Еду ў Магадан. Успаміны Ігара Аліневіча




старонка2/2
Дата канвертавання15.03.2016
Памер468.29 Kb.
1   2

ххх

«Валадарка » - гэта буйныя змрочныя скляпенні і доўгія калідоры. Але развязныя манеры мянтоў і зэкаў адразу кажуць , што суровая цішыня - толькі фасад. Тут мурашнік, працяты тысячамі нітак , ён кіпіць жыццём. Атрымліваю матрац , пасля халодны душ, чаканне ў адстойніку, нарэшце падымаюся ў «хату». Уражанні абсалютна супрацьлеглыя тым, што былі , калі ўпершыню перада мной адчыніліся дзверы ў камеру «амерыканкі ... Здаецца , што трапляеш у бяндзёгуi да гастарбайтэраў . На цябе скіроўваюцца позіркі з верхніх і ніжніх ярусаў нараў, з-за стала і нават з падлогі. 15 мужыкоў, узмакрэлыя ад спёкі і духаты, сядзяць у адных трусах ў апраметным кумары тытунёвага дыму. Вось цяпер я ў сапраўднай турме!

4 чэрвеня - дзень шчасця. У камеры 10 шканароў, 16 чалавек: палова - эканамічныя , трое наркаманаў, угоншчык, махляр, нардэрii, аліментнік, забойца, бандыт, палітычны (Казакоў) - карацей , Ноеў каўчэг. Тут рух 24 гадзіны ў суткі, тут паветра прасякнута нейкай вольнасцю , а не толькі цыгарэтамі і потам. Пачаставалі гарбатай, далі пачытаць газету з рэпартажам пра суд, параўноўвалі з фоткай: «падобны - не падобны» . Новы рытм і атмасфера свабоды аказалі незвычайны эфект: дні тры я прахадзіў у ступары . Так моцна адвыкаеш ад буйнога соцыюма і так глыбока сыходзіш ў сябе за паўгода! Мужыкі гэта прыкмячалі, выказвалі спачуванне, цікавіліся асаблівасцямі ўмоваў "амерыканкі" і тым, як там прэсавалі. Стараўся расказаць усё як было, але адчуваў, што не ўсе рэчы магу перадаць словамі.

Як перадаць адчуванне чакання катаванняў, якое ўзмацняецца са дня ў дзень? Альбо адчуванне сталага назірання за табой ? Тут у камеры былі мёртвыя кропкі для вочка, тут была адгароджаная (!) прыбіральня, можна было пабыць аднаму хоць троху. Трэба пазбавіцца нават гэтага, каб зразумець, што значыць пазбаўленне аўтаномнай прасторы для асобы.

Мяне вызначылі ў начную змену: з 8 раніцы да 8 вечара шканар мой , наступныя 12 гадзін - іншага чалавека. Так і працякалі дні : днём спаў , ноччу камунікаваў, гуляў у нарды і шахматы, вырашаў свае справы . Зэкаўская кемлівасць дазволіла мне звязацца з Сашам - сапраўдны падарунак ! Мы максімальна выкарыстоўвалі магчымасць, якая нам прадставілася. У ацэнках падзей мы былі аднадумцамі. Класна, калі ёсць адзінства і разуменне, нягледзячы на ізаляцыю і цяжар на душы. Бо на волі далёка не ўсё так, як хацелася б : хапіла і страт , і расчараванняў . Але што рабіць , як казалі легіянеры, marsh or dieiii.

Кароткае спатканне з маці . Нарэшце мы змаглі пагутарыць без аглядкі на камітэтчыкаў . Даведаўся ў адносных дэталях, што адбывалася напрацягу гэтых шасці месяцаў. Як быццам новы свет адкрыўся . Вакуум стварыў ілюзію цішыні, а на самай справе звонку ішоў актыўны рух. Плаціна грымнула. Лінуў струмень лістоў са словамі падтрымкі і салідарнасці ад самых розных, знаёмых і незнаёмых , а часам і зусім нечаканых людзей. У такой сітуацыі неяк адразу напаўняешся жыццёвай энергіяй , становішся значна мацней.

... За 10 дзён даведаўся сякія-такія асновы арыштанцкага жыцця. Розныя людзі, розныя шляхі, розныя ўклады, але лёс-зладзюжка звёў усіх тут у адной бядзе. Размаўляючы з людзьмі пра іх справы, сітуацыі ў турмах і на зонах, тактыку паводзінаў абвінавачаных і следчых , якая выпрацоўвалася тысячамі і тысячамі выпадкаў , і, як старажытныя веды, перадаецца ад зэка да зэка, я пабачыў відавочную сутнасць «праваахоўнай » сістэмы . У сваю чаргу , сама гэтая карная сістэма арганічна ўпісваецца ў агульны лад беларускага грамадства. Гэтыя сцверджанні складзеныя мной нават без усякага анархізму на аснове гутарак у салідарна-даверлівай атмасферы, якая ўзнікае ў цяжкіх і экстрэмальных умовах турэмнага зняволення. Гэта меркаванні палітыкаў, бізнесменаў, навукоўцаў, чыноўнікаў, прадстаўнікоў сілавых ведамстваў і крымінальнага свету.
ххх

... Этап . Нават не ведаю куды. Забралі раніцою і трымалі да вечара ў адстойнікуiv з дзясяткамі іншых небаракаў. Суцэльна моладзь з усёй краіны, разгубленыя і трывожныя твары. Спачатку шмон турэмны, пасля шмон канвойны, з гумовымі пальчаткамі і металадэтэктарамі . У адстойніку сутыкаюся з палітычным Кіркевічам: таксама сядзеў у "амерыканцы" , не перастаў казаць выключна на беларускай мове, а ў "Валадарцы" сядзеў з Колем. Дасталі кіпяцільнік, кружку, п'ем гарбату. Зноў кілішчоўкаv ў іншай адстойнік. Вады няма. Нарэшце выводзяць. Выстройваемся ўздоўж сцяны пад аркай двара. Называюць прозвішча - і з рэчамі ў аўтазак. Разам з кешарамі лезем у “шклянкі” , як шпроты ў банку . Вязуць на станцыю . Месца перасадкі ачэпленае : па адным, праз калідор з канваіраў грузімся ў вагоны. Вось ён, знакаміты «сталыпін»vi. Трох'ярусны плацкарт, без акна, адгароджаны ад калідора кратамі. Ярусы з глухой столлю : каб патрапіць на наступны, трэба пралазіць ў люк. Кітайскі экспрэс .

Вось і ўсё, наперадзе - новая паласа. Што я зразумеў за гэты час? Сапраўднае багацце - гэта людзі , якія застаюцца з табой , нягледзячы на ўсе нягоды . Упэўненым можна быць толькі ў тых , хто дзеліць з табой выпрабаванні, побач і на адлегласці. Астатняе – крохкае.

Мінулае існуе ў тваіх успамінах , будучыня - ва ўяўленні , але сапраўды важнае толькі існае, канкрэтны момант часу. Мінулае паблякне, яго перайначаць і абылгуць, чаканая будучыня можа так і не наступіць, але погляд назад і памкненне наперад напаўняюць сэнсам гэта самае Тут і Цяпер .

Сёння свабоды няма. Пакуль існуе дзяржава, мы не можам быць вольныя. Але можна дакрануцца да яе, адчуць яе дыханне, змагаючыся за яе. Барацьба прыносіць у жыццё ўсе тыя пачуцці і думкі, якія прыціскае дзяржаўная дысцыпліна. У барацьбе за свабоду мы не толькі набліжаем чаканы дзень перамогі справядлівасці, але і ратуем сваю ўласную асобу ад шэрасці быцця і дэградацыі. Любы акт вызвалення мае сэнс Тут і Цяпер .

Наперадзе гады змроку і выпрабаванняў, але мяне гэта не засмучае. Чым горш - тым лепш, бо што не забівае, тое робіць нас мацнейшымі. Скарыстаць выпрабаванні з карысцю для сябе - гэта адзінае правільнае рашэнне. Мяне чакае магчымасць даведацца знутры ўвесь гэты свет, народжаны векавым кругазваротам мільёнаў людскіх лёсаў ў засценках турмаў і лагераў.

... Цягнік імчыць кудысьці на поўнач. Усе спяць , толькі два бывалыя зэкі абмяркоўваюць лагернае жыццё ды канваір ў бронекамізэльцы павольна ходзіць па «сталыпіну» . А ў галаве засеў матыўчык песні з турмы «Еду ў Магадан» , і на душы лёгка.

Лета 2011


Пераклад Таццяны Шапуцькі, газета “Новы час”

http://novychas.info

i

Бяндзёга – невялікая пабудова ці памяшканне: сарай, будка, падсобка, бытоўка, схованка, каморка (жарг.)



iii Маршыруй ці памры (англ.)

iv Адстойнік – памяшканне, дзе праводзяць вобшук асуджаных (жарг.)

v Перамена месца. Звычайна гэта сітуацыя, калі камера чалавек на сорак адначасова пераводзіцца ў іншую камеру ці ж змешваюцца некалькі камераў (жарг.)

vi Цягнік для перавозкі арыштантаў (жарг.)
1   2


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка