Ежы Шаняўcкі (Jerzy Szaniawski) 1886—1970 Мараход




старонка1/3
Дата канвертавання04.05.2016
Памер496.59 Kb.
  1   2   3


Ежы Шаняўcкі

(Jerzy Szaniawski)

1886—1970
Мараход

(Żeglarz)



П’еса

Дзея І
Скульптурная майстэрня. У шкляным эркеры на подыюме — вялікая мадэль помніка. Помнік — прыгожая, стройная, “шляхетная” постаць капітана Нута-марахода. Побач — паруснік, што напалову патануў у марскіх хвалях. На канапе ляжыць Скульптар. Праз акно эркера паглядае на вуліцу смутная мілая дзяўчына, якую завуць Мэд.
СКУЛЬПТАР. Табе сумна, Мэд?

МЭД. Сумна.

СКУЛЬПТАР. Чакаеш...

МЭД. Чакаю.

СКУЛЬПТАР. А было б добра, вельмі добра, калі б ты не сумавала... (можа, чакаў адказу, бо змоўк, але паколькі і дзяўчына маўчыць, гаворыць далей) ...Каб мая сястра не сумавала... (Маўчанне). Як добра, што побач са мной не каханка, а сястра... каханка мяне б мучыла... а я хачу толькі адпачыць, адпачыць пасля...

МЭД. ...Пасля творчых намаганняў... (Сказала гэта, нібы думаючы пра нешта іншае, усё паглядаючы на вуліцу).

СКУЛЬПТАР. Так, “пасля творчых намаганняў”. Добра сказала... Я хацеў сказаць проста “адпачываць пасля працы”... І абяцаю, што буду зараз адпачываць доўга... Можа, месяц, можа, два, а мо нават год... (праз імгненне) А можа, паехаць некуды далёка-далёка... Памятаю, ты любіла гаманіць са мной пра далёкія падарожжы... (Задумаўся).

МЭД. Так... я з табой часта размаўляла пра далёкія краіны...

СКУЛЬПТАР. Ну дык паедзем. (Маўчанне). Мэд, цябе зусім не цікавіць тое, што я кажу, ты думаеш пра нешта іншае.

МЭД. Не... я слухаю, кажы...

СКУЛЬПТАР. Пазіраеш у далячынь і... чакаеш... Мы з рыбацкай сям’і... Гэта ўжо ў крыві ў дочак марскіх рыбакоў — чакаць... Паплыве нехта дарагі ў мора, а яны глядзяць на далёкія ветразі, вывучаюць неба, услухваюцца ў крык чайкі — ці не голас гэта варожы, які буру вястуе. (Праз імгненне). Але ты не бойся, Мэд... Ян неўзабаве вернецца.

МЭД. Ужо даўно павінен быў вярнуцца...

СКУЛЬПТАР. Відаць, мае там нейкія важныя справы.

МЭД. І найважнейшыя можна павырашаць за паўтара году.

СКУЛЬПТАР. Але мілая Мэд... Трэба зразумець, што адно — “найважнейшая справа” для дзяўчыны, іншая — для мяне, скульптара, а іншая — для такога, як ён... Можа, ён там знайшоў, у гэтых далёкіх краях, нейкія старыя папірусы, нейкую мумію альбо нешта яшчэ больш важнае і не можа ад гэтага адарвацца.... Гэта трэба зразумець.

МЭД. Так... магу зразумець, што для яго старая мумія даражэйшая за маладую... нявесту... Але разумець гэта паўтара году — гэта трохі... (амаль праз слёзы) занадта доўга...

СКУЛЬПТАР. Што? Ты ўжо бунтуеш?

МЭД. Не... Чакаю... (прыслухваецца). Да нас нехта ідзе.

СКУЛЬПТАР. Адкуль ведаеш, што да нас?

МЭД (стаіць нібы ў нейкім прадчуванні). Ведаю... (праз імгненне) Але гэта... гэта яшчэ не... ён...


Званок. Скульптар ляніва ўстае, ідзе адчыніць дзверы. Уваходзіць Рэктар.
РЭКТАР. Вітаю шаноўнага майстра.

СКУЛЬПТАР. Маё шанаванне пану рэктару. Мая сястра.

РЭКТАР. Вельмі прыемна пазнаёміцца з сястрой нашага майстра. Шаноўны майстар! Мы разам з распарадчыкам і адміралам вырашылі сустрэцца ў вас, каб супольна абмеркаваць некалькі справаў. Бачу, я прыйшоў першым.

СКУЛЬПТАР. Прысядзьце, адпачніце, калі ласка.

РЭКТАР. Вялікі дзякуй. Я дазволіў сабе прынесці творцы помніка капітану Нуту сваю новую кнігу... маю сціплую працу пра таго ж капітана Нута.

СКУЛЬПТАР. Гэта не сціплая, а вельмі паважная праца. Глядзі, Мэд.

МЭД. Так, паважная.

СКУЛЬПТАР. Вялікі вам дзякуй.

РЭКТАР. Тут ёсць усё, што я змог сабраць пра капітана. Прытрымліваўся метаду, паводле якога трэба пачаць ад дзяцінства капітана, а скончыць яго смерцю.

МЭД. А хіба можна інакш?

РЭКТАР. Можна, безумоўна, можна. Можна і ад канца да пачатку.
Званок, Скульптар ідзе да дзвярэй.
О, гэта альбо распарадчык, альбо адмірал.
Уваходзяць Распарадчык з Адміралам.
Абодва.

РАСПАРАДЧЫК. Мой паклон майстру. (Прадстаўляе Адмірала) Вельмішаноўны пан адмірал...


Вітаюцца.
СКУЛЬПТАР. Мая сястра.
Вітаюцца.
РАСПАРАДЧЫК. Мой любы майстра, пагамонім пра нашыя справы. Набліжаецца дзень адкрыцця помніка. Праз некалькі тыдняў мы сарвем покрыва з бронзавай постаці капітана Нута...
Тут уздыхнуў Рэктар, паківаў галавой Адмірал.
Адна з гарадскіх плошчаў будзе напраўду ўпрыгожаная... (Паказвае на помнік).

РЭКТАР. Ба... ба...

АДМІРАЛ. Велічна ўпрыгожаная...

РАСПАРАДЧЫК. На мае плечы як распарадчыка камітэта ўскладаецца абавязак дэкараваць плошчы асобамі высокага стану. І гэта нялёгка! Бо трэба спалучыць іерархію з маляўнічасцю груп. Парадак, бяспеку і каб ніхто не быў абражаны — гэта я бяру на сябе. Гэта павінна быць зроблена практычна, прыстойна і эстэтычна. І менавіта з эстэтыкай вы мне дапаможаце.

СКУЛЬПТАР. Э-э, пан распарадчык, трэба ўсю грамаду выпусціць на плошчу — хто першы, той лепшы. Ці ж я ведаю, хто з іх першы, а хто другі...

АДМІРАЛ. Але можа, мне вы не адмовіце ў сваёй эстэтычнай дапамозе. (Адчыняе скрынку). Вось макет марской выставы, якая распачне сваю дзейнасць у сувязі з адкрыццём помніка.

СКУЛЬПТАР. Але цудоўна! Дамкі, брамкі, газоны, глядзі, Мэд!

МЭД. Так, прывабна. Нібы ў крамах забавак.

АДМІРАЛ. На жаль, не ўсе павільёны атрымліваецца запоўніць.

РЭКТАР. Няўжо напраўду, дарагі адмірал, так мала экспанатаў?

АДМІРАЛ. Няшмат. Яшчэ неяк дамо рады з гістарычным аддзелам, з навукова-забаўляльным... Цікавы будзе аддзел марскіх жывёлаў, жывых і чучалаў; аддзел “мараходных легендаў” падаецца нават прыстойным. Але падкажыце, спадарства, чым запоўніць павільён, прысвечаны капітану Нуту? Родны горад капітана, а няма ніякіх экспанатаў, звязаных з ім...

РЭКТАР. Ёсць толькі дом, у якім — праўдападобна — убачыў святло дня капітан-герой. Але дом у павільён не перанесці...

РАСПАРАДЧЫК. Асабліва калі ўлічыць, што яго надбудавалі, і цяпер ён вышэйшы за ўвесь павільён.

СКУЛЬПТАР. Так, было б цяжка.

РЭКТАР. У мяне пытанне: навошта ўвогуле ставіць павільён для экспанатаў, калі гэтых экспанатаў, як той казаў, няма.

АДМІРАЛ. Але мы не можам абысціся без экспанатаў, звязаных з капітанам Нутам. Я нават даў аб’яву. “Шукаю рэчы капітана Нута...”

РАСПАРАДЧЫК. І што? Беcпаспяхова? Ніхто не звярнуўся?

АДМІРАЛ. Паспяхова. Звярнуўся.

РЭКТАР. Хто?

АДМІРАЛ. Адзін сталяр прынёс мне кульгавы столік і сказаў, што гэта столік капітана Нута. Мне падалося, што столік надта спешна прыстараны. Дзюркі, якія выгрызаюць чарвячкі, былі, мне падаецца, пракручаныя свярдзёлкам.

РЭКТАР. Гэта мудры сталяр.

АДМІРАЛ. Не толькі мудры, але і бессаромны. Бо калі я ў яго спытаў, якія ён мае доказы, што гэта столік капітана Нута, ён мяне адказаў: “А якія ў вас ёсць доказы, што гэта не столік капітана Нута?”

РАСПАРАДЧЫК. І што?

АДМІРАЛ. Што было рабіць, узяў столік...


У гэты момант Мэд нешта заўважае, зрываецца, выбягае, нібы не бачыць прысутных. Усе здзіўленыя. Маўчанне.
РЭКТАР. Ваша сястрычка выбегла нібы сарна.

СКУЛЬПТАР (глядзіць на дзверы, думае пра нешта, што вельмі яго ўзрушыла). Прашу прабачэння...


Ледзь паспеўшы скончыць, пабег і знік за дзвярыма. Яшчэ большае здзіўленне іншых.
АДМІРАЛ. Нешта здарылася...

РЭКТАР. Нейкія галасы...

РАСПАРАДЧЫК. Не разумею, уцяклі... і пакінулі нас, як дурняў.
Усе стаяць здзіўленыя, чакаюць.
АДМІРАЛ. Цалуюцца...

РЭКТАР. Абдымаюцца...

РАСПАРАДЧЫК. Радуюцца... Гады два, мусіць, не бачыліся....
Чуваць усё больш і больш выразна тры галасы. Уваходзіць узбуджаная Мэд, за ёй ідуць Ян і Скульптар.
СКУЛЬПТАР. Прашу прабачэння, але гэта так нечакана. Мой сябра і жаніх сястры. Прыехаў з далёкага падарожжа.

РЭКТАР. А, мы добра знаёмыя. Гэта мой былы студэнт!

ЯН. Я тут не быў паўтара году. Бачу, штосьці змянілася. Ты сярод высокіх асобаў. Віншую... (Заўважае помнік, нечакана ўзрушваецца). А гэта што? Гэта ж... гэта капітан Нут...

СКУЛЬПТАР. Мадэль помніка...

ЯН. Мадэль — помніка?

МЭД. Не ведаеш нічога, не пісала табе...

РЭКТАР. Вы нічога не ведаеце пра помнік?

РАСПАРАДЧЫК. Неўзабаве адкрыццё.

ЯН. Нічога не ведаю... Я быў далёка. Не чытаў газет... Гэта нечувана...

РЭКТАР. Шаноўны вучань, ты, канечне, ведаеш, як гісторык, што сёлета мінае пяцьдзясят гадоў з моманту геройскай смерці капітана Нута.

РАСПАРАДЧЫК. І таму горад наш, які з’яўляецца калыскай ягонай...

ЯН. Неверагодна....

МЭД (пільна і амаль палахліва пазірае на Яна). Чаму ты кажаш “неверагодна”?
Усе глядзяць зацікаўлена: чаму звестка пра помнік зрабіла на Яна такое ўражанне.
ЯН (ачухаўся, убачыў кнігу Рэктара, чытае надпіс на вокладцы). “Капітан Нут”. А, гэта біяграфія капітана Нута, вамі, пан рэктар, напісаная...

РЭКТАР (збянтэжаны загадкавай усмешкай). Так...

АДМІРАЛ. Але не будзем замінаць. Жаніх з далёкага падарожжа...

РАСПАРАДЧЫК. О так, не будзем замінаць...

РЭКТАР. Безумоўна, не будзем перашкаджаць... Але... мо яшчэ пару словаў... Гэта мой любімы вучань... Нават улюбёны вучань... быў фактычна на чале таварыства “Чорных берэтаў”, якія мне трошкі даліся ў знакі... але гэта маленькая... вылучаўся гэты ўлюбёны вучань... тым вылучаўся, што хацеў быць хутчэй настаўнікам свайго прафесара. Калі я казаў “белае”, ён мне даказваў, што гэта “чорнае”. І заўсёды з нейкай усмешкай. Гэтую ўсмешку я заўважыў і цяпер, калі ён узяў маю працу пра капітана. Гатовы з мяне, шэльма... хе... хе... і цяпер кепікі пастроіць...

ЯН. Безумоўна, здарэнне надзвычайнае. А што да бачанага... магу сказаць, навошта я так далёка і так надоўга адсюль з’ехаў... Я шукаў звесткі пра капітана Нута...

РЭКТАР. Што?

РАСПАРАДЧЫК. Пра капітана Нута?

АДМІРАЛ. Дык вы мо даведаліся нешта новае!..

ЯН. О, так.

МЭД. Што ты ведаеш пра капітана Нута?

ЯН. Я ўсё яшчэ агаломшаны тым надзвычайным выпадкам, што я, менавіта я, які шукаў звестак пра гэтага марахода, спаткаў амаль першымі тых, што ставяць яму помнік.

МЭД. Што ты ведаеш пра капітана Нута?

ЯН (бярэ кнігу Рэктара). Вялікая кніга. Сапраўды, дзе вы знайшлі столькі матэрыялу?

РЭКТАР. Дык гэта... шукаў...

РАСПАРАДЧЫК. У такі час і праца мусіць быць вячыстая, як помнік... Але ніхто не бачыў працы “вячыстай”, якая была б таненькая, як брашура.

ЯН. Вядома... Ці дазволіць пан рэктар, каб я, перш чым грунтоўна працу вашую прачытаю, прагледзеў карцінкі...

РЭКТАР. Карцінак там няшмат...

ЯН (чытае назву раздзела). “Дзяцінства капітана”. Пра дзяцінства капітана Нута я ведаю, безумоўна, мала... Гэта будзе цікава... Вось, напрыклад тут... (Чытае) “Будучы герой ад самага ранняга дзяцінства выяўляў цікавасць да малявання мапаў. Яшчэ двухгадовым дзіцем разліваў чарніла на белай сурвэтцы, пасля чаго ўглядаўся ў плямы, што нагадвалі формай Еўропу, Афрыку, а таксама іншыя часткі свету”. Так, пане рэктар. Дарма вы мяне ачарнілі толькі што, калі паведамілі, што я скажу “чорнае” на тое, што вы назавяце “белым”. Безумоўна, веру, што такое магло быць.

РЭКТАР. Першы раз сутыкаюся з такой пашанай з вашага боку.

ЯН. Паглядзім далей... (Чытае бліжэй да сярэдзіны кнігі). “Капітан Нут вылучаўся стройнай, шляхетнай постаццю і нечувана прыгожымі рысамі твару. Арліны нос, смела акрэсленыя бровы, выразна вылеплены лоб і густыя валасы стваралі вобраз прыгожы і прыцягальны”. А тут магу запярэчыць. Як вядома, мы не маем ніводнага партрэту капітана Нута...

РЭКТАР. На жаль, так.

ЯН. Я змог знайсці некалькі чалавек, якія памятаюць капітана. Ды вось, на іх думку, капітан Нут быў чалавекам каржакаватым, з добрым жывоцікам і крываватымі нагамі...

МЭД (нібы міжвольна). Няпраўда!

ЯН. Адкуль ты ведаеш, Мэд, што гэта няпраўда?

МЭД. Не ведаю, адкуль ведаю, але... але... ён не такога ляпіў, пра якога ты кажаш.

ЯН. Ты не карыстаўся ніякімі партрэтамі, бо партрэтаў няма.

СКУЛЬПТАР. Не, партрэтамі не карыстаўся.

ЯН. Ну вось. Цяпер што датычыць носу капітана. Як вядома, людзі па-рознаму апісваюць насы сваіх бліжніх, а таму бываюць насы доўгія... так званыя кручкаватыя... якімі можна грэбсці вуголле ў каміне.
Усе апусцілі насы.
Бываюць насы задзёртыя...
Усе паглядзелі наверх.
...аж настолькі, што на іх можна павесіць капялюш... бываюць насы, пра якія кажуць, што імі можна па касцёлах свечкі тушыць.
Усе ў меланхоліі.
Не буду пералічваць усё... ва ўсялякім разе, паводле маіх звестак, нос капітана Нута не быў арліным.
Усе схамянуліся.
Быў гэта хутчэй нос, пра які кажуць “нос як бульбіна”.
Усе занепакоена паглядзелі адно на аднаго.
А што да валасоў, то скажу, што я здолеў знайсці старога цырульніка, які сцвярджаў, што ўласнымі рукамі стрыг капітана ўзімку машынкай нумар тры, а ўлетку папросту галіў яму галаву. (Кладзе кнігу і падыходзіць да свайго партфеля, з якога дастае машынку). Вось corpus delicti. Гэтую гістарычную машынку я нават здолеў набыць.

РАСПАРАДЧЫК. Гмм, але гэта машынка... гмм...

РЭКТАР. Машынка нумар тры...
Бяруць машынку, аглядаюць, спрабуюць.
АДМІРАЛ. Але ці не такая ж гісторыя з гэтай машынкай, як з тым столікам?

РЭКТАР. Менавіта!..

РАСПАРАДЧЫК. Вось жа ж яно!

ЯН. З якім столікам?

РЭКТАР. Наш адмірал абвясціў, што шукае рэчы, звязаныя з капітанам Нутам, і яму прынеслі столік...

РАСПАРАДЧЫК. Але няма доказу, што капітан увогуле калі-небудзь бачыў гэты столік.

ЯН. А-а, так, разумею... Ёсць акалічнасць, якая пацвярджае аўтэнтычнасць рэчы, мною набытай. Я пачуў гісторыю гэтай прылады яшчэ да таго, як выказаў жаданне яе купіць. Зрэшты, я і сам прызнаю, што гэта не надта важна. Можна быць шляхетным чалавекам і пры гэтым не мець так званай “шляхетнай постаці”... Можна быць арлом без арлінага носу. А што да валасоў... Капітан Нут не мусіў рабіць як Самсон, дык мог сабе і галаву пагаліць.

МЭД. Галіў валасы? Не, ён меў доўгія валасы... Выглядаў як гэты...

РАСПАРАДЧЫК. У найпрыгажэйшым вершы напісана: “...з валасамі, што па ветры сцелюцца, з позіркам, удалеч скіраваным, карабель, ахоплены пажарам, не пакіне мужны капітан...”

ЯН. Выглядаў як гэты, Мэд? Гм, чытаем далей: “Капітан Нут вёў сапраўды спартанскае жыццё. Цвёрды ложак, маленькая падушка з марской травы, сціплая ежа два разы на дзень, шэсць гадзін сну, а апроч гэтага толькі праца, праца і яшчэ раз праца — вось лад жыцця гэтага марака. Шклянка вельмі моцнай гарбаты па абедзе, люлька і пласціначка жуйкі — вось адзіныя наркотыкі, якія ўжываў капітан Нут”. Шаноўныя! Не маю звестак пра тое, чым была набітая падушка капітана, не ведаю, колькі гадзін ён спаў і колькі разоў на дзень еў. Але што да наркотыкаў, то, паводле маіх звестак, ужываў ён іх больш, чым паказвае пан рэктар. Ужо ад ранку капітан нашча піў звычайную сівуху. Пасля піў ачышчаную гарэлку, за сняданнем піў віскі, а па сняданні — каньяк і розныя наліўкі... піў усё, што маці-зямля родзіць і ў чым ёсць алкаголь.

РЭКТАР. Э-э, шаноўны...

ЯН. Піў мёд, віно, падобна нават да таго, што не пагарджаў лікёрам.

РЭКТАР. Шаноўны...

ЯН. А калі і піў гэтую гарбату, пра якую вы кажаце, дык дакладна было там паўшклянкі гарбаты і паўшклянкі рому.

РАСПАРАДЧЫК (пасля імгнення разгубленасці). Але паслухайце, калі чалавек выпіў адзін-два кілішкі, дык вы адразу гэта на ўсеагульны агляд...

АДМІРАЛ. Я як стары марак павінен сказаць, што марскі клімат проста патрабуе некаторай дозы...

ЯН. Я пра гэта ведаю, пан адмірал. Ведаю, што на сушы ці на моры, на полюсе ці на экватары людзі спасылаюцца на тое, што іх клімат і традыцыя патрабуюць выпіўкі... Веру, што мараку так збрыдзець можа выгляд вады, што нават смага вадой не спаталяецца. Дадам, што я і сам люблю час ад часу выпіць з сябрамі не гарбаты...

РАСПАРАДЧЫК, РЭКТАР, АДМІРАЛ (падхопліваюць). Ну дык, менавіта, пра гэта ж і гамонка!

ЯН. Але навошта пісаць пра гарбату, люльку і жуйку, калі адной з найбольш выразных рысаў капітана было тое, што ён піў — і моцна піў!
Госці меланхалічна звесілі насы. Схамянуўся Распарадчык.
РАСПАРАДЧЫК. Але шаноўны! Наш рэктар думаў пра тых “убогіх духам”, якія могуць гэта прачытаць. Гамонка пра тое, каб “убогія духам” узбагаціліся, пабачыўшы прыгажосць, што струменіць з выдатнай постаці, а не былі з героем як з прыяцелем і не казалі яму: “Ну што, стары, давай па пяцьдзясят!”

ЯН. Дыспут пра вартасці гэтага метаду адкладзем на потым і вернемся да кнігі пана рэктара... О... тут, бачу я, шмат увагі аддадзена каханню капітана да лэдзі Пэпільтан...

РЭКТАР. Вы і тут нешта дадасцё?

ЯН. Лісты капітана? Так. Я не раз перачытваў гэтыя найпрыцягальнейшыя лісты. Ведаю іх. Гэта праз іх я пачаў свае пошукі.

РАСПАРАДЧЫК. Лісты?

РЭКТАР. Гэтыя лісты?

АДМІРАЛ. Лісты да лэдзі Пэпільтан?

ЯН. Так. Гэтыя славутыя лісты, у якіх капітан выказваецца чулліва, пекна, пяшчотна. Здарыўся аднаго разу такі выпадак: паміж старымі дробязямі і паперамі, якія, зрэшты, не маюць нічога супольнага з капітанам Нутам, я знайшоў кавалак спісанай паперы. Быў гэта кавалак канверта. Я вам яго пакажу. (Ідзе да партфеля, дастае аркуш). Вось. На адным баку адрас. “Капітан Нут”.


Тварах слухачоў раптоўна робяцца вельмі зацікаўленымі.
А на другім баку некалькі словаў, хутчэй за ўсё напісаных у спешцы. Гэты ліст... Гэта ўласнаручны ліст капітана Нута.
Усе падаюцца наперад. Усе, апроч Скульптара, які сядзіць паводдаль, цалкам абыякавы, падыходзяць да Яна, каб пабачыць ліст.
РЭКТАР. Уласнаручны.

РАСПАРАДЧЫК. Гэх, што вы кажаце... паглядзім. (Глядзіць).

АДМІРАЛ. А якія доказы, што...

ЯН. У нашым музеі захоўваецца, як вядома, адзіны аўтограф капітана. Рапарт аб завершаным падарожжы. Я параўнаў почырк. Той самы.

РАСПАРАДЧЫК. І вы маеце такую рэліквію, і проста ў партфелі...

ЯН. У гэтым партфелі я маю ўсё, што датычыць капітана.

АДМІРАЛ. Ну дык ёсць нарэшцэ нейкі сапраўдны экспанат! Шаноўны, я змяшчу яго на ганаровым месцы, варту ля яго пастаўлю!

ЯН. Прачытаем. Капітан Нут піша жанчыне наступнае: “Адрымаў загад выехаць зараз жа. Убачыцца не зможам. Пільнуй хату добра, бо як па прыездзе ўбачу нешта не ў парадку, дык ты мяне ведаеш, косці паламаю. Цалую і да сустрэчы — Н.”


Усе ўражаныя.
Вось гэта любоўны ліст капітана Нута.
Цішыня. Знерухомлены Рэктар схамянуўся, хутка ідзе да сваёй кнігі, перагортвае некалькі старонак.
РЭКТАР. Тут ёсць факсіміле аўтографа капітана. Яшчэ раз параўнаем...
Параўноўваюць.
РАСПАРАДЧЫК. Відавочна, той самы.

РЭКТАР. Ну так.

АДМІРАЛ. Выглядае, нібы тая самая рука...

РЭКТАР. Хаця з іншага боку, гэтая кропка над “і” быццам трошкі не такая...

РАСПАРАДЧЫК. І гэты хвосцік нейкі інакшы...

ЯН. Што ты, Мэд, на гэта скажаш?

МЭД. Што я магу сказаць?

ЯН. Тая самая рука, шаноўныя. Неаспрэчна. Нават памылкі арфаграфічныя тыя самыя. Як мог чалавек, які пісаў лісты лэдзі Пэпільтан, поўныя пяшчоты, ласкавасці, ружаў, месяца, слоўцаў, напісаць такі ліст іншай жанчыне? Гэта была для мяне загадка, якую я вырашыў развязаць. І пачаў шукаць праўду пра капітана Нута. А лістоў да лэдзі Пэппільтан, я перакананы, увогуле не было.

РЭКТАР. Як гэта не было?

РАСПАРАДЧЫК. Бо ёсць.

ЯН. Ёсць толькі ў спісах. Проста рамантычная лэдзі Пэпільтан лісты гэтыя сабе прыдумала і на іх напісала фікцыйныя адказы. Карацей кажучы, хацела баба такім чынам трапіць у гісторыю.
Маўчанне.
РАСПАРАДЧЫК. Каротка і выразна.

ЯН. Скажу больш, шаноўныя. Ёсць звесткі, што капітан не толькі пагражаў на паперы, але і мог час ад часу напраўду жанчыну адлупцаваць.

РЭКТАР. Калі так і было, то, вядома, гэта не найлепшая, скажу так, рыса характару, але...

АДМІРАЛ. Так... безумоўна... біць жанчыну...

РАСПАРАДЧЫК. Гм, такое трэба было б асудзіць, але...

ЯН. Што “але”?

РАСПАРАДЧЫК. Але, ці ведаеце... ну так... вядома... біць жанчыну... хаця час ад часу... я гэта не ўхваляю, барані Божа... я гэта асуджаю, але часамі... дык яно як быццам і трэба.. Ну-у... як гэта сказаць.

РЭКТАР. Калі ён там час ад часу трымаў жанчыну на шворцы, дык зноў... я прашу прабачэння ў прадстаўніцы прыўкраснага полу, я таксама лічу гэта заганай, але...

АДМІРАЛ. Ну, ва ўсялякім выпадку, матрос... салдат... мы, старыя марскія ваўкі, мусім такія справы часамі... так скажу... мацней...

РАСПАРАДЧЫК. Мы яшчэ раз паўтараем, што ўхваляць гэта не выпадае, і мы, усе ўтрох вось тут, таксама маем жонак і ніколі іх... хутчэй мо яны нас... шчыра кажучы... сядзім нават пад... Ну што тут казаць... пад абцасам...


Адмірал і Рэктар ціхутка ўздыхнулі.
Але я кажу, што мужык павінен жанчыну гэта... як яго... бо ў адваротным выпадку... яна нас... гэтак неяк...

АДМІРАЛ. Менавіта.

ЯН. Гэта ўжо іншыя справы. Гамонка пра тое, што немагчыма надалей паказваць капітана як чуллівага трубадура, калі ён каханне разумеў па-простаму і моцна. Набліжаюся да найважнейшага — да смерці капітана.
Зноў выразная зацікаўленасць. Яе падкрэслівае постаць Скульптара, які па-ранейшаму сядзіць ўбаку, пыхкае люлькай і захоўвае сапраўдную, а можа, і дэманстрацыйную абыякавасць. Цяпер, аднак, ён наставіў вуха.
Капітан Нут, не жадаючы аддаць палубу ў рукі непрыяцеля, падпаліў карабель і загінуў з ім у плыні марской. Загінуў пяцьдзясят гадоў таму, калі яму было дваццаць пяць. Так гаворыць легенда.
Гэта было сказана паважна, амаль урачыста. Павага і засяроджанасць з’яўляюцца на тварах слухачоў. Ян змаўкае. Працяглая паўза. На яго твар нібы падае цень узрушэння. Потым ён кажа далей.
Падчас сваёй вандроўкі я спаткаў старога матроса. Яго завуць Якуб Хваля. Дык вось, гэты Хваля бачыў смерць капітана Нута. Ён пагадзіўся прыехаць са мной. Чакае літаральна за некалькі крокаў ад нас. Пільнуе мае рэчы. Зараз я яго паклічу.
Ян выходзіць. Усеагульнае здзіўленне.
РАСПАРАДЧЫК. Хваля?

РЭКТАР. Прывёз з сабою?

АДМІРАЛ. Матрос, які бачыў смерць капітана?

РАСПАРАДЧЫК. Хваля? Во ячшэ прозвішча... “Хваля”?


Вяртаецца Ян, за ім, несучы два чамаданы, ідзе Стары Матрос, які затрымліваецца ля дзвярэй.
АДМІРАЛ. А...

РАСПАРАДЧЫК. Хваля...

ЯН. Так, Якуб Хваля. Скажыце, Якуб, як гэта было? Вы былі на палубе падчас пажару разам з капітанам Нутам?

СТАРЫ МАТРОС. Быў.

ЯН. Раскажыце пра марскую бітву.

СТАРЫ МАТРОС. Ніякай бітвы не было.

ЯН. Вы не бачылі ворага?

СТАРЫ МАТРОС. Не бачыў.

ЯН. Гэта капітан Нут падпаліў карабель?

СТАРЫ МАТРОС. Не.

ЯН. Дык чаму пачаўся пажар?

СТАРЫ МАТРОС. Ды заснуў адзін з люлькай у зубах на грузе бавоўны. Вугольчык заляцеў — вось і пажар.

ЯН. Капітан Нут не пакінуў палаючы карабель, так?

СТАРЫ МАТРОС. Не быў ён такі дурны, каб застацца.

ЯН. А што ён зрабіў?

СТАРЫ МАТРОС. Ды сеў са мной у лодку.

ЯН. І што?

СТАРЫ МАТРОС. І ўцякаў, аж пыл курэў.

ЯН. Шаноўнае спадарства, калі нават мы прымем выраз “аж пыл курэў” за матроскі дадатак — бо, як вядома, на вадзе пылу няма, — застаецца факт, што капітан Нут тады не загінуў.
Маўчанне.
РАСПАРАДЧЫК. Гэта выключнае прызнанне старога матроса... было б, відавочна, ашаламляльна, але, з другога боку, усе ведаюць... я прашу прабачэння ў прысутнага пана адмірала... што... марскія ваўкі — найвялікшыя хлусы.

ЯН. Я не супраць, што марскі воўк і хлус, прашу прабачэння і я ў прысутнага пана адмірала, азначаюць адно і тое ж. Але хлусы бываюць розныя. Марскі воўк справу заўсёды гіпербалізуе, узмацніць, але кпіць з яе не будзе.

АДМІРАЛ. Але-але, праўда.

ЯН. Зрэшты, якія ёсць неаспрэчныя доказы таго, што капітан Нут загінуў? Толькі вершы гавораць, што “...з валасамі, што па ветры сцелюцца, з позіркам, удалеч скіраваным, карабель, ахоплены пажарам, не пакіне мужны капітан...”


Маўчанне.
РАСПАРАДЧЫК. Гм, шаноўны, але калі ён нават сеў у гэтую выратавальную лодку...

АДМІРАЛ. Зрэшты, ведаеце, казаць чалавеку, каб ён згарэў дарэшты...

РЭКТАР. А потым яшчэ казаць яму патануць...

РАСПАРАДЧЫК. Шаноўны, нават першы-лепшы карабельны пацук, як вядома, інстынктыўна ўцякае ад пажару, што ж казаць пра чалавека.

ЯН. Мы ўсё яшчэ не разумеем адно аднаго. Вы б ад пажару ўцякалі, уцякаў бы, можа, і я. Мог уцякаць і капітан Нут. Я не суддзя. Я хачу толькі праўды. Навошта казаць іншае? Скончым з гэтым. Скончым з легендай пра капітана Нута. (Амаль урачыста). Капітан Нут не быў героем.
Усе ўражаныя. Старцы знерухомелі, нават Скульптар запытальна зірнуў на Яна, нават на Мэд апошнія словы Яна зрабілі ўражанне. Толькі Стары Матрос, які пасля апошніх пытанняў усеўся на чамадан, абыякава пыхкае люлькай.
РАСПАРАДЧЫК. Мы вас слухалі, але калі вы на святое руку паднялі і святое ў самае сэрца ўдарылі, нам не застаецца нічога іншага, як узяць капелюшы, нізка пакланіцца і... выйсці...
Урачыста выходзяць. Доўгае маўчанне.
ЯН. “Выйсці” — гэта добрая дэманстрацыя, але не аргумент. Чаму ты, Мэд, так засмуцілася?..
Маўчаць.
А ты?.. Ні разу не азваўся? Ці зусім не цікавіць цябе тое, што я казаў?

СКУЛЬПТАР (доўга не адгукаецца, думае). Я слухаў. Слухаў уважліва. Калі ты ўвайшоў сюды, то сказаў: “Гэта капітан Нут”. Адкуль ты даведаўся, што гэта ён? Пазнаў з першага позірку — такога, якога бачыў я. Дык... мо і быў такі, як гэты.


  1   2   3


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка