Эканамічнае супрацоўніцтва рэспублікі беларусь І азербайджанскай рэспублікі




Дата канвертавання30.03.2016
Памер44.21 Kb.
ЭКАНАМІЧНАЕ СУПРАЦОЎНІЦТВА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ І АЗЕРБАЙДЖАНСКАЙ РЭСПУБЛІКІ
Багута В.А., 1 курс, ДКЭ

Навуковы кіраўнік: Саракавік І.А., к.г.н., дацэнт
У аснове вонкавай палітыкі Рэспублікі Беларусь закладзены прынцып шматвектарнасці. Цікавасць уяўляе супрацоўніцтва беларускай дзяржавы з любой краінай, гатовай развіваць адносіны на прынцыпах павагі суверэнітэту, даверу, паразумення і неўмяшання ва ўнутраныя справы. Аналагічныя канцэптуальныя падыходы закладзены і ў знешнепалітычнай практыцы Азербайджанскай Рэспублікі. У дзвюх краінах шмат падобных рыс – ад міжрэлігійнай талерантнасці грамадстваў да імкнення да дынамічнага развіцця суверэнных і незалежных дзяржаў, пабудовы сацыяльна арыентаваных эканомік, забеспячэння высокіх тэмпаў эканамічнага росту. Усё гэта абуджае ў бакоў стваральную цікавасць да інтэнсіўнага наладжвання дыялогу, пераводу двухбаковага супрацоўніцтва на доўгачасовую аснову.

Двухбаковае эканамічнае супрацоўніцтва паміж Мінскам і Баку бярэ свой пачатак з 11 чэрвеня 1993 г., з моманту ўсталявання паміж Беларуссю і Азербайджанам дыпламатычных адносін. За час супрацоўніцтва сфармаваны дужыя традыцыі беларуска-азербайджанскага партнёрства.

Вялікі ўнёсак у развіццё адносін паміж Беларуссю і Азербайджанам унесены створанай у сакавіку 2004 г. Міжурадавай беларуска-азербайджанскай камісіяй па гандлёва-эканамічнаму супрацоўніцтву на чале з намеснікамі прэм'ер-міністраў дзвюх краін. За час яе існавання прынята шмат важных рашэнняў, ініцыявана рэалізацыя сур’ёзных праектаў у вобласці вытворчай кааперацыі, нададзены якасна новы характар працы па фармаванні дамоўна-прававой базы супрацоўніцтва [1, c. 83].

Сур’ёзнасць намераў бакоў, зацікаўленасць у эфектыўным і дынамічным фармаце двухбаковага супрацоўніцтва пацвярджаецца і адкрыццём дыпламатычных прадстаўніцтваў Беларусі і Азербайджана ў Мінску і Баку на ўзроўні пасольстваў.

Істотную ролю ў актывізацыі двухбаковага супрацоўніцтва меў абмен візітамі на вышэйшым узроўні: ў 2006 г. Беларусь наведаў Прэзідэнт Азербайджана А. Аліеў. Падчас яго была падкрэслена магчымасць рэалізацыі сумесных праектаў бакоў па распрацоўцы радовішчаў, здабычы нафты і газу, так як Азербайджан валодае гэтымі буйнымі радовішчамі, а Беларусь – сучасным, магутным нафтахімічным комплексам, што з’яўляецца асновай узаемавыгаднага супрацоўніцтва. Апрача гэтага, Беларусь валодае інфраструктурай трубаправоднага транспарту для транспартавання каспійскай нафты ў Прыбалтыку і Польшчу [2, c. 326]. У 2007 г. з візітам Азербайджан наведаў Прэзідэнт Беларусі А. Лукашэнка.

Абмен візітамі кіраўнікоў Беларусі і Азербайджана дазволіў беларуска-азербайджанскаму эканамічнаму супрацоўніцтву развівацца з прыцэлам на далёкую перспектыву: ёсць Праграма доўгатэрміновага сацыяльна-эканамічнага супрацоўніцтва бакоў да 2015 г., а таксама план дзеянняў па яе выкананню. Праграма прадугледжвае шырокі спектр эканамічнага супрацоўніцтва ў вобласці прамысловасці ў цэлым, нафтавай і хімічнай прамысловасці, аграпрамысловага комплексу, транспарта ў прыватнасці, а таксама ў вобласці сумеснай замежнаэканамічнай дзейнасці ў трэціх краінах.

У структуры беларускага экспарту ў Азербайджан пераважае прадукцыя машынабудаўнічай, прыборабудаўнічай, хімічнай, нафтахімічнай, фармацэўтычнай, дрэваапрацоўчай прамысловасці. Iмпарт Азербайджана ў Беларусь – гэта сельскагаспадарчая прадукцыя, бавоўна, табак, бо Беларусь зацікаўлена закупляць у вялікіх аб’ёмах у Азербайджане, маючага 9 кліматычных зонаў, высакаякасную сельскагаспадарчую прадукцыю, якую не магчыма атрымоўваць у беларускіх умовах [1, c. 112].

Аднак дасягнуты этап эканамічных стасункаў не адпавядае магчымасцям і патрэбнасцям бакоў. Адным з чыннікаў гэтаму з’яўляецца недасведчанасць азербайджанскіх эканамічных колаў пра прамысловы і інвестыцыйны патэнцыял Беларусі, як, зрэшты, і наадварот – беларускіх прадпрыемстваў пра асаблівасці азербайджанскага рынка. Адкрыццё пасольстваў абедзвюх дзяржаў дазваляе выйсці беларуска-азербайджанскаму супрацоўніцтву на новы, больш якасны ўзровень.

Гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва Беларусі і Азербайджана не абмяжоўваецца экспартна-імпартнымі аперацыямі і ўключае вытворчую кааперацыю. З 2007 г. у Азербайджане створаны зборачныя вытворчасці па выпуску трактараў і грузавых аўтамабіляў, ажыццяўляецца кааперацыя па вытворчасці ў гэтай краіне мабільных буравых установак.

Аб’ём тавараабароту паміж Азербайджанам і Беларуссю параўнальна невялікі, але за апошнія гады, асабліва пасля 2004 г., калі прэм’ер-міністры краін абмяняліся афіцыйнымі візітамі і была створана Міжурадавая беларуска- азербайджанская камісія па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве, гэты паказчык прыкметна вырас з 11,7 млн. дол. у 2004 г. да 79,3 млн. дол. ЗША у 2007 г. [2, с. 325]. У 2008 г. ён склаў 111,6 млн. долараў ЗША, ці 124,5 % да 2007 г. Аснову паставак з Беларусі склалі прадукцыя машынабудавання (41,6 %), дрэваапрацоўка (12,6 %), прыборабудаванне (5,8 %), а з Азербайджана – сокі агародныя і садовыя (36 %), спірты (21,9 %), тканіна з сінтэтыкі (12,2 %), табачная сыравіна (9 %), арэхі (3,4 %) [1, c. 89].

Усе гэтыя праекты носяць узаемавыгадны характар і карэспандуюць з інтарэсамі як адной, так і другой краіны. Нарошчванне аб’ёмаў вытворчай кааперацыі дазваляе ствараць сталыя працоўныя месцы, вырашаючы, такім чынам, шматлікія сацыяльныя пытанні.

Адначасова, падзяляючыся сваімі тэхналогіямі, Беларусь уносіць важкі ўнёсак у мадэрнізацыю прамысловага, вытворчага і экспартнага патэнцыялу Азербайджана.

Дамоўна-прававая база двухбаковых дамоў ахоплівае практычна ўсе вобласці супрацоўніцтва – ад прамысловасці, аграрнага сектара да культуры, навукі і мастацтва.

Аналіз эканомік абодвух дзяржаў паказвае, што яны ўзаемадапаўняльныя. Беларусь мае добры тэхналагічны патэнцыял, а Азербайджан – сыравіну, якая запатрабавана айчыннымі прадпрыемствамі. Дзякуючы такім адметнасцям сумеснымі намаганнямі, не зважаючы на адлегласць, можна дасягнуць добрых вынікаў у развіцці гаспадарак абодвух краін на карысць сваіх народаў.



Такім чынам, досвед супрацоўніцтва Беларусі і Азербайджана паказвае, што нават частковае аб’яднанне магчымасцяў дзвюх краін здольна даць узаемаадчувальны сацыяльна-эканамічны эфект. Закладзены эканамічны падмурак узаемакарысны бакам і з’яўляецца стартавай пляцоўкай для далейшага нарошчвання гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва і яго ўдасканалення.
Літаратура

  1. Юсубов, Ф.И. Развитие экономического сотрудничества между Республикой Беларусь и Азербайджаном / Ф.И. Юсубов.– Минск: Право и экономика, 2010. – 146 с.

  2. Республика Беларусь в системе международных экономических отношений / Институт экономики НАН Беларуси. – Минск: Право и экономика, 2009. – 694 с.

  3. Беларусь и страны СНГ: статистический сб. / Национальный статистический комитет Респ. Беларусь. – Минск, 2010. – 142 с.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка