Дзверы адчыняюцца? Беларускае мастацтва сёння




Дата канвертавання24.03.2016
Памер26.37 Kb.
Дзверы адчыняюцца?

Беларускае мастацтва сёння
Прэс-канферэнцыя: чацвер, 18 лістапада 2010 г., 17:00

Вернісаж: чацвер, 18 лістапада 2010 г., 18:00

Сустрэча з мастакамі: пятніца, 19 лістапада 2010 г., 14:00-18:00

Канферэнцыя: субота, 20 лістапада 2010 г., 12:00-17:00


Гэтая выстава – першая на сённяшні дзень прэзентацыя беларускіх сучасных мастакоў у Літве. Нягледзячы на тое, што Мінск, сталіца Беларусі, знаходзіцца ўсяго толькі ў ста сямідзесяці кіламетрах на (паўднёвы) усход ад Вільнюса, гандлёвы і культурны абмен паміж Літвой і Беларуссю ў апошнія дваццаць гадоў адбываўся ў вельмі малым аб'ёме – як па чынніку цяперашняй палітычнай сітуацыі ў Беларусі, так і з прычыны вылучна празаходняй арыентацыі мэтаў і перспектываў Літвы.
Можна выказаць здагадку, што афіцыйная культурная палітыка Беларусі не спрыяе развіццю сучаснага мастацтва; таму беларускім мастакам можа быть складана завязваць прадуктыўную дыскусію з гледачамі і крытыкамі і далучацца да шырэйшай міжнароднай арт-супольнасці. Сацыяльна-палітычная рэальнасць Беларусі таксама накладае істотныя абмежаванні і табу на мясцовых мастакоў, і яны змушаныя звяртацца да мовы сучаснага мастацтва, багатай метафарамі. Нягледзячы на гэта, беларуская сучасная арт-супольнасць з'яўляецца вельмі актыўнай і знаходзіцца ў бесперапынным пошуку, як рэалізаваць свае творчыя амбіцыі і ажыццяўляць іх у Беларусі і ў іншых краінах.
Выстава "Дзверы адчыняюцца? Беларускае мастацтва сёння" дэманструе працы мастакоў, якія жывуць і працуюць у Беларусі, а таксама беларусаў, што жывуць за мяжой. Абедзве паловы раз'яднанай мастацкай супольнасці прэзентуюцца ў рамках аднаго праекта не ўпершыню, аднак важным момантам з'яўляецца тое, што на гэты раз гэта адбываецца ў максімальнай блізкасці ад іх роднай краіны. Большасць беларускіх мастакоў, якія жывуць на Захадзе, падтрымліваюць сувязь са сваімі блізкімі і рэгулярна наведваюць іх, аднак у іх рэдка бывае магчымасць прадставіць свае працы ў Мінску (і ў Беларусі ў цэлым). У гэтым кантэксце вільнюскі праект, што ажыццяўляецца ў горадзе ў Еўрапейскім саюзе, які пры гэтым з'яўляецца даволі даступным для жыхароў Беларусі, становіцца месцам асаблівай сустрэчы на нейтральнай суседняй тэрыторыі.
Гэты праект дае магчымасць беларусам зірнуць на сваё мастацтва збоку, па-за рамкамі звычайных табу. Большасць прадстаўленых у праекце працаў так ці інакш закранаюць праблемы беларускага грамадства і яго цяперашнія клопаты, аднак толькі некаторыя мастакі вырашаюцца адкрыта згадваць рэчы, якія звычайна замоўчваюцца. Магчыма, гэты праект адкрые для адносна ізаляванага і малавядомага для міжнароднай публікі беларускага мастацтва новыя каналы сувязі. Іншымі словамі, паспяховае ажыццяўленне гэтага праекта можа неяк прыадчыніць дзверы.
Выстава "Дзверы адчыняюцца? Беларускае мастацтва сёння" суправаджаецца каталогам на літоўскай, рускай і ангельскай мовах. У рамках выставы таксама праводзіцца канферэнцыя, на якой літоўскія і беларускія даследчыкі прадставяць шырэйшы кантэкст беларускага сучаснага мастацтва і культуры.
Мастакі: Ганна Школьнікава, Алена Давідовіч, Аксана Гурыновіч, Артур Клінаў, Аляксандр Камароў, Аляксандр Караблёў, Аляксей Лунёў, Марына Напрушкіна, Ігар Пешахонаў, арт-група "Пазітыўныя дзеянні", Ігар Саўчанка, Сяргей Шабохін, Аляксей Шынкарэнка, Піліп Чмыр і арт-група "Беларускі клімат", Уладзімір Цэслер і Сяргей Войчанка, Максім Тымінько, Руслан Вашкевіч, Алег Юшко.

Куратар: Кястуціс Куйзінас

Арганізатар і месца правядзення: Цэнтр сучаснага мастацтва, Вільнюс, вул. Вокечу, 2

Пры падтрымцы Міністэрства культуры Літоўскай Рэспублікі, Міністэрства замежных спраў Літоўскай Рэспублікі; Шведскага агенцтва па міжнародным развіцці (SIDA)

Асістэнт куратара: Юлія Фаміна

Кансультанты і каардынацыя ў Беларусі: Таццяна Бембель і Ірына Стальная

Асістэнт праекта: Ганна Самарская (Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт)

Дзякуем Валянціне Кісялёвай і Галерэі "Ў" (Мінск)


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка