Дыялог мастацтваў у працэсе вывучэння фальклору на ўроках беларускай літаратуры




Дата канвертавання12.05.2016
Памер66.06 Kb.
Н. Б. Рашэтнікава

(Мінск)
ДЫЯЛОГ МАСТАЦТВАЎ У ПРАЦЭСЕ ВЫВУЧЭННЯ



ФАЛЬКЛОРУ НА ЎРОКАХ БЕЛАРУСКАЙ ЛІТАРАТУРЫ
Дыялог мастацтваў на ўроку беларускай літаратуры абумоўлены дыялагічнай формай пазнання. Так, напрыклад, выявіць аўтарскую пазіцыю ў мастацкім творы – значыць зразумець іншую свядомасць і яе свет.

Дыялагічнай з’яўляецца сама сутнасць мастацтва як у сферы стварэння мастацкага твора, так і ў сферы яго ўспрымання. Асобныя віды мастацтва ў працэсе дыялогу знаходзяцца ў складаных адносінах зліцця і супрацьстаяння, узаемнага запазычвання і імкнення адасобіцца, але пры гэтым яны ўзбагачаюцца магчымасцямі кожнага асобнага віду. Важнасць дыялогу мастацтваў на ўроку літаратуры тлумачыцца і дыялагічнасцю самога вучэбнага працэсу, скіраванага на асэнсаванне мастацкіх з’яў, бо, як вядома, маналагічныя формы навучання знішчаюць саму прыроду мастацкай з’явы, успрыманне якой заснавана на механізмах інтэрпрэтацыі. Адсюль і значнасць для развіццёвага навучання дыялогу.

Віды і жанры вуснай народнай творчасці вывучаюцца ў сярэдняй агульнаадукацыйнай школе з першага па выпускны клас. Школьнікі паступова знаёмяцца з фальклорам, з асноўнымі тэарэтыка-літаратурнымі паняццямі, якія скіраваны на разуменне вучнем эстэтычнай прыроды твора.

У 5-6 класах, дзе вывучаецца беларуская літаратура як вучэбны прадмет (у пачатковых класах – літаратурнае чытанне), курс літаратуры распачынаецца ў 5 класе з тэмы “Вусная народная творчасць”, у 6 – “Фальклор і літаратура”. Для чытання і абмеркавання ў 5 класе прапануюцца казкі “Разумная дачка”, “Залаты птах”, легенда “Нарач”, загадкі, прымаўкі, прыкметы, павер’і, у 6 – міфы і народныя песні. У аснове навучальнага працэсу на ўроках беларускай літаратуры ў 5-6 класах стаяць задачы па пераадоленні наіўнага рэалізму ва ўспрыманні ідэйна-мастацкага зместу твора вучнямі, а таксама маральнага і эстэтычнага выхавання.

Работа над казкай можа распачынацца ў 5 класе знаёмствам з ілюстрацыяй І. Крамскога “У лукамор’я дуб зялёны”, поўнай таямнічасці і цемры. Вучні разглядаюць малюнак дрэва, карані якога нагадваюць змей, вакол дуба яны бачаць сумных птахаў і ўяўных асілкаў. Праца з ілюстрацыяй падрыхтоўвае вучняў да самастойнага творчага дзеяння – слоўнага малявання, задача якога не толькі развіццё маўлення школьнікаў, але і спасціжэнне свету казкі, дзе побач з мудрасцю і дабром ёсць зло. Наступным этапам урока будзе чытанне і асэнсаванне народнай казкі “Разумная дачка”.

Работа над прэлюдыяй да чытання стварае неабходную “ўстаноўку”, своеасаблівы погляд на твор і яго разуменне. Вывучэнне казак у 5 класе дае магчымасць паказаць пяцікласнікам ператварэнне казачных сюжэтаў і вобразаў у свеце мастацтваў. Так, чытанне і абмеркаванне на ўроку пазакласнага чытання казкі Шарля Перо “Папялушка, ці Крышталёвы пантофлік” скіроўвае ўвагу настаўніка і вучняў да кінасцэнарыя Яўгена Шварца “Папялушка” і такім чынам дазваляе пазнаёміць вучняў з асаблівасцямі драмы, адкрывае спецыфіку і ўзаемасувязь розных відаў мастацтва, дае прастору дзіцячай тэатральнай творчасці. Пасля чытання казкі Ш. Перо ў школьнікаў можа быць уражанне, што казачны сюжэт вычарпаны. Пераадолець такое ўспрыманне можа толькі захапляючае падарожжа па Краіне Мастацтваў услед за казкай пісьменніка.

Святочны настрой падарожжа ў Краіну Мастацтваў можна стварыць яшчэ да пачатку ўрока. Гучыць музыка Д. Расіні з оперы “Папялушка”, дошку ў класе ўпрыгожвае карта Краіны Мастацтваў, на якой пры дапамозе фотаздымкаў і ілюстрацый можна вызначыць асобныя “мясцовасці” гэтай краіны: літаратура і музыка, жывапіс і архітэктура, харэаграфія і кінематограф, тэатр драматычны і музычны.

Вучні могуць падрыхтаваць да ўрока свае кнігі-казкі, дзе прыгожа праілюстраваны асноўныя эпізоды казкі Перо. Урок можна і пачаць з выступленняў школьнікаў, дзе вучні выкажуць сваё разуменне твора, раскажуць пра добрую Папялушку, якая вызначылася сваёй шчырасцю і верай у сілу прыгажосці. Такім чынам, кожны вучань “абароніць” свой погляд на твор, выказаны праз ілюстрацыі.

Працягне падарожжа па Краіне Мастацтваў настаўнік, які пасля праслухоўвання ўверцюры да оперы Расіні паведаміць пяцікласнікам, што на сюжэт казкі былі створаны шэсць опер і тры балетныя спектаклі, і падрабязна раскажа пра шэдэўр Расіні – оперу “Папялушка”. Сюжэт казкі ў музычным спектаклі некалькі зменены: Папялушку ў оперы клічуць Анжалінай, і яна мае айчыма, які імкнецца ажаніць сваіх дачок з неразумным і з пыхаю прынцам, аднак айчым не здагадваецца, што Сапраўдны Прынц хаваецца пад маскаю слугі, і ён захапляецца прыгажосцю і добрым норавам Анжаліны.

Пад музыку Расіні вучні спрабуюць намаляваць слоўны партрэт Папялушкі. Яны апісваюць яе вочы, усмешку. Балет на сюжэт казкі Перо стварыў і Сяргей Пракоф’еў. Вучням прапануецца фрагмент – “Першы вальс” Папялушкі. Настаўнік тлумачыць вучням, што пад уздзеяннем балета С. Пракоф’ева драматург Яўген Шварц напісаў сцэнарый фільма “Папялушка”, фрагменты з якога можна прапанаваць паглядзець школьнікам на ўроку. Пяцікласнікам варта растлумачыць, што кінасцэнарый ствараецца спецыяльна для фільма і гэтым працэсам кіруе рэжысёр. Указанні рэжысёра выконваюць акцёры, аператары, спецыялісты па мантажы, афармленні сцэн і г. д. Вучні назіраюць за работай рэжысёра, бачаць адметнасць фільма і пачынаюць паступова разумець, што такое экранізацыя твора. Завяршэннем работы можа быць напісанне вучнем свайго сцэнарыя да фільма па казцы, якая падабаецца.

Работа ў класе над казкай народнай і літаратурнай падрыхтуе вучняў да ўспрымання міфалогіі, бо ў 6 класе фальклор прадстаўлены міфамі і ў праграме па беларускай літаратуры падкрэсліваецца, што міфалагічныя вобразы і матывы павінны быць узноўлены пры вывучэнні павер’яў, легенд і літаратурных твораў [1, 26].

Урок, прысвечаны вывучэнню міфаў, можна правесці традыцыйна або ператварыць яго ў літаратурнае свята, на якім вучні звернуцца да розных відаў мастацтваў. Мэта такога ўрока развіццёвая: фарміраваць літаратурна-творчыя ўменні школьнікаў, развіваць самастойнасць, мысленне, уяву.

Да ўрока патрэбна:

– арганізаваць каманды;

– напісаць сцэнарый на тэмы міфаў;

– падрыхтаваць конкурс мастакоў;

– лепшую стылізацыю міфаў і пластычны эцюд на адпаведную тэму.

Пасля знаёмства з камандамі можна распачаць конкурс на лепшы аповед на міфалагічны сюжэт. Згодна школьнай праграмы патрэбна, каб школьнікі расказалі пра Сварога, Перуна, Дажджбога, Ярылу, Жыжаля, Вялеса. Напрыклад, узнаўляецца народны каляндар і раскрываецца саюз зямлі і неба: Перуна і Вялеса. Аказваецца, што блізкасць па часе дзён ушанавання самага галоўнага, вярхоўнага бога ўсходнеславянскіх народаў – Перуна (15 лютага) і яго самага моцнага праціўніка бога Вялеса (24 лютага) тлумачыцца тым, што, згодна народнай уявы, Пярун мог пакараць кожнага з тых, хто парушаў стасункі з нябёсамі, а Вялес перасцерагаў чалавека і яго гаспадарку ад магчымых удараў Перуна [2, 113].

Нягледзячы на тое, што паняцце пра міф даецца школьнікам на ўроку беларускай літаратуры ў 6 класе, першаснае іх знаёмства з міфалогіяй адбылося ў 5 класе, калі вучні чыталі і асэнсоўвалі казкі пра жывёл.

Узнікненне “жывёльнага эпасу” тлумачыцца адносінамі чалавека да жывёльнага свету. У эпоху радавога ладу старажытныя людзі верылі ў тое, што кожны род бярэ пачатак ад жывёлы або ад расліны. Адзін род лічыў, што паходзіць ад мядзведзя, іншы – ад лісы і г. д. Такіх звяроў называлі “татэмамі”. Татэм лічыўся заступнікам роду: яго неабходна было шанаваць, прытрымлівацца ў адносінах да яго шматлікіх табу (табу – забарона). Першабытны чалавек баяўся татэмных звяроў, у ролі якіх былі не толькі моцныя драпежнікі, але і істоты слабыя і не вельмі шкодныя, напрыклад, жаба або мыш. Татэмныя ўявы людзей знайшлі сваё адлюстраванне найперш у міфах, а потым у казках. Паступова чалавек пазбаўляецца ад страху перад зверам і казкі пра жывёл узбагачаюцца бытавымі матывамі, звяры становяцца не толькі страшнымі, але і смешнымі. Менавіта такімі з’яўляюцца героі казак, якія прапанаваны для чытання і вывучэння ў 5 класе. У казцы “Музыкі” асёл, сабака, кот і певень пасля таго, як гаспадары павыганялі іх з двароў, сышліся ў лесе, пазнаёміліся і пачалі думаць, як на свеце жыць, чым займацца.

У казках пра жывёл дастаткова дзіўных і фантастычных сітуацый (воўк вудзіць рыбу хвастом і інш.), якія могуць набываць камічнае гучанне ў творы. Вобразы-персанажы алегарычныя, у творы яны жывёлы, а размаўляюць і паводзяць сябе, як людзі. Выкарыстанне дыялога надае казцы жывасць і складваецца ўражанне, што гэта тэатральнае прадстаўленне. Вось чаму пажадана на ўроку літаратуры настаўніку разам з вучнямі паспрабаваць стварыць інсцэніроўку, а потым разыграць яе ў класе або на школьнай сцэне. Прывядзем прыклад такога дыялога з казкі “Музыкі”: “Ідуць яны, аж бачаць – далёка ў лесе хатка стаіць. Спыніўся асёл.

– Давайце заспяваем, кажа ён. – Толькі голасу не шкадуйце. няхай усе ведаюць пра наш ансамбль.

– І-і-і! – узяў самую высокую ноту асёл.

– Ку-ка-рэ-ку! – падхапіў певень і захлопаў крыламі.

– Гаў-гаў-гаў! – забрахаў што ёсць моцы сабака.

– Мяў-мяў-мяў! – енчыў кот.

Ніколі не чулі лясныя насельнікі такога канцэрта” [3, 41].

Дыялог заўсёды складае аснову тэатральнага мастацтва, таму на ўроку беларускай літаратуры можна, акрамя інсцэніроўкі, падрыхтаваць лялечны спектакль. Лялек вучні могуць нашыць самі, гэта так званы тэатр Пятрушка. Для гэтага патрэбна зрабіць маску і з тканіны пашыць пальчатку, якая апранаецца на руку. Дэкарацыі, музычнае суправаджэнне – гэта разуменне школьнікамі асаблівасцей народнага тэатра і ідэі казкі, якая раскрываецца настаўнікам і вучнямі падчас падрыхтоўкі спектакля. Работа над спектаклем – гэта творчы працэс, які мае развіццёвае значэнне для вучняў, таму што, акрамя разумення школьнікамі ідэйна-мастацкага зместу твора, развіваецца маўленне, лексікон, ідзе праца над выразным чытаннем, бо кожны персанаж прамаўляе свой тэкст са спецыфічнай інтанацыяй.



Такім чынам, дыялог мастацтваў на ўроку беларускай літаратуры спрыяе фарміраванню ў школьнікаў ведаў і ўменняў аналізу мастацкага твора, развівае іх мысленне і маўленне.
Літаратура:

  1. Вучэбная праграма для агульнаадукацыйных устаноў з беларускай і рускай мовамі навучання «Беларуская літаратура V-XI класы». – Мінск: НІА, 2010.

  2. Катовіч А., Крук Я. Зімовыя святы: Нарысы. – Мінск, 2004.

  3. Цітова Л. К. Беларуская літаратура. Вучэбны дапаможнік для 5 класа агульнаадукацыйных устаноў з беларускай і рускай мовамі навучання. У дзвюх частках. Частка І. – Мінск, 2009.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка