Эколагі: Па дадзеных раённых эколагаў на тэрыторыі нашага раёна працякае 26 рэк (самая значная сярод ІХ – Вілія—нясе свае воды бацьку—Нёману па астравецкай зямлі на працягу 101 км), 16 ручаёў з назвамі І 53 безыменных




Дата канвертавання13.05.2016
Памер171.69 Kb.
Гісторыя роднага краю заўсёды цікавіла даследчыкаў з гуртка “Спадчына”. Вучні школы неаднаразова ўдзельнічалі ў турыстычных паходах і экскурсіях па роднаму краю і заўсёды вярталіся з экспедыцый з цікавым матэрыялам. Свае напрацоўкі яны выкарыстоўваюць пры падрыхтоўцы і правядзенні народных свят, экскурсій у школьным музеі, падрыхтоўцы конкурса “Галасы гісторыі”, “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”.

На працягу некалькіх гадоў вучні школы займаюцца вывучэннем басейна ракі Вілія. З 2006 года школа з’яўляецца партнёрам міжнароднага праекта “Новыя інфармацыйныя тэхналогіі ў краязнаўстве” і разам з вучнямі з Літвы даследуе раку Вілію. У выніку быў сабраны багаты матэрыял, з дапамогай якога падрыхтавана класная гадзіна, аформлена выстава малюнкаў пра Вілію, адбыўся абмен матэрыялам з сябрамі з-за мяжы. Сваімі напрацоўкамі нам хацелася б падзяліцца і з Вамі.



Класная гадзіна

Тэма: Лінія гнуткая вечнага руху (падарожжа па Віліі).

Мэта: патрыятычнае выхаванне.

Падрыхтоўчая работа: клас дзеліцца на некалькі груп (географы, літаратары, гісторыкі, фалькларысты, зколагі). Кожная група атрымлівае заданне: сабраць матэрыял пра Вілію адпаведна сваёй “спецыялізацыі”.
Эколагі: Па дадзеных раённых эколагаў на тэрыторыі нашага раёна працякае 26 рэк (самая значная сярод іх – Вілія—нясе свае воды бацьку—Нёману па астравецкай зямлі на працягу 101 км), 16 ручаёў з назвамі і 53 безыменных. А яшчэ 21 возера і 17 сажалак.

Географы: Вілія—найбольшы прыток Нёмана, мае ўсяго 498 км даўжыні, 264 з іх рака бяжыць па зямлі Беларусі і 235 км па тэрыторыі Літвы. Там яна называецца Нярыс. Больш 6 км праходзіць па Віліі дзяржаўная мяжа.

Хуткасць цячэння вагаецца ад 0,6 да 1,9 м/сек. Вілія—раўнінная рака. У яе 39 значных парогаў, а ўсяго іх каля ста. Рака мае 12 вялікіх прытокаў, што некалі былі сплаўнымі. Вілія мінае каля 300 гарадоў і мястэчак.



Гісторыкі: Мяркуецца, што Вілія ўзнікла даўно, пасля 3-га Валдайскага абледзянення. У той час ледавік займаў тэрыторыю сучаснай Віцебскай, паўночную частку Мінскай і паўночны захад Гродзенскай вобласці, поўнач нашага Астравецкага раёна.

Ледавік затрымаўся на лініі сучасных Сарачанскіх азёр. Менавіта да гэтага часу трэба аднесці з’яўленне ракі Віліі, якая найверагодней утварылася ў выніку раставання ледніка.

Па меры пацяплення клімату і адступлення ледавіка на поўнач басейн ракі быў заселены плямёнамі свідэрскай культуры. Гэта быў час позняга палеаліту (10 тыс. да н.э.).

Людзі сяліліся на берагах ракі, якая давала ім ваду, рыбу і іншыя прадукты харчавання і служыла самым простым і лёгкім спосабам перамяшчэння на плытах і чоўнах-доўбанках. Вілія, злучаная з Нёманам, з’яўлялася галоўным шляхам зносін не толькі з блізкімі суседзямі, але і з дальнімі.

У 1856 годзе Канстанцін Піевіч Тышкевіч арганізаваў экспедыцыю па Віліі, а на Астравеччыне адкрыў і даследаваў курган каля вёскі Перавознікі, на месцы ўпадання безыменнага ручая ў Вілію. Вынікі таго даследвання ўвайшлі ў яго кнігу “Вілія і яе берагі”, якая выйшла ў Дрэздэне ў 1871 годзе на польскай мове.

Праводзіў свае даследванні гэтай ракі яшчэ адзін значны чалавек той эпохі—Фёдар Васільевіч Пакроўскі, святар, захавальнік Віленскага музея даўніны, член-карэспандэнт Маскоўскага археалагічнага таварыства на тагачаснай Літве і Беларусі, складальнік археалагічных карт Віленскай і Гродзенскай губерній. З-пад яго пяра выйшла работа “Да даследавання басейна Віліі ў археалагічных адносінах”, з якой ён і выступаў на 9 археалагічным з’ездзе ў Вільні.

Яшчэ тады вучоныя не маглі прыйсці да аднадушнай высновы, адкуль узялася сённяшняя назва “Вілія”. Меркавалася, што назву яна магла ўзяць ад дзеясловаў балцкага паходжання “вільніці” або “віціс”, што азначае “круціцца”або “даганяць”. Сінонім назвы Нярыс ад дзеяслова “нярці”, што азначае ў сваю чаргу “ныраць”, “імчацца” ці “харсціціс”—“ламаць”, “заламваць”. Існавалі яшчэ погляды, што Нярыс—імя балцкай багіні. Старажытнаславянскае ж слова “велья” абазначала тады “вялікая”, літоўскае “вільніс”—“хваля” або “вілюс”—“здрада”.

Фалькларысты: Жыхары прыбярэжнай вёскі Быстрыца лічаць, што Вілля называецца так таму, што тут рака робіць мноства ізвілін, пятляе. Некаторыя гавораць, што Вілля, бо цячэ праз Вільню ( хоць у яе там зусім іншая назва).

А бабуля Броня паведала нам яшчэ адну цікавую гісторыю (тэкст даецца на мясцовым дыялекце):

W tych miescinah, sklad bierze poczatek jeszcze zupelnie malenka Wilija, bardzo dawno zyl krawiec Stefan, ktory swoimi pracowitymi rekami odziewal mieszkancow okolicznych wiosek. Mial piekna narzeczone Wilijane. Ladnie uplywaly lata, obiecajac mlodym wspolne szczescie. Tylko nie wiadomo , za co Bog csy czarne sily osadzily krawca, az stal sie kamieniem. Spoczatku przestal sie poruszac, ale do polowy byl jeszcze czlowiekiem. Lezal kolo Zaborskiego blota, a ludzie, zgodnie ze starym zwyczajem, przynosili mu tkaniny, potem zabierali uszyte rzeczy, zostawiajac place. Wilija nie zostawiala swojego przyjaciela, ciagle spedzala z nim dnie. Noca chlopiec sam zostawal w rojstach, gdzie dalej szyl. Niewiadomo, jak dlugo by to trwalo, gdyby nie zly zart pewnego czloweka. Przyniosl on tkanine I powiedziel: “ Uszyj ni to, ni owo.” Nieszczeny Stefan meczyl sie, probowal roznych sposobow, zeby cos uszyc, ale nie zupelnie skamienienialtgo, niemtgo I zimnego. Padla dziewczyna na kolana, objela go I gorzko zaplakala. I polaly sie lzy strumieniem przez pole, kolo wiosek I skrajkow lasu… Pozniej nazwali ludzie te rzeczke Wilija, a kamien—Stefanowym, a bloto, mowia, wlasnie Krawieckim.

Узгаданы раней Тышкевіч прыводзіць гэтую ж легенду ў беларускамоўным варыянце:

“ У тых мясцінах, адкуль бярэ пачатак яшчэ зусім маленькая Вілія, даўным-даўно жыў кравец Сцяпан, які сваімі працавітымі рукамі апранаў жыхароў навакольных вёсак. Ён меў прыгожую нарачоную Віліяну (ці Вілію). Хораша ішлі гады, абяцаючы ім супольнае шчасце. Толькі невядома за што Бог ці цёмныя сілы асудзілі краўца абярнуцца камянем. Спачатку ён пачаў рухацца, але напалову быў яшчэ чалавек. Ляжаў каля Заборскага балота, а людзі, па старой звычцы, прыносілі яму тканіны, пасля забіралі пашытыя рэчы, кладучы там жа плату. Вілія ж не пакідала свайго сябра, праводзіла з ім дні. На ноч жа хлопец заставаўся адзін у райстах, дзе працягваў жыць. Невядома колькі часу гэта цягнулася б, каб не нядобры жарт нейкага чалавека. Ён прынёс тканіну і сказаў: “Пашый ні тое, ні сёе.” Няшчасны Сцяпан мучыўся, па-ўсякаму спрабаваў шыць, але не выканаў такога заказу. Вілія знайшла раніцай свайго каханага цалкам акамянелага, нямога і халоднага. Упала дзяўчына на калені, абняла яго і горка заплакала. Пацяклі яе слёзы ручайком праз палі, каля вёсак, узлескаў… Пазней назвалі людзі рэчачку Віліей, камень—Сцёпчыным, а балота, кажуць, менавіта Кравецкім.”

Географы: І сапраўды, пачынаецца Вілія з невялікага балотца за кіламетр на паўночным усходзе ад вёскі Вялікае Поле Докшыцкага раёна Віцебскай вобласці. Знайсці вытокі Віліі не так проста. Мясціны там лясістыя, маладаступныя, а дарогі не вельмі добрыя. Менавіта з таго балотца, якое сёння называецца Забор’е, як кажуць, з нічога ўзнікае Вілія, адсюль яе верхняе цячэнне набірае ваду і нясе ў Нёман, у Балтыку.

У гэтых мясцінах рака яшчэ дзіцячага ўзросту. Адной нагой можна скатаяць на левым беразе, другой—на правым. Але не надоўга. Праз сотню-другую метраў Вілія ўжо напаўняецца крыніцамі, пятляе.

Адсюль шлях Віліі ляжыць ужо ля многіх вёсак, лясоў, заліўных лугоў да Вілейскага вадасховішча. Яго на Віліі стварылі параўнальна нядаўна, усяго некалькі дзесяцігоддзяў таму назад. З Вілейскага вадасховішча частка вады па Вілейска-Мінскай воднай сістэме перапампоўваецца ў Свіслач, дзе вадазбор павялічыўся ў чатыры разы. Са стварэннем гэтай гідратэхнічнай сістэмы сама Вілія паменшылася колькасцю вады на 15 %.

З затопленага абшару перанесена больш 10 вёсак, лініі высокага напружання, дарогі, масты, вырабленыя тарфянікі, высечана нямала лесу, кустоў. Збудавана плаціна даўжынёй у 23 км, вышынёй звыш 10 м, некалькі дзясяткаў кіламетраў ахоўных валоў. Плошча вадасховішча – 64,6 км.кв., у Беларусі толькі возера Нарач мае 80 км.кв. і пераўзыходзіць яго. Ёмкасць – 300 млн.куб. метраў вады. Шырыня яго розная, у некаторых месцах даходзіць да 8 і нават 10 км, а ў іншых месцах складае ўсяго 2 км.

Рака як прыродная з’ява па сутнасці не магла нашмат змяніцца з тае пары, але берагі яе, вядома, сталі іншымі. У сваёй кнізе “Астравеччына—край дарагі” Адам Мальдзіс пісаў: “Сёння апетая паэтамі Вілія прыкметна памялела. З’явіліся пясчаныя косы. Высока вытыркаюцца камяні, названыя ў народзе то Макрагузамі, то Казакамі. А калісьці па рацэ густа плылі стругі, байдакі, лайбы, плыты. Мясцовыя флісакі сплаўлялі драўніну ў Прусію, а па дарозе назад іх падпільноўвалі бандыты. Па Віліі плылі ўверх, да Міхалішак, гарматы, якія Стэфан Баторый браў з сабой у паход супраць Івана Грознага.”

Географы: Некалькі км ніжэй плаціны Вілія цячэ паўз буйны адміністратыўны цэнтр—горад Вілейку. Там рака крыху пятляе, месцамі ўтвараючы выступы. За горадам яна цячэ павольна і шырока.

Прытокі Віліі далучаюцца парна, па два, як справа, то абавязкова і з процілеглага боку. Так, калі Сэрвач упадае праваруч, то злева, амаль адразу – Ілія, потым Нарачанка, а насупраць яе, непадалёку – Уша. Праз пэўны час -- зноў сутокі. На гэты раз Вілію сілкуюць Ашмянка і Сірача.



Гісторыкі: У старажытных Смаргонях цераз Вілію была наладжана паромная пераправа, а месца гэтае называлася Перавозамі. Зараз на гэтым беразе сады, а цераз раку перакінуты мост, па якім праходзіць дарога на Вілейку і Нарач.

У гэтых мясцінах—ніжняй частцы Віліі – вадзіліся нават ласосі, паўсюдна было многа ракаў, а верхняя частка была багатай на шчупакоў, налімаў, лінёў, карасёў. Ля вёскі Дэнюшава, якая ляжыць крыху ніжэй Жодзішак, характарыстыка Віліі істотна мяняецца. Тут высокае плато, адсюль пачынаецца паверхня, якую пакрывалі апошнія ледавікі. Дно ракі часта камяністае, ёсць нямала асобных валуноў, якія тырчаць з вады, трапляюцца быстрыні, падобныя да невялікіх парогаў.



Дванаццаць з іх былі вялікімі і небяспечнымі для навігацыі. Іх называлі сябрыннымі, бо паасобку рачнікам адольваць іх было цяжка. Збіралі цэлыя сябрыны і па чарзе, супольнымі сіламі, прапускалі праз перашкоды плыты і лодкі.

Фалькларысты: Такі парог знаходзіўся крыху ніжэй Дэнюшава. Гэта быў першы сябрынны парог на Віліі з назвай Прывітальны. На ім вялікія камяні – Верабей і Зязюлька. Пераплываючы, людзі кідалі хлеб з соллю і гаварылі: “Хлеб—соль вазьмі, мяне прапусці”. Мяркуецца, што гэта старажытны звычай ушанавання прыроды, які захаваўся і да нашых дзён. На Прывітальным хрысцілі рачнікоў-навічкоў (іх проста спіхвалі ў ваду).

Літаратары: Вілія бярэ курс на Нястанішкі. Менавіта гэтыя яе краявіды цудоўна адлюстраваў у сваёй творчасці пісьменнік з ашмянскага роду Ходзькаў. Ігнат Ходзька жыў у 18-19 стст., нямала падарожнічаў па тутэйшых мясцінах, часта гасцяваў у Ністанішках і пакінуў пасля сябе ўспаміны аб рацэ.

Гісторыкі: Недалёка ад месца ўпадзення Страчы, праз колькі паваротаў ракі бачны сядзібы Міхалішак, неўзабаве—мост. Паселішча знаходзіцца там, дзе Вілію перасякае старая дарога з Вільні на Полацк. Тут сыходзіліся два гандлёвыя шляхі—водны і сухапутны. Міхалішкі лічацца месцам старажытнага кірмашу. Плошча пад яго была адведзена ў цэнтры мястэчка. У знакамітай купалаўскай “Паўлінцы” апісаны менавіта міхалішскі кірмаш. Доўгі час у Міхалішках працавала цагельня. Меркавалі нават пабудаваць шклозавод. Даследванні паказалі, што пясок у гэтых мясцінах прыгодны для вырабу шкла. На месцы сучаснага маста планавалі ўзвесці гідраэлектрастанцыю, а пад вадасховішча затапіць абшырныя лукі.

Літаратары: Акрамя Янкі Купалы пра Міхалішкі ствараюць свае творы і мясцовыя паэты. Былы дырэктар школы Міхаіл Андрэевіч Кляцоўскі , вядомы ў раёне краязнаўца, гісторык, таксама прысвяціў Віліі свае вершы і песні.

Географы: Пасля Міхалішак Вілія працягвае свой шлях. Набліжаецца рэчка да Быстрыцы, і тут Вілія робіць лёгкі паварот і бярэ курс на паўночны захад. Быстрыца ляжыць на левым беразе Віліі, ля аднайменнай рачулкі. Да Літвы ўжо не так далёка. Узбярэжжа Віліі па-ранейшаму ціхае і лясістае.

Гісторыкі: Быстрыца—самае старажытнае пасяленне на Астравеччыне. З хронікі Стрыйкоўскага і Каяловіча можна даведацца, што тут знаходзілася першая сталіца ВКЛ. Менавіта тут у 1390 годзе Ягайла заснаваў адзін з першых у княстве касцёл і пасадзіў манахаў-пакутнікаў.

Эколагі: Басейн ракі Вілія—гэта ўнікальны прыродны комплекс з папуляцыямі рэдкіх і знікаючых відаў раслін і жывёл, занесеных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Таму вырашаецца пытанне аб стварэнні на тэрыторыі Астравецкага раёна рэспубліканскага ландшафтнага заказніка. Плануецца стварыць іх два—Сарачанскія азёры і Быстрыца ( першы ўжо дзейнічае). У кожны з іх увойдзе пэўны адрэзак Віліі з яе берагамі , паколькі тут ёсць шэраг асаблівасцей, якія рэзка адрозніваюцца ад астатніх тэрыторый Беларусі. У прыродных адносінах гэтыя мясціны прадстаўляюць унікальны прыклад ландшафтаў краявой зоны паазернага ледавіка.

У выніку праведзеных работ на тэрыторыі райна створаны ландшафтна-экалагічны заказнік Сарачанскія азёры. Тут выяўлена 70 відаў водных беспазваночных жывёл, 34 віды рыб, з якіх 4 віды з’яўляюцца рэдкімі і знікаючымі. Занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі ручаёвы петронг, вусач, харыус звычайны, стронга. Зарэгістравана 140 відаў птушак, з іх 124, якія гняздуюцца. Акрамя гэтага 30 відаў птушак маюць ахоўны еўрапейскі статус. Сярод відаў, якія няўмольна скарачаюць сваю колькасць—вясковая ластаўка, шэрая мухалоўка, сыч дамавы, казадой звычайны і зімародак, сівы і зялёны дзяцел. У разрад рэдкіх птушак увайшлі чорны бусел і скапа.

Усяго на тэрыторыі басейна ракі зарэгістрыравана 203 віды жывёл, з іх 26 знаходзяцца пад пагрозай знікнення (жаба камышовая, мядзянка).

Цудоўна захаваліся ў гэтых мясцінах старыя адзіночныя дубы і ліпы, багацейшыя шырокалісцевыя лясы з падлескам з ляшчыны. Яны багаты ягадамі, грыбамі, шматлікімі лекавымі і гаспадарча-каштоўнымі раслінамі. На сухадольных лугах у даліне Віліі адзначаны невялікія ўчасткі, занятыя суніцай зялёнай або палуніцай, якая выдзяляецца прыемным пахам і адмысловым смакам. З групы рэдкіх і знікаючых раслін—ветраніца лясная, ятрышнік, дрэмлік, паўляпеснік зялёны (два апошнія маюць міжнароднае значэнне, іх збор і продаж забаронены).

У раёне Быстрыцы выяўлена 186 відаў наземных пазваночных жывёл, з іх 34 адносяцца да млекакормячых, 140—птушак, 6—рэптылій, 8—амфібій. Пад дзяржаўнай аховай знаходзяцца 3 віды млекакормячых, чарназубая гагара, малая паганка, чорны бусел, лебедзь-шыпун, шэры журавель, адзін від рэптылій—мядзянка і 4 віды рыб. Сярод іх ласось высакародны, астронг.

Географы: Моста праз Вілію ў Быстрыцы няма. Затое быў тут саматужны паром, які спалілі немцы ў час вайны. Месца, дзе была пераправа, называплася Перавознікамі. Хто на пароме, хто на лодках перабіраліся вяскоўцы з аднаго берага ракі на другі.

Літаратары: Перавознікі сталі другой радзімай для беларускага паэта Міколы Мятліцкага. Вілія з яе чароўнымі берагамі і непаўторнай прыродай натхняе паэта на стварэнне новых твораў.

Вілія заўсёды натхняла многіх таленавітых людзей. Яе вобраз застаўся ў манаграфіях і кнігах Канстанціна і Яўстафія Тышкевічаў, Аляксандра і Цэзара Ходзькаў, Чэслава Кудабы, у творах паэтаў Мар’яна Дуксы і Людмілы Багачовай, краязнаўцаў Міхаіла Кляцоўскага і Канстанціна Карнелюка. Мастак Алег Драбышэўскі ўвасобіў Вілію ў сваіх палотнах “Перавознікі” і “Прыпарамак у Віліі”. Надзвычай яркія імгненні змог зафіксаваць на фотаздымках Іван Петрык. Не абыходзілі ўвагай і самадзейныя аўтары-песеннікі (Людміла Кухарэвіч, Аляксандр Альховік).



Географы: Злева ад Быстрыцы—Даўнарышкі, дзе ў Вілію ўпадае мноства маленькіх рачулак, у асноўным ад узвышша.

Гісторыкі: На схіле месцяцца Кемелішкі—паселішча, вядомае з сярэдніх вякоў. У пісьмовых крыніцах упершыню ўпамінаецца з 1644 года як сяло маёнтка Свіраны.

Географы: Неўзабаве кончацца землі роднай Беларусі, праз якую Вілія цячэ больш за палову свайго часу. На паграніччы наша супольная рака бяжыць уздоўж паўночнага падножжа Буйвіджайскага ўзвышша, зноў робіць значныя петлі, пераскоквае цераз парогі. Пад Прэнамі ў яе ўпадае Балашынка.

Адсюль Вілія збочвае на поўдзень і сама становіцца мяжой: злева яшчэ Беларусь, справа ўжо літоўская зямля. Так працягваецца некалькі кіламетраў. Там, дзе ў Вілію ўпадае Шалнайтэ, адбываецца падзел на Астравецкі і Віленскі раёны. Тут рака рэзка мяняе напрамак і бяжыць на поўдзень.

Каля Буявідзяў ( Буйвіджай) Вілія спакойная. Цяпер яна трымаецца паўночнага напрамку, а затым паварочвае на захад. Справа сустракае прыток Жэймяна, пасля яе робіць паварот на паўднёвы захад і трапляе ў вялікую старыцу якую вымылі воды расталага ледавіка. Якраз тут і настае час развітацца з нашай Віліяй, бо ўсё часцей чуецца назва Нярыс.

Этнографы: Нашы літоўскія сябры наведалі мясціны, дзе зліваюцца воды Віліі і Нёмана (Нярыс і Нямунаса), і даслалі нам свае фотаздымкі. Такім чынам наша падарожжа па Віліі закончылася.

Дапамогу ў зборы інфармацыі нам аказалі супрацоўнікі Астравецкай цэнтральнай і дзіцячай бібліятэк. Прапануем Вашай увазе яшчэ адну легенду пра Вілію.

БЫЛО тое так даўно, што вашым дзедам і прадзедам іх дзяды і бабкі апавядалі гэтую гісторыю, як даўніну даўнюю, многімі забытую.

У слаўнай зямлі, у барысаўскай, каля вёскі Шыляны, цягнуцца вялізныя Шылянскія, або Кравецкія, балоты. З балот тых выцякае з-пад каменя рэчка Вілія.

У вёсцы Шыляны жыў калісь слаўны кравец Сцяпан, на ўсю Барысаўшчыну здольнік. Шыў ён панам вяльможным бармы і саеты, князям харобрым дарагія шаты з грызетаў, павалок грэцкіх і аксамітаў венецкіх, сялянам маламожным—світкі і жупаны.

Багата жыў Сцяпан-кравец і пашану меў у людзей, але невясёлы быў: моцна білася сэрца маладое, што хоць і багаты, і прыгожы сабою, а няма жонкі-красы. Устане хмурны Сцяпан, хмурны за работу бярэцца і хмурны спаць ляжа. І не таму маркоціўся Сцяпан, што не знаходзілася дзяўчат маладых і гожых, ахвочых за яго замуж пайсці, а таму, што адзіная любая дзяўчына-краса ад яго ўцякае, а сустракаючыся, вочкі сінія ў зямлю патупляе.

Мовіць, бывала, Сцяпан да яе слова ласкавае, а яна загарыцца, як макаў цвет на зары, ды маўчыць…

Журыцца Сцяпан, бо праўды не ведае. Не ведае таго, што любка яго, Вельяна, таксама да яго ўсім сэрцам хінецца, ды сарамлівасць дзявочая няволіць.

Доўга цярпеў сваю муку Сцяпан, але надалей цярпець сілы не стала.

Раз апоўначы выйшаў ён у поле чыстае, стаў на крыжавых дарогах і прызваў да сябе сілу цёмную…

Калі настаў дзень, доўга шукалі людзі свайго краўца ў будынках, у полі і ў лесе. Здзівіліся, убачыўшы на месцы роўнага поля велізарную лагчыну, а ў ёй—скамянелага Сцяпана.

Як учула Вельяна, што каханы абярнуўся ў камень, пабегла непрытомная ў поле і , абняўшы рукамі камень, прыпала ла яго і залілася горкімі слязамі.

Плакала яна дзень, плакала ноч, а з усходам сонейка са слёз яе з-пад каменя прабілася крыніца.

Разлілася крыніца па ваколіцы, затапілі ўвесь абшар, ператварыла тую нізіну ў непраходнае балота. І паплыла ў свет рэчка празрыстая, прыгожая, як і сама Вельяна калісь была.

Рэчку гэтую адразу ў памяць Вельяны Вельяй назвалі. І гэтак завуць дагэтуль. Толькі людзі, не ведаючы ўсёй гісторыі, перайначылі крыху яе праўдзівае імя. Атрымалася—Вілія.
Мар’ян Дукса “Вілія”
Вілія—ціхае слова-малітва…

Вілія—хлопчыка сказ-калыханка,

Лінія

гнуткая вечнага руху.



Зорамі

мошчана рэчышча-днішча.

Спорнымі

ўлетку напоена ліўнямі,

Лозамі

пышнымі ўвіта, як лаўрамі.



Плёсамі

бліскае ўранні маланкава,

Вілія…

Мілая,


уздымем мы вёслы, як крылы.

Мілая,


кінем на беразе крыўды.

Паваю


сонца ў зеніце ірдзее.

Плавае


сонечнай казкай-лілеяй.

Вілія,


станеш ты рэчкай расстання.

Мілая,


стрэцімся тут, як прыстанем.

Вілія—


песня шчаслівая, блізкая.

Вілія—


смутак нябесны Агінскага…
Мікола Мятліцкі

У Вілію ўліваюцца рачулкі,

Варушачы празяблаю бруёй

Вячэрні плёс. Іх звон булькотна-гулкі

Чаруе сэрца музыкай сваёй.

Імкнецца з нетры лесавін вакольных

Іх пошапак крынічна-гаваркі.

Падобныя да гаманлівых школьніц,

Што збегліся ў забаве да ракі.

І бераг траўны, срэбны ім, не мулкі

Спалошна стронга водмель калыхне.

Ліюцца чыстазвонныя рачулкі,

Цалуючы каменьчыкі на дне.

Цячэ Пятлянка, плынню замірае

У атачэнні меднастволых хвой,

Трапёткаю бруёй перабірае

Каменьчыкі, нібы ружанец свой.
Найбольш яскрава гісторыя Астравецкага краю раскрываецца ў легендах і паданнях. Вось некаторыя з іх:

Паданне пра паходжанне вёскі Малыя Якентаны (Бурлакі)

“Быў тут калісьці гасподскі двор. Гаспадарыў у ім пан Нарбут. У 1863 годзе Нарбут камандаваў групай мяцежнікаў. У 1864 годзе казакі разбілі паўстанцаў. Гасподскі двор спалілі. І навезлі сюды бурлакоў—пасяленцаў з Пскоўскай і Чарнігаўскай губерній. Вёску назвалі Царская Мар’яўка, а зямлю падзялілі на чатырнаццаць участкаў. Жылі бурлакі тут нядоўга. За зямлю трэба было плаціць падаткі. Бурлакі дачакаліся гэтага часу і пачалі прадаваць зямлю. Прадалі яны гэтыя землі, грошы прапілі і паехалі дадому. І пасяліліся тут нашыя людзі—са Смаргоншчыны, з Ашмяны, вілейскія. Мар’яўкай ніхто нашу вёску не хацеў называць. Назвалі яе Бурлакамі. У 1918 годзе сюды прыйшлі немцы. З таго часу вёску нашу сталі называць Новыя Якентаны. А мы і цяпер гаворым: -- Куды ідзеш? – У Бурлакі. –Адкуль? –З Бурлакоў.”


А вось яшчэ адно паданне пра падзеі 1863 года:
“Пад Дзеравятамі ёсць сасоннічак Казачок. Тое месца так у нас называюць. Там у 1863 годзе паўстанцы забілі аднаго казака. Там ён быў і пахаваны. Больш за сотню гадоў прайшло, а месца, дзе быў забіты казачок, Казачком і называюць.”
Паданне пра Астравец

Сюжэт нагадвае народныя балады пра беднага хлопца і прыгажуню-паненку.

Пан наняў працавітага Апанаса на касьбу, а той вазьмі ды і закахайся ў панскую дачку—прыгажуню Ульяну.

Пайшоў Апанас да пана і кажа: “Эх, пане, касец-маладзец сеў на астравец! Нікуды адсюль не пайду, бо тут я сваё шчасце знайшоў!”

Доўга супраціўляўся пан, але ўрэшце змірыўся і кажа дачцэ: “Дык няхай твой касец забірае гэты астравец, і луг, і яшчэ кавалак поля”.

Падзякавалі маладыя пану за падарунак і сталі спакойна жыць. А за тым астраўком, дзе яны першую хаціну паставілі, назва так і засталася—Астравец”.



Паданне пра вёску Варняны

Жыў, казалі, у вёсцы адзін чараўнік. Нікому слова ласкавага ні разу ні сказаў, не глянуў на чалавека прыхільна. Да вяскоўцаў не хадзіў, а ўсё сядзеў на прызбе і пра нешта думаў, усё бурчаў незадаволена ды паглядаў скрыва. Каб мог, здавалася, дык поедам еў бы.

Побач з ім заўсёды сядзелі чорныя вароны. І гэтак іх многа было—ажно чорна наўкола. Куды б ён ні кіраваў, туды і яны падляталі следам. Гаманілі нават, што і ноччу птушкі тыя не на двары начавалі, а да чараўніка ў хату ўляталі. Але ці так гэта было на самай справе, цяжка сказаць, бо баяліся сяляне зазірнуць да яго ў акно. Няхай сабе і вечарам, у добрых прыцемках, баяліся, што напусціць якога дыму-туману на чалавека і ніколі той не акрыяе, не выцягнецца з хваробы і памрэ ў страшэнных пакутах”.


Паданне пра вёску Белая Вада

Ехаў аднойчы берагам ракі князь-удавец. Пачуў ён спеў і спыніў каня. Убачыў князь дзяўчыну дзіўнай прыгажосці, якая жыта жала і спявала. Супыніў свайго каня валадар, заслухаўся песняй, загледзеўся спорнай працай жнейкі і вырашыў, што аддасць ёй на выхаванне свайго сыночка Адаську…

Праз некаторы час здарылася бяда: хлопчык гуляў на беразе ракі , паслізнуўся і ўтапіўся. Прыбегла дзяўчына, але нічым дапамагчы ўжо не магла. Кінулася з гора ў раку і ўтапілася.

Раптам нехта ціхенька прашаптаў: “Гляньце, людцы, а вада… Вада стала белая… Павярнуліся ўсе на той шэпт, і сапраўды: вада цякла ўжо не празрыстая, як раней, а белая, што тое малако. Гэта рэчка ці то ад крыўды, ці то ад таго, што за адзін дзень дваіх перавяла… Яна, як жывая, усё адчувае. Сказаць толькі не можа, голасу не мае…”

З той пары людзі часта прыходзілі да рэчкі, каб згадаць пра хлопчыка і дзяўчыну, а князь пастаянна кветкі палявыя прыносіў.

З цягам часу рачулка тая і возера балацінкай сталі, а вось назва засталася—Белая Вада”.


Легенда пра Напалеонаўскі дуб

Па дарозе з Свіранак на Перавознікі стаіць вялікі раскідзісты дуб. Колькі яму год, ніхто дакладна не ведае. Старажылы сцвярджаюць, што больш двухсот. Многа пабачыў ён на сваім вяку. Не раз перуны праплялі ў яго буйную крону. З цягам часу ў ствале ўтварылася такое дупло, што туды лёгка могуць памясціцца пяцёра дзяцей. Але, нягледзячы на ўсе выпрабаванні лёсу, дуб і зараз горда ўзносіць да неба сваю крону.

У народзе дуб называюць Напалеонаўскім і лічаць, што пад ім адпачываў сам французскі імператар Напалеон Банапарт. Сцвярджэнне гэта, канечне, адноснае. Наўрад, ці быў пад Перавознікамі Напалеон, а вось яго салдаты тут сапраўды былі, калі ўцякалі на радзіму.

Стаяў густы туман, пагэтаму вёску Літвяны французы не заўважылі і прайшлі міма. Дуб жа стаяў пры дарозе, так што прылегчы пад ім яны сапраўды маглі.

200 год мінула з той пары, калі напалеонаўскія войскі былі ў Беларусі, але дуб і зараз завуць Напалеонаўскім.

А яшчэ па адной версіі, якую гадоў дзесяць назад агучыла літоўская “Рэспубліка”, перавозніцкая зямля захоўвае нарабаванае французамі золата. Ажно цэлых восем бочак! Французы ўцякалі ў бок Вільні, але па дарозе часта трапляліся разбойнікі. Каб скарб не трапіў у чужыя рукі,вырашылі надзейна яго схаваць, і так схавалі, што да сённяшняга дня нікому не ўдалося знайсці хоць бы манетку. Відаць, глыбока яго зарылі, таму што трактары магутнымі плугамі аручы глебу па два разы на год, і дзікія свінні, якія не раз ласаваліся свежымі пабегамі азімага рапсу, так і не вырылі нічога. А, можа, не кожнаму зямля хоча даверыць сваю тайну і не прыйшоў яшчэ той шчасліўчык, які адшукае незлічоныя напалеонаўскія багацці? Цікава толькі, што да гэтай пары не знайшлося ахвотнікаў за скарбамі.



Паданне пра паходжанне вёскі Кемелішкі

Праязджаючы па славутым Полацкім тракце, дарога збочвае ўлева і прыводзіць на беларуска—літоўскае памежжа. Тут, на невялікім лапіку зямлі, раскінулася вёска з нязвыклай для беларускай мовы назвай—Кемелішкі.



Існуюць тры версіі наконт паходжання назвы вёскі. Старыжылы лічаць, што назвы вёскі паходзіць ад камяністай мясцовасці. Сапраўды, у ваколіцах захавалася мноства камянёў і валуноў, якія пакінуў пасля сябе ледавік. Па другой версіі, першым жыхаром быў Камінскі, таму і вёска мае такую назву. У суседняй вёсцы Падліпяны жывуць людзі з такім прозвішчам. Але хутчэй за ўсё назва бярэ свой пачатак з літоўскай мовы, якой уласцівы суфікс –ішк. У літоўскай мове сустракаюцца словы “кемежа”, што значыць, “двор”, “кмінас”—“кмен”, а таксама слова са значэннем “малы, хілы”. Магчыма, адно з іх і паслужыла назвай вёскі.

У пісьмовых крыніцах вёска ўпершыню ўпамінаецца ў 1644 годзе “як сяло маёнтка Свіраны”.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка