Дыктанты 8-9 класы складаны з рознымі відамі сувязі частак на беразе з вудачкай




Дата канвертавання18.03.2016
Памер331.39 Kb.
ДЫКТАНТЫ 8-9 КЛАСЫ

СКЛАДАНЫ З РОЗНЫМІ ВІДАМІ СУВЯЗІ ЧАСТАК

На беразе з вудачкай

Над ракою, як бы ўзіраючыся ў наваколле, ступае ціхая, светлая задума. У такія хвіліны рыбак, добра знаёмы з Сожам, памятае: трэба стаіць дыханне, бо, пакінуўшы глыбіні, пачынае ход за спажываю прыдонная рыба. Зачараваная цішынёй, яна амаль без асцярогі падыходзіць блізенька пад берагавыя травы. Паволі пасоўваецца супраць цячэння, падбіраючы прыбіты да берагоў корм. Вось у такія адвячоркі часцей за ўсё і выпадае рыбаку перажыць тое шчаслівае хваляванне, якое не дасць яму ні на хвіліначку заснуць.

Але, мабыць, калі і ўдасца рыбаку хоць трохі прыкархнуць, то ўсё роўна яго хутка пабудзяць шолахі і галасы світанку. Яшчэ дзе-нідзе падае голас нястомны валацуга-дзяркач, але яго ўжо перабівае там і сям то залівістая песня жаваранка, то кароткае "кэ-кэ" глухаркі, што выводзіць сваіх дзяцей насустрач сонцу на высокі пясчаны бераг. З боку пасівелых за ноч расцяробаў наплывае на бераг парны празрысты туманок. Ён хутка асядае, і неўзабаве ўвесь бераг пачынае іграць гарэзлівымі водбліскамі пагодлівага летняга золку. (154 словы)

Паводле К. Кірэенкі

Веснаход на Палаце

На берагі Палáты ўжо каторы дзень прыбягалі хлапчукі і тычкамі адганялі ад берага пасінелыя льдзіны, прыспешваючы вясну, а льдзіны, хістаючыся і глуха пастукваючы, выбіраліся на больш хуткую плынь, імчалі далей, пакуль на паваротцы зноў не натыкаліся на бераг.

Выцвілыя за зіму лазнякі, прыбярэжныя вольхі ды вербы пазіралі на ўсё гэта з нецярпеннем: хутчэй вызваліцца Палата - хутчэй прыйдзе на яе бераг вясна. А сёлетнюю вясну яны ой як зачакаліся. Здавалася, яшчэ адно намаганне - і дрэвы расхінуць пабурэлыя плашчыкі ды пакажуць кволенькія лісточкі. Але рызыкаваць не хацелася нават лазнякам, бо рана яшчэ: надыдзе ноч - па беразе пакоціцца марозік і сапсуе гэтую прыгажосць.

А Палата ўсё гнала і гнала ў Дзвіну асколкі свайго лядовага панцыра. Часам з гадзіну ішла карычневая, як крута завараны чай, вада. Потым зноў сонна пагойдваліся льдзіны, а пасля яны зніклі, шырокім рэчышчам кацілася толькі вада. Рэчышча не ўмяшчала яе, і яна выходзіла з берагоў, залівала лугі і поймы. (152 словы)



Паводле Я. Пархуты

Буслы на руінах

На горцы стаяў разбураны мураваны касцёл. Купал на ім быў збіты снарадам, уваход разбураны бомбай, а перакручаныя дзверы віселі на адной завесе.

На вуглу дзвюх тоўстых сцен касцёла атабарыліся буслы. Што прымусіла іх рабіць на руінах сваё гняздо, цяжка сказаць. Паблізу рос гонкі алешнік, і на адным з дрэў ляжала нават прылада для іхняга гнязда, але буслы аблюбавалі чамусьці руіны. Можа, яны не давяралі больш дрэвам, а можа, будавалі новае жыллё на руінах, як і людзі.

Ад рання і да позняга вечара насілі дробныя галінкі і акуратна ўкладвалі іх на муры. Вясна была ў разгары, і птушкам трэба было спяшацца, каб паспець яшчэ абзавесціся сям'ёй.

Раніцай ціхае надвор'е змяніў вецер. Цяпер буслы лёталі па чарзе: адзін ляцеў на здабыткі, а другі аставаўся вартаваць гняздо, каб вецер не сарваў яго, бо неаблежаныя галінкі пыдымаліся нават ад невялічкага павеву.

Вецер мацнеў. Відаць было, як трывожыўся бусел: ён тупаў па краёчку гнязда і прыціскаў галінкі да сцяны.-(157 слоў)



Паводле А. Пальчэўскага

У вялікім горадзе

У вялікім горадзе была перасадка. Альшэўскі выйшаў з вагона, знайшоў касы і паглядзеў расклад прыгарадных цягнікоў і хутка падлічыў, што ў яго аставалася дзве вольныя гадзіны.

Не здаючы чамадана, ён прайшоўся да старога парку, які лічыўся галоўнай аздобай горада. Восень бярэ сваё: на асфальтаваных дарожках шапаціць апалае лісце.

Альшэўскі падáўся да ракі. Яна па-асенняму ціхая. Ля берага на дне можна ўбачыць драбнюткія каменьчыкі: вада тут вельмі чыстая, празрыстая. На сярэдзіне яна цямнее, абвіваючы ў сабе нізкае шэрае неба. Стажкáмі застаўлены яшчэ зялёныя зарэчныя лугі. Пясчаныя пляжы бязлюдныя. Толькі ў адным месцы, спуціўшы ногі ў ваду, сядзяць з вудамі трое хлопчыкаў. Чарнее ўдалечыні арка жалезнага моста; да яе павольна набліжаецца белы, здалёк падобны на цацку параходзік...

Альшэўскі зірнуў на гадзіннік і здзівіўся: праз паўгадзіны цягнік! Трэба было вяртацца на вакзал.

Сеўшы ў абшарпаным вагоне, Альшэўскі, спадзеючыся ўбачыць каго-небудзь з местачкоўцаў, некалькі разоў азірнуўся, але нікога са знаёмых не было. (150 слоў)



Паводле І. Навуменкі

Лясны доктар

Я глядзеў у неба і бачыў: у ягонай вышыні адзінока кружыў коршак

Раптам недзе паблізу застукаў дзяцел. Я азірнуўся - ляснога доктара не відаць нідзе. Дзе ж ён? Зусім жа побач стукае! Ды вось жа: абівае трухлявую кару з пня, які аджыў свой век пад самым кустом арэшніку.

Дзяцел абстукаў, як доктар хворага, пень, агледзеў яго з усіх бакоў і скокнуў на арэшыну. Хутка ён вярнуўся назад, трымаючы нешта ў дзюбе. Дзяцел паклаў сваю ношку на пень і падзяўбаў яе, а праз хвіліну ён зноў узляцеў на арэшыну, пашастаў сярод лісця і вярнуўся на пень. Так паўтаралася некалькі разоў.

Калі дзецел паляцеў, я падышоў да пня: цікава было глянуць, што ён там рабіў. Аказваецца, ён адрываў шышкі арэхаў, нёс іх на пень і тут дзёўб. Але не гэта самае дзіўнае. Дзяцел раздзёўбваў толькі пашкоджаныя арэхі, у якіх, відаць, спадзяваўся знайсці чарвякоў, а спелыя, жоўтыя лузаны валяліся вакол: яны ляснога доктара не цікавілі. (153 словы)

Паводле З. Бяспалага

Уваходзіны ў зімні сон

Позняй восенню нават днём трымаюцца прыцемкі ў лесе. Сонца ходзіць дзесь за аблокамі, і ты ўжо амаль забыўся, што яно наогул ёсць на небе.

Калі ў адзін з такіх дзён увайсці ў лес, прысесці на пянёк і, не спяшаючыся, паназіраць вакол, то раскрываюцца характары дрэў.

Ветру няма, а з бяроз падае лісток за лістком, хаця не спяшаецца расставацца з ім бяроза.

Як распранаецца восенню лазняк, амаль не заўважыш: скурчыцца, прыціхне, ссыпле лісце сабе пад ногі.

Моцна трымаецца на галінах дубовы ліст, але, калі прыцісне моцны мароз, тады і ён ападзе, змяшаецца з іншымі лістамі.

У асіны свой нораў: скіне яна лісце, акружыць сябе дываном, у якім пераліваюцца амаль усе колеры вясёлкі.

А як весела і прыгожа ўваходзіць у зімні сон клён! Рашуча пажаўцеўшы ў першы ж начны замараразак, ярка ўспыхнуўшы, тут жа хутка робіцца голым. Але яшчэ доўга будзе ляжаць над ім асеняя прыгажосць святочным дываном позняй восені. (152 словы)



Паводле Я. Сіпакова

Знак бяды

На гасцінцы было па-ранейшаму пуста, нічога не чуваць было адтуль, з сасонніку. Сцепаніда пастаяла, падумала і, не выходзячы на насып, хуценька пайшла па пакручастай сцежцы, утаптанай людскімі нагамі.

Яна амаль дайшла да сасонніку, шчыльны гушчар якога зелянеў абапал гасцінца, калі да яе насцярожанага слыху ветрам данесла стук. Нешта там збівалі, і ўпершыню яе пранізала здагадка: штосьці робяць на мосце.

Сцепаніда запаволіла хаду, гатовая спыніцца, але не спынілася, а хуценька дайшла да сасонніку і, каб не ісці па дарозе, звярнула ў гушчар. Яна амаль подбегам, прыгінаючыся ад галля, адолела невялічкі пагорачак і, асцярожна ступаючы, зірнула на поплаў з нябачнай крывулінай ракі. Адхінула ўбок калючую галіну і ўбачыла тое, што на момант прымусіла замерці сэрца: каля моста ўнізе, ля самай вады, завіхаўся дзесятак людзей, якія згружалі з падвод бярвенне. На самым абрыве стаяла некалькі мужчын у незнаёмай вайсковай форме са зброяй. Адзін з іх паказваў у бок шашы і нешта тлумачыў. (151 слова)



Паводле В. Быкава

СКЛАДАНЫ БЯЗЗЛУЧНІКАВЫ СКАЗ

Вясновы лес

Лес ужо жыў сваім актыўным, багатым вясновым жыццём. Стракатала сарока, чэкаў дзяцел, дрозд абзываўся ў хвойніку. Нават мурашнік, што трапіўся на вочы, і той варушыўся: выпаўзалі, грэліся на сонцы мурашкі, пакуль яшчэ надта павольныя і вялыя пасля зімовай спячкі. Цёк сок-бярозавік, і свежыя бярозавыя пні былі мокрыя, быццам іх хто знарок паабліваў вадою.

Андрэй некалі любіў гэтую раннюю веснавую пару і нават нецярпліва чакаў яе. Толькі сыходзіў снег - спяшаўся ў лес. Падсякаў тоўстую карыстую бярозу, што расла на ўзлеску, і пускаў сок, насіў яго дадому вёдрамі, зліваў у бочку.

Не толькі бярозавік цягнуў, вабіў Андрэя. Вабіў сам лес. Без яго Андрэй проста не ўяўляў свайго жыцця: лес акружаў вёску, у якой ён, Андрэй, нарадзіўся, з усіх бакоў. І ніколі не маўчаў, заўсёды шумеў: улетку і ўзімку, вясною і ўвосень.

Цяпер, вядома, лес ужо не той, што быў калісьці. Раней, помніцца, дрэвы раслі такія высозныя, што шапка звальвалася, калі, задзіраючы галаву, хацеў паглядзець на вяршыні. Заглыбішся выпадкам у нетры - неба не відаць. І няма канца-краю нідзе. (167 слоў)

Паводле Б. Сачанкі

 

Выпадак з ваеннай біяграфіі

Андрэй Макаёнак расказвае пра такі выпадак са сваёй ваеннай біяграфіі.

Яго параніла. Рашэнне галоўнага хірурга ва ўмовах, калі навокал сотні параненых, кароткае, простае: на аперацыйны стол. Суровы прысуд: ампутацыя абедзвюх ног. Можна ўявіць, што адчуў чалавек ва ўзросце дваццаці аднаго года пасля такога прысуду. Застацца без ног, калекам на ўсё жыццё... Але ўрач ніжэйшага рангу, што за двое сутак паспеў пасябраваць з хлопцам, які, нягледзячы на цяжкае раненне, знаходзіў сілы жартаваць, сказаў Андрэю:

- Не згаджайся на ампутацыю. Гангрэны няма - (,) ногі можна ўратаваць.

Калі прыйшлі санітары, каб забраць Андрэя ў аперацыйную, ён дастаў парабелум, які незадоўга да ранення зняў з забітага нямецкага афіцэра. У шпіталі ўзняўся вэрхал: афіцэр пагражае пісталетам, абараняючы свае ногі. Збеглася ўсё начальства. Угаворы, пагрозы, хітрасць - нічога не дапамагло. Хлопец быў непахісны.

Відаць, галоўнаму хірургу спадабалася адчайная мужнасць маладога чалавека. Ён загадаў тут жа на самалёце разам з параненым генералам адвесці Андрэя ў тылавы шпіталь. Ногі былі ўратаваны. (155 слоў)



Паводле І. Шамякіна

Акіян

 Вечарам мы ішлі купацца. Акіян дыхае спакойна, раўнамерна: ён засынае. Хвалі ўздымаюцца і апускаюцца, як грудзі казачнага волата. Здаецца, чуеш нават яго дыханне. І толькі калі ты з разгону шпокнешся, як адарваны яблык, у чорную ваду, акіян заварочаецца, нешта незадаволена замармыча і пачне нацягваць да самага берага коўдру-туман, каб лепей укрыцца. Але дзе ж на такую шырыню набярэшся таго туману! Нацягваючы коўдру на галаву, акіян пэўна ж раскрывае ногі - процілеглы бераг. Паваждаўшыся яшчэ крыху з гэтай коўдрай, ён сцішваецца. І тады крычы колькі хочаш - акіян не адгукнецца.

Удзень шчыруе сонца. Прыйшоўшы на пляж, ляжыш, а акіян забаўляецца з кожнаю пясчынкаю або асцярожна крадзецца па пяску да тваіх ног і потым, нібы кацяня, крануўшыся тваіх пятак, з усіх ног кідаецца наўцёкі. Нейкі час ціха: ён, відаць, глядзіць, што ты будзеш рабіць. А калі бачыць, што ты спакойна ляжыш, пачынае зноў, толькі з яшчэ большаю асцярогаю, па-кацінаму красціся да тваіх ног. (150 слоў)

Паводле Я. Сіпакова

Цікавы раён

На поўдні Палесся ёсць адзін вельмі цікавы раён. Перш за ўсё славіцца ён кантрастамі: тут нібы спаткаліся стэпавая пшанічная Украіна з лясной бульбяной Беларуссю. Тут вы не ўбачыце ні хваінкі, ні бярэзінкі, ні прывычнага для вока беларускага балотца. Вакол - збажына.

І сонца заходзіць тут неяк нечакана: спачатку ледзь-ледзь зардзее на ўсходзе палоска, а праз хвіліну ўжо ўсё наваколле заліта бляскам. Гэта зусім не тое, што назіраем каля Прыпяці, дзе сонца ніколі не зойдзе ў хату, папярэдне не пастукаўшы ў дзверы. Спачатку лёгкая чырвань зайграе ў верхавінах далёкага бору, затым сонечныя зайчыкі лягуць на спакойныя хвалі ракі. І толькі яна ветліва ўсміхнецца - (,) сонца поўнай жменяй кіне свае промні ў шыбіны вясковых хат.

Вецер, што пасярод палявога прастору свавольны і нахабны, каля Прыпяці куды больш асцярожны. Тут ён разыдзецца - з ім ёсць каму паспрачацца. Насупіцца і загалосіць лес, трывожна зашэпчуць лазнякі, разгневаная Прыпяць высока ўзніме свае хвалі, кідаючы іх адну за другой на нізкія берагі.-(155 слоў)



Паводле І. Навуменкі.

Па дарозе ў атрад

Яны ішлі надта марудна. Рыбак адчуваў: неўзабаве пачнецца світанак. Застане ранак іх сярод поля - ужо, відаць, не выкруціцца. Яму ўвесь час карцела ісці шпарчэй, але Сотнікаў марудна перастаўляў ногі, часта спыняўся. Увогуле іх ратавала тая акалічнасць, што снег быў неглыбокі, і Рыбак стараўся ісці па ім. Але іх след надта выразна азначаўся на касагорыне. Убачыўшы яго, Рыбак ажно жахнуўся: вельмі проста было дагнаць іх цяпер, нават уночы.

І ён з надзеяй пачаў азірацца па баках: недзе ж павінна быць хоць якая-небудзь сцежка. Між тым наўкола ляжала чыстая снегавая разлога; (,) сям-там цьмяна стракацела кустоўе, адзінокія палявыя дрэўцы; (,) у адным месцы невыразна зачарнелася штосьці паўзамеценае ў снезе. Падышоўшы бліжэй, Рыбак згледзеў, што гэта валун. Дарогі ж нідзе не было. Тады ён крута павярнуў угору. Так было цяжэй, але падумалася, што, можа, наверсе, за пагоркам, яны ўбачаць лес. Удасца ім зашыцца ў яго - можа, адарвуцца ад даганятых. (148 слоў.)

Паводле В. Быкава

Матчына сэрца

З першага дня мацярынства трывог і пакут болей, чым радасцей, у кожнай маці. У дзіцяці рэжацца першы зубок - маці пакутуе падвойным болем. Пакаўзнулася дзіцятка, разбіла носік - матчына сэрца ледзь не рвецца. Першая "двойка" - гора для маці. А яна ўсё чакае радасці.

А захварэе дзіця - здаецца, нічога страшней і ва ўсім свеце няма. Каб можна было, жыццё аддала б за дзіця. Не спіць начамі маці...

А як чакае маці кожнага ліста з пячаткай салдацкай пошты! З трывогай слухае радыё: недзе ж юнакі забіваюць адзін аднаго. Каб спытаў: за што? Яны ж зроду не сустракаліся, не чулі і не пачуюць імя свайго забойцы або забітага ім. На каго ж кідаюць бомбы? Па кім б'юць з гарматаў?

Вечна нечага з трывогай чакае маці, вечна думае пра сваё дзіця, жыве дзеля яго.

Як жа месцяцца ў адным сэрцы боль і радасць, любоў і трывога? Месцяцца. Яно ж матчына! Для кожнага ў ім знойдзецца прытулак і ласка. (154 словы)



Паводле С. Грахоўскага

СКЛАДАНАЗАЛЕЖНЫ СКАЗ

Чэрвеньскае красаванне

Май вабіць нас квеценню вішань, каштанаў і яблынь, духмянасцю бэзу і белапенных кустоў язміну, і мы амаль не заўважаем больш сціплых кветак чэрвеня. Але ўсё зялёнае найзелянейшае менавіта ў чэрвені, калі бузіна працягвае нам паўдзённы свой водар на белых пялёстках-талерачках, што з цягам часу напаўняюцца сінявата-чорнымі ягадамі.

Каля дарогі кусціцца шыпшыннік. Цвет яго далікатна-ружовы, пах ледзь улоўны. Пад восень даспяваюць на ім бліскуча-чырвоныя ягады. Сінія стрэлы дзікага лубіну рыхтуюць сваім гарошынам разбег для скачка ўдоўжкі, а лугавы падляднік напамінае пра сябе пахам мёду. Акацыі на ўзмежку перапляўляюць запас азоту ў гронкі суквеццяў, якія сваім водарам будуць здалёку прывабліваць пчол. Гудзенне жужаляў і звон пчол над саламяна-жоўтымі кветкамі ліпы зліваецца ў суцэльны гул.

Пра трáвы і гаварыць няма чаго. У маі яны растуць, а ў чэрвені зацвітаюць. Ніхто не можа зразумела растлумачыць, чаму начная фіялка зберагае свой водар для чэрвеньскіх вечароў. (142 словы)



Паводле календара "Родны край"

Шчаслівыя моманты

З нізенькага падвальнага акенца кацельнай штодня бачыў ён, як збіралася раніцай у інстытут гаманлівая моладзь. Ішлі хлопцы. Беглі, каб не спазніцца, мітуслівыя дзяўчаты. У адну і тую ж хвіліну прыходзілі выкладчыкі, прафесары. І калі заўважаў Алёшка знаёмую стракатую хустачку, жоўценькі паўкажушок з вышытымі ўзорамі, ён нібы незнарок з'яўляўся ў шырокім вестыбюлі ў тую самую хвіліну, калі адчыняліся шкляныя дзверы і, пазіраючы з трывогай на насценны гадзіннік, дзяўчына стрымана ўсміхалася, супакоіўшыся, што не спазнілася.

І яна адразу знікала на лесвіцы, як лёгкае воблачка, як вясновы ветрык, (,-) такая блізкая і такая далёкая. Нават ледзяныя ўзоры на вокнах расцвіталі, здавалася, і іскрыліся сінімі агеньчыкамі, як позірк вачэй яе, сініх, глыбокіх. І ўсё навокал рабілася радасным і святочным, як стракатая хустачка яе з чырвонымі макамі і васількамі, з залатымі каласамі на блакітным полі. Яны не лінялі, не выцвіталі, залатыя каласы і ярка-чырвоныя мáкі. Можа таму, што было яму васемнаццаць год, а яна была яшчэ маладзейшай. (155 слоў)

Паводле М. Лынькова

Сапёр

Любая салдацкая служба нялёгкая, а сапёрская ці не самая цяжкая і небяспечная. Там, дзе пройдуць танкі, а за імі пяхота, перш пройдуць сапёры, бо яны павінны абясшкодзіць міны, пракласці шлях войску. Нездарма кажуць, што сапёр памыляецца адзін раз. Яго памылка варта жыцця.

Ён быў смелы і мужны, наш салдат-сапёр. У яго былі моцныя нервы і ўмелыя рукі. Сотні мін размініраваў ён, мосцячы доўгую дарогу да Перамогі.

Ён вярнуўся дадому, спадзеючыся, што будзе займацца мірнай справай хлебароба. Ды дома чакала бяда. На нямецкай міне, што засталася ў зямлі, падарваўся яго сын. На вайне салдат бачыў нямала смерцяў, але ссівеў у трыццаць пяць гадоў, перажыўшы смерць сына.

Аднойчы ён пачуў, што ў гарадской бальніцы ёсць цэлая палата дзяцей, якія падарваліся на мінах. Салдат зазірнуў у тую палату і быў уражаны не менш, чым смерцю сына.

І салдат зноў апрануў шынель. (139 слоў)



Паводле М. Гіля

Падрыхтоўка да вяселля

Даўней ініцыятыва заключэння шлюбу зыходзіла з боку бацькоў хлопца. Калі юнаку спаўнялася васемнаццаць - дваццаць гадоў, тыя пачыналі шукаць працавітую і багатую дзяўчыну, якая магла б стаць нявесткай.

У сваты ішлі ўдвух або ўтрох: хросны бацька або дзядзька жаніха, яго родны бацька, іншы раз старэйшы брат. Прысутнасць самога жаніха не заўсёды была абавязковай.

Адвячоркам, каб ніхто не сурочыў, у месячную поўню, каб было поўнае шчасце, ішлі да дзяўчыны. Сваты выдавалі сябе за купцоў, падарожнікаў ці паляўнічых. Пыталіся, ці ёсць што прадáць. Звычайна гаварылі іншасказальна. Калі з адказаў гаспадароў вынікала, што перагаворы могуць адбыцца, старшы сват пачынаў пачастунак. Вырашалі пытанне пра пасáг маладой, а потым выклікалі дзяўчыну і пыталіся, ці згодна яна пайсці за гэтага хлопца.

Пазней бацькі засвáтанай дзяўчыны ішлі да жаніха паглядзець, як ён жыве і ці ёсць на што ісці.

Праз некалькі тыдняў былі зарýчыны, мэта якіх - прылюдная абвестка пра сватанне і згоду нявесты і яе бацькоў на шлюб. (153 словы)



Паводле А. Лакоткі і С. Барыса

Мінскі напрамак

Усе гэтыя дні няшчадна палíла сонца.-

У машыне было душна. Браня, напаленая сонцам, пякла. Гарачынёй дыхаў матор, што напружана гуў за баявым аддзяленнем. Каб зменшыць гарачыню ў машыне, ехалі з адчыненымі люкамі. Плынь свежага паветра ўрывалася ў іх і быццам абмывала твары танкістаў. Калі здаралася, што вецер дзьмуў убок і пыл адносіла ад машыны, танкістам было лягчэй, бо можна было падставіць твар свежаму ветру.

Раніцай калона падышла да Мінскай магістралі, што бегла на захад. Бегла то праз дружныя цёмныя сасоннікі, то праз беластволыя бярэзнікі, то праз густыя мяшáныя гаі. Бегла паўз шырокія прасцягі яшчэ не ўчарнелых пнёў, што аддзялялі шашу ад лясоў. Прасцягі, на якіх упарта выбівалася ўгару зялёная моладзь. Бегла цераз балоты, што паблісквалі аéрам, цераз палí, на якіх азёрамі разлівалася свірэпа. Праз спаленыя, зруйнаваныя ці затоеныя ў трывозе вёскі. Бегла туды, дзе чакаў спакутаваны Мінск. (139 слоў)



Паводле І. Мележа

Выпадак у лесе

На залітай сонцам сасне прыхарошвалася вавёрка. Бачыла, што я сачу за ёй, і нібы старалася мне спадабацца. Трымалася велічна, грацыёзна. Здавалася, што яна адчувала сябе гаспадыняй і заклікала мяне смялей трымацца.

Раптам яна зляцела на зямлю і хутка пабегла туды, дзе сярод лесу віднелася шырокая прагáліна. Калі я прыбег на палянку, вавёрка сядзела сярод малінніку. Нахіляла лапкамі галінку, каб ямчэй было браць ягады, і ласавалася малінамі, якімі шчодра былі абсыпаны кусты.

Я хацеў абысці вавёрку, каб не спудзіць, але яна сама выскачыла з кустоўя, уселася на зялёнай галінцы елкі і, здаецца, радавалася, што прывяла мяне сюды, у ягады.

Калі я вылез з малінніку, ужо вечарэла. На палянцы доўжыліся цені. Я спалохаўся, што тут мяне застане ноч, бо не ведаў, у які бок ісці дахаты.(127 слоў)

Паводле У. Мяжэвіча

Беручы - аддаваць

Хто калі лічыў, колькі на кожнага з нас прыпадае кветак, матылёў, дрэў, крынічак? Усяго гэтага мы, занятыя вечным клопатам, не заўважаем, бо яно для нас такое ж звыклае, як і паветра, якім мы безуважна, раўнадушна дыхаем.

Мы звыкла ўсім гэтым карыстаемся. Часам нават забываем, што прырода - не толькі для нас адных, хоць чалавек і з'яўляецца самаю лепшаю аздобаю любога краявіду. Што, беручы ў яе ўсё, чым яна так шчодра з намі дзеліцца, трэба думаць пра будучыню і абавязкова трэба пакідаць у ёй месца і той жа рэчцы, і таму ж буслу, і той жа травінцы, і таму ж мурашу. Пакідаць усё, што ім трэба. Бо ўсе мы на гэтай зямлі суседзі: рэчка і бусел, дрэва і травінка, кветка і пчала, мураш і чалавек. Усе мы зямляне. Зямля ў нас адна, яна агульная. І мы маем радасць суіснаваць на ёй. Таму, беручы ў прыроды, мы абавязаны захоўваць яе багацці і павялічваць іх. Беручы - аддаваць. (153 словы)

Паводле Я. Сіпакова

СКЛАДАНАЗЛУЧАНЫ СКАЗ

На зыходзе дня

Дзень канчаецца. Заходзіць сонца. Яно свеціць мне ў твар, і я амаль нічога не бачу, а толькі чую плёскат хваль. Яшчэ гудуць мухі, а ў лугах на пясчаных выспах ужо свішчуць перапёлкі, сустракаючы блізкую ноч. Шуміць параход, і шум гэты усё набліжаецца, мацнее. Неба цямнее, сыходзіць у глыбіню, у цёмную бездань. Сонца ўжо на добрую чвэртку схавалася за небасхіл, і цяпер яно шле апошняе, развітальнае святло.

Я падымаюся на гару і, павярнуўшыся спінаю да садоў, доўга стаю. Мне не хочацца ні крануцца, ні сесці тут на ўзмежку. Адсюль, з узгорка, мне добра відаць Дняпро, неабсяжныя лугі за ім і лес на далёкім небасхіле.

Сонца заходзіць усё больш і больш. Яно апускаецца шпарка, спяшаючыся. Знікае за небасхілам - і адразу ж між зямлёй і заравам кладзецца цень.

У небе, высока ў зеніце, заміргала зорка...

Усё, дзень скончыўся. (138 слоў)



Паводле М. Лупсякова

Крыштальны звон бяроз

На дварэ сакавік. Неба цяпер празрыста-сіняе, і воблакаў на ім амаль няма. А сонца пасля зімы свеціць ярка-ярка.

Снег памалу днём растае і з шоргатам асядае, а ўначы ён пакрываецца скарынкай. Раніцай гэта скарынка цвёрдая, і па ёй нават можна ісці і не праваліцца.

Бярозы падрыхтаваліся ўжо да вясны. Пабялела бяроста, ды пупышкі на галінах пабурэлі, наліліся жыватворным сокам. Ячшэ некалькі дзён - і прачнецца бярозавік. Праткні кару - і з яе, як слязінкі, пырснуць светлыя кропелькі. Пі, чалавек, толькі не рабі дрэву вялікіх ран.

Я люблю гэты бярозавы гай. Сёння ступіў на ўзлесак і пачуў ледзь чутны крыштальны звон. Адкуль ён? Спачатку падумаў, што гэта прачнуўся пад снегам раўчук. Пасля падняў галаву і ўбачыў, што на галінах бярозы мноства тоненькіх ледзяшоў. Падзьме вецер, і яны стукаюцца адна аб адну і меладычна звіняць. Так бярозавы гай вітае вясну. (139 слоў)

Паводле часопіса «Родная прырода»

Цудоўная парá

Вясна пераходзіла ў лета. Цудоўная парá! Яшчэ не даймае гарачыня і не пацямнела, не запылілася зеляніна. Куды ні пайдзі, (-) усюды кветкі. Адно толькі што адцвіло, а другое цвіце, п'яніць сваім пáхам, чаруе колерам; ды і трэцяе збіраецца зацвісці. Вечарамі, ціхімі і празрыстымі, гаркава патыхае лістотай. Лёгка на душы, вольна. І так хочацца абняць увесь гэты прастор, увабраць у душу прыгажосць зямлі, каб потым, увосень і зімой, піць з крыніц памяці гэты водар, гэты бальзам, як п'ём чай, завараны на зёлках лугоў і палёў.

Віталь ішоў лясной дарогай і збіваў палачкай з леташняй травы яшчэ не з'едзеную сонцам расу. З аднаго боку стаяў перамешаны з асінамі малады сасняк, а з другога - такі ж малады, густы бярэзнічак. Лісце на дрэвах было ярка-зялёнае, яшчэ пяшчотнае, клейкае, і пахла яно прыемнай гаркавасцю. Урачыста выглядалі дзяўчаты-бярозкі і клёны-падлеткі ўсцяж дарогі. Празрыста-блакітнае паветра, лёгкае і духмянае, здавалася, калыхалася ад птушынага спеву. На душы - спакой і раўнавага. (153 словы)

Паводле А. Цяжкага

Дзіўныя кветкі

Вёска патанала ў зеляніне садоў, але галоўным упрыгожаннем гэтай прырэчнай вёскі былі не сады, а незвычайныя для гэтай мясцовасці кветкі. Амаль ва ўсіх агародчыках цвілі чырвоныя, жоўтыя, ружовыя, пунсовыя, аранжавыя, крэмава-белыя цюльпаны. Стракатыя кветкі выціснулі з грáдак лілеі і півоні, касачы і вяргіні. Пад вокнамі кожнай хаты ківаліся тугія бутоны. Яны ў сонечны дзень раскрываліся,(-) і тады ад іх нельга было адвесці вачэй.

Цюльпаны зрабіліся самымі любімымі кветкамі тутэйшых гаспадынь. Заморскія кветкі добра ўзраслі на гэтай зямлі, красаваліся пад нязыркім сонцам, закрываліся ў непагадзь. Іх было так многа, што яны нават вылазілі на сцежкі, дзе-нідзе хіліліся пад ногі.

У некаторых гаспадынь цюльпаны расцвіталі проста незвычайныя. Адны, напрыклад, былі пярэстыя, двухколерныя, з доўгімі жоўта-чорнымі венчыкамі. На другой градцы цвілі жоўтыя-жоўтыя, бы зоркі ў-ясным небе, кветкі, а на трэцяй распусціліся амаль чорныя. Менавіта з іх дзівіліся людзі. Пас чорных цюльпанаў у жоўтай ад сонца рацэ здаваліся проста цудам. (150 словў)



Паводле А. Кажадуба

Горад з яшмы

Мсціслаў сустракаў нас, утульна дрэмлючы пад шчыльнай пялюшкай лістападаўскай смугі, і толькі на якіх паўгадзіны высунуў з-пад яе твар, каб павітацца.

Але гэта быў сапраўды цуд. Падняўся ўверх туман - і з Замкавай гары як на далоні адкрыўся горад з яшмы. Так, ён увесь быў нібыта вытачаны невядомымі майстрамі з агромністага кавалка гэтага каменю, які, як вядома, мае мноства адценняў. Яшма мсціслава была майго любімага, зеленавата-шэрага, колеру, з рудаватымі крапінкамі (гэта выглядвала між платоў і сцен змоклае апалае лісце). Свінцовае неба над горадам і такая ж стужка ціхаплыннай Віхры, што адмыслова апаясвае Мсціслаў, у той дзень яму вельмі пасавалі, як удала падабраная да каштоўнай аздобы сціплая сукенка.

Улетку горад, напэўна, малахітавы пасля дажджу і смарагдавы ў сонечных промнях. А ранняй восенню - залаты. Прыедзьце ў Мсціслаў зімой, і, можа, вам пашанцуе ўбачыць дыяментавы горад.

Цуд, згадзіцеся, можна ўбачыць усюды. Галоўнае - жыць яго прадчуваннем, хацець яго ўбачыць. Нават у туманным паўзмроку няласкавага лістапада. (153 словы)

А. Ляўковіч

Ручай

Надвор'е стаяла сухое, але ручай не сумаваў. Ён гуляў на сонцы, пераскокваў праз каменьчыкі. Часам знікаў з вачэй, і тады я знаходзіў яго па голасе-булькатанні. Хацелася абавязкова дайсці да вытоку ручая, але ён, быццам насміхаючыся, вёў усё далей і далей у поле. Ля бярозовага гаю ён вывеў мяне да калодзежа.

Калодзеж быў неглыбокі, дагледжаны, з пясчаным дном. Я зняў з бярозавага сучка драўляны коўшык, зачарпнуў вады і, напіўшыся, адразу адчуў незвычайную бадзёрасць. Прылёг у цяньку бярозы. Праз хвіліну, гледзячы ў прасвет між дрэў, убачыў на зрубе калодзежа верабейчыка. Той прыпаў да вадзянога струменьчыка, зрабіў некалькі глыткоў, пачысціў дзюбку і, цвыркнуўшы, нéкуды паляцеў.

Я устаў, падышоў да калодзежа і ўбачыў на вільготным пяску мноства птушыных слядоў. Відаць, усе птушкі ведалі пра крынічку і часта прыляталі сюды падлячыцца ад хвароб або адпачыць у цяньку ці пакупацца ў ручаі. (137 слоў)



Паводле В. Хліманава

ПРОСТЫ ЎСКЛАДНЕНЫ СКАЗ

Палітра мáя

Невычэрпная маляўнічая палітра мая. Зялёны і блакітны, жоўты і аранжавы, сіні і пунсовы - усе колеры ўвабраў у сябе гэты паэтычны месяц. Яшчэ нядаўна дрэвы і кусты стаялі аголеныя, а вось ужо светла-зялёныя лісточкі радасна шапацяць. Пасля кароткага цёплага дажджу зазелянелі бярозкі. Тонкія галінкі густа ўнізаны дробнымі лісточкамі. І паветра ў бярэзніках свежае, духмянае.

Апрануўшыся ў зялёны ўбор, цвітуць беластволыя дрэвы, а майскі ветрык, страсаючы суквецці, клубіць пылком у прыгожа прыбраных зялёных кронах.

На кожнай галінцы маладзенькай елкі віднеюцца ярка-жоўтыя кветкі-ліхтарыкі. Сасна, сваячка елкі, прыбралася ў далікатныя аранжавыя шышачкі. Пры нязначным подыху ветру з яе ўзнімаюцца воблачкі белага пылу, прыпудрываючы навакольную зямлю, дарожкі, лужыны. Чаромха пакрылася пахучымі белымі кветкамі, сабранымі ў гронкі. (113 слоў)



Паводле А. Курскова

Вуліца розных настрояў

Па адзін бок вуліцы выстраіліся, як салдаты на парадзе, новыя хаты, абгароджаныя белым штыкеінікам. Ён яшчэ не паспеў счарнець ад дажджоў. Заходзячы, сонца зазірне ў кожнае іх акно і, палыхнуўшы пажарам, зойдзе за далёкі лес.

Па другі бок вуліцы за пазелянелымі частаколамі стаяць старыя хаты. Яны пазіраюць на свет скрозь густое голле садоў цьмянымі невялікімі вокнамі.

Паглядзіш на адзін бок вуліцы і ўбачыш вясёлае зіхценне шкла. Яно адваявала шмат месца, адкрыла людзям свет з чатырох бакоў. Паглядзіш на другі. Там зацятая панурасць глухіх сцен. І на момант страціш адчуванне рэальнасці. Здаецца, нехта знарок вылепіў такі канстрастны, надта падобны на жывую сапраўднасць макет, каб паказаць розніцу паміж учарашнім і сённяшнім днём. Рэдка даводзіцца бачыць граніцу часу, так выразна праведзеную па самай паверхні жыцця... (125 слоў)



Паводле В. Палтаран

Родныя краявіды

Незвычайнай, нейкай новай з выгляду здавалася зараз яму Беларусь.

Магутныя рэкі з мноствам прытокаў - гэта своеасаблівыя галінкі, атуліўшыя аблюбаваную імі зямлю. Галінка Прыпяці і Бярэзіны, Дняпра і Сожа... Дзвіна ўвагнулася кронай, жадаючы не абмінуць, аздобіць паболей паўночную частку краю. Нядрэнна прыдумана ўсё гэта нейкім нябачным творцам. Проста і адначасова шчодра, з пяшчотай зроблена.

Паклапаціліся зямныя майстры-дэкаратары і пра тое, каб не было сумнай аднастайнасці ў краявідах. Чаму серабрыцца павінны толькі галінкі-рэчышчы? А хіба шматлікія ўпадзіны, сведкі грукату вулканаў ці скрыгату ледавікоў, не варты таго, каб блішчаць рознафігурнымі пацеркамі? Варты! І вось тысячы азёраў, як крыштальныя расінкі, абтрэсеныя з галінак, парассыпáліся тут і там. Сціплыя, задуменныя, яны лагодна зіхацяць пад сонцам.

Хвалістымі плямамі выступаюць курганы і пагоркі, шмат дзе ўтвараючы суцэльныя ўзвышшы. (127 слоў)

         Паводле П.Ткачова



Жыццё ў вадаёме

У цёплы летні вечар над вадой снуюць падзёнкі, падобныя да вялікіх камароў. Падзёнкі - прывабная здабыча для рыбы. Акунí, плоткі, язí, ляшчы выскокваюць з вады, на ляту хапаючы падзёнку ў паветры.

У ціхай, прагрэтай сонцам вадзе плаваюць залацістыя карасі. Яны кормяцца лічынкамі камароў і вадзянымі раслінамі. На карасёў і іншых невялікіх рыбак палюе зубасты драпежнік шчупак.

Маладыя акуні чародкамі плаваюць між трысця, а буйнейшыя шукаюць здабычу ў глыбокіх мясцінах, хапаючы без разбору ўсё, што можна праглынуць: дробных рыбак, і чарвякоў, і насякомых, і рачкоў...

На самым дне вадаёма ляжыць, як калода, вусаты сом. Ён падпільноўвае тут здабычу. Гэтая вялізная, тлустая і непаваротлівая рыбіна можа праглынуць нават кáчку. Тут жа, на дне, корпаючыся ў глéі ці хаваючыся ў зарасніках, праводзіць час і лянівы лінь. (125 слоў)

Паводле В. Вольскага

Васількі

Сонечны летні дзень. Срэбна-зялёнаю хваляй гайдаецца, шэпчацца з лагодным ліпеньскім ветрыкам жыта. А на мяжы поля - блакітныя кропелькі васількоў. Як жа вярнуцца дамоў без букеціка мілых, знаёмых з дзяцінства красак?

У нашы дні васількі, ці валошкі, як іх называюць у некаторых мясцовасцях, сустракаюцца ўсё радзей. Яны даўно залічаны ў шматлікае войска пустазелля. З гэтым войскам людзі змагаюцца штогод, інакш не атрымаць багатага ўраджаю збажыны або карняплодаў. Але не хочацца, каб васількі зусім зніклі з нашых палеткаў...

Паводле легенды, Ісус Хрыстос, ідучы палявой дарогай, вучыў сваіх спадарожнікаў Пятра і Паўла: «Добра быць коласам, але шчаслівы той, каму давялося быць васільком».

Калісьці з пялёсткаў васількоў гатавалі адвар, які дапамагаў пры хваробе вачэй. Напэўна, асабліва карысны гэты адвар тым, хто не заўважае і не шануе Хараство. (124 словы)

Паводле У. Ягоўдзіка

Майстра жывапісу

Творчасць Віталя Канстанцінавіча Цвіркі, народнага мастака Беларусі, - цэлая эпоха ў мастацкім жыцці нашай краіны. Яна, сцвярджаюць спецыялісты, увабрала ў сябе лепшыя дасягненні як беларускага, так і сусветнага мастацтва.

Чалавек няўрымслівага таленту, паэт і рамантык, Віталь Цвірка заўсёды ў творчым пошуку. З эцюднікам у руках мастак абышоў самыя аддаленыя куткі Беларусі. Яго пейзажы кранаюць гледача глыбокай пранікнёнасцю, вялікай жыццёвай сілай і адухоўленасцю. Хочацца блукаць па заснежаных палях, любавацца хараством восеньскіх узлескаў, кранутых лёгкай пазалотай, або ўглядацца ў бяскрайнія прасторы.

Прыхільнікі яго таленту, сустракаючыся з творамі майстра, ніколі не бываюць абыякавымі. Разам з мастаком яны то радуюцца сакавіцкаму сонцу і першай зеляніне, то падарожнічаюць па берагах Нарачы, Бярэзіны або Свіслачы, то любуюцца цудамі прыроды: блакітам нябёсаў, спякотным летнім днём і стракатасцю залатой восені... (123 словы)


Паводле П. Карнача


Берагам Нёмана

Дарога павярнула ўлева, шчыльней тулячыся да прыгажуна Нёмана. Падыходзячы да лесу, той апісваў вельмі зграбную лукý. Яна выглядала старасвецкім садам, у якім замест пладовых дрэў раслі разложыстыя, дуплястыя дубы, убраныя чорнымі шапкамі буславых гнёздаў. Часам гэтыя гнёзды здаваліся нейкімі дзіўнымі падвескамі над дубамі.

Не даходячы да лукі, выгнуўшыся яшчэ раз каля лесу вельмі прыгожаю дугою, Нёман забіраў управа, пралёгшы бліскучаю стужкаю паміж лугамі і полем. На адным канцы другі стаялі кучаравыя пышныя хвоі, звесіўшы над вадою махрыстыя галіны і аплёўшы пясчаны бераг цэлаю сеткаю карэння. За імі пачыналіся маладыя баравіны, перамешныя са старым лесам. З зялёнага мора маладога хвойніку то тут, то там высока ўзнімаліся парасоны-верхавіны хвой-старадрэвін. Яны, здавалася, аглядалі прасторы сваёй маладой змены, цешачыся і яе размахам, і сакавітай жыццёвасцю. (126 слоў)

Паводле Якуба Коласа


Крылатае насельніцтва пушчы

Красавіцкім ранкам вы абавязкова пачуеце ў пушчы спеў глушца. Ён такуе на суку высокага дрэва на досвітку. Вакол цёмна, лес яшчэ не абудзіўся. Звесіўшы крылы ўніз, распускае хвост веерам і выцягвае наперад шыю, а галаву задзірае ўгору. Такуючы, ён нічога не чуе, нічога не заўважае. Разам з зубрам гэты дзікі лясны певень з'яўляецца жывым прадстаўніком ледавіковага перыяду.

Нямала ў белавежскіх лясах цецерукоў, рабчыкаў, курапатак, а на рэчках, балотах - дзікіх кáчак жораваў, буслоў... у непраходнай глушэчы гняздзіцца на векавых дрэвах рэдкі птах - чорны бусел.

Вясною і ў пачатку лета Белавежская пушча поўная жыцця, птушынага спеву. Непадалёк ад лясных рэчак выводзіць свае чароўныя трэлі сціплы начны спявак салавей. Гарэзна свішчуць шпакі, спяваюць берасцянкі, чыжы, шчыглы, дразды... З ранку да вечара не змаўкае шматгалосы птушыны хор. (125 слоў)



Паводле В.Вольскага

СКАЗЫ З СІНТАКСІЧНАЙ КАНСТРУКЦЫЯЙ ЧУЖОЙ МОВЫ

Набліжэнне да Багушэвіча

Аддаляючыся ад нас па часе, асоба Францішка Багушэвіча набывае ўсё большы маштаб і асаблівую веліч. Паэт вылучаецца не толькі мужнасцю і духоўнай цэласнасцю, але і ўсведамленнем сваёй беларускасці, праналежнасці да роднага слова, якое стала сэнсам яго жыцця і творчасці.

Юрыст па адукацыі, ён вельмі добра бачыў бяспраўе і безабароннасць чалавека і народа перад палітычным уціскам і нацыянальным прыніжэннем. «не надта свабодна ў тэтай свабодзе», - так адным паэтычным радком пісьменнік выказаў разуменне гістарычнай драмы беларускага народа.

Пра непадкупнасць, сумленнасць і дэмакратызм адваката Багушэвіча яшчэ пры яго жыцці хадзілі легенды. Аднойчы ў час працэсу падсудны - стары чалавек, якога абвінавачвалі ў злачынстве, што не выклікала маральнага асуджэння, - папрасіў дазволу перасесці з лаўкі падсудных на іншае, больш адпаведнае сумленнаму чалавеку месца. суд не дазволіў. Тады Багушэвіч падняўся са свайго месца адваката і сеў побач з падсудным.

Паэт Рыгор Семашкевіч так сказаў пра Багушэвіча:

На ўсю Беларусь мільён пракурораў

І толькі адзін, толькі ён адвакат. (153 словы)

Паводле Л. Тарасюк

Вясновыя ўражанні

Памятаю, як мы з Мальвінаю ішлі па лясной караністай дарозе. Усюды рыжэла прымятая снегам трава, чарнела збуцвелае леташняе лісце. У лагчынах было бела ад кураслепу. Маладыя бяроўкі не ўтрымаліся ад спакусы, каб не пафарсіць у сваіх летніх абновах. Старыя дрэвы не спяшаліся, бы нечага чакалі. У гушчэчы нясмела крычала першае «ку-ку» зязюля.

Ля самай дарогі, пад тоўстай, карыстай бярозай, мы натрапілі на невялічкае дубовае карытца, поўнае бярозавіку, і ўзрадаваліся, як дзеці. Навыперадкі пусціліся да балацявіны, вырвалі па чорнагаловіне і праз іх пілі гэты чысты, як сляза, сок вясны.

- Косця, - сказала Мальвіна, - табе не здаецца, што такі смачны бярозавік мы п'ём першы раз?

Я адказаў, што ўпэўнены ў гэтым.

Потым мы збочылі з дарогі і пайшлі лесам. Пад нагамі блытаўся зялёны ягаднік. Мы спусціліся ў лагчыну і спыніліся, уражаныя: на брснічных палянках сям-там чырванелі ягады, буйныя і сакавітыя. Яны прабылі зіму пад снегам і не толькі не сапсаваліся, а яшчэ болей пасмачнелі. (153 словы)



Паводле Б. Сачанкі

Лёнькавы памылкі

У нашай школе на сцяне вісела карта паўшар'яў. Аднойчы, калі нікога не было ў класе, Лёнька яе размаляваў.

На пакрытай жоўтай фарбай Афрыцы з'явіліся цыбатыя страусы, даўгахвостыя павіяны. Там, дзе, паводле нашага ўяўлення, бушавалі вятры Паўночнага Ледавітага акіяна, застылі ў святочных манішках пінгвіны. У тым месцы, дзе выцягнуўся трохкутнік Індыі, Лёнька намаляваў слана і кенгуру.

У клас сталі заходзіць вучні. Здзіўленыя і разгубленыя, яны спыняліся перад картай. А Любка-паклёпніца памчалася ў настаўніцкую, каб сказаць, што Лёнька псуе карту.

Зазваніў званок. У клас зайшоў Васіль Пятровіч. Ён пакул не глядзеў на карту, што вісела за яго спінай, але мы адчувалі: настаўнік усё ведае. Толькі на трэцім уроку, калі была геаграфія, Васіль Пятровіч уважліва агледзеў карту і, звяртаючыся да нас, сказаў:

- Паглядзіце, дзеці, і скажыце: якую памылку дапусціў наш Лёнька?

- Кенгуру водзяцца ў Аўстраліі, - растлумачыла з задняй парты Любка.

- А пінгвіны жывуць у Антарктыдзе, - дадаў нехта.

- Вось бачыш, Леанід, - з дакорам прамовіў настаўнік. (153 словы)

Паводле М. Даніленкі

Тут нараджаюцца паэты

Якое ж прыгожае возера Свіцязь! Многіх таленавітых людзей натхніла яно на творчасць. І ў першую чаргу - нашага славутага земляка, генія сусветнай літаратуры Адама Міцкевіча.«Між дрэў, бы ў вяночку, адкрыецца воку там возера Свіцязь, як дзіва», - пісаў ў тысяча восемсот дваццатым годзе паэт.

Сёння возера Свіцязь з навакольным лесам аб'яўлена помнікам прыроды: там расце мноства рэдкіх парод раслін і дрэў, якія нават занесены ў Чырвоную кнігу. За выключэннем возера Рыца і азёр Швейцарыі, Свіцязь - самае прыгожае ў Еўропе. Улетку, у сонечны дзень, возера іскрыцца то срэбрам, то пазалотай. Дзівоснае і чароўнае, яно захоўвае ў сабе многа таямнічага, нязведанага, асабліва ў ціхі вячэрні час, калі ў сасновым бары, нібы па ўказцы дырыжора - барадатага дуба, што расце недалёка ад берага, - узнікае цудоўная мелодыя салаўінага канцэрта.

Прыйдзе сюды неабыякавы чалавек - адразу стане зразумела, што гэта якраз і ёсць той казачны куточак беларусі, дзе нараджаюцца сапраўдныя паэты. (145 слоў)



Паводле Я. Сіпакова

 

Першы прымаразак

Поўдзень быў сонечны і па-вераснёўску цёплы, без ветру. Пад вечар пацягнула прахалодай. «Няўжо на марозік?» - мільганула ў мяне думка.

Ноччу адзін бок месяца свяціўся надзвычай ярка. Здавалася, яму дапамагалі сваім зіхаценнем блізкія і далёкія зоркі.

Першы прымаразак хацелася ўбачыць раненька-рана. Да ўсходу сонца было яшчэ далёка, а нёманскае люстэрка пачало засцілацца шэраю павуцінай. Яна ўсё павялічвалася, і неўзабаве рака схавалася ў тумане, што слаўся, як дым, на Нёман, на луг.

На ўсходзе зніклі зоркі і чырвань, нібы ад далёкага пажару, пафарбавала небасхіл. Маладая атава на занёманскіх мурожных сенажацях, яшчэ ўчора зелянюсенькая, пакрылася шэранню. Яна даволі гучна шуршала пад нагамі, аж напалоханыя санлівыя кулікі то там, то сям з крыкам узляталі з-пад кустоў.

Праз момант промні чырвонага сонца зазіхацелі на пабеленай траве, надаючы ёй незвычайную прыгажосць. «Можа, гэта першая рэпетыцыя зімовай казкі?» - падумаў я і азірнуўся навокал.

Будзе цудоўны сонечны дзень. (142 словы)

Паводле Я. Крамко

СКАЗЫ СА ЗВАРОТАМІ, ПАБОЧНЫМІ КАНСТРУКЦЫЯМІ, ПАРАЎНАЛЬНЫМІ ЗВАРОТАМІ

Тураў

Паводле летапісу і мясцовых паданняў, Тураў атрымаў сваю назву ад нейкага князя Тура, які нібыта заснаваў горад у дзевятым стагоддзі.

Гэта паселішча дрыгавічоў, як мяркуюць вучоныя, існавала задоўга да княжання Тура. Магчыма, яно мела тады якую-небудзь іншую назву. Пазней тут была насыпана штучная гара, а на ёй пабудаваны вялікі і добра ўмацаваны абарончымі прыстасаваннямі зáмак. Новы горад пачалі называць Туравам, па імені мясцовага князя.

Некаторыя даследчыкі выказвалі думку, што назва горада паходзіць ад назвы дзікага першабытнага быка - тура (ён існаваў у часы Кіеўскай Русі, а потым вымер. Здаецца, няма падстаў прымаць такое меркаванне. Па-першае, мы маем сведчанне летапісца, што ў горадзе княжыў Тур, ад яго мясцовыя жыхары пачалі называцца тураўцамі. Па-другое, назвы страдаўніх гарадоў часта паходзяць ад імёнаў іх заснавальнікаў. (121 слова)



Паводле В. Вольскага

Беражыце прыроду

Уся прырода і самая маленькая яе частка: дрэва ў скверы, рамонкавая паляна сярод дамоў новага мікрараёна - усё гэта належыць чалавеку. Чалавек, як кажуць, з'яўляецца гаспадаром прыроды, цудоўнай натуральнай аздобы зямлі. Калі мы гаспадары, то і абаронцы. Бо нельга, згадзіцеся, толькі валодаць, не плацячы за дабрыню дабрынёй. Бяздумна спілаваная таполя, знішчаны сад, прынесены з прагулкі вялізны букет лясных або палявых кветак, вылаўлены рыбны маладняк у рачулцы - усё гэта прыносіць шкоду навакольнаму асяроддзю, змяншае прыродныя багацці. А яны, на жаль, далёка не бязмежныя. У вялікіх гарадах і побач з імі гэта праблема стаіць, як вядома, надзвычай востра.

Ніякімі дэкрэтамі і законамі, дарагія сябры, не абмежаваць прыроду ад знішчэння, калі кожны з нас не ўсвядоміць простай ісціны. Робячы шкоду навакольнаму асяроддзю, мы шкодзім найперш самім сабе. (126 слоў)

Паводле часопіса "Пралеска"

Гімн шчасцю

Маша сядзела на ўзлеску бярозавага гаю. За спінай і над галавой ледзь чутна шалясцелі лісцем маладыя бярозкі, а наперадзе стаяла высокая нерухомая сцяна жыта. Па небе павольна, не спяшаючыся, плыў няпоўны месяц, зрэдку ныраў за белаватыя воблакі і зноў з'яўляўся, здавалася, задаволена і хітра ўсміхаўся, нібы гаварыў: «Ну не, ад мяне вы нідзе не схаваецеся».

А ў гаі, белым ад чысценькіх сукенак бярозак-фарсух, заліваліся салаўі. Іх тут быў, відаць, цэлы ансамбль. Яны то зладжана, нібы пад палачку дырыжора, выводзілі свае звонкія, густыя трэлі, то раптам заліваліся паасобку, паказваючы свой спрыт, сваю здольнасць і, магчыма, яшчэ нешта большае.

Даўно ўжо Машы не даводзілася чуць салаўінага спеву. І яна слухала з захапленнем, заварожаная, аглушаная чароўнай мелодыяй.

Гэты спеў гучаў як гімн яе шчасцю. (123 слоў)

Паводле І. Шамякіна

Шчаслівая ўсмешка лета

На пачатку лета не крануты касою луг нібыта казачнае царства кветак. Якіх толькі красак тут няма!

Вунь усміхаюцца бела-жоўтыя рамонкі. Побач з імі - лугавыя васількі з пяшчотнымі ліловымі пялёсткамі. Здалёку мільгаюць чырвонымі іскрынкамі смолкі. А каля белай і ружовай канюшыны танцуюць нястомныя матылькі і пчолы...

Раптам аднекуль з лясной паляны шугануў на лёгкіх крылах вецер-свавольнік, дыхнуўшы прыемнай салодкай прахалодай. І ўсе да адной кветкі яму дружна пакланіліся. А над раздольным, бяскрайнім лугам паплыў срэбраны перазвон, ціхі і мілагучны.

Міжволі азірнешся, каб убачыць дзівосны аркестр. Ён жа, здаецца, зусім побач! Ага! Вунь ён рассыпаўся ў густой, высокай траве фіялетавымі кропелькамі.

Званочкі, мілыя званочкі! Не злічыць, колькі прысвечана вам мастацкіх твораў: цудоўных паэтычных радкоў або палотнаў славутых жывапісцаў. Вы - шчаслівая ўсмешка такога кароткага лецейка. (125 слоў)



Паводле У. Ягоўдзіка

Сінія жылкі на карце

Наша з вамі зямля, можна сказаць, сочыцца вадою. Крыніцы, азёрцы, балоты, ручаі, рачулкі, магутныя рэкі і азёры. Мая асабістая карта рэк уся пранізана сінімі жылкамі, мабыць, гусцей, чым плоць чалавека капілярамі. Такіх рэк на карце Беларусі дзве тысячы дзевяцьсот.

Першымі адчуваюць подых вясны Прыпяць і Нёман. Пасля - Дняпро, а толькі потым - Дзвіна з прытокамі. Гарматны грукат ляціць тады над ракою. Ільды спачатку пасоўваюцца, пасля ідуць трэшчынай, ламаюцца. Крыгі грувасцяцца адна на адну; вокамгненна ўзнікаюць і так жа хутка бурацца ледзяныя зaмкі, вежы, валы. Ледзяныя гмахі рвуць берагі, калоцяць іх. Рацэ досыць ледзянога прыгону. Яна хоча дыхаць, вольна каціць свае воды, без перашкод адбіваць у сабе сіняе неба і сліпуча белыя веснія аблокі.

У асноўным на пачатку красавіка рэкі ўжо чыстыя. (124 словы)



Паводле У. Караткевіча

Сведка часу

Нізкі паклон табе, Заходняя Дзвіна!

З далёкіх узгор'яў, ад пачатку магутнай Волгі і імклівага Дняпра, нясеш ты, іх родная сястра, свае воды да сівагрывай Балтыкі. Крыштальныя крыніцы і быстрацечныя рэчкі поўняць тваю неўгамонную сілу. Няспынна імкнеш ты ў таямнічую далячынь.І плюскочуць хвалі, і б'юць крыніцы. І абліччы прыбярэжных гарадоў і вёсак адбіваюцца ў тваёй плыні. Гамоняць лясы на крутых берагах, а па адхонных схілах гуллівымі чародкамі збягаюць бярозкі.

Не злічыць стагоддзяў, што прашугалі над табой, зніклі ў сівізне мішуўшчыны. Сведкам якіх толькi падзей не была ты! Колькі крыві і слёз людскіх, радасці і гаркоты жыцця прынялі твае воды! А ты, сведка нязмернага часу, плывеш і плывеш, убіраючы ў сябе і добрае, і благое. І гоман тваіх хваль падобны да спрадвечнай, бясконцай песні. (124 словы)



Паводле Т. Хадкевіча

Зімовыя дарогі

Выпаў першы снег. Белай коўдрай улёгся ён на палеткі, лугі, рэкі і азёры, апушыў стрэхі, выбеліў вуліцы і пагоркі, павіс баваўнянымі камякамі на голлі дрэў, на парканах і кустах. Прэсна запахла першай зімовай свежасцю. І дыхалася неяк асабліва бадзёра і лёгка. Жвава і ахвотна трухае па першым зазімку конь, запрэжаны ў яшчэ не аб'езджаныя сані.

Лейцаў з рук не выпускай, яздок! Пракладаецца першы след па новай саннай дарозе. Лёгка і мякка слізгаюць палазы, пакідаючы за сабой на некранутай белі дзве раўнюткія паласы. Потым, дружа, праедзе па тваім следзе безліч падарожных. Утопчацца і разатрэцца шырокая дарога. Тады па ёй можна будзе ехаць і не кіруючы канём. Цяпер жа можаш кіраваць у любым напрамку, абы прама, абы не скрывіць, не заблытацца. Іначай другія па ёй не паедуць. Пасмяюцца і пракладуць новы след. І суджана будзе яму стаць торнай дарогай.

Зімовыя дарогі! Усе вы пракладаецеся па цаліку. Адны шырэюць у буйныя шляхі, другія застаюцца ледзь значнымі. (155 слоў)



Паводле М. Машары

Над Дзвіною

Спярша гэта была бяскрыўдная хмурынка на небасхіле. Хутка яна пачала гусцець, расці і шырыцца. Неўзабаве край хмары, нібы вялізнае воранава крыло, прыкрыў сонца, павіс над горадам. Пранёсся раптоўны парыў ветру, закруціў пыл на вуліцах і сціх гэтак жа раптоўна, як і ўзняўся. Прыціхла і ўсё ў наваколлі. І тады бліснула маланка, скаланулася ад грому паветра, лінуў спорны дождж.

Але навальніцы ўлетку імклівыя і кароткія. Хмара, аддаўшы ўямлі належнае, пасвятлела, разарвалася на шматкі. Дождж парадзеў. Неўзабаве з блакітнага прасвету выглянула сонца, а над Дзвіною, злучаючы яе берагі, паўстала, бы казачная дуга, у сваіх сямі колерах вясёлка. Знізу яна прасвечвалася, і круча на тым баку з кустамі і маладым сасняком на схіле была быццам падфарбавана лёгкімі мазкамі мастака. (118 слоў)

Паводле Т. Хадкевіча

Першы снег

Раніцай пайшоў першы снег...

Мы вярталіся са школы, а снег не пераставаў буйнымі пушынкамі сыпацца на дол. Кругом было прыволле белах палёў і прастораў. Мае сябры крычалі пра санкі, пра лыжы. Мы кідаліся снежкамі і смяяліся. Нам было весела разам з табой, мяцеліца. І мне ад радасці, помню, хацелася спяваць пра снег, пра зіму...

Зіма, зіма! Ідзі хутчэй, сцялі снягі на поле, на дарогі, на нашу вуліцу! Сып, мяцеліца, круці гурбы, каб я зноў даставаў шапкай дрэвы. Вось якія яны высокія, а заўтра мы памераемся! Ідзі, зіма-матуля, каб я хутчэй пабольшаў, каб я падрос!

Вось так думалася мне ў той дзень, калі выпаў першы снег. Я сэрцам адчуў, што нешта перажыў, а сустракаю хоць знаёмае, але штосьці такое новае-новае.... (121 слова)

Паводле І. Грамовіча

СКАЗЫ З АДАСОБЛЕНЫМІ ЧЛЕНАМІ

Хата на краі вёскі

На шырокай паляне, акружанай з трох бакоў лесам, маляўнічым парадкам стаяла шэсць хат.

Самая крайняя ад поля хата была новая і няскончаная. Вокны ў ёй былі забіты дошкамі наглуха, ніякай агароджы каля яе. Спарыш і трыпутнік буялі навокал не абжытай яшчэ будыніны. Гэтая расліннасць, мокрая і прыціснутая восеньскім холадам, усё яшчэ гусцілася і ўпарта зелянелася.

Ганка пры новай хаце з забітымі вокнамі таксама не было. Парог у сенцы быў высокі. Падмуроўка была зроблена з роўна складзенага вялікага камення, замацаванага цэментам і абсыпанага жвірам. Бярвенне было здаровае, смольнае. Сцены са спілаваных дошак выгароджвалі ў хаце кухню і шырокую бакоўку. Дробныя трэскі, рассыпаныя ўсюды, гнілі і зарасталі травою. Жытло пуставала. (112 слоў)



Паводле Кузьмы Чорнага

Песня ляснога жаваранка

Над ускрайкам лесу зазвінела песня ляснога жаваранка. Ён першы тут вітаў надыход дня, і песня разлілася ў маўклівым паветры звонам тонкага дарагога металу. Яна напоўніла сабою ясна-сінія разлогі надзем'я і глыбокую цішыню зямлі, агорнутай затоена-радаснай задуменнасцю. Усё навокал знямела, зачараванае цудоўнымі тонамі песні гэтага вольнага песняра ўзлескаў і пясчаных пустак між лесу. Птушка снавала высока ў небе і раняла мяккія ласкавыя мелодыі, сатканыя са звону стрэбраных струн, з булькання лясных ручайкоў, з зумкання пчаліных крыльцаў, шолаху яшчэ не раскрытых красак. І ўсе гэтыя тоны вельмі ўдала спляталіся ў песні ляснога жаваранка. Яна даходзіла да самых затоеных глыбінь сэрца і калыхала самыя тонкія струны душы.(107 слоў)



Паводле Якуба Коласа

Вясновы пейзаж

Як слаўна адчуваеш сябе красавіцкім вечарам, стоячы на развілцы палявых дарог і любуючыся з узгорка неабдымным прасторам! Шырокі закат прыгожа акаймоўваецца, накладаючы пурпуровыя фарбы на край лесу.

Дзе-нідзе яшчэ ляжыць снег, але паводка ўжо адбушавала, пакінуўшы ў нізінах часовыя азёры.

Звіняць ручайкі ў вячэрняй цішы. Кажуць, што гэта вясна бразгае срэбранымі ключамі, адмыкаючы дзверцы цёплым вятрам. Ляцяць вятры з далёкага поўдня, несучы з сабой неўгамонную веснавую сілу. Скараецца перад ёю зіма, адступаючы ў невядомыя паўночныя дáлі. Наўздагон ёй імчыцца вясёлая пераклічка пералётных птушак, пяшчотны звон ажыўшых ручайкоў і шэлест маладой зелені, што пачынае шчацініцца на адагрэтых пяшчотнымі промнямі сонца мясцінах.

Паветра, прасякнутае цеплынёй і пахамі адталай зямлі, крыштальна чыстае. (111 слоў)

Паводле Т.Хадкевіча

Баброва хатка

Звычайна бабёр выбірае месца для пабудовы хаткі між карэнняў старой вольхі. Вырыўшы каля пня вольхі ямку, ён робіць сабе такім чынам дно і сценкі логава. лкі, робячыЗверху ён кладзе ачышчаныя ад кары па над логавам скляпенне і столь. Пазней на гэтыя бэлькі будзе ўкладзены лягчэйшы насціл. Яго звер лак і галін.зробіць з больш тонкіх і неачышчаных па

Узвёўшы над логавам столь, бабёр будуе вакол галерэю. Для гэтай мэты ён кладзе на верхні насціл доўгія камлюкі, перавернутыя галінамі ўверх. Тонкія канцы гэтых галін упіраюцца ў зямлю. Вакол пабудовы робіцца яшчэ адна галерэя, шчодра пакрытая ілам і зямлёй. Паклаўшы гэтыя галіны, бабёр кладзе наступныя рады галін і палак, пакрываючы іх зноў ілам і зямлёй. Так паўтараецца, пакуль хатка не будзе ўзведзена да патрэбных памераў. (124 словы)

Паводле В. Вольскага

 

СЛОЎНІК



Бэлька - драўляны, жалезны або жалезабетонны брус, які ўмацаваны канцамі ў дзве процілеглыя сцяны або ўстоі і служыць падтрымкайнасцілу (падлогі, столі і інш.)

Галерэя - тут: вузкі крыты калідор, які злучае дзве асобныя часткі будынка.

Камлюк - разм. Ніжняя частка ствала дрэва; камéль.

Скляпенне - тут: дугападобнае перакрыццё, якое злучае сцены, апоры пэўнага збудавáння.

Столь - тут: верхняе ўнутранае пакрыццё памяшкання, процілеглае падлозе.

Ранішнія птушкі

Першымі ў вёсцы прачынаюцца не пеўні, якія гарланяць з другой палавіны ночы, а птушкі.

Яшчэ не ўзышло сонца, а на вішні, скачучы па галінках, усчынаючь гамонку вераб'і. Вішня старая, разгалістая, абымшэлая. Ягад на ёй даўно няма. Няма вераб'ям пажытку, і яны проста радуюцца дню і святлу.

Потым прылятае варона, апранутая ў чорную світку. Яна, агледзеўшы падворак, садзіцца на вільчык хаты і доўга, аднастайна кáркае, нібы сварачыся на неўгамонных вераб'ёў, абудзіўшых яе. Выказаўшы сваё незадавальненне крыклівым вераб'ям, варона знікае, а на змену ёй прыбываюць сарокі. Яны прымошваюцца на штыкетніку, скачуць з калка на калок, трашчаць, мітусяцца і, расказаўшы пра ўсе навіны, пералятаюць на суседні двор, шукаючы новых слухачоў, яшчэ не чуўшых новыя плёткі.

Так пачынаецца раніца ў вёсцы. (119 слоў)

Паводле І. Навуменкі

 

У ранішнім лесе

Нерухома стаяў густы, амярцвелы лес, шчыльна прытуліўшы верхавіны да верхавін, пераплёўшы галіны, пакрытыя белай шэранню. У лесе панаваў ранішні спакой, нічым не патрывожаны. Толькі ў гушчары галін суха патрэсківаў мароз, пераскокваючы з дрэва на дрэва. Пачынала святлець. Са змроку вырысоўваліся рай, асін, скрыўленыя бярозы. Паміж іх выступалі зламаныя бустромкія камлі расшчэпленыя абломкі дрэў і спілаваныя пні з белымі круглымі шапкамі. Там-сям .былі раскіданы прыгожа скругленыя снежныя курганкі

Снег, працяты марозам, хрустка скрыпеў пад нагамі мужчын. Ішлі яны не спяшаючыся, выбіраючы найбольш глухія лясныя сцежкі, абыходзячы небяспечныя мясціны. Нечым вельмі заклапочаныя, яны ішлі моўчкі, углыбіўшыся ў свае самотныя думкі. (101 слова)

Паводле Якуба Коласа

«Чорнае золата»

Шмат карысных выкапняў у нетраў зямлі. Але ніводнаму не надаецца столькі ўвагі, як нафце. Усюды без яе нельга абысціся. Без яе спыніліся б аўтамабілі і цеплавозы, не змаглі б працаваць электрастанцыі, фабрыкі, заводы. З нафты здабываюць бензін, робяць каўчук, пластмасу, фарбы, тканіну, лякарствы, парфуму і шмат чаго іншага.

У нетрах беларускай зямлі прамысловую нафту знайшлі каля горада Рэчыца.

Мільёны гадоў таму назад Палессе было дном неглыбокага мора, багатага на дробныя жывёлы і расліны. Яны вельмі хутка размнажаліся, але і век мелі кароткі. Паміраючы, жывёлы і расліны ападалі на дно. Іх заносіла глеем. Так на працягу многіх мільёнаў гадоў. Астанкі маленькіх жывёл і раслін з цягам часу ператварыліся ў нафту.



Цяпер у нетрах Беларусі знойдзена шмат карысных выкапняў, але геолагі не спыняюць пошукаў. (124 словы)

Паводле часопіса "Пралеска"


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка