Еду ў Магадан. Успаміны Ігара Аліневіча




старонка1/5
Дата канвертавання01.05.2016
Памер0.73 Mb.
  1   2   3   4   5

Еду ў Магадан. Успаміны Ігара Аліневіча


1

28 лістапада 2010 года, Масква, кафэ гандлёвага цэнтра «У Горбушки», 14.45 на гадзінніку. Ад бяссоннай ночы зліпаюцца вочы. Натоўп людзей, мітусня, заклапочаныя твары. У кожным другім мроіцца супрацоўнік, напрыклад, у гэтых трох ў чорных куртках на грузных мордах. Дзіма сядзіць насупраць. Смяемся ад уласнай параноі. Уначы прыйшла прапанова ад Бураціна (ён жа Лапцёнак Антон) сустрэцца. У душы настойлівае жаданне адмовіцца, бо мы ведаем, што ён - здраднік. Але гэта неабходна. Дзіма нервуецца. Паводле плана, ён павінен назіраць у бінокль за сустрэчай, але ён адпачатку супраць усёй гэтай задумы. Вядома, Дзіма правы. І месца, і план павінны быць прадуманыя лепей, але тры месяцы ў бягах падтупліваюць пачуццё небяспекі, і так не хочацца думаць, што гэты таксама здрадзіў. Я павінен паспець змаляваць агентаў падчас сустрэчы і даць па тапках, адначасна заліўшы газам пысу«казачка». Позна што-небудзь мяняць. Ужо час, трэба высоўвацца…

Выходзім з цэнтра, з усіх бакоў кінуліся 4 цені, схапіўшы пад рукі. Я не здзівіўся, ні адзін мускул не здрыгануўся. Дзіма адскочыў у бок і кінуўся наўцёкі. Выпадковы мінак ставіць яму падножку, але, на шчасце, без поспеху. Краіна рабоў, краіна ўладароў.

Адзін з людзей у чорным супакойвае: «Гэта мы вашым дапамагаем». Хм, гэтыя «нашы» вашы, а не нашы. Бразнулі бранзалеты, запіхнулі ў машыну, шмон па кішэнях, мабіла, кашалёк, плэер... За гадзіны паўтары да сустрэчы я уключыў тэлефон, з якога тэлефанаваў Буры. Думаў, што ў людным месцы не паспеюць знайсці або не будуць шукаць зусім, каб не рызыкаваць. Дурная памылка...Шапка на вочы, адна машына, пасля другая. Паміж сабой людзі ў чорным не перагаворваюцца, пішуць тэкст на тэлефоне і перадаюць адзін аднаму. Пару прыпынкаў у прыбіральню, глядзіш на поле, лес і здаецца, што гэта сон...

...Мяжа з Беларуссю. Галаву ўціскваюць у падлогу, значыць, аперацыя — нелегальная. Перадача мясцовым у бусік. Маскоўскія кажуць: «Больш такой х... не падкідвайце». «Вядома, за намі доўг, мужыкі», — адказваюць тутэйшыя. Кранаемся з месца. Пачынаюць з пагрозаў: «Ты зразумеў, што сказаць трэба? Ці заедзем у адно месца для тлумачэнняў?» «Так зразумеў-зразумеў, — адказваю я, — чаго ўжо тут...» Ага, як жа. Не корпацца ў памяці, не шкадаваць, лічыць секунды, супакойваць нервы. Трэба мабілізавацца, засяродзіцца на адной праўдзе: «Не вер, не бойся, не прасі...»

«Ужо 20.30, заязджай». Ляснула брама, машына заехала. На вачах па-ранейшаму шапка. Я цалкам дэзарыентаваны. Заводзяць у кабінет, садзяць на крэсла, тварам у стол, на шыю апусцілася рабро чыёйсьці далоні. Наперадзе самая доўгая ноч у маім жыцці...

«Ігар, давай пагаворым з табой як чалавек з чалавекам», — пачуў голас насупраць.

«У такім становішчы людзі не размаўляюць», — я сам здзівіўся свайму голасу. Мабыць, яны не чакалі супраціву і на некаторы час замарудзіліся. Гэта надало мне ўпэўненасці. Пасля прыступілі:

- Мы ўсе ведаем, кажы, прызнавайся!

- Не ведаю, не быў.

- Цябе ўжо ўсе здалі, чаго аднеквацца?

Свярбіць толькі адно пытанне: Дзіма пайшоў ці ўсё ж ўзялі пазней? Але як гэта даведацца?

- А што Дзіма? Дае паказанні?

- Які Дзіма? Ты маеш на ўвазе Дубоўскага?

Зразумела! Не ўзялі! Значыць, усё не так ужо дрэнна.

— Якія навіны ў інтэрнэце? Нікога не выкралі? Дрэнна працуеце. Пра вашага «казачка» было вядома загадзя. Мы падрыхтаваліся.

Адчыніліся дзверы, нехта сказаў: «Сапраўды, ужо вісіць на сайце». Няёмкая паўза. Усе, а іх было трое ці чацвёра, выйшлі. З сэрца як камень зваліўся: Дзімон на волі, не разгубіўся, а Бураціна выкрыты ўшчэнт. Цяпер трэба будзе перажыць дазнанне. Пабываўшы неяк на семінары з удзелам Маркелава1 (зямля яму пухам), я засвоіў цвёрда: ніякіх прызнанняў! Менавіта на паказаньнях, дадзеных у першыя дні, як правіла, будуюцца справы.

Вярнуліся дазнавальнікі.



  • Ты наіўны. Ты думаеш, у цябе ёсць сябры? Табе ўсе здрадзілі, а ты падазраваў не таго!

Але я ўжо не слухаў гэтае трызненне. Першае правіла - «Не вер!». Усё, што яны кажуць - хлусня, паўпраўда. А калі і праўда, то з мэтай далейшых маніпуляцый. Методыка была простая: пачыналі з аднаго эпізоду, але, як толькі атрымлівалі адпор, пераходзілі да іншага. Генштаб ... Казіно ... Білборды ... Прафсаюзы ... Банк ... Амбасада ... ІЧУ ... Банк ... Казіно ... І так да бясконцасці.

Бралі зморам. Я засынаў шмат разоў і прачынаўся; як толькі адчувалі стомленасць, адразу ўзмацнялі ціск. У ход ішло ўсё: пагрозы, ліслівасць, шантаж, разважанні пра бессэнсоўнасць барацьбы, сумневы ў бок таварышаў, упор на эгаізм і г.д. Я не ведаў, колькі часу прайшло. Ён перастаў існаваць. Было незразумела, дзе рэальнасць, а дзе сон…

«Закінем ў хату да скінхэдаў! У нас ёсць адмысловая скінхата!.. Ты — прыгажунчык, такіх у турмах любяць... Цябе яшчэ не білі нармальна... Навошта табе гэта? Жыў бы як усе. Яшчэ ёсць магчымасць!.. Ты займаешся каратэ? Ты супярэчыш сваім прынцыпам, бо яно іерархічнае!.. Ты баішся ўзяць, ты — баязлівец!.. Ты сядзеш. Пытанне вырашанае. Толькі вось на пяць ці дзесяць гадоў, вырашаць табе... Я б даў табе 12, не, нават 20 гадоў. («А вось я б цябе растраляў без варыянтаў, сука», - думалася мне). Я тэлефаную тваёй бабулі. Хай даведаецца пра цябе ўсё... Табе ніхто не нойме адваката... Нам трэба ведаць толькі адно: хто табе заплаціў?»

Я ўключаўся толькі, каб сказаць: «Не ведаю, не быў», і зноў сыходзіў у бяспамяцтва. Другое правіла гаворыць: «Не бойся». Хто спалохаўся — ужо пераможаны. Варта паказаць страх — і ты на кручку.

На некаторы час знялі шапку. За сталом сядзеў толькі адзін:

«Эх, добры ты хлопец. Інжынер, здаровы лад жыцця вядзеш, спортам займаешся. Нельга так сябе марнаваць. Я ж і сам разумею, што вы шмат чаго правільна кажаце, вось толькі рэалізацыя... А можа, ну яго, усё гэта?»

На працягу ўсяго дазнання перыядычна ўзнікала пачуццё пазнаванння, што вось гэта і гэта я недзе чытаў. Гэтая думка вельмі выцвярэжвае, пацвярджалася, што ўсё гэта - інсцэніроўка. Бо ўсё роўна ўзнікала адчуванне нейкай адарванасці, падсвядома хацелася паверыць у іх аргументы і тым самым усе спыніць. Псіхалагічная ахоўная рэакцыя. Ад яе нікуды не падзецца.

Зноў начапілі шапку на вочы. Прыйшоў нехта новы. Ён не стаў усебакова распрагаць, а з адборнымі фразамі і спецыфічным тонам стаў уціраць — маўляў, якое ж ты «сцыкло». ...Зноў чаканне. Жудасна хацелася піць і карцела стрэльнуць цыгарэтку. Але я ведаў, што гэтага рабіць нельга. Любую просьбу трэба ставіць у фармат патрабавання. Трэцяе правіла — «не прасі». Любая просьба робіць псіхалагічны клімат мякчэйшым, і мажліва, менавіта гэтая кропля будзе канчатковай, каб пераважыць чашу шаляў на іх карысць.

Знялі шапку, прынеслі ежу. Оперы сядзяць патухлыя, вычарпаныя. Чагосьці чакаем вельмі доўга. Праз маленькую фортку прабіваецца святло. Значыць, ужо дзень. Раптам уздымаюць. Зноў калідорамі, лесвіцамі, кароткім пераходам па ўнутраным дворыку, міма мноства кабінетаў з шыльдачкай «ідзе допыт». Заводзяць да следчага. Тут жа адвакат. Усё культурна. Уручаецца ордэр на арышт па абвінавачванні ў акцыі ля Акрэсціна. Пачынаецца допыт, на гадзінніку 16.00. У іхніх лапах ужо суткі. Дазнанне доўжылася 19 гадзін. Нарэшце знялі кайданкі... Гэта чароўнае адчуванне свабоды паварушыць рукамі... Бяру на сябе дымавуху на Генштабе. Усё роўна на відэа ёсць - апазнаюць, ды і Міколу лепш разгрузіць. Бо сказалі б, што гэта яго план, а зараз не выйдзе. У любым выпадку, ніякай віны.

Ператрус. Адабралі рэчы, «адшманалі» берцы, далі нейкія тапкі даваенных часоў. Ужо не вытрымліваю, засынаю прама на лаве ў адстойніку. Паднімаюць, вядуць у вялікі круглы хол з масіўнымі сценамі. Вузкая лесвіца на другі паверх. Адчуванне, што трапіў у нейкі сімбіёз супрацьядзернага бункера і калізею. Гарызантальная рашотка закрывае ўвесь праём з другога паверха на першы. У сярэдзіне — цэнтральны пульт з тэлефонам. Канваір вядзе мяне ўздоўж дзвярэй, адна за другой, па крузе. У руках у мяне матрац, падушка, прасціны. Спыняемся, адчыняюцца дзверы №3, і я заходжу ў камеру. Нікога. Два жалезных «шканары» з жорсткімі прутамі, дзве табурэткі, уманціраваныя ў сцяну. Такі ж стол. У кутку пластыкавае вядро з вечкам. На тумбачцы стаіць паднос: бульба, селядзец, сок. Маленькае акенца з выглядам на цагляную сцяну за падвойнымі кратамі ў выглядзе напысніка звязвае са знешнім светам. Дзверы з ляскам захлопваюцца. Падаю на матрац ды імгненна падаю ў сон.



2

Прачнуўся ад таго, што ў камеру ўвайшоў старшы прапаршчык і запатрабаваў даклад.

«У камеры адзін чалавек, лістоў і заяў няма, шпацыр — 1 гадзіну. Дзяжурны па камеры Аліневіч», — так гучала кожны дзень.

Цягнуліся гадзіны... Заняцца было рашуча няма чым. Дзікі холад і скразняк, але захутацца коўдрай нельга. Для тых, хто трапляе сюды без цёплых рэчаў — гэта катаванне. Асабліва адчуваецца адсутнасць абутку. Ногі прадзьмувае ў любых шкарпэтках, нават вязаных. Дапамагае толькі ўкручванне стоп у швэдар. Але гэта — дробязі. Самае важнае — вакол пастаянная цішыня, адсутнічае час. Часам даносяцца крокі, рыпанне наручнікаў, ляск «кармушак» (вертыкальнае вакенца ў дзвярах для падачы ежы), «маяковыя» апавяшчальныя ўдары ў дзверы, свіст і шэпт кантралёраў (яны не размаўлялі!).

За некалькі дзён пачынаеш лавіць і распазнаваць любыя гукі. У суткі кармушка адчыняецца некалькі разоў: сняданак, абед, вячэра, лекі. Дзверы адчыняюцца 4 разы: раніцай і ўвечары ў прыбіральню, яшчэ раніцай на абыход дзяжурнага, адзін раз на шпацыр (калі ёсць). І так месяцамі, у некаторых гадамі з кругласутачным люмінесцэнтным асвятленнем.

Поўная невядомасць, дзе я і што далей. Гадзіннік забралі. Дні змяшаліся... Прачынаешся і засынаеш, не ведаючы, ні як доўга спаў, ні часу сутак.

Што такое свядомасць арыштанта ў першыя дні? Гэта — рой крэатыву ўяўлення пад каталізатарам падсвядомага жывёльнага страху. Толькі сталыя фізічныя практыкаванні прыводзілі ў пачуццё рэальнасці. Ізаляцыя... Як гэта? Жыццё чалавека сплятаецца з тысячы сацыяльных нітак: зносіны, абавязацельствы, планы, праца, нават салата ў халадзільніку — усё мае нітачку ў нашай свядомасці. І ў адзін момант ты пачынаеш вылузвацца з гэтага трывалага насцілу. Не адразу, а паступова. Раптам узгадваеш пра нейкія справы ад больш аператыўных да менш, розум пачынаецца як бы ўздрыгваць, кідацца, што трэба нешта рабіць. Ты спрабуеш ухапіцца за ніткі, не выпусціць, неяк увязаць па-новаму, але замест гэтага губляеш адну за адной усе і падаеш у бездань пустэчы. Гэта яшчэ не самае страшнае: тут хоць бы бачыш, што страціў.

...У гэтым апраметным вакууме першая перадача і першы ліст ад блізкіх — як прамень святла прабівае змрок і абпальвае цяплом. Памятаю, як выцягнуў з пакетаў цёплыя шкарпэткі і шарсцяную коўдру. Захутаўся ў яе і тут жа праваліўся ў сон з адчуваннем дома і бацькоўскага клопату...

«...У мяне ёсць пра што з вамі пагаварыць», — сказаў сівы, але моцны палкоўнік з 4-га аддзялення КДБ. З акна самага далёкага кабінета адкрываўся раптоўны від начнога горада, цэнтральнага праспекта Мінска. Не паверу, што пасля камеры на кагосьці гэта не зрабіла б уражання. Так блізка, і так далёка, даўжынёю ў гады... Гарбата, печыва, пернікі, іншая абыходлівасць, як у фільмах.

«Вы ведаеце, чаму вы тут?» — прагучала падступнае пытанне, як гэта рабіла інквізіцыя стагоддзі таму.

«Хацелася б ведаць для пачатку, дзе я знаходжуся», — адказаў я.

“Гэта не турма, дзякуй Богу, а СІЗА КДБ. Ёсць розніца. Амерыканка, як кажуць у народзе. У 30-я гады тут было расстраляна больш за 30 тыс. чалавек. Сумна, але запэўніваю вас, ні я, ні мае калегі нават у думках не могуць дапускаць больш такога», — працягваў палкоўнік.

Тры дні запар размовы да ночы — пра анархічны рух, метады, асабісты выбар, сэнс жыцця і г.д. Я адразу вырашыў весці размову выключна ў межах інфармацыі, даступнай у Інтэрнэце. Гэта значыць, калі гучала пытанне, я ўяўляў сабе адкрытую крыніцу, дзе ёсць такая інфармацыя, і толькі пасля адказваў. Ніякай канкрэтыкі.

Палкоўнік цікавіўся такімі рэчамі, як «фінансаванне», «лідары», «замежныя сувязі», г. зн. патэнцыял руху ў плане выкарыстання яго знешнімі сіламі для дэстабілізацыі абстаноўкі ў краіне. Зразумела: у іх думка ў адзін бок скіраваная. Ніхто ўжо не верыць, што людзі могуць нешта рабіць самастойна, з ідэйных меркаванняў. На трэці дзень усё скончылася пытаннем:

«А ці могуць анархісты і ўлада ісці разам да светлай будучыні? Ці хацелі б вы стварыць уласную арганізацыю?”

Тут, як пстрычка, у памяці ўсплыў фрагмент з «Дзённіка крыніцы» (гісторыя-прызнанне завербаванага КДБ гамельчука Сяргея Гаўрыліна — Т. Ш.), дзе праз такую прапанову і адбылася вярбоўка!

«Пасля заканчэння тэрміну я збіраюся заняцца пытаннямі альтэрнатыўнай энергетыкі», — павольна, слова за словам, адчаканіў я. Мой адказ моцна засмуціў палкоўніка... Па дарозе ў камеру ўспомніўся Маякоўскі і яго знакамітае: «я лепей у бары блядзям буду падаваць ананасную ваду...»

...Першы шпацыр пад мокрым снегам, у дзіравых пантофлях з тканіны. Шпацыр — гэта трохметровыя суровыя сцены, дворык тры на шэсць крокаў (!) і краты з калючым дротам пад электрычнай напругай. Першы раз надоўга адбівае жаданне выходзіць зноў, але роўна да таго часу, пакуль не прыходзіць разуменне таго, што неба, хай і ў клетачку, лепш, чым нязменная брудна-белая столь з нязменным святлом 24 гадзіны на суткі. Халодныя кроплі дажджу сцякалі па твары, прама як у тым лесе, праз які нам з Дзімам часта даводзілася хадзіць на электрычку, пакуль хаваліся ў Маскве.



3

Калі напачатку верасня адбыліся першыя затрыманні, ніхто не думаў, што ўсё абернецца гэтак сур'ёзна. Я адразу звязаўся з Дзімам, і мы разам чакалі, спадзеючыся, што ўсё абыдзецца і ўсіх адпусцяць. Але на працягу трох дзён нам стала вядома, што мянты (працаваў УБАЗ ) хочуць накрыць пяць кватэр. Кожны дзень колькасць затрыманых узрастала, і з'явілася інфармацыя, што таварышаў раскручваюць не толькі па амбасадзе, а і па многіх іншых эпізодах, нават зусім фантастычных. Але ўсё роўна не верылася, што кагосьці пасадзяць у турму і тым больш пасадзяць з рэальным тэрмінам. За шмат гадоў мы прывыклі, што нікому не патрэбныя: ні мянтам, ні журналістам, ні палітыкам. Праўда, у апошні час з'яўляліся трывожныя прыкметы. На панк -канцэрты сталі актыўна наведвацца людзі ў цывільным. Яны ж спрабавалі ўсталяваць сувязь пад выглядам спачуваючых, а вясной сашрубавалі мерапрыемства Беспартшколы (публічныя лекцыі пра анархізм). Але неяк ніхто не надаваў гэтаму вялікага значэння.

Але падзеі, якія інтрыгуюць куды больш, разгарнуліся ў Інтэрнэце яшчэ за пару дзён да затрыманьняў. Беларуская Індымедыя, з'яўляючыся свабоднай навіннай платформай для анархісцкіх і каляанархісцкіх ініцыятыў, ўжыла цэнзуру, выдаліўшы паведамленне пра акцыю ля амбасады. Больш за тое, іх калектыў абвясціў акцыю правакацыяй. Трэба сказаць, што радыкальныя дзеянні анархістаў сталі рэгулярна ажыццяўляцца з 2008 года і ў Беларусі, і ў Расіі. Падзеі ў Грэцыі, безумоўна, сталі галоўным каталізатарам. За шмат гадоў упершыню было агучана, што за бунтам стаяць не нейкія абстрактныя антыглабалісты, а цалкам канкрэтныя анархісты. За смерць юнака такі адказ, ўсёахопны і бескампрамісны2! Але за тры гады толькі ў апошняй акцыі Індымедыя ўгледзела правакацыю. Карыстаючыся агульнай блытанінай і прастоем сайта Рэвалюцыйнага Дзеяння, Індымедыі ўдалося навязаць свае ацэнкі большасці з руху, у тым ліку і за мяжой. Іншая частка руху, меншая, не павялася за астатнімі, але на той момант сілы былі няроўныя. У нямоглай лютасьці мы глядзелі на адкрытае адступніцтва і вар'яцтва. Было балюча ўсведамляць, што большая частка прыхільнікаў свабоды і розуму волі паводзіць сябе як статак, прагнуўшыся пад запэўніванні пары - тройкі чалавек. Было відавочна, што пад гэтым хаваецца адкрыты страх за сваю шкуру, і жаласлівая дэмагогія аб правілах Індымедыі не магла гэтага схаваць. Нажаль, у той сітуацыі нам давялося аператыўна вырашаць іншае пытанне: падзяліць долю затрыманых або схавацца ад рэпрэсій.

Гэта зусім нялёгка - узяць і ўсё кінуць. На працы чакаюць важныя і цікавыя праекты, на лецішчы ў разгары рамонт, на выходныя - планы выбрацца з сябрамі на рэйв. Дзясяткі нітак сацыяльнай павуцінкі трымаюць цябе і задаюць рух. І тут у адзін момант трэба ад усяго адмовіцца. Развагі прыводзяць да глыбіннага самааналізу, падчас якога трэба будзе высветліць свае сапраўдныя каштоўнасці, ступень перакананасці ў ідэях, мэты жыцця, гатоўнасць да ахвяры. Своеасаблівая праверка, што ў жыцці важней: воля, хай худая і галодная, ці камфорт, авось пранясе.

Апошнія дні ў ліхаманкавых зборах і спробах скончыць хоць нейкія справы. Паездка да бабулі і дзядулі, дапамога з гародам на лецішчы. Яны ўжо старэнькія зусім і, хутчэй за ўсё, мне іх больш не ўбачыць. Пасля - да бацькоў, правесці святло ў гаражы, бо даўно абяцаў. Маці распавядае пра планы на наступны тыдзень, а ў мяне ком у горле . Начуем на лецішчы ў сябра. Я не тлумачу, у чым справа. Ён не распытвае. Добра, калі сябры разумеюць, што раз так трэба, то ёсць важкія прычыны ...

... Дарога да мяжы. На душы цяжка. Адрываешся ад усяго роднага і блізкага. Лёс таварышаў пад вялікім пытаннем. Але мне лягчэй за Дзіму. Бо яму даводзіцца пакінуць і сваю каханую. Забівае драма, якая разыгралася ў руху. Публікуюцца артыкулы і агучваюцца думкі, маўляў, «нам з радыкальнымі не па дарозе». Адказ на падобныя заявы азначае прыцягненне ўвагі ссучаных, а значыць, і мянтоў. Калі дзеля ўласнай бяспекі свае дзяўбуць сваіх, адзіны рух перастае існаваць . Салідарнасць - гэта мінімальны падмурак, на якім магчыма ўзаемадзеянне розных меркаванняў і плыняў. Адбылася дыферэнцыяцыя, як у Нямеччыне, Польшчы, Францыі, Грэцыі, Гішпаніі. Што ж, так таму і быць. Дух прыгодаў бярэ сваё, і мы зноў поўныя аптымізму. Мы будзем змагацца далей, дзеля саміх сябе і нашых таварышаў. Хай хоць увесь свет павернецца супраць нас. Мы не адступім і не здадзімся .

... Масква. Упіскі, пераезды, пошукі халяўнага Wi-Fi, знаёмства, бессань, часам штодзённая змена кватэр. Мы ведаем, што ўжо ў вышуку, і нас шукаюць па-сапраўднаму. Пошукі бяспечнага месца, суровыя працы ў холад і дождж, кідалава замоўцамі, месцамі голад. Але менавіта той восенню я ўбачыў небывалую салідарнасць на справе. Начлег, ежа, грошы, зносіны, вольны час. Мы ніколі б самі не выцягнулі без дапамогі. У тыя дні радкі Крапоткіна пра ўзаемадапамогу чыталіся неяк па- новаму. Братэрская падтрымка і пачуцці паўсталі перад намі ва ўсёй сваёй красе і велічы .

Па крупінках паступала інфармацыя пра справу. Хмары згушчаліся. Саню і Міколу абвінавацілі ў шэрагу акцый і зачынілі ў СІЧУ. Гэбісты будавалі падкопы, адпісвалі правакацыі ў Інтэрнэце, дасылалі падробленыя лісты, ціснулі на блізкіх. За Дзіму прыняліся асабліва жорстка, бесчалавечна. У яго душы драма, але воля мацней. Усё дарэмна, занадта тапорна (за некаторымі выключэннямі). Тады оперы вырашылі падаслаць «казачка» . У дачыненні да Бураціна паступала занадта шмат трывожных сігналаў і папярэджанняў, але прамых доказаў не было. Вельмі не хацелася ісці на рызыку, пры тым, што мы толькі ўладкаваліся ў бяспечным месцы і знайшлі нармальную працу. Але, што б там ні стала, трэба вывесці Юду на чыстую ваду. Пакідаць такога чалавека ў руху проста нельга.

Перад сыходам на сустрэчу адпраўляем ліст надзейным людзям , каб ведалі, калі што ...
4
Праз некалькі дзён пачаліся следчыя дзеянні: тры вочныя стаўкі з людзьмі, што далі сведчанні. Цепліцца надзея, што гэтыя людзі не асмеляцца паўтарыць іх проста ў твар. Арсэн – зусім прыгнечаны, Веткін хавае вочы і гаворыць, як недарэка. Дзяніс моцна хвалюецца, але глядзіць у вочы. У любым выпадку, трэба устрымацца ад ацэнкі да суда.

Канешне, вочныя стаўкі пакідаюць цяжкае пачуцце. Атрымліваецца, усё мае свой кошт. Пакуль што зразумела адно: я папаў і папаў надоўга.

***

«З рэчамі на выхад!» — прагучала распараджэнне кантралёра. Скончыліся два тыдні адзіночкі, зараз — у іншую камеру. Заходжу, вітаюся. Перада мной стаяць людзі, самыя звычайныя людзі з чалавечымі тварамі. Неяк не так я ўяўляў сабе крымінальнікаў. Падыходзіць забіты масцямі хлопец у «алкагалічцы» і пытаецца: «За МТЗ ганяў?» Кажуць, што свет цесны. Але хто б мог падумаць, што я сустрэнуся ў СІЗА КДБ, дзе ўсяго 18 камер на 60 месцаў, з чалавекам, з якім некалькі гадоў ганяў за МТЗ РІПА! Сапраўды, цесны свет!



Настрой палепшыўся. Макс, знаёмы, 22 гады, панк-рок, антыфа, футбол, амфетамін , 9 гадоў за продаж (арт. 328 ч. 3, ад 8 да 13 гадоў). Кірыл, прадстаўнічы хлопец ,29 гадоў, працаваў у КДК (Камітэце Дзяржкантролю), абвінавачваўся па арт. 209 («Махлярства»). Па версіі следства, браў пазыкі ва ўлюблівых дзяўчат без вяртання. Маштаб уражваў : аж 1,5 мільёна ў суме па чатырох эпізодах! Я б не паверыў ніколі, што за гэта можна трапіць, тым больш у КДБ, калі б ён ні зачытваў урыўкі са справы. Уладзімір, пажылы мужчына, 55 гадоў. З адміністрацыі Магілёва. Некалькі гадоў таму пераправіў пару грузавікоў з пяском і яшчэ трошку да сябе на лецішча. А цяпер перайшоў дарогу не таму, вось і пясочак усплыў. Да 10 гадоў без права на амністыю...

Паскакалі дні-тыдні... Сядзець у кампаніі адэкватных людзей значна лепш, чым у адзіночцы. З пункту гледжання побыту вырашаецца процьма пытанняў па недахопу тысячы дробязяў. Часнык, цыбуля, мыла, паста, запалкі, кіпяцільнік, ручка, аловак, ліст паперы, капэрта, таз, ніткі, усякія мыльна-рыльныя прыналежнасці... Усё не запомніш. Але больш важна, гэта атрыманне ўяўлення пра далейшыя перспектывы знаходжання за кратамі. Як і што вырашаецца з адміністрацыяй, якія працэсы адбываюцца ў следча-судовай сістэме, чаканыя тэрміны папярэдняга расследавання, артыкулы КК, якія пагражаюць па справе. Зрэшты, цэласны погляд на сваё бягучае становішча. Але самае галоўнае, гэта пачуццё калектывізму.

Вельмі хутка выпрацоўваецца арыштанцкая салідарнасць, хоць у амерыканцы ўсталяванай зэкаўскай культуры няма. Практыкуюцца ўсе натуральныя імкненні чалавека да зносін, узаемадапамогі, пачуццё датычнасці, гульні, жарты, і, вядома ж, смех. Бяда збліжае, і прыкметна, як чалавек, які быў на волі індывідуалістычным, замкнёным, становіцца больш сацыяльным і адкрытым. Гатаванне ежы, прыборка, памыўка, нават простае перасоўванне па камеры або строем патрабуе пастаяннай аглядкі на іншых. Адным словам, сыходзіць першасны страх перад невядомасцю і суровасцю турмы. Бо самы галоўны вораг — гэта ўласнае ўяўленне. Неўзабаве акалічнасці прымусілі пераканацца ў праўдзівасці гэтага сцвярджэння. Усе мы, зняволеныя амерыканкі таго часу, пераканаліся ў гэтым.

А пакуль што мы забівалі «казла» ў даміно, арганізоўвалі турніны па шашках, гулялі ў сокс на шпацырах, глядзелі тэлевізар па вечарах, травілі байкі і гісторыі з жыцця.

Ад родных і сяброў, таварышаў і незнаёмых прыходзілі лісты са словамі падтрымкі і салідарнасці. Адбылася сустрэча з адвакатам. З сабой ён прынёс часцінку абсалютна чужароднага гэтаму каменнаму вакууму свету, таго, што ён ставіцца да мяне па-сяброўску. Гэта натхніла мяне і яшчэ больш умацавала ў думцы, што я не адзін. Пачуццё ўпэўненасці ў сабе абсалютна дамінавала і душыла галасы адчаю і жалю пра паламанае жыццё, кар'еру, побыт і іншыя дробязі жыцця. Што хаваць, першы час пра гэта думае кожны. Пытанне ў тым, скончацца гэтыя думкі ў гэты самы «першы час» ці будуць і далей катаваць душу.

5

Вынікі прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня мы даведаліся ноччу, калі ў камеру паднялі пятага чалавека, Алега Корбана. Высветлілася, што дзясяткі тысяч людзей выйшлі на вуліцу, і адбыліся сутыкненні каля Дома ўрада. Неяк не верылася...



На наступны дзень мы ўбачылі дзясяткі выгабляваных па крузе драўляных шчытоў-«конак». Большая частка з іх мела самы свежы выгляд, што падштурхоўвае да яшчэ адной думкі...

Адно стала ясна дакладна: масавыя затрыманні. У той жа дзень Алега забралі. Замест яго паднялі Анатоля Лябедзьку, старшыню АГП. Праўда, партыю мы перайменавалі ў АЗГ (арганізаваную злачынную групоўку). Гучыць прывычней у турэмных катавальнях. Вопытны палітычны дзеяч, ён шмат дзе паспеў пабываць і паўдзельнічаць у шматлікіх справах. Іронія лёсу. Праўда, гэта ніяк не перашкодзіла яму зрабіць нас у даміно і іншыя гульні, з якімі ён быў добра знаёмы, мабыць, па ізалятарах. На знак пратэсту Лябедзька пачаў галадоўку і мужна трымаўся да Новага года.

Тады панаваў настрой, што ўлада вырашыла троху прыстрашыць апазіцыю і патрымаць пад замком дзён дзесяць. Самая вялікая поскудзь, якая малявалася ва ўяўленні на той момант, была ў тым, што людзей маглі не адпусціць да свята, пакінуць у турмах на пару дзён даўжэй. Але нават такая думка здавалася амаль неверагоднай. Усе так прызвычаіліся, што беларуская дыктатура рыхлей рыхлага, на сур'ёзныя ўчынкі не здольная ў прынцыпе і трымаецца толькі на рабскім менталітэце народа.

Мы зусім не надавалі значэння з'яўленню аховы ў штурмавых масках. Неяк выглядала лагічна, што калі СІЧУ моцна перапоўнена, то даслалі ўзмацненне штатнаму персаналу. Мы не ведалі, што азначае ўвод спецназа ў турму. Вопытных зэкаў сярод нас не было...

Але тады яшчэ на выраз «мордой в пол» мы ў гневе агрызаліся, а хамства і грубасць спісвалі на тое, што гэтых грамілаў узялі з якога-небудзь АМАПа. Нават калі нас паставілі на расцяжку падчас ператрусу, спецыяльна вывеўшы для гэтага ў спартзалу, мы ўспрымалі гэта як гнілыя панты, грубыя спробы прыстрашыць, танны фарс, які вось-вось скончыцца. Бо ўся грамадскасць глядзіць цяпер, як разгортваюцца падзеі, увесь Захад пільна назірае за Беларуссю.

Ілюзіі развеяліся, калі ў нас забралі тэлевізар, калі сукамерніка Уладзіміра ахова ледзь не давяла да сардэчнага прыступу (на скаргі адказалі: «Памрэце — вынесем»), калі ў дворыку сталі прымушаць 2 гадзіны хадзіць па коле, калі а 10 гадзіне вечара 31-га снежня Лябедзька сышоў з усімі рэчамі, а праз паўгадзіны яго вярнулі назад... Змянілася СІЧУ, змянілася краіна. Улада зрабіла выразны крок у бок адкрытай дыктатуры. Дэманструе сваю ўпэўненасць ва ўласнай сіле, непахіснасці, беспакаранасці.

Гэты Новы Год быў самым неверагодным навагоднім святам у маім жыцці. Нават у фантастычным сне я не мог і ўявіць, што сустрэну 2011 год у засценках КДБ у гэтакай мудрагелістай кампаніі, з кока-колай і шакаладным торцікам на стале, дакладней тумбачцы, пад акампанемент старых песень і з цьмяным чаканнем грандыёзнага шухеру.

На правах старэйшага Уладзімір сказаў тост з серыі «Як цудоўненька, што ўсе мы тут сёння сабраліся!» Лябедзька быў нешматслоўны: «Ну, жыве Беларусь»!


  1   2   3   4   5


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка