Да праблемы матэматычнага мадэліравання асноўных катэгорый І паняццяў тэарэтычнай культуралогіі




Дата канвертавання09.04.2016
Памер265.18 Kb.
М. І. КРУКОЎСКІ

  1. ДА ПРАБЛЕМЫ МАТЭМАТЫЧНАГА МАДЭЛІРАВАННЯ АСНОЎНЫХ КАТЭГОРЫЙ І ПАНЯЦЦЯЎ

  2. ТЭАРЭТЫЧНАЙ КУЛЬТУРАЛОГІІ



Патрэба ў дакладнай навуковай методыцы, даўно ўжо распрацаванай у матэматыцы, неверагодна павысілася менавіта сёння, калі гра­мад­ства перажывае глыбокі крызіс. Крызіс гэты ў сферы культуры і асаб­ліва на ду­хоўным яе ўзроўні выражаецца пераважна ў тым, што свя­до­масць па­чы­нае захлістваць хаос і абсурдызм, якія не толькі не да­па­магаюць пера­адо­ленню крызісу, а, як тое можна бачыць у некаторых плынях сучас­най заходняй думкі, актыўна садзейнічаюць яму, пра­пагандуючы прын­цы­повы недавер да логікі і ўвогуле да тэарэтычнага мыслення. У такіх аб­ста­ві­нах толькі строга лагічныя метады матэ­ма­ты­кі могуць дапа­маг­чы вый­сці з такога стану.
Яшчэ з часоў старажытнагрэчаскага філосафа Платона вядома, што на­ву­ка дасягае сваёй дасканаласці толькі тады, калі пачынае карыстацца матэматыкай. Гэта асабліва актуальна гучыць сёння, калі дзякуючы амаль што фантас­тычнаму прагрэсу ў вылічальнай тэхніцы шырокае скары­стан­не дакладных матэматычных метадаў стала магчымым не толькі тэа­рэ­тыч­на, але і ў кан­крэтнай практыцы. Не абыйшло тое і гуманітарныя навукі, дзе, не кажучы ўжо пра эканоміку, азначаныя метады пачалі дастаткова шырока стасавацца і ў такіх выключна гуманітарных галінах, як сацыя­ло­гія, лінгвістыка, псіхалогія і нават у зусім ужо далёкай, здавалася б, ад «фі­зі­каў» і блізкай да «лірыкаў» эстэтыцы. Выказаныя ў мінулым філоса­фа­мі Віндэльбандам і Рыкертам і падтрыманыя нядаўна Попэрам і Хаекам сумненні ў такой магчымасці адносна гісторыі і наогул гуманістыкі не спраў­дзіліся, аб чым выразна сведчыць сённяшняе развіццё як самога гра­мад­ства з яго гісторыяй, так і апісваючых гэтае развіццё навук. Хутчэй, наад­варот, патрэба ў дакладнай навуковай методыцы, даўно ўжо рас­пра­ца­ванай у матэматыцы, неверагодна павысілася менавіта сёння, калі гра­мад­ства перажывае глыбокі крызіс. Крызіс гэты ў сферы культуры і асаб­ліва на духоўным яе ўзроўні выражаецца пераважна ў тым, што свя­до­масць пачынае захлістваць хаос і абсурдызм, якія не толькі не дапа­ма­гаюць пераадоленню крызісу, а, як тое можна бачыць у некаторых плынях сучаснай заходняй думкі, актыўна садзейнічаюць яму, пра­па­ган­дую­чы прын­цыповы недавер да логікі і ўвогуле да тэарэ­тыч­нага мы­слення. У та­кіх абставінах толькі строга лагічныя метады матэматыкі могуць дапа­маг­чы выйсці з такога стану.

Сказанае несумненна адносіцца і да культуралогіі як адной з най­важ­ней­шых гуманітарных навук, асабліва культуралогіі тэарэтычнай, якая яш­чэ толькі складваецца. Больш за тое, у культуралогіі стасаванне да­клад­ных матэматыч­ных метадаў уяўляецца найбольш пажаданым таму, што ме­навіта культуралогія мае сваім прадметам надзвычай шырокую і шмат­гран­ную вобласць з’яў і аб’ектаў, якія патрабуюць для вывучэння ўжо на эмпірычным узроўні строга распрацаванай у лагічным аспекце сістэмы хоць бы адной толькі класіфікацыі гэтых аб’ектаў і з’яў. Тым болей востра адчуваецца патрэба ў такой метадалогіі і методыцы ў галіне тэарэтычнай культуралогіі, дзе тая ж шырыня і стракатая разнастайнасць фактычнага матэрыялу настойліва патрабуе найбольш агуль­ных і абстрактных даслед­чых метадаў, якія зноў-такі аказваюцца больш рас­пра­цаванымі ў галіне ма­тэ­матычнай методыкі з яе прыёмамі абстрактна-лагічнага мадэліра­ван­ня самых складаных і шырокіх па структурна-элемент­ным іх аб’ёме сіс­тэм. Як бы парадаксальна гэта ні гучала, але такой жа методыкі патрабуе і тое, што галіна культуралагічных аб’ектаў больш чым у якой-небудзь дру­гой навуцы насычана выпадковасцю і непрадказальнасцю індывідуальнай спецыфікі, бо якраз у матэматыцы распрацаваны дастаткова дакладныя прыё­мы адносна строгага лагічнага вывучэння і такіх імавернасна-ста­тыс­тычных сістэм.

Такая дваістая спецыфіка прадметнага поля культуралогіі ў сілу гэтага патрабуе і двух самых агульных падыходаў да вырашэння пастаўленай пра­блемы. З аднаго боку, павінна праводзіцца сістэматычная праца па збо­ры і першапачатковым афармленні сабранага традыцыйнымі метадамі эм­пі­рычнага матэрыялу, пачынаючы з яго класіфікацыі і сістэматызацыі. Тут ужо з самага пачатку можа быць выкарыстана і матэматычная мето­ды­ка з галіны статыстыкі і тэорыі імавернасцей. Гэтая праца ўжо распа­ча­тая ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў з пэўнымі ка­рыс­нымі вынікамі. З другога боку, неабходна сістэматызаваць ужо зроб­ле­ныя наяўныя тэарэтычныя вывады і абагульненні, праводзячы па магчы­мас­ці строгае іх лагічнае мадэліраванне з тым, каб стала ажыццявімым ста­саванне да іх зусім ужо строгіх метадаў прафесійнай матэматыкі з неаб­ходнай фармалізацыяй, якая дае магчымасць стварэння адпаведных праграм для падключэння магутных сродкаў камп’ютар­ных тэхналогій. Тут, аднак, справа намнога складаней і наперадзе яшчэ шмат работы, асаб­лі­ва ў сучасных абставінах, калі ў выніку агульнага крызісу пацярпелі крах традыцыйна-марксісцкія філасофска-метадалагічныя ўстаноўкі, і мы міжвольна аказаліся ў амаль што поўным тэарэтычным вакууме. Калі ў адносінах першага падыходу маецца дастаткова багаты заходні вопыт, на­пры­клад, у асобе П. Сарокіна з яго найпадрабязнымі статыстычнымі апра­цоў­камі культуралагічнай эмпірыкі і нядрэннымі індуктыўна-лагічнымі абагульненнямі, то ў плане чыста тэарэтычных мадэляў, прыгодных для пра­фесійнай матэматызацыі і тым болей камп’ютарнай апрацоўкі, такога вопыту зараз ні на Захадзе, ні на Усходзе няма. На Усходзе з прычыны вы­шэй­­ад­значанага краху традыцыйных ідэалагічных установак, а на Захадзе ў выніку таксама амаль што ўжо традыцыйнага там недаверу да агуль­нафіласофскай тэорыі і метадалогіі наогул, асабліва з боку папулярнага там сёння постмадэрнізму.

Аднак некаторыя папярэднія напрацоўкі ў гэтых адносінах у Беларусі ёсць. Прычым такія, якія добра стасуюцца з эмпірычнымі вынікамі, на­пры­клад, таго ж Сарокіна. Гэта стала магчымым у свой час таму, што ў ас­но­ву іх была пакладзена філасофская сістэма Гегеля з яго дыялектычнай логікай, асабліва славутыя «Лекцыі па эстэтыцы», і прымянялася яна пе­раважна ў галіне эстэтыкі, адносна менш прыціснутай тады залішне ідэалагізаваным і палітызаваным марксізмам-ленінізмам. Гегелева дыя­лек­­тычная, як ён называў яе, логіка, што б там ні казалі сучасныя яго кры­ты­кі Попэр і Хаек, становіцца сёння надзвычай сучаснай і лёгка стасуемай да навейшых агульнанавуковых метадаў, прапанаваных агульнай тэорыяй сістэм, тэорыяй інфармацыі і кібер­нетыкай. Эстэтыка, як аб тым сведчаць, напрыклад, даўнія працы француза А. Моля і сённяшнія расіяніна М. М. Аляк­сандрава [1], аказалася найбольш распрацаванай у цікавячых нас адносінах і можа адыгрываць ролю своеасаб­лівага плацдарма для пераносу апраба­ва­най на ёй тэарэтыка-сістэмнай методыкі і на агульную культуралогію.

Ужо ў гегелеўскай дыялектыцы імпліцытна закладзены асноўныя прын­­цыпы сучаснага тэарэтыка-сістэмнага падыходу з яго структурна-функ­­цыянальнай методыкай. Раздваенне адзінага на процілеглыя яго бакі і ўзаемная «барацьба» паміж імі пад даўно ўстарэлай, здавалася б, тэр­мі­на­ло­гіяй хавае пад сабой знаёмы нам сёння са структурнай лінгвістыкі вельмі сучасны сінхронна-структурны падыход, які ўяўляе як бы папярочны раз­рэз шматпавярховага высотнага будынка культуры, пачынаючы ад яе ма­тэ­рыяльнага падмурка і канчаючы чыста духоўнымі вяршынямі. Струк­тура гэтая мае шматузроўневы іерархічны характар, і сярод такіх узроўняў найбольш агульнымі і галоўнымі з’яўляюцца тры: матэрыяльная культура, духоўная культура і культура мастацкая, што злучае сабою два па­пя­рэднія ўзроўні. Узаемадзеянне паміж гэтымі ўзроўнямі складае другі важны ас­пект структурна-функцыянальнага падыходу, аспект функцыя­наль­ны. У яго аснове ляжыць таксама знаёмы нам з той жа струк­тур­най лін­гвістыкі дыяхронна-гістарычны падыход, на якім будуецца ла­гіч­нае разуменне пра­­­цэсу гістарычнага развіцця культуры з яго дастаткова да­кладна акрэс­ле­нымі фазамі і на якім ужо можна базіраваць і чыста эм­пірычныя назі­ран­ні над канкрэтным фактычным матэ­рыялам гісторыі культуры.

Такім чынам, можна сцвярджаць, што ў нас ёсць ужо ў самых агуль­ных рысах акрэсленая агульная і ў межах логікі дастаткова строгая мадэль культуралагічнага поля і той навукі, што ў перспектыве і вывучае азна­ча­нае поле – матэматыкі. Перспектыве, сёння няхай яшчэ і дастаткова далё­кай. Ёсць іерархічная структура, якая апісвае з пазіцый сінхраніі рэальную будову шматпавярховага будынка культуры, ёсць і агульныя апісаныя ўжо з пазіцый дыяхраніі законы функцыянавання гэтай структуры ў часе, г. зн. у гісторыі культуры. Гэтыя моманты якраз і адпавядаюць двум увогуле магчымым падыходам да рашэння пастаўленай праблемы: тэарэ­тыч­наму і эмпірычнаму, ці, як азначаў іх і азначаў правільна Карл Маркс, падыходам лагічнаму і гістарычнаму. Пры гэтым сувязь паміж падыходамі таксама аказваецца лагічна абумоўленай, бо яны аб’ядноўваюцца ў адзі­най лагіч­най мадэлі, якую ўяўляе структурна-функцыянальны падыход. Пра­віль­нае разуменне вертыкальна-сінхроннай структуры сацы­яль­на-куль­тур­нага аб’ек­та ў лагічнай прасторы абумоўлівае і правільнае разуменне гары­зан­таль­на-дыяхроннага функцыянавання гэ­тай структуры ў часе ла­гіч­ным, бо ў іх аснове ляжаць адны і тыя ж па сут­на­сці законы. Азначаная струк­тур­на-функцыя­нальная мадэль культуры ўяў­ляе як бы гатовы ўжо стратэгіч­ны план рашэння пастаўленай праблемы, што значна абляг­чае ўвесь цыкл звязаных з ёй больш прыват­ных тактычных задач як у сэн­се агульна­фі­ла­соф­скага іх абгрун­тавання, так і ў аспекце больш канкрэт­на­га іх прымя­нен­ня. Усё тое дае магчы­масць адразу ж сканцэнтраваць намаганні на распрацоўцы гэтых тактычных задач.

Сярод адзначаных тактычных задач трэба зноў-такі рашаць больш агуль­­ныя па сваім лагічным аб’ёме пытанні для мэтазгоднага размер­ка­ван­ня срод­каў і творчых сіл. Праблема структурнага апісання куль­туры, на­пры­к­лад, патрабуе перш за ўсё падрабязнай распрацоўкі спе­цы­фікі ўзаема­адносін паміж структурамі, падструктурамі і іх элементамі ў культуры як цэласнай сістэме ўвогуле. Гэта, па-першае, дае магчымасць атрымаць ужо на дадзеным узроўні працы пэўныя класіфікацыйныя прын­цы­пы для сі­стэ­ма­тызацыі наяўнага эмпірычнага матэрыялу. Па-другое, па­зна­чаныя ўзае­ма­адносіны ляжаць, як убачым, у аснове такой найваж­ней­шай культурала­гіч­най катэгорыі, як стыль, а гэтая апошняя, як паказвае эс­тэтыка, разгля­дае­мая ў якасці фазы гістарычнага развіцця мастацкай куль­туры, ўяўляе важную катэгорыю функцыянальна-гіс­та­рычнага аспекту тэарэтыка-сі­стэм­най метадалогіі, звяз­ваю­чы тэарэтыч­ны і канкрэтна-гістарычны пады­ходы ў адзінае цэлае.

Што датычыць лагічных узаемасувязей паміж структурамі, падструк­ту­рамі і элементамі культуры як складанай іерархічнай сістэмы, тут уз­ні­кае некалькі хоць і частковых, але тым не менш вельмі важных праблем. Гэта перш за ўсё выбар пэўнай акрэсленай вобласці сістэмы куль­туры, ці, дакладней, яе падсістэмы, якая б найбольш падыходзіла для выбару неаб­ход­най сістэмы логікі. Культура ў цэлым, як ужо было ска­за­на, уяўляе над­­звычай шырокі і ёмісты аб’ект вывучэння, і таму падыходзіць да яе з адзіным метадалагічным прыёмам было б ры­зы­коўнай справай. Апраба­ваць новыя метады мэтазгодней на той яе част­цы, якая была б ужо ў гэтым сэнсе больш распрацаванай. У якасці такой часткі можа быць узятая мена­ві­та мастацкая культура, якая якраз і з’яў­ляец­ца найбольш у цікавячым нас сэнсе распрацаванай. Мастацкая куль­ту­ра, акрамя гэтага, і па сваёй, так бы мовіць, першапачатковай прыродзе аказваецца найбольш прыдат­ным для нас аб’ектам даследавання і экс­пе­ры­ментавання. Яна знаходзіцца як бы ў цэнтры культуры ў цэлым, уклю­чаю­чы духоўны і матэрыяльны яе пласты і агульныя заканамернасці вер­ты­кальна-сінхроннай і гарызанталь­на-дыяхроннай структу­ры. Лініі гісто­рыі выступаюць у мастацкай культу­ры найбольш выразна і дакладна. У спе­цыфічнай сістэме каштоўнасцей мас­тацкай культуры, якія аб’ядноў­ва­юць у мастацкім вобразе як адзінстве зместу і формы істотныя бакі ду­хоў­най і матэрыяльнай культуры, дас­тат­ко­ва строга ў лагічным сэнсе распра­ца­ваны асноўныя ацэначна-каштоў­нас­ныя катэгорыі мастацтва тыпу прыгожага, брыдкага, трагічнага і г. д. Яшчэ больш грунтоўная работа пра­водзілася і па лагічнай тыпалагізацыі паняцця стылю, гэтай самай асноўнай катэгорыі культуралагічнай навукі. Не апошнюю ролю адыгры­вае пры гэтым і факт, што работы праводзіліся менавіта ў Беларусі (маюцца нават манаграфіі, прысвечаныя адзначанай тэме). Нарэшце, пад­штурх­вае да такога выбару і тое, што тэорыя культуры і яе гісторыя з’яў­ляюцца аб’ектам пераважнага вывучэння менавіта ў Беларускім дзяр­жаўным універсітэце культуры і мастацтваў наогул.

І другая больш важная па тэарэ­тыч­ным значэнні праблема – пра­блема выбару адпаведнай сістэмы логікі для рашэння пастаўленай агуль­най за­да­чы. У камп’ютарнай тэхналогіі, як вя­до­ма, ужываецца пера­важ­на двух­знач­ная логіка, межава абагульненая на­ват у параўнанні з кла­січ­най ары­сто­целеўскай логікай (апошняя праду­гледж­вае, напрыклад, част­кова сцвяр­джальныя і часткова адмоўныя су­джэн­ні тыпу некаторыя... і г. д.), што абумоўлена як тэхнічным бо­кам справы (фізіч­ная прырода тран­зіс­та­ра як асноўнага элемента камп’ю­та­ра), так і спецыфікай дваічнай лічбавай сістэмы з яе адзінкай і нулём, якая ляжыць у аснове сучаснай ме­то­дыкі вымярэння інфармацыі. Стаса­ван­не такой двухзначнай логікі для апі­сання і мадэліравання з выкары­стан­нем камп’ютарных тэхналогій прад­ме­таў і з’яў сацыякультурнага по­ля, хоць і магчымае ў прынцыпе, але пры­вяло б да занадта грубага спра­шчэння атрыманых мадэляў, што, зра­зу­ме­ла, не спрыяла б плённасці такіх распрацовак. Для больш адэкватных ма­дэляў тут патрэбна ўжо нейкая мнагазначная, у прыватнасці, чатырох­знач­ная логіка, накшталт той, што распрацоўвалася і была прыведзена да стадыі фармалізацыі ў свой час поль­скім логікам Л. Рагоўскім [9], а так­са­ма і аў­та­рам гэтых радкоў у кні­зе «Кібернетыка і законы прыгажосці» [4].

Але самай цікавай і плённай для апісання і далейшага вывучэння са ска­ры­станнем камп’ютарных метадаў і тэхналогій уяўляецца сёння тэорыя раз­мытых мностваў Л. Задэ [11]. Гэтая тэорыя прапаноўвае своеасаблівую логіку, якая ў адрозненне ад логікі двухзначнай, што карыстаецца толькі 1 і 0 як асноўнымі сапраўднаснымі катэгорыямі, выкарыстоўвае ўвесь дыя­па­зон лічбавага інтэрвалу паміж 1 і 0, што адкрывае вялікія магчымасці для дастаткова дакладнага апісання і лагічнага мадэліравання як паасоб­ных прадметаў і з’яў культуралагічнага поля, так і структуры гэтага поля ў цэлым. Больш за тое, з дапамогай тэорыі Задэ магчыма прадставіць не толькі ідэальную мадэль культуры як цэласнай іерархічнай сістэмы і яе стылявой тыпалогіі, дзякуючы наяўнасці ў ёй так званай функцыі пры­на­леж­насці, што выражаецца значэннямі ўсяго інтэрвалу ад 1 да 0, але і з дастаткова вялікай верагоднасцю прамадэліраваць гісторыю культуры як функцыянаванне гэтай сістэмы ў часе. Прамадэліраваць, выявіўшы функ­цыі стылявых яе тыпаў, гэтых своеасаблівых фаз у гістарычным развіцці куль­туры, аб’ектыўна-навуковымі, лагічнымі сродкамі паказаўшы сут­насць такіх гістарычных перыядаў, як станаўленне, росквіт, дэкаданс і рас­пад, вядомых культуралогіі ўжо з часоў О. Шпенглера, А. Тойнбі і П. Сарокіна і выяўленых імі чыста эмпірычнымі метадамі. Праўда, для гэ­та­га і ў самой тэорыі, па крайняй меры, як яна выкладзена ў вядомай ма­на­гра­фіі А. Кафмана [3], апарат яшчэ недастаткова развіты для апісання ўзаемаадносін мноства і яго элементаў менавіта як працэсу, працякаючага ў часе. Дзеля гэтага функцыі прыналежнасці варта было б надаць і значэн­не працэсу з паказчыкам кірунку здзяйснення гэтага працэсу, г. зн. пра­цэ­су альбо ўваходу элемента ў мноства альбо выхаду з яго (Л. Рагоўскі, напрыклад, у ролі такога дадатковага паказчыка скарыстоўваў стрэлку па­верх сімвала, чаму і назваў такую логіку логікай накіраванасці, а мы ў свой час – звычайныя плюс і мінус). Трэба сказаць, што гэтая задача ад­ра­зу, дзякуючы сваёй важнасці, перарастае ў самастойную логіка-матэ­ма­тыч­ную задачу, якая мае яшчэ і стыкавы характар, бо ў ёй пе­ра­ся­каюц­ца апараты не толькі тэорыі мностваў, але і шматлікія мна­га­знач­ныя логікі, тэорыя імавернасцей, тэорыя інфармацыі і асабліва ціка­вя­чая нас агульная тэорыя сістэм. Далейшая распрацоўка прымае больш спецы­яль­ны ха­рак­тар, бо наступная ступень рашэння дадзенай задачы па­тра­буе і ства­рэння камп’ютарных праграм для дакладнай алгарыт­мі­за­цыі створанай на базе тэорыі Задэ і дастаткова фармалізаванай логіка-матэматычнай мадэлі таго альбо іншага культуралагічнага аб’екта, што патрабуе ўдзелу і пра­фесійнай матэматыкі.

Зразумела, што ўсё сказанае вышэй уяўляе агульную стратэгію і агуль­ны напрамак працы над дадзенай праблемай, як ужо было ад­зна­ча­на, надзвычай складанай і шматграннай, якая можа быць здзейснена больш-менш задавальняюча толькі ў далёкай перспектыве. Аднак нейкі папярэдні накід такой стратэгіі патрэбны нам і зараз, бо на пачат­ко­вай фазе ра­бо­ты ён адыгрывае дастаткова важную ролю, ролю адзі­най ме­та­да­логіі і ме­то­дыкі распрацоўкі праблемы, менавіта адзінства якой і з’яў­ляец­ца адной з галоўных умоў паспяховага яе вырашэння. Рас­пра­цоўку яе мэтазгодна вес­ці як па лініі, напрыклад, далейшага даска­на­лен­ня тэорыі Задэ ў аспек­це прыстасавання да патрэб культуралагічнай пра­блематыкі, з аднаго бо­ку, так і адпаведнай працы над далейшым аба­гуль­неннем і ла­гічнай ідэа­лі­за­цыяй катэгарыяльна-паняційнага апарату культуралогіі – з другога.

Далейшая праца можа планавацца па асобных, больш прыватнага характару задачах як частках асноўнай праблемы. Адной з такіх задач, якая тым не менш мае вялікае значэнне, бо дае адразу ж канкрэтныя, пры­год­ныя для практычнай работы вынікі, з’яўляецца, напрыклад, стварэнне сацыякуль­турнай карты Беларусі, над якой ва Універсітэце культуры А. Г. Бу­раўкіным ужо праводзілася пэўная праца. Вышэйадзначаная агуль­ная ме­та­да­логія, дарэчы, можа быць вельмі карыснай у якасці пэўнай тэарэ­тыч­най асновы і для гэтай больш частковай задачы. Сюды ж адносіцца і праца над вывучэннем з дапамогай камп’ютарных тэхналогій структуры і сты­ліс­тыкі музычнага твора, якая таксама праводзіцца ў БДУКМ сёння і якую няцяжка ўключыць у склад агульнай праблемы, калі прывесці да агульнай метадалогіі і методыкі. Бліжэйшай задачай можна было б паставіць і аналагічную распрацоўку структуры і стылістыкі вобраза ў выяўленчым мастацтве, як бы працягваючы даўнішнія працы матэматыка Г. Біркгафа [6; 7; 8]. На базе такіх перша­пачатковых распрацовак рэальнай стано­віц­ца і спроба стварэння тэарэтычнай мадэлі мастацкага стылю, што ўжо са­мо па сабе было б вялікім крокам у кірунку праблемы стылю культуры ўво­гуле, гэтай цэнтральнай праблемы тэарэтычнай культуралогіі. Кан­крэт­ная праца над праблемай матэматычнага мадэліравання асноўных ка­тэ­горый і паняццяў тэарэтычнай культуралогіі згодна з акрэсленай вышэй стратэ­гіч­най перспектывай і адпаведнай ёй метадалогіяй залежыць толькі ад базы фактычных даных, ад наяўнасці адпаведнага профілю спецыялістаў і адпа­ведных матэрыяльных сродкаў.

У якасці такой першапачатковай базы даных як першай ступені работы па стварэнні мадэлі культуры павінна выступіць своеасаблівая, як яе на­зы­вае А. Г. Бураўкін, карта культурных з’яў (цікавая праца А. Г. Бураўкіна і дагэтуль застаецца, наколькі нам вядома, у рукапісе. Такім жа тэрмінам у ролі метафары карыстаецца Ken Wilber [10]), якая б аб’ядноўвала ўжо са­бра­ны эмпірычнай культуралогіяй банк канкрэтных фактаў, класіфікаваных па тэрытарыяльнай прыкмеце і зафіксаваных на пэўнай каардынатнай сет­цы, як тое і робіцца ў звычайнай картаграфіі на эканоміка-геаграфічных, на­прыклад, картах. Аднак, эканоміка-геаграфічныя, альбо, тым болей, фі­зі­ка-геаграфічныя карты як двухмерныя аб’екты ўяўляюць свое­асаб­лівыя мадэлі толькі аднаго ўзроўню апісанай структуры і для адлю­стра­вання на­ват адной толькі эканомікі аказваюцца занадта спрошчанымі і абмежа­ва­ны­мі. Культура ж ва ўсім яе аб’ёме з’яўляецца шматузроўневай струк­ту­рай і патрабуе для сваёй мадэлі нейкай трохмернай лагічнай пра­сто­ры. Акрамя дзвюх гарызантальных каардынат, характарызуючых плос­кую двух­мерную прастору аднаго толькі структурнага ўзроўню, яна павін­на мець яшчэ і выражаную трэцюю, верты­каль­ную каардынату, якая ўяўляе вертыкальную ў сэнсе Эшбі разнастайнасць іерархічнай структуры куль­ту­ры і ўтварае ў суме з папярэднімі гарызантальнымі каардынатамі больш поўную мадэль культуры ў трохмернай лагічнай прасторы.

Аднак, у адрозненне ад звычайных трохмерных мадэляў падобнага ты­пу, прастора якіх у адных выпадках можа супадаць з фізічнай прасторай (на­прыклад, чыста геаметрычныя мадэлі), у другіх – мець цалкам аб­стракт­на-лагічную прыроду (аналітычныя сістэмы ўраўненняў з трыма, а то і болей пераменнымі), у дадзеным выпадку трохмернасць мадэлі куль­ту­ры мае складаны характар, на ўзроўні карты выступаючы як фізічная прастора, якая характарызуе размяшчэнне прадметаў і з’яў культуры на гарызантальнай плоскасці, імітуючай сацыяльна-геаграфічную тэрыто­рыю, і як чыста лагічная вертыкаль, што характарызуе тыя ж самыя са­цыя­культурныя прадметы і з’явы ў аспекце іх іерархічнай шматузроўневай вертыкальнай структуры. Зрэшты, і складальнікі звычайных геаграфічных карт у геадэзіі сустракаюцца з гэтай праблемай, бо і яны маюць справу фак­тычна з трохмернымі аб’ектамі (рэльеф паверхні: горы, нізіны, глыбіні акіянаў і г. д.), але іх трэба адлюстроўваць на двухмернай паверхні карты, і таму ім прыходзіцца таксама выражаць значэнні трэцяй, вертыкальнай каардынаты з дапамогай умоўнай сімволікі колеру альбо так званых гарызанталей з лічбавым абазначэннем вышыні альбо глыбіні.

Вертыкальная структура культуры носіць куды больш складаны харак­тар, чым структура геаграфічнага рэльефу ў яго вертыкальным аспекце. Апошняя мае фізічны характар і лёгка можа быць выражана геаметрычнай мадэллю з выкарыстаннем фізічнай прасторы, якая мае аднародныя каар­ды­наты, што дастаткова лёгка перакладаюцца на аналітычную мову ліч­баў. Тым болей, што тут маецца і адносна просты, таксама аднародны вы­мя­ральны маштаб і адпаведная яму агульнапрынятая сістэма адзінак (мет­ры, кіламетры і г. д.). Сістэма культуры вылучаецца непараўнальна скла­да­ней­шай структурай, складанейшай як у колькасным, так і ў якасным аспектах. У колькасным плане яна складаней таму, што, будучы струк­ту­рай іерархічнай, уключае вялікую агульную колькасць паасобных узроў­няў з невыразнымі паміж сабою межамі і вельмі размытай і неаднароднай сістэмай адзінак вымярэння, якая не мае агуль­на­пры­ня­та­га характару. У якасным – таму, што гэтыя ўзроўні могуць па-рознаму суад­носіцца адзін з адным, што надае ўласную спецыфіку структуры ў цэлым, якая акрэслівае сабою пэўны культурны стыль. Таму такая іерар­хіч­ная шмат­сту­пеннасць можа быць адлюстравана толькі прыблізна з да­па­могай пэў­ных умоўных індэксаў, што паказваюць як колькасна-іерар­хіч­ны яе склад, так і агульнаякасную, стылявую акрэсленасць.

Сумяшчаючы такую вертыкальную характарыстыку культурных аб’ек­таў і з’яў са звычайным двухмерным размяшчэннем іх на гарызантальнай паверхні карты ў сістэме геаграфічных каардынат, можна ў прынцыпе атры­маць трохмерную, так бы мовіць, рэльефную карціну-мадэль куль­ту­ры пэўнага геаграфічнага рэгіёна. Такая карта знешне магла б некалькі на­гад­ваць астранамічную карту зорнага неба са спектральнымі характа­рыс­ты­камі кожнай нанесенай на карту зоркі, якія таксама размяшчаюцца на пэўнай умоўна-гарызантальнай паверхні карты ў сістэме двухмерных каар­дынат, але ўжо ў выглядзе злёгку расцягнутых палосак, якія дэман­стру­юць іх спектральны склад. У святле вышэйсказанага, асноўнай зада­чай якраз і з’яўляецца распра­цоўка менавіта гэтай трэцяй, вертыкальнай каардынаты, ад якой і залежыць азначаная «рэльефнасць» мадэлі, альбо характар спектральнага класа дадзенага геаграфічнага сацыякультурнага пункта.

Культура, паводле аднаго з найбольш распаўсюджаных яе азначэнняў, ёсць сістэмная сукупнасць духоўных і матэрыяльных каштоўнасцей, ство­ра­ных чалавецтвам на працягу яго гістарычнага існавання і спрыяльных най­больш поўнаму яго дабрабыту і шчасцю. З пункта погляду агульнай тэо­рыі сістэм гэтая сукупнасць уяўляе трохузроўневую іерархічную струк­ту­ру, ролю макраўзроўняў якой адпаведна пералічаным каштоўна­сцям і адыгрываюць пласты матэрыяльнай, мастацкай і духоўнай культур (тут на­зіраецца пэўная двухсэнсоўнасць тэрміна «культура», які абазначае то ўвогуле ўсю культуру, альбо асобны яе ўзровень, аднак сэнс яго ў кожным канкрэтным выпадку можа быць лёгка вызначаны з кантэксту). Такая трох­узроўневасць структуры культуры абумоўлена, як вядома, струк­турай самога чалавека як творцы культуры, які яшчэ з арыстоце­леў­скіх часоў ак­рэс­ліваецца як жывёла грамадская, г. зн. як біясацыяльнае адзінства. Таму, каб задаволіць патрэбы цела і душы, чалавек і стварае ма­тэ­рыяльныя і ду­хоў­ныя каштоўнасці. Акрамя гэтых дзвюх асноўных па­трэб існуе яшчэ і трэцяя – у пэўнай раўнавазе паміж целам і душою, паміж розумам і пачуц­цём, патрэба эстэтычная, для задавальнення якой ча­ла­ве­кам ствараецца і сістэма мастацкіх каштоўнасцей. У аснове гэтага тыпу шкаліравання ля­жыць прынцыпова важ­ны крытэрый ідэальнага – матэрыяльнага, што ўтва­рае межавыя пункты гэтай канцэптуальнай шкалы – своеасаблівыя полюсы, паміж якімі ля­жыць паступовая градацыя пераходных ступеняў.
Схематычна гэта можа быць паказана ў наступнай табліцы:


Чалавек

Культура

Сацыяльна-духоўнае

Духоўная культура

Мастацкая культура



Біялагічна-цялеснае

Матэрыяльная культура

У сваю чаргу кожны з адзначаных макраўзроўняў культуры мае сваю іерархічную мікраструктуру, напрыклад, духоўная культура распадаецца на наступныя мікраўзроўні, якія маюць такі выгляд:




Рэлігія


Адзінабожжа

Мнагабожжа

Міфалогія

Шаманізм


Магія




Філасофія



Метафізіка

Філасофія прыроды

Сацыяльная філасофія

Філасофія чалавека



Навука

Логіка

Матэматыка

Фізіка

Хімія


Геалогія

Геаграфія

Біялогія

Антрапалогія

Сацыялогія

Гісторыя


Псіхалогія

У мастацкай культуры наступная мікраструктура, якую ўтвараюць вя­до­мыя нам з эстэтыкі і агульнага мастацтвазнаўства віды і жанры мас­тацтва:




Мастацтва

Мастацкая літаратура

Тэатр


Кіно

Выяўленчае мастацтва

Музыка

Арнаментыка



Архітэктура

Прыкладное мастацтва

Дызайн




І, нарэшце, матэрыяльная культура мае наступныя структурныя ўзроў­ні, класіфікаваныя па першапачатковай шкале:




Матэрыяльная культура



Прадметы раскошы

Прадметы спажывання

Прылады і машыны

Камплектуючыя

Паўфабрыкаты

Матэрыялы

Сыравіна





Можна адразу заўважыць, што прапанаванае лагічнае дрэва несімет­рыч­­нае. Духоўная культура мае тры класіфікацыйныя ступені. А мас­тац­кая і матэрыяльная – толькі дзве, але гэта атрымалася пераважна з-за тэх­ніч­ных прычын. І ў мастацкай культуры можа быць уведзены прамежкавы лагічны ўзровень, як, напрыклад, мастацтвы адлюстравальныя і мастацтвы выражальныя (тэрміналогія таксама можа быць удакладнена). У культуры матэрыяльнай – адпаведна матэрыяльныя сродкі спажывання і матэры­яль­ныя сродкі вытворчасці, як класіфікаваў іх Маркс, з чым і сёння, на­пэўна, можна пагадзіцца. Галоўнае тут – гэта вышэйадзначаны агульны класі­фі­ка­цыйны прынцып, ці, інакш кажучы, шкала, якая павінна даклад­на вы­трым­лівацца на ўсіх структурных узроўнях іерархічнай структуры куль­ту­ры. Гэта той самы структурны «спектр» культуры, які прасвечвае ў кож­ным канкрэтным культурна-геаграфічным ачагу і нават у кожным зу­сім ужо канкрэтным, асобным прадмеце альбо з’яве культуры. І калі ўжо пра­цяг­ваць параўнанне са спектрам, полюсамі якога ў фізіцы і астраноміі з’яў­ляюц­ца чырвоны і фіялетавы колеры, то ў нашым, так бы мовіць, куль­туралагічным выпадку ролю такіх лагічных полюсаў выбранай шкалы выконваюць ідэальнае і матэрыяльнае.

Захаванне менавіта такой шкалы як класіфікацыйнага прынцыпу і та­ко­га ж лагічнага дрэва з’яўляецца асноўнай умовай плённай распрацоўкі вы­шэйадзначанай трэцяй каардынаты нашай мадэлі культуры, разлічанай на своеасаблівае, паводле А. Г. Бураўкіна, картаграфаванне. Асноўнай таму, што лагічная, а тым болей і наглядная ў пэўным сэнсе мадэль павінна поў­на­сцю адпавядаць тэарэтычнаму апісанню дадзенай з’явы альбо прадмета, у нашым выпадку – культуры. Аднак, калі такое захаванне ўвогуле магчы­ма, і маюцца ўжо некаторыя тэарэтычныя распрацоўкі ў гэтым кірунку і ў Беларусі, то далейшая праца па канкрэтызацыі і ўдак­лад­нен­ні такой мадэ­лі натыкаецца на сур’ёзныя перашкоды і цяжкасці. Па-першае, як і ўсякая шкала, яна, паводле К. Бэркі [2] і В. Цыбы [5], павінна мець дастаткова стро­гую ўпарадкаванасць, якая і вызначаецца самой іерар­хічнасцю струк­ту­ры. Паколькі культура нясе на сабе як бы адбітак структуры грамадства, пастолькі і ў культуры вызначаныя раней узроўні адпавядаюць пэўным узроўням структуры грамадства і сама культура мо­жа быць пастаўлена ў ад­паведнасць нават з элементарнай тэорыяй мнос­тваў, што і забяспечвае яе ўпарадкаванасць. У яе аснову можа быць па­кладзены, як піша В. Цыба, і такі крытэрый, як мера энтрапіі (альбо не­гэн­трапіі). Але ўсё роўна ў коль­­касным сэнсе такая градацыя застаецца вельмі размытай, бо яе скла­да­юць не столькі экстэнсіўныя, колькі інтэн­сіў­ныя, г. зн. як бы якасныя велічыні, так што і само слова «шкала» ўжы­вац­ца можа ўмоўна. Па-дру­гое, і сістэмы адзінак для ўмоўнага «вымя­рэн­ня» гэтых велічынь у сферы культуры вельмі разнародныя. Калі паставіць, напрыклад, у якасці такой азначальнай велічыні каштоўнасць (культура якраз і ёсць сістэмная сукуп­насць духоўных, мастацкіх і матэрыяльных каштоў­насцей), то на ўзроўні матэрыяльнай культуры каштоўнасць даўно ўжо вымяраецца грашовымі адзінкамі, а, напрыклад, духоўная культура, якая па сутнасці сваёй ёсць не што іншае, як інфармацыя, толькі зусім ня­даў­на пачынае вымярацца ў бі­тах, байтах і мегабайтах, ды і то яшчэ толь­кі ў прасцейшых сваіх формах. Адносна мастацкай культуры ўвогуле пра­бле­ма вымярэння эстэтычнай каштоўнасці яшчэ толькі ставіцца. Не­сум­ненна, што не толькі якасная, але ў нейкай меры і колькасная ацэнка зна­чэн­ня і каштоўнасці пэўнага куль­тур­нага ачага і ацэнка прытым агуль­ная, так бы мовіць, сумарная вельмі па­трэбна і на нашай сацыякультурнай кар­це як першапачатковай форме мадэліравання культуры. Тут не абый­сці­ся, напэўна, без такіх прынятых у сацыялогіі ўмоўных адзінак вымя­рэн­ня, як балы, рангі, ступені і да т. п.

Ёсць, зрэшты, у тэарэтычнай культуралогіі і такая катэгорыя, як стыль, якая даволі добра і даўно ўжо распрацоўваецца ў эстэтыцы і мастац­тва­знаў­стве. З часоў О. Шпенглера яна пераносіцца і на астатнія віды культу­ры і пачынае прымаць значэнне агульнакультуралагічнага паняцця, якое якраз і характарызуе такі агульны, сумарны характар дадзенай культурнай з’явы ці цэлага культурнага ачага. Гэтае паняцце тым болей важнае, што яно цесна звязваецца і з працэсам культурна-гістарычнага развіцця, і, на­пры­клад, па стылі аказваецца магчымым вызначыць, дадзеная з’ява куль­ту­ры адносіцца да ранняга яе перыяду, да росквіту альбо да перыяду за­ня­па­ду, што таксама было б карысным для культураграфічнай карты. Сэнс гэтага паняцця ў тым, што яно вызначаецца суадносінамі паміж такімі іс­тот­нымі бакамі культурнай з’явы, як ідэальны змест і матэрыяльная фор­ма, якія лёгка супастаўляюцца з асноўнымі паняццямі структурна-функ­цыя­нальнага падыходу. Змест суадносіцца са структурай, а значыць, і з больш высокай ступенню негэнтрапіі, альбо інфармацыі, а форма – з яе элементамі і адпаведна з больш нізкай негэнтра­пійна-інфармацыйнай сту­пен­ню (у выніку шматузроўневай іерархічнай структуры ўлічваюцца і пра­межкавыя ўзроўні падсістэм). Катэгорыя стылю ўяўляецца вельмі важ­най як для самой тэарэтычнай культуралогіі, так і для далейшага яе раз­віц­ця ў кірунку лагічнага мадэліравання і фармалізацыі, бо яна непасрэдна звя­зана і з канкрэтнай эмпірыкай, асабліва ў сферы мастацкай культуры, і адносна лёгка супастаўляецца нават з логіка-матэматычнай методыкай. Сты­лявая характарыстыка культуры можа быць вельмі зручнай для за­да­чы картаграфавання культуры з прычыны параўнальнай прастаты і ла­ка­ніч­насці, з аднаго боку, і магчымасці ўжывання для яе абазначэння ад­нос­на нескладанай сімволікі альбо індэксацыі – з другога. І, нарэшце, вялікую дапаможную ролю пры рашэнні пастаўленай праблемы безумоўна ады­гры­вае праблема асноўных культуралагічных катэгорый, першапачатковы разгляд якой быў ужо зроблены намі ў ранейшым спецыяльна прысве­ча­ным ёй артыкуле, а значна больш падрабязны разгляд, безумоўна, па­трэб­ны ў кантэксце такім, як дадзены.

Так бачыцца ў першым прыбліжэнні праблема стварэння тэарэтычнай мадэлі культуры як мадэлі сістэмна-матэматычнай на першым этапе яе рас­працоўкі.



_______________

1. Александров, Н. Н. Эстетика : курс лекций / Н. Н. Александров. – М. : Изд-во Академии Тринитаризма, 2011. – 365 с.

2. Берка, К. Измерения (понятия, теории, проблемы) : пер. с нем. / К. Берка. – М. : Прогресс, 1987. – 320 с.

3. Кофман, А. Введение в теорию нечетких множеств : пер. с фр. / А. Кофман. – М. : Радио и связь, 1982. – 432 с.

4. Крюковский, Н. И. Кибернетика и законы красоты / Н. И. Крю­ков­ский. – Минск : Изд-во БГУ, 1977. – 253 с.

5. Цыба, В. Т. Математико-статистические основы социологических исследований / В. Т. Цыба. – М. : Финансы и статистика, 1981. – 255 с.

6. Birkhoff, G. D. A Mathematical Theory of Aestetics / G. D. Birkhoff // The Rice Institut Pamflet. – 1932. – Vol. 19.

7. Birkhoff, G. D. Aesthetic Measure / G. D. Birkhoff. – Cambridge : Harvard University Press, 1933.

8. Birkhoff, G. D. Mathematics of Aestetics / G. D. Birkhoff // World of Mathematics. – New York : Simon and Shuster, 1956. – Vol. 4.

9. Rogowski, L. S. Sens logiczny heglowskiej koncepcji sprzecznosci zmiany i ruchu / L. S. Rogowski // Studia filozoficzne. – 1961. – № 6 (27).

10. Wilber, Ken. A Brief History of Everything / Ken Wilber. – Boston : Shambhala, 1996. – 342 p. ; Уилбер, Кен. Краткая история всего / Кен Уил­бер ; пер. с англ. С. В. Зубкова. – М. : АСТ : Астрель, 2006. – 476 [4] с. : ил.

11. Zadeh, L. A. Fuzzy sets / L. A. Zadeh // Inform and Control. – 1965. – Vol. 8, June (і іншыя работы, гл. бібліяграфію да кнігі [3] прыведзенага спіска літаратуры) ; Задэ, Л. А. Теория нечетких множеств / Л. А. Задэ // Проблемы передачи информации. – 1970. – Т. 2, вып. 1, № 2 ; Задэ, Л. А. Основы нового подхода к анализу сложных систем и процессу принятия решений / Л. А. Задэ // Математика сегодня. – М. : Знание, 1974. – С. 5–49.
M. KRUKOUSKI
TO THE PROBLEM OF THE MATHEMATICAL MODELING

OF THE THEARETICAL CULTUROLOGY’S MAIN

CATEGORIES AND NOTIONS
The necessity in the concrete scientific methodic, worked out in the mathematics long ago, has incredibly risen particularly today when our society endures a deep crisis. This crisis in the sphere of culture and especially on its spiritual level is expressed generally in the fact that the chaos and absurdism start to capture our consciousness. They do not help to meet the crisis, but, as it can be seen in some tendencies of modern western messages, encourage it by popularizing the fundamental distrust to the logics and to the theoretical thinking in general. In such a contingency only strict logical methods of mathematics can help to get out from such a miserable situation.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка