Дуа” Яслі-сад №4 г п. Воранава” Фальклорнае свята “Гуканне вясны”




Дата канвертавання11.06.2016
Памер41.65 Kb.
ДУА” Яслі-сад №4 г.п.Воранава”

Фальклорнае свята “Гуканне вясны”

для дзяцей сярэдняга і старэйшага дашкольнага ўзросту

Склала музычны кіраўнік

я/сада №4 г.п.Воранава

Андрос С.С.



Мэта: узбагаціць дзяцей новымі яркімі ўраджаннямі аб беларускім народным свяце “Гуканне вясны”, выхоўваць пачуццё павагі да традыцыйных беларускіх свят.

Матэрыялы і атрыбуты: кветкі з паперы, касцюмы Бусліка, Лісы, Вясны.

Ход свята.

Гучыць беларуская народная музыка, пад якую дзеці ўбягаюць у залу.



1-е дзіця. Там на талацы,

Збіраліся малайцы.

Яны весела гукаюць

Вясну-красну заклікаюць.

Дзеці ідуць па колу і ўсе разам прыгаворваюць:


  • Прыдзі вясна на лужок, растапі сонца сняжок,

  • Ідзі лёд з ракі, хай бягуць ручайкі,

  • Прылятаюць птушкі, ой, гушанькі-гушкі.

Дзеці робяць два колы і ідуць у розных напрамках:

  • Мінула зіма – снегу лёду няма.

  • Ой, няма,ой, няма, снегу лёду няма.

  • Прыляцелі журавы, жаваронкі ў вышыні.

  • Пяюць песні салаўі.

Дзеці робяць “зорачку” і ідуць зноў па кругу.

  • Кветкі ў лузе ўжо цвітуць, коні травачку грызуць.

  • Ой, грызуць, ой, грызуць, коні травачку грызуць.

Дзеці бяруцца па двое за рукі, круцяцца кругам:

  • А мы песню спяваем, спяваем!

  • Вясну, вясну вітаем, вітаем!

  • Вітаем, вітаем, прыгажуню вітаем!

Песня “ Падарункі вясны” А.Рэмізоўскай

  1. Сонца грэе, прыпякае,

Лёд на рэчцы затрашчаў.

Цёплы вецер павявае,

Хмар дажджлівых нам прыгнаў.


  1. Вось і бусел паказаўся,

Гусі дзікія крычаць,

Шпак на дубе расспяваўся,

Жураўлі ўжо ляцяць.


  1. А зіма, як дым, прапала,

Зелянее луг, ралля.

Як ад болю, ачуняла

Наша родная зямля.


  1. Ідзе матухна-вясна,

Адчыняйце варота.

Першы сакавік прыйшоў,

Усіх дзяцей з сабой прывёў.

Вядучы. Каб вясна ішла хутчэй, мы паскачам весялей!

Танец “Кацілася чорна галка”

Вядучы. А зараз паслухаем як дзеці сярэдняй групы гукаюць вясну.


  1. Ой, вясна ты, вёсенька, дзе падзелася?

Нам зіма халодная ды прыелася.

  1. Жавароначкі, прыляціце,

Цёпла лецечка прынясіце!

  1. Ці скора ты, жаданы час,

Вясны-красны ідзеш да нас?

Сагрэй ты нас, цяплом, абвей,

Ідзі вясна, ідзі хутчэй!

Вядучы. А ці ведаеце вы, дзеці, якія птушкі вясну на крылах прыносяць?(Адказы дзяцей). А мы зараз пра птушак і карагод завядзём!

Як вясна прыйшла ў гаі” сл.М.Танка, муз.В.Сярых.



Вядучы. Вельмі весела скакалі, ды пра птушак вы спявалі.

Калі загадку адгадаеце, то з гэтай птушкай пагуляеце.



  • Ходзіць па балотах, у чырвоных ботах,

Ногі падымае, жаб шукае.

Дзеці. Буслік.

Заходзіць Буслік. Хто мяне клікаў, хто мяне гукаў?

Дзеці. Мы!

Вядучы. Дзе бусел сядзе – дастатак будзе,

Дзе бусел есці будзе – шчасце будзе,

Дзе бусел гняздо звіў – дзеткі будуць.

Бусел прысядае.



Дзеці. Бусел, бусел, што ты робіш?

Буслік. Ямачку капаю.

Дзеці. Навошта табе ямачка?

Буслік. Каменьчыкі збіраю.

Дзеці. Навошта табе каменьчыкі?

Буслік. Іголачкі вайстрыць.

Дзеці. Навошта табе іголачкі?

Буслік. Мяшочкі шыць.

Дзеці. Нашто табе мяшочкі?

Буслік. Вас лавіць! (Даганяе дзяцей).

Гульня з Буслікам.

Вядучы. Бачу ліска пад кустом сядзіць,

На гусей яна глядзіць.

Гусі, вылятайце, сваю песню заспявайце.

Музычная гульня “Белыя гусі”

Вядучы. Дзе ж вясна затрымалася?

Дзе ж вясна-красна заблукалася?



  • Давайце яшчэ раз яе паклічам:

Усе разам: Вясна-красна – гу! Прыдзі ясна – гу!

Пад музыку заходзіць Вясна.



Вясна. Добры дзень, дарагія дзеці! Добры дзень, дарагія госці!

У круг хутчэй уставайце, вяснянку заспявайце.



Карагод “Гуканне вясны” сл. В.Жуковіча, муз. А.Рэмізоўскай.

Дзяўчынка. Маладая вясна, залатая пара!

Будзь красна і ясна, не шкадуй нам дабра!

Ой, вясна, ой, красна, а што ты нам яшчэ прынесла?

Вясна. Дрэву лісцікі – шапацець, шапацець.

Гаю – птушачак – гаманіць, гаманіць.

Лету сонейка – ярка ззяць, ярка ззяць.

Саду кветачкі – расквітаць, расквітаць.



Дзеці. Ой, вясна, ой, красна, а што яшчэ ты нам прынесла?

Вясна. Хлопчыкам па дудачцы – сталі граць.

Дзяўчынкам па стужачцы – танцаваць!



Беларуская полька “Трасуха” з прыпеўкамі

Вядучы. Весяліся народ, запрашаем вясну ў карагод!

Карагод “Дачакаліся цяпла” Я.Жабко

Вясна. Надышла пара нам развітацца. Бывайце, дзеці, спявайце, у гульні розныя гуляйце. (Дорыць усім кветкі).

Чырванелі кветачкі, каб квітнелі дзевачкі,

Песенькі спявалі, у рэшата складалі.

Павесілі рэшата на вярбе, паляцелі лебедзі.

Звалілі рэшата да долу, час нам, дзеці, ісці дадому.



Гучыць беларуская народная мелодыя дзеці разам з Вясною выходзяць з залы.



База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка