Энтэрабактэрыі Сям’я Enterobacteriaceae ўключае 14 родаў бактэрый, якія вельмі падобны па марфалагічных, цынктарыяльных І культуральных уласцівасцях, але адрозніваюцца па біяхімічных І антыгенных прыкметах




Дата канвертавання30.03.2016
Памер228.81 Kb.


Энтэрабактэрыі
Сям’я Enterobacteriaceae ўключае 14 родаў бактэрый, якія вельмі падобны па марфалагічных, цынктарыяльных і культуральных уласцівасцях, але адрозніваюцца па біяхімічных і антыгенных прыкметах. У ветэрынарнай практыцы найбольшае значэнне маюць бактэрыі з родаў Escherichia i Salmonella, якія выклікаюць у жывёлаў захворванні колібактэрыёз і сальманелёз.
Колібактэрыёз

Колібактэрыёз – вострае інфекцыйнае захворванне маладняку сельскагаспадарчых жывёл, якое характэрызуецца галоўным чынам дыярэяй (прафузным паносам), абязводжаннем, дэпрэсіяй, нарастаючай слабасцю, септыцэміямі і летальным зыходам.



Класіфікацыя ўзбуджальніка:

Сям’я: Enterobacteriaceae



Род: Escherichia

Від: Eoli (энтэрапатагенныя штамы)

Успрыімлівыя ўсе віды сельскагаспадарчых жывёл, уключаючы птушак і пушных звяроў, галоўным чынам, маладняк; хварэе і чалавек, асабліва дзеці 1-га і далей да 3-х гадоў;

  • цяляты ўспрыімлівыя ў першыя гадзіны і дні пасля нараджэння;

  • парасяты захворваюць як адразу пасля нараджэння, так і пасля адымання;

  • ягняты захворваюць ад першых дзён да 5...6 месяцаў;

  • птушкі захворваюць, у асноўным, у першыя 2...4 месяцы;

  • дарослыя жывёлы колібактэрыёзам не хварэюць, але могуць з’яўляцца бактэрыяносьбітамі.

Патагенез і фактары вірулентнасці:

  • заражэнне адбываецца аліментарным шляхам (з кармамі і вадой), радзей аэрагенным;

  • узбуджальнік трапляе ў кроў і выклікае сепсіс ці размнажаецца ў кішэчніку – энтэратаксічная і энтэрытная формы;

  • кішэчная палачка можа стаць узбуджальнікам мастыта і эндаметрыта;

  • узбуджальнік прадуцыруе тэрмалабільны экзатаксін і тэрмастабільныя эндатаксіны, гемалізіны (узбуджальнік ацёчнай хваробы парасят), валодае адгезіяй і інш.;

  • у птушак захворванне працякае ў выглядзе септыцэміі;

  • колібактэрыёз выклікаюць, у асноўным, эшэрыхіі, якія маюць адгезіўныя ўласцівасці.

Лабараторнае даследаванне заключаецца ў мікраскапіі мазкоў, выдзяленні чыстай культуры і вызначэнні культуральных і біяхімічных уласцівасцяў, а таксама шляхам сералагічнага даследавання.

Матэрыял для даследавання:

  • пры жыцці – кал, а пры септыцэміях – кроў; хворыя птушкі;

  • пасмяротна – труп малых жывёл цалкам, адрэзак тонкай кішкі, брыжэечныя лімфатычныя вузлы, парэнхіматозныя органы, галаўны мозг. Калі немагчыма хутка (да 4 гадзін) даставіць патматэрыял у лабараторыю, яго кансервуюць: фекаліі – растворам стэрыльнага гліцэрыну з NaCl (250 мл гліцэрыну, 5 г солі, 750 мл дыстыляванай вады), кавалачкі органаў 30%-ным водным растворам гліцэрыну ці 10%-ным растворам NaCl.

Мікраскапія (як арэінтыровачны метад):

  • Метад афарбоўкі: па Граму;

Мікракарціна:

  • паліморфныя палачкі 0,2...0,3 мкм у шырыню і 1...3 мкм у даўжыню, з закругленымі канцамі, размяшчаюцца адзінкава, радзей парна;

  • грамадмоўныя;

  • спор не ўтвараюць;

  • капсулы не ўтвараюць, за выключэннем асобных штамаў серагруп (О8, О9, О101);

  • рухомыя (перытрыхі) большасць штамаў, але бываюць і нерухомыя.

Культываванне:

  • высеў на пажыўныя асяроддзі: дыферэнцыяльна-дыягнастычныя (Энда, Левіна і іншыя), МПБ, МПА і крывяны МПА.

Асаблівасці выдзялення ўзбуджальніка:

  • факультатыўныя анаэробы;

  • аптымальная тэмпература 37-38 оС;

  • аптымальная рН асяроддзя – 7,0-7,2;

  • тэрмін культывавання 18-24 гадзіны.

Культуральныя ўласцівасці:

  • на МПА з крывёю – сакавітыя, круглыя, з роўнымі краямі калоніі; існуюць штамы E.coli, якія маюць гемалітычныя ўласцівасці і ўтвараюць зоны гемоліза;

  • на асяроддзі Энда – цёмна-чырвоныя калоніі (малінава-чырвоныя), які могуць мець металічны бляск;

  • на асяроддзі Левіна – цёмна-фіялетавыя калоніі, а часам калоніі з цёмным цэнтрам і светлым краем;

  • на МПБ – інтэнсіўнае памутненне, утварэнне асадку, які лёгка разбіваецца;

  • на МПА – сакавітыя, круглыя, з роўнымі краямі, шэра-белага колеру калоніі;

Біяхімічныя ўласцівасці:

  • валодае высокай цукралітычнай актыўнасцю; для выяўлення праводзяць высевы на “каляровы рад” (Гісса);

  • ферментуюць з утварэннем кіслаты і газу –лактозу, глюкозу, арабінозу, мальтозу, маніт, дульцыт (±); не раскладаюць цукрозу;

  • жэлаціну не разрэджваюць;

  • абясколерваюць метыленавую сінь у малацэ;

  • малако зварочваюць;

  • утвараюць індол;

  • не ўтвараюць H2S;

  • не раскладаюць мачавіну;

  • даюць станоўчую рэакцыю з метыленавым чырвоным (ярка-чырвонага колеру), рэакцыя Фогеса-Праскаўэра адмоўная. Рэакцыі ставяць на двухсуткавых культурах, якія выраслі на асяроддзі Кларка (пептон – 5 г, глюкоза – 5 г, К2НРО4 -5 г, дыстыляваная вада 1000 мл). У прабірку з культурай на асяроддзі Кларка дабаўляюць 5 кропляў індыкатара метылроту (метылрот – 0,01 мл, 96%-ны спірт-рэктыфікат – 30 мл, дыстыляваная вада – 20 мл), пасля чаго прабіркі ўстрэсваюць. Ружова-чырвоную афарбоўку ўлічваюць за станоўчы вынік, жоўтую – як адмоўны. У другую прабірку з асяроддзем Кларка дабаўляюць 0,2 мл 40%-нага раствору КОН і 0,5 мл 6%-нага спіртавога раствору α-нафтолу. Пры станоўчай рэакцыі Фогеса-Праскаўэра з’яўляецца ружовая афарбоўка, пры адмоўнай – жоўтая.

На вадкім асяроддзі Козера і агаравым Сіманса (з індыкатарам бромцімолблаў) E.coli не расце.

  • Асяроддзе Козера – сінтэтычнае бясколернае: (NaNH4HPO4 · 4H2O) – 1,5 г, (КH2PO4) – 1 г, ( MgSO4 · H2O) – 0,2 г, цытрата натрыя (Na3C6H5O7 · 2H2O) – 3 г, дыстыляванай вады – 1000 мл. Раствор фільтруюць, стэрылізуюць пры 120оС 15...20 мінут. Памутненне асяроддзя праз двое сутак культывавання ў тэрмастаце сведчыць аб росце бактэрый; пры адсутнасці росту асяроддзе Козера застаецца без змяненняў.

  • На асяроддзі Сіманса цытратна-аманійна-станоўчыя бактэрыі растуць са змяненнем колеру асяроддзя ў ярка-сіні. Калі мікраарганізмы не засвойваюць аманійныя солі, то на асяроддзі Сіманса не растуць і колер яго застаецца зялёным.

Біяпроба: выдзеленай мікробнай культурай зараджаюць унутрыбрушынна белых мышэй вагою 13...15 г ці куранят 3...4 тыднёвага ўзросту (калі даследуецца патматэрыял ад птушак). Кішэчныя палачкі, выдзеленыя ад хворых колі-інфекцыяй жывёл, патагенныя для мышэй. Для біяпробы можна выкарыстоўваць курыныя эмбрыёны, якія гінуць праз 24...48 гадзін пасля зараджэння адзінкавымі экзэмплярамі E.coli.

Антыгенная структура. E.coli мае тры віды антыгенаў:

  • О-антыген – саматычны, прадстаўлены ліпаполі-цукрыдным комплексам, які не разбураецца пры награванні да 100оС на працягу больш 2 гадзін. Бялковы кампанент абумоўлівае імунагенныя ўласцівасці, поліцукрыдны – сералагічную спецыфічнасць, а ліпоідны (эндатаксін) – таксічнасць.

  • К-антыген мае поліцукрыдную прыроду. Яго называюць капсульным, паверхневым, абалонкавым.

  • Н-антыген ці жгуцікавы мае бялковую прыроду і надае бактэрыям сералагічную адасобленасць.

Акрамя таго, эшэрыхіі маюць варсінкі і пілі, якія з’яўляюцца фактарамі каланізацыі тонкага кішэчніка і сералагічна паводзяць сябе падобна капсульным антыгенам. Каланізацыю тонкага кішэчніка здзяйсняюць эшэрыхіі, што маюць паверхневые антыгены К88, К99, К987Р і іншыя.

Антыгенную будову эшэрыхій выражаюць формуламі, напрыклад: О111 : В5 : Н10, О55 : К59(В) : Н6. Вядома каля 170 серавараў эшэрыхій, якія адрозніваюцца па О-антыгену, 100 варыянтаў К-антыгена і каля 60 – Н-антыгенаў.

Зараз выяўлены асноўныя серавары, якія выклікаюць захворванні:


  • у цялят О8, О9, О15, О78, О86, О101, О117, О119, О141;

  • у парасят – О8, О9, О137, О138, О139, О141, О142, О147;

  • у ягнят – О8, О9, О26, О78, О86, 011, О127;

  • у птушак – О1, О2, О78, О86, О115;

  • у пушных звяроў – О2, О20, О86, О78, О125;

  • у чалавека О26, О55, О111, 0147, “Крым”.



Класіфікацыя дыярэягенных Escherichia coli


Катэгорыя

Серагрупы

Сераварыянты

ЭТЭК (ЕТЕС) - энтэратаксігенныя E.coli

О6, О8, О15, О20, О25, О27, О63, О78, О80, О85, О115, О128ас, О139, О148, О153, О159, О167

О6:Н16, О8:Н9, О11:Н27, О15: Н11, О20:Н-, О25:Н-, О27:Н7, О63, О78:Н11, О128:Н7, О148: Н7, О148:Н28, О149:Н10, О159:Н20, О167

ЭІЭК (ЕІЕС) – энтэраінвазіўныя E.coli

О28ас, О29, О124, О136, О143, О144, О152, О164, О167

О28ас:Н-, О112ас:Н-, О124:Н, О124:Н32, О136:Н-, О143:Н-, О144:Н-, О152:Н-,О159:Н2, О164, О167:Н4, О167:Н5

ЭПЭК (ЕРЕС) – энтэрапатагенныя E.coli

Клас 1. О55, О86, О111, О119, О125, О126, О127, О128аb, О142

Клас 2. 018, 044, 0112, 0114



О18ас:Н7, О20аb:Н26, О26:Н-, О26:Н11, О28ас:Н-, О44:Н34, О55:Н-, О55:Н6, О55:Н7, О86а:Н, О86а:Н34, О111аb:Н2, О111аb:Н12, О114:Н10, О114: Н32, О119:Н-, О119:Н6, О125: Н21, О126:Н-

О126:Н7, О127:Н-, О127:Н9, О127:Н21, О128аb:Н2, О128ас: Н12, О142:Н6, О158:Н23,О159



ЭНЭК(ЕНЕС)–эн-тэрагемарагічныя E.coli

О157, О26, О11, О145

О157:Н7


Сералагічнае даследаванне. Спачатку вызначаюць серагрупу з дапамогай РА на шкле з групавымі полівалентнымі сыроваткамі. На чыстае абястлушчанае шкло наносяць па кроплі полівалентныя сыроваткі і ў кожную кроплю ўносяць адцэнтрыфугаваную пасля прагравання вырашчаную культуру кішэчнай палачкі. Праз тры хвіліны улічваюць вынік рэакцыі. Яна станоўчая пры ўтварэнні дробназярністых шматкоў аглютынату і прасвятленні вадкасці. Пры адмоўным выніку ўся кропля застаецца мутнай.

Антыген, які аглютынуе з адной з полівалентных сыроватак, даследуюць у РА на шкле з разбаўленымі 1:10 монавалентнымі сыроваткамі, якія ўваходзяць у склад данай полівалентнай сыроваткі. Затым з сыроваткай, якая дала станоўчую рэакцыю ставяць РА ў прабірках. Спачатку робяць разбаўленні сыроваткі: да 2,4 мл фізраствору дабаўляюць 0,1 мл сыроваткі. У іншыя прабіркі разносяць па 0,5 мл фізраствору. З першай прабіркі набіраюць і ўносяць у другую 0,5 мл сумесі, перамешваюць, набіраюць 0, 5 мл і ўносяць у трэцюю і г.д. З апошняй прабіркі выдаляюць 0, 5 мл сумесі, а з першай 1,5 мл, пасля чаго ў кожную прабірку ўносяць па 0,5 мл антыгена, што ўтрымлівае 500 млн. мікробных цел у 1 мл. Адначасова ставяць кантролі: а) сываратка ў развядзенні 1:25 без антыгена, б) антыген + фізраствор. Усе прабіркі ў штаціве ўстрэсваюць і вытрымліваюць у тэрмастаце 16...18 гадзін пры 37оС, а затым 6...8 гадзін пры пакаёвай тэмпературы. Улік рэакцыі праводзяць і вынік абазначаюць крыжыкамі ++++, +++, ++, + і -.







Рэакцыя аглютынацыі (РА) на шкле: злева станоўчая, справа – адмоўная;

Пастаноўка рэакцыі аглютынацыі ў прабірках.

На малюнку пастаноўка рэакцыі аглютынацыі для вызна-чэння серагрупы і сераварыянту E.coli.

Для дыягностыкі колібактэрыёзаў выкарыстоўваюць таксама дадатковыя метады. Люмінісцэнтна-сералагічны метад (РІФ) выкарыстоўваюць як арэінтыровачны для вызначэння патагенных сератыпаў E.coli пры ўспышках страўнікава-кішэчных захворванняў. Рэакцыя пасіўнай (не простай) гемаглюцінацыі і рэакцыя нейтралізацыі даюць магчымасць адшукаць у фекаліях хворых жывёлаў узбуджальніка і ўстанавіць яго канцэнтрацыю.



Лабараторны дыягназ лічаць устаноўленым:

  • пры вылучэнні чыстай культуры эшэрыхій не менш, чым з двух органаў і не пазней 4 гадзін пасля гібелі жывёл;

  • пры выдзяленні з даследуемага матэрыялу культур эшэрыхій з адным, двума ці больш тыпамі адгезіўных антыгенаў К88, К99, 987Р, F41, A20;

  • пры выдзяленні эшэрыхій, што адносяцца да патагенных О-серагрупаў;

  • пры выдзяленні эшэрыхій, патагенных для белых мышэй і куранят;

  • пры выдзяленні эшэрыхій ад аднятых парасят з прыкметамі ацёчнай хваробы з утрымання кішэчніка ці брыжэечных лімфатычных вузлоў, якія валодаюць гемалітычнымі ўласцівасцямі.

Тэрмін, неабходны для лабараторнай дыягностыкі – 7 сутак.

Імунітэт. У гаспадарках, якія маюць дрэннае становішча па колібактэрыёзу, ствараюць каластральны імунітэт у маладняка, для чаго вакцынуюць сцельных кароў, супаросных свінаматак, суягных авечак полівалентнай гідраксідалюмініевай фармалцыямерсалавай вакцынай.

Для цялят выкарыстоўваюць коліпратэктант ВІЭВ (суспензію забітай награваннем культуры эшэрыхій, адмытай ад таксінаў і кансерваванай) які ўводзяць пераральна ў дозе 10-15 мл за 30 мінут да спайвання малодзіва і затым па 10 мл 5 разоў з малодзівам на працягу 2 дзён.

Пушных звяроў вакцынуюць полівалентнай вакцынай супраць сальманелёзу і колібактэрыёзу.

Для стварэння трансаварыяльнага імунітэту ў птушак аэразольна вакцынуюць бацькоўскі статак інактываванай вакцынай супраць колібактэрыёзу за 7-10 дзён для атрымання ад кур яец на інкубацыю. Кураняты ад такіх вакцынаваных кур маюць пасіўны імунітэт на працягу 20 дзён.

Для прафілактыкі і тэрапіі колібактэрыёзу выкарыстоўваюць імунную сыроватку. Для прафілактыкі выпускаюць бактэрыяфаг супраць колібактэрыёзу і сальманелёзу, які выпойваецца на працягу некалькіх дзён.

Выпускаецца коліадгезін-тэст: антыадгезіўныя колі-сыроваткі К88, К99, 987Р, А20, F41.


Радавая дыферэнцыяцыя сям’і Enterobacteriaceae


Род
Тэсты





Escherichia

Citrobacter

Klebsiella

Enterobacter

Salmonella

Edwardsiella

Proteus

Morganella

Рухомасць

+

+

-

+

±

+

+

+

Глюкоза

+

+

+

+

+

+

+

+

Лактоза

+

+

+

+

-

-

-

-

Цукроза

±

+(-)

+

+

-

-

±

-

Мальтоза

+

+

+

+

+

+

±

-

Маніт

+

+

+

+

+

-

-

-

Сарбіт

+

+

+

+

+

-

-

-

Дульцыт

±

±

±

±

±

-

-

-

Гідроліз жэлаціны

-

-

-

±

-

-

+

-

Індол

+

-

-

-

-

+

+

+

Серавадарод

-

+

-

-

±

+

+

-

Гідроліз мачавіны

-

-

±



-

-

+

+

Рэакцыя з метылротам

+

+

-

-

+

+

+

+


Рэакцыя Фогеса-Праскаўэра

-

-

+

+

-

-

-

-


Засваенне цытратаў

-

+

±




+




±

-


Схема бактэрыяльнага даследавання на колібактэрыёз



Схема даследавання пры коліэнтэрытах і колібактэрыёзах


РА на шкле з сумесямі ОВ-сыроватак


Сальманелёз

Сальманелёзы – інфекцыйныя захворванні маладняка сельскагаспадарчых жывёл (цялат, парасят, жарабят, ягнят), авечак, цяжарных кабыл, птушак, пушных звяроў, якія характэрызуюцца пры вострым цячэнні ліхаманкай і прафузным паносам, а пры хранічным – запаленнем лёгкіх. У дарослых жывёл хвароба можа працякаць бессімптомна (бактэрыяносьбіцтва), у цяжарных самак магчымы аборты. У чалавека магчымы таксікаінфекцыі, калі ён будзе харчавацца прадуктамі, якія ўтрымліваюць узбуджальнікаў і таксіны сальманел, ці піць ваду, забруджаную сальманеламі, а таксама магчыма зараджэнне аэрагенна ва ўнутрыбальнічных умовах.



Класіфікацыя ўзбуджальнікаў:

Сям’я: Enterobacteriaceae

Род: Salmonella

Віды сальманел, якія выклікаюць захворванні ў жывёл:

  • S.enteritidis, S.dublin – у цялят;

  • S.choleraesuis (S.suipestifer) – у парасят;

  • S.typhisuis - у свіней;

  • S.typhimurium, S.anatum)у вадаплаваючай птушкі;

  • S.abortus equi– аборты ў кабыл;

  • S.abortus ovis – аборты ў авечак;

  • S.pullorum, S.gallinarum – у птушак;

  • S.enteritidis dublin, rostock – выклікае гастраэнтэрыты, як вынік харчовай таксікаінфекцыі.

Успрыімлівыя жывёлы: усе віды жывёлы, асабліва маладняк з уключэннем птушак, прамысловых жывёл і чалавека;

  • цяляты захворваюць звычайна з 3...4 тыдняў да 4 месяцаў са з’явамі ліхаманкі і прафузнага паносу;

  • парасяты захворваюць да 4 месяцаў;

  • авечкі хварэюць у любым узросце, у іх магчыма ўнутрывантробнае зараджэнне і аборты;

  • у жарабят звычайна таксама адбываецца ўнутрывантробнае зараджэнне, а ў кабыл праяўляецца абортамі;

  • у птушак сальманелёз праяўляецца масавым захворваннем і гібеллю куранят першых дзён і тыдняў жыцця, а таксама эмбрыёнаў і дарослай птушкі. Апошняя хварэе бессімптомна і з’яўляецца бактэрыяносьбітам.

Патагенез і фактары вірулентнасці:

  • асноўныя шляхі зараджэння – аліментарны, аэрагенны, магчымы ўнутрыўтробнае і трансаварыяльнае заражэнне;

  • пападаюць ва ўнутранае асяроддзе арганізмаў праз Пейяравыя бляшкі і салітарныя фалікулы;

  • размнажаюцца і назапашваюцца ў лімфавузлах тонкага кішэчніку, а затым лімфагенным і гематагенным шляхамі распаўсюджваюцца ў парэнхіматозныя органы, дзе зноў размнажаюцца; пры распадзе іх вызваляюцца эндатаксіны, якія і выклікаюць паталагічныя працэсы. Сальманелы ўтвараюць два віды таксінаў: экза- і эндатаксіны.

Лабараторная дыягностыка ўключае мікраскапію мазкоў і мазкоў-адбіткаў з патматэрыялу з дапамогай светавой і люмінісцэнтнай (РІФ) мікраскапіі, выдзяленне чыстай культуры ўзбуджальніка захворвання і вывучэнне яго марфалагічных, цынктарыяльных, культуральных, біяхімічных, антыгенных з полівалентнымі О- і монарэцэптарнымі О- і Н-сыроваткамі, пры неабходнасці выкарыстоўваюць біяпробу і фагатыпіраванне.

Матэрыял для даследавання:

  • пры жыцці – кроў на гемакультуру, кал, сыроватка крыві для РА;

  • пасмяротны – трупы дробных жывёл і птушак, парэнхіматозныя органы, мезентэральныя лімфатычныя вузлы, трубчатая костка, абартыраваны плод, корм, вада, а ад людзей ванітныя масы, прамыўныя воды страўніка, рэшкі ежы.

Мікраскапія:

  • Метады афарбоўкі: афарбоўка простая, па Граму.

Мікракарціна:

  • палачкі з закругленымі канцамі ад 2 да 4 мкм;

  • грамадмоўныя;

  • спор не ўтвараюць;

  • капсулу не ўтвараюць;

  • рухомыя, за выключэннем S.pullorum і S.gallinarum.

Культуральныя ўласцівасці:

  • дыферэнцыяльна-дыягнастычныя асяроддзі – Энда, Левіна, Плоскірава;

  • Пры даследаванні спаражненняў на наяўнасць сальманел робяць высевы на асяроддзе абагашчэння, якое падаўляе рост кішэчнай палачкі і садзейнічае накапленню сальманел: селенітагар Каўфмана, Мюлера ці іншыя.

Асаблівасці выдзялення:

  • факультатыўныя анаэробы;

  • аптымальная тэмпература 37...38оС;

  • аптымальная рН асяроддзя 7,2...7,4;

  • тэрмін культывавання 18...24 гадзіны.

Культуральныя ўласцівасці (падобны эшэрыхіям):

  • на МПБ - інтэнсіўнае памутненне з утварэннем лёгка разбіваемага асадку;

  • на Энда – бясколерныя ці ружовыя сакавітыя, круглыя, з роўнымі краямі калоніі;

  • на асяроддзі Левіна – светла-фіялетавыя калоніі;

  • на Плоскірава – бясколерныя;

  • на вісмут-сульфітным агары – чорныя калоніі.

Пасля выдзялення лактозаадмоўных калоній даследуюць іх біяхімічныя і антыгенныя ўласцівасці.

Біяхімічныя ўласцівасці:

  • валодаюць высокай цукралітычнай актыўнасцю; для вызначэння прыналежнасці да роду праводзяць высеў на кароткі “каляровы рад” (асяроддзі “Гісса”), на якім яны ферментуюць глюкозу, мальтозу і маніт з утварэннем кіслаты і газу, не раскладаюць лактозу і цукрозу;

  • для высвятлення відавой прыналежнасці высеў робяць на доўгі “каляровы рад”, у які акрамя вугляводаў уваходзяць іншыя тэсты;

  • сальманелы не разрэджваюць жэлаціну, выдзяляюць серавадарод, не ўтвараюць індолу;

  • даюць станоўчую рэакцыю з метылавым чырвоным (асяроддзе афарбоўваецца ў ружова-чырвоны колер), адмоўную рэакцыю Фогеса-Праскаўэра – жоўтая афарбоўка асяроддзя;

  • растуць на агары Сіманса (засвойваюць цытратна-аманійныя солі).

Біяпроба: у выпадку неабходнасці зараджаюць падскурна белых мышэй.

Сералагічнае даследаванне.

  • выкарыстоўваюць РА з сыроваткаю крыві (крывёю) пры дыягностыцы паратыфознага аборта кабыл, пулароза ў кур;

  • РА для для дыферэнцыяцыі віда і сераварыянта выдзеленай культуры;

  • Культуру сальманел правяраюць спярша з полівалентнымі сальманелёзнымі аглютыніруючымі сыроваткамі ў РА на шкле. Пры станоўчай рэакцыі тую ж культуру вызначаюць з монарэцэптарнымі сыроваткамі, што ўваходзяць у полівалентную сываратку.

Тэрмін, неабходны для лабараторнай дыягностыкі сальманелёза ад 4 да 14 сутак.

Імунітэт.

У цялят захворванне працякае востра і хранічна з наяўнасцю ліхаманкі, разладу функцыі кішэчніка, запалення лёгкіх. Яго выклікаюць: S.dublin, S.enteritidis і S.typhimurium. Пасля перахворвання ў цялят фарміруецца напружаны і працяглы імунітэт. У неспрыяльных па сальманелёзу гаспадарках вакцынуюць сцельных кароў канцэнтраванай фармалвакцынай двухразова з інтэрвалам у 8 дзён за 30...45 дзён да ацялення. Нованароджаныя атрымліваюць спецыфічныя антыцелы з малодзівам. Цялят ад вакцынаваных кароў вакцынуюць ва ўзросце17...20 дзён. Калі сцельныя каровы не былі вакцынаваныя, цялят вакцынуюць з 8...10 дзённага ўзросту двухразова з інтэрвалам у 7 дзён.

Парасяты часцей пашкоджваюцца сальманелёзам да 4-х месяцаў. Захворванне праяўляецца ліхаманкай, дыярэяй і дэгенератыўнымі працэсамі ў тонкім і тоўстых кішэчніках. Прычынай захворвання з’яўляюцца S.choleraesuis ці S.typhisuis, больш рэдка - S.typhimurium і S.dublin.

З прафілактычнай мэтай выкарыстоўваюць фармалвакцыну супраць паратыфу свіней, прыгатаваную са штамаў сальманел S.choleraesuis – 50 %, S.typhimurium – 25 %, S.dublin – 25 %. Гэтай вакцынай дазваляецца вакцынаваць свінаматак не пазней за 2 месяцы супароснасці. З прафілактычнай мэтай выкарыстоўваюць сухую жывую вакцыну супраць паратыфу свіней з атэнуіраванага S.choleraesuis штама ТС-177. Вакцынуюць здаровых парасят з 2-х месячнага ўзросту. Ёсць таксама асацыяваная полівалентная вакцына супраць паратыфу, пастэрэлёзу і дыплакокавай септыцэміі парасят, якую выкарыстоўваюць для вакцынацыі парасят і супаросных свінаматак у неблаганадзейных па гэтых захворваннях гаспадарках.



У ягнят сальманелёз працякае з паносамі, павышэннем тэмпературы, часам выклікае пнеўманію. У дарослых авечак выклікае аборты за месяц да акоту. Узбуджальнікі – S.abortusovis, зрэдку S.typhimurium, S.anatum. У авечак пасля абортаў фарміруецца працяглы і напружаны імунітэт. Для прафілактыкі выкарыстоўваюць полівалентную фармалцыямерсалавую вакцыну.

У кабыл сальманелёз праяўляецца абортамі, у жарабят артрытамі, ліхаманкай, дыярэяй. Узбуджальнікі – S.abortusequi, радзей S.typhimurium. Паўторныя сальманелёзныя аборты бываюць рэдка. Сродкаў спецыфічнай прафілактыкі няма.

У пушных звяроў захворванне працякае востра, з ліхаманкай, энтэрытам, схудненнем. У цяжарных нараджаюцца мёртвыя ці няжыццяздольныя шчаняты. Хварэюць серабрыста-чорныя лісы, пясцы, нутрыі, больш рэдка норкі, яноты, собалі і бабры. Узбуджальнікі - S.typhimurium, S.dublin, S.enteritidis, S.choleraesuis

Для імунізацыі лісаў і пясцоў выкарыстоўваюць фармалцыямерсалавую вакцыну супраць сальманелёзу і колібактэрыёзу пушных звяроў. Хворых лечаць гіпер’імуннай антытаксічнай сальманелёзнай сыроваткай, антыбіётыкамі, фуразалідонам.



У маладняка птушак сальманелёз працякае востра з паносам і нервнымі з’явамі. У дарослай птушкі хвароба часта незаўважная (працякае латэнтна), зрэдку септычна з растройствам кішэчніка. Узбуджальнікі – S.gallinarum-pullorum, S.typhimurium, больш рэдка S.enteritidis, S.anatum.

S.gallinarum-pullorum выклікае пулароз (тыф) птушак - хваробу, якая востра і падвостра працякае ў атрада курыных да 15...18-дзённага ўзросту з высокай летальнасцю. У дарослай птушкі пулароз працякае часцей бессімптомна. Імунітэт нестэрыльны, а сродкаў спецыяльнай прафілактыкі няма. Для выяўлення хворых птушак выкарыстоўваюць крывянакропельную рэакцыю аглюцынацыі на шкле.



У вадаплаваючай птушкі (качаняты і гусяняты) захворванне праяўляецца востра ў 6...20-дзённым ўзросце, у старэйшай за 2,5 месяцы – хранічна, у дарослых – латэнтна. Узбуджальнікі - S.typhimurium, радзей S.anatum. Для вакцынацыі качанят і гусянят выкарыстоўваюць пераральна сухую жывую вакцыну супрасць сальманелёзу з 3-дзённага ўзросту, двухразова з інтэрвалам у 2 дні.

Схема бактэрыялагічнага даследавання на сальманелёз


Вісмут сульфіт агар

Вывучэнне біяхімічных уласцівасцей

Лактоза “-“

Глюкоза КГ

Маніт “КГ”

Мальтоза КГ

Цукроза “-“

Індол “-“

Н2S “+”

Урэаза “-“

Рост на асяроддзі Сіманса “+”

Рэакцыя з метылротам “+”

Рэакцыя Фогес-Праскаўэра “-“







База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка