Дзейнасць грамадскіх аб’яднанняў нацыянальных меншасцей




Дата канвертавання30.03.2016
Памер52.22 Kb.


Марына Прахарэня

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт
ДЗЕЙНАСЦЬ ГРАМАДСКІХ АБ’ЯДНАННЯЎ НАЦЫЯНАЛЬНЫХ МЕНШАСЦЕЙ

(па матэрыялах друку Мінскай вобласці)
Рэспубліка Беларусь – шматканфесійная і шматнацыянальная дзяржава. Сёння прыкладна 16% ад агульнай колькасці насельніцтва – прадстаўнікі больш чым 140 нацыянальнасцей [3]. Прычынай таму сталі гістарычныя ўмовы, у якіх адбывалася станаўленне беларускай дзяржавы ў складанай геапалітычнай сітуацыі. Тым не менш, наша краіна стала для гэтых людзей другой радзімай. Тут яны вучацца, працуюць, бяруць шлюб, нараджаюць дзяцей. У адносінах да гэтай групы насельніцтва ўжываецца паняцце “нацыянальныя меншасці”. Пад час інтэрв’ю рэдакцыі газеты «Звязда» Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей Леанід Гуляка адзначыў, што ў Беларусі стараюцца не ўжываць паняцце “нацыянальная меншасць”, хоць яно і агульнапрынятае. Згодна з вынікамі апошняга перапісу насельніцтва, у Рэспубліцы Беларусь пражываюць прадстаўнікі 141 нацыянальнасці – грамадзяне нашай краіны [5].

Прадстаўнікі іншых нацыянальнасцей актыўна ўдзельнічаюць ва ўсіх сферах грамадскага жыцця. Яны займаюць высокія пазіцыі ў сацыяльнай сферы, эканоміцы, палітыцы. Пры падтрымцы мясцовых уладаў і па жаданні грамадзян іншых нацыянальнасцей у розных рэгіёнах Беларусі працуюць дзіцячыя сады ці асобныя групы, агульнаадукацыйныя школы альбо класы, у якіх навучанне вядзецца на роднай мове. Можна канстатаваць, што дзяржава гарантуе грамадзянам, якія адносяць сябе да нацыянальных меншасцяў, роўныя палітычныя, эканамічныя і сацыяльныя правы і свабоды, якія ажыццяўляюцца ва ўстаноўленым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь парадку.

У адпаведнасці з законам “Аб нацыянальных меншасцях у Рэспубліцы Беларусь” людзі іншых нацыянальнасцей ажыццяўляюць права на дзейнасць сваіх грамадскіх аб’яднанняў, актыўна іх ствараюць [4]. Па стану на 1 студзеня 2015 г. у Рэспубліцы Беларусь зарэгістравана 212 нацыянальна-культурных грамадскіх аб’яднанняў 26 нацыянальнасцей. Значная частка з іх прадстаўлена арганізацыямі палякаў (79), яўрэяў (46), рускіх (17), украінцаў (13), літоўцаў (11) і інш. [9]. Толькі на тэрыторыі Мінскай вобласці дзейнічае 30 нацыянальна-культурных арганізацый [2]. Міншчына – поліэтнічная тэрыторыя. Тут у канцы ХХ ст. – пачатку ХХІ ст. пражывала даволі шмат людзей іншых нацыянальнасцей. Сёння яны складаюць прыкладна 11% ад агульнай колькасці насельніцтва [3].

Нягледзячы на сваю нешматлікую колькасць, прадстаўнікі супольнасцей Міншчыны адыгрываюць значную ролю ў грамадскім жыцці вобласці. Праз нацыянальныя грамадскія арганізацыі яны рэалізуюць сваё імкненне да задавальнення этнічных запатрабаванняў. Сярод нацыянальна-культурных аб’яднанняў вобласці найбольш шматлікімі і разгалінаванымі з’яўляюцца польскія. Арганізацыі палякаў дзейнічаюць у Мінску, Клецку, Маладзечне, Нясвіжы, Стаўбцах. У Барысаве, Маладзечне, Слуцку і Салігорску актыўна працуюць культурна-асветніцкія яўрэйскія аб’яднанні. У Маладзечне таксама дзейнічаюць два грэчаскія аб'яднанні: “Пелапанэс” і “Арганаўт”. Апошняе аб’ядноўвае моладзь. Акрамя таго, на тэрыторыі вобласці ажыццяўляюць працу тры згуртаванні ўкраінцаў – “Обрый” (Калодзішчы Мінскага раёна), “Краяны” (Маладзечна) і “Чарэмшына” (Мар’іна Горка). Прадстаўнікі рускай нацыянальнасці з’яўляюцца членамі аб’яднання “Рускае таварыства”, якое мае два аддзяленні ў Мінску і Маладзечна. Цыганская дыяспара стварыла тры арганізацыі. Найбольш вядомая – “Беларуская цыганская дыяспара”. Яна была зарэгістравана ў пасёлку Лясны Мінскага раёна [9].

Дзейнасць усіх без выключэння аб’яднанняў нацыянальных меншасцей у першую чаргу накіравана на вывучэнне гісторыі і культуры сваіх народаў, наладжванню творых сувязей з радзімай. Так, у інтэрв’ю «Маладзечанскай газеце» старшыня аб’яднання ПелапанэсРафаэль Мікалаевіч Дэльянаў адзначыў, што адзін з асноўных накірункаў іх дзейнасці – прапаганда грэчаскіх традыцый і культуры [7]. Вялікае значэнне іх арганізацыя надае аздараўленню сваіх землякоў, якія зараз пражываюць на тэрыторыі Беларусі. Пры падтрымцы дзяржаўнай улады працуе некалькі праграм, накіраваных як на падтрымку прадстаўнікоў дыяспары, так і творчых калектываў, якія прапагандуюць нацыянальныя традыцыі.

У супрацоўніцтве з органамі дзяржаўнай улады праводзяцца творчыя вечары, семінары, выставы, канферэнцыі. Падчас такіх сустрэч іх удзельнікі больш глыбока пазнаюць культуру свайго народа, дэманструюць таленты, знаёмяцца з дзейнасцю знакамітых землякоў, дэгустуюць нацыянальныя стравы. Старшыня праўлення барысаўскага яўрэйскага аб’яднання “Свет Міноры” Міхаіл Перэц падкрэсліў, што такія мерапрыемствы – “крок да дасягнення ўзаемапаразумення і пашырэння супрацоўніцтва паміж народамі, якія жывуць на тэрыторыі Беларусі” [1].

Усе без выключэння аб’яднанні супольнасцей Міншчыны прымаюць удзел у абласным фестывалі нацынальных культур. Ён праводзіцца раз у два гады з мэтай захавання, папулярызацыі культуры народаў, прадстаўнікі якіх пражываюць на тэрыторыі вобласці, умацавання гарманічных міжнацыянальных адносін і развіцця творчасці. Па выніках фестывалю журы вызначае лаўрэатаў, якія прадстаўляюць Міншчыну ўжо на рэспубліканскім фестывалі нацыянальных культур [8].

Шматлікія мерапрыемствы, у якіх удзельнічаюць нацыянальна-культурныя грамадскія аб’яднанні Міншчыны, шырока асвятляюцца ў абласным і раённым друку. Чытачы знаёмяцца з дзейнасцю арганізацый нацыянальных меншасцей, іх праектамі і праграмамі. Такім чынам СМІ спрыяюць умацаванню талерантных пачуццяў да прадстаўнікоў іншых народаў, ствараюць атмасферу сяброўства і добразычлівасці ў нашай краіне. Выступаючы ў ролі арганізатара дыялогу паміж грамадствам, прадстаўнікамі нацыянальных меншасцей і ўладай, друк, у сваю чаргу, садзейнічае працэсу станаўлення грамадзянскай супольнасці ў Рэспубліцы Беларусь.


Літаратура

1. Брицкая, Е. Чудеса иногда случаются, но над этим надо хорошо поработать / Брицкая Е. // Адзінства. – 2015. – 22 студз.

2. Минщина этноконфессиональная [Электронный ресурс]. – Режим доступа: http://www.minsk-region.gov.by/ru/minshchina-etnokonfessionalnay.htm. – Дата доступа: 05.01.2016.

3. Население по национальности и родному языку [Электронный ресурс]. – Режим доступа:http://belstat.gov.by/uploads/file/GU_demogr/5.8-6.pdf. – Дата доступа: 05.01.2016.

4. О национальных меньшинствах Республики Беларусь: Закон Респ. Беларусь от 11 нояб. 1992 г. № 1926-ХХІІ: с изм. и доп.: текст по состоянию на 5 янв. 2016 г. [Электронный ресурс]. – Режим доступа: http://belarus21.by/Articles/1428051365.htm. – Дата доступа: 05.01.2016.

5. Мядзведзева, В. Шматаблічная краіна / В. Мядзведзева // Звязда. – 2015. – 20 чэрв.



6. Регионы Республики Беларусь. Социально-экономические показатели городов и районов, 2015: статистический сборник / Национальный статистический комитет Республики Беларусь; [редколлегия: И. В. Медведева (председатель) и др.]. – Минск: Национальный статистический комитет Республики Беларусь, 2015. – Т. 1. – 758 с.

7. Рябушко, И. Пропаганда национальной культуры и традиций – цель объединения греков «Пелопонесс» / И. Рябушко // Маладзечанская газета. – 2014. – 28 сак.

8. Сліж, М. Багацце моў і яднанне культур / М. Сліж // Мінская праўда. – 2015. – 15 снеж.

9. Список национально-культурных общественных объединений, зарегистрированных в Республике Беларусь (по состоянию на 1 января 2015 года) [Электронный ресурс]. – Режим доступа: http://belarus21.by/Articles/nac_cult_ob.htm. – Дата доступа: 05.01.2016.






База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка