Эган Бонды (Egon Bondy) (1930 – 2007) Сапраўднае імя – Збынэк Фішэр. Чэшскі пісьменнік і філосаф, адзін з асноўных дзеячаў пражскага андэграўнду. Запрашэнне на вячэру




Дата канвертавання09.05.2016
Памер193.89 Kb.




Эган Бонды (Egon Bondy) (1930 – 2007) Сапраўднае імя – Збынэк Фішэр. Чэшскі пісьменнік і філосаф, адзін з асноўных дзеячаў пражскага андэграўнду.

Запрашэнне на вячэру

(Pozvání k večeři)


Дзейныя асобы:
Апавядальнік

Берта, ягоная жонка

Малады чалавек
Сцэна: такая, як апісана ў тэксце
Выява першая
Апавядальнік сядзіць перад сцэнай на звычайным крэсле й апавядае. Ён сядзіць, можна сказаць, спінай да сцэны, нават жэстыкулюе амаль безадносна да яе; стрымана паказвае на сцэну, калі там адбываецца нешта, што адпавядае ягонаму аповеду, – апрача пазначаных у тэксце выпадкаў, калі ён глядзіць на сцэну ці ангажуецца ў дзеі. Ягоны аповед у тэксце пададзены вольным вершам, што азначае, што апавядальнік мусіць дэкламаваць свае словы адпаведным чынам, то бок не проста як празаічны каментар, а як пэўную “паэтычную надбудову”, як гэткі паэтычны, маецца на ўвазе, каментар. Зразумела, што дзеянне на сцэне кіруецца расказам апавядальніка, то бок адбываецца скаардынавана з ім. Асобы на сцэне таксама ўступаюць у дзеянне ў тых месцах, у якіх пазначана, што яны прамаўляюць. Падчас прамоваў апавядальніка дзейныя асобы могуць абысціся без словаў. Але пры гэтым яны, вядома, не паказваюць ніякай пантамімы. Інсцэніроўка цалкам рэалістычная, як у выпадку апавядальніка, так і на сцэне. Натуральна, гэта датычыць першай выявы, другая выява крыху іншая.
АПАВЯДАЛЬНІК

Пакой, у які праз адчыненае акно напоўніцу ззяе сонца, а другой палове дня. Дзесьці на поўдні, можа, у Паўднёвай Амерыцы. Праз акно даносіцца прыглушаны шум транспарту. Напэўна, гэта вялікае, шматмільённае места. Пакой абсталяваны сціпла, у ім стаіць ложак, стол, некалькі лавак, сплеценых з нейкай саломы, у куце – бляшаны рукамыйнік на павучыных нагах, вядро й вялікі збан з вадою. Пасляабедзеннае сонца й не надта вялікая спякота ствараюць у асяродку каляровую, радасную атмасферу. У ложку завяршаецца полавы акт. Жанчына стартуе, як сірэна.


ЖАНЧЫНА

А-а-а-а...


АПАВЯДАЛЬНІК

Рухі спыняюцца, але яна моўчкі спрабуе яшчэ крыху затрымаць мужчыну, напружанне целаў, зноўку ўзнікае рух, і мужчына вызваляецца, аддыхваецца. Насоўвае нагавіцы й абыходзіць пакой у пошуках цыгарэтаў. Закурвае й сядае на самую аддаленую лаўку, з якой жанчыны на ложку нават не відаць. Тая ляжыць моўчкі.


МУЖЧЫНА

Ну ты й блядзіна (з павагай). Калі я цябе счапіў, то думаў, што ты гэткая звычайная бабёнка, але ж ты – курва яшчэ тая.


ЖАНЧЫНА

Ах, мілы!


АПАВЯДАЛЬНІК

Яна адказвае яму без зацікаўлення.


МУЖЧЫНА

Чуеш (пасля паўзы), мне патрэбны стольнік.


ЖАНЧЫНА

Ах, мілы, у мяне пры сабе няма.


МУЖЧЫНА

Спадзяюся, з мяне ты хоць не возьмеш?


АПАВЯДАЛЬНІК

З падазрэннем пытаецца мужчына.


ЖАНЧЫНА

Ну што ты, мілы, у мяне проста няма цяпер, самае большае – дваццаць.


МУЖЧЫНА

То дай хоць дваццаць.


ЖАНЧЫНА

Вядома, дарагі, але пачакай, яшчэ ж не вечар.


АПАВЯДАЛЬНІК

Ён кажа ёй, што яна тут не надта заможна ўладкаваная, таму, маўляў, ён ёй верыць, што ў яе няма стольніка. А сонца, нейкае яўна паўднёвае, асвятляе пакой, фарбуючы ўсё ў колеры й ствараючы радасную атмасферу ў гэтым адным з пакояў шматмільённага места. Таму пад уплывам гэтай радаснай атмасферы мужчына, хоць і не майстар прамаўляць, разгаворваецца. Усё гэта ўвесну альбо ўвосень... Ён крыху выхваляецца, з спакойным самазамілаваннем, што ўжо два гады тут кантуецца, што ён круты хлопец, лягавым яго не дастаць, хаця ён сям-там нешта і ўмыкне, але збольшага тусуецца з клёвымі чувакамі, час ад часу ездзіць працаваць на вёску, а ў горадзе заўжды знойдзецца досыць тых, хто чалавека пакорміць, калі-нікалі й напоіць ды завядзе пераспаць да дзевак, бо дзеўкі ляцяць на яго як матылі на агонь, ну і гэтак далей. Жанчына яго не перабівае, а дзе трэба, падтаквае, выяўляючы павагу й зацікаўленасць.


Мужчына – ах, які ён малады, насамрэч гэта яшчэ юнак, яму, можа, якіх дваццаць два гады – пачынае загаворвацца, і ягоная эйфарыя набывае альтруістычныя рысы. Маўляў, яна магла б пайсці з ім, яны знайшлі б добрую кампанію, ён узяў бы яе пад крыло, таму што трапляюцца хлапцы, якія лічаць, што ўсе жанчыны належаць усім, хаця насамрэч яно зусім не так проста. Усё нагадвае неарамантычную навелу, прыпраўленую містыкай неканвенцыйнага сэксу, у схованцы якой шукае паратунку літаратура канца ХХ стагоддзя пасля ўсіх здабыткаў свайго яшчэ нядаўняга мінулага, гэтая схованка выклікае шкадаванне, як вымушаная пераночка пад мастом, але гэтая схованка – цёплая, быццам бярлог якой жывёліны, у які мы залазім, каб глядзець на ўвесь свет толькі скрозь сваю задніцу, зарыўшыся носам у адвал, які імкнемся лічыць роднай зямліцай, нібыта спрыяльнай для нашых продкаў. Іншымі словамі, гэта такая схованка, якую мы асабліва хвалім, калі нам болей няма куды ўцячы. На наш век ужо хапіла й яшчэ хопіць, нават з маладых, якія так любяць ставіць пад сумнеў, што іх напаткае тое ж, што старых, і што будзе яшчэ горш. І з часам ужо нічога не здольнае нас забавіць, а пагатоў не дае нам забыцця – нават марыхуана, не кажучы пра стрыптыз. А мужчына, напэўна, нават відавочна не маючы чаго пра сябе сказаць, пачынае распытваць, чым яна займаецца; жанчына, як выглядае, не хоча яму адказваць. Пасля чаго намякае, што яна дзесьці штосьці вывучае.
ЖАНЧЫНА

Але гэта – так...


МУЖЧЫНА

Цябе нехта пытаўся?


ЖАНЧЫНА

Ды не, якое.


МУЖЧЫНА

Слухай, ну мне ж ты можаш сказаць.


ЖАНЧЫНА

А што казаць, вучуся ды ўсё.


МУЖЧЫНА

Ты?
АПАВЯДАЛЬНІК

Гэтым яна не выклікае да сябе даверу, бо па ёй відаць, што ёй каля трыццаці, а гэта мужчына, які з яе кагадзе злез і які ўжо загадзя, на вакзале й на шляху да яе дома, як след яе агледзеў, ведае вельмі добра. Хай сабе ён нічога на гэта не кажа, але ж уважае яе за падманшчыцу. У тым ці ў іншым сэнсе, не выключана, што ўся гэтая гісторыя з ягоным спакушэннем (бо менавіта яна яго зняла, а не наадварот) ёсць нейкім наўмысным дурылавам. Варта было б неяк выпарыцца раней ці пазней, але пытанне, як пры гэтым не зганьбіцца, хай сабе й перад курвай. Таму ён то прысядзе, то пройдзецца па пакоі, зацікаўлена высоўваецца з акна, п'е ваду са збана, мочыцца, папярэдне спытаўшыся, у вядро ў кутку, запальвае перадапошнюю цыгарэту.
МУЖЧЫНА

Ну дык а што ты ўласна робіш? Цэлымі днямі.


АПАВЯДАЛЬНІК

Жанчына адказвае яму ўжо крыху раззлавана, аднак пасля супакойваецца й цярпліва апавядае яму, напалову па-мацярынску – карацей, так, як размаўляюць з малымі.


ЖАНЧЫНА

Я думаю, думаю пра ўсё на свеце, а потым гэта запісваю альбо расказваю людзям. Напрыклад, такім хлопчыкам, як ты.


АПАВЯДАЛЬНІК

Гэта мужчыну непрыемна чапляе.


МУЖЧЫНА

Ні ражна сабе, а пра што? Як здабыць грошай не ўкраўшы?


ЖАНЧЫНА

Згода, паслухай, жыццё ўжо зграла сваю ролю, страціла сваю функцыю.


МУЖЧЫНА

Ну.
ЖАНЧЫНА

З чалавекам жыццё дасягнула сваёй мяжы, вычарпала свае магчымасці, чым далей, тым болей яно не спрацоўвае, папросту не выконвае сваёй функцыі. Жыццё больш не апраўдвае чаканняў, і праз гэта яму настае канец.
МУЖЧЫНА

Як так?
ЖАНЧЫНА

Я маю на ўвазе біялагічнае жыццё, спосаб існавання, закладзены на прынцыпах біялагічнага. Чалавек папросту ўжо расчараваны ў біялагічным з усімі яго прынцыпамі.
МУЖЧЫНА

Ага.
ЖАНЧЫНА

Біяс, біялагічны спосаб існавання, таксама мае свае межы. Дзівацтвам было лічыць, быццам ён бязмежны, не мае свайго парогу – гэты парог у яго ёсць, і ён не можа яго пераступіць, таму што біяс прыдатны толькі на пэўным адмерку ці ў пэўнай галіне, там ён пасуе і ўсё ў парадку, але далей ці вышэй ён зайсці не можа. А гэта выяўлялася й выяўляецца ў чалавеку.
МУЖЧЫНА

У цябе рак?


ЖАНЧЫНА

Не, пры чым тут гэта. Калі б і быў, мне было б да сракі.


МУЖЧЫНА

(пакрыўджана) Бач ты.


ЖАНЧЫНА

Расліны, жывёлы ды, можа, яшчэ неандэртальцы існуюць у прасторы самавідавочнасці. Біялагічнае жыццё ёсць не чым іншым, як замкнёным заганным колам жрачкі, срачкі, чуйнавання, сну, патрэбных толькі для таго, каб мы маглі жэрці, сраць, чуйнаваць па новай. Плюс да гэтага захаванне роду.


МУЖЧЫНА

Шо?
ЖАНЧЫНА

Ебля, птамаць.
МУЖЧЫНА

А.
ЖАНЧЫНА

Гэты вянок сваёй тупасці біяс файна замаскаваў тым, што спалучыў яго з экстатычнымі фізіялагічнымі рэфлексамі.
МУЖЧЫНА

Шо?
ЖАНЧЫНА

Ну што пры гэтым крычыш.
МУЖЧЫНА

Ага.
ЖАНЧЫНА

Гэтае прыстасаванне па вырабе дурасці, якое завецца жыццём, менавіта праз сваю бязмежную бессэнсоўнасць дзейнічала ідэальна, пакуль не з’явіўся чалавек.
МУЖЧЫНА

Жыццё – цяжкая штука.


ЖАНЧЫНА

Цяжкая не цяжкая, бляха, але да чалавека, прынамсі, самавідавочная. Для чалавека гэты ідыятызм ужо не ёсць самавідавочным. Чалавеку ў ім ужо няўтульна. Гэты скоцкі ананізм, які называецца жыццём, чалавеку ўжо нічога не кажа.


МУЖЧЫНА

Як так?
ЖАНЧЫНА

Прынамсі, прыстойнаму чалавеку, ёлупень. Урэшце, у гісторыі яўна прасочваецца, што працэнт людзей, якіх усё гэта даводзіць да роспачы, няўхільна расце.
МУЖЧЫНА

Ды ну.
ЖАНЧЫНА

Няма рады. Нічога тут не зробіш. Нічога не зробіш. Сёння ўсё зноў вяртаецца да гэтай калісьці натуральнай, сёння ненатуральнай самавідавочнасці біялагічнага жыцця. Гэта ўсё яшчэ самавідавочнасць, але для нас ужо ненатуральная.
МУЖЧЫНА

А якога ты пра гэта думаеш?


ЖАНЧЫНА

Таму што як чалавек мушу думаць.


МУЖЧЫНА

Ат, ніхто нічога не мусіць, адно памерці.


ЖАНЧЫНА

Менавіта, у тым і самы сцёб, што ў гэтай наіўнай кавамолцы застаецца адзінае бяспечнае месца – смерць, бо гэтая кавамолка настолькі безнадзейная й тупая, што смерць ёсць у ёй адзінай уцехай. Але для чалавека – страшэннае прыніжэнне, што ён мусіць памерці толькі таму, што гэтая кавамолка так збацаная. Мусовая смерць з прычыны таго, што біялагічнае ёсць настолькі прымітыўнай сральняй, – абраза годнасці чалавека. З другога боку, вядома, калі ўсё гэта так, то смерць – адзіная палёгка.


МУЖЧЫНА

Табе жыць абрыдла?


ЖАНЧЫНА

Аднойчы я ішла ўначы па вуліцы, свяцілася адзіная вітрына, а за ёю былі якія тры тузіны марскіх свінак, гэткіх маленечкіх і прыгожанькіх. У іх там стаяла місачка з ежай, з вадой і вялікае барабаннае кола, па якім яны лазілі й якое несупынна круцілася. Некаторыя спалі, некаторыя елі, некаторыя спарваліся, іншыя цераз іх пералазілі, увесь час круцілі тое кола, па якім ніводнага разу не патрапілі залезці ўгару, падалі адны на адных, торгалі ножкамі й нават нямоцна грызліся між сабою. Яны былі цалкам задаволеныя. І пачуваліся абсалютна самавідавочна. За шклом была доўгая, зусім бязлюдная, ільдзяная начная вуліца, нібы той сусвет. Толькі я спынілася там, вылупіўшыся. Гэта была мадэль жыцця.


МУЖЧЫНА

Ну і ў чым праблема?


ЖАНЧЫНА

Чалавеку гэта больш не пасуе. Чалавек на працягу ўсяе гісторыі шукаў сэнс свайго існавання і прымяраў яго ці то на Пана Бога, ці то на ўласную творчую дзейнасць, груба кажучы. Наконт Пана Бога мы ўведалі, што ён быў намі ўсяго толькі прыдуманы, тым часам як творчая дзейнасць магла б мець сэнс, але толькі ў выпадку, калі б сэнс мела само жыццё. А калі само жыццё не мае сэнсу, то не мае сэнсу й любая дзейнасць, якую мы ладзім на ягоным падмурку. Мы круцімся ў барабанным коле, як тыя марскія свінкі.


МУЖЧЫНА

Добра, але чаго ты пра гэта думаеш? Што табе, уласна, трэба?


ЖАНЧЫНА

Само жыццё павінна быць знішчана альбо пераадолена, таму што для чалавека ягоная бессэнсоўнасць невыносная. Калі б біялагічнае жыццё было непераадольным, людзям засталося б прагнуць толькі смерці. І ў гэтым выпадку як мага больш канчатковай смерці, паводле магчымасці – усеагульнага знішчэння, каб нічога больш не было здатнае да рэпрадукцыі, ані людзі, ані тыя свінкі, ані глупскія расліны, ані яшчэ дурнейшыя за іх амёбы, таму што іхная бессэнсоўнасць, хай яны яе самі й не адчуваюць, ёсць сапраўдным пеклам, то бок гэта ў тым разе, калі б біялагічнае жыццё было неперасягальным, але толькі разумова адсталы можа думаць, што вынікам руху ўсяго космасу можа быць такое безвыходнае глупства. У рамках руху космасу, у рамках ягонай структуры, без сумневу, існуе магчымасць дасягнуць нечага больш інтэлігентнага, чым біялагічнае, таму ўжо цяпер чалавек павінен імкнуцца да аднаго: пераадолець біялагічнае, перасягнуць яго разам з усім яго цудоўным жыццём, жрачкай, срачкай і гэтак далей, улучна з размножаннем.


МУЖЧЫНА

Як?
ЖАНЧЫНА

Бадай, мы не здольныя назваць гэта іначай як стварэннем артыфіцыйнай формы існавання, пасля якога, можа быць, удасца дапяць да нейкага сэнсу. Пасля гэтага існаванне, можа, будзе мець нейкі сэнс, магчыма нават і значэнне. Магчыма. А магчыма й не. Але не адзін чалавек, а ўвесь біяс існуе сёння толькі для таго, каб быць пераадоленым. Для біялагічнага жыцця няма больш ніякага працягу або паратунку. Чалавек церпіць праз гэта таму, што ён, у адрозненне ад машкары, пра гэта ведае, але ж ён і мацнейшы за машкару. Таму ў яго можа атрымацца пераадолець жыццё ці прынамсі яго знішчыць, іначай ён застанецца на адным узроўні з машкарою.
АПАВЯДАЛЬНІК

Мужчына маўчыць, бо яму відавочна няма чаго сказаць. Таму ён проста ўзгадвае, як спрытна круцілася ў ложку гэтая кабета. Жанчына таксама маўчыць. Што яшчэ ёй сказаць маладзёну, яна і так сказала зашмат для яго. Яна разглядае каляровае дзённае паветра, не маючы сумневу, што яно было б прыгожым, калі б мела сэнс.


ЖАНЧЫНА

Рэч жа не толькі ў тым, што людзі паводзяць сябе, як непаўнавартасныя жывёлы, то бок робяць з натуральнага й збольшага прыемнага хляўка, якім ёсць свет і прыроджанае жыццё, суперпекла.


МУЖЧЫНА

Гм.
ЖАНЧЫНА

Гэта яшчэ было б нішто, я б гэта лязом на голай срацы напісала, калі б усё гэта мела нейкае прызначэнне, калі б усё гэта да нечага вяло, калі б штосьці з гэтага вынікала, калі б, напрыклад, пакутай можна было нечага дасягнуць, ці штось у такім бздуху. Але рэч у тым, што жыццё, у прынцыпе, не ёсць і не можа быць нічым іншым, апроч бязглуздзіцы.
МУЖЧЫНА

Угу (падыходзіць да ложка й разглядае, якая яна сэксі).


ЖАНЧЫНА

Тупасць быцця вады, камянёў, бадай, не меншая, але яна нашмат, нашмат менш дакалупвае, яна не настолькі гнюсна правакацыйная. Камень ляжыць, вада цячэ, тым часам як жыццё пускае сліны сваёй імбецыльнасці, несупынна распырсквае само сябе ў форме нейкага слізістага студня, і гэта называецца захаваннем роду ці вечна слаўным колазваротам жыцця. О... (пакуль тое, мужчына незаўважна ёй засадзіў).


АПАВЯДАЛЬНІК

Выглядае, што маладому чалавеку немагчыма згідзіць справу захавання роду нічым. Толькі паглядзіце, колькі энергіі яшчэ й сёння мае кшталт гома сапіенс, хай сабе й выкарыстоўвае яе не ў тым месцы (устае, пазірае на сцэну). А вось і не: у тым. А я ўжо баяўся.


ЖАНЧЫНА

Мілы, я не магу, о-о...


МУЖЧЫНА

Уф (канчае; чуваць, як адчыняюцца дзверы, хтосьці ўваходзіць; мужчына выскоквае, пераляканы). Хто гэта? (у дзвярах з’яўляецца апавядальнік).


ЖАНЧЫНА

(абсалютна спакойная, самлелая, нават не зірнуўшы ў той бок, канстатуе) Гэта мой муж.



Выява другая
АПАВЯДАЛЬНІК

(мужчына гуляе на сцэне далей, таму другая выява мае характар звычайнага, традыцыйнага тэатральнага выступу) Здароў, Берта! (бачыць мужчыну) Хто гэта з табой?


БЕРТА

Гэта мой знаёмы, мы сустрэліся апоўдні на вакзале.


АПАВЯДАЛЬНІК

Вось як! (Да мужчыны) Вітаю вас!


МУЖЧЫНА

Добры дзень.


АПАВЯДАЛЬНІК

(падыходзіць да ложка, хоча пацалаваць Берту, бянтэжыцца) Вы ўжо хіба скончылі?


БЕРТА

Ну амаль.


(Апавядальнік акідвае позіркам іх абаіх)
АПАВЯДАЛЬНІК

Бачу, так. Берта, я тут абдумваў некаторыя сур'ёзныя рэчы.


МУЖЧЫНА

Ну, я пайду.


БЕРТА

У цябе няма стольніка? Наш сябра кажа, што яму патрэбны стольнік, а ў мяне якраз няма.


АПАВЯДАЛЬНІК

Халера, і я не маю. Трэба было б...


МУЖЧЫНА

Нічога, мне й дваццаці хопіць, на вячэру.


БЕРТА

Пачакайце, зараз муж памяняе ці дзе знойдзе.


АПАВЯДАЛЬНІК

Да вечара знайду.


БЕРТА

То, можа, пачакаеце.


(Тады мужчына зноў сядае).
БЕРТА

(да апавядальніка) Даведаўся нешта? (сур'ёзна зацікаўленая, напружана чакае адказу).


АПАВЯДАЛЬНІК

Пра гэта пазней. (Да мужчыны) Вып'ем, пакуль тое.


(Мужчына глядзіць па баках, але не бачыць ніякага пітва).
АПАВЯДАЛЬНІК

Я прынясу! (сыходзіць)


МУЖЧЫНА

Твой сутэнёр?


БЕРТА

Не, гэта мой муж.


АПАВЯДАЛЬНІК

(паспеў ужо з’явіцца ў дзвярах і ўсё чуў, у руках трымае бутэльку й шклянкі) Мы ажаніліся год таму, але разам жывем ужо пяць гадоў (падае мужчыну бутэльку й шклянку). Мая жонка – німфаманка.


МУЖЧЫНКА

Хто-хто?
БЕРТА

Па-нашаму – курва, якая дае задарма.
МУЖЧЫНА

Гэта праўда.


АПАВЯДАЛЬНІК

Неяк так.


МУЖЧЫНА

(адпіўшы, пасля паўзы) А за што яна дае, калі не за грошы?


АПАВЯДАЛЬНІК

Ні за што, ёй гэта падабаецца (апавядальнік хоча залезці на Берту, тая бароніцца).


БЕРТА

Не, не, у мяне ўжо там мазоль, каб ты толькі бачыў, што ён вырабляў.


Апавядальнік усё адно пачынае. Берта крычыць і вывіваецца ад асалоды, мужчына ўстае й пазірае на іх, як дурань, Берта заўважае яго й па-сяброўску махае яму рукой, апавядальнік канчае, устае, з пыхканнем сунецца да рукамыйніку й абмывае бараду.
БЕРТА

(зняможана) Дайце чаго папіць.


(Мужчына механічна падыходзіць і падае ёй шклянку).
МУЖЧЫНА

Ён – таго?


БЕРТА

Амаль што, дружа. Але нічога не зробіш, я яго кахаю.


МУЖЧЫНА

Яго?
БЕРТА

Яго. Я б табе і так гэта сказала, нават калі б ён не прыйшоў.
МУЖЧЫНА

Пашлі яго ў сраку, гэта ж поўны вар'ят. Як бачу, ён табе бабак усё адно не дае, іначай вы не жылі б у такой хібары. Хадзем са мною, са мною не прападзеш, я цябе ў крыўду не дам. Кажу табе, хадзем, гэта ж поўны афэлак.


БЕРТА

Ён лічыцца добрым хірургам.


АПАВЯДАЛЬНІК

(паварочваецца ад рукамыйніка да іх) Выбачайце, сёння мы ўжо мусім развітацца, вось з гэтай цыдулкай (піша, трымаючы яе ў руцэ), прашу вас, зайдзіце ў бар на першым паверсе, гаспадар выдасць вам на яе сто пэса.


МУЖЧЫНА

Я пачакаю гатоўкі.


АПАВЯДАЛЬНІК

Што гэта вы? Гаспадар дасць вам сто пэса.


МУЖЧЫНА

Я, з вашага дазволу, тут пачакаю.


АПАВЯДАЛЬНІК

Вы здурэлі? Да вечара паліцыя возьме нас у аблогу. Дзе ты зноў такога выкапала?


БЕРТА

У буфеце на вакзале.


АПАВЯДАЛЬНІК

Зноў у буфеце на вакзале, але скажы, зрабі ласку, чаму менавіта яго?


БЕРТА

Я таксама заўважыла, што ён не вялікі інтэлектуал, але ён так пазіраў на мае грудзі.


АПАВЯДАЛЬНІК

Пазіраў на твае грудзі, згода, але цяпер яму час ісці. Вазьміце гэтую цыдулку.


МУЖЧЫНА

Самі вазьміце й схадзіце.


АПАВЯДАЛЬНІК

Чалавеча, не выдурняйцеся, вы ж не ведаеце, дзе вы!


МУЖЧЫНА

Думаю, што ў гасцях у чмошніка.


АПАВЯДАЛЬНІК

Праз пару гадзінаў тут будзе паліцыя.


МУЖЧЫНА

Хіба я штосьці ўкраў?


БЕРТА

Паслухай, мілы, Чарлз мае рацыю. Вядзецца пра арганізацыю.


МУЖЧЫНА

Шо?
АПАВЯДАЛЬНІК

Вы не ведаеце, што такое рэвалюцыйная арганізацыя?
МУЖЧЫНА

Ды ведаю, але ж мая хата з краю.


БЕРТА

Ты хоць чуў калі пра яе наагул, ёлупень?


МУЖЧЫНА

Чуў, пра яе ўсе чулі.


АПАВЯДАЛЬНІК

Ну тады вы мусіце ведаць, што адбываецца.


МУЖЧЫНА

Ну, вы выкралі таго амбасадара.


АПАВЯДАЛЬНІК

А цяпер, калі мы абмянялі яго на пятнаццаць нашых асуджаных таварышаў, нас высочваюць. Сёння ўначы адбудуцца масавыя арышты.


МУЖЧЫНА

Ну так, але я тут ні пры чым.


АПАВЯДАЛЬНІК

Яны затрымаюць усіх, ліха на вас, нават хоць чымсьці падазроных, менавіта таму, што нічога не ведаюць.


МУЖЧЫНА

Ну, я ж вам не лягавы, таксама свае паняцці маю. Але як гэта яны нічога не ведаюць, калі прыйдуць не куды-небудзь, а сюды?


АПАВЯДАЛЬНІК

Дружа, у іх ёсць свая картатэка падазраваных, там частка неабгрунтавана, а частка абгрунтавана падазраваных. А не ведаюць яны нічога таму, што арганізацыя болей не цэнтралізаваная, увесь яе прынцып палягае ў самаарганізацыі людзей, звычайных людзей, такіх, як вы альбо мы. Калі восем сяброў аб'яднаецца на адну акцыю, на якую яны здольныя, хто іх потым выкрые? Хай сабе ў нашым горадзе на пяць мільёнаў чалавек усяго пару сотняў такіх груповак, якія супрацоўнічаюць заўжды на канкрэтным заданні, усё адно, хто ж іх пераловіць?


МУЖЧЫНА

Ну, там...


АПАВЯДАЛЬНІК

Калі ўсе людзі ці, прынамсі, пераважная бальшыня людзей выразна ўсведамляюць, хто іхны вораг, калі гэты вораг у іх несупынна навідавоку, калі ён увесь час сядзіць у іх на карку, то няма патрэбы ў вялікай цэнтралізаванай арганізацыі, людзі самі скарыстаюць усе магчымасці ў барацьбе за знішчэнне гэтага ворага, гэтай фашыстоўскай дзяржавы, гэтай...


БЕРТА

Гэтай жудаснай, гнюснай пачвары, якая замінае стаць чалавекам у тым ліку й табе, мой дарагі.


МУЖЧЫНА

Ну добра.


БЕРТА

Я ведаю, ты гэтага не зразумееш, але ўсталяванне бяскласавага грамадства ёсць абсалютна неабходным крокам да пераадолення чалавекам самога сябе, каб ён атрымаў магчымасць узняцца над жыццём, якое ў адваротным выпадку ўвесь, увесь, увесь час будзе паласкаць яго ва ўнітазе біялагічнае моцы, біялагічнае перавагі, біялагічнага гвалту, волі да ўлады, волі да прыгнятання іншых, волі да ўсяго гэтага свінства, якое папросту й азначае жыццё. Ах... (выкрык роспачы).


МУЖЧЫНА

Так-так. Памятаю. Толькі як ты гэта зробіш?


АПАВЯДАЛЬНІК

Ведаеш Чэ Гевару?


МУЖЧЫНА

Ну так.
АПАВЯДАЛЬНІК

Тэорыя партызанскай вайны ў гарах і джунглях ёсць ці была толькі першай прыступкай да новага метаду. Сёння герылья мусіць разгарнуцца менавіта ў прамысловых рэгіёнах, менавіта ў буйных гарадах і гэтак далей, але ў гэтым асяроддзі яна павінна захаваць максімальную гнуткасць, вольнасць, пэўнасць, няўразлівасць, толькі тады гэта будзе насамрэч народная вайна.
МУЖЧЫНА

Пра гэта я таксама ўжо чуў.


АПАВЯДАЛЬНІК

Менавіта ў шчыльна заселеных мясцінах рэвалюцыйныя групоўкі пачуваюцца як рыбы ў вадзе пры ўмове (якая ў нас, вядома, выкананая), што кожны чалавек ведае свайго ворага, ведае агрэсара, імперыялістычнага акупанта й планы ягоных памагатых. Якраз з гэтага ўзнікае рэвалюцыйная арганізацыя новага тыпу. Рух ствараецца знізу шляхам самаарганізацыі саміх людзей, пры гэтым няма патрэбы ў складанай іерархіі нейкай нелегальнай партыі, таму што цяперашняя паліцэйская дзяржава лёгка б яе разбурыла.


БЕРТА

Ну, цяпер ты ўсё чуў, мы бярэм у гэтым удзел, трэба толькі на працягу гадзіны пакінуць гэтую кватэру.


МУЖЧЫНА

Так, так, т-т-так, але што будзе са мной?


АПАВЯДАЛЬНІК

Дзеля ўсяго святога, ідзіце ўрэшце па свой стольнік.


(Да гэтага моманту яны пілі ўсе разам, але мужчына піў нашмат больш за астатніх, таму цяпер ён ужо п'яны).
МУЖЧЫНА

І не падумаю.


БЕРТА

Тады пайшоў ты ў сраку! Адвярніцеся, мне трэба апрануцца.


АПАВЯДАЛЬНІК

Хадзем.
МУЖЧЫНА

Ты надумаўся мяне кінуць, нягоднік? (пачынае паводзіць сябе агрэсіўна).
АПАВЯДАЛЬНІК

Прэч адсюль! Калі вы не сыдзеце, самі будзеце вінаваты.


(Берта памалу ўстае й пачынае шукаць бялізну).
МУЖЧЫНА

Ты мяне ў гэта ўцягнуў і хочаш зваліць, але ж абламіся, у мяне тут яшчэ інтэрас да гэтай чыксы.


АПАВЯДАЛЬНІК

Прастуйце! Хадзем.


МУЖЧЫНА

Не на таго натрапіў, гаўнюк! У мяне тут яшчэ адзін даўжок...


АПАВЯДАЛЬНІК

Адумайцеся! (не дае яму падступіцца да Берты).


Мужчына б’е яго, найлепш – нажом. Апавядальнік падае, як мёртвы.
БЕРТА

Ты здурэў, крэтын!


(Мужчына кідаецца на яе, каб ёю авалодаць. Берта крычыць ад агіды й болю).
МУЖЧЫНА

Зараз ты іначай запяеш.


БЕРТА

(паддаецца яму, уздыхае з асалодай) Ах...


Апавядальнік устае з падлогі й рэзка сцягвае мужчыну на зямлю. Берта крычыць, незадаволеная тым, што ейны аргазм перарвалі. Мужчына ўнізе за ложкам страшэнна выкрыквае. Апавядальнік устае й падае Берце адрэзаны чэлес.
БЕРТА

(пляскае ў ладкі) Ты забыўся, мілы, што мой муж – выдатны хірург.


АПАВЯДАЛЬНІК

Вось, на табе ягоныя органы.


БЕРТА

Знакаміта (пляскае ў ладкі, ловіць чэлес і падскоквае на ложку, захутаная ў коўдру). Яшчэ паспею падсмажыць табе вячэру!


Заслона. Калі акторы кланяюцца, са спазненнем прыбягае Берта з падсмажанымі на патэльні катлетамі; супакойвае мужа, які баяўся, што яна збіраецца засмажыць адрэзаны чэлес. Згуляць міметычна.
1970
пераклад з чэшскай – Макс Шчур
© Макс Шчур, пераклад, 2010


prajdzisvet.org


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка