Дарога ў бессмяротнасць




Дата канвертавання30.04.2016
Памер156.96 Kb.
Дарога ў бессмяротнасць

Дарога ў бессмяротнасць… Гэта дарога мужных. Людзі праходзяць па ёй па-рознаму. Адным на гэта спатрэбіцца ўсё жыццё, іншым — некалькі імгненняў.

Але і ў тым, і ў другім выпадку імя таго, хто ступіў на гэту дарогу, будзе жыць у стагоддзях. У час баявой аперацыі 13 лістапада 1943 года ў поўным акружэнні, цяжка паранены партызанскі разведчык-падрыўнік Аляксей Лукашэвіч апошняй гранатай узарваў сябе і насядаўшых гітлераўцаў. І да гэтага было жыццё, напоўненае выключнай адвагай. Пасмяротна 19-гадоваму юнаку прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. На мінулым тыдні (4 чэрвеня) яму магло споўніцца 90. Яшчэ мог бы жыць. Але ён выбраў барацьбу з ворагам і смерць дзеля жыцця іншых.

Жыцце заўсёды напоўнена не толькі белымі, але і чорнымі старонкамі. I ў гэтым не раз пераконваўся Алёшка Лукашэвіч, вясковы хлапчук, дзіця паўгалодных і змрочных перадваенных гадоў. Вёска Чарнаосава, што ў суседнім Крупскім раёне, сваім дабрабытам і сялянскай раскошай не вызначалася. Лішняга дастатку і ў іх сям'і ніколі не было. А калі памерла маці, стала і таго горш. Бачучы, як штодзень ірваў жылы на рабоце і дома бацька, каб пракарміць траіх дзяцей, хлапчук не вытрымаў. I аднойчы... збег з дому. Маўляў, няхай адным “іртом” будзе меней. Магчыма таму паспрыялі і іншыя прычыны. Цяжка сказаць, ці доўга цягнулася б гэта вандроўнае валацужнае жыццё, калі б не выпадак. Аднойчы непадалёку ад Крупак у стозе сена на ўцекача натыкнуліся чырвонаармейцы. За імі ён затым і ўвязаўся. I стаў Алёшка выхаванцам вайсковай часці. А баец гаспадарчага ўзвода Іван Гуляеў быў для яго нібы другім бацькам.

Хаця, вядома, турбаваўся і родны бацька. Сцяфану Данілавічу нямала давялося прыкласці намаганняў, каб адшукаць сляды свайго блуднага сына. I толькі калі даведаўся, што яго выхоўваюць на-дзейныя людзі, некалькі супакоіўся.

Але ж ні адна вайсковая часць не заменіць звычайную школу, якую павінны наведваць усе дзеці. Так, у 1938 годзе по хадайніцтву вайсковага камандавання А. Лукашэвіч апынуўся ў дзіцячым доме аж ў Крыме, дзе не толькі вучыўся па школьнай праграме, але і атрымліваў спецыяльнасць садоўніка. Бацька ўжо звыкся з такім паваротам у сынавым жыцці і ў думках марыў, што хутка прыедзе яго «мічурынец», і яны нарэшце развядуць уласны дабротны сад. Сваё вяртанне дамоў не адзін раз бачыў у сне і сам Алёшка.

Толькі ўсе гэтыя планы і мары пераблытала вайна. Калі фашысты прыйшлі ў Крым, то дзіцячы дом адразу ж абнеслі калючым дротам, паставілі вартавых. Пагаворвалі, што дзеці і падлеткі стануць «донарамі» для параненых і хворых фашысцкіх ваякаў. Так яно, відаць, пазней і здарылася. Толькі Лукашэвіч, якому толькі-толькі споўнілася 17 гадоў, і яшчэ некалькі такіх жа сарвігалоў не сталі чакаць гэтай апошняй жудаснай развязкі. У адну з начэй яны спусціліся па вяроўцы з другога паверха і збеглі.

Удзень Алёшка хаваўся па лясах, на закінутых, паўразваленых сядзібах, а па начах ішоў на поў-нач. Пад Харкавым, тым не менш, трапіў у аблаву. Нагледзеўся ўсялякага. Але і на гэты раз пашчасціла ўцячы. Больш таго, аднойчы, прыгледзеўшыся да п'янага фашысцкага афіцэра, ён выкраў у яго пісталет. Так за 26 дзён і дабраўся да родных мясцін.

На календары ўжо быў пачатак красавіка 1942 года. Бацькі і сясцёр дома не аказалася. Ад суседзяў даведаўся, што тыя ўжо некалькі месяцаў як падаліся ў лес. Жывыя… Такая навіна была для Аляксея нібы мёд на вусны. Але ж дзе іх шукаць?

Каля вёскі Ухвалы сустрэўся з мясцовым жыхаром, якога некалі добра ведаў. Той, хоць і з пэўнай асцярожнасцю, але даў наводку: дзе і як выйсці на партызан. Далей, што называецца, была справа тэхнікі і часу.

Лукашэвічу, якому ўжо неаднойчы шанцавала за гэту вайну, пашчасціла і яшчэ раз: сустрэўся з самім камандзірам Сяргеем Жуніным, які вяртаўся ў атрад з групай партызан.

— Таварышы партызаны, — усхвалявана затараторыў хлопец, -- вазьміце мяне ў атрад. Вось убачыце — не падвяду, вельмі прашу вас... Я Аляксей Лукашэвіч.

— Ты сын Сцяфана Лукашэвіча? — зацікавіўся Жунін.

— Так. А вы не ведаеце, што з ім, дзе ён?

— Дзе ж яму зараз быць... Ваюе, -- Сяргей Георгіевіч ужо зразумеў, хто перад ім і прадставіў, як узрадуецца праз колькі часу яго стары сябар, таму загаварыў адкрыта. -- Добра ведаю твайго бацьку, яшчэ з ліпеня 1941 года. Вельмі дапамог ён нам тады. Толькі ранавата табе, мабыць, яшчэ ў партызаны?.. Пачакай-пачакай, а ты ж, здаецца, жыў дзесьці ў Крыму — бацька расказваў. Няўжо адзін праз усю акупіраваную тэрыторыю так і прайшоў?..

— Ага, — толькі і кіўнуў галавой Алёшка. — I як неабвержаны доказ, дастаў з кішэні свой баявы трафей -- пісталет.

— Стрэляны верабей, — падмірг-нуў Жунін сваім таварышам- партызанам. — Як такому адмовіць? — Яшчэ на немцаў напорыцца, тыя зноў, бачна, нейкую падлянку задумалі. Бяром цябе, Алёшка. Толькі ведай, што ў нас з дысцыплінай о-го-го! А зараз праводзьце яго да Сцяфана Данілавіча, -- кіўнуў камандзір маладзейшаму байцу. -- Ды пакарміце як належыць гэтага вандроўніка. Ну, а ты, баец Лукашэвіч, адпачывай, а заўтра — да мяне. Раскажаш, што бачыў, што чуў...

У атрадзе Аляксей сапраўды хутка сустрэўся з бацькам і сёстрамі Надзеяй і Зінаідай. Радасці, здавалася, не будзе канца. Але ж кожнага наперадзе чакалі справы. Паколькі дзяўчаты працавалі на партызан-скай кухні, у гаспадарчы ўзвод накіравалі спачатку Аляксея, каб быў пад наглядам. Але ж не тут тое было...

Юнак раз за разам даймаў камандзіра разведчыкаў Аляксандра Тэрнаўскага сваімі просьбамі ўзяць яго да сябе. Маўляў, я ў лесе з завязанымі вачыма не заблуджуся. Ды і страляць умею — выхоўваўся ж некалі пры адным з палкоў Чырвонай Арміі...

Той, хоць і не адразу, але ж пага-дзіўся з юнаком. I не памыліўся.

У старэнькай целагрэйцы і латаных штанах хадзіў «Лёнька» (такі партызанскі псеўданім далі яму разведчыкі. Каб не падвяргаць родных небяспецы, людзі мясцовыя ўсё ж павінны былі саблюдаць пэўную канспірацыю — аўт.) па населеных пунктах Крупскага, Круглянскага, Талачынскага і Барысаўскага раёнаў. Пад выглядам пастуха або сіраты, які шукае родных, праходзіў ён цераз варожыя гарнізоны, а праз пэўны час такім жа шляхам ішлі партызанскія падраздзяленні і наносілі адчувальныя ўдары па фашыстах і іх памагатых.

у атрадзе «Сяргея» неяк
вырашылі стварыць спецыяльную групу падрыўнікоў. Справа гэта даволі няпростая, а таму патрэбны былі добрыя спецыялісты. А дзе іх узяць? Падбіралі проста надзейных, правераных у баявых аперацыях, людзей. А навучыць іх новаму рамяству было каму.

Камандзірам групы быў прызначаны прафесійны ваенны Аляксей Сімановіч. Апошні закончыў Ленін-градскае вышэйшае ваенна-інжынернае вучылішча. Ваяваў. Абставіны склаліся так, што апынуўся ён у роднай вёсцы Заазер'е Круглянскага раёна. А як толькі даведаўся аб партызанах, адразу ж пайшоў ў лес. Па-сутнасці, ён і стаў для многіх мясцовых партызан першым настаўнікам падрыўной справы. Намеснікам Сімановіча вылучылі Міхаіла Шарстабітава, у нядаўнім мінулым старшыну сапёрнай роты. Папрасіўся ў падрыўнікі і А. Лукашэвіч.

...Партызаны самі вырабілі міну. А 24 мая 1942 года Аляксей Сімановіч разам з Акімам Айсаевым, Ігарам Аляксандравым, Аляксеем Лукашэвічам удала правялі яе выпрабаванне на чыгунцы Талачын-Трацылава. Непасрэдна міну закладваў пад палатно А. Лукашэвіч. Былі знішчаны паравоз і тры вагоны з прадуктамі харчавання. Рух цягнікоў спыніўся на некалькі гадзін.

Жыццё ў партызанскім лагеры ішло па сваіх няпісаных законах. Кожны новы дзень быў непадобны на папярэдні. Лясныя салдаты грамілі нямецка-паліцэйскія гарнізоны, абстрэльвалі з засад варожы аўтатранспарт, вялі вялікую растлумачальную работу сярод насельніцтва. Не сядзелі без справы і падрыўнікі. Удзень выраблялі міны, рамантавалі сваю баявую зброю (бо не было яшчэ пастаянных і надзейных сувязей з Вялікай Зямлёй), а ноччу пакідалі лагер...

К лету 1942 года толькі адзіны атрад “Сяргея” пусціў пад адхон больш дзесяці варожых эшалонаў. Пад абломкамі вагонаў знайшлі сабе магілу сотні варожых салдат і афіцэраў.

А ле ж партызанская вайна —
гэта не толькі чыгунка, паравозы. Неяк непадалёку ад станцыі Трацылава немцы абсталявалі вялікія ваенныя склады з гаруча-змазачнымі матэрыяламі. Камандаванне Круглянскай ваенна-аператыўнай групы паставіла задачу — знішчыць. Нялёгкая гэта была справа, бо склады ўзмоцнена ахоўваліся: на вышках — кулямёты, вакол — калючы дрот, хітрая сістэма сігналізацыі.

Аляксей Лукашэвіч сам папрасіўся на гэту аперацыю. Некалькі разоў дабіраўся ён да дроту і зноў адпаўзаў назад. Нарэшце, адшукаўшы найбольш бяспечная месца, падкапаўся і прапоўз пад «калючку». Шкада вось толькі часу заставалася мала — світала. Застылыя за ноч пальцы рук, ды і ўсё здрацвелае цела дрэнна слухаліся. Ставячы апошнюю міну, ён у спешцы, відаць, зрабіў нейкі неасцярожны рух. Але і яго аказалася дастатковым, каб вартавыя ўзнялі трывогу. Прагучалі і некалькі выстралаў.

Кулі, на шчасце, прайшлі міма. Лёшка хутка прыладзіў гадзіннікавы узрывальнік і адпоўз да зробленага самім жа лаза. Тут ужо хавацца не прыходзілася. Узняўшыся на ногі, што ёсць моцы пабег у бок лесу. Хтосьці з каравульных паспеў выскачыць наперарэз. Партызан, амаль не цэлячыся, выстраліў у гітлераўца. I, быццам рэха, у тую ж хвіліну перадсвітальную цішыню ўскалыхнуў гром выбуху. Азірнуўшыся на бягу, Аляксей убачыў мора агню, што падымалася ззаду. Цяпер ужо ён зразумеў: выратаваны. Немцам зараз не да яго...

Афіцыйная хроніка, друкава-
ныя запісы ўспамінаў удзельнікаў партызанскага руху на Кругляншчыне захавалі многія эпізоды баявой біяграфіі гэтага юнака. I заўсёды, як і ў папярэдняй сітуацыі, яго выручалі спрыт і кемлівасць.

Неяк Лукашэвіч адзін вяртаўся ў лагер. Непадалёку ад мястэчка Круча ён убачыў немца з аўтаматам і рэчавым мяшком. Партызан замаскіраваўся ў кустах. I, як толькі фашыст параўняўся з ім, крыкнуў:

— Хэндэ хох!

Немец хоць і не чакаў такой сустрэчы, але не разгубіўся, схапіўся за аўтамат. Аднак зрэагаваў і Аляксей, які моцным ударам нагі выбіў зброю.

Так А.Лукашэвіч прывёў у атрад свайго першага «языка», у рэчмяшку якога аказаліся каштоўныя дакументы і пісьмы.

А пазней у палон да юнага партызана трапілі яшчэ некалькі фашысцкіх ваякаў. Аднойчы, праўда, ён і сам ледзьве не стаў такой ахвярай.

Па дарозе на заданне Лукашэвіч проста-такі натыкнуўся на паліцэйскую засаду.

— Малайцы, пільны народ, — не разгубіўшыся, пахваліў ён паліцаяў. — Мяне спецыяльна паслаў сам камендант Хенкель. Прасіў праверыць, ці не звязана паліцыя з ляснымі бандытамі. Ад імя Крупскай варты бяспекі выказваю вам падзяку.

— Значыць, ты з Крупак? — недаверліва спытаў адзін з паліцаяў. — А хто працуе ў другім аддзяленні?

— Іваноў, Вінаградаў, Сталяроў, Карась, — пачаў пералічваць Лукашэвіч (Памагатых ворага ён ведаў добра).

— А ты не хлусіш? — з няменшым падазрэннем спытаў і паліцэйскі, што быў некалькі старэйшы. — Нас цяжка правесці...

— Што, дакументы хочаш пагля-дзець? Зараз пакажу…

У адно імгненне Лукашэвіч выхапіў гранату і крыкнуў: «А ну, лажыся!»

Паліцаі выканалі загад, але партызан не стаў рызыкаваць. Сілы няроўныя. Тым больш, што адной гранатай усіх не заб'еш. Малады чалавек, усміхнуўшыся, апусціў руку.

— Ні да чаго вы не вартыя. Прыйдзецца далажыць аб гэтым Хенкелю. Гэта ж трэба — адзін супрацоўнік варты бяспекі напужаў цэлую групу паліцэйскіх...

Апошнім не было чым крыць. Хтосьці прапанаваў заключыць “міравую”. Замачыўшы такую незвычайную сустрэчу флягай самагону, і паліцэйскія, і іх “правяраючы” адправіліся сваімі дарогамі.



Ды і дзеянні ворагаў нельга
было недаацэньваць, і
пад выглядам сумленных людзей яны нярэдка прабіраліся ў партызанскія атрады, дзе шкодзілі як маглі. Аднойчы А.Лукашэвіч атрымаў заданне звязацца з народнымі мсціўцамі з атрада Кірпіча, што дыслацыраваўся на суседняй Шклоў-шчыне. Ноччу адправіўся ў нялёгкі шлях. Стараўся абыходзіць вёскі, ішоў у тым ліку і ляснымі сцежкамі. Перад вёскай Філатава ўбачыў чалавека, які, азіраючыся, крочыў насустрач. Узброены ён ці не — за дрэвамі разабраць было нельга. Для ўпэўненасці намацаў у кішэні ўзведзены пісталет. Сыйшліся.

— 3 якога атрада? — першым спытаў незнаёмец.

— А ты?..

— Кірпічавец.

Такая адкрытасць уразіла Лукашэвіча. Балбатун або вораг?

Вочы сустрэчнага бегалі, а рукі ліхаманкава дрыжалі.

— У Філатаве і Каскевічах немцы, — папярэдзіў ён. — Будзь асцярожны.

А можа я зусім і не партызан, — схітраваў Лукашэвіч. — Ці мала чаго я па лесе хаджу...

— Мяне не правядзеш. Яшчэ здалёку ўгадаў свайго брата. Ну, будзь.

Лукашэвіч працягнуў руку на развітанне, і ў гэты час «кірпічавец» моцна ўдарыў яго ў плячо. Юнак паспеў адскочыць за тоўстую яліну. Незнаёмец зрабіў некалькі выстралаў. Але ўсе кулі прыняло на сябе дрэва. Сам жа мужчына схапіўся за жывот і пакаціўся па зямлі пасля трапнага выстралу ў адказ. Падбегшы, Лукашэвіч убачыў на моху чалавека з перакошаным ад злосці тварам. Правая рука сутаргава цягнулася да маўзера, што выпаў пры падзенні. Алёшка яшчэ раз націснуў на курок...

Пад падкладкай кіцеля забітага былі схаваны дакументы на імя оберфельдфебеля нямецкай арміі.

Пераадзетыя ворагі групамі і па аднаму сустракаліся ў самых розных месцах. Ад мірнага насельніцтва пачалі нават паступаць скаргі на непрыглядныя паводзіны «партызан». Прычым, у асобных выпадках на пытанні жыхароў яны не адказвалі. А хутка «нямыя партызаны» расстралялі некалькі сувязных у вёсках Сомры, Стаі, Ухвалы. Гэтую навіну ў атрад таксама прынёс усюдыісны Аляксей. Давялося зрабіць засаду. Некалькі карнікаў анямелі назаўсёды. Гэта былі ў асноўным фашысты і некалькі паліцаяў.

Камандзір Сяргей Жунін не раз хваліў Лукашэвіча перад строем партызан за яго баявыя справы. А за бой у вёсцы Цяцерына, дзе ў крытычны момант Алёшка першым узняўся ў атаку, нават узнагародзіў наручным гадзіннікам. Усяго ж, як сведчаць біяграфічныя даныя, А. Лукашэвіч удзельнічаў у разгроме пяці валасных умацаванняў.

Размах барацьбы шырыўся.

Ды і разведка 36-га атрада моцна вырасла. I Сяргей Жунін вырашыў даць камандзіру разведчыкаў Аляксандру Тэрнаўскаму лю-дзей, каб стварыць яшчэ адзін партызанскі атрад.

— Новы атрад Тэрнаўскага назавём камсамольска-маладзёжным, — прапанаваў Жунін. — Няхай маладыя пакажуць, на што здольныя.

Ніхто з камандзіраў спрачацца не стаў.

Так быў выдадзены загад аб арганізацыі 28-га баявога камсамоль-ска-маладзёжнага атрада. Каман-дзірам яго стаў Тэрнаўскі, камісарам — Фёдар Старавойтаў, начальнікам штаба — Аляксандр Якаўлеў. Сюды перайшлі ўжо даволі вопытныя і смелыя падрыўнікі Ігар Аляксандраў, Аляксей Лукашэвіч, Іван Зайцаў, Сцяпан Кандрацьеў і іншыя — усяго 28 чалавек. Таму і атраду далі нумар 28. Партызаны адразу ж распачалі рахунак баявых спраў.

Пра самога Аляксандра Тэрнаў-скага газета “Сельскае жыццё” таксама пісала ўжо не раз. У тым ліку і сёлета – у №39. Да вайны школьны настаўнік, ён стане адным з самых вядомых і праслаўленых камандзіраў і арганізатараў партызанскага руху на Кругляншчыне, кавалерам некалькіх ордэнаў і медалёў. I толькі цяжкае раненне (поўная страта зроку) адарве яго ад баявых спраў. Пасля вайны доўгі час працягваў працаваць настаўнікам, дырэктарам школы на малой радзіме -- Тамбоўшчыне. Прыязжаў не раз і на Кругляншчыну. Аднойчы і аўтару гэтых радкоў пашчасціла сустрэцца з Аляксандрам Аляксеевічам. Сустрэча праходзіла ў адным з нумароў новай гасцініцы райцэнтра. Гаварылі аб многіх рэчах. Ветэран успамінаў вайну, сваіх баявых сяброў. І з асаблівай любоўю гаварыў менавіта пра Аляксея Лукашэвіча.

Памёр А. Тэрнаўскі 14 лістапада 1991 года. Ён быў ганаровым жыхаром г.п. Круглае. Прозвішча пра-слаўленага партызанскага каман-дзіра носіць адна з вуліц гарадскога пасёлка.

Неяк камбрыг Жунін выклікаў юнага разведчыка-падрыўніка А.Лукашэвіча да сябе. Заданне было даволі незвычайнае. Вялікая Зямля мела разведданыя аб тым, што ў раёне дзеяння іх атрадаў праходзіць сакрэтны тэлефонны кабель сувязі са стаўкай галоўнага фашысцкага камандавання.

Тры дні Лукашэвіч вывучаў раён, месца ўмоўна вызначанае франтавой разведкай, шукаў нейкую зачэпку. I знайшоў — «непрывязаныя» ні да якіх наземных аб'ектаў перасоўныя варожыя пасты.

Магутны выбух ускалыхнуў наваколле. Сувязь бяздзейнічала амаль суткі. Што гэта азначала ў перыяд актыўных ваенных дзеянняў, цяжка нават прадставіць. Бо колькі загадаў высокага нямецкага камандавання не дайшло своечасова да сваіх адрасатаў.



На асноўных франтах Вялікай Айчыннай вайны ў гэты час працягвалася наступленне Чырвонай Арміі. На многіх участках і напрамках наступаючыя войскі сустракалі ўпартае супраціўленне гітлераўцаў. Вораг быў яшчэ моцны прамысловым патэнцыялам, меў вялікія людскія рэзервы.

Дзяржаўны Камітэт Абароны і Стаўка Вярхоўнага Галоўнакамандуючага паставілі перад Цэнтральным штабам партызанскага руху задачу арганізацыі бесперапынных, масіраваных удараў па варожых камунікацыях. Прадстаяла аб'яднаць намаганні партызанскіх фарміраванняў для зрыву воінскіх перавозак на ўсёй тэрыторыі Беларусі. У кароткі час быў распрацаваны план скаардынаваных аперацый, які атрымаў назву «рэйкавая вайна». У дапамогу народным мсціўцам былі высланы самалёты са зброяй і боепрыпасамі, дадатковымі спецыялістамі.

«Рэйкавая вайна» пачалася ў ноч на 3 жніўня 1943 года па радыёсігналу штаба партызанскага руху. Толькі за адну ноч партызаны Беларусі разбурылі дзесяткі кіламетраў чыгуначнага палатна, узарвалі 42 тысячы рэек, значную колькасць чыгуначных і шасейных дарог, разграмілі асобныя чыгуначныя станцыі.

Самы актыўны ўдзел у гэтых аперацыях прымаў і партызанскі арлёнак Лукашэвіч. У час рэйкавай вайны ён адзін узарваў 29 рэек, знішчыў 28 тэлеграфных слупоў.

12 верасня група падрыўнікоў пад камандай Аляксандра Якаўлева выступіла для выканання баявога задання на ўчастку чыгункі Бобр — Слаўнае. Уперадзе, прыслухоўваючыся, ішоў Аляксей Лукашэвіч са сваімі сябрамі Мікалаем Латушкіным і Леанідам Галаўковым. Вось і «чыгунка». Хутка знялі ахову. Лукашэвіч з Якаўлевым падпаўзлі да рэек. Асцярожна выбралі шчэбень паміж дзвюма шпаламі, паклалі толавы зарад, а зверху ўстанавілі міну нажымнога дзеяння.

Часу, каб замаскіраваць яе, ужо не было. 3-за паварота набліжаўся эшалон. Аляксей і Аляксандр кубарам скаціліся з насыпу і пабеглі да бліжэйшых кустоў. А цераз некалькі хвілін Лукашэвіч, які бег апошнім, адчуў, як яму ў спіну ўдарыла тугая паветраная хваля. Падаючы, ён убачыў, як, ахутаны густымі клубамі пару і дыму, ляцеў пад адхон паравоз, як з трэскам і скрыгатам пераварочваліся вагоны, як зрывалася з платформаў, курочылася варожая тэхніка.

Аглушанага выбухам падрыўніка падхапілі сябры. I ўсе кінуліся далей ад гэтага страшнага месца.

На наступны дзень падпольшчыкі паведамілі, што знішчана дзевяць платформаў з аўтамабілямі, яшчэ некалькі пашкоджаны. Рух чыгуначнага транспарту на ўчастку быў прыпынены на 18 гадзін. А Лукашэвіч памеціў на прыкладзе свайго аўтамата дзевятую зарубку. Кожная — асабіста падарваны цягнік.

Адна з выдатных аперацый рэйкавай вайны — разгром станцыі Слаўнае, праведзены атрадамі жунінскай брыгады. Партызаны знішчылі ўсе станцыйныя збудаванні, ваенныя склады, спалілі два эшалоны з тэхнікай, узарвалі чыгуначны мост. Рух паяздоў быў спынены аж на трое сутак.

19 верасня 36-ым і 28-м атрадамі была арганізавана аперацыя па захопу таварнага саставу: прыйшоў час рыхтавацца да зімы — шукаць цёплае адзенне, абутак. Але калі партызаны ўскрылі захопленыя вагоны, то толькі і ахнулі. Там былі артылерыйскія снарады. 3 сабой многа не возьмеш — хаця іншы раз падрыўнікі і выкарыстоўвалі іх у дыверсійнай рабоце. Рашылі ўзарваць эшалон прама на месцы. Гэта быў страшэнны выбух — 42 палаючыя вагоны асвяцілі ўсё наваколле.

Не дайшлі да пункта прызначэння і яшчэ два варожыя цягнікі — адзін спыніў свой бег на 600-м кіламетры, другі — у раёне Трацылава-Талачын. Гэта Аляксей рыхтаваў свае падарункі 26-й гадавіне Вялікага Кастрычніка.

Актыўна вялася і ідэалагіч-
ная работа. Круглянскі падпольны райкам камсамола стварыў «Кнігу Пашаны». У ліку першых запісалі ў Кнігу прозвішча падрыўніка А Лукашэвіча, супраць якога была пазначана лічба «11».

Неяк вярнуўшыся ў лясны лагер, А.Лукашэвіч падыйшоў да С. Жуніна.

— Таварыш камбрыг, заданне выканаў.

— Малайчына, “Лёнька”. Трое сутак даю табе на адпачынак.

— Вы што, жартуеце? Лепш адразу «на губу» пасадзіце, — пакрыўдзіўся Лукашэвіч. — Што я буду трое сутак рабіць?

А на наступны дзень пачаўся бой за вёску Паўлавічы. I ў мітусні і Жунін, і ўсе іншыя камандзіры забыліся аб Лукашэвічу. На шлях ў атрад «вылавіў» яго зноў жа Сяргей Жунін.

— Ты гэта адкуль такі мурзаты?

— Гэта я “адпачываў”. Вы ж дазволілі трое сутак. Адным словам, таварыш камандзір, у раёне Слаўнае — Ядрынка ўзарваны тэлефонны провад з сувяззю галоўнага камандавання групы арміі «Цэнтр». Калі няправільна выкарыстаў свабодны час — можаце пакараць.

Што можна было сказаць, акрамя падзякі гэтаму непаслухмянаму, але смеламу маладому партызану. Паболей бы такіх.

Няшчасце, як гэта пера-
важна і бывае, прыйшло нечакана. У сярэдзіне лістапада група разведчыкаў пад камандаваннем Лукашэвіча прабіралася к Гатоўшчыне, дзе стаялі гітлераўцы. Трэба было знайсці «вароты» для прарыву ўсёй брыгады. Каля Зелянькова натыкнуліся на варожую засаду.

— Лажыся, — крыкнуў Лукашэвіч. – Займаем кругавую абарону. Агонь!..

Затрашчалі ў адказ партызанскія аўтаматы. Але сілы былі няроўныя: трое супраць некалькіх дзесяткаў. Першым змоўк аўтамат Івана Максімовіча.

— Трымайся, Ціт! — Крыкнуў Аляксей сябру Ціту Тарасаву. Але і яго аўтамат ужо маўчаў.

— Адзін. Адзін, — механічна паўтарае Лёшка. — Не, жывым вы мяне не возьмеце.

Апусцеў запасны аўтаматны дыск. Скончыліся пісталетныя патроны. Варожыя кулі адна за адной упіваюцца ў маладое дужае цела. Рухацца нельга. Кроў залівае вочы, і ён цягнецца да апошняй сваёй зброі -- гранаты...

— Ну ідзіце бліжэй, бліжэй… — шэпча засмяглымі вуснамі юнак.

Некалькі гітлераўцаў наваліліся на ногі, на плечы. Партызан з апошніх сіл вырваў чаку...

Фашысты, што засталіся ў жывых, стаялі моўчкі. Потым адзін з іх у бяссільнай злосці выкалаў партызану вочы. Другі — адрэзаў вушы і нос. I мёртвы герой быў для іх усё яшчэ страшны.

Чацвёра сутак партызаны не маглі падыйсці да месца апошняга бою юнака. I толькі на пятую ноч разведгрупа пад камандай Аляксея Цімкіна вярнулася са знявечаным целам Аляксея Лукашэвіча. Ён быў пахаваны непадалёку ад месца сваёй гераічнай гібелі — у вёсцы Глыбокае Круглянскага раёна.

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 15 жніўня 1944 года з фармуліроўкай “За ўзорнае выкананне ўрадавых заданняў у барацьбе супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у тыле ворага і праяўленыя пры гэтым адвагу і гераізм і за асобыя заслугі ў развіцці партызанскага руху ў Беларусі” цэлай групе народных мсціўцаў было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Сярод узнагароджаных быў і А. Лукашэвіч (пасмяротна).

Нашчадкі свята берагуць сёння памяць пра партызана-героя. Праўда, да нас дайшло толькі адно яго рэальнае фота – хлапчука ў 10-гадовым узросце. І тое -- рэпрадукцыя, зробленая з калектыўнага здымка. Таму пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны мастаком Іосіфам Капелянам па ўспамінах тых, хто добра ведаў Лукашэвіча, родных і блізкіх быў напісаны партрэт Аляксея. Сёння на магіле ў Глыбокім і на яго малой радзіме ўстаноўлены помнікі. Імя Лукашэвіча прысвоена Ухвальскай сярэдняй школе (Крупскі раён), адной з вуліц у г.п. Круглае.



А.ПАЎЛАЎ.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка