Дадатак 1-1 Іван Сцяпанавіч Масла, 1934 г н., пас. Палескі, Лунінецкі р-н




Дата канвертавання11.05.2016
Памер14.91 Kb.
Дадатак 1-1

Іван Сцяпанавіч Масла, 1934 г. н.,

пас. Палескі, Лунінецкі р-н
Падчас вайны ў Рубрыне (а гэта была ўжо вёска) стаялі партызаны. У 1943 годзе, калі было вельмі марозна і ляжаў глыбокі снег, да вёскі дайшла з Букчы (Гомельшчына), дзе стаяў карны атрад, нямецкая разведка. Адлегласць – 15 км. У перастрэлцы загінула трое немцаў. Праз нейкі час карнікі вярнуліся знішчыць Рубрын разам з жыхарамі. Я быў тады малы, але да гэтага часу з жахам узгадваю тыя падзеі. Пачуўшы пра карную аперацыю, людзі пабеглі да лесу, але хаты былі абкружаныя немцамі. Партызаны пачалі бой, але сілы былі няроўныя, і яны праз поле адышлі ў лес. Жыхары пачалі хавацца. Наша сям’я схавалася ў свой пограб. Але людзі ўсё не давалі веры, што іх будуць страляць. Маці і давай прасіць, каб нашу сям’ю пашкадавалі. Ня ведаю, як тое атрымалася, але я пабег. Немец – за мной. Я быў лёгкі, і шарпак (шэрэн) трымаў мяне. А немец правальваўся і ня мог пацэліць у мяне. Дабег да лесу і схаваўся. Не быў нават паранены, хоць вопратка была ў некалькіх месцах прашытая кулямі.

Мае бацькі, сёстры і брат былі забітыя. Немцы стралялі ў пограб, а потым закідалі яго гранатамі. Жывымі засталіся тры суседавы хлопчыкі ды мая сястра Ніна, якая цудам засталася жывой пад целамі расстраляных. З трох хлопчыкаў памятаю двух. Адзін – немаўля, прозвішчам Смародскі, выжыў пасля скразной кулі праз рот і шчаку. Другі, прозвішчам Жукоўскі, атрымаў скразную рану: шчака – язык – шчака. Кепска размаўляў, хоць яму потым рабілі аперацыю. Ці жывыя яны цяпер і куды перасяліліся ў 1962 г., не ведаю.

Некаторыя жыхары пабеглі на край урочышча. Але да лесу нельга было дабрацца, бо там стаялі немцы. На самым краі жыў наш родзіч – Бронісь Масла. У яго быў вялікі пограб. Туды і збегліся ўсе людзі, схаваліся ў ім. Карнікі іх не знайшлі. А гаспадар гэты быў у немцаў у палоне ў 1914 годзе, трохі ведаў мову, таму пайшоў прасіць, каб не забівалі і не палілі вёску. Але карнікі стрэлілі ў яго і падпалілі хату. Ён быў яшчэ жывы і сваёю крывёю патушыў пажар. І людзі таксама засталіся жывыя. На месцы вёскі засталося толькі пару хатаў. Але немцы пасля гэтага прыходзілі яшчэ, бамбілі з самалётаў і наступнай зімой знішчылі іх. Людзі жылі ў лесе, у курэнях (Абзоў), потым, як ужо вызвалілі Мерлін, перасяліліся на Рубрын і збудавалі спачатку курэні, потым ужо – хаты. Мяне глядзела бабуля Масла Дар’я (Ідалія).


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка