Дар’я Спірыдонава І васілёк пайшоў…




Дата канвертавання18.05.2016
Памер13.71 Kb.
Дар’я Спірыдонава

І Васілёк пайшоў…

Стаяў той асабліва прыгожы дзень, якія бываюць звычайна ў канцы жніўня месяца, калі даўно скончана жніво, звезена жыта ў гумны і над апусцелым полем дружна ўзлятаюць стайкі шпакоў – прадвеснікаў блізкае восені. Зямля здаецца лёгкай, бязважкай. Яна ўся дыхае цішай, спакоем. Усё відаць як на далоні. Выдзяляецца кожнае дрэва на шляху, і зубчаты край лесу. Нават бачыш, як трапечацца зжаўцелы ліст на бліжняй бярозе, як высока ў небе ляціць няведама куды самалётная павуцінка.

У такія дні на душы вельмі радасна. Але не ва ўсіх.

Васілёк, васьмігадовы хлапчук з кучаравымі валасамі і шэрымі маркотнымі вачамі, ціха ішоў па палявой дарозе, не звяртаючы ніякай увагі на ўсю прыгажосць. Ісці яму не было куды, таму ён проста ішоў куды вочы глядзяць. Зусім нядаўна памерла яго маці, бацьку хлопец зусім не ведаў, бо ён пакінуў іх з маці, калі Васілёк быў яшчэ зусім малы.

Невядома, колькі часу, колькі кіламетраў прайшоў Васілёк. Ён на гэта не звяртаў ніякай увагі.Часам хлопец спыняўся, каб адпачыць, а потым зноў ішоў. Некалькі разоў спрабаваў заснуць, але не мог, бо толькі засынаў, як адразу ў сне з’яўлялася хата, маці, якая ляжала хворая на печы, апошні акраец хлеба на стале. У гэты момант хлопец прачынаўся, бо даўно нічога не еў. Але вакол ніякай ежы не было. Васілёк уставаў і ішоў далей, прыгадваючы той апошні дзень, калі ён быў дома.

Памерла маці… Прыйшлі людзі з вёскі, пахавалі. Забралі ўсё, нават старэнькага сабаку. Пра Васю ж ніхто не ўспомніў. Хлопец думаў, што хто-небудзь прыйдзе за ім пазней, але нікога не было, толькі пустая хата. Вось тады Васілёк і рушыў у дарогу, бо не мог болей знаходзіцца ў пустой хаце адзін.



…Васілёк адчуў, што далей ісці не можа, ногі ўжо не трымаюць, закружылася галава. Хлопец прылёг калі дарогі пад прыгажуняй-бярозкай. Зноў прыснілася маці, якая клікала яго да сябе. І Васілёк пайшоў…

Стаяў такі ж асабліва прыгожы дзень. На ўскрайку дарогі каля прыгажуні-бярозкі ляжаў маленькі хлапчук і спаў вечным сном… Недзе высока ў небе адляталі ў вырай журавы…


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка