ДАЎні сябра беларускай мовы




Дата канвертавання01.05.2016
Памер35.8 Kb.
ДАЎНІ СЯБРА БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ
Сёлетні год − звышюбілейны для нямецкага лінгвіста Карла Гутшміта (Karl Gutschmidt), які нарадзіўся 12 верасня 1937 г. у горадзе Фербелін. Пасля заканчэння ў 1960 г. Берлінскага універсітэта імя братоў Гумбальтаў, ён з 1967 г. стала выкладае там беларускую філалоію. У гэтым жа годзе з’явілася і яго першая беларусазнаўчая праца −рэцэнзія на “Дыялекталагічны атлас беларускай мовы” (часопіс “Zeitschrift für Slawistik). Дарэчы, у гэтым папулярным на захадзе славістычным выданні Карлам Гутшмітам былі апублікаваны іншыя шматлікія рэцэнзіі і агляды навуковых прац беларускіх лінгвістаў. Гэта: бібліяграфічны паказальнік “Беларускае мовазнаўства”, першыя штогоднікі “Беларуская лінгвістыка”, асобныя нумары “Весніка Беларускага дзяржаўнага універсітэта”, “Гісторыя беларускай літаратурнай мовы” (т.2) І.І.Крамко, А.К.Юрэвіч, А.І.Яновіч, “Дыялектны слоўнік” П.У.Сцяцко, “Беларуская фразеалогія” Ф.М.Янкоўскага. Як ніхто іншы, Карл Гутшміт імкнуўся як мага шырэй і паўней прадствіць для нямецкамоўнай лінгвістычнай грамадскасці набыткі беларускіх моваведаў. Дзякуючы яго публікацыям па лексікаграфіі, фразеалогіі, дыялкталогіі, стылістыцы, анамастыцы, гісторыібеларускага мовазнаўства ў Заходняй Еўропе сталі вядомы імёны А.І.Жураўскага, М.А.Жыдовіч, Я.М.Рамановіч, А.Я.Супруна, Л.М.Шакуна, М.Г.Булахава, П.П.Шубы і інш.

У 1976 годзе вучоны абараніў доктарскую дысертацыю “Нарысы па гісторыі славянскіх нацыянальных літаратурных моў”, у якой знайшлі адлюстраванне і грунтоўныя манаграфічныя даследаванні гісторыкаў беларускай літаратурнай мовы. К.Гутшміт фактычна ўпершыню даследаваў важнейшыя напрамкі развіцця сучаснай беларускай літаратурнай мовы ў параўнанні з такімі славянскімі мовамі, як руская, польская, балгарская і сербскахарвацкая. Тут жа звяртаецца ўвага на ролю ўкраінскай мовы ў станаўленні слоўнікавага складу, шляхоў і спосабаў пранікнення балтызмаў у беларускую мову. Пры гэтым увага звяртаецца не толькі на часавыя межы дзеяння гэтых працэсаў, але і выкарыстанне адпаведнай лексікі ў мастацкіх творах пісьменнікаў другой паловы ХІХ –першай трэці ХХ ст. (Ф.Багушэвіча, В.дуніна-Марцінкевіча, Цёткі, Я.Коласа, М..Гарэцкага, Бядулі, К.Чорнага і інш.).

Працуючы загадчыкам аддзялення славянскіх моў секцыі славістыкі Берлінскага універсітэта, Карл Гутшміт шмат намаганняў прыклаў для арганізацыі міжнародных сустрэч тады яшчэ БССРаўскіх лінгвістаў і філолагаў з заходнееўрапейскімі калегамі, садзейнічаў іх прадстаўніцтву на міжнародных навуковых канферэнцыях, славістычных кангрэсах. Дарэчы, на большасці Міжнародных з’ездаў славістаў, пачынаючы з Варшаўскага ў 1973 годзе, ён нязменна выступаў з дакладамі па беларусазнаўчай праблематыцы.

Працуючы над доктарскай дысертацыяй, Карл Гутшміт трымаў у полі зроку не толькі пытанні, звязаныя са станам функцыянавання беларускай літаратурнай мовы ў другой палове ХХ стагоддзя. Важнае значэнне ён надае праблемам сінхроннага і дыяхроннага даследавання беларускай мовы, аб чым сведчаць такія яго артыкулы, як “Стан і значэнне дыяхроннага даследавання ў Беларускай ССР”, “Даследаванне ўсходнеславянскіх моў у дыяхроным аспекце”, “Балтыйскія даследаванн ў Беларускай ССР” і інш.

Нямецкі славіст быў адным з тых, хто на канферэнцыі летам 1990 года ў Варшаве падтрымаў ідэю аб стварэнні Міжнароднага згуртавання берарусістаў. Як успамінае Адам Мальдзіс, “у выніку кансультацый з вучонымі розных краін было склікана арганізацыйнае пасяджэнне..., пасля доўгіх і часта напружаных спрэчак была прынята “Дэкларацыі аб утварэнні Міжнароднага згуртавання беларусістаў” і выбраны яго арганізацыйны камітэт”. У спісе тых,хто стаяў ля вытокаў сённяшняй Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, ёсць і імя Карла Гутшміта.

З распадам СССР, утварэннем суверэннай беларускай дзяржавы паступова сталі мяняцца панрамкі навуковых зацікаўленняў славіста з Берліна. Усё часцей і часцей у яго навуковых публікацыях адчуваецца непрыхаваная трывога за лёс асобных еўрапецскіх моў, у тым ліку і беларускай.

Роздум аб далейшым развіцці ўсходнееўрапейскіх моў стаў стрыжнем зборніка яго навуковых прац “Моўная палітыка і літаратурныя мовы да Усходняй Еўропе ў другой палове ХІХ − пачатку ХХ ст.” (1989), артыкула “Славянскія мовы ў аб’яднанай Еўропе” (1999). У названым артыкуле Карл Гутшміт адзначае, што “беларуская мова – адзіная ў славянскай прасторы, якая ўжываецца як дзяржаўная яшчэ з адной мовай −рускай..., што выразна сведчыць пра тэндэнцыю ў кірунку да С-мовы, якая абслугоўвае толькі пэўныя сферы камунікацыі”. Тым не менш, нягледзячы на англамоўнае еўрапейскае асяроддзе ва ўмовах так званай глабалізацыі, нацыянальныя мовы Еўропы, (у тым ліку і славянскія), на думку лінгвіста, “не павінны абмежавацца роллю другасных моў, таму што мовы з’яўляюцца не толькі сродкамі камунікацыі, але і выканаўцамі сімвалічнай функцыі: “Аналіз посткамуністычнай эпохі сведчыць пра паступовае пераадоленне моўна-ідэалагічнага расколу Еўропы, і ў сённяшняй шматмоўнай Еўропе значна большую ролю, чым дагэтуль, будуць выконваць славянскія мовы. Як лічыць Карл Гутшміт, “вывучэнне і ўжыванне славянскіх моў неабходныя і карысныя як у агульнаеўрапейскім кантэкстце, так і ў сувязі з кантактаваннем асобных краін, цэлых рэгіёнаў Еўропы і іх жыхароў.”

Аптыміст па нтуры, удумлівы і грунтоўны як даследчык славяншчыны, шчыры і адначасова патрабавальны да працы беларускіх і іншых мовазнаўцаў, заключаны лёсам асобных славянскіх моў − такім уступае Карл Гутшміт у восьмы дзясятак свайго жыцця. Сябры і калегі жадаюць яму найперш моцнага здароўя, бадзёрасці, новых сустрэч на лінгвістычных форумах славян.

Мікалай Прыгодзіч

доктар філалагічных навук,



прафесар


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка