Дакладнасць маўлення




Дата канвертавання10.05.2016
Памер114.33 Kb.
ДАКЛАДНАСЦЬ МАЎЛЕННЯ


  1. Паняцце дакладнасці маўлення.

  2. Асноўныя ўмовы дакладнасці маўлення.

  3. Патрабаванні да дакладнасці маўлення ў розных функцыянальных стылях.

1. Дакладнасць маўлення як камунікатыўная якасць абазначае адпаведнасць сэнсавага боку маўлення (плана зместу) прадметнай рэчаіснасці ці сістэма паняццяў. Дакладнасць са старажытнасці ўсведамляецца як адна з асноўных вартасцей маўлення. Так, Арыстоцель лічыў, што калі маўленне незразумелае, то яно не дасягае мэты, Цыцэрон казаў, што ў словах павінен быць выбар дагэтуль, пакуль словы не стануць дакладнымі назвамі паняццяў. А.Бялінскі лічыў, што “слоў не хапае людзям тады, калі яны гавораць пра тое, чаго самі не разумеюць добра”.

У працэсе моўнай практыкі грамадства ўдакладняюцца і абнаўляюцца сэнсавыя і граматычныя сувязі слова, узбагачаецца і ўдасканальваецца яго семантыка, акрэсліваецца сфера яго распаўсюджання, складваецца яго стылістычная афарбоўка. Таму адным з найбольш важных патрабаванняў культуры маўлення з’яўляецца выбар дакладнага слова, якое б найбольш поўна адпавядала зместу маўлення. Гэта датычыцца перш за ўсё слоў з прамым значэннем, таму што прамое значэнне як бы “непасрэдна накіравана на прадмет” (Вінаградаў В.У.). Слова ў прамым значэнні менш залежыць ад кантэксту. Пры поўнай рэалізацыі сваіх выяўленчых магчымасцей слова натуральна ўваходзіць у кантэкст – у звыклыя для яго спалучэнні з іншымі словамі. У тым выпадку, калі слова выбрана без уліку яго дакладнага сэнсу і не адпавядае звыкламу спалучэнню, яно ўспрымаецца як парушэнне літаратурных норм.

Дакладнасць маўлення цесна звязана з правільнасцю, бо парушэнне нормы (фанетычнай, марфалагічнай, арфаграфічнай) часта скажае або зацямняе семантыку слова. Калі правільнасць маўлення мае непасрэдную сувязь з захаваннем арфаэпічных, акцэнталагічных, словаўтваральных, граматычных, сінтаксічных нормаў, то дакладнасць маўлення звязана з захаваннем лексіка-семантычных і фразеолага-семантычных норм. Недакладнае маўленне спараджае лексічныя і фразеалагічныя памылкі семантычнага характару.

Дакладнасць як якасць маўлення заўсёды звязвалася з уменнем ясна думаць, з веданнем прадмета маўлення, з цвёрдым усведамленнем значэння слоў. Дакладнасць разумеецаа і як адпаведнасць паміж агульнапрынятым значэннем слова і яго прымяненнем ў маўленні. Такое азначэнне паказвае, што дакладнасць як камунікатыўная якасць звязваецца перш за ўсё з лексічным узроўнем у сістэме мовы. Каб маўленне было дакладным, словы павінны ўжывацца ў поўнай адпаведнасці з тымі значэннямі, якія за імі замацаваны ў сістэме мовы. Паўната адпаведнасці слова прадмету ці з'яве забяспечвае паўнату праўдзівасці інфармацыі, якая ў маўленні праходзіць па мяжы ‘веданне для сябе’ і ‘веданне для іншых’. Інакш кажучы, дакладнасць паведамлення, перадачы інфармацыі субяседніку залежыць ад таго, наколькі выбраныя адзінкі мовы выражаюць сутнасць аб'екта маўлення. Калі выбрана слова прыблізнае, то яно прыблізна перадасць сутнасць названага ім прадмета.

Пры выбары слова важна ўлічваць таксама абазначаныя ім аб’ём і змест паняцця. Гэтыя катэгорыі знаходзяцца ў зваротнай залежнасці: з узбагачэннем зместу паняцця памяншаецца яго аб’ём: параўн. купілі мэблю і купілі канапу.

У залежнасці ад мэт і характару маўлення, ад жанру і стылю твора трэба выбіраць слова або канкрэтнае, або больш агульнае па значэнню. У кніжных стылях лепш выбраць спалучэнне атмасферныя ападкі , у размоўным маўленні – дажджы, ліўні.

Адрозніваюць дакладнасць прадметную і дакладнасць паняційную. Прадметная дакладнасць заключаецца ў адпаведнасці зместу маўлення тым прадметам, з’явам рэчаіснасці, якія адлюстроўваюцца маўленнем. У маўленні павінны правільна адбівацца з’явы жыцця, прадметы і з’явы рэчаіснасці, пра якія гаворыцца. А для гэтага прадмет маўлення павінне быць пазнаны вельмі глыбока. Дакладнасць паняційная – адпаведнасць зместу маўлення той сістэме паняццяў, якая ў ёй абазначана.


2. Асноўнымі ўмовамі, якія садзейнічаюць дакладнасці маўлення, з’яўляюцца экстралінгвістычныя, структурныя і ўласна лінгвістычныя. Яны праяўляюцца ў веданні прадмета маўлення, валоданні сістэмай мовы і ўменні суадносіць сваё веданне прадмета з агульнавядомымі моўнымі сродкамі. Лінгвістычнай умовай забеспячэння дакладнасці маўлення з’яўляецца правільнае словаўжыванне, якое характарызуецца наступнымі фактарамі:

1. Веданне сінанімічных магчымасцей мовы, умелы выбар з сінанімічнага рада неабходнай моўнай адзінкі. Выбар патрэбнага слова з сінанімічнага рада – гэта пошук аптымальнай рэалізацыі думкі, яе сутнасці. Сінонімы выконваюць тры асноўныя функцыі:

а) функцыю замяшчэння, якая звязана перш за ўсё з імкненнем пазбегнуць непажаданых паўтораў адных і тых жа лексічных адзінак;

б) функцыю ўдакладнення, якая звязана з жаданнем гаворачага або пішучага больш дакладна перадаць думку: напрыклад: Паліліся спачатку пунсовыя, пасля чырвоныя, залатыя патокі маладога, гарачага святла. Сутнасць яе заключаецца ў выбары слова, якое найбольш дакладна характарызуе з’яву, прадмет з усёй мнагалікасці іх існавання, падкрэсліваючы неабходную аўтару рысу. Выбар сіноніма з мэтай найбольш дакладнай перадачы думкі – істотны кампанент пісьменніцкай працы.

У коміне вецер заціхнуць не хоча –

Заносіцца песняй магільнай, дзікой,

То стогне, то плача, то дзіка рагоча,

Як быццам смяецца з нядолі людской. (Я.Купала “Зімой”).

Кожны радок тут амаль тоесны, словы стогне, плача, рагоча, смяецца ўдакладняюць расчлянённымі паняццямі агульнае паняцце, заключанае ў першым радку.

в) функцыю экспрэсіўна-стылістычную, звязаную з выражэннем разнастайных ацэнак. Ужыванне сінонімаў з такой мэтай дапамагае ўзмацніць эмацыянальна-экспрэсіўную афарбрўку твора, надаць новую характарыстыку звыкламу паняццю: Адкуль ёй быць, калі яшчэ Мароз сярдуе і пячэ (Н.Гілевіч); Што забылі цябе, адракліся, Прадалі і аддалі ў палон. (М.Багдановіч).

Самай асноўнай функцыяй сінонімаў ў маўленні з’яўляецца функцыя ўдакладнення. Дзеля яе мова назапасіла сінонімы, распрацавала тонкія адносіны паміж імі ў сінанімічных радах і парадыгмах. Мэтазгодна адрозніваць дакладнасць сэнсавага і дакладнасць экспрэсіўна-стылістычнага боку маўлення. У гэтым выпадку “дзве функцыі – ‘удакладняльная’ (акцэнтаванне таго ці іншага адцення паняцця) і стылістычная – і з’яўляюцца асноўнымі, характарызуючымі і абумоўліваючымі лексічную сінаніміку мовы. Менавіта яны вызначаюць спецыфічныя сувязі і адносіны паміж тоеснымі і блізкімі па значэнню словамі ў лексічнай сістэме мовы (размеркаванне ўжывання слоў). Усе іншыя функцыі сінонімаў (узаемазамяняльнасць, супрацьпастаўленасць) з’яўляюцца вытворнымі ад гэтых двух, развіліся на іх аснове і ўяўляюць сабой разныя віды ажыццяўлення, рэалізацыі ‘ўдакладняльнай’, г.зн. сэнсавай, і стылістычнай функцый.

У адпаведнасці з мастацкімі магчымасцямі сінаніміі ўзрастае адказнасць за правільнасць выбару данага моўнага сродку і выкарыстанне ў маўленні. У беларускай мове маецца вялікая колькасць сінонімаў. Але як часта ў маўленні замест дакладных, патрэбных для данага выпадку слоў выкарыстоўваюцца гатовыя, стандартныя выразы, выпадковыя словы. Нярэдка змяшэнне сінонімаў прыводзіць не толькі да недакладнасці, але і маўленчых кур’ёзаў. Так, назоўнік дзверы спалучаецца з дзеясловам зачыніць (прычыніць, расчыніць, адчыніць), а назоўнік вочы -- з д-зеясловам расплюшчыць (заплюшчыць, прыплюшчыць), Г.зн., што дзеясловы адкрыць, адчыніць, расплюшчыць адносяцца да розных сінанімічных радоў. Аднак у маўленні адзначаюцца выпадкі змешваннія гэтых моўных адзінак, што парушае дакладнасць маўлення.

Распаўсюджанай памылкай з’яўляецца неразмежаванне дзеяслоўных пар сысці – выйці і злезці – вылезці (з аўтобуса). Дапускаецца сысці-выйсці, не рэкамендуюцца дзеясловы зладжу – выладжу.

Не ўступае ў сінанімічныя адносіны з дзеясловамі ‘лушчыць, лу’заць (семкі, гарбузікі) дзеяслоў грызці (можна грызці сухары, яблыкі).

Семантыка дзеяслова любіць шырэйшая, чым дзеяслова кахаць, таму ў сінтаксічныя адносіны яны ўступаюць, калі мнагазначны дзеяслоў любіць выступае ў значэнні ‘мець вялікае сардэчнае пачуццё’ (памылковае ўжыванне ‘кахаю Парыж’).

Няўдала выбраны сінонім можа пашкодзіць любому маўленню. Прыклад з навуковага стылю: “На працягу апошніх гадоў ў розных выдатных манаграфіях неаднойчы апісваліся агульныя эксперыментальныя метады”. Лексемай выдатных даецца занадта высокая адзнака, якая не адпавядае рэчаіснасці і разыходзіцца са значэннем прыметніка ‘розны’, які стаіць побач. Або: У канцы выступелння хочацца пажадаць поспехаў. Тут лепш ужыць слова ‘у заключэнні’, якое мае значна менш значэнняў і ўспрымаецца больш нейтральна.

Ужыванне дакладнага сіноніма дазваляе пазбегнуць паўтораў, дакладнасці маўлення. На выкарыстанні сінаніміі заснаваны прыёмы замены слоў, нанізвання сінонімаў, паралельнага іх выкарыстання і г.д. Сінонімы выкарыстоўваюцца ва ўсіх стылях беларускай мовы, а некаторыя ў навуковым і афіцыйным маўленні сталі нават своеасаблівымі моўнымі штампамі і трафарэтамі: згодна з і ў адпаведнасці; вышэйназваны і вышэпамянёны; як адзначана і як зазначана.

Своеасаблівымі сінонімамі з’яўляюцца эўфемізмы – “культурныя” словы і выразы, якія ўжываюцца замест грубых, непажаданых: выйдзі вон – зачыні дзверы з таго боку; памерці – пакінуць гэты свет. У сінанімічныя адносіны могуць уступаць і фразеалагізмы: абое рабое – аднаго поля ягады, адным лыкам шытыя.

2. Правільнае словаўжыванне патрабуе ўмення аўтара пазбягаць маўленчай недакладнасці, якая можа ўзнікнуць у выніку таго, што гаворачы ўжыў слова з прыблізнай, недакладнай семантыкай. Адбываецца гэта з-за няўважлівасці да формы выражэння. Такое неаптымальнае словаўжыванне ў цэлым не скажае думкі, не стварае камічнага эфекту, але робіць думку нячоткай, недакладнай. Напрыклад: Пытанню паспяховасці ў групе павінна быць нададзена асноўная ўвага (тут лепш ужыць слова асаблівая).

3. Веданне шматзначнасці слова, словазлучэння сказа, умелае размежаванне полісеміі. Значэнні мнагазначнага слова рэалізуюцца ў кантэксце, у рознай спалучальнасці слова з іншымі словамі. Ю.Тынянаў адзначаў, што “Слова не мае аднаго пэўнага значэння. Яно – хамелеон, у якім кожны раз узнікаюць не толькі розныя адценні, але іншы раз і фарбы”. У шэрагу словаўжывання мнагазначнае слова тое інварыянтнае значэнне, якое і звязвае ў адно цэлае гэтыя значэнні. Але гэта інварыянтнае значэнне можа надаць канкрэтнаму значэнню прыкметы, якія ідуць ад іншых значэнняў слова. Але выказванне павінна быць дакладна адназначным.

Напрыклад, у сказе: Мая сям’я ніякіх адносін да музыкі не мела. Я нарадзіўся ў нармальнай сям’і недакладна выбраная лексема нармальнай замест звычайнай дала камічны эффект таму, што яно мнагазначнае, і калі ў адным значэнні збліжаецца са словам звычайны, то ў другім значэнні – уводзіць у іншую плоскасць: псіхічна здаровы. Гаворачы даў кантэкст, які дапускае два гэтыя значэнні.

Хоць Беларусь амаль уся пакрыта лясамі, але жыхары яе – не дзікуны. Я хачу, каб людзі з заходніх краін, дапамагалі нам, меншым братам. У адзенні не абслугоўваюць. Боты вырабляюцца са скуры заказчыка.

Мнагазначныя словы складаюць каля 80% слоўнікавага складу беларускай мовы, таму яны, канечне, з’яўляюцца магутным сродкам стварэння вобразнасці маўлення. Мнагазначныя словы выконваюць у тэксце некалькі функцый, адна з якіх “павышэнне экспрэсіўнасці выказвання і тэксту, а таксама ўзмацненне глыбіні тэксту праз індуцыраванне асацыятыўнага патэнцыялу слоў і іх значэнняў”. Семантыка слова ўтрымлівае неабходныя, пастаянныя кампаненты, якія падчас змяняюцца ў залежнасці ад думак і адчуванняў слухача, што вядзе да пераразмеркавання семантыкі моўнай адзінкі, з’яўленню новага значэння слова, якое набывае канкрэтную форму выражэння з імпліцытным значэннем. Дзякуючы гэтым фактарам такія словы па-рознаму ўспрымаюцца людзьмі, што можа парушыць дакладнасць маўлення: Ты ўсё сваіх чакаеш стрэч, А не твае – цябе мінулі: Не зачапілі белых плеч І кос даспелых не кранулі (Н.Гілевіч). Словы зачапілі, кранулі, даспелы ўжыты ў пераносным, вобразным значэнні, таму могуць быць успрыняты неадназначна.

Мнагазначнасць – гэта не зло, а найвялікшая выгада, якая дазваляе мове развівацца і паспяваць за вопытам жыцця. (Гарбачэвіч). Кантэксту, як словам, так і выразам, што суправаджаюць мнагазначнае слова, і надаюць яму неабходную адназначнасць, адводзіцца такая ж роля, як і ключавым маўленчым адзінкам, што фарміруюць прадмет думкі ці ўсё выказванне.

4. Веданне аманіміі. Неразмежаванне амонімаў прыводзіць да парушэння дакладнасці словаўжывання, да двухсэнсоўнасці выказвання, да каламбураў. Зменшыць верагоднасць памылак дапаможа актывізацыя ўвагі да маўлення, трэніроўка маўленчых навыкаў. Неабходна пастаянна звяртаць увагу на тое, што мы гаворым, выводзіць працэс маўлення з прывычнага бяздумнага аўтаматызму.

Камізм і двухсэнсоўнасць выказванню могуць надаць абрэвіятуры, якія маюць амонімы, напрыклад, МНІ, ГНІ (Маскоўскі, Грозненскі нафтавы інстытуты), руск. прыклад – ОЛЯ (Аддзяленне літаратуры і языка АН), ВНОС (Воздушное наблюдение, оповещение и связь).

Асабліва неабходна звяртаць увагу на мнагазначнасць і аманімію слова ў беларуска-рускім моўным асяроддзі, у перакладах:



У суседнім пакоі нехта гуляў на гармоніку.

У тэатры артыстка цудоўна згуляла сваю ролю.

Такія памылкі ўзніклі таму, што рускаму дзеяслову играть у беларускай мове адпявядаюць два: гуляць і іграць.

5. Правільнае словаўжыванне патрабуе размежавання ў маўленні аднакарэнных слоў, блізкіх па значэнні і сферы выкарыстання, але розных па словаўтваральнай структуры – паронімаў. Такія словы падобны і па гучанні, што павялічвае небяспеку іх неразмежавання ў маўленні: адзінкавы – адзіночны – адзінокі – адзіны. Некаторыя аўтары разумеюць з’яву параніміі вельмі шырока, адносячы да іх любыя блізкія па гучанні словы, незалежна ад таго, аднакарэнныя яны ці не: ланцет – пінцет, фарш – фарс. Аднак большасць лінгвістаў лічыць, што паранімія ахоплівае толькі роднасныя словы. Гукавая блізкасць і іх падабенства ў значэннях тлумачыцца тым, што ў іх адзін і той жа марфалагічны корань.

Не з’яўляюцца паронімамі словы, якія маюць гістарычна агульны корань, але ў сучаснай мове страцілі этымаалгічную сувязь (клубень – клубніка); а таксама запазычаныя словы, узыходзячыя да аднаго кораня, але якія перажылі спрашчэнне і дээтымалагізацыю (раман – раманс; гімназія – гімнастыка).

Можна вылучыць:

а) паронімы, якія маюць розныя прыстаўкі;

б) паронімы, якія адрозніваюцца суфіксамі: адрасат – адрасант;

в) паронімы, адзін з якіх мае невытворную аснову, а другі – вытворную: рост – узрост.

Калі класіфікаваць паронімы па семантычнай прыкмеце, то самую большую групу складаюць паронімы, блізкія па сэнсу, але якія адрозніваюцца тонкімі сэнсавымі адценнямі: гліняны – гліністы.

Паранамазія – свядомае, стылістычнае збліжэнне сэнсава і структурна розных слоў, што маюць знешняе гукавое падабенства: Лянок не любіць лянот. Віцебшчына! Ты лёсам выпешчана – Ты войнамі выпесчана.

Памылкі, звязаныя з ужываннем паронімаў, з’яўляюцца частымі і ўласцівы не толькі вуснаму маўленню, але і вопытным літаратарам. Змяшэнне паронімаў можа выклікаць парушэнне лексічнай спалучальнасці: засеяць ці пасеяць пшаніцу. У кантэксце: засеяць участак – пасеяць пшаніцу. Іншы раз ў маўленні слова замяняецца іншым, скажоным варыянтам: пазачарговы – нечарговы. Неразуменне паронімаў – характэрная памылка ў сачыненнях вучняў, абітурыентаў:



выразаць апендыцыт // апендыкс;

пайсці па дыстанцыях // інстанцыях;

быць камунікальным // камунікабельным;

скампраментаваць каго-н. // скампраметаваць і г.д.

6. Правільнае словаўжыванне патрабуе добрага ведання значэння слоў вузкай сферы выкарыстання – запазычаных, прафесійных, архаічных і г.д.


3. Патрабаванні да дакладнасці маўлення адрозніваюцца ў розных функцыянальных стылях. Патрабаванні да дакладнасці маўлення ўзрастаюць тады, калі няма непасрэднага кантакту з адрасатам маўлення, а таксама пры непасрэдным кантакце, але з шырокай аўдыторыяй. Пры непасрэдным кантакце з канкрэтным субяседнікам заўсёды магчыма карэкцыя, якая дазваляе зняць узнікшую недакладнасць. Больш высокія патрабаванні прад’яўляюцца да мовы навуковай, афіцыйна-дзелавой, публіцыстычнай.

Дакладнасць як камунікатыўная якасць цесна звязана з дакладнасцю тэрмінаўжывання. Навука і вытворчасць пастаянна павялічвае агульны аб’ём тэрмінаў, часцей бескантрольна ўводзячы ўсё новыя тэрмінаадзінкі. Стыхія тэрмінаўжывання і тэрмінатворчасць абцяжарваюць навуковыя зносіны. Перанасычанасць тэксту тэрмінамі не спрыяе дакладнаму яго ўспрыняццю. Тэрмін у ідэале павінен быць адназначным, не павінен мець сінонімаў. Калі ж тэрмін мнагазначны, пры яго ўжыванні трэба дакладна ўсведамляць, у якім значэнні ён ужываецца.

Дакладнасць прымяняльна да мастацкага тэксту абцяжарваецца рознымі фактарамі. Тут на дакладнасць як яго адэкватнасць прадмету наслойваецца шэраг эмацыянальна-ацэначных і мастацка-выяўленчых адценняў. У мастацкім тэксце слова часта набывае незвычайнае, кантэкстуальнае значэнне, што з’яўляецца не парушэннем дакладнасці маўлення, а вынікам свядомых дзеянняў аўтара.

Л І Т А Р А Т У Р А:
Александрова З.В. Словарь синонимов русского языка / Под ред. Л.А.Чешко. М., 1968.

Апресян Ю.Д. Лексическая семантика. Синонимические средства языка // Избранные труды. Т.2, М., 1995.

Виноградов В.В. Основные типы лексических значений слова // Вопросы языкознания. 1953. № 5. С.12

Гвоздев А.Н. Очерки по стилистике русского языка. М., 1965.

Головин Б.Н. Основы культуры речи. М., 1980.

Каўрус А.А. Стылістыка беларускай мовы. Мн., 1980.

Кожина М.Н. Стилистика русского языка. М., 1977.

Крылова О.А. Основы функциональной стилистики русского языка. М., 1979.

Малажай Г.М. Лінгвістычны аналіз тэксту: Заданні, тэксты, парады. Мн., 1982.

Стилистика русского языка. Под ред. Н.М.Шанского. Л., 1989.

Цікоцкі М.Я. Практычная стылістыка беларускай мовы. Мн., 1962. Ч.1; 1965. Ч.2.

Цікоцкі М.Я. Стылістыка беларускай мовы. Мн., 1995.



Юрэвіч А.К. Стылістыка беларускай мовы. Мн., 1992.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка