Дадатковы матэрыял у сувязі са зменамі ў вучэбнай праграме Па вучэбным прадмеце “Беларуская мова” 1 клас устаноў агульнай сярэдняй адукацыі з рускай мовай навучання




Дата канвертавання12.05.2016
Памер68.67 Kb.
Дадатковы матэрыял у сувязі са зменамі ў вучэбнай праграме

Па вучэбным прадмеце “Беларуская мова” 1 клас устаноў агульнай сярэдняй адукацыі з рускай мовай навучання
Матэрыял вучэбнага дапаможніка “Урок 13. Занятак у вольны час” (с. 28-29) размяркоўваецца паміж урокамі 15 “У доме (хаце)” і 16 “На вуліцы (у двары)” наступным чынам.

Да ўрока 15:

Другое заданне на старонцы 28 вучэбнага дапаможніка.

– Глядзіце на малюнак, паслухайце і падумайце, ці можна пагадзіцца з хлопчыкам?



Хто каго павінен слухацца?

Валерык гуляў на двары. Раптам яго паклікала мама i кажа:

– Сынок, я схаджу да цёткі Ганны, а ты пабудзь з Лідай у хаце. Толькі, глядзі, слухайся яе.

– А чаму я павінен яе слухацца? – спытаў Валерык.

Таму што яна большая, – адказала маці. – Меншыя заўсёды слухаюцца большых.

Калі маці выйшла з хаты, Валерык стаў на табурэтку, паклікаў сястру i пытае:

– Ліда, хто з нас большы?

Сястра паглядзела на брата i ўсміхнулася:

– Вядома, ты.

Валерык саскочыў з табурэткі i весела крыкнуў:

– Калі я большы, то ты павінна слухацца мяне: пільнуй хату, а я пабягу гуляць.

П. Рунец


– Ці згодныя вы з хлопчыкам? Як хлопчык хітраваў? Чаму сястрычка сказала, што брацік большы за яе? Хто на самай справе каго павінен слухацца?

Хвілінка адкрыццяў: прачытайце словы, скажыце, якім словам трэба дапоўніць другі радок. Які асаблівы гук беларускай мовы чуецца ў сярэдзіне слова? Вымавіце слова хорам (дзеці слова не бачаць). Прачытайце гэта слова на дошцы: брацік. Падкрэсліце літару, якая перадае гэты гук.

Трэцяе заданне на старонцы 28 вучэбнага дапаможніка.

– Разгледзьце прадметы. Якія з іх вы можаце назваць па-беларуску? Паслухайце назвы астатніх прадметаў і паказвайце іх на малюнку: запалкі ці сярнічкі, відэлец, іголкі, булаўкі, нажніцы, скакалка. З якім прадметамі можна гуляць у вольны час, а з якімі – нельга! Паслухайце верш-перасцярогу. Запомніце незразумелыя словы.

Перасцярога

Запомніце, дзеці:

Запалкі-сярнічкі

Нажы і відэльцы,

Іголкі й нажнічкі, –

Усё гэта рэчы,

3 якімі малечы

Няможна бяспечна,

Бы у цацкі, гуляць,

Бо страшная можа

Бяда напаткаць.

Ніл Гілевіч

– Назавіце незразумелыя словы. Пры гульні з якімі прадметамі можа напаткаць бяда? Ці можна з імі гуляць? (Вывучыць верш на памяць).
Да ўрока 16:

Першае заданне на старонцы 28 вучэбнага дапаможніка.

Разгледзьце першы малюнак. Чым займаюцца дзеці ў двары? Паслухайце верш і скажыце, што здарылася са снежнай бабай?

Мы лепім бабу снежную –

Прапаў, адпаў мароз,

Ды зайчык недасведчаны

Сцягнуў маркоўны нос.

Уладзімір Рунцэвіч

– Пакажыце гэтае здарэнне на малюнку. Ці магло такое быць на самай справе? Паслухайце яшчэ невялічкі вершык і скажыце пра якую прымаўку ён нагадвае:

Хто на сані, хто на лыжы

– Выбірай каму што бліжай.

Ды за правіла вазьмі

Сам і саначкі вазі.

Уладзімір Паўлаў

– Якую прыказку (пословицу) вы ўспомнілі? Вымавім яе хорам: Любіш катацца, любі і саначкі вазіць.

– Разгледзьце другі малюнак. Паслухайце верш і скажыце, на чым катаюцца дзеці.

Пілот


Мне здалося, што арэлі

Аж да воблачка ўзляцелі.

Ганарыцца буду потым –

Я адчуў сябе пілотам.

Мікола Сіскевіч.

– Чым яшчэ летам займаюцца дзеці ў двары?


Матэрыял вучэбных заняткаў

Мясціна, дзе я жыву. Мая краіна”



Мэта: працягваць фарміраванне вымаўленчых навыкаў, пазнаёміць са словамі і выразамі па тэме, уключаць іх у актыўнае суразмоўніцтва па змесце праслуханых і прачытаных тэкстаў; фарміраваць уменні асэнсавана ўспрымаць беларускую мову на слых, вучыць чытаць па-беларуску (пазнаёміць з графічнымі адрозненнямі беларускай мовы ад рускай (І,і), вучыць чытаць словы і сказы з І, і), фарміраваць першапачатковыя чытацкія ўменні пры адказе на пытанні па прачытаным; адказваць на пытанне, карыстаючыся словамі самога пытання, правільна і дакладна ўжываць словы пры канструяванні сказаў па ўзоры, выхоўваць пачуццё патрыятызму.

Абсталяванне: глобус, вучэбны дапаможнік “Беларусь – наша Радзіма. Падарунак Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкі першакласніку.”
ХОД УРОКА

І. Новая тэма

1) Маўленчая размінка

Шчочку да вуснаў туліць,

Каб таямніцу спытаць:

– Белая Русь, матуля,

Гэта дзяўчынка?

Так?

Як называецца дзіўна…



Ты пра яе раскажы.

– Белая Русь – Радзіма.

Перад табой ляжыць.

Д.Бічэль-Загнетава.

Назва якога колеру гучыць ў словах Белая Русь? Што сімвалізуе белы колер? Назавіце словы з дз, ч, ц, ў. Вызначэнне месца гукаў у словах.

2) Уступная гутарка (па кнізе “Беларусь – наша Радзіма. Падарунак Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкі першакласніку.”).

– Як называецца наша краіна? (Адказ вымаўляецца хорам. Настаўнік паказвае нашу краіну на глобусе. Вучні пад кіраўніцтвам настаўніка разглядаюць абрысы краіны на малюнку с. 8-9. Падрыхтаваныя вучні чытаюць назвы абласных цэнтраў. Як называецца сталіца Рэспублікі Беларусь? Вучні чытаюць назвы самых вялікіх рэк Беларусі).

Настаўнік прапануе паслухаць верш Ю.Свіркі (с. 8) і запомніць, з якімі краінамі мяжуе Беларусь. Настаўнік чытае верш, а вучні сочаць за чытаннем. Адказваюць на пастаўленае пытанне. Вучні называюць і паказваюць на малюнку, з якімі краінамі мяжуе Беларусь. Верш завучваецца на памяць.

3) Работа па падручніку (с. 48, заданне 1)

– Як вы думаеце, у якім населеным пункце жывуць хлопчык і дзяўчынка? Растлумачце сваё меркаванне. (Могуць быць розныя меркаванні, усе выслухаць). Якімі яшчэ словамі можна назваць месца, дзе жыве чалавек? (Радзіма, родная мясціна, родны край). Як называецца галоўны горад нашай краіны, яе сталіца? (Настаўнік піша на дошцы: М І Н С К. Просіць прачытаць назву сталіцы. Вучні знаходзяць і падкрэсліваюць літару, якая пішацца не так, як у рускай мове. Адказваюць на пытанне: Які гук абазначае гэта літара? Настаўнік выстаўляе на наборным палатне літары І, і, вучні называюць літары, знаходзяць іх на малюнку вучэбнага дапаможніка (с. 48. Далей вучні чытаюць словы пад блакітнай рамкай з літарамі І, і. Адказваюць на пытанні: Па якой вуліцы ішлі дзеці? Пры адказе вучняў настаўнік звяртае ўвагу, што па-беларуску кажуць па вуліцы, ішлі.) Як звалі дзяўчынку, хлопчыка? Чаму вуліцу так назвалі? Чаму важна жыць у міры?

2) Разыгрыванне дыялогу.

– Паслухайце смяшынку.

– На якой ты вуліцы жывеш? –

Стась спытаў у Веры.

– Ці ж на вуліцы жывуць ?

Я жыву ў кватэры.

М.Маскевіч.

Пра што Стась спытаў у Веры? Што ён меў на ўвазе? У чым яго не зразумела Вера? Як трэба было адказаць? Як бы вы адказалі на гэтае пытанне? (Вучні ў парах і перад класам разыгрываюць дыялог: На якой ты вуліцы жывеш? называюць вуліцы, на якіх яны жывуць. Калі не ведаюць, то атрымліваюць заданне даведацца як называеццца вуліца і чаму, у гонар каго).

Ці ўзнікла ўзаемаразуменне паміж хлопчыкам і дзяўчынкай? Што павінна быць паміж людзьмі, каб жыць шчасліва?

ІІ. Замацаванне

1) Настаўнік дэманструе выяву бусла. Як называецца гэта птушка па-беларуску? Што вы ведаеце пра буслоў? Крылы буслоў нагадваюць ветразі – настаўнік паказвае выяву ветразяў яхт на моры, і кажа, што гэта ветразі.

– Паслухайце і скажыце, чаму наша краіна называецца Беларусь.

Зараз вясна. Над усёй нашай краінай, наставіўшы белыя ветразі крылаў, планіруюць буслы. Іх многія і многія тысячы – хто лічыў? На вільчыках сялянскіх хат, на дрэвах, на калонах старых разбураных палацаў, на слупах капліц сярод маладога зялёнага жыта. Гнёзды паўсюль.

І таму мне здаецца, што ў гэтыя – і не толькі ў гэтыя – дні зямлю нашу, Беларусь, можна назваць “зямлёю пад белымі крыламі”.

Вось так і планіруюць, планіруюць буслы. Ветразі іхнія раскрылены над дрэвамі, пушысты хвост, як веерам, накрыў выцягнутыя ногі. А мне пад іх палёт асабліва добра думаецца пра Беларусь, нашу з вамі радзіму.

Чаму “Беларусь”? Ёсць некалькі варыянтаў паходжання гэтай назвы. Прывяду два з іх. Першы: белыя адзенні даўніх вясковых людзей, белыя іх валасы, белы колер скуры.

Другі. А ён аніяк не супярэчыць з першым. Калі на нашы старажытныя землі прыйшлі захопнікі – здолелі адбіцца ад іх амаль адны толькі мы. І менавіта таму мы “белая”, “чыстая ад нашэсця” Русь. А гэта да шмат чаго абавязвае. І вы заўсёды памятайце гэта.

Паводле У.Караткевіча

Адказ на пытанне, чаму наша краіна называецца Беларусь. Чаму аўтар называе нашу краіну “зямлёю пад белымі крыламі”? Пра што нам трэба памятаць?

2) Чытанне слоў і выразаў, надрукаваных на дошцы:

Вясна краіна буслы

белыя ветразі белыя валасы белы колер скуры

зямля пад белымі крыламі

Чытанне слоў першага радка і складанне з імі выказвання па сэнсе. Чытанне выразу трэцяга радка. Пра чые крылы ідзе гаворка?

Хвілінка адкрыццяў. Чытанне слоў другога радка. Чым адрозніваецца вымаўленне і напісанне слоў белыя, белы ад рускай мовы. Выдзяленне чырвоным колерам, паўторнае выразнае правільнае чытанне.

3) Падрыхтоўка і чытанне тэксту, надрукаванага на дошцы:



Кожную вясну на беларускія землі прылятаюць белыя паважныя птушкі. Іх крылы падобныя на ветразі. Буслы селяцца каля вясковых хат. У іх вялікія гнёзды. Там – бусляняты. Буслы сталі сімвалам нашай краіны. Беларусь – зямля пад белымі крыламі.

Вынік урока: З якой літарай пазнаёміліся? Які гук яна абазначае? Якія абрысы мае літара і ў беларускай мове?





База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка