Дз. М. Дубініна бдпу, Мінск фальклор як сродак этнакультурнага выхавання дзяцей дашкольнага ўзросту




Дата канвертавання21.05.2016
Памер76.67 Kb.
Дз.М. Дубініна

БДПУ, Мінск
ФАЛЬКЛОР ЯК СРОДАК ЭТНАКУЛЬТУРНАГА ВЫХАВАННЯ ДЗЯЦЕЙ ДАШКОЛЬНАГА ЎЗРОСТУ
Неабходнасць сацыялізацыі і развіцця асобы дзіцяці ў якасці суб’екта этнасу і грамадзяніна найшла сваё пацвярджэнне ў «Канвенцыі аб правах дзіцяці». У ёй адзначаецца, што адукацыя павінна быць накіравана на выхаванне і развіццё ў дзіцяці павагі да культуры свайго народа, да яго дасягненняў, нацыянальных каштоўнасцей, самабытнасці.

Мэтанакіраваны працэс прыняцця дзіцём каштоўнаснага ідэалу роднай культуры; станаўлення яго каштоўнасных арыенціраў і спосабаў узаемадзеяння з сацыякультурным акружэннем вызначаецца, як этнакультурнае выхаванне.

Вызначэнне каштоўнасна-сэнсавых арыенціраў этнакультурнага выхавання дашкольнікаў тлумачыцца існуючымі на сёняшні дзень супрацьлегласцямі паміж патрэбай грамадства ў асобе, якая мае высокую этнічную культуру ў полікультурным асяроддзі і недастатковай распрацаванасцю дадзенай праблемы ў адукацыйнай прасторы Рэспублікі Беларусь; паміж значнасцю фарміравання каштоўнасных адносін да этнічных традыцый і недастатковасцю эфектыўных арганізацыйна-педагагічных умоў, якія забяспечваюць паспяховасць рэалізацыі названага працэсу.

Адзначым, што, на сёняшні дзень, этнакультурнае выхаванне дзяцей дашкольнага ўзросту з’яўляецца сістэмаўтвараючым звяном адукацыйнага працэсу. У той жа час яно заарыентавана на фарміраванне ў выхаванцаў сістэмнай ідэнтыфікацыі і інтэрыярызацыі этнакультурных і агульначалавечых каштоўнасцей. Гэта звязана з тым, што перад нашай дзяржавай стаіць задача вызначэння прадуктыўных шляхоў ўзаемадзеяння беларусаў і іншых этнічных груп, якія пражываюць ў Беларусі, стварэння ў грамадстве згоды і ўзаемаразумення.

У аснове этнакультурнага выхавання дзяцей ляжаць адаптаваныя на дашкольны ўзрост вядучыя ідэі этналогіі: этнас, характар жыццядзейнасці этнаса, культурныя традыцыі.

Вызначальную ролю ў этнакультурным выхаванні дзяцей дашкольнага ўзросту выконвае яго аксіалагічная састаўляючая, асноўнымі функцыямі якой з’яўляюцца: трансляцыя культуры, захаванне нацыянальных традыцый, сацыялізацыя дзіцяці.

Ад свайго нараджэнння, дзіця пападае ў пэўную культурна-гістарычную прастору, якая, у сваю чаргу, уплывае на фарміраванне каштоўнасных прыярытэтаў яго карціны свету і вобраза жыцця. Праз выбар каштоўнасных арыенціраў і спосабаў узаемадзеяння з сацыякультурным акружэннем, яно ўключаецца ў культуратворчую дзейнасць свайго народу.

Станаўленне каштоўнасных арыенціраў этнакультурнага выхавання дзяцей дашкольнага ўзросту магчыма шляхам выканання комплекснай сістэмы сацыялізацыі, культурнай адаптацыі, інтэграцыі і культурнага самавызначэння дзяцей. Пры гэтым этнакультурнае выхаванне дашкольнікаў ажыццяўляецца на аснове культурацэнтрыстскай парадыгмы, якая будуецца ў адпаведнасці з прынцыпам адзінства і ўзаемадзеяння беларускага і агульнасусветнага, у традыцыях айчыннай народнай культуры і міжэтнічных узаемасувязей.

Структура этнакультурнага выхавання ўяўляе сабой адзінства і ўзаемасувязь каштоўнасна–арыентацыйнага, рэфлексіўнага і дзейнаснага кампанентаў, якія забяспечваюць здольнасць дашкольнікаў да асобаснага выбару маральных прыярытэтаў у адносінах з сацыякультурным акружэннем.

Выбар каштоўнасных арыенціраў этнакультурнага выхавання звязаны з каштоўнасна-арыентацыйным кампанентам. Па меркаванні В.С. Бараздзіной, каштоўнасныя арыенціры, якія ляжаць у аснове этнакультурнага выхавання дзяцей дашкольнага ўзросту, вызначаюць фарміраванне у іх маральна-сэнсавай дамінанты карціны свету, якая потым праяўляецца ў жыццядзейнасці як аднаго дзіцяці, так і супольнасці дзяцей і дарослых.

Пры гэтым неабходна адзначыць, што маючае месца самавызначэнне дзіцяці ажыццяўляецца шляхам яго асобаснага выбару пэўных каштоўнасных арыенціраў і спосабаў узаемадзеяння з сацыякультурным акружэннем. Сацыякультурная ідэнтычнасць дашкольніка спрыяе стварэнню ў яго вобраза Радзімы, які ўключаны ў цэласны вобраз усяго свету. Іншымі словамі, этнакультурнае выхаванне дашкольнікаў заарыентавана на полікультурнае адукацыйнае асяроддзе.

Найбольш наглядна дадзеная думка ілюструецца сцвярджэннем К.Дз. Ушынскага, які адзначае, што у кожнага народа ёсць свая нацыянальная сістэма выхавання. Вопыт іншых народаў ёсць каштоўная спадчына для ўсіх, але кожны народ ўзбагачае сваю ўласную культуру. Пры гэтым ён сам пракладвае сабе дарогу ў будучыню. Што да выхавання, то яно ідзе па гэтай дарозе і ўздзейнічае на дзіця разам з іншымі грамадскімі сіламі.

Цэласны вобраз, карціны свету, якая акружае дзіця, ўключае такія абавязковыя камапаненты этнакультурнага выхавання, як валоданне роднай мовай, прытрымліванне ў жыцці традыцый продкаў. Найбольш зручным сродкам, які дазваляе ўвесці дзіця ў атмасферу жывога слова з’яўляецца вусная народная творчасць. У адпаведнасці з вызначэннем фалькларыстаў, самыя натуральныя і самыя неабходныя формы маўлення ў іх прыгожым мастацкім аздабленні з экалагічнай чысцінёй захаваліся менавіта ў фальклоры.

Слухаючы фальклорныя творы, дзіця вучыцца мове, заўважае выразныя сродкі маўлення, запамінае пастаянныя эпітэты, адчувае прыгажосць паэтычнай метафары, гучнасць рыфмаванага радка.

Эмацыянальная насычанасць фальклорных твораў мноствам выразна-выяўленчых сродкаў выклікае ў дашкольнікаў жаданне гаварыць трапна і прыгожа. І гэта натуральна, таму што жывое народнае слова прайшло праз сапраўдную маўленчую лабараторыю, у якой нараджаліся, адпрацоўваліся і выпрабоўваліся фанетычныя, лексічныя і сінтаксічныя скарбы нацыянальнай мовы. Менавіта таму вусна-паэтычная творчасць і вызначаецца такім шырокім колам вобразнасці і мастацкай дасканаласці, увогуле з’яўляецца невычэрпнай крыніцай красамоўства, што пацвярджаецца навуковымі даследаваннямі беларускіх фалькларыстаў і мовазнаўцаў А. Аксамітава, Л. Барага, Г. Барташэвіч, Н. Гілевіча, Л. Салавей, М. Янкоўскага, Ф. Янкоўскага і інш. На неабходнасць дачынення дзіцяці да фальклору, навучання роднай мове ўказвалі славутыя беларускія пісьменнікі, педагогі, грамадскія дзеячы В. Вітка, У.Ф. Луцэвіч, Я. Колас і інш.

У сваіх педагагічных артыкулах Я. Колас адзначаў, што дзецям неабходна старанна вывучаць сваю родную мову, ведаць і любіць творы беларускай літаратуры і фальклору. Пры гэтым ён падкрэсліваў, што знаёмства з родным словам ўзбагачае дзіця духоўна, з’яўляецца першай крыніцай, праз якую яно пазнае жыццё і акаляючы свет.

Спроба стварыць цэласную сістэму выхавання і навучання дашкольнікаў беларускай мове сродкамі фальклору была зроблена Ул. Ф. Луцэвіч. Яна сцвярджала, што вусная творчасць з’яўляецца для дзіцяці тым чароўным светам, праз які яно пазнае лепшыя ўзоры слоўнага мастацтва.

Абавязковым лічыць уключэнне твораў мастацкай літаратуры і фальклору ў выхаванне і навучанне дзіцяці беларускі дзіцячы пісьменнік В. Вітка. Фальклорныя творы, на яго думку, дазваляюць маленькаму слухачу з найбольшай сілай адчуць хараство, мілагучнасць, музыку, жывую душу мовы.

У той жа час вусная народная творчасць беларускага народа, выступаючы ў якасці універсальнай педагагічнай сістэмы, з’яўляецца першавытокам сацыяльна-культурнай самаідэнтычнасці падрастаючага чалавека, спрыяе актыўнаму пазнанню дашкольнікамі навакольнага свету. Праз творы вуснай паэтычнай творчасці маленькае дзіця набывае першыя веды аб нацыянальнай гісторыі і культуры, уваходзіць ў цудоўны свет мастацкіх вобразаў.

Спецыфіка дзіцячага фальклору абумоўлівае эфектыўнасць інкультурацыі: за перыяд дзяцінства чалавек асвойвае нацыянальную культуру, фармуе карціну свету, характэрную для ментальнасці свайго народа.

Менавіта фальклор спрыяе закладванню ментальнага падмурку ў маленстве. У дашкольным дзяцінстве, закладзеныя ў працэсе інкультурацыі сэнсы, пачынаюць пераўтварацца ў асабісты жыццёвы вопыт дзіцяці.

На працягу дашкольнага дзяцінства жанры фальклору размяркоўваюцца па ўзростам не толькі ў адпаведнасці са ступенню педагагічнай прыдатнасці, але і ў адпаведнасці з паступовым ускладненнем закладваемых стэрэатыпаў.

Апавядальныя жанры беларускага фальклору, у якіх адлюстроўваюцца асаблівасці быту і светапогляду нашых продкаў, іх грамадскія і сямейныя адносіны, а таксама асобныя гістарычныя падзеі, выступаюць для дзяцей адной з крыніц вывучэння этналогіі і гісторыі роднага краю.

Па меркаванні вядомага расійскага псіхолага В.Т Кудраўцава, значнасць казкі ў выхаванні дзіцяці заключаецца яшчэ і ў тым, што ў індывідуальным развіцці сучаснага маленькага дзіцяці казка істотна дапаўняе гульню, пашырае перспектыву засваення дзіцём сферы “незвычайнага”, уводзіць яго ў мэтафарычны свет яшчэ не рэалізаваных чалавечых магчымасцей і задумаў, дапамагае скласці сваю самабытную дзіцячую карціну свету, сфарміраваць спецыфічную сістэму поглядаў на ўніверсальныя прынцыпы пабудовы і развіцця рэчаіснасці.

Казка дапамагае дзіцяці назапасіць творчы вопыт агульначалавечага жыцця, што з’яўляецца неабходнай умовай актуалізацыі культуратворчай функцыі дзяцінства.

Казачны эпас беларусаў вызначаецца багатай вобразнай сістэмай, глыбокім зместам, арыгінальным сюжэтна-тэматычным складам. Пры гэтым беларускія народныя казкі пра жывёл лічацца жамчужынамі ўсяго ўсходнеславянскага эпасу, з’яўляюцца буйнейшым набыткам нацыянальнай духоўнай культуры, які і сёння захоўвае сваё эстэтычнае, пазнавальнае і выхаваўчае значэнне.

Беларускія народныя казкі маюць шмат агульных рыс з казкамі іншых народаў свету, у першую чаргу ўсходніх славян. Агульныя вытокі ўсходнеславянскага фальклору, падобныя сюжэты і вобразы не прывялі да стварэння ўсеагульнага фальклорнага адзінства. Менавіта ў фальклоры інтэрнацыянальнае (усеагульнае) не выключае, а наадварот, захоўвае нацыянальнае, індывідуальнае. У беларускіх казках акрэсліваюцца нацыянальныя традыцыі, адлюстроўваецца беларускі быт і акаляючы навакольны свет.

Разам з казкамі захавальнікамі гістарычнай памяці народа выступаюць легенды і паданні. Праз легенды маленькае дзіця спасцігае такія маральна-этычныя нормы паводзін у грамадстве, як сумленнасць, праўдзівасць, працавітасць. Легенды распавядаюць дашкольнікам пра розныя падзеі і з’явы, у іх часам апісваюцца амаль неверагодныя здарэнні, паказваюцца незвычайныя героі і іх дзівосныя ўчынкі і прыгоды і, разам з тым, у гэтых фальклорных творах акрэсліваюцца пэўныя маральна-этычныя нормы і сацыяльныя ідэалы: добрасумленнае стаўленне чалавека да працы, справядлівыя і добразычлівыя адносіны паміж людзьмі. Легенды акрэсліваюць многія маральна-этычныя нормы паводзін у грамадстве, якія патрабуюць ад людзей сумленнасці, праўдзівасці, працавітасці і многіх іншых якасцей, якія адносяцца да агульначалавечых каштоўнасцей.

Што да паданняў, то яны пазбаўлены фантастычнага, чароўнага элемента. Паданні скіраваны ў мінулае, асновай іх сюжэтаў звычайна служаць гістарычныя падзеі. Азнаямленне з імі дае магчымасць дзіцяці дакрануцца да гістарычнай памяці народа, да крыніц этналогіі і гісторыі роднага краю, адчуць свае духоўныя карані.

Фальклорныя творы выступаюць для дашкольнікаў як узор маральных паводзін, скарбніца розных лёсаў і характараў, сімвал чысціні і міласэрнасці.

Яны дапамагаюць дзіцяці не толькі не згубіць, а нават і далей развіць той, дараваны ім ад самога нараджэння, дар дзяцінства, дзе душа і сэрца накіраваны на іншага чалавека.
Літаратура
1. Бондаревская, Е.В. Теория и практика личностно-ориентированного образования / Е.В. Бондаревская. – Ростов на Дону, 2000

2. Бороздина, О.С. Из опыта работы по приобщению детей к традиционной народной культуре / О.С. Бороздина // Начальная школа.–1994.- № 10. – С. 17-19.

3. Грымаць, А.А. Народная педагогіка беларусаў./ А.А. Грымаць. — Мінск., 1999.

4. Кудрявцев, В.Т. Інновационное дошкольное образование: опыт, проблемы и стратегия развития / В.Т. Кудрявцев // Дошкольное воспитание. – 1998.-№11.–С.65– 70.



5. Старжынская Н.С. Тэорыя і методыка развіцця беларускага маўлення дашкольнікаў./ Н. С. Старжынская. — Мінск. Тэхналогія, 2000.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка