Дакументная лінгвістыка тэзісы лекцый тэма Мова – феномен культуры




Дата канвертавання09.05.2016
Памер257.79 Kb.




ДАКУМЕНТНАЯ ЛІНГВІСТЫКА
ТЭЗІСЫ ЛЕКЦЫЙ
Тэма 1. Мова – феномен культуры
1.1. Мова – грамадская з’ява. Функцыі мовы

Мова – найважнейшы сродак зносін паміж людзьмі. З мовай у значнай ступені звязана інтэлектуальнае развіццё асобы. Чалавечая мова ператварае біялагічную істоту чалавека ў сацыяльную.



Нацыянальная мова складваецца ў перыяд ператварэння народнасці ў нацыю, паколькі нацыя характарызуецца найперш агульнасцю мовы. Нацыянальная мова кансалідуе людзей у нацыю, з’яўляецца сродкам вусных і пісьмовых зносін нацыі.

Акрамя стасункаў унутры нацыі, існуе патрэба і ў мове міжнацыянальных зносін і замежных мовах, паколькі мовы народаў свету з’яўляюцца скарбніцай ведаў і вопыту чалавецтва.

Нярэдка творчыя асобы здольныя адлюстроўваць у сваёй мове ўласны вопыт, манеру пісьма, маўленчыя здольнасці, характар, светапогляд і г.д. У гэтым сэнсе можна гаварыць, напрыклад, пра “мову Янкі Купалы”.

Сукупнасць дапаможных сродкаў зносін (жэстаў, мімікі, рухаў) таксама назваюць мовай.

З улікам дыферэнцыяцыі ролі і сітуацыйнага значэння можна вылучыць наступныя функцыі мовы: камунікатыўная, намінатыўная, пазнавальная, экспрэсіўная, мастацкая, акумулятыўная, этнічная.


    1. Маўленне. Спосабы выкладу матэрыялу ў дакуменце

Пад мовай прынята разумець сукупнасць і сістэму сродкаў зносін, іншымі словамі – гэта знакавы механізм. Маўленне – гэта своеасаблівая форма прымянення і рэалізацыі моўных сродкаў. Інакш кажучы, маўленне – функцыянаванне мовы, ужыванне яе людзьмі ў працэсе зносін, камунікацыі. Такім чынам, маўленне – арганізаваны па законах мовы працэс выкарыстання моўных адзінак, прадстаўлены праз разнастайныя акты рэалізацыі камунікатыўных патрэб людзей.

Маўленне можа быць вусным або пісьмовым, унутраным і знешнім.

Вынікам маўленчай дзейнасці чалавека з’яўляецца тэкст. Кожны сучасны дакумент – гэта перш за ўсё тэкст. Адрозніваюць тры тыпы маўлення (тыпы тэкстаў): апісанне, апавяданне і разважанне. Кожны з іх вызначаецца адметнай кампазіцыяй і характэрнымі зместавымі асаблівасцямі. Спосабы выкладу матэрыялу ў дакуменце суадносяцца з названымі тыпамі маўлення.

Разгорнутыя, складаныя службовыя дакументы, як правіла, з’яўляюцца тэкстамі, у якіх апісанне, апавяданне і разважанне арганічна спалучаюцца і дапаўняюць адно другое.


1.3. Генеалагічная класіфікацыя моў свету

Усе мовы свету падзяляюцца на роднасныя і няроднасныя. Роднасныя ўтвараюць моўныя сем’і, групы і падгрупы.

Сем’і з’яўляюцца самымі буйнымі моўнымі аб’яднаннямі. У адной з самых вялікіх у свеце моўных сем’яў – індаеўрапейскай – вучоныя налічваюць 16 моўных груп.

Адной з груп індаеўрапейскай сям’і з’яўляецца славянская, у якой вылучаюць тры моўныя падгрупы:



  • усходнеславянская (беларуская, руская і ўкраінская мовы).

  • заходнеславянская (польская, чэшская, славацкая, сербалужыцкая, “мёртвая” палабская мовы);

  • паўднёваславянская (балгарская, македонская, славенская, сербская, харвацкая, “мёртвая” стараславянская мовы).


Тэма 2. Гісторыя і сучаснасць беларускай мовы
2.1. Гісторыя фарміравання беларускай нацыі і беларускай мовы

Славяне выдзеліліся з індаеўрапейскага адзінства прыблізна ў пачатку ІІІ тысячагоддзя да н.э. Затым доўгі час яны жылі сумесна на адносна невялікай тэрыторыі (агульнаславянскі перыяд). Тагачасную мову славян праславянскай, або агульнаславянскай мовай-асновай.

Прыблізна ў VI ст. н.э. агульнаславянскае моўнае адзінства распалася. Пачалося выдзяленне з праславянскай мовы асобных дыялектаў (славянскіх груп), з якіх пазней і сфарміраваліся славянскія мовы.

Археолагі лічаць, што апошняя хваля масавай славянскай міграцыі на Беларусь прыпадае на VI ст. н.э. Тут аселі пераважна плямёны крывічоў, палачан, дрыгавічоў і радзімічаў. Самы буйны цэнтр крывічоў – Полацк – ужо ў ІХ ст. становіцца адным з наймагутнейных палітычных і культурных цэнтраў ва Усходняй Еўропе. Полацкае княства (Полацкая зямля) – гэта першая дзяржава з усімі адпаведнымі атрыбутамі на нашай тэрыторыі.

У канцы X ст. (988 г.) усходнія славяне прынялі хрысціянства, разам з якім на іх землі прыйшло пісьменства (на стараславянскай, ці царкоўнаславянскай мове). З часоў узнікнення пісьменства і першых літаратурна-пісьмовых твораў ва ўсходніх славян і пачынаецца разгляд гісторыі беларускай літаратурнай мовы, у развіцці якой можна вылучыць наступны этапы:


  1. Агульнаўсходнеславянская мова: XIXIII стст.

Значная колькасць пісьмовых помнікаў, створаных на Беларусі ў гэты перыяд, напісана на царкоўнаславянскай (стараславянскай у яе ўсходнім варыянце) мове. Гэта пераважна творы богаслужбовай літаратуры (евангеллі, псалтыры і інш.). З арыгінальных рэлігійных твораў старажытнай эпохі дайшлі да нас творы Кірылы Тураўскага (казанні, павучанні, малітвы), пісьменнікаў-асветнікаў Клімента Смаляціча і Аўраама Смаленскага. У XII ст. вялікую асветніцкую дзейнасць праводзіла Ефрасіння Полацкая.

У ХІІІ ст. узнікла наша новая дзяржава – Вялікае Княства Літоўскае. Пераважную частку дзяржавы складалі славянскія землі, балцкія займалі ўсяго 1/15 плошчы. У ВКЛ была прынята славянская сістэма дзяржаўнай арганізацыі. Славянская частка значна пераважала балцкую і была больш развітая ў сацыяльна-эканамічным і культурным плане. Натуральна, што беларуская культура дамінавала.



2. Старабеларуская мова: XIVXVIII стст.

Галоўная асаблівасць нашай культуры часоў ВКЛ – выразны нацыянальны кірунак яе развіцця. Яна грунтавалася на беларускай мове, што была афіцыйнай мовай дзяржавы. Ужо ў XIV ст. старабеларуская мова набыла ўсе асноўныя рысы, характэрныя і для сучаснай беларускай мовы.

У ВКЛ старабеларуская мова ўжывалася ва ўсіх сферах грамадскага жыцця і была сродкам наддыялектных пісьмовых зносін на ўсёй тэрыторыі. На ёй упершыню ў гісторыі ўсходніх славян на пачатку XVI ст. з’явіліся друкаваныя кнігі; перакладаліся мастацкія творы, стваралася арыгінальная мастацкая літаратура, летапісы і хронікі, рэлігійныя тэксты, вучэбныя кнігі, слоўнікі; ствараліся дакументы дзяржаўнага значэння. На ВКЛ распаўсюдзіўся інтэлектуальны ўздым эпохі Адраджэння (Рэнесансу). У гэты час жылі і працавалі такія вядомыя асветнікі, як Францыск Скарына, Сымон Будны, Васіль Цяпінскі, Сімяон Полацкі, Мялецій Сматрыцкі, Андрэй Рымша і інш. Усё гэта дае падставы вучоным XV–XVI стст. называць “залатым векам” у гісторыі беларускай культуры, літаратуры, мовы.

Далейшае развіццё беларускай нацыі і яе мовы адбывалася ў неспрыяльных умовах. Утварэнне федэратыўнай дзяржавы – Рэчы Паспалітай (Люблінская унія 1569 г.) мела вынікам значны палітычны і культурны ўплыў з боку Польшчы. Паступова беларуская мова выцясняецца з пісьмовага ўжытку.

У канцы XVIII ст. беларускія землі былі далучаны да Расійскай імперыі, сталі яе правінцыяй; тут насаджалася рускае чынавенства, руская школа. Пачалася жорсткая русіфікацыя краю, якая ўзмацнялася пасля нацыянальна-вызваленчых паўстанняў 1794 г., 1830–1831 гг., 1863–1864 гг. Беларуская мова прыходзіць у поўны заняпад.

3. Новая (нацыянальная) беларуская літаратурная мова: XIXXXI стст.

У асяроддзі навукоўцаў-беларусаў, выхаваных на традыцыях польскай і рускай культур, умацоўваецца разуменне самабытнасці беларускага народа. Ля вытокаў беларускай нацыянальнай мовы стаялі Ян Чачот, Ян Баршчэўскі, Уладзіслаў Сыракомля, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Кастусь Каліноўскі, Францішак Багушэвіч і інш. Станаўленне адзінай беларускай літаратурнай мовы асабліва інтэнсіўна ішло ў пачатку XX ст. (дзейнасць Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Цёткі, Алеся Гаруна, Сяргея Палуяна, Цішкі Гартнага, Максіма Гарэцкага, Змітрака Бядулі і інш.).

Асаблівасцю фарміравання новай беларускай літаратурнай мовы было тое, што яна складвалася на народна-гутарковай аснове, без якой-небудзь сувязі з культурай старога беларускага пісьменства.

20-я гг. ХХ ст. – вызначальны этап развіцця беларускай мовы. Яна набыла статус дзяржаўнай і абслугоўвала ўсе сферы жыцця народа. На беларускай мове пачало весціся навучанне ў школах, тэхнікумах, ВНУ. Упершыню ў гісторыі на ёй ствараліся падручнікі для школ па ўсіх прадметах, а таксама шматлікія слоўнікі. Актыўна працавалі на ніве адраджэння беларускай культуры і мовы ў 1920-я гады Браніслаў Тарашкевіч, Язэп Лёсік, Вацлав Ластоўскі, браты Гаўрыла і Максім Гарэцкія, Сцяпан Некрашэвіч, Мікола Байкоў, Ян Станкевіч, Уладзімір Дубоўка і іншыя мовазнаўцы і пісьменнікі.

К канцу 20-х гг. ХХ ст. працэсы беларусізацыі пачалі згортвацца. У 30-я гг. гэта суправаджалася нечуванымі рэпрэсіямі супраць тых, хто актыўна працаваў на ніве адраджэння беларускай культуры. Пачынаецца мэтанакіраванае выцясненне беларускай мовы з усіх сфер жыцця, яе сацыяльныя функцыі абмяжоўваюцца.

На працягу 50–80-х гг. сферы выкарыстання беларускай мовы звужаліся: скарачаліся тыражы беларускамоўных выданняў, беларускія школы пераводзіліся на рускую мову навучання.

Пачатак 1990-х гг. – спроба адраджэння беларускай мовы. Прыняты 26 студзеня 1990 года Закон аб мовах вызначаў адзінай дзяржаўнай мовай беларускую. Аднак пасля рэферэндума 1995 г. другой дзяржаўнай мовай на Беларусі стала руская, што дазволіла ёй практычна заняць месца адзінай дзяржаўнай мовы ў нашай краіне. Зараз, на жаль, беларуская мова не з’яўляецца рэальным паўнавартасным сродкам зносін нацыі.
2.2. Формы беларускай нацыянальнай мовы

Нацыянальная мова – гэта сродак пісьмовых і вусных зносін нацыі, яе генетычная памяць, духоўная скарбонка. Яна кансалідуе народ у нацыю. Асноўнымі формамі (разнавіднасцямі) існавання беларускай нацыянальнай мовы з’яўляюцца дыялектная і літаратурная мова.



Дыялектная мова – гэта тэрытарыяльна неаднастайная мова народа, якая мае абмежаванае пашырэнне і вусную форму бытавання. Дыялектная мова існуе ў выглядзе мясцовых гаворак. Гаворка – гэта мова аднаго ці некалькіх населеных пунктаў з аднатыпнымі моўнымі рысамі. Беларускія гаворкі аб’яднаны ў два тэрытарыяльныя дыялекты (дыялектныя масівы) – паўночна-ўсходні і паўднёва-заходні. Паміж паўночна-ўсходнім і паўднёва-заходнім дыялектамі вылучаюцца пераходныя сярэднебеларускія гаворкі (зона Ашмяны – Мінск – Барысаў). У апошні час сфера ўжывання народных гаворак звузілася, зменшылася колькасць іх носьбітаў. Аднак гаворкі застаюцца крыніцай ўзбагачэння літаратурнай мовы.

Літаратурная мова – найвышэйшая апрацаваная, упарадкаваная і нармалізаваная форма нацыянальнай мовы, якая прызначана абслугоўваць разнастайныя сферы дзейнасці чалавека. Сучасная беларуская літаратурная мова пачала складвацца ў ХІХ стагоддзі на народна-гутарковай аснове. Аснову беларускай літаратурнай мовы склалі гаворкі цэнтральнай Беларусі. Для літаратурнай мовы характэрныя пісьмова замацаваныя нормы. Моўныя нормы – гэта прынятыя і замацаваныя ў маўленчай практыцы правілы вымаўлення, словаўжывання, пабудовы сказаў і тэкстаў. Разнастайныя нормы (арфаэпічныя, акцэнталагічныя, арфаграфічныя, словаўтваральныя, марфалагічныя, лексічныя, сінтаксічныя, фразеалагічныя, стылістычныя) забяспечваюць стабільнасць і надзейнае функцыянаванне літаратурнай мовы.

Дыферэнцыяльнымі прыкметамі літаратурнай мовы лічацца яе апрацаванасць (стандартызаванасць), наяўнасць сістэмы нормаў, наддыялектнасць, поліфункцыянальнасць, функцыянальна-стылістычная варыятыўнасць лексікі.


2.3. Білінгвізм. Інтэрферэнцыя

Білінгвізм, або двухмоўе – гэта папераменнае карыстанне дзвюма мовамі. Калі ва ўжытку знаходзяцца некалькі моў, гавораць пра шматмоўе, або полілінгвізм.

Двухмоўе бывае індывідуальным, групавым, поўным; нацыянальным; дзяржаўным.

Двухмоўе непазбежна вядзе да інтэрферэнцыі – памылковага зблытвання розных элементаў моў, якія кантактуюць. Інтэрферэнцыя можа адбывацца на розных моўных узроўнях: фанетычным, акцэнталагічным, словаўтваральным, лексічным, марфалагічным, сінтаксічным.

Узровень інтэрферэнцыі залежыць ад ступені авалодання другой мовай, ад здольнасці свядомага адрознення фактаў розных моў, а таксама ад ступені генетычнай роднаснасці моў, якія знаходзяцца ў кантакце. Праблема інтэрферэнцыі ва ўмовах дзяржаўнага білінгвізму надзвычай актуальная. Ад яе канструктыўнага вырашэння залежыць не толькі правільнасць і чысціня вуснага і пісьмовага маўлення, але і сам факт захавання і існавання беларускай мовы, а ў выніку – і беларусаў як этнічнай адзінкі.


Тэма 3. СТЫЛІСТЫКА як раздзел мовазнаўства
3.1. Структура мовы і мовазнаўства

Адзінкамі мовы з’яўляюцца простыя (гук, марфема) і складаныя (слова, словазлучэнне, сказ) знакі. Моўныя знакі ўтвараюць сістэму. Гукі ўтвараюць фанетычны ўзровень моўнай сістэмы, марфемы – марфемны, словы – лексічны, словазлучэнні і сказы – сінтаксічны. Адзінкі больш высокага ўзроўню складаюцца з адзінак больш нізкага ўзроўню.

У адпаведнасці з узроўнямі моўнай сістэмы будуецца і навука пра мову – мовазнаўства (лінгвістыка). Адзінкі пэўнага ўзроўню з’яўляюцца аб’ектам вывучэння асобных (часам некалькіх) раздзелаў мовазнаўства. Раздзелы мовазнаўства: фанетыка, арфаэпія, графіка, арфаграфія, марфеміка і словаўтварэнне, лексікалогіі, марфалогія, лексікаграфія, сінтаксіс, фразеалогія, пунктуацыі, стылістыка

3.2. Стылістыка ў сістэме лінгвістычных ведаў

Стылістыка – навука аб сістэме стылістычных сродкаў мовы. Носьбітамі стылістычных значэнняў з’яўляюцца адзінкі розных узроўняў, але не самі па сабе, а як носьбіты, дэманстратары стылістычнай функцыі (акрамя сваёй асноўнай функцыі). На сучасным этапе стылістыка разглядаецца як лінгвістычная дысцыпліна, якая вывучае сродкі моўнай выразнасці і заканамернасці іх функцыянавання, абумоўленыя найбольш мэтазгодным і мэтанакіраваным выкарыстаннем у залежнасці ад зместу выказвання, мэтаў, сітуацыі і сацыяльнай сферы.

У межах стылістыкі гістарычна склаліся і развіваюцца тры асноўныя напрамкі: стылістыка мовы, або “стылістыка рэсурсаў”; стылістыка маўлення, або функцыянальная стылістыка; стылістыка мастацкай літаратуры. Першыя два напрамкі аб’ядноўваюцца тэрмінам “лінгвастылістыка”, трэці лічыцца аб’ектам “літаратуразнаўчай стылістыкі”.
3.3. Стылістыка і рэдагаванне

Рэдагаванне – гэта аналіз тэксту, яго праверка, выпраўленне і літаратурная апрацоўка, паляпшэнне стылю выкладання. Працэс рэдагавання – гэта ў пэўнай ступені творчая праца, якая прадугледжвае грунтоўнае знаёмства са сферай дзейнасці прадпрыемства, установы або арганізацыі; валоданне нормамі беларускай літаратурнай мовы; валоданне тэхнікай праўкі

Поўнае якаснае рэдагаванне тэкстаў службовых дакументаў праходзіць у тры этапы: 1) прачытане; 2) праверка фактычнага матэрыялу, цытат, спасылак, бібліяграфічных звестак; 3) моўная і стылістычная праўка тэксту дакумента. Тэхнічны бок апошняга этапу залежыць ад а) умення праводзіць розныя віды праўкі (праўка-вычытка, праўка-скарачэнне, праўка-пераробка, праўка-апрацоўка); б) валодання тэхнікай праўкі (уменне выкарыстоўваць карэктурныя знакі).



Зместавы бок праўкі звязаны з валоданнем сістэмай нормаў беларускай літаратурнай мовы. Праводзіцца рэдагаванне на арфаграфічным, лексічным, марфалагічным, сінтаксічным узроўнях.

3.4. Функцыянальныя стылі беларускай мовы

У мовазнаўстве стыль – гэта разнавіднасць маўлення, што адрозніваецца сістэмай моўных сродкаў пры абслугоўванні пэўнай сферы чалавечай дзейнасці.

Выдзяляюць пяць стыляў маўлення: 4 кніжныя (навуковы, афіцыйна-справавы, публіцыстычны, мастацкі (стыль мастацкай літаратуры)) і стыль вуснай мовы – гутарковы (размоўны). Ва ўсіх стылях беларускай мовы вылучаюцца падстылі, размежаванне якіх заснавана на дадатковых, спецыфічных для кожнага стылю фактарах.
Тэма 4. Афіцыйна-справавы стыль у сістэме функцыянальных стыляў
4.1. Функцыі і характэрныя рысы афіцыйна-справавога стылю

Афіцыйна-справавы стыль абслугоўвае сферу адміністрацыйна-прававой (юрыдычнай) і адміністрацыйна-гаспадарчай дзейнасці, судовую вытворчасць. Афіцыйна-справавое маўленне мае пераважна пісьмовы характар. Да вусных формаў належаць даклады на нарадах, выступленні, службовы дыялог.

Функцыі афіцыйна-справавога стылю: волевыяўлення (пабуджальная); фіксацыі прававых адносін; перадачы інфармацыі.

Асноўныя рысы тэкстаў афіцыйна справавога стылю: дакладнасць (канкрэтнасць), лаканічнасць выкладу, даступнасць (яснасць) тэксту, стандартызаванасць (дасягаецца выкарыстаннем клішэ і фразеалагізацыяй маўлення), прадпісальна-рэкамендацыйны характар выкладу (імператыўнасць, пабуджальнасць), неасабовы характар (нейтральны тон, аб’ектыўнасць). Названыя асаблівасці афіцыйна-справавога стылю адыгрываюць асноўную ролю ў фарміраванні сістэмы моўных адзінак і прыёмаў іх выкарыстання ў тэкстах дакументаў.


4.2. Падстылі і жанры афіцыйна-справавога стылю

У залежнасці ад галіны выкарыстання афіцыйнага маўлення і стылістычных адметнасцей тэкстаў вылучаюць уласна заканадаўчы (юрыдычны), дыпламатычны, адміністрацыйна-канцылярскі падстылі.



Заканадаўчы (юрыдычны) падстыль прадстаўлены такімі жанрамі, як закон, указ, грамадзянскія, крымінальныя і іншыя акты дзяржаўнага значэння, уставы, статуты. Асноўная вусная форма – судовае маўленне. Дакументы гэтага падстылю вызначаюцца большай стылістычнай і моўнай аднароднасцю, чым дакументы іншых падстыляў. Тут шырока выкарыстоўваецца юрыдычная тэрміналогія, абстрактная лексіка; адсутнічаюць эмацыянальна-экспрэсіўныя моўныя сродкі, ацэначная лексіка, ужываюцца антонімы, асабліва кантэкстуальныя. Мова законаў істотна паўплывала на фарміраванне ўсяго афіцыйна-справавога стылю, яна была базай афіцыйнага маўлення.

Адміністрацыйна-канцылярскі падстыль прадстаўлены такімі жанрамі, як акт, распараджэнне, загад, заява, характарыстыка, аўтабіяграфія, даверанасць, распіска. Вусныя формы – даклад, выступленне, службовая тэлефонная размова, вуснае распараджэнне. Дакументы гэтага падстылю ў найбольшай ступені адрозніваюцца паміж сабой у кампазіцыйным, стылістычным і моўным плане. У сувязі з тым, што гэты падстыль абслугоўвае розныя галіны (сферы) грамадскай і вытворчай дзейнасці, у тэкстах гэтага падстылю выкарыстоўваецца самая розная тэрміналогія (тэхнічная, юрыдычная, сельскагаспадарчая).

Дыпламатычны падстыль абслугоўвае сферу міжнародных адносін; уключае ў сябе наступныя жанры: канвенцыя, камюніке, дэкларацыя, заява, мемарандум, нота, міжнароднае пагадненне і інш. Вусныя формы практычна не выкарыстоўваюцца. Для мовы дыпламатыі характэрна выкарыстанне міжнароднай дыпламатычнай тэрміналогіі і тэрміналогіі міжнароднага права, у асноўным лацінскага і французскага паходжання. У дыпламатычных дакументах нярэдка выкарыстоўваюцца словы з паметамі “кніжнае”, “высокае”, што надаюе дакументам урачыстае гучанне; этыкетная і кампліментарная лексіка. Мове дыпламатыі ўласціва ў нязначнай ступені эмацыянальна-экспрэсіўная афарбоўка. Для сінтаксісу дыпламатычных дакументаў характэрна выкарыстанне сказаў з умоўна-выніковымі адносінамі, са значэннем уступальнасці, гнуткіх фармулёвак, што адпавядае патрабаванням дыпламатычнага этыкету і такту.
4.3. Моўныя асаблівасці афіцыйна-справавога стылю

Лексіка-фразеалагічныя асаблівасці

1. Замкнёнасць лексікі.

2. Наяўнасць канцылярызмаў – слоў, устойлівых словазлучэнняў, граматычных формаў і канструкцый, выкарыстанне якіх у літаратурнай мове замацавана традыцыяй за афіцыйна-справавым стылем, асабліва за адміністрацыйна-канцылярскім падстылем (напр., належны, вышэйназваны, ніжэйпадпісаныя, даводзіцца да вашага ведама, касацыйная скарга і г.д.) Выкарыстанне канцылярызмаў у афіцыйна-справавым стылі – з’ява неабходная і нават абавязковая.

3. Наяўнасць спецыфічнай тэрміналогіі (найменні асоб паводле іх ролі (функцыі) ў розных афіцыйных адносінах; назвы дакументаў і іх частак; складанаскарочаныя словы; уніфікаваныя графічныя скарачэнні і інш.)


Марфалагічныя асаблівасці

У службовым маўленні амаль не выкарыстоўваюцца мадальныя словы, выклічнікі, імёны з суфіксамі суб’ектыўнай ацэнкі. Асноўнымі марфалагічнымі асаблівасцямі з’яўляюцца: 1) іменны характар; 2) перавага роднага склону назоўнікаў; 3) перавага пасіўных формаў; 4) назоўнікі – назвы асоб па прафесіі, пасадзе выкарыстоўваюцца ў форме мужчынскага роду; 5) выкарыстанне адыменных прыназоўнікаў і інш.


Сінтаксічныя асаблівасці

Для сінтаксісу афіцыйна-справавога стылю характэрна: перавага складаназлучаных і складаназалежных сказаў; выкарыстанне мадэляў з адыменнымі прыназоўнікамі; выкарыстанне інфінітыўных, безасабовых і няпоўных сказаў, пасіўных канструкцый; прамы парадак слоў; пашыранасць ускладненых сказаў.


Прасадычныя асаблівасці

Прасодыя, ці прасодыка – сістэма фанетычных сродкаў, пры дапамозе якіх выказванню надаецца пэўны сэнс. Асноўнымі адзінкамі прасодыі з’яўляюцца інтанацыя і націск.



Інтанацыя ўключае ў сябе мелодыку, рытм, інтэнсіўнасць, тэмп, тэмбр маўлення, лагічны націск. Яна выкарыстоўваецца для выражэння розных граматычных катэгорый ці для выражэння эмоцый і пачуццяў моўцы. Вылучаюць наступныя віды інтанацыі: пытальную, клічную, пералічальную, вылучальную, тлумачальную і інш.

Сродкам сэнсавага вылучэння якой-небудзь значымай адзінкі выказвання з’яўляецца лагічны націск. У пісьмовым маўленні лагічны націск па законах успрыняцця пісьмовага тэксту прыпадае на апошняе слова перад кропкай ці коскай. Зрабіць слова ці словазлучэнне лагічна націскным можна шляхам перамяшчэння яго ў канец сказа, уведзення слоў-“узмацняльнікаў”; выкарыстання проціпастаўлення, выражанага з дапамогай канструкцый з суадноснымі элементамі; уключэннем пабочных слоў, а таксама з дапамогай графічных сродкаў.


4.4. Уніфікацыя формы і зместу службовых дакументаў

Дакументы – гэта пісьмовыя тэксты, якія маюць юрыдычную (прававую) значнасць. Віды службовых дакументаў: арганізацыйна-распарадчыя, інфармацыйна-даведачныя, прыватныя афіцыйныя паперы.

Форма і мова дакументаў уніфікаваныя. Уніфікацыя тэкстаў службовай дакументацыі ажыццяўляецца на падставе стандартаў Беларусі (СТБ) і іншых інструктыўных матэрыялаў. Уніфікацыя формы дакументаў вызначаецца наяўнасцю фармуляра. Уніфікацыі формы садзейнічае выгляд тэксту службовага дакумента (лінейны запіс, трафарэт, анкета, табліца). Уніфікацыя мовы службовых дакументаў заключаецца ў фарміраванні сістэмы стандартных моўных мадэлей, якія адлюстроўваюць тыповыя сітуацыі моўных зносін. Найбольш значымым і істотным з пункту погляду тыпізацыі сітуацый афіцыйнай (службовай) камунікацыі з’яўляецца фактар мэты, паколькі менавіта мэта маўленчай дзейнасці абумоўлівае тып і стыль дакумента.
Тэма 5. СТЫЛІСТЫЧНЫЯ РЭСУРСЫ ЛЕКСІКІ

СЛУЖБОВЫХ ДАКУМЕНТАЎ
5.1. Лексічнае значэнне слова. Канатацыя

Слова – гэта асноўная намінатыўная адзінка мовы. Змест слова складае яго лексічнае значэнне. Словы, што маюць адно значэнне, называюцца адназначнымі, напр.: дасье ‘камплект дакументаў, што адносяцца да якога-н. пытання, асобы, арганізацыі’. Словы, якія маюць два і больш значэнняў, называюцца мнагазначнымі, або полісемантамі, напр.: архіў – 1) сукупнасць архіўных дакументаў; 2) архіўная ўстанова або структурнае падраздзяленне дзяржаўнага органа, прадпрыемства, установы, што ажыццяўляе камплектаванне, улік, захоўванне і выкарыстанне архіўных дакументаў’.

Новыя значэнні могуць развівацца ў выніку пераносу назвы аднаго прадмета на другі па падабенстве ці сумежнасці (шапка дакумента, мяккая фармулёўка). Такія значэнні з’яўляюцца пераноснымі і групуюцца вакол асноўнага, прамога значэння; яны рэалізуюцца толькі ў кантэксце.

Канатацыя – дадатковы змест слова і звязаныя з ім адценні значэння (сэнсу), якія накладваюцца на асноўнае значэнне і надаюць слову або выказванню пэўную афарбоўку (урачыстасць, жартаўлівасць, нязмушанасць, фамільярнасць і г.д.). Канатацыя ўключае ў сябе ацэначны, эмацыянальны, экспрэсіўны, вобразны і стылістычны элементы.
5.2. Сістэмныя адносіны ў лексіцы

Ад мнагазначных слоў неабходна адрозніваць аманімічныя, ці словы-амонімы, аднолькавыя па фанетычным афармленні, вымаўленні і напісанні, але розныя па значэнні: даклад1 ‘паведамленне’ і даклад2 ‘дадатковы матэрыял пра пашыве вопраткі, абутку (гузікі і пад.).

Аманімічныя словы ёсць у блізкароднасных мовах, напрыклад, беларускай і рускай. Такія словы гучаць падобна, але маюць у кожнай з моў сваё значэнне. Гэта міжмоўныя амонімы, напр., бел. нядзеля ‘сёмы дзень тыдня’, руск. неделя ‘тыдзень’ і інш.

У працэсе развіцця мовы для абазначэння аднаго і таго ж паняцця ўзнікаюць розныя словы – гэта сінонімы: абвестка – аб’ява, дагавор – дамова, інцыдэнт – выпадак – здарэнне і інш. У сінанімічны рад (данцужок) могуць уключацца як агульнаўжывальныя словы, так і словы абмежаванага выкарыстання (сакрэтны – канфідэнцыяльны (кніжн.), вязень – зняволены – арыштант (уст.) – астрожнік (уст)).

Блізкія па гучанні, але розныя па значэнні аднакаранёвыя словы адной часціны мовы – паронімы: адрасант ‘адпраўшчык дакумента’ і адрасат ‘ атрымальнік дакумента’. Падабенства паронімаў можа выклікаць іх змешванне ў маўленні і парушэнне сэнсу ўсяго выказвання.

Антонімы – словы адной часціны мовы, што абазначаюць супрацьлеглыя, але суадносныя паняцці. Паводле структуры антонімы падзяляюцца на аднакаранёвыя (кантрольны – бескантрольны) і рознакаранёвыя (актыў – пасіў).
5.3. Слоўнікавы склад беларускай мовы

Паводле паходжання лексіка беларускай мовы падзяляецца на спрадвечную і запазычаную.

У складзе спрадвечнай лексікі вылучаюць наступныя пласты слоў: агульнаславянскія, ці праславянскія (напр., адзін, маці, сын, брат, дзед), усходнеславянскія (напр., вяроўка, сорак, дзевяноста, цёмны, пляменнік) і ўласнабеларускія (напр., прадвесне, відавочны, сейбіт, насельніцтва, раскашаваць, чарніцы, векапомны, спаконвечны, красамоўства).

Запазычаную лексіку складаюць словы, што прыйшлі да нас з той або іншай мовы (грэцызмы, лацінізмы, русізмы, украінізмы, паланізмы, германізмы, цюркізмы і інш.). Запазычванне новых слоў ідзе двума шляхамі: вусным і пісьмовым.

Лексіка сучаснай беларускай мовы паводле выкарыстання (ужывання) падзяляецца на агульнаўжывальную (словы агульнавядомыя, якія разумеюць і якімі карыстаюцца ўсе носьбіты мовы) і лексіку, абмежаваную ва ўжытку.

Найбольш значнай часткай слоўніка беларускай мовы з’яўляецца агульнаўжывальная лексіка. Яна – той лексічны стрыжань (цэнтр), без якога не можа існаваць мова, немагчымы зносіны паміж людзьмі; яе складаюць словы, якія называюць найбольш неабходныя жыццёвыя паняцці і рэчы.

Лексіка абмежаванага выкарыстання складаецца з лексічных пластоў, якія вылучаюцца па сферы выкарыстання, актыўнасці выкарыстання (ступені ўжывальнасці), стылістычнай афарбоўцы.


Словы, абмежаваныя сферай выкарыстання, складаюць дыялектную лексіку, жаргонную і аргатычную лексіку і спецыяльную лексіку.

Дыялектная лексіка – гэта лексіка, якая адлюстроўвае спецыфіку беларускіх народных гаворак і дыялектаў. Асобнае дыялектнае слова, уведзенае ў літаратурны тэкст, але поўнасцю не асвоенае літаратурнай мовай, называецца дыялектызмам: дуйка (завея), драбы (рэбры) і інш.

Жаргонная лексіка – словы, якімі карыстаюцца пераважна прафесійныя групы і сацыяльныя колы людзей, аб’яднаных агульнасцю звычак, заняткаў, сацыяльным становішчам. У студэнцкім і вучнёўскім асяроддзі можна сустрэць такія ўтварэнні, як немка, англічанка, чыталка, хвост, аўтамат, шпоры, плаваць і інш. Словы і выразы жаргоннай мовы, якія выкарыстоўваюцца па-за межамі жаргону (напрыклад, у літаратурнай мове, мастацкім тэксце), называюцца жарганізмамі. Адной з разнавіднасцей жаргонаў з’яўляецца арго. Арго – мова сацыяльных груп, якая выконвае прафесійную функцыю – служыць сродкам адасаблення, аддзялення яго носьбітаў ад людзей іншых сфер дзейнасці. Таму аргатычная лексіка характарызуецца вузкапрафесійнай накіраванасцю, штучнасцю і засакрэчанасцю (арго жабракоў, злодзеяў).

Спецыяльнай лексікай карыстаюцца галоўным чынам прадстаўнікі пэўнай галіны навукі, прафесіі, роду заняткаў. Асноўныя разрады спецыяльнай лексікі: тэрміны, наменклатурныя назвы і прафесіяналізмы.

Тэрмін – гэта спецыяльнае слова ці спалучэнне слоў, створанае (прынятае, запазычанае) для дакладнага выражэння спецыяльнага паняцця і абазначэння пэўнага паняцця са сферы навукі, тэхнікі, мастацтва, спорту і г.д. Тэрміны характарызуюцца сістэмнасцю, наяўнасцю дэфініцыі, тэндэнцыяй да адназначнасці, адсутнасцю канатацыі.

У адрозненне ад тэрмінаў, прафесіяналізмы а) з’яўляюцца не афіцыйнымі, не ўзаконенымі навуковай літаратурай і спецыяльнымі слоўнікамі (г. зн. не кадыфікаванымі) назвамі адпаведных рэалій, б) з’яўляюцца функцыянальна другаснымі сінонімамі размоўна-экспрэсіўнага характару ў адносінах да эквівалентных ім па значэнні тэрмінаў; в) уласцівыя гутарковай мове людзей пэўнай прафесіі, спецыяльнасці.

Наменклатурныя назвы (номены) – гэта сукупнасць назваў, якія ўжываюцца ў навуцы, тэхніцы, вытворчасці і г.д. Напр., тэрмінам з’яўляецца слова валюта – ‘адзінкі грашовай сістэмы пэўнай краіны‘, а номенамі – канкрэтныя назвы розных грашовых адзінак: рубель, грыўна, долар і інш.


Паводле актыўнасці выкарыстання (ступені ўжывальнасці) у пэўны перыяд развіцця мовы заўсёды можна вылучыць дзве групы слоў – так званы актыўны і пасіўны склад.

У актыўна склад уваходзяць агульнаўжывальныя, зразумелыя ўсім носьбітам мовы словы. У пасіўны склад лексікі ўваходзяць устарэлыя словы і неалагізмы. Сярод устарэлых слоў вылучаюць гістарызмы (словы, якія перайшлі ў пасіўны склад лексікі таму, што зніклі рэаліі, для абазначэння якіх яны існавалі, напр., падымнае ‘падатак з кожнага двара (дыму), паконшчына ‘грашовы збор замест ваенна-коннай службы) і архаізмы (устарэлыя назвы, якія саступілі месца іншым словам, паколькі з’ява, прадмет, якія яны абазначалі, не зніклі і працягваюць існаваць, напр., тлумач (перакладчык), послух (сведка).

Словы, якія ўзніклі ў мове ў пэўны гістарычны перыяд і не набылі яшчэ агульнавядомага і агульнаўжывальнага характару, называюцца неалагізмамі.
Падставай для стылістычнай дыферэнцыяцыі слоў з’яўляецца наяўнасць і характар у складзе іх лексічнага значэння элементаў канатацыі.

Сярод разнавіднасцей стылістычнага элемента канатацыі вылучаюцца нейтральны, кніжны і размоўны. З улікам таго, якая разнавіднасць стылістычнага элемента канатацыі ўтрымліваецца ў лексічным значэнні слова, лексіку любой мовы можна размяжоўваць на тры пласты: міжстылёвая (нейтральная) (аснова лексічнай сістэмы мовы), размоўная (гутарковая), кніжная. У кожным з гэтыў пластоў ёсць унутраныя падзелы.


Тэма 6. КУЛЬТУРА МАЎЛЕННЯ АФІЦЫЙНЫХ ЗНОСІН
Культура маўлення – гэта сукупнасць такіх якасцей маўлення, якія робяць яго дасканалым сродкам камунікатыўных зносін у розных сферах дзейнасці чалавека; гэта рэальныя ўласцівасці зместу ці формы маўлення. Асноўнымі кампанентамі культуры маўлення (камунікатыўнымі якасцямі маўлення) з’яўляюцца правільнасць, дакладнасць, лагічнасць, дарэчнасць, выразнасць, багацце, чысціня.

Правільнасць – адна з найбольш важных камунікатыўных якасцей маўлення – прадугледжвае захаванне носьбітамі мовы літаратурных нормаў. Гэта забяспечвае адзінства моўных сродкаў і ўзаемаразуменне паміж удзельнікамі камунікацыі. Норма – гістарычна выпрацаваныя грамадствам і пісьмова замацаваныя ў нарматыўных слоўніках, даведніках, граматыках (г. зн. кадыфікаваныя) узоры, правілы, якім падпарадкоўваецца выкарыстанне моўных адзінак розных узроўняў.

Дакладнасць маўлення заключаецца ў адпаведнасці сэнсавага боку (плана зместу) прадметнай рэчаіснасці ці сістэме паняццяў. Дакладнасць маўлення асабліва цесна звязана з лексічнай нормай, што рэгулюе правільнасць выбару слова для пэўнага кантэксту. Дакладнасць характарызуе зместавы бок маўлення. Віды дакладнасці: прадметная і паняційная.

Лагічнасць маўлення прадугледжвае пабудову несупярэчлівага, паслядоўнага выказвання, у якім асобныя часткі лагічна звязаны паміж сабой. Лагічны тэкст будуецца з улікам асноўных законаў логікі: закона тоеснасці, закона супярэчнасці, закона выключэння трэцяга, закона дастатковай падставы. Існуюць і іншыя ўмовы лагічнасці: парадак слоў у сказе, сэнсавая несупярэчлівасць сувязі слоў у сказе, правільная арганізацыя тэксту. Істотным сродкам лагічнай арганізацыі тэксту з’яўляецца яго падзел на абзацы – завершаныя часткі цэлага, а таксама выкарыстанне службовых (прыназоўнікаў, злучнікаў, часціц) і пабочных слоў і словазлучэнняў.

Дарэчнасць маўлення ўвасабляе адметны выбар моўных сродкаў у адпаведнасці з мэтай і тэмай выказвання, сітуацыяй, умовамі праяўлення маўленчай дзейнасці і г.д. Адрозніваюць дарэчнасць кантэкстуальную, стылявую, сітуацыйную і асобасна-псіхалагічную.

Выразнасцю маўлення называюць такія яго асаблівасці, якія падтрымліваюць увагу і зацікаўленасць слухача і чытача Выразнасць маўлення вызначаецца і дасягаецца найперш праз якаснае ўжыванне моўных сродкаў (сінонімаў, параўнанняў, метафар, перыфраз і іншых вобразна-выяўленчых элементаў). Сродкі выразнасці неаднолькава выкарыстоўваюцца ў розных сферах зносін. Выкарыстанне многіх сродкаў выразнасці (метафар, параўнанняў, эпітэтаў, перыфраз і інш.) у афіцыйным маўленні вельмі абмежаванае (нават немагчымае), паколькі супярэчыць характэрным рысам афіцыйна-справавога стылю. Своеасаблівымі сродкамі выразнасці афіцыйна-справавога стылю з’яўляюцца клішыраваныя выразы і канцылярызмы.

Чысціня вызначае мэтазгоднасць увядзення ва ўжытак лексічных адзінак, што маюць абмежаваную (вузкую) сферу семантычнай рэалізацыі (дыялектызмы, жарганізмы, прастамоўныя, лаянкавыя лексемы), або адносяцца да слоў, выкарыстанне якіх у беларускай мове непажадана (напр., русізмы; паразітычныя гукі і словы; плеаназмы і таўталогія; запазычанні тыпу ад’ю, чао, о’кей і пад.). Чысціня маўлення мае непасрэдную сувязь з літаратурнай мовай і маральным аспектам нашай свядомасці.

Багацце (разнастайнасць) маўлення выяўляецца ў разнастайнасці выкарыстання моўных сродкаў і ў адсутнасці ці вельмі рэдкім паўтарэнні адных і тых жа слоў і выразаў. У параўнанні з іншымі стылямі афіцыйна-справавы стыль у найменшай ступені рэалізуе моўнае багацце. Як адзначалася вышэй, паўторы дапамагаюць захаваць дакладнасць афіцыйнага і навуковага маўлення, і таму яны часам непазбежныя ў адпаведных тэкстах.
Тэма 7. ПЕРАКЛАД ЯК ВІД РАБОТЫ З ТЭКСТАМ ДАКУМЕНТА
7.1. Адзінкі перакладу

Мова – гэта своеасаблівы код, г. зн. адвольнае абазначэнне прадметаў і з’яў рэчаіснасці пры дапамозе ўмоўных знакаў. Такім чынам, пераклад можна разумець як перакадзіраванне, паколькі кожны ўмоўны знак адной знакавай сістэмы (мовы) замяняецца знакам іншай знакавай сістэмы (іншай мовы). У практыцы перакладу адзінкай перакладу лічыцца мінімальная моўная адзінка тэксту арыгінала, якая семантычна ўспрымаецца як цэлае. Пры гэтым адзінка перакладу адной мовы можа не супадаць з адзінкай перакладу іншай мовы. Адзінкай перакладу можа быць адзінка любога моўнага ўзроўню – ад фанем (графем) да тэкстаў.



Транскрыпцыя. Асноўная задача транскрыпцыі (дакладнага графічнага адлюстравання гукавых асаблівасцей мовы) – перадаць сродкамі пэўнага нацыянальнага алфавіта іншамоўныя ўласныя імёны, экзатызмы з захаваннем па магчымасці іх дакладнага гукавога аблічча. Гукі, якіх няма ў мове, на якую робіцца пераклад, замяняюцца найбольш блізкімі да іх па гучанні (рус. Игорь Грещевский – бел. Ігар Грашчэўскі).

Памарфемны пераклад. Марфема выступае як адзінка перакладу вытворных слоў, кампазітаў (до-сроч-н-ый – да-тэрмін-ов-ы, ). Такі від перакладу, які займае прамежкавае становішча паміж словаўтварэннем і запазычваннем, называецца калькаваннем. Памарфемна нельга перакладаць тапонімы (назвы геаграфічных аб’ектаў), напрыклад, Красноводск, Североморск, Южно-Сахалинск не могуць гучаць як Чырвонаводск, Паўночнаморск, Паўднёва-Сахалінск, а толькі Краснаводск, Севераморск, Южна-Сахалінск.

Пераклад асобных слоў – адзін з самых распаўсюджаных відаў перакладу, пры якім да кожнага слова адной мовы падбіраецца адпаведнік у іншай мове. Аднак і пры такім, здавалася б, лёгкім спосабе перакладу могуць быць свае цяжкасці. Адной з іх з’яўляецца наяўнасць у любой мове сінонімаў, амонімаў, мнагазначных слоў. Пераклад слоў можа выклікаць цяжкасці пры перадачы на іншую мову безэквівалентнай лексікі.

Пераклад словазлучэнняў. Нават пераклад свабодных словазлучэнняў не варта разумець як пераклад асобных іх кампанентаў. Напрыклад, видеть своими глазами – бачыць на свае вочы (а не бачыць сваімі вачамі), поблагодарить его перед всеми – падзякаваць яму пры ўсіх (а не падзякаваць яго перад усімі), управляющий делами – кіраўнік спраў (а не кіраўнік справамі). Яшчэ больш яскрава гэта праяўляецца пры перакладзе з няроднасных моў. Фразеалагічныя спалучэнні перакладаюцца як адзінства, як цэлае, і нярэдка зусім не супадаюць наборам кампанентаў з мовай арыгінала (напрыклад, в конце концов – нарэшце, был прав – меў рацыю, с бухты-барахты – проста з моста). Міжмоўную эквівалентнасць фразеалагізмы маюць толькі на семантычным узроўні.

Пераклад сказаў. Калі сувязь паміж словамі ў сказе свабодная, то такі сказ можна перакласці па асобных словах ці словазлучэннях. Непадзельнай адзінкай перакладу сказ з’яўляецца пры перакладзе прыказак, прымавак, устойлівых клішэ і формул (надпісы, формулы ветлівасці). Параўнайце: Пройти огонь, воду и медные трубы – З сямі печаў хлеб есці; Один в поле не воин – Адной рукою і вузла не завяжаш; Удачи Вам! – Хай Вам шчасціць!; Дабранач! – Доброй ночи!

Пераклад тэкстаў. Адзінкамі перакладу з’яўляюцца такія тэксты, як, напрыклад, паэтычныя творы, тэксты рэкламы, назвы мастацкіх твораў, бо яны ўяўляюць сабой семантычныя адзінствы. Пры перакладзе з няроднасных моў тэкст ці пэўная яго частка (абзац) нярэдка з’яўляюцца адзінкамі перакладу. Для мовы дакументаў пераклад на ўзроўні тэксту – з’ява нехарактэрная.

Такім чынам, адзінкамі перакладу тэкстаў афіцыйна-справавога стылю найчасцей з’яўляюцца словы і словазлучэнні.


7.2. Асаблівасці перакладу з рускай мовы на беларускую

Дзяржаўнасць беларускай і рускай моў у Рэспубліцы Беларусь выклікае патрэбу дасканалага валодання абедзвюма мовамі. Афармленне дакументаў на беларускай і рускай мовах нярэдка звязана з перакладам тэксту. Пры перакладзе з рускай мовы на беларускую неабходна памятаць, што паміж гэтымі мовамі існуюць разыходжанні ў націску, родзе, ліку, склоне, адмаўленнях, сінтаксічнай будове, а таксама несупадзенні ў аб’ёме лексічнага значэння многіх слоў. Па прычыне абмежаванага выкарыстання ў беларускай мове дзеепрыметнікаў нярэдка ўзнікае праблема адэкватнай перадачы дзеепрыметнікаў і дзеепрыметнікавых зваротаў па-беларуску.



Існуюць розныя спосабы пазбегнуць неўжывальных формаў дзеепрыметнікаў.

  1. Дзеепрыметнікавы зварот перабудаваць у даданы сказ (находящиеся в обращении деньги – грошы, якія знаходзяцца ў абарачэнні; женщины, работающие на предприятии – жанчыны, якія працуюць на прадпрыемстве).

  2. Перарабіць выраз, замяніўшы дзеепрыметнік аднакаранёвым

    • назоўнікам (лицо, составившее документ – складальнік дакумента);

    • прыметнікам (соответствующий налог – адпаведны падатак, плата, превышающая расход – плата большая за выдаткі);

    • дзеясловам (развивающееся сотрудничество приносит результаты – супрацоўніцтва развіваецца і прыносіць вынікі);

    • дзеепрыметнікам ва ўжывальнай форме (уцелевшее здание – уцалелы будынак, устаревшие сведения – састарэлыя звесткі);

    • дзеепрыслоўем (работающий с молодыми специалистами бригадир передает им свой опыт – працуючы з маладымі спецыялістамі, брагадзір перадае ім свой вопыт).

  3. Замяніць развітым прыдаткам (цифры, показывающие динамику – лічбы-паказчыкі дынамікі).

  4. Калі дзеепрыметнік не мае істотнай сэнсавай нагрузкі, пры перакладзе яго можна прапусціць (время, отведенное для рекламы – час для рэкламы; меры, оказывающие воздействие – меры ўздзеяння).


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка