Democracy and the ethical life




старонка2/17
Дата канвертавання15.03.2016
Памер2.86 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   17

ДЭМАКРАТЫЯ I МАРАЛЬНАЯ РАЗДВОЕНАСЦЬ ЧАЛАВЕКА

13

агульнае волі, паколькі маральнасць ён звязвае са спантаннасцю, якой нішто не павінна замінаць. На яго думку, добраму грамадству пагражае не першы імпульс чалавека, які заўсёды добры, а штучныя матывы, якімі грамадства на працягу сваёй гісторыі абмяжоўвала і скажала ўласцівую яму першапачатковую накіраванасць на дабро. I канстытуцыйныя абмежаванні волі народу могуць таксама служыць прыкладам такога разбэшчвальнага ўплыву. Як і іншыя штучныя абмежаванні, якія скоўваюць прыродную чалавечую дабрадзейнасць, яны павінны быць знятыя, каб у чалавеку магло панаваць яго стыхійнае адчуванне дабра. Гэта і ёсць — у сціслым выглядзе — этычная філасофія, на якой грунтуецца бачанне Русо плебісцытнай дэмакратыі. Меркаванне Русо пра тое, якім чынам у палітыцы павінна забяспечвацца маральнасць, у корані адрозніваецца ад тэзісу, які я імкнуся развіць у гэтай кнізе. Мая мэта — давесці, што ідэя дэмакратыі, якая абапіраецца на рэальны патэнцыял чалавека, з'яўляецца ні чым іншым, як ідэяй дэмакратыі канстытуцыйнай, або, іншымі словамі, ідэяй народнага кіравання ў рамках абумоўленых законам абмежаванняў, якія немагчыма лёгка змяніць. А тое, што гэта так, вынікае з прыроды маральнай сутнасці чалавека. Адным з інструментаў пабудовы маёй аргументацыі з'явіцца аналіз канцэпцыі агульнай волі Русо. Думка Русо заслугоўвае ўважлівага разгляду, бо яна не толькі непасрэдна і апасродкавана ў значнай ступені паўплывала на станаўленне дэмакратычнай тэорыі і наогул палітычнай думкі на Захадзе, але і дазваляе зазірнуць у самую сутнасць праблем, без увагі на якія і без вырашэння якіх немагчыма пераадолець блытаніну ў дэмакратычнай тэорыі. Аддаючы Русо належнае за тое, што ён узняў пытанне аб маральным аспекце народнага кіравання, мы ў той жа час можам паказаць і шкоднасць яго ўплыву. На Захадзе ён з'явіўся піянерам таго тыпу этыкі, якая атаясамлівае прынцып маральнай дабрадзейнасці са станоўчымі пачуццямі чалавека, маральнасцю «ад сэрца», ад якой Захад так яшчэ і не акрыяў.

14

ДЭМАКРАТЬІЯ і ЭТЫЧНАЕ ЖЫЦЦЁ



Менавіта такое разуменне сутнасці этыкі ляжыць у аснове нецярпімасці Русо да ўнутраных і знешніх абмежаванняў для чалавека. Я паспрабую даказаць, што агульная воля, якой Русо заклікае аддаць поўную ўладу і поўную свабоду, не мае тых якасцяў, якія ў яе ўкладаюцца, і не можа служыць крытэрыем вызначэння правільнасці, вышэйшым за волю асобнага суб'екта і асобнай групы.

Прагучыць у гэтай кнізе і аргументацыя на карысць таго, што сёння этычнаму сумленню чалавека даецца недакладнае вызначэнне, як станоўчай сіле ў нашым імпульсіўным жыцці. Было б правільней вызначаць яго як прынцып самааналізу ці самацэнзуры і аддзяляць ад канкрэтных пачуццяў і ўчынкаў чалавека. Этычнае сумленне не дыктуе той ці іншай лініі паводзін у звычайным сэнсе, а толькі ўплывае на сам матыў, на якім грунтуюцца дзеянні. Што датычыць чалавечага імпульсу, дык сам па сабе ён ніколі не можа быць нормаю ацэнкі маральнасці, ён можа толькі больш ці менш набліжацца да гэтае нормы — у той ступені, у якой будзе спрыяць дасягненню ўсёпранікальнай мэты, якую ставіць перад чалавекам яго этычнае сумленне.

Можна давесці, што маральны прынцып самааналізу цесна звязаны з ідэяй канстытуцыялізму. Канстытуцыя і іншыя законы абмяжоўваюць волю чалавека. Ва ўмовах дэмакратыі, калі пісьмовыя ці вусныя канстытуцыйныя палажэнні рэгулююць працэдуру ўсеагульных выбараў, прадстаўніцтва ў органах улады, тэрміны знаходжання на пасадзе, падзел улады, заканадаўчую дзейнасць і г.д. і любая іх змена патрабуе шмат часу і намаганняў, адвольнасць і капрызы як усяго грамадства ў цэлым, так і асобных яго прадстаўнікоў абмежаваныя. Кіраванне грамадствам у гэтым выпадку грунтуецца не на імпульсах людзей, а на грамадскіх рашэннях, для прыняцця якіх існуе канкрэтны, адмыслова распрацаваны парадак.

Ва ўмовах дэмакратыі канстытуцыйныя абмежаванні можна разглядаць як перашкоды, створаныя народам і яго прадстаўнікамі дзеля самастрымлівання. Але навошта наро



ДЭМАКРАТЫЯ I МАРАЛЬНАЯ РАЗДВОЕНАСЦЬ ЧАЛАВЕКА

15


ду абмяжоўваць сваю свабоду дзеянняў? Русо рашуча адхіляе такую ідэю кіравання. Канстытуцыйны лад недаверліва ставіцца да бесперашкодных дзеянняў і спантанных рашэнняў, бо элемент адвольнасці, які яны змяшчаюць, пагражае духу цывілізаванага палітычнага ладу. А канстытуцыйны закон і падпарадкаванае яму заканадаўства скіраваныя як раз на тое, каб максімальна ачысціць кіраванне грамадствам ад гэтага элементу і стварыць умовы для ўзважаных грамадскіх рашэнняў. Спроба забяспечыць крытычнаму аналізу месца ў працэсе фарміравання палітыкі можа мець этычны аспект. Дзе ёсць месца для разважанняў, знойдзецца месца і для прымянення этычнай перспектывы. Я перакананы, што ў адным са сваіх аспектаў канстытуцыяналізм ёсць палітычнае вымярэнне этычнага самаабмежавання і, такім чынам, неабходная палітычная гарантыя этычнасці жыцця. Ідэя канстытуцыйнай дэмакратыі ў адрозненне ад плебісцытнай дэмакратыі Русо абавязкова ўключае ў сябе такі аспект, як асэнсаванне грамадствам неабходнасці абараніць нас саміх ад нашай жа стыхійнасці ў палітыцы. Мы павінны быць напагатове, каб перадухіліць заўчасныя, неразважлівыя імкненні і своекарыслівую адвольнасць, якая за імі хаваецца. Як індывідуум можа скарыстаць уласны адмоўны вопыт, атрыманы з маральнай слабасці, каб ніколі больш не даваць волю сваім імпульсам і заўсёды спачатку ўзважваць рашэнне з пункту погляду маралі, так і народ можа ўсвядоміць неабходнасць стрымліваць свае імпульсы, народжаныя пад уплывам моманту, дзеля ўсеагульнай карысці.

Фармальная логіка ў тым выглядзе, у якім яна выкладаецца, не змяшчае нічога, што перашкаджала б сучаснаму мысліцелю развіваць тэорыю дэмакратыі, якая б цалкам адмаўляла ці прымяншала патрэбу ў канстытуцыйных абмежаваннях. Пытанне, аднак, у тым, ці не трэба гэтую тэорыю разглядаць як пустую і патэнцыйна небяспечную мару. Такая тэорыя заслугоўвае ўвагі толькі тады, калі некаторыя рысы чалавечай прыроды разглядаюцца як не адпаведныя чалавечай істоце. У прыватнасці, такая тэорыя высвечвае



16

ДЭМАКРАТЫЯ і ЭТЫЧНАЕ ЖЫЦЦЁ

маральную недасканаласць чалавека, якую магчыма апісаць як пастаянную ўнутраную напружанасць паміж этычным сумленнем і супрацьлеглымі яму імкненнямі.

Дэмакратыя як спосаб жыцця

У сваёй спробе даць этычнае тлумачэнне дэмакратыі мы адмовімся ад стаўлення да дэмакратыі як да нібыта спрадвечна больш перадавой формы кіравання ў параўнанні з іншымі, як гэта часта падаецца на Захадзе. Тут будзе да месца нагадаць Арыстоцеля, які казаў, што ніводная форма кіравання не прыдатная для ўсіх абставінаў. Бессэнсоўна і абстрактна сцвярджаць, што толькі дэмакратычныя інстытуты легітымныя. Паводле Джона Сцюарта Міла, «людзі могуць не хацець або быць няздольнымі выконваць тыя абавязкі, якія ўскладае на іх існуючая ўлада»8. Пытанне легітымнасці розных тыпаў кіравання нельга разглядаць асобна ад таго культурнага кантэксту, да якога яны належаць. Дэмакратыя можа быць рэалізаваная ў Еўропе ці ў Паўночнай Амерыцы, але не на Афрыканскім кантыненце, дзе большасць народаў, здаецца, не дасягнула яшчэ палітычнай сталасці на тым узроўні, які патрэбны для падтрымання дэмакратыі. Сучаснаму Захаду, дзе дэмакратыя разглядаецца як натуральная форма кіравання, неабходна памятаць, што ў гістарычным і геаграфічным планах дэмакратыя, у поўным сэнсе гэтага слова, з'яўляецца, хутчэй, выключэннем, а не правілам. Мы павінны пільна сачыць за тым, каб не скаціцца да правінцыяльнага ці павярхоўнага падыходу да сродкаў, якія грамадства выкарыстоўвае для рэалізацыі сваіх палітычных патрэб.

Есць, аднак, важкія падставы разглядаць ідэю дэмакратыі як высакародную. Можна абгрунтавана даказаць, што дэмакратыя з'яўляецца, у пэўным сэнсе, вяршыняй супольнага жыцця людзей. Такі аргумент суадносіць дэмакратыю з маральнаю мэтай існавання чалавека, таму што ператварае вобраз народнага самакіравання ў мэту дзейнасці грамадства. He пагаджаючыся з усёй палітычнай філасофіяй Джона



ДЭМАКРАТЫЯ I МАРАЛЬНАЯ РАЗДВОЕНАСЦЬ ЧАЛАВЕКА

17

Д'юі, працытуем некалькі вельмі важкіх яго радкоў: «Як ідэя, дэмакратыя не з'яўляецца альтэрнатывай іншым прынцыпам супольнага жыцця людзей. Яна ёсць увасабленне жыцця грамадства, ідэал у адзіным разумным сэнсе гэтага слова: імкненне і pyxy напрамку канчатковай мэты, якая ўяўляецца завершанай і дасканалай». Відавочна, што слова «дэмакратыя» Д'юі карыстаецца ў значна шырэйшым сэнсе, які не абмяжоўваецца наборам палітычных інстытутаў і правілаў. Дэмакратыя ў вызначэнні Д'юі ахоплівае ўсю суму ўмоваў, якія існуюць у грамадстве, дзе дасягнуты рэальны кансэнсус. Канкрэтныя палітычныя структуры складаюць толькі частку больш вялікай і складанай пабудовы. Слова «дэмакратыя» прадугледжвае, што дзеля дасягнення мэты супольнага суіснавання патрэбен удзел усяго народа. Трэба адразу дадаць, што, паводле Д'юі, «дэмакратыя ў гэтым сэнсе не з'яўляецца фактам і ніколі ім не будзе»9. Можна меркаваць, што гэтае паняцце выкарыстоўваецца філосафам у арыстоцелевай манеры: рэч ці з'ява ёсць тое, чым яна патэнцыяльна можа стаць.

Прапанаванае Д'юі пашырэнне канцэпцыі дэмакратыі з вызначэннем яе як цэлага ладу жыцця з канкрэтнай канчатковаю мэтай супрацьстаўляе яго тэарэтыкам, якія адводзяць дэмакратыі абмежаваную ролю палітычнай формы без ніякай вярхоўнай мэты. Д'юі, здаецца, больш чула за іх ставіцца да таго факту, што сваю форму, моц і арыентаванасць улада будуе на імкненнях народа, якому служыць. Улада таксама з'яўляецца адлюстраваннем і імкнецца да ажыццяўлення мэтаў жыцця ў тым выглядзе, у якім іх бачаць народ і яго лідэры. Форму кіравання немагчыма вызначыць, апроч як у вольным эмпірычным выглядзе, паводле адных толькі абстрактных прынцыпаў накшталт усеагульнага выбарчага права, народнага кантролю над афіцыйнымі асобамі і мажарытарнага кіравання, паколькі іх змест можа мяняцца ў залежнасці ад сацыяльнага этасу, які іх напаўняе. Палітычны інстытут не ёсць нейкі выразна акрэслены феномен; ён складаецца са зместу дзеянняў тых,



18

ДЭМАКРАТЫЯ I ЭТЫЧНАЕ ЖЫЦЦЁ

хто выконвае яго функцыі, і тых, хто прызнае яго паўнамоцтвы. Гэтыя дзеянні ёсць праява пэўнага кцьтурнага асяроддзя ці, кажучы словамі Арыстоцеля, «рэжыму». Вызначаючы дэмакратыю праз катэгорыю супольнасці, Д'юі надае народнаму кіраванню канкрэтную мэтанакіраванасць, у параўнанні з якой і трэба разглядаць яго працэдурныя правілы.

Пашыранае вызначэнне дэмакратыі, якое дае Д'юі, дэманструе штучнасць спроб рэзка размежаваць грамадскае і асабістае жыццё. Палітолаг павінен рабіць такое размежаванне, бо яно карыснае для арганізацыі думкі і тлумачэння сваіх ідэй. Аднак, хоць у некаторых выпадках будзе сапраўды практычным вызначэнне галасавання заканадаўцы як грамадскага акту, а пакарання дзіцяці як прыватнай справы, нельга забывацца на тое, што такое размежаванне пры яго разглядзе з улікам канчатковага выніку носіць адвольны характар. Першае дзеянне ў ім адразу пазначаецца як «грамадскае», але не таму, што яно вельмі своеасаблівае, sui generis, a таму, што мае дачыненне да «кіравання грамадствам» у звычайным яго разуменні і самым прамым і моцным чынам адбіваецца на жыцці шматлікіх людзей. Дастаткова змяніць прыклад «прыватнага» дзеяння на такое, якое б непасрэдна і адчувальна закранала іншых,— і правесці размежавальную рысу стане яшчэ складаней. Можна, напэўна, сказаць, што ў адрозненне ад прыватнага дзеянне з'яўляецца грамадскім, калі яно адбіваецца на жыцці іншых людзей, але такая формула прапануе не дакладнае размежаванне, а ўсяго толькі расплывістую шкалу ацэнак10.

Такім чынам, разглядаць «кіраванне» ў адрыве ад «грамадства» значыць грашыць супраць рэчаіснасці. Кіраванне ёсць сукупнасць «прыватных» і «грамадскіх» дзеянняў і мяняецца разам з імі. Немагчыма канчаткова вызначыць, дзе канчаюцца «правілы» і «інстытуты» дэмакратыі і дзе пачынаецца культурнае «асяроддзе», — яны дынамічна ўзаемазвязаныя. Гэта два бакі аднаго і


ДЭМАКРАТЫЯ I МАРАЛЬНАЯ РАЗДВОЕНАСЦЬ ЧАЛАВЕКА 19

таго ж працэсу мэтанакіраванай чалавечай дзейнасці.

У філасофскім сэнсе Д'юіева ідэя супольнасці не беззаганная, і таму прыняць шмат якія дэталі яго погляду на народнае кіраванне немагчыма. Тым не менш яго канцэпцыя аб тым, што дэмакратыя ўключае ў сябе ідэю супольнасці, з'яўляецца каштоўнай, бо яна тым самым сцвярджае, што ў народным самакіраванні закладзены маральны абавязак і лагічная мэта, якія немагчыма ігнараваць, бо іначай гэтая форма кіравання існаваць не зможа. I хоць я не стаўлю сабе за мэту давесці, што дэмакратыя ёсць «ідэя супольнага жыцця грамадства», да такой высновы вядзе сам аналіз. Я паспрабую прадэманстраваць, што неад'емнае ад дэмакратычнага працэсу імкненне да этычнасці з'яўляецца, паводле пазычанага ў Роберта НЬбета сцвярджэння", імкненнем да супольнасці. Безумоўна, ідэя супольнасці як мэты, на рэалізацыю якой павінна быць скіраваная палітыка, з'яўляецца асноўнай у класічнай і іудзейска-хрысціянскай традыцыі. Нам давядзецца больш падрабязна спыніцца на тым, чым гэтая ідэя тлумачыцца і як яна звязаная з канцэпцыяй народнага кіравання. Я сцвярджаю, што этычнае сумленне прымушае чалавека рухацца ў напрамку, супрацьлеглым цэнтрабежным сілам суб'ектыўнай прадузятасці, адвольнасці і эгатызму. Этычнае сумленне можна апісаць як пачуццё прыналежнасці, як удзел у ажыццяўленні надындывідуальнай мэты ўсеагульнай гармоніі. Калі ж мы прызнаем, што чалавеку ўласцівыя вельмі супярэчлівыя і ўзаемавыключальныя схільнасці, дык адзіным тыпам народнага самакіравання, прыдатным, каб працаваць на гэтую мэту ў палітыцы, з'яўляецца канстытуцыйны.

Маральнасць і своекарыслівасць

Асаблівая ўвага ў гэтай кнізе будзе нададзеная этычнаму аспекту праблемы дэмакратыі. He будзе нічога дзіўнага, калі ў працэсе даследавання ў каго-небудзь узнікне ўражанне, што маральнасць сама па сабе ўжо з'яўляецца крыніцай парадку ў дэмакратыі. Каб перасцерагчы ад такога ўражан

20

ДЭМАКРАТЫЯ і ЭТЫЧНАЕ ЖЫЦЦЁ


ня і ўсталяваць цвярозы погляд, трэба зрабіць некаторыя заўвагі.

Прырода чалавека, наколькі мы можам меркаваць з гістарычнага развіцця і па нас саміх, не дае падстаў для аптымізму, што датычыцца трыумфу этыкі над своекарыслівасцю ў чалавечых адносінах. Павага да этычнай мэты жыцця ў палітыцы, хутчэй, не правіла, а выключэнне. Некаторым палітычным філосафам, сярод якіх найбольш прызнанымі з'яўляюцца Макіявэлі і Хобз, элемент чыстай улады ў палітыцы засланіў сабой амаль усё астатняе. Хобз заходзіць так далёка, што нават перавызначае мараль як імкненне да ўлады. Але якімі значнымі ні былі б іх перабольшванні, гэтыя філосафы вывелі важную ісціну, якая павінна асэнсоўвацца тымі, хто вывучае палітыку, і асабліва тымі, для каго палітыка існуе неадрыўна ад этыкі: палітыка ёсць, у першую чаргу, арэна канфліктаў, сутыкнення волі індывідуумаў і інтарэсаў груп. Можна зрабіць яшчэ адзін крок і сказаць, што жыццё наогул змяшчае элемент вайны, а ваенныя канфлікты і іншыя формы гвалту з'яўляюцца толькі адной з яго праяў. Адна з асноўных роляў кіравання грамадствам — забяспечваць мірнае ўрэгуляванне канфліктаў. Функцыя законаў, у тым ліку канстытуцый, — накіроўваць вечную вайну ўсіх супраць усіх у формы, якія робяць жыццё цярпімым. Шмат сучасных філосафаў добра ўсведамляюць гэтую функцыю ўлады. У Злучаных Штатах, дзе жывуць традыцыі Мэдзісана, цяжка забыцца пра тое, што канстытуцыя існуе дзеля кантролю і ўраўнаважвання канфліктуючых інтарэсаў. I поспех амерыканскага канстытуцыйнага эксперыменту сведчыць аб рэалізме яго погляду.

Такім чынам, нам ёсць шмат чаго пераняць у тых, хто чуйна ставіцца да сутыкнення воляў і інтарэсаў як да часткі палітычнага жыцця. Што да адмоўнага моманту такога падыходу, дык ён заключаецца ў тым, што нярэдка бачыць у палітыцы выключна вайну ўсіх супраць усіх. Калі адзінай асноваю ўлады будуць лічыцца толькі абачлівыя і прагма


ДЭМАКРАТЫЯ I МАРАЛЬНАЯ РАЗДВОЕНАСЦЬ ЧАЛАВЕКА

21

тычныя намаганні па мірнаму ўладжванню канфліктаў, калі этычная перспектыва будзе адкідацца ўбок ці страчвацца наогул, дык у выніку мы атрымаем толькі скажэнне палітычнай рэальнасці. Неяк забываецца, што калі ўрэгуляванне канфліктаў і можа быць першай і галоўнай справай урада, дык этычнае сумленне грамадзян імкнецца да большага. А маральныя імкненні чалавека таксама з'яўляюцца складоваю часткай палітычнага жыцця. I хоць часцей за ўсё ім цяжка перамагчы ў сілавых гульнях, іх прысутнасць надае палітыцы элемент вышэйшага напрамку, згладжвае вострыя вуглы ў вайне інтарэсаў і воляў і часам нават уздымае ўрад да ўзроўню пэўнай маральнай вартасці.

Этычнае сумленне чалавека не з'яўляецца абавязковым прынцыпам пабудовы палітыкі нават ва ўмовах дэмакратыі, але яно натхняе нашую волю ў напрамку больш годных палітычных мэтаў і ў пэўнай ступені абмяжоўвае іх залежнасць ад своекарыслівасці. Аб станаўленні добрага грамадства мы мяркуем паводле таго, які ўплыў у ім мае этычнае сумленне. Але і ў грамадстве, якое можна назваць цывілізаваным, своекарыслівасць не знікае цалкам. Можна сказаць, што яна тут прыручаная, прыстасаваная да мэтаў маральнага жыцця. Калі ж чалавек у дастатковай меры не ўсведамляе этычнай мэты жыцця, гэта хутка вядзе да таго, што вечная барацьба за ўладу набывае яшчэ больш агідныя формы і што цынічныя макіявелісцкія погляды на палітыку атрымліваюць новы штуршок.

Этычная тэорыя дэмакратыі, такім чынам, не мае права заплюшчваць вочы на ўплывовую і непазбежную ролю неэтычных матываў у палітыцы. Гэтыя сілы павінны прымацца ў разлік як рэалістычна мыслячымі тэарэтыкамі, так і разважлівымі палітыкамі. Апошнія, калі яны хочуць паспяхова рэалізаваць свае мэты, павінны зрабіць усё, каб прыстасавацца да гэтых сілаў і заручыцца іх падтрымкай. Такія паводзіны будуць азначаць не амаральнасць і апартуністычнасць, а адсутнасць наіўнага погляду на матэрыял, з якім прыходзіцца працаваць. Некаторыя палітыкі могуць глыбо


22

ДЭМАКРАТЫЯ і ЭТЫЧНАЕ ЖЫЦЦЁ

ка маральна ставіцца да сваіх абавязкаў, але ж калі яны не будуць гатовыя ўсвядоміць наяўнасць па-замаральных матываў у якой-небудзь з супрацьстаячых ім сіл, яны проста скоцяцца да марнага маралізавання, дарэчы, з магчымым супрацьлеглым эфектам. Ігнараваць не вельмі прыемныя палітычныя ўчынкі не маральна, а папросту неразумна. Апроч таго, можна сцвярджаць, што маральны абавязак палітыка — прыводзіць свае сродкі ў адпаведнасць з абставінамі, іншымі словамі, яго падыход да сітуацыі павінен быць прагматычным, бо гэта адзіны шлях наблізіцца да этычнай мэты. Нават самы маральны палітык павінен авалодаць майстэрствам разважлівага палітычнага аналізу, які часам называюць мастацтвам магчымага; у іншым выпадку яго намаганні будуць безвыніковыя.

3 таго, што ў любым палітычным дзеянні прысутнічае чыста прагматычны элемент — аналіз наяўных сродкаў у пэўных абставінах, — зусім не вынікае, што з вуснаў аўтара «Уладара» прагучала ўся праўда пра палітыку. Мастацтва магчымага, каб быць поўным, павінна мець і неўтылітарны, маральны змест. Каб дакладней патлумачыць гэтае сцвярджэнне, звернемся да Бенэдэта Крочэ, італьянскага філосафа і дзяржаўнага дзеяча з тонкім разуменнем макіявэлісцкага пачатку ў палітыцы. Крочэ прызнаваў, што «сродкамі дасягнення канкрэтнай мэты ў палітыцы робіцца ўсё, у тым ліку ў пэўнай ступені мараль і рэлігія», але ён жа адначасова перасцерагаў ад пераканання ў адсутнасці сувязі маральных нормаў з палітыкай. Паводле ягоных слоў, чалавек у сваім імкненні дамагчыся поспеху ў справах ёсць істота маральная і ўтылітарная адначасова. «Немагчыма ўявіць палітыка ўвогуле без этычнага сумлення. Гэта будзе тое ж, што пагадзіцца, быццам чалавек у палітыцы можа не мець нічога чалавечага»12. Чалавечае сумленне не самаўхіляецца ад палітычных спраў. Яно настойліва абвяргае ўяўленне, быццам прыватнае і грамадскае жыццё карыстаюцца рознымі наборамі этычных нормаў: «Немагчыма чыніць зло дзеля дабра, зло і дабро нераўнацэнны тавар; нашы рукі



ДЭМАКРАТЫЯ I МАРАЛЬНАЯ РАЗДВОЕНАСЦЬ ЧАЛАВЕКА

23

павінны захоўвацца ў чысціні; якасць сродкаў не павінна канфліктаваць з якасцю мэты»". Калі праўда, што неабходна заўсёды кіравацца этычным сумленнем, дык праўда і тое, што задачы палітыкі могуць у пэўных цяжкіх абставінах патрабаваць надзвычайных мер, якія знаходзяцца ў супярэчнасці з усталяванымі маральнымі прынцыпамі. Гэтае супрацьпастаўленне, па сцвярджэнні Крочэ, усяго толькі ўяўнае і заснаванае на статычным, казуістычным бачанні маральнасці. Таго, што неабходна для набліжэння цывілізаванага ладу, патрабуе, нягледзячы на звычаёвыя маральныя нормы, і сумленне. Могуць узнікаць абставіны, у якіх надзвычайныя сродкі будуць адпавядаць маральнасці канчатковай мэты. Крочэ далёкі ад таго, каб сцвярджаць, што мэта апраўдвае сродкі; гэтую формулу ён рашуча адхіляе. На яго погляд, усе сродкі добрыя пры наяўнасці добрай мэты. Сродкі, што сцвярджаюць дабро ў канкрэтнай сітуацыі, з'яўляюцца маральнымі. Палітыка мае свае асаблівыя крытэрыі карыснасці і прыдатнасці для выкарыстання, але яна далёкая ад замкнёнай і самадастатковай сферы дзейнасці. Утылітарныя здольнасці ў дасягненні мэтаў — добрая якасць для палітыка, але ён павінен заўсёды ўлічваць наяўнасць у чалавека маральнай прыроды, у адпаведнасці з якой неабходна праводзіць прагматычны разлік.

Такім чынам, мы можам зрабіць выснову, што сапраўдны дзяржаўны дзеяч ясна ўяўляе маральную мэту чалавечага існавання і будзе заўсёды імкнуцца падпарадкоўваць палітыку гэтай мэце. Ен таксама ў дастатковай ступені рэаліст, каб разумець, што маральнасць як здзяйсненне добрых учынкаў ніколі не стане законам пабудовы палітыкі. Гэты факт неахвотна, але прызнаваў нават Платон. Небеспадстаўным, магчыма, будзе палічыць, што тое ж самае меў на ўвазе Ісус, калі размежаваў Богава і кесарава. Дзяржаўны дзеяч ведае, што спадзявацца ён можа, у лепшым выпадку, на выкарыстанне своекарыслівасці ў інтарэсах рэалізацыі маральнай мэты. Пэўнае заспакаенне ён можа знайсці ў тым факце, што ў большасці выпадкаў



24

ДЭМАКРАТЫЯ I ЭТЫЧНАЕ ЖЫЦЦЁ

разумная своекарыслівасць вымушае чалавека рухацца ў напрамку маральнасці. У якасці прыкладу я хацеў бы прывесці канстытуцыяналізм, у якім, безумоўна, шмат ад умудронага вопытам эгаізму: з чыста эгаістычнага пункту погляду лепей, каб кіраваў закон, чым непрадказальны ў сваіх дзеяннях урадм. Але канстытуцыйны лад мае і этычную функцыю: ён з'яўляецца палітычным падмуркам удасканалення этычнага жыцця.

Калі хоць часткова пагадзіцца, што этыка мае ўплыў на палітыку, трэба адзначыць і тое, што чым менш у грамадстве будзе надавацца ўвагі патрабаванням этыкі жыцця, тым радзей у ім будуць адзначацца ўчынкі, прадыктаваныя разумнай своекарыслівасцю. Затуманьванне этычнага зроку прывядзе да змяншэння перашкодаў на шляху больш нізкіх схільнасцяў. Людзі будуць станавіцца ўсё менш пераборлівымі ў мэтах і сродках, і барацьба за ўладу, якая дагэтуль змякчалася цягай да этычнага, абвострыцца. Калі раней этычнае сумленне, імкненне прыносіць усеагульную карысць маглі надаваць канстытуцыі — і законам наогул — аўру годнасці і палягчаць разуменне грамадзянамі таго, што прыхільнасць да законнага парадку ў іх доўгатэрміновых інтарэсах, то зараз да законаў будуць ставіцца з меншай пашанай і больш часцей будуць імкнуцца іх парушыць, калі гэта будзе задавальняць бягучыя інтарэсы і зможа абыходзіцца бяскарна. У гэтым сэнсе можна сказаць, што цывілізаваны палітычны лад вынікае, у рэшце рэшт, з этычнага сумлення.

Сказанае вышэй робіць відавочным, што спроба даць этычнае тлумачэнне дэмакратыі абапіраецца зусім не на перабольшванне ролі маральных матываў у палітыцы. Як вядома, палітыка ёсць сфера вымярэнне канфліктаў, што падкрэсліваецца шмат кім з сучасных мысліцеляў. Факт частых спасылак палітыкаў на прынцыпы маралі можа значыць усё, апроч таго, што менавіта імі палітыкі і кіруюцца. He трэба быць цынікам, каб бачыць, што ў адзенне маралі часта пераапранута своекарыслівасць. Аднак неабходнасць

1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   17


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка