Ехала каляда ў чырвоным вазочку (Фальклорнае свята для дзяцей старэйшага дашкольнага узросту) Мэта




Дата канвертавання18.05.2016
Памер69.42 Kb.
ЕХАЛА КАЛЯДА Ў ЧЫРВОНЫМ ВАЗОЧКУ

(Фальклорнае свята для дзяцей старэйшага дашкольнага узросту)



Мэта: далучэнне выхаванцаў да вытокаў культуры беларускага народа.
Дзеці стаяць за дзвярамі залы. Частка залы прыбрана пад сялянскую хату. Гаспадыня”спіць”, раптам “прачынаецца”.

Гаспадыня.

Ой, божа ж мой,божа!

Я ўсё сплю ды сплю,

Так калядачкі прасплю!

Зараз прыйдуць да мяне госцейкі,

Трэба прыгатавацца.



Прыбіраецца ў хаце, напяваючы ”Чаму ж мне не пець”. За дзвярамі чуюцца галасы.

Несцерка.

На Каляды мы прыйшлі,

Мех вялізны прыняслі,

Каб вы нас пачаставалі,

Шмат чаго падаравалі.

Дзеці стукаюць у дзверы.

Несцерка.

Не ідуць нас сустракаць,

Трэба гучна заспяваць!

Песня ”Ой, Каляда”.

Гаспадыня.(ідзе да дзвярэй)

Сала няма, каўбасы няма,

Нічога не дам!

Дзеці( па чарзе).

1.Не далі сала – каб ваша свінка не ўстала!

2.Не далі блінца – хай здохне айца!

3.Не далі ляпёшкі – разаб ём акошкі!

4.Не хоча нас частаваць – пойдзем далей калядаваць!

Гаспадыня.

Я ж, дзеткі, пажартавала,

Яж даўно гасцей чакала,

Заходзьце, калі ласка!



Гучыць музыка, дзеці ўваходзяць у залу.

Несцерка. Дзень добры ў гэту хату!

Гаспадыня, а не прадасі ты нам хату на вечар?



Гаспадыня. Чаму ж не прадаць, калі ў цане сойдземся.

Несцерка. Бяры, гаспадыня, у плату цукерачкі і абараначкі.

Гаспадыня. Не, не вазьму, зубкі баляць.

Несцерка. Тады хустачку прыгожую(накідвае на плечы).

Гаспадыня. Ой! Вазьму! Дзякуй! Ну што ж…

Падарункі нашы, а хата – ваша.

Спявайце, гуляйце, Каляду сустракайце!

Песня “Посмотрели мы в окно”

Дзеці. Калядавалі, калядавалі,

У акенца заглядалі:

Ці шырокі сцены,

Каб нам патанцаваць.

Ці добрая гаспадынька,

Каб нас пачаставаць?



Гаспадыня. Хата шырокая, а частаваць вас пакуль што няма за што. Спачатку пацешце мяне, тады будзе відаць.

Дзеці. Усе хутчэй настаўце вуха,

Тупаць будзем “Весялуху”.



Полька”Весялуха”.

Гаспадыня. Дзякуй вам за вясёлы танец! Малайцы!

Несцерка. Дзякуй у кішэню не пакладзеш!

Пакажы нам сваю ласку,

Пашукай для нас каўбаску.

Гаспадыня. Ласы на чужыя каўбасы.

Калі песню праспяваеце,

Тады пачастункі атрымаеце.

Песня”Снеженики-ягодки”.

Гаспадыня частуе .

Гаспадыня. Госцейкі дарагія! Здаецца, вы з Казою ішлі, дзе яна?

Козачка, пакажыся, добрым людзям пакланіся!(Козачка кланяецца).

А няхай яна паскача, усіх у хаце павесяліць.

Песня”Го-го-го, каза”.(у канцы песні Каза падае).

Гаспадыня. А што гэта з вашай Козачкай зрабілася? Можа яна занедужыла?

Дзеці.Устань, Козачка, расхадзіся!

Гаспадыня ідзе, каўбасу нясе.



Гаспадыня. Не ўстае!

Дзеці. Ідзе шэранькі ваўчок,

Схопіць цябе за бачок!



Каза ўстае.

Дзеці. Давай, Каза, папрыгаем,

Ды ножкамі падрыгаем!



Гульня з Казой.

Ой, Козачка белая,

Ой, Козачка шэрая,

Па ляску гуляла

Ды ў танец запрашала! Ме-ме-ме!

Каза рухаецца ў сярэдзіне круга. Дзеці стаяць і спяваюць.З заканчэннем песні Каза падыходзіць да дзяўчынкі ці хлопчыка, спявае “Ме-ме-ме” і выводзіць у круг.Дзеці ланцужком рухаюцца за Казой. Зноў гучыць музыка. Гульня працягваецца.

Каза.Ой, як я змарылася! Трэба адпачыць! (ідзе ў куток).

Гаспадыня. А хіба ж ты забылася, Каза, чаго дзеці ад цябе чакаюць?

Ты павінна зрабіць надыходзячы год шчаслівым, ураджайным!



Каза. Добра, калі так, дам трошкі жыта для дабрабыту.

Ходзіць па зале, прыгаворвае і рассыпае жыта.

Святкуем Калядкі – лавіце зярняткі,

Каб моцна грэла сонца – кіну ў акенца.

І вы, госцейкі, майце ўсяго даволі,

А бяды ніколі.

Нікога не хвалюйце,

Усім цяпло даруйце!

Гаспадыня. Якая разумніца! Ідзі, я цябе пачастую.(Дае качан капусты.Каза махае галавой і дзякуе: “Ме-ме-ме!”)

Мядзведзь. У-у-у. А мне гасцінцаў!

Гаспадыня. І табе гасцінцаў захацелася? Спачатку паслужы, што ўмееш, пакажы! Чула,што можаш басам спяваць прыгожа.

Мядзведзь. З задавальненнем праспяваю.

Песня Мядзведзя.

1.Навучу вас танцаваць,

Трошкі касалапа,

Потым буду зноў спяваць

Ды смактаці лапу.

Усміхнёмся ўсім суседзям,

Ад вуха да вуха.

То хлусня, бо мы , мядзведзі,

Усе з музычным слухам.

2. Пятку ставім на насок,

Потым зноў на пятку.

Той, хто малы, і хто высок,

Пачынай прысядку.

Пахістаем галавой,

Лапамі памашам

Ды патопаем нагой,

То адной, а то другой

На Калядах нашых.



Гаспадыня. І артыст ты, і спявак, можа яшчэ і танцор?

Мядзведзь. (усміхаецца).

Я музыку люблю. У народзе кажуць, што няздатны я да скокаў, касалапы, але гэта няпраўда.

Хо! Я мядзведзь-лесавік!

Я не маю чаравік.

Ёсць валенкі, ёсць і боты –

Ды люблю скакаць з ахвотай!

Пасакчам разам?

Танец Мядзведзя.

Гаспадыня. Дзеці, ці зарабіў Мядзведзь гасцінцаў?

Дзеці. Зарабіў!

Гаспадыня.(частуе). Вось табе меду поўную калоду.

Гучыць цыганская музыка, раздаецца стук у дзверы.

Ой, нехта стукае. Пайду, пагляджу, добрага чалавека ў госці паклічу.



Уваходзіць цыганка.

Гаспадыня.А што, ці холадна на дварэ?

Цыганка. Ой, холадна! Дазвольце станцаваць, каб сагрэцца.

Цыганскі танец.

Цыганка.А што гэта за свята без варажбы?(Звяртаецца да гаспадыні).

Давай, залаценькая мая, я табе паваражу. Што было, што ёсць, што будзе, скажу. Давай далонь. Пакладзі сюды тры грошыкі – будзе ў цябе тры хлопчыкі. Пакладзі сала кусок – будзе грошаў мяшок.



Гаспадыня. Не хачу, каб ты мне варажыла, усе роўна падманеш!

Цыганка. Ну і не трэба. Пайду да Казы з Мядзведзем. Хочаце ведаць, ці будзеце ў згодзе ў гэтым годзе?(Да!) Ну тады хадзіце сюды, зараз праверым.

Гульня “Ці быць нам у згодзе ў гэтым годзе”

Дзеці парамі садзяцца на стульчыкі спіна да спіны. Па сігналу яны паварочваюць галовы адзін да аднаго. Калі дзеці павярнулі галовы ў адзін бок – значыць будуць у згодзе, калі не – згоды не будзе. Кожнай пары пажадана закончыць гульню, калі яны павярнуць галовы ў адзін бок.

Гаспадыня.Божа ж мой, здаецца штосьці,

Што паснулі нашы госці?!

Грайце полечку, музыкі,

Хай паскачуць чаравікі.



Госці і дзеці ўтвараюць круг.

Гаспадыня.

Полька ўправа – акуратна,

Полька ўлева – далікатна.

А цяпер, паны, паненкі,

Мы бяромся за каленкі.

Зараз пойдзем ўсе ўпрысядку

І ўчэпімся за пяткі.

На двары трашчыць мароз,

Грэем мы суседу нос.

На Калядах мы не тужым,

Моцна возьмемся за вушы.

А цяпер пайшлі ў скокі,

Круцімся ў розныя бокі.

У залу ўбягае мяшок, скача, усе здзіўляюцца.

Несцерка. Стой, мяшок! Спыніся!

Хто сядзіць там, пакажыся!



Мяшок.Сёння свята ля варот –

Будзе ўсё наадварот (уцякае).



Несцерка. Пакружыся, павярніся,

Каля печкі супыніся.



З мяшка выглядае Чорт.

Несцерка. Дык гэта ж Чорт.

Чорт. Вядома, Чорт.

Гаспадыня.Вось зараз я цябе патэльняй (бяжыць да печы).

Бажа ж мой божа! Былі бліны, аладкі ды зніклі.

(Да Чорта.) Ты схаваў?

Чорт. Схаваў, схаваў.

Гаспадыня.Пакажы, дзе.

Чорт. Не пакажу, не пакажу.

Гаспадыня. Зараз я цябе патэльняй па баках…

Чорт.(да дзяцей). Ну, пажартаваў я! Аддам пачастункі (бяжыць да дзвярэй, выцягвае мех, дастае падушку, коўдру і кладзецца спаць).

Гаспадыня. Вось, нячысцік, падмануў нас.

Несцерка. Не хвалюйся, зараз мы яго разбудзім.

(Да дзяцей.) Дзеці, давайце патупаем нагамі ды папляскаем у далоні, Чорт спалохаецца і прачнецца. (Дзеці выконваюць.)

Чорт. Адчапіцеся ад мяне! Паспаць не дадуць!

Гаспадыня. Аддавай бліны!

Чорт. А разлічвацца чым будзеце?

Давай, баба, грошы! Ды не звінячыя, а шалясцячыя.

(Гаспадыня ганяе Чарта.)

Давай, баба, каўбасу, а то хату растрасу!



Гаспадыня. Што ты, якія ў мяне каўбасы? А на цукеркі ты не ласы?

Чорт. Так, так, цукеркі я яшчэ больш за каўбасу люблю.

Гаспадыня. Ну дык давай, хвастаты, аладкі. Дзе схаваў?

Чорт. Ну, добра, так і быць (нясе з-пад дзвярэй).

Гаспадыня частуе прысутных.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка