук Ларыса Васільеўна.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка