Дзяржаўная ўстанова адукацыі “Сярэдняя школа №1 г. Дуброўна” Слаўны сын зямлі беларускай




Дата канвертавання08.05.2016
Памер105.41 Kb.
Дзяржаўная ўстанова адукацыі

Сярэдняя школа № 1 г.Дуброўна”



Слаўны сын

зямлі беларускай
Літаратурна – паэтычная вечарына,

прысвечаная 100-годдзю з дня нараджэння

народнага паэта Беларусі Аркадзя Куляшова
для вучняў 9 класаў


П а д р ы х т а в а л і:

1. Чамурака Алеся Генадзьеўна –

настаўніца беларускай мовы і літаратуры



2. Осіпава Ала Іванаўна –

загадчыца школьнай бібліятэкі



2013-2014 навучальны год
1.

Мэты:

  • ушанаванне памяці і выхаванне павагі да вялікіх нацыянальных песняроў,

  • развіццё мастацкай культуры вучняў, іх творчых здольнасцей,

  • выхаванне любові да нашай Бацькаўшчыны, роднай мовы, абуджэнне пачуцця нацыянальнай годнасці і гонару за геніяльных творцаў і свой народ


Абсталяванне:

  • партрэты Аркадзя Куляшова;

  • кніжная выстава “100 год Аркадзю Куляшову”;

  • мультымедыйная ўстаноўка;

  • прэзентацыя.



Эпіграф:
Я на ўсё жыццё абраў дарогу,

На якой калючак больш, чым руж.

Сэрца — як набат, што б'е трывогу

За мільёны падгарматных душ.



Аркадзь Куляшоў
Ход мерапрыемства:
Вядучы 1. Добры дзень, прыхільнікі беларускага слова, беларускай слыннай паэзіі.
Вядучы 2. Сёння мы пагаворым аб цудоўным самабытным паэце Аркадзе Куляшове.

Гучыць урывак з песні I. Лучанка «Алеся».


Вядучы 1. Мала хто не ведае сёння радкі гэтай песні, у аснову якой пакладзены

верш «Бывай...», напісаны ў 1928 годзе чатырнаццацігадовым юна­ком з далёкага кутка Беларусі. На час з'яўлення песнi аўтар ужо быў сталым беларускім паэтам, у яго сотні вершаў і дзясяткі паэм. Аркадзь Куляшоў — яркі прадстаўнік беларускай паэзіі XX стагоддзя. Яго талент стаіць побач з талентамі Янкі Купалы і Якуба Коласа. I агонь яго таленту не згасае:

...Мой маналог, як палымяны конь,

Пачуўшы подых бур, стрыжэ вушамі,

Спяшаецца, паразмаўляўшы з вамі,

Ад вечнага агню ў жыцця агонь.



«Мой маналог, як палымяны конь...»,

1964-1965 гг.
Вядучы 2. Нарадзіўся Аркадзь Аляксандравіч Куляшоў 6 лютага 1914 года на ўсходзе Магілеўшчыны ў мястэчку Саматэвічы Касцюковіцкага раё­на. Гадаваўся на берагах Віхры і Бесядзі. Зялёныя дубровы і ельнікі, родныя рэкі, высокае неба малой радзімы заўсёды жывуць у яго паэзіі:

Ёсць на свеце роднае мястэчка,

Там штогод бываюць кірмашы;

Міма школы маленькая рэчка

Без мяне плыве ў цішы...

Карусель», 1939 г.

Вядучы 1. Яго бацькі, Кацярына Фамінічна Ратабыльская і Аляксандр Мікалаевіч Куляшоў, былі настаўнікамі, мелі немалую бібліятэку і адзіны ў мястэчку грамафон, па якім любілі слухаць рускую і італьянскую оперную класіку.

Хатняя атмасфера, у якой рос хлопчык, была ўзнёслай. Яе стваралі слова і музыка. Бацькі паэта да ўсяго і самі добра спявалі. Праз усё жыццё Куляшоў пранёс любоў да паэзіі Лермантава і Пушкіна. Менавіта прыгажосць высокамастацкага слова абудзіла ў васьмігадовым беларускім хлапчуку пачуццё прыгожага і адкрыла яму яго ўласнае прызначэнне.


Чытальнік 1.
Я музу параўнаў бы з роднай маці,

Ды слоў для параўнання не стае.

Адна ёсць маці, што як сонца ў хаце.

Хто можа быць радней нам за яе?

Я б музу параўнаў са сцежкай першай,

Што песню абвяла вакол сяла,

Калі б мяне, з маёю песняй пешай,

Дарогам сцежка не перадала.

Калі б дарогі гэту эстафету

3 рук палявых не аддалі шляхам,

Шляхі — чыгунцы, а чыгунка — свету.

Якое музе параўнанне дам?

Яна не маці, не дарога ў свеце,

А доля, з вечнай прагаю ў вачах.

Сцяжынкі ўслед за ёй бягуць, як дзеці.

Насустрач ёй ляціць за шляхам шлях.


«Я музу параўнаў бы з роднай маці...», 1963 г.

Вядучы 2. Прыгадаем такі выпадак з дзяцінства паэта: ва ўзросце чатырох гадоў Аркадзь Куляшоў, імкнуўшыся паквітацца з дарослымі за крыўду, падпаліў хату крыўдзіцеля. Той жудасны пажар восені васямнаццатага года выпаліў палову мястэчка. Пазней усведамленне бяды, што ён прынёс землякам, абудзіла самасвядомасць будучага паэта. «Так детство кончилось. Он прежним больше не был»,— скажа Куляшоў, пераносячы свой псіхалагічны вопыт на шасцігадовага хлапчука — героя верша «На Минском шоссе» (1941 г.), які імгненна пасталеў пад бомбамі і агнём кулямётаў.
Чытальнік 2.
Я пакідаў маленства край,

Дзе жыў жыццём вясёлым,

Прыйшла і мне чарга бывай

Сказаць лясам і долам.

Глядзелі зоры на мяне

Здалёк, як на другога,

Нібы за жорава мяне

Лічылі маладога.

Глядзелі з вокнаў аганькі

Мне ўслед з трывогай шчырай,

Нібы ўдалёкі і цяжкі

Я падымаўся вырай.

Зямля шаптала мне — ляці,

Спяшайся, жораў ранні,

Цябе чакаюць у жыцці

Усе выпрабаванні.



«Крылы», 1945 г.
Вядучы 1. Друкавацца Куляшоў пачаў з дванаццаці гадоў. Датай нараджэння паэта ў роднай літаратуры трэба лічыць 1926-ы год. Менавіта ў тэты год на старонках клімавіцкай акруговай газеты «Наш працаўнік» быў надрукаваны першы верш Куляшова «Ты, мой брат», а ў 1930 годзе ва ўзросце шаснаццаці гадоў ён выдаў свой першы зборнік вершаў «Росквіт зямлі».

Пасля заканчэння школы была вучоба ў Беларускім вышэйшым педагагічным інстытуце і плённая паэтычная праца. Адзін за адным выйшлі ў свет новыя зборнікі вершаў і паэм, якія расказвалі чытачам пра добра знаёмае кожнаму. Этапным творам прадваеннага перыяду стала паэма «У зялёнай дуброве». У ёй, а таксама і ў іншых творах канца трыццатых гадоў гучыць прадчуванне набліжэння вайны. Асобным трывожным настроем вылучаецца верш «Ранак».


Чытальнік 1.
Выходжу я ў разведку –

Рашучы заўтра бой.

Ты, ранак,

Будзь за сведку,

Услед ідзі за мной.

З табой у згодзе поўнай

Жылі мы з першых дзён.

У барацьбе няроўнай

Я трапіў у палон.

I рукі мне звязалі,

І ў плечы б'е прыклад.

«Вядзі! –

Мне загадалі, —

Паказвай шлях назад...»



«Ранак», 1940 г.
Вядучы 2. У 1940 годзе Куляшоў складае паэму «Хлопцы апошняй вайны». Пазней паэт Аляксей Русецкі, сустрэўшы яго на прывакзальнай плошчы ў горадзе Калініне, калі той накіроўваўся да месца службы ў 11-ю армію Калінінскага фронту, скажа: «Вось дзе мы апынуліся, хлопцы апошняй вайны».

Там, у арміі, батальённы камісар I.В. Зуеў, даведаўшыся, што Куляшоў паэт, прысвоіць яму званне малодшага палітрука і накіруе ў газету «Знамя Советов». Працуючы ваенным карэспандэнтам, Аркадзь Куляшоў напісаў там усе свае вершы і балады ваеннай пары, такія як «Балада аб чатырох заложніках», «Над брацкай магілай», «Ліст з палону», «Маці», «Пад восеньскім небам», «Бярозка» і іншыя. Гэтыя вершы выклікалі выбуховы эфект сярод чытачоў-беларусаў, бо яны вылучаліся незвычайнай эмацыянальнасцю.



Чытальнік 2.

Стаіць яна ў зрэбнай кашулі

Адна на пагосце.

Варожыя кулі

Пакінулі след на бяросце.

Стралялі чужынцы, ды цудам бярозка ўцалела.

Стаіць яна, нібы дзяўчына на месцы расстрэла.

Не плач жа, бярозка, не лі свае слёзы,

Красуня,

Над люстрам ракі запляці свае косы,

Красуня.

Цябе не застрэлілі і не пагналі ў няволю.

Расці ж ты на радасць і рэчцы, і людзям, і полю!

«Бярозка», 1944 г.


Вядучы 1. Вяршыняй ваеннай творчасці Куляшова з'явілася паэма «Сцяг брыгады». Паэма «пра Беларусь і вайну», па словах аўтара, пісалася насуперак умовам жыцця: па начах у штабной зямлянцы, дзе астатнія ваенкоры, рускія

журналісты, глядзелі на яго працу над беларускай паэмай як на занятак, які адцягвае сілы аўтара ад галоўнага.

Паэма, за якую ў 1946 годзе Куляшоў атрымаў Дзяржаўную прэмію 1-й ступені, была і застаецца найлепшым паэтычным творам беларускай літаратуры, прысвечаным падзеям Вялікай Айчыннай вайны. Так трыццацідвухгадовы беларускі паэт Аркадзь Куляшоў стаўся паэтам № 1 усёй савецкай паэзіі.
Вядучы 2. Ад празрыстых, бясхітрасных, але далёка не прымітыўных ранніх вершаў да сапраўдных паэтычных шэдэўраў — такі шлях творчай дзейнасці Куляшова. У ягоных творах крытыкі знаходзяць сляды ўплыву Купалы і Лермантава, і яго вялікага сябра — Аляксандра Твардоўскага. Але Аркадзь Куляшоў заўсёды быў і застанецца паэтам самабытным, нечаканым і глыбока народным. Жыццё беларускага народа, народная мудрасць - невычэрпная крыніца яго паэзіі.

Я хаце абавязаны прапіскаю –

Калыскаю, падвешанай пад столь.

Я маці абавязан кожнай рыскаю,

Драўлянай лыжкаю, глінянай міскаю –

Усім, чым працы абавязан стол.

«Я хаце абавязаны прапіскаю...», 1963 г.
Вядучы 1. Аркадзь Куляшоў быў першаадкрывальнікам у паэзіі. Гэта добра відаць па філасофскай лірыцы «Новай кнігі», вершах і перакладах розных гадоў, паэмах «Далёка да акіяна», «Варшаўскі шлях» і «Хамуціус». Гэтыя вяршыні — вехі творчага шляху паэта.

Так, напрыклад, зборнік вершаў «Новая кніга», які ўбачыў свет у 1964 годзе, з-за нечаканай навізны светаадчування аўтара быў многімі крытыкамі прыняты неадразу. У той час не ўсе яшчэ асэнсавалі пачатак новай касмічнай эры ў развіцці чалавецтва. Толькі не Аркадзь Куляшоў.


Чытальнік 1.
Парушыўшы законы прыцягнення,

Планетамі сярод другіх планет

Існуем мы з табой як выключэнне,

Мая любоў, — як свет і антысвет.

Ніколі мы адной не ходзім сцежкай,

Не дзелім хлеб і дзелім толькі соль,

Ты сустракаеш смутак мой усмешкай
I смуцішся, калі міне мой боль.

Адказваеш на мой сардэчны захад

Нязгодаю, самай крыўднаю з нязгод.

Здаецца, павярніся я на захад,

Як тут жа ты павернешся на ўсход.

Аднак зямля б мая асірацела

I ўвесь сусвет ахутала б імгла,

Каб выбухнуўшы раптам, адляцела

Ты ў невядомасць з хуткасцю святла.

«Парушыўшы законы прыцягнення...», 1962 г.
Вядучы 2. У 1973 годзе, на схіле жыцця, прадчуваючы, мабыць, свой скрушны лёс і ўжо не спадзяючыся на большае ў творчасці, Аркадзь Куляшоў напісаў цыкл вершаў, сярод якіх «Зайздрошчу я мастам...»
Чытальнік 2.
Зайздрошчу я мастам, не іх канструктарам,

Дарогам, па якіх да нашых дзён

Імчаць саставы з посвістам і грукатам,

Не помнячы праслаўленых імён.

Хачу, каб так і слова — не жалезнае,

Знаёмае з пакутай і слязьмі, —

Ад славы і імёнаў незалежнае,

Трымала сувязь з часам і людзьмі.

Хачу, каб слёзы, што ў душы радзіліся,

Жыццём сваім асобным зажылі,

Каб так, як дождж па шкле, яны каціліся

I па шчацэ, і па шляхах зямлі.

Хачу, каб не прылізаным і чысценькім

Быў сэрца боль, каб пёк ён і смылеў,

Каб не прыкрыт быў грэх прыстойным лісцікам,

Смех — гулкім рэхам быў абвалам — гнеў

А аўтар хто?Дзе рос? Як празываецца?

Ёсць весткі альбо там яны ляжаць,

Дзе ўжо нічога ўслых не вымаўляецца? -

Знаць важна, але можна і не знаць.

Вы мне даруйце сёння, суддзі строгія,

Што мой і смех і гнеў не быў такім

I што, на жаль, пад імі, як і многія,

Я прозвішчам падпісваўся сваім.



«Зайздрошчу я мастам...», 1973 г.
Вядучы 1. 2014 год для Аркадзя Куляшова юбілейны. Мы адзначаем яго стагадовы юбілей. На жаль, ён даўно не з намі. Мы ж па-ранейшаму застаемся з ім. Тыя, хто наталяе прагу сваёй душы з крыніц паэзіі. I хоць куляшоўская паэзія стала ўжо класікай, яна — не толькі гісторыя нашай літаратуры. На здзіўленне, вялікай сваёй часткай творчасць Куляшова сугучна нашаму часу, бо як мысліцель ён абганяў свой час. Таму і сёння яго паэтычнае слова ўдзельнічае ў справах жывых вопытам жыцця аўтара.
Вядоўца 2.

Сёння ж, калі мы зноў жывём надзеяй, хай часцей гучаць для нас радкі, падобныя звароту да нас, нашчадкаў, тых, хто ідзе на змену:

Я знаю, ты мой шлях, перажывеш

Мяне, мой верш.

Дык знай, калі рубеж

Ты не мінеш, які завуць вайною,

Апошняй бітваю дабра са злом,

3 тым злом, што мы пад Брэстам і Масквою

У сорак першым нішчылі з табою, —

Знай: дзень, што судным выбухне агнём,

Той дзень і нашым будзе судным днём,

Тады мяне ты ўспомні, як салдата...



«Варшаўскі шлях», 1972 г.
Аркадзь Куляшоў застанецца ў нашай паэзіі яе пяшчотным лірыкам, тым, кім ён і быў народжаны.

Літаратура:
1.Далягляды Аркадзя Куляшова: метадычныя рэкамендацыі па прапагандзе твораў народнага паэта Беларусі. – Мінск, 1988.

2.Дзямідава, Л. Ёсць у паэта свой аблог / Л. Дзямідава // Бібліятэка прапануе. – 2013. - № 11. – С. 13 – 16.Яўгенія




База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка