Ежа як культурна-нацыянальны аспект жыцця




Дата канвертавання29.03.2016
Памер86.16 Kb.
С. Самахвал (Мінск)

Ежа як культурна-нацыянальны аспект жыцця

(на прыкладзе парэміялагічных дадзеных беларускай мовы)
Паняцце “ежы”, “харчавання” і “стрававання ” можна разглядаць з некалькіх аспектаў. Першы аспект звязаны з натуральнай фізіялагічнай патрэбай жывога арганізма як неабходнай ўмовай яго існавання. Тым не менш, простае паглынанне ежы з мэтай забеспячэння жыццёвых функцый арганізма нічым не вылучае чалавека ад іншых жывых істот. Паглынанне і харчаванне — гэта нават не столькі ўмова, колькі ўласцівасць “жывога”. З мэтай вылучыць нейкім чынам чалавека ад іншых жывых істот паступова сталі прымяняць паняцце культуры. Культура ў дадзеным выпадку стала ўжывацца ў значэнні “спосаб і змест жыццядзейнасці людзей, які адрознівае яе ад жыцця раслін і жывёл” [5, с. 8]. У дадзеным выпадку ежа не з’яўляецца сродкам адрознення чалавека ад іншых відаў прыроднага жыцця. Але з гэтага абсалютна не вынікае, што ежа не з’яўляецца элементам культуры. Паняцце культуры на сучасным этапе разглядаецца ў шматлікіх планах. Але асноўным яе элементам засталося тое, што культура заўсёды выкарыстоўваецца як спецыфічны сродак адрознівання: на першым этапе — чалавека ад іншых аб’ектаў жывой прыроды, на другім — аднаго чалавечага грамадства ад іншага; на трэцім — адной “этнічнай супольнасці людзей ад іншага этнічнага грамадства” і г.д. Такім чынам, можна казаць пра культуру “чалавека”, культуру “грамадства”, культуру “этнасу”, “нацыі” і г.д. І таму, калі, хутчэй, ежу нельга назваць элементам культуры “чалавека” ці “грамадства” (хаця многія даследчыкі сцвярджаюць, што гаворка пра з'яўленне «чалавека разумнага» і ўзнікненне цывілізацыі можна весці з таго моманту, як людзі сталі хаваць сабе падобных і пачалі рыхтаваць ежу (здзейснілі рэвалюцыйны пераход ад «сырога» да «варанага», па выразе Клода Леві-Строса) [6, с.241]), тым не менш, ежу з упэўненасцю можна назваць элементам “культуры нацыі”, прычым як саму ежу (як сукупнасць спецыфічна нацыяльнальных страў, характэрных для пэўнага народа), так і вераванні, веды, мараль, традыцыі ўжывання ці неўжывання пэўных страў. Таму другі аспект паняцця “ежы” звязаны з культурнай з’явай, ежай як элементам вераванняў і традыцый пэўнай нацыі.

Беларускі парэміялагічны фонд, у якім адлюстраваны вераванні і традыцыі беларусаў, звязаныя з харчаваннем, не толькі вельмі багаты, але і вельмі паказальны. Адным з незаменных атрыбутаў беларускага стала несумненна з’яўляецца хлеб. Дадзеныя, заснаваныя на аналізе беларускіх парэмій, дазваляюць даць тры асноўныя азначэнні “хлебу” як страве, прычым практычна ў ніводнай парэміі хлеб не выступае ў сваім прамым значэнні: як прадукт харчавання, выпечаны з цеста. Хлеб у беларускіх парэміях выступае ў наступных значэннях:



  1. як сінонім слова “ежа”, што пацвярджаецца і словамі малітвы “хлеб наш надзённы дай нам на сёння”, а таксама такімі прыказкамі: “Пазычаны хлеб еж ды аглядайся”, “Без працы няма чаго хлеба шукаці”, “Калі хлеб у возе, то няма бяды ў дарозе”, “Асначы1 — хлеб сабачы” і інш. Вельмі паказальнай у гэтых адносінах з’яўляецца прымаўка: “Не хлебам адзіным жывы чалавек”, якая сустракаецца і ў польскай мове: Nie samym chlebem człowek żyje”, якая сцвярджае пра наяўнасць у чалавека акрамя біялагічных патрэб яшчэ і духоўных, і яшчэ раз пацвярджае тэзіс, што сама ежа як біялагічны працэс не ў стане вылучыць чалавека сярод іншых аб’ектаў прыроды.

  2. хлеб — сімвал жыцця, магутнасці, існавання. Хлеб як сімвал жыцця фігуруе ў духоўных уяўленнях многіх народаў, ён прыраўноўваўся да сонца і перадаваўся ў выявах кружком з кропкай у цэнтры: “Хлеб — усяму галава”, “Хлеб над усім пануе”, “Не той багаты, хто мае срэбра і злата, а той багаты, хто мае хлеб”, “ Хлеб будзе, дык і ўсё будзе”.

  3. хлеб як “звычайная”, “простая”, “даступная” ежа для беларускага селяніна разам з вадой у параўнанні з сырам, маслам і нават ананасам, якія лічыліся недаступнымі і эксклюзіўнымі: “Хлеб ды вада — батрацкая яда”, “Ядзім хлеб траякі: чорны, белы і ніякі” і пар. : “Не для нас ананас”, “ Каб панам быў, у масле б купаўся і сырамі падпіраўся”.

Тым не менш, даступнымі і звычайнымі стравамі для беларуса лічыўся не толькі хлеб, але і каша, крупы (“Гора наша — аржаная каша, з’еў бы і такой, ды няма ніякой”, “Бабовая каша — не голад”, “Крупы драны — хлеб гатовы, абы трыбух здаровы”), бульба (“Багаты бульбы не хоча есці, ён гатовы чалавека з’есці”, “Калі будьба ёсць, то мужыку не пост”), малако (“Ніколі малака з хлебам не пад’еў: вясною малако ёсць — хлеба няма, а ўвосень хлеба намалоціш — карова запусціцца”). Але ў гэтым шэрагу сялянскіх страў хлеб усё роўна мусіць заняць першае месца. Як адзначае Мальдзіс А.І., “найпершай сялянскай стравай быў хлеб. Пры адсутнасці хлеба елі кашу. Бульбу ў “Літве і на Русі” пачалі, паводле Кітовіча, вырошчваць толькі з сярэдзіны XVIII стагоддзя” [4, c. 284].

Тое, што хлебу надавалася вялікая пашана і магічная функцыя, можна меркаваць па тых рытуалах і абрадах, павер’ях, перасцярогах і забабонах, звязаныя з выпечкай хлеба. Напрыклад, пры прыгатаванні хлеба, гаспадыня рабіла адтуліну ў цесце, апускаючы руку аж да дна дзежкі, і клікала сям’ю, асабліва дзяцей, каб удыхнулі моцны пах, які выйдзе з той адтуліны, верачы, што гэты пар засцерагае ад прастуды [3, с. 539]. У беларускай парэміялогіі таксама захаваліся такія дзве прыказкі: “Пакаштуй кіслі, каб цыцкі раслі”, “З’еш акрайчык, будзе сын Мікалайчык”, што яшчэ раз гаворыць пра надаванне хлебу нейкіх звышнатуральных сіл і нават нейкім чынам фетышызацыі і сакралізацыі хлеба.

Традыцыі харчавання і спажывання беларусаў дазваляюь таксама і высветліць асноўныя якасці іх менталітэту, светаразумення і светаўспрымання. Асноўнай якасцю чалавечага існавання, паводле беларусаў, безумоўна з’яўляеецца праца: “Пакуль у гумне цэп — датуль на стале хлеб”, “Без працавітых мужыкоў не было б ні хлеба, ні васьмакоў”, “Без працы не будзеш есці калачы”, “Белая зямля не народзіць пшана”, “Без працы няма чаго хлеба шукаці”, “З музыкі хлеб невялікі, а з гулякі — ніякі”, “Трэба рана ўстаць, каб хлеба прычакаць”, “Калі гаспадар у гнаі ходзіць, тады ў яго хлеб родзіць”. Але, на жаль, праз складаныя гістарычныя ўмовы існавання беларусаў, немагчымасць мець свайго надзелу і вымушанасць працаваць на пана, праца для беларуса здольная набыць і негатыўны сэнс, разуменне яе дарэмнасці і няўдзячнасці: “Адзін сыцее, дзесяць пацее”, “Адзін з сошкаю, а сямёра з ложкаю”, “Не гулялі, а нішчымную капусту сярбалі”, “Янук і засеяў, і зжаў, а панок сажраў”, “Не сеюць, не жнуць, а хлеб смачны ядуць, “Не той піва п’е, хто варыць” . Працавітасць беларусаў непарыўна звязаная з імкненнем да незалежнасці і самастойнасці : “Служачы — хлеб сабачы”, “Свайго не меўшы — легчы спаць не еўшы”, “На службе хлеб смачны, але не спажытны”, “Куплены хлеб да пагляду, а не да паеду”, “Чужая яечня не вечна”, “Браце мой, еж хлеб свой” і інш. Але гэтае імкненне мець уласнае і сваё не пярэчыць характэрнаму беларусам пачуццю калектывізму: “Дзе дружна, там і хлебна”, “Адзін і ў кашы няспорны”, “Адным возам на піва едуць”, “Адным арэхам падзеляцца”, “Як клёцкі ў талаку, то я па дзве валаку, а як у водзе, то раз, два — і годзе”.

Існуюць парэміі, якія сцвярджаюць не ўласна прыдуманыя беларусамі ідэі, сентэнцыі, але пераасэнсаваныя імі, пацверджаныя імі. Да прыкладу, евангельская парада падставіць крыўдліўцу другую шчаку рэалізуецца як у беларускай, так і польскай прымаўцы: “І на непрыяцеля свайго кінь хлебам”, “kto w ciebie kamieniem, ty w niego chlebem адпаведна. Дадзеная прымаўка сведчыць хутчэй не пра адметную рысу беларускага характару, колькі пра ўстоўлівасць і захаванасць у беларусаў хрысціянскіх традыцый.



Па дыдактычных формулах: “За стол не спяшайся, з-за стала не марудзь”, “Не той лепшы, хто бяжыць за стол першы”, “У гасцінах за яду астатні прымайся, а першы пераставай”, “У гасцях еж — расперажыся, але ў кішэню не хавай”, “У чужое проса не сунь носа” можна меркаваць пра ступень выхаванасці беларуса.

Аднак беларускі парэміялагічны моўны фонд настолькі багаты і разнастайны, што часам вельмі складана па іх канстатаваць той ці іншы факт светапогляду беларуса і вызначыць з дакладнасцю пэўную рысу яго характару. Да прыкладу, прымаўкі “Няпрошанаму госцю лыжкі няма”, “Няпрошаным гасцям рукі не аддаюць” з лёгкасцю ў стане аспрэчыць легендарную гасціннасць беларусаў. Але прымаўка “Госця вясною частуюць мядком, а ўвосень малачком” зноў схіляе нас прызнаць за беларусамі права звацца гасцінным народам. Растлумачыць такія супярэчлівыя рысы беларускай душы здольная вельмі характэрная, адметная ўласцівасць беларусаў, як здаровы матэрыялізм і рацыяналізм. Раней адзначанай намі прымаўцы “Не хлебам адзіным жывы чалавек”, узятай з біблейскага тэксту, у нейкай ступені супрацьпастаўляюцца наступныя: “Неба ці трэба, а хлеба трэба”,Не любіць каса ні світкі, ні паяса, і кажа брусок: “Дай хлеба кусок”, “Як не пад’ясі — святых прадасі”, “Кашаю больш зробіш, чым сілаю”, “Поп служыць не для Ісуса, а для хлеба куса”, “Без сала куса няма жыцця беларуса”, “Праўда — не скварка, з кашаю не з’ясі”, “Папкаю1 хутчэй знойдзеш прыяцеля, чымся шапкаю” (“Кланяйся шапкаю дый папкаю”), “Павесь на рогі каўбасу — і тваю карову папасу”, якія пацвярджаюць вылучаную намі рысу. З іншага боку, па дадзеных парэміях нельга адназначна канстатаваць факт перавагі матэрыяльнага над духоўным у светаразуменні беларусаў. Шэраг іншых прыказак і прымавак (“Дарагі не абед, а прывет”, “Мядком дружбы не заменіш”, “Нашто мне яго мёд, калі ён сам мне горкі?”, “Ад добрага чалавека вада даражэй, чым мёд ад кепскага”, “Не частуй мяне ні піўцом, ні вінцом, а прывітай мяне шчырым слаўцом”) не адмаўляюць беларусу ў яго духоўнасці і разуменні каштоўнасных прыярытэтаў. Адзіным вывадам тут якраз і варта лічыць той факт, што беларусы — народ з глыбокай філасофіяй, багатым жыццёвым вопытам, глыбінёю светапазнання. І У. С. Караткевіч у знакамітым нарысе “Зямля пад белымі крыламі” абсалютна трапна і вартасна заўважыў, што, бадай, галоўнае ў характары беларусаў — “гасціннасць добрага да добрых”. Гэтым і тлумачыцца супярэчлівасць гасціннасці беларусаў, якую беларусы самі ж і занатавалі: “Нядобраму госцю і мядок набок, толькі чарку налівай”, “Няміламу госцю і пірагі нямілы”, пастанавіўшы для сябе лагічнае правіла: “Увосень любага госця частуюць малаком, а нялюбага мядком”, якое, з аднаго боку, здольная адначасова захаваць традыцыйную гасціннасць беларусаў, а з другога — выявіць адпаведную прыхільнасць да чалавека. Часам, самі ж беларусы здольныя і выкрываць свае заганы, як, да прыкладу, прагнасць і скупасць: “Мала сала, мала хлеба, мала зямлі — болей трэба”. Жартоўны праклён беларусаў “Калі не дасі сала, каб твая сенажаць устала” ўскосна можа нават сведчыць і пра злапомснасць беларуса. Але разам з тым беларусу ні ў якай ступені нельга адмовіць у назіральнасці, глыбокай разважнасці і крытычнасці мыслення, які не проста канстатуе пэўны факт: “Кланяйся шапкаю дый папкаю”, але і здольны патлумачыць, вывесці прычыну такой народнай сентэнцыі: “Як казалі “чалом”, было хлеба на стале і пад сталом, а я к сталі гаварыць “дабрыдзень”, сталі бегаць з торбачкай абыдзень” — свет уладкаваны такім чынам, што больш заўжды мае той, хто здольны прынізіць сваю ўласную годнасць і поўнасцю падпарадкоўвацца іншаму (пар.: “Ласкавае цялятка двух матак ссе”).

Акрамя правілаў і звычак, звязаныя з харчаваннем, у беларускім парэміялагічным фондзе захавалася таксама шмат павер’яў і назіранняў, якія не менш сведчаць пра культурны бок харчавання , так як адлюстроўваюць уласцівыя пэўнай культуры элементы рэчаіснасці: “На сытага Барыса хлеба наясіся”, “ Спас памілуе нас, а Прачыстая прынясе нам хлеба чыстага”, “Як на Юр’я пагода, то на грэчку няўрода” . Парэміі здольныя адлюстраваць не толькі святы, як усталяваныя элементы ўспрымання і разумення рэчаіснасці пэўнага народа, але і нават пэўную гістарычную эпоху: “За караля Саса было хлеба і мяса, а як настаў Панятоўскі, усё пайшло па-чартоўску”.

Такім чынам, калі за агульнае азначэнне культуры прыняць “агульнапрынятыя паводзіны людзей, вобраз жыцця народа, пэўнай краіны, сукупнасць ведаў, матэрыяльных і духоўных каштоўнасцей” [5, с.6], то ежа як незаменны атрыбут чалавечага існавання, з гадамі акрамя першаснага свайго прызначэння — падтрымліваць функцыянаванне арганізма, набывае выразны культурны, а пасля і культурна-нацыянальны сэнс. Культурна-нацыянальны сэнс ежы і стрававання для беларуса заключаецца ў наяўнасці ў яго культуры пэўных страў (бульба, хлеб, каша, калач, клёцкі, гуляш, і інш.), а таксама надаванне пэўным стравам асаблівага прыярэтэту (як, напрыклад, хлебу ў беларусаў). Культурна-нацыянальны сэнс перадаецца сістэмай правілаў паводзін, звязаныя з харчаваннем і ежай, а таксама спосабамі яе здабывання, якія рэгулююць грамадскае і індывідуальнае жыццё беларуса. Культурна-нацыянальны аспект, звязаны з тым ці іншым матэрыяльным бокам жыцця народа, праяўляецца не толькі на ўзроўні адлюстравання густаў народа, рысаў яго менталітэту і характару, але і на ўзроўні адлюстравання пэўнай гістарычнай эпохі, адлюстравання пэўнага боку рэчаіснасці, у якой жыве і творыць народ.

Літаратура



  1. Беларуская народная творчасць. Прыказкі і прымаўкі. У 2 кн. Кн. 1. / пад рэд. Фядосік А. С. —Мінск, 1976.— 560 с.

  2. Беларускія прыказкі, прымаўкі і фразеалагізмы. / склад. Ф. Янкоўскі. — Мінск, 1992. — 492 с.

  3. Васілевіч У. У. Зямля стаіць пасярод свету. Беларускія народныя прыкметы і і павер’і. Кніга 1. — Мінск, 2010.— 574 с.

  4. Мальдзіс А.І. Выбранае. — Мінск, 2007.— 472 с.

  5. Казакова И. В. История и теория мировой культуры. — Минск, 2010. — 663 с.

  6. К. Леви-Стросс «Мифологики: сырое и приготовленное».— Москва, 2006.— 399с.

  7. Цітоў В.С. Этнаграфічная спадчына. Беларусь. Традыцыйна-бытавая культура.— Мінск, 2001. — 208 с.

  8. Satro M. Słownik frzeologiczny. — Warszawa, 2009. — 303 c.



1 Аснак — плытнік на поўдні Беларусі, Прыдняпроўі.

1 Папка — тут: хлеб.



База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка