Даленга-Мастовіч Тадэвуш




Дата канвертавання27.03.2016
Памер16.57 Kb.
Даленга-Мастовіч Тадэвуш

Пісьменнік, журналіст. Нарадзіўся 10 жніўня 1898 г. ў маёнтку Акунёва Дзісенскага павета Віленскай губерні (цяпер – Глыбоцкі раён Віцебскай вобласці).

Маёнтак Мастовічаў лічыўся адным з лепшых у акрузе, аднак праз некаторы час сям'я перабралася ў Глыбокае. Глыбоцкі дом Мастовічаў размяшчаўся па вуліцы Кракаўскай (сёння – вуліца Савецкая).

Пачатковую адукацыю атрымаў дома, затым вучыўся ў Віленскай гімназіі, якую скончыў у 1915 г., пасля – у Кіеўскім універсітэце. У перыяд грамадзянскай вайны, у 1919 г., Тадэвуш Мастовіч добраахвотнікам пайшоў у польскую армію, у якой служыў да 1922 г. З 1922 г. жыў у Варшаве, у 1922 – 1926 гг. быў супрацоўнікам, а затым і рэдактарам газеты «Rzecz Pospolita», займаўся літаратурнай творчасцю. Ужо ў пачатку 1925 г. на старонках гэтай газеты з'яўляюцца артыкулы і фельетоны, падпісаныя пад псеўданімам Т.М. У тым жа 1925 г. свет ўбачылі і першыя аповесці пісьменніка. У 1926 г. пісаў пад новым псеўданімам – Даленга. У гэты перыяд пачынаецца яго кар'ера як журналіста, фельетаніста, пісьменніка. Тадэвуш Даленга-Мастовіч актыўна выступаў супраць рэжыму Пілсудскага, у з'едлівых гумарэсках выкрываў антыдэмакратычную дзейнасць уладаў, за што аднойчы быў схоплены на вуліцы і жорстка збіты.

Падчас Другой сусветнай вайны Даленга-Мастовіч каля румынскай мяжы арганізаваў міліцыю, якая ў адсутнасць улады забяспечвала грамадскі парадак і бяспеку жыхароў горада Куты.

Пісьменнік трагічна загінуў у верасні 1939 г. пры нявысветленых абставінах. Па адной з версій, пры выездзе з горада ён быў ва ўпор расстраляны савецкім салдатам. Па іншай версіі, Мастовіч загінуў пад Львовам ад «шалёнай» кулі.

Тадэвуш Даленга-Мастовіч пісаў на польскай мове. Вядомасць яму прынёс раман «Кар'ера Нікадзіма Дызмы» – вострая сатыра на грамадска-палітычнае жыццё Польшчы часоў рэжыму Пілсудскага. У 1932 г. былі надрукаваныя аповесці «Ківоны», «Чэкі без аплаты», «Пракурор Аліцыя Горн». Таксама ён з'яўляецца аўтарам раманаў «Браты Дальч і Ко» (1933 г.), «Свет спадарыні Маліноўскай» (1934 г.), «Знахар» (1937 г.), «Прафесар Вільчур» і «Дзённік спадарыні Ганкі» (1939 г.) і інш.

У 1934 г. пачынаецца супрацоўніцтва Даленга-Мастовіча з кінематографам. Да 1939 г. з 16 яго твораў было экранізавана 8. Беларускім гледачам найбольш вядомы фільм "Знахар".



У 1978 г. Тадэвуш Дагленга-Мастовіч быў перапахаваны ў Варшаве. У 1998 г. да 100-гадовага юбілею на радзіме пісьменніка прайшоў вечар яго памяці, арганізавана выстава кніг. У горадзе Глыбокае на доме № 2 па вуліцы Савецкай у памяць Тадэвуша Даленга-Мастовіча ўстаноўлена мемарыяльная дошка.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка