Эмі Лоўэл Рамяство паэта




Дата канвертавання12.06.2016
Памер12.27 Kb.
Эмі Лоўэл
Рамяство паэта

(The Poet's Trade)


Нікому не прыходзіць у галаву, што чалавек здольны змайстраваць крэсла без аніякіх пра тое ведаў, але існуе папулярнае ўяўленне, што паэтамі нараджаюцца, а не робяцца, і што вершы вырываюцца з перапоўненага паэтавага сэрца самі па сабе. Насамрэч жа творца мусіць вучыцца свайму рамяству гэтаксама і з такой жа стараннасцю, як цясляр. Яго сэрца могуць перапаўняць высокія думы і яскравыя мроі, але калі паэт не ў стане перадаць іх свайму чытачу праз пісьмовае слова, яго нельга назваць паэтам. Рабочаму можна ў выніку дараваць і, патраціўшы колькі хвілінаў, патлумачыць і распісаць асаблівасці ягонага рамяства. Але мастацкі твор, што не вытрымлівае пільнага разгляду, — адно вартая жалю, нядбайна скляпаная рэч.
І найперш я хацела б выказаць глыбокае перакананне, што паэзія не мусіць парывацца вучыць, яна мусіць існаваць папросту таму, што гэта створаная прыгажосць, няхай сабе часам і прыгажосць гатычнага гратэску. Мы не просім дрэвы даваць нам урокі маральнасці, толькі Армія Выратавання бачыць неабходнасць абвешваць іх тэкстамі. Мы ведаем, што творы гэтыя смешныя, але многія з нас не разумеюць, што выяўляць прапісную мараль ва ўсіх творах мастацтва: карцінах, скульптурах, вершах — гэта не проста смешна, гэта баязліва і вульгарна. Мы не давяраем прыгажосці, якую разумеем толькі часткова, і кідаемся да яе са сваімі нахабнымі меркаваннямі. Як жа мы далёка ад “прыняцця Сусвету”! Сусвету, што раскідвае кантыненты і моры і не дае тлумачэнняў. Мастацтва — гэта такая ж праява Сусвету, як экватарыяльныя штормы ці закон гравітацыі. А мы працягваем яго ўспрымаць проста як арнамент ці тое, што не мае ніякага значэння, пакуль не нашпігаванае цвікамі, на якія так зручна навешваць мілыя і пазітыўныя сантыменты.
пераклад з ангельскай — Юля Цімафеева


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка