Докшыцкая цбс аддзел бібліятэчнага маркетынгу




Дата канвертавання24.03.2016
Памер214.83 Kb.
Докшыцкая ЦБС

Аддзел бібліятэчнага маркетынгу





2012 г.

Янка Купала

Янка Купа́ла – беларускі паэт, драматург, публіцыст, перакладчык, класік беларускай літаратуры, адзін з заснавальнікаў новай беларускай літаратуры і літаратурнай мовы. Народны паэт Беларусі (1925). Акадэмік АН БССР (1928), АН УССР (1929).

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1941) за зборнік «Ад сэрца».

Сапраўднае імя – Іван Дамінікавіч Луцэвіч. Нарадзіўся 7 ліпеня 1882 у фальварку Вязынка былой Радашковіцкай вобласці (цяпер Маладзечанскі раён, Мінская вобласць) Памёр 28 чэрвеня 1942. Псеўданімы і крыптанімы: Адзін з «парнаснікаў»; Вайдэльота; Здарэнец; Левы; Марка Бяздольны; Ня-Гутнік; Стары Мінчук; Янук з-пад Мінска; Янук Купала

Янка Купала нарадзіўся ў сям'і арандатара. У 1898 скончыў Беларускую народную вучэльню. Пасля смерці бацькі (1902) працаваў на гаспадарцы, потым – хатні настаўнік, пісар, малодшы прыказчык, практыкант і памочнік вінакура, супрацоўнік «Нашай нівы» і адначасова бібліятэкар бібліятэкі «Веды» Б. Даніловіча (Вільня, 1908—1909). У пачатку снежня 1909 з рэкамендацыйным лістом У. Самойлы да Б. Эпімах-Шыпілы пераехаў у Пецярбург, дзе вучыўся на агульнаадукацыйных курсах А. Чарняева (1909—1913), працаваў у Публічнай бібліятэцы, удзельнічаў у рабоце навукова-літаратурнага гуртка беларускіх студэнтаў Пецярбургскага ўніверсітэта. 3 кастрычніка 1913 зноў у Вільні: сакратар «Беларускага выдавецкага таварыства», рэдактар «Нашай нівы» (1914—1915). 3 набліжэннем фронту 8 жніўня 1915 года эвакуіраваўся з Вільні, жыў у Арле, у верасні 1915 выехаў у Маскву, дзе вучыўся ў Народным універсітэце. Са студзеня 1916 – на вайсковай службе: некалькі месяцаў служыў у Мінску старшым рабочым у дарожна-будаўнічым атрадзе Варшаўскай акругі шляхоў зносін, потым – у Полацку, Смаленску. 3 1916 жанаты з Уладзіславай Луцэвіч. У ліпені 1918 атрымаў пасаду агента па забеспячэнні харчамі Заходняй вобласці. Разам з М. Гарэцкім быў слухачом факультэта гісторыі мастацтваў Смаленскага аддзялення Маскоўскага археалагічнага інстытута. У 1919, пасля абвяшчэння БССР, пераехаў на сталае жыхарства ў Мінск. Працаваў загадчыкам бібліятэкі пры Беларускай хатцы, рэдагаваў часопіс «Рунь» (1920) і «Вольны сцяг» (1920-22). У час 1920-22 цяжка хварэў, аднак, акрыяўшы, зноў вярнуўся да актыўнай грамадскай і літаратурнай дзейнасці. 3 пачатку 1921 – намеснік загадчыка літаратурна-выдавецкага аддзела Наркамасветы БССР, уваходзіў у склад Акадэмічнай камісіі Акадэмічнага цэнтра Наркамасветы БССР па ўкладанні і апрацоўцы беларускай тэрміналогіі, член навукова-рэдакцыйнай калегіі Наркамасветы БССР, якая разглядала прадстаўленыя да друку творы (пазней яна называлася камісіяй і Я. Купала быў яе старшынёй); адзін з ініцыятараў стварэння Беларускага драматычнага тэатра (1920), БДУ (1921), Інбелкульта (з 1922 яго правадзейны член), літаратурнага аб'яднання «Полымя». Янка Купала ўдзельнічаў у Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі (1926).

Янка Купала неаднаразова падвяргаўся рэпрэсіям. У 1921 на паэта быў накладзены хатні арышт і канфіскаваны рукапісы. У 1930 былі раскулачаны маці і сястра паэта. Летам 1930 у друку з'явіўся артыкул Л. Бэндэ «Шлях паэта», у якім Янка Купала абвяшчаўся «ідэолагам буржуазнага нацыянал-адраджанізму». Купалу выклікалі на допыты ў ДПУ; яму інкрымінавалася лідэрства ў «Саюзе вызвалення Беларусі». 20.11.1930 пасля «гутарак» у ДПУ ён зрабіў спробу самагубства, але быў выратаваны. У снежні 1930 быў апублікаваны у «Звяздзе» «пакаянны» ліст, у якім паэт вымушаны быў прызнавацца ў «памылках» і «шкодных поглядах», абяцаў парваць з «кулацкім нацыяналістычным адраджанізмам» і «аддаць усе свае сілы сацыялістычнаму будаўніцтву». У 1930-я г. творы Купалы падвергліся значнай цэнзурнай праўцы, у т.л. творы са зборнікаў «Жалейка» і «Гусляр». У 1937 над паэтам чарговы раз навісла пагроза арышту — яго імя апынулася ў спісе мяркуемых ахвяр. Арышту ўдалося пазбегнуць.

Я. Купала быў у гушчы літаратурнага і грамадскага жыцця: ён удзельнічаў у розных камітэтах па ўшанаванні памяці і правядзенні юбілеяў класікаў рускай і нацыянальных літаратур, быў дэлегатам тагачасных урачыстых літаратурных форумаў і з'ездаў, удзельнічаў у рабоце І з'езда Савецкіх пісьменнікаў БССР, выбраны членам Праўлення і дэлегатам на І з'езд ССП СССР, у склад новага бюро секцыі паэзіі ССП БССР (1937), прэзідыума Праўлення ССП СССР (1939), дэпутатам Мінскага гарадскога Савета. У 1939 ён удзельнічаў у рабоце Народнага сходу Заходняй Беларусі, які прыняў Дэкларацыю аб уз'яднанні Заходняй Беларусі з БССР. Выбіраўся кандыдатам у члены ЦВК БССР у 1927-29, член ЦВК БССР у 1929-31, 1935-38. Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР з 1940.

Вялікая Айчынная вайна заспела яго ў Каўнасе. У першыя дні вайны ў Мінску згарэлі яго архіў і бібліятэка. 30 чэрвеня 1941 з дачы ў Ляўках Янка Купала выехаў у Маскву. 3 лістапада 1941 ён жыў у пасёлку Пячышчы каля Казані. 3 самага пачатку вайны Я. Купала актыўна ўключыўся ў барацьбу. Як член прэзідыума Усеславянскага антыфашысцкага камітэта выступаў на антыфашысцкіх мітынгах, падпісаў адозву да братоў-славян з заклікам узняцца на вызвольную барацьбу супраць фашызму, удзельнічаў у І Усеславянскім мітынгу і ў навуковай сесіі АН БССР (у Казані), дзе выступіў з дакладам «Айчынная вайна і беларуская інтэлігенцыя». Яго палымяны верш «Беларускім партызанам», публіцыстычныя артыкулы змяшчаліся ў газетах «Правда», «Известия», «Красная звезда» і інш.

18 чэрвеня 1942 Я. Купала прыехаў у Маскву і праз 10 дзён трагічна загінуў у гасцініцы «Масква» пры нявысветленых абставінах — упаў у лесвічны пралёт з 10 паверха. Існуе тры версіі — няшчасны выпадак, самагубства, забойства. Быў пахаваны на Ваганькаўскіх могілках у Маскве.

У ліпені 1962 урна з прахам Янкі Купалы перавезена ў Мінск і перапахавана на Вайсковых могілках.

Помнікі Янку Купалу пастаўлены ў Радашковічах, Мінску, Вязынцы, Ляўках, Араў-Парку ў Нью-Ёрку. У Мінску працуе Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы. Створаны мемарыяльныя запаведнікі «Вязынка», «Ляўкі», «Акопы». Яго імя прысвоена Нацыянальнаму акадэмічнаму тэатру ў Мінску, Інстытуту літаратуры АН Беларусі, Гродзенскаму дзяржаўнаму ўніверсітэту, шэрагу бібліятэк, школ, вуліц у гарадах і пасёлках Беларусі. У 1959 устаноўлена Літаратурная прэмія імя Янкі Купалы, з 1965 Дзяржаўная прэмія імя Янкі Купалы ў галіне літаратуры, мастацтва і выканаўчага майстэрства.
Літаратурны шлях
Першыя творы Купалы — некалькі польскамоўных сентыментальных вершаў, надрукаваныя ў 1903 – 1904 у часопісе «Ziarno» («Зерне») пад псеўданімам К-а. Першы верш на беларускай мове — «Мая доля» датуецца 15.07.1904. Беларускамоўны дэбют у друку — публікацыя 15.5.1905 у газеце «Северо-Западный край» верша «Мужык». Дэбют у беларускамоўным друку — верш «Касцу» («Наша ніва», 11.5.1907), летам 1907 у «Нашай ніве» з'яўляюцца і іншыя творы Я. Купалы. Яго раннім вершам уласціва падабенства да фальклору і беларускай паэзіі 19 ст. На працягу 1906 – 1907 Я. Купала напісаў паэмы «Зімою», «Нікому», «Адплата каханнем», 18 снежня1908 года у «Нашай ніве» апублікавана паэма «У Піліпаўку», у тым жа годзе скончана праца над паэмамі «Адвечная песня» і «За што?». Тэматыка твораў – прыгнечанае і бяспраўнае жыццё беларускага селяніна, краса роднага краю, прыгажосць стваральнай працы чалавека. Ужо ў ранніх творах Купалы акрэсліваецца ідэя свабоды – нацыянальнага, сацыяльнага і духоўнага разнявольвання чалавека – як вызначальная ідэя ўсёй яго творчасці.

У 1908г. выходзіць пецярбургскае выдавецтва «Загляне сонца і ў наша ваконца» выпусціла першы зборнік паэта «Жалейка», якую двойчы канфіскоўвалі. Другі зборнік вершаў «Гусляр» (1910) выдадзены лацінкай у Пецярбургу А. Грыневічам.

Творча плённым, узлётным для Я. Купалы быў перыяд 1910—1913г.г., калі ён выдаў трэці паэтычны зборнік «Шляхам жыцця» (1913). Зборнік быў фактычна вяршынным дасягненнем тагачаснай беларускай літаратуры, а яго аўтар стаў бясспрэчным яе лідэрам. У вершах гэтага выдання выразна выявіўся патрыятызм і глыбінны гістарызм паэта, найбольш яскрава ўвасобілася ідэя свабоды і абуджэння нацыянальнай свядомасці беларускага народа. Паэт імкнуўся абудзіць у чытача пачуцце гордасці і ўдзячнасці да продкаў, якія былі здольныя захоўваць сваю дзяржаўнасць і незалежнасць, бараніць зямлю ад ворагаў, развіваць адметную культуру («Над Нёманам», «На куццю», «На дзяды» і інш.). Многія з твораў, дзе развіваліся такія матывы, у пазнейшы час былі забаронены, не ўключыліся ў збор твораў і не перадрукоўваліся да канца 1980-х г. У паэмах «Курган» (нап. 1910), «Бандароўна» (нап. 1913), «Магіла льва» (нап. 1913), драматычнай паэме «Сон на кургане» (нап. 1910), паэме-ідыліі «Яна і я» (нап. 1913) ён зарэкамендаваў сябе буйнейшым прадстаўніком нацыянальнага рамантызму. У сімвалічных вобразах і карцінах Янка Купала стварыў шырокае палатно нацыянальнага быцця ў яго сацыяльна-гістарычным зрэзе. У 1914—1915г.г. з'явіліся цыкл яго вершаў «Песні вайны», шэдэўры любоўнай лірыкі.

На працягу трох наступных гадоў Купала, перажываючы разам з народам цяжкі перыяд нацыянальнай гісторыі, паэтычных твораў не пісаў, зноў пачаў тварыць у канцы 1918. Яго вершы той пары «Званы», «Буралом», «Спадчына», «Рунь», «Першы снег», «Паязжане» і інш. — гэта роздум пра гістарычныя шляхі Бацькаўшчыны, прасякнуты ўласцівай паэту філасофскай глыбінёй. Гэтыя творы ўвайшлі ў чацвёртую паэтычную кнігу «Спадчына» (1922). Да зборніка негатыўна паставілася тагачасная крытыка, якая чакала ад паэта ўслаўлення рэвалюцыі і прынесеных ёю перамен. Янка Купала заставаўся песняром Бацькаўшчыны, палітычнае становішча якой у гэты перыяд было вельмі складаным. Мастацкі позірк паэта імкнуўся вылучыць сутнасць падзей, іх суаднесенасць з каштоўнасцю кожнага асобнага чалавека. Ён бачыў і адчуваў, як у рэвалюцыйнай віхуры нішчацца і руйнуюцца лёсы, як родныя людзі становяцца па розныя бакі барыкад, як пошукі выйсця абарочваюцца бездарожжам. Таму ў яго лірыцы па-ранейшаму гучалі драматычныя і трагічныя ноты.

У савецкі час таксама выйшлі кнігі паэзіі «Безназоўнае» (1925), «Апавяданні вершам» (у 2 кнігах, 1926), паэмы «Магіла льва» (1927), «Над ракою Арэсай» (1933), «Курган» (1987), зборнікі «Адцвітанне» (1930), «Песня будаўніцтву» (1936), «Беларусі ардэнаноснай» (1937), «Ад сэрца» (1940), «Беларускім партызанам» (вершы і артыкулы, Масква, 1942), кнігі выбраных вершаў, паэм, Зборы твораў у 6-ці (1925—1932), 3-х (1928—1932), 6-ці (1951—1954, 1961—1963), 7-мі (1972—1976) тамах. Многія вершы пакладзены на музыку. Для дзяцей неаднаразова выдаваліся вершы «Хлопчык і лётчык», «Алеся» і інш.

Янка Купала — класік беларускай літаратуры, традыцыі пісьменніка ўплывалі на беларускіх паэтаў розных пакаленняў. Асаблівае значэнне спадчына Янкі Купалы набыла ў канцы 1980-х г., калі былі надрукаваны раней забароненыя яго творы (паэмы «Калека», «На Куццю» і інш.).

Янка Купала — прызнаны нацыянальны драматург. Аўтар драматычных паэм «Адвечная песня» (Пецярбург, 1910, пастаўлена ў 1921) і «Сон на кургане» (Пецярбург, 1912, пастаўлена ў 1928), п'есы «Паўлінка» (Пецярбург, 1913, пастаўлена Беларускім музычна-драматычным гуртком у Вільні ў 1913, у 1952 па спектаклю тэатра імя Я. Купалы створаны аднайменны кінафільм, у 1973 — аперэта), драматычнай паэмы «На папасе» (1913, ставілася самадзейнасцю), драмы «Раскіданае гняздо» (Вільня, 1919, пастаўлена Першым таварыствам беларускай драмы і камедыі ў Мінску ў 1917, аднайменны кінафільм — у 1982), сцэнічнага жарту «Прымакі» (1920, ставіўся самадзейнасцю ў 20-я гады, у тэатры пастаўлены ў 1936), п'есы «Тутэйшыя» (1924, пастаўлена БДТ-1 у 1926), драматычнага абразка «На Куццю» (Вільня, 1928).

Як і ў лірыцы, у персанажах сваёй драматургіі (Паўлінка і Якім Сарока, Сымон Зяблік, Алена Гарошка і Янка Здольнік) Купала ўвасобіў духоўныя памкненні чалавека, далучанага да перадавых ідэй свайго часу, яго высокія маральныя якасці, права кіравацца ў сваіх учынках уласным выбарам, жаданне знайсці справядлівасць. Ім створаны каларытныя, драматургічна насычаныя тыпажы камічнага і сатырычнага плана (Адольф Быкоўскі, Крыніцкія і Пустарэвічы ў «Паўлінцы», Мікіта Зносак у «Тутэйшых»).

Сатырычная камедыю «Тутэйшыя», у якой гучала ідэя нацыянальнай незалежнасці Беларусі, доўгі час была ў ліку забароненых твораў. Цэнтральным персанажам гэтага твора з'яўляецца сама Беларусь — як адзіная непадзельная каштоўнасць, якую імкнуцца падзяліць ці падпарадкаваць сабе кожныя новыя ўладары ў пераломны час. У 1989 выйшлі «Паэмы. Драматычныя творы», куды ўключана і трагікамедыя «Тутэйшыя».

Я. Купала таксама выступаў як публіцыст і літаратурны крытык. Ён стаяў ля вытокаў нацыянальнай публіцыстыкі і журналістыкі як самастойнай галіны літаратурнай дзейнасці. Яго дарэвалюцыйныя публіцыстычныя творы заклікалі да паляпшэння сацыяльнага становішча шырокіх народных мас Беларусі У публіцыстыцы перыяду рэвалюцыі і грамадзянскай вайны Купала пісаў аб шляхах беларускага народа да нацыянальнага самавызначэння, закранаў праблемы нацыянальнай палітыкі савецкай улады пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі. Як прадстаўнік нацыянальнай гуманістычна настроенай інтэлігенцыі ён прапаведаваў ідэал нацыянальнай рэвалюцыі, якая дазволіла б кожнаму народу стаць гаспадаром свайго лёсу, і супрацьпастаўляў яе рэвалюцыі сацыяльнай. Погляды Янкі Купалы вызначаліся дэмакратызмам, адмаўленнем насілля, сцвярджэннем прыярытэту агульначалавечых духоўных каштоўнасцей над класавымі. У гады Вялікай Айчыннай вайны публіцыстычным словам ён заклікаў да змагання супраць фашызму.

Купала пераклаў на беларускую мову «Слова аб палку Ігаравым» (прозай і вершам), міжнародны пралетарскі гімн «Інтэрнацыянал», польскі тэкст у п'есах В. Дуніна-Марцінкевіча «Ідылія» і «Залёты», лібрэта оперы «Галька» С. Манюшкі, паэму А. Пушкіна «Медны коннік», шэраг вершаў і паэм Т. Шаўчэнкі, асобныя творы М. Някрасава, І. Крылова, А. Кальцова, А. Міцкевіча, У. Сыракомлі, М. Канапніцкай, Ю. Крашэўскага, У. Бранеўскага, Е. Жулаўскага, П. Панча і інш.

Якуб Колас

Якуб Колас - беларускі грамадскі дзеяч, пісьменнік, паэт і перакладчык, класік сусветнай і беларускай літаратуры, адзін з заснавальнікаў беларускай літаратуры і літаратурнай мовы, народны паэт Беларусі.

Сапраўднае імя – Канстанці́н Міха́йлавіч Міцке́віч. Нарадзіўся 3 лістапада 1882 года ў засценку Акінчыцы Мінскага павету Мінскай губерні (цяпер у межах г. Стоўбцы). Памёр 13 жніўня 1956г. Псеўданімы: Тарас Гушча, Карусь Лапаць, К.Адзінокі, К.Альбуцкі, Андрэй «сацыяліст», Тамаш Булава, Ганна Груд, Мікалаевец, Лесавік і інш.).

Нарадзіўся Якуб Колас у сям'і Міхаіла (Міхала) Казіміравіча і Ганны Юр'еўны, якія паходзілі з сялян вёскі Мікалаеўшчына (12 км. ад Стоўбцаў). Бацька служыў лесніком у князя Радзівіла, маці вяла хатнюю гаспадарку. У хуткім часе пасля нараджэння Костуся (так хлопчыка звалі дома) сям'я пераехала ва ўрочышча Ласток (іншая назва – Сухошчына). У 1890 – 1904гг. сям'я Міцкевічаў жыла ў леснічоўцы Альбуць недалёка ад Мікалаеўшчыны.

Вялікі ўплыў меў на падлетка дзядзька па бацьку — Антось, які першы абудзіў у ім цікавасць да літаратуры. Костусь сам навучыўся рускай грамаце. Дзве зімы ён разам са старэйшымі братамі вучыўся дома, у так званага «дарэктара» (хлапчука, які скончыў народную школу), потым скончыў народнае вучылішча ў Мікалаеўшчыне (1892—1894). У 1895—1897гг. Костусь жыў у Альбуці, дапамагаў бацькам па гаспадарцы і адначасова рыхтаваўся да паступлення ў настаўніцкую семінарыю, шмат чытаў. Прыкладна ў 10-гадовым узросце пад уплывам твораў Крылова Костусь склаў байку «Варона і Лісіца». У 12 гадоў напісаў свой першы верш «Вясна”. У той жа час юны Колас упершыню пазнаёміўся з беларускай літаратурнай творчасцю

У 1898 паступіў на казённы кошт у Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю, якую закончыў у 1902 г. На першае дзесяцігоддзе 20 ст. прыпадае пачатак працоўнай дзейнасці і першыя праявы грамадскай актыўнасці Коласа, жанравы дыяпазон яго літаратурных твораў пашыраецца, яны робяцца больш дасканалымі, тады ж з'яўляюцца і першыя публікацыі. Пасля заканчэння семінарыі ў 1902—1905гг. малады настаўнік працаваў на Палессі ў вёсках Люсіна (цяпер Ганцавіцкі раён), Пінкавічы (цяпер Пінскі раён). Рабіў этнаграфічныя запісы, збіраў беларускі фальклор. У гэты ж час ён пазнаёміўся з нелегальнай рэвалюцыйнай літаратурай, праводзіў растлумачальныя гутаркі з сялянамі. За ўдзел у рэвалюцыйнай прапагандзе (1906) “у парадку пакарання” Коласа перавялі ў Верхменскае народнае вучылішча (цяпер Смалявіцкі раён). 9-10 ліпеня 1906 ён прыняў актыўны ўдзел у нелегальным настаўніцкім з'ездзе, які адбыўся ў вёсцы Мікалаеўшчына. З'езд разагнала паліцыя, Колас у ліку іншых быў пазбаўлены права працаваць настаўнікам.

Зіму 1906—1907г.г. Я. Колас жыў у родных у леснічоўцы Смалярня, дзе без афіцыйнага дазволу адкрыў прыватную школу. Пачаў складаць навучальны дапаможнік «Другое чытанне для дзяцей беларусаў». У 1907г. прыехаў у Вільню, некалькі тыдняў працаваў загадчыкам літаратурнага аддзела ў «Нашай ніве», але паводле загаду паліцыі быў вымушаны пакінуць горад. У пачатку 1908 некаторы час выкладаў у прыватнай школе ў вёсцы Сані (цяпер Талачынскі раён). 15 верасня 1908 Я. Колас асуджаны на 3 гады турэмнага зняволення Увесь тэрмін пакарання адбыў у Мінскім астрозе. За кратамі ўдавалася пісаць вершы і перапраўляць на волю. Пасля выхаду з турмы, з верасня 1911 па 1914 год, Якуб Колас займаўся настаўніцкай працай, некалькі месяцаў без афіцыйнага дазволу навучаў дзяцей чыгуначнікаў у мястэчку Лунінец. У 1912—1914г.г., пасля атрымання пасведчання аб дабранадзейнасці, працаваў настаўнікам: спачатку ў вёсцы Купяцічы недалёка ад Пінска, потым – у Пінскім 3-ім прыходскім вучылішчы. Гэты час вельмі адметны для асабістага жыцця Якуба Коласа. У жніўні 1912г. на хутары Смольня, каля вёскі Мікалаеўшчына, адбылася яго першая сустрэча з Янкам Купалам, якая паклала пачатак іх сяброўствуі захавалася на ўсё жыццё. У чэрвені 1913г. Я. Колас ажаніўся з настаўніцай пінскай чыгуначнай школы Марыяй Дзмітрыеўнай Каменскай, з якой яны пражылі разам больш за 30 гадоў, мелі трох сыноў.

У пачатку першай сусветнай вайны (1914) Я. Колас разам з сям'ёй эвакуіраваўся ў Маскоўскую губерню. Восенню 1915г. мабілізаваны на вайсковую службу. Пасля заканчэння Аляксандраўскага ваеннага вучылішча (Масква, 1916) служыў у запасным палку ў г. Пермі. Летам 1917 у званні падпаручніка накіраваны на Румынскі фронт, але ў хуткім часе ў сувязі з хваробай атрымаў адпачынак і паехаў да сям'і ў горад Абаянь (цяпер Курская вобласць Расіі). Як настаўнік быў вызвалены ад вайсковай службы і працаваў выкладчыкам, школьным інструктарам у г. Абаяні і яго наваколлі.

2-я палова 1920-х — 1930-я гады – час актыўнай грамадскай дзейнасці Я. Коласа, прызнання яго заслуг і пры гэтым вельмі складаны перыяд жыцця, падзеі якога адбіліся на псіхалагічным стане, негатыўна паўплывалі на ўсю далейшую творчасць пісьменніка. 18 кастрычніка 1926 г. Я. Коласу нададзена званне народнага паэта Беларусі, яму прызначана пажыццёвая пенсія. З 1928 – ён акадэмік Акадэміі навук Беларусі, з 1929 – член Прэзідыума і віцэ-прэзідэнт Акадэміі. Быў кандыдатам у члены ЦВК БССР у 1927—1929, членам ЦВК у 1929—1931, 1935—1938. Я. Колас удзельнічаў у рабоце 1-га Усебеларускага з'езда савецкіх пісьменнікаў і 1-га Усесаюзнага з'езда савецкіх пісьменнікаў у Маскве (1934), дзе быў абраны ў кіруючыя органы творчых саюзаў літаратараў. У 1935г. ён выступаў з прамовай на Сусветным кангрэсе абароны культуры ў Парыжы.

Пры гэтым яшчэ з сярэдзіны 1920-х гадоў Я. Колас трапіў у поле зроку савецкіх рэпрэсіўных органаў. У 1925г. у яго быў праведзены вобыск, а затым і допыт у сувязі з так званай «лістападаўскай справай», якая датычылася «контррэвалюцыйнай арганізацыі» на Случчыне. У 1930-я гады ціск на Я. Коласа яшчэ больш узмацніўся. Яго адкрыта абвінавачвалі ў так званай нацдэмаўшчыне, у прапагандзе ідэй бяскласавасці беларускай нацыі, знаходзілі ў творах ідэалізацыю кулацтва, хутарской гаспадаркі, перабольшванне ролі інтэлігенцыі. Я. Колас быў змушаны публічна каяцца ў палітычных «памылках». Былі арыштаваны і рэпрэсіраваны блізкія сваякі паэта — дзядзька па матчынай лініі, грамадскі і палітычны дзеяч, мовазнавец Язэп Лёсік, родны брат жонкі Коласа Аляксандр Каменскі. 6 лютага 1938г. у доме пісьменніка шукалі зброю. Я. Коласу пагражаў арышт, аднак санкцыя на яго ад вышэйшага савецкага кіраўніцтва не была дадзена. Магчыма, з-за шырокай вядомасці і народнага прызнання.

Пасля вайны, з сярэдзіны 1940-х і да канца жыцця Я. Колас працаваў у Акадэміі навук Беларусі, быў вядомы як грамадскі дзеяч: выбіраўся дэпутатам ВС СССР і ВС БССР, членам ЦК на XX—XXII з'ездах КПБ і ўсесаюзнага Камітэта па Дзяржаўных прэміях у галіне літаратуры і мастацтва, віцэ-старшынёй Усеславянскага антыфашысцкага камітэта, старшынёй Беларускага і членам Савецкага камітэта абароны міру — і гэта была не фармальная праца. У Я. Коласа заўсёды знаходзілі водгук праблемы асобных грамадзян, паслядоўна адстойваў ён інтарэсы і ўсёй беларускай нацыі. У 1956г. пісьменнік напісаў ліст у вышэйшыя партыйныя інстанцыі, у якім выказаў занепакоенасць становішчам беларускай мовы ў грамадскім жыцці, прапанаваў меры па яе абароне.

Усё жыццё пісьменнік вельмі напружана працаваў.

13 жніўня 1956 года Я. Колас памёр за сваім рабочым сталом. Пахаваны ў Мінску на Вайсковых могілках.
Літаратурны шлях
Самыя раннія вершы Я.Коласа, напісаныя на рускай мове ў час вучобы ў Несвіжскай настаўніцкай семінарыі, пазначаны 1898 г. Ён захапляўся мастацкай літаратурай: чытаў творы А. Пушкіна, М. Лермантава, М. Гогаля, А. Кальцова, М. Някрасава, Л. Талстога, Т. Шаўчэнкі, А. Міцкевіча інш.. Складаў вершы і байкі на рускай мове, збіраў матэрыялы па беларускай этнаграфіі, запісваў вусную народную творчасць. У гэты ж час пачаў ствараць вершы і празаічныя творы на беларускай мове. Складаў вершы аб прыродзе, нялёгкім існаванні селяніна, напісаў паэмы «Каля кастра» і «Страх», тэксты якіх не захаваліся, а таксама першы празаічны твор — нататку «Наша сяло, людзі і што робіцца ў сяле». Вельмі паўплываў на будучага паэта выкладчык семінарыі Ф. Кудрынскі, ён ухваліў літаратурныя практыкаванні маладога Я.Коласа і звярнуў увагу на большую вартасць напісанага ім па-беларуску. Гэта ў поўнай меры адпавядала памкненням самога аўтара.

1 верасня 1906 у віленскай беларускамоўнай газеце «Наша доля» з'явіўся верш “Наш родны край”– гэта першы надрукаваны твор паэта. Тут упершыню быў выкарыстаны псеўданім Якуб Колас. 15 верасня 1906 у «Нашай долі» пад псеўданімам Дзядзька Карусь змешчана апавяданне «Слабода» пра самавольства царскай паліцыі — першы надрукаваны празаічны твор пісьменніка. У той жа час ён пачынае актыўна супрацоўнічаць у якасці аўтара з віленскай беларускамоўнай газетай «Наша ніва». У творчасці Якуба Коласа гэтага перыяду з'яўляюцца новыя формы. Ён выходзіць на больш высокі ўзровень літаратурнай працы — пачынае пісаць алегарычныя апавяданні «Казкі жыцця», дзе па-філасофску асэнсоўвае рэчаіснасць.

У 1910 годзе ён у сваёй творчасці звяртаецца да буйных літаратурных форм з філасофскім асэнсаваннем рэчаіснасці — пачынае працу над ліра-эпічнымі паэмамі «Новая зямля» і «Сымон-музыка». Напісаныя ў гэты перыяд вершы і апавяданні друкаваліся ў газеце «Наша ніва». У 1909г. у Санкт-Пецярбургу ў выдавецтве «Загляне сонца і ў наша аконца» выйшла першая яго кніга «Другое чытанне для дзяцей беларусаў». У 1910г. у Вільні надрукаваны першы зборнік вершаў «Песні жальбы» (напісаны ў 1906—1909). Высокую ацэнку гэтым раннім творам Якуба Коласа даў вядомы рускі пісьменнік Максім Горкі.

У 1912г. у Вільні выходзіць яго зборнік «Апавяданні», у 1913 у Санкт-Пецярбургу асобнымі выданнямі апавяданні «Нёманаў дар», «Тоўстае палена», зборнік вершаваных апавяданняў «Прапаў чалавек». Галоўная тэма гэтых твораў — жыццё беларускага сялянства. У Вільні ў 1914г. Беларускім выдавецкім таварыствам выдадзены зборнік апавяданняў шырокага тэматычнага дыяпазону «Родныя з'явы». Празаічныя творы Я. Коласа таго перыяду па сваёй тэматыцы, ідэйнай накіраванасці, вобразнай структуры збліжаліся з яго паэзіяй. У 1916г.у Петраградзе ў выдавецтве «Загляне сонца і ў наша аконца» надрукаваны і драматургічны твор пісьменніка — невялікая п'еса «Чарка ўсё на свеце робіць», якая мела падзагаловак «Трагедыя з нядаўніх год» (з вясковага жыцця).

Заклік да стваральнай працы на карысць роднага краю – гэта зборнік вершаў «Водгулле», выдадзены ў Мінску ў 1922 годзе. Асобным выданнем выйшла паэма «Новая зямля». Гэты твор з'яўляецца мастацкай энцыклапедыяй жыцця беларускага сялянства на рубяжы стагоддзяў. У 1925г. у часопісе «Полымя» апублікавана трэцяя рэдакцыя паэмы «Сымон-музыка». У гэтым творы асвятляецца роля мастака і мастацтва ў жыцці народа, тут найбольш поўна выявіліся эстэтычныя погляды Я. Коласа.

У гэты перыяд пашыраецца тэматыка твораў Я. Коласа. Ён прыходзіць да апісання жыццёвых шляхоў беларускай інтэлігенцыі пачатку 20 ст., яе духоўных пошукаў. Пісьменнік стварае так званыя палескія аповесці: два вялікія празаічныя творы «У палескай глушы» (Вільня, 1923) і «У глыбі Палесся» (Мінск, 1927). Яны пазней увайшлі як 1-я і 2-я часткі ў трылогію «На ростанях» — найбольшы празаічны твор Я. Коласа. У 1925г. была апублікавана п'еса «Забастоўшчыкі», пра тое, як беларускае настаўніцтва ўключалася ў палітычную барацьбу. У аснове сюжэту — першы нелегальны з'езд настаўнікаў у Мікалаеўшчыне. Гэты твор не атрымаў сцэнічнага ўвасаблення. Акрамя таго, у 1925г. напісана аповесць «На прасторах жыцця» (1926), прысвечаная моладзі 1920-х, праблемам яе духоўнага станаўлення, адукацыі, культуры, імкненню да пераўтварэння жыцця.

У 1926г. Якуб Колас пачаў пісаць паэму «На шляхах волі» аб цяжкіх умовах існавання падчас 1-ай сусветнай вайны, іх уплыве на фарміраванне пратэстных настрояў народных мас і станоўчага стаўлення да бальшавікоў у перыяд рэвалюцый 1917 году. Над гэтым творам паэт шмат разважаў, працаваў і ў 1930-я і ў 1950-я, але так і не завяршыў. У творчасці Я. Коласа 1930-х прысутнічае і тэма калектывізацыі. Галоўны герой яго даволі схематызаванай аповесці «Адшчапенец» (1930—1931, выдадзена ў 1932) пасля доўгіх ваганняў прыходзіць да высновы аб перавагах калектыўнай гаспадаркі перад аднаасобнай. Апроч таго, у гэты перыяд Я. Колас звярнуўся да драматычных падзей 1-ай сусветнай вайны галоўным чынам праз паказ «салдацкай праўды» — у п'есе «Вайна вайне» (1927—1931, апошняя рэдакцыя 1938) і грамадзянскай вайны — у аповесці «Дрыгва» (1933) і створанай на яе аснове п'есе «У пушчах Палесся» (1937). У 1940 пачаў пісаць паэму «Рыбакова хата» пра жыццё працоўных Заходняй Беларусі ў складзе Польскай дзяржавы, іх барацьбу за свае правы. У гэты перыяд Колас плённа працаваў у галіне перакладу з рускай, украінскай, польскай моў («Палтава» А. Пушкіна, некаторыя творы М. Лермантава, А. Міцкевіча, Т. Шаўчэнкі, П. Тычыны, Р. Тагора і інш.).

У вершах (зборнікі «Адпомсцім», 1942; «Голас зямлі», 1943), паэмах («Суд у лесе» (1942), «Адплата» (1943—1944)), публіцыстычных артыкулах перыяду Вялікай Айчыннай вайны ён услаўляў патрыятызм, гераізм савецкіх людзей, выкрываў чалавеканенавісніцкую сутнасць фашызму. У 1944 Я. Колас удастоены звання заслужанага дзеяча навукі Беларусі. У канцы 1944 вярнуўся ў Мінск.

У 1950-я Я. Колас у якасці навуковага рэдактара удзельнічаў у падрыхтоўцы першага выдання «Руска-беларускага слоўніка» (1953). У 1954 завершана аповесць «На ростанях», у якой апісаны падзеі 1906—1911. Яна стала 3-й, апошняй (разам з дзвюма папярэднімі — «У палескай глушы», «У глыбі Палесся»), часткай аднайменнай трылогіі. Трылогія — адзін з першых беларускіх раманаў.

Колас выступаў як паэт, празаік, драматург, дзіцячы пісьменнік і педагог, публіцыст, крытык, перакладчык.


Метадычныя матэрыялы:
Бандароўка : Я. Коласа [электронная прэзентацыя]

Віктарына па творчасці Янкі Купалы : для вучняў 9-10 класаў // Папка

Гасцінцам Купалы : да 130-годдзя з дня нараджэння : семінар-практыкум // Папка

І кожны, прамовіўшы – Колас Якуб…. : [электронная прэзентацыя]

Играем в переводчиков. Я. Колас и Я. Купала – знаменитые переводчики : литературная мастерская // Папка

Літаратурны турнір па творчасці Я. Купалы і Я. Коласа : для вучняў VII—VIII класаў // Папка

Мой родны кут, як ты мне мілы! : Якуб Колас [электронная прэзентацыя]

Найлепшы знаўца казак : конкурс эрудытаў па казках Я. Коласа // Папка

Нам засталася спадчына : літ-муз. вечарына // Папка

Новая зямля Якуба Коласа : крыжаванка // Папка

Паэты – праметэі :КВЗ па творчасці Я. Купалы і Я. Коласа // Папка

Песняры беларускай зямлі : вусны часопіс // Папка

Песняры беларускай зямлі : вусны часопіс // Папка

Спяшайцеся з паэтам стрэцца…: урок-конкурс па творчасці Я. Коласа // Папка

Хто з герояў Купалы? : віктарына // Папка

Шляхамі Янкі Купалы і Якуба Коласа : гульня “Слабае звяно” // Папка

Як песня народа – неўміручы наш Колас! : літ.-муз. кампазіцыя // Папка

Якуб Колас і Янка Купала – песняры зямлі беларускай // Папка

Якуб Колас : [электронная прэзентацыя]

Якуб Колас : біяграфія [электронная прэзентацыя] “Сягоння з народам шчаслівым Я святкую свята ўрачыста,…” : гульня “Поле цудаў” // Папка

Янка Купала : [электронная прэзентацыя]

Янка Купала : жыццё і творчасць [электронная прэзентацыя]


Литаратура:
Казбярук, У. М. Колас Якуб // Беларуская энцыклапедыя. У 18 т. Т. 8. – Мн., 1999. – С. 382—384.

Колас, Я. Вершы / Я. Колас. – Мн. : Беларусь, 1971

Колас, Я. Другое чытанне для дзяцей беларусаў / Я. Колас. – Пецярбург, 1909

Колас, Я. З майго летапісу / Я. Колас. – Мн. : Беларусь, 1967 

Колас, Я. Казка / Я. Колас. – Мн. : Юнацтва, 1989

Колас, Я. За навуку / Я. Колас. – Мн. : Маст. лiт., 1976

Колас, Я. Избранное / Я. Колос. – Мн. : Маст. літ., 1981

Колас, Я. Раніца ў нядзельку / Я. Колас. – Мн. : Лазурак, 1997

Колас, Я. Родные образы / Я. Колас. – М. : Дет. лит., 1982. – (Поэтическая биб - чка школьника)

Колас, Я. Другое чытанне для дзяцей беларусаў / Я. Колас. – Мн. : Маст. лiт., 2007

Колас, Я. Голас зямлі / Я. Колас. – Мн. : Юнацтва, 1988. – ( Шк.б-ка)

Колас, Я. Дрыгва / Я. Колас. – Мн. : Маст.літ., 1981. – ( Б-ка бел.прозы)

Колас, Я. На ростанях / Я. Колас. – Мн. : Беларусь, 1966

Колас, Я. Родные вобразы / Я. Колас. – Мн. : Юнацтва, 1982. – (Паэтыч. б-ка)

Колас, Я. Новая зямля. – Мн.: Маст.літ, 2006. – ( Бібліятэка школьнікаі)

Купала, Я. Стихотворения и поэмы / Я. Купала. – Мн. : Маст. лiт., 1991

Купала, Я. Тутэйшыя / Я. Купала. – Мн. : Маст. лiт., 2006

Купала, Я. Адвечная песня / Я. Купала. – Мн. : Маст. лiт., 2001. – ( Шк. б-ка)

Купала, Я. Выбраная лірыка / Я. Купала. – Мн. : Беларусь, 1967

Купала, Я. Выйдзі з сэрцам,як з паходняй!.. / Я.Купала. – Мн. : Юнацтва, 1982.( Паэтыч. б-ка)

Купала, Я. Курган / Я. Купала. – Мн. : Беларусь, 1967

Купала, Я. Явар і каліна / Я. Купала. – Мн. : Юнацтва, 2000

Купала, Я. Хлопчык і летчык / Я. Купала. – Мн. : Юнацтва, 1990. – (Мая першая кнiжка)

Купала, Я. Тры паэмы. Курган. Бандароўна. Магіла льва / Я. Купала. – Мн. : Беларусь, 1972

Купала, Я. Родныя вобразы / Я. Купала. – Мн. : Юнацтва, 1998 

Купала, Я. Родныя вобразы / Я. Купала, Я. Колас. – Мн. : Юнацтва, 1997. – (Шк. б-ка)

Купала, Я. Поўны збор твораў / Я. Купала. – Мн. : Маст. лiт., 1995

Купала, Я. Поўны збор твораў / Рэд.тома В.П Рагойша. – Мн. : Маст. лiт., 1996

Купала, Я. Поўны збор твораў / Я. Купала. – Мн. : Маст. лiт., 2003

Купала, Я. Поўны збор твораў. – Мн. : Маст. лiт., 2003

Купала Янка // Беларускія пісьменнікі (1917-1990): Даведнік; Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. – Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. – 653 с.: іл.

Купала Янка // Беларускія пісьменнікі: біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. Мн.: БелЭн, 1992 – 1995., Т. 3.

Ярош, М. Пясняр роднай зямлі :Жыццё і творчасць Я. Купалы. – 2-е выд. – Мн., 2003.

Лужанін, М. Колас расказвае пра сябе / М. Лужанін. – Мн., 1982.

Мацюх, М. Д., Мушынскі М. І. Колас Якуб // Беларускія пісьменнікі: біябібліягр. слоўн. У 6 т. Т. 3 / Ін-т літ. імя Я. Купалы АН Рэспублікі Беларусь, Беларус. Энцыкл.; Пад рэд. А. В. Мальдзіса. – Мн., 1994. – С. 299—304.

Навуменка, І. Я. Якуб Колас: нарыс жыцця і творчасці /І.Я. Навуменка. – Мінск, 1982.

Тычына, М. Колас Якуб // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 4. –Мн., 1997. – С. 225—227.
Бібляграфія
http://be.wikipedia.org/wiki/Якуб_Колас

http://be.wikipedia.org/wiki/Янка_Купала

Вялікі пясняр беларускага народа. : зборнік артыкулаў аб жыцці і дзейнасці Якуба Коласа. – Мн., 1959.

Гніламёдаў У. Янка Купала: Новы погляд. – Мн., 1995.

З жыццяпісу Якуба Коласа: дакументы і матэрыялы / Уклад., уступ. артыкул і імян. паказ. Г. В. Кісялёва; Рэд. В. В. Барысенка, М. І. Мушынскі. – Мн., 1982.

Колас Г. Карані міфаў: Жыццё і творчасць Янкі Купалы. – Мн., 1998.

Маракоў Л. У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т.1. – Мн:, 2003

Мушынскі, М. І. Коласазнаўства // Беларуская энцыклапедыя. У 18 т. Т. 8. – Мн., 1999. – С. 386—387.

Мушынскі, М. І. Якуб Колас: Летапіс жыцця і творчасці / М.І. Мушынскі. – Мн, 1982.

Пуцявінамі Янкі Купалы: Дак. і матэрыялы. – Мн., 1981.

Разам з народам. Матэрыялы юбілейнай навуковай сесіі АН БССР, прысвечанай 100-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа / Пад рэд. І. Я. Навуменкі. – Мн., 1983.

Сачанка Б. «Сняцца сны аб Беларусі…»: Загадка смерці Янкі Купалы // ЛіМ. 1988. 19, 26 жн.

Сачанка Б. «У сведкі запісы пакліча…» // ЛіМ. 1989. 20 студз.

Якуб Колас: Да 100-годдзя з дня нараджэння : біябібліягр. паказ. / Склад. Н. Б. Ватацы, М. І. Пратасевіч, Н. А. Адамовіч, А. Б. Дунаеўская; Рэд. В. П. Рагойша. – Мн, 1983.

Янка Купала і Якуб Колас у кантэксце славянскіх літаратур. – Мн., 2002.

Янка Купала: Энцыклапедычны даведнік. – Мн., 1986.

Янка Купала і Якуб Колас у літаратурным працэсе Беларусі. – Мн., 1993.

Янка Купала і Якуб Колас у кантэксце славянскіх літаратур. – Мн., 2002.

Янка Купала і еўрапейскі літаратурны працэс. – Мн., 2003.








База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка