Да 90-годдзя з Дня нараджэння В. Быкава Пазакласнае мерапрыемства “Кожны чалавек ад прыроды – чалавек… ”




Дата канвертавання22.06.2016
Памер85.42 Kb.
Да 90-годдзя з Дня нараджэння В. Быкава

Пазакласнае мерапрыемства “Кожны чалавек ад прыроды – чалавек… ”

Літаратурна-музычная гасцёўня для вучняў 8-11 класаў

Мэты і задачы: узнавіць і пашырыць веды вучняў пра жыццё і творчасць Васіля Быкава, спрыяць зацікаўленасці да творчасці пісьменніка, фарміраваць адносіны да вайны як да самай злачыннай, антычалавечай з’явы ў свеце, стварыць умовы для выхавання патрыятызму, гуманізму.

Абсталяванне: выстава кніг В.Быкава і публікацый пра яго, мультымедыйная сістэма для дэманстрацыі фотаздымкаў.

У зале(кабінеце) шырокім колам размяшчаюцца столікі (парты). У адным месцы кола размыкаецца – гэта імправізаваная сцэна, стаіць мультымедыйны экран.

Ход мерапрыемства

Чытальнік 1.

(на фоне музыкі Іагана Пахельбеля “Канон”)

Начало формы

Конец формы

Чалавек не ўзнікае так —


Ён збываецца, адбываецца
Як ратай,
Як дзівак,
Як мастак,
Ад якога свет адбіваецца.

Чалавек не знікае так,


Бы ў кішэні вякоў пятак.
Ён сціраецца аб дарогі,
Разбіваецца аб адчаі,
Пераходзіць ва ўсе трывогі
Веку,
Што яго прыручае.

Перш чым вочы заслоняць векам,


Чалавек хоча стаць чалавекам.

( Рыгор Барадулін)

Вядучы 1. Беларускі пісьменнік, грамадскі дзеяч Васіль Быкаў «не знік так». Ён «стаў чалавекам стагоддзя», пакінуўшы пасля сябе праўдзівае і непаўторнае сведчанне пра эпоху і тым самым выканаў сваё «боскае наканаванне».

Вядучы 2.

Чытаю Быкава


I зноў
Вяртаюся ў краiну сноў,
У старану маю лясную
Якую,
Покуль я iсную,
Люблю ў затуле туманоў,
Ёй плачу, бачу, ёй блазную.

Завецца ўшацкай старана…

( Рыгор Барадулін)

Вядучы1. На лясной і азёрнай Ушаччыне, якая дала беларускай літаратуры Петруся Броўку, Еўдакію Лось, Рыгора Барадуліна і многіх іншых паэтаў і пісьменнікаў нарадзіўся і Васіль Быкаў 19 чэрвеня 1924 года ў невялічкай вёсачцы Бычкі.

Вядучы 2. Бацькі Васіля Быкава – Ганна Рыгораўна і Уладзімір Фёдаравіч – звычайныя беларускія сяляне, адметныя сваёй цягавітасцю і жыццёвай учэпістасцю. Дзяцінства прайшло ў родных мясцінах. Было яно беднаватае, скупое на радасці і труднае, як і ўвесь той час. Часта жылося ў непаладках, нястачы.

Васіль Быкаў. Я не люблю свайго дзяцінства. Галоднае жыццё, калі трэба ісці ў школу, а няма чаго паесці і апрануць… Адзінае, што было радасцю, дык гэта прырода і кнігі. Улетку возера, лес, рыбалка. Калі дазваляў час, вядома. Бо трэба было працаваць.

Вядучы 1. Васіль Быкаў змалку захапляўся літаратурай, з вялікай прагнасцю чытаў кнігі дома, заседжваючыся да позняй ночы.

Васіль Быкаў.Чытаў без усякай сістэмы, без разбору. Але час і вопыт усё расставілі па сваіх месцах. Вабіць усё тое, у чым сапраўды праяўляецца сіла і значэнне класікаў: павага да праўды, пропаведзь гуманізму, разуменне грамадскага абавязку літаратуры і пісьменніка.

Вядучы 2. Яшчэ ў школе спрабаваў пісаць апавяданні і вершы. Але больш моцнай была цяга да малявання, якая знаходзіла сваю рэалізацыю ў афармленні вучнёўскай насценгазеты, і ў спробах ствараць карыкатуры, пейзажы, партрэты вядомых людзей.

Вядучы 1. Падахвочаны прыкладам свайго піянерважатага, які паступіў у Віцебскае мастацкае вучылішча, Быкаў, пасля заканчэння дзявятага класа ў Кублічах таксама падаўся ў гэтае вучылішча.

Васіль Быкаў. Толькі вучыцца там доўга не давялося: у 1940 годзе адмянілі стыпендыі, і гэтая акалічнасць зноў вярнула мяне ў вёску. Давучваўся ў сярэдняй школе, якую закончыў напярэдадні вайны.

Вядучы 2.Перад самай вайной Быкаў апынуўся ва Украіне. Ён збіраўся паступаць у індустрыяльны інстытут у горадзе Шостка Сумскай вобласці. Але вайна распарадзілася па-свойму. Васіль Быкаў трапіў у інжынерны батальён, на будаўніцтва абаронных умацаванняў. Потым быў удзел у цяжкіх баях на Паўднёва –заходнім фронце. Затым – пяхотнае вучылішча ў Саратаве.

Васіль Быкаў. Год звышчалавечага напружання. Акрамя штодзённых дзесяцігадзінных заняткаў, былі яшчэ земляныя работы і начныя дзяжурствы на заводах, якія люта бамбілі немцы.

Вядучы1. Пасля вучылішча, якое Васіль Быкаў закончыў у 1943 годзе, атрымаўшы званне малодшага лейтэнанта, - зноў баі на Украіне, у Румыніі, Аўстрыі – да самай Перамогі.

Чытальнік 2.

(на фоне музыкі Гендэля “Сарабанда”)

Была вайна …


Была вайна…
Зямля гарэла,
Гарэлі вёскі, гарады.
Была бяда,
Яна хацела,
Жывое знішчыць на зямлі.

Была вайна…


Зямля стагнала,
Пад гнётам тых фашыцкіх мас,
Як тая хмара захіляла
І мір, і сонейка ад нас.

Была вайна…


Аб гэтым сведчаць,
Званы Хатыні, курганы,
Кожны з нас павінен ведаць,
Як на франтах ішлі баі.

Была вайна…


Прайшлі не мала,
Мы сотні вёрст, шляхоў, дарог.
Уся Еўропа нас вітала:
Народ савецкі ПЕРАМОГ!

Была вайна…


На сэрцы раны,
Яны ў памяці ў нас.
Была вайна…
І дзякуй, ветэраны,
За ратны подзвіг і за мірны час.

(Уладзімір Пакладок)



Вядучы 2. На Кіраваградчыне ёсць брацкая магіла, у якой Быкаў значыўся пахаваным. Да бацькоў пайшла пахавальная, у якой паведамлялася, што іх сын, камандзір стралковага ўзвода лейтэнант Быкаў Васіль Уладзіміравіч забіты 10.01.1944 года, пахаваны на цэнтральных могілках вёскі Вялікая Севярынаўка Кіраваградскай вобласці.

Вядучы 1. А Васілю Быкаву тады, у студзені 1944 года, моцна пашанцавала, бо ён быў толькі паранены. Ротны камандзір лейтэнант Пятро Міргарад у апошні момант падарваў гранатай фашысцкі танк, што насцігаў параненага ў нагу Быкава. Небяспека была настолькі блізкая, што яшчэ пасля выбуху гранаты, варожая машына, ужо спыняючыся, яшчэ ўціснула ў снег полы шыняля распластанага на зямлі параненага воіна.

Васіль Быкаў. Мяне прывезлі ў сяло, якое стаяла ў лагчыне. У хаце назбіралася чалавек пятнаццаць параненых… Раніцай сяло зноў атакавалі нямецкія танкі, збілі абарону. Я выпаўз з хаты на дарогу, дзе мяне падабрала апошняя фурманка.Адзін танк спыніўся насупраць нашай хаты і расстраляў яе. Хата загарэлася. Відаць, усё гэта бачыў мой камандзір батальёна, які, канешне, не ведаў, што за пятнаццаць хвілін да таго я выпаўз на вуліцу.

Вядучы 2. Пазней у Быкава было і другое раненне. А недзе ў Венгрыі, можа яшчэ і цяпер іржавее снарад, які ўпаў за паўметра ад Васіля Быкава, але не разарваўся.

Васіль Быкаў. У мяне быў шынель, у якім я закончыў вайну, увесь прапалены, у некалькіх месцах прастрэлены, прабіты асколкамі. Па сутнасці, гэта чысцейшая выпадковасць, што тыя кулі і асколкі мяне не кранулі.

Вядучы 1. Лёс збярог нам Васіля Быкава, каб ён жыў і пісаў ад імя цэлага пакалення, ад імя тых, што юнакамі спазналі вайну і ўзмужнелі духам са зброяй у руках, для якіх дзень жыцця быў роўны веку жыцця.

Васіль Быкаў. Жорсткая, бязлітасная памяць абавязвае нас, былых салдат, быць праўдзівымі і сумленнымі да канца свайго жыцця. Яна абавязвае нас расказваць сённяшняму пакаленню ўсю праўду пра вайну, якой бы страшнай і трагічнай ні была гэтая праўда. Гэта наш грамадзянскі і пісьменніцкі абавязак перад мёртвымі і жывымі.

Пакахай мяне, салдацік” да аповесці В. Быкава

Начало формы

Конец формы

Вайна. Каханне. Ты і ён.
Надзеі. Мары. Гэта сон.
Не, не магчыма шчасця тут,
Здаецца, чуеш ты “Капут!”
“Ах, Франя, дзіўная дзяўчына!
Ваенны час, не та гадзіна,
Каб побач быць з табою нам,
Цябе пакрыўдзіць я не дам!”
Ды не паспеў абараніць.
“Хто мог? Хто мог яе забіць?
За што дзяўчыну накаралі,
Каханне ў мяне забралі?”
Пытанне Міці… Дзе адказ?
Ці можа адказаць хто з нас?

( Ніна Джумава)



Вядучы 2. Пачынаўся творчы шлях В. Быкава вельмі звычайна: у 1949 годзе ў газеце “Гродзенская праўда” былі надрукаваны два апавяданні пісьменніка на рускай мове “У першым баі” і “У той дзень”. Тады Быкаў жыў у Гродна.

Васіль Быкаў. У сорак дзявятым мяне прызвалі зноў у армію. Я неўзабаве апынуўся аж на ўсходзе. Яшчэ шэсць гадоў праслужыў. А калі ў пяцьдзясят пятым звольніўся ў запас, зноў апынуўся ў Гродна. На гэты раз затрымаўся тут на два з лішнім дзесяцігоддзі. Працаваў спачатку ў “Гродзенскай праўдзе”, потым быў сакратаром абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Вядучы 1.Трывалае і цалкам заслужанае прызнанне прынесла пісьменніку аповесць “Жураўліны крык”. Пасля яно было надзейна замацавана вялікім поспехам “Трэцяй ракеты”, якая была адзначана літаратурнай прэміяй імя Якуба Коласа.

Вядучы 2. “Чалавек у В.Быкава чуе, бачыць, успрымае на дотык, убірае ў сябе ўсю вайну праз гэты бой, гэтае заданне, гэтую атаку – праз гэтую будзённую і трагічную сітуацыю. Вайна і надалей будзе адбывацца тут і цяпер, у гэтым полі, лесе, рове, вясковым доме, траншэі, бліндажы, зямлянцы, і даступнай для агляду пазіцыі цалкам хопіць героям В.Быкава, каб добра разабрацца, якая гэта вайна, у чым яе праўда і як ім жыць і ваяваць згодна з гэтай абсалютна канкрэтнай, выпрабаванай імі на сабе праўдай.

Вядучы 1. У 1978-м пераехаў на сталае жыццё ў Мінск. 3 гэтага часу займаўся выключна творчай працай. У 1980 годзе яму было прысвоена званне Народнага пісьменніка Беларусі. За аповесць “Знак бяды” ў 1986 годзе была прысуджана Ленінская прэмія. Уваходзіў у састаў праўлення СП СССР, Рады СП БССР, рэспубліканскага Савета Фонда міру. Ганаровы грамадзянін Ушацкага раёна. Выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, народным дэпутатам СССР . Шматлікія яго творы экранізаваны. Сярод іх “Абеліск”, “Альпійская балада”, “Дажыць да світання”, “Знак бяды” , “Круглянскі мост”.

Вядучы 2. Сярэдзіна 90-х нібыта вярнула пісьменьніка ў савецкія часы. Шырокая траўля ў дзяржаўнай прэсе, забарона, цэнзура на выхад яго новых твораў, пагаршэнне на гэтай глебе здароўя вымусілі Быкава пакінуць Радзіму.У снежні 2002 Васіль Быкаў пераехаў на жыхарства ў Чэхію, перад гэтым некалькі гадоў жыў у Германіі, а да гэтага ў Фінляндыі. У 2002 апублікаваў кнігу ўспамінаў «Доўгая дарога дадому». У Чэхіі перанёс аперацыю, пасля пагаршэння здароўя вярнуўся на Беларусь.

Вядучы 1. 22 чэрвеня 1941-га пачалася Вялікая Айчынная вайна… Праз 62 гады, 22 чэрвеня 2003-га, не стала класіка нашай літаратуры, народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава. Памёр у 20 гадзін 30 хвілін у рэанімацыйным аддзяленні анкалагічнага шпіталю ў Бараўлянах, пад Мінскам. Пахаваны ў Мінску на Усходніх могілках.

Чытальнік 3.
Ён вярнуўся дамоў, каб памерці,

Як спазнаныя словы сказаць,

Што няма і ня будзе нам смерці

І ня трэба па ім сумаваць,


Як па хмарах дажджы не сумуюць,

А ідуць, нібы вечнасць, дажджы,

За якімі ўсе душы начуюць,

Покуль мы не адчуем душы


У сваім аграхоўленым целе,

Што як сон, да якога ісці

Па дарозе, ня ўсім зразумелай,

Як агню – па апалым лісці...


Ён вярнуўся дамоў, каб ня ўмерці,

Як вяртаюцца ў неба дажджы,

Бо няма нараджэння і смерці,

Як Хрыста ўжо няма на крыжы...


11.VI.2003.  В. Шніп “Балада Васіля Быкава”
Вядучы 2. Адным з пастулатаў творчасці Быкава з’яўляецца рэалізаваная ў ёй думка, што нічога выпадковага ў жыцці не бывае, нават выпадковасці ў ім — невыпадковыя; што ўсяму ёсць свае прычыны і вытокі. Кожны чалавек выпрабоўваецца пэўнымі, дробязнымі ці значнымі абставінамі, у якіх яму належыць зрабіць выбар. За яго гэтага не зробіць ніхто. Якімі б ні былі абставіны, але кожнаму чалавеку разам з жыццём даруецца і “святая раскоша” — застацца чалавекам.

Вядучы 1. Свет утрымаецца, чалавецтва ўратуецца подзвігам духу такіх людзей, здольных у памежнай сітуацыі выбару пайсці на Галгофу за вышэйшую справядлівасць у імя жыцця на зямлі. У гэтым — аптымізм пісьменніка і жыццесцвярджальны пафас глыбока трагічных яго твораў.

Васіль Быкаў адзначае: кожны чалавек – ад прыроды чалавек. Жыццё робіць з яго генія або злыдня.



Усе ўдзельнікі выходзяць, становяцца паўколам і па чарзе гавораць. (Гучыць песня Марка Бернэса “Жураўлі”)

Васіль Быкаў



  • чалавек праўды,

  • чалавек цярпення,

  • чалавек зямлі,

  • чалавек вайны,

  • чалавек годнасці,

  • чалавек сяброўства,

  • чалавек глыбіні,

  • чалавек дарогі,

  • чалавек радзімы,

  • чалавек рэалізму,

  • чалавек вяртання,

  • чалавек перамогі,

  • чалавек сумлення…






База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка