Да 120-годдзя нараджэння паэта Жыццё і загадкі паэтычнага лёсу Янука Д. “Як той сончык, я света хачу…”




Дата канвертавання17.03.2016
Памер98.43 Kb.
Да 120-годдзя нараджэння паэта
Жыццё і загадкі паэтычнага лёсу Янука Д.
Як той сончык, я света хачу…”
Сёлета спаўняецца 120 гадоў з дня нараджэння беларускага паэта-дэмакрата Івана Дарашкевіча, літаратурны псеўданім якога Янук Д. Ладзяцца вечарыны, выставы (на жаль, зборніка яго вершаў так і не ўбачыў чытач). Бераставіччына ганарыцца, што асноўны перыяд творчай біяграфіі паэта звязаны з нашым краем, хаця аб гэтым далёка не ўсе ведаюць.

У “Энцыклапедыі літаратуры і мастацтва Беларусі” гэтаму паэту прысвечана толькі некалькі радкоў. Адзначаецца, што “…яго творчасць развівалася ў рэчышчы беларускай рэвалюцыйна-дэмакратычнай паэзіі, прасякнута болям за лёс абяздоленых …” А за гэтым – цэлае жыццё: з яго радасцямі і нягодамі, з “белымі плямамі” і загадкамі ў біяграфіі паэта. А яму споўнілася б сёлета 120 гадоў…

Газета «Наша ніва», якая выдавалася на беларускай мове з 1905 г. у Вільні, была сапраўднай калыскай паэтычнага таленту многіх пісьменнікаў. Тут друкавалі свае творы Якуб Колас, Янка Купала, Максім Багдановіч і многія іншыя добра і менш вядомыя паэты і празаікі. У 1910 г. менавіта на старонках гэтай газеты пачалі друкавацца вершы, допісы, карэспандэнцыі пад псеўданімам Янук Д. Аднак сапраўднае прозвішча паэта было невядома. Як ні крыўдна, але на доўгі час у гісторыі беларускай літаратуры, як слушна заўважыла беларуская даследчыца Т.Чабан ён быў пазбаўлены не толькі імя, але нават і псеўданіма. Творы паэта былі прыпісаны М.Арлу (С.Пяцельскаму), які, дарэчы, таксама меў пэўнае дачыненне да нашага краю і подпіс «Янук Д.» лічыўся адным з псеўданімаў С.Пяцельскага. Памылка гэта была «ўзаконена» нават у акадэмічнай хрэстаматыі «Беларуская дакастрычніцкая паэзія» (Мн., 1967). Доўгі час ніхто з даследчыкаў не звяртаў увагі на адрозненне стылю паэтаў і нават на тое, што, як нам удалося выявіць, М.Арол друкаваў у «Нашай ніве» верш «Пясняр» з прысвячэннем яго Януку Д. А менавіта гэта яшчэ раз даказвала, што псеўданім Янук Д. належыць не М.Арлу, а нейкаму іншаму і не менш здольнаму паэту. Бо не мог жа, сапраўды, М.Арол прысвячаць сам сабе свае вершы... Але, дзякуючы намаганням літаратуразнаўцаў А.Лісу, А.Пяткевічу, Ю.Туронку (Беласток), Т.Чабан, паэту вернута яго імя і пэўнае месца ў гісторыі літаратуры.

Іван Канстанцінавіч Дарашкевіч (Янук Д.) нарадзіўся ў 1890 г. у в. Меляшкі (недалёка ад мястэчка Грудак) тагачаснай Гродзенскай губерні (цяпер Беластоцкае ваяводства Польшчы) у мнагадзетнай ся­лянскай сям'і. Бацькі Івана мелі 8 гектараў зямлі і 7 дзяцей, сярод якіх Іван быў старэйшы. Пачатковую адукацыю атрымаў у роднай вёсцы, потым вучыўся ў Грудку, дзе пасябраваў з аднагодкам Сцяпанам Пяцельскім - будучым паэтам М.Арлом. Яны разам вучыліся ў настаўніцкай семінарыі: па сцвярджэнні Ю.Туронка - у Ялоўцы, па сцвярджэнні Т.Чабан - у Свіслачы, якую скончылі ў 1909 г. У наступныя гады Іван Дарашкевіч жыў на Бераставіччыне: настаўнічаў у вёсках Сямёнаўка і Кулі. Працуючы ў апошняй, ён пакахаў мясцовую прыгажуню Кацярыну, якая да ўсяго іншага мела добры голас і ведала шмат народных песень, якія вельмі любіў слухаць і запісваў яе каханы настаўнік. У 1913 г. Іван Канстанцінавіч Дарашкевіч і 18-гадовая Кацярына Маркаўна Буцько пажаніліся і неўзабаве, відавочна, восенню 1913 г. па невядомай прычыне пераехалі ў Літву ў в. Даўкшы каля Панявежыса, дзе малады настаўнік амаль год працаваў у мясцовай школе.

Працуючы ў школах на Бераставіччыне, I. Дарашкевіч, напэўна, выпісваў і чытаў беларускую газету «Наша ніва», у якой друкаваліся ўсе больш-менш значныя пісьменнікі таго часу. Больш таго, можна меркаваць, што менавіта «Наша ніва» аказала істотны ўплыў на творчы працэс Івана Дарашкевіча. Сцяпан Пяцельскі таксама натхняў сябра да дзейнасці на ніве роднай культуры.

3 1909 г. народны настаўнік з Бераставіччыны друкуе допісы і вершы ў «Нашай ніве», і гэта супрацоўніцтва працягвалася да пачатку першай сусветнай вайны. За гэты час газета надрукавала шэраг вершаў Янука Д., у якіх на першым плане цяжкае жыццё беларускай вёскі («Доля, «Стогн», «3 родных абразкоў», «Ганя» і інш.). У вершы “Стогн” першыя радкі застаўляюць уздрыгануцца і сэрца і душу:

Хочацца крыкнуць, каб неба ўздрыгнулася

Страшна-галосна , каб людзям пачулася,

Як тут канае іх брат-чалавек!...

Спрабаваў паэт свае сілы і ў інтымнай лірыцы. Гэтыя творы па ўнутранай эмацыянальнасці блізкія да вершаў Я.Купалы, Я.Коласа і іншых паэтаў тых часоў. Разам з тым, трэба адзначыць, паэтычныя творы Янука Д. (Івана Дарашкевіча) вылучаюцца сваім мастацкім узроўнем, непаўторнай індывідуальнасцю, культурай творчасці. Мне пашчасціла з імі пазнаёміцца ў Лонданскай беларускай бібліятэцы імя Ф.Скарыны, гартаючы падшыўкі ўсё той жа самай “Нашай нівы” за тыя гады.

Іван Дарашкевіч шмат і даволі ўдала перакладаў рускіх паэтаў - Лермантава, Нікіціна і іншых, тым самым узбагачаючы стыль і тэматыку сваёй паэзіі.

Працуючы народным настаўнікам на Бераставіччыне (у Сямёнаўцы і Кулях), Іван Дарашкевіч запісваў беларускія народныя песні, якія, па ўсім відаць, ён вельмі любіў і цаніў.

Першыя з іх запісаны паэтам у 1911 - 1912 гг. Стаіць пад імі подпіс: I.Дарашкевіч, в. Сямёнаўка. Побач з тэкстам падаюцца і ноты, што выдае ў настаўніку чалавека музычна адукаванага. Ёсць тут і песні, запісаныя і ў іншых вёсках Бераставіччыны і ў роднай вёсцы паэта Меляшкі. Песні розныя па змесце і па меладычнай настроенасці: вясёлыя і сумныя, але поўныя пачуцця, энергіі, настрою.

У адной з іх, напрыкдад, маладзіца жаліцца на няўдалае замужжа, а другая песня вельмі пранікнёна і ўзвышана расказвае пра развітанне хлопца з роднымі, любай дзяўчынай перад адыходам на вайну:

Ой, там на гарэ, ой, там на крутой

Сівы конь разгуляўся,

Малады хлапец, маладзюсенькі

На вайну прыбіраўся.

Як выбіраўся, то ўсім скланяўся,

-Айцу і матулі,

А сваёй мілай, наймілюсенькай

То найніжай скланяўся...

Варта зазначыць, што спрабаваў свае сілы паэт і ў прозе. У красавіку 1912 г. рэдакцыя «Нашай нівы» на апошняй старонцы пісала: «Януку Д. «Першыя крокі жыцця», трэба было б паправіць “Дзве дарогі надрукуем…”.

Янук Дарашкевіч дасылаў у «Нашу ніву» і допісы, карэспандэнцыі на тэму вясковага жыцця. У адной з іх («Наша ніва», 1911, № 5) ён піша аб цяжкім лёсе вясковых жыхароў Бераставіччыны, аб іх цемнаце, прыгнечанасці і цемрашальстве. У нумары 12-13 ён піша: “У гэтым мястэчку (Крынкі – М.П.) жыве шмат інтэлігентаў, але мала між імі людзей. Мястэчка не мае ніякага духоўнага руху, за ўсё аддуваецца гарэлка і карты. П’юць ўсе пагалоўна. Страшна і сумна робіцца на душэ… Людзі забудуць, што яны – людзі; забудуць тую вякамі забытую культуру, каторую падарылі ім іх бацькі…” Жудасна становіцца ад гэтых радкоў…

Вядома, што ў 1914 г. паэт сабраў рукапіс сваіх вершаў пад назвай «Абразкі» і даслаў у «Нашу ніву», маючы намер выдаць зборнік асобнай кніжкай. Але зборнік паэта так і не выйшаў у свет. Пачалася першая сусветная вайна, і восенню 1914 г. Іван Дарашкевіч быў мабілізаваны ў царскую армію і накіраваны ў школу прапаршчыкаў. Доўгі час думалі і гэта сцвярджалася ў друку, што І.Дарашкевіч загінуў. Але пазней выявілася, што паэт выйшаў з вайны жывым. Як сцвярджала яго сястра Люба, непасрэдна пасля грамадзянскай вайны вярнуўся ён разам са сваёй сям'ёй (жонкай Кацярынай і дзвюма дочкамі - Нінай і Людмілай) у родную вёску Меляшкі, якая ўжо ў той час была ў складзе Польшчы. Тут знайшоў разбураную гаспадарку і мізэрныя перспектывы. Тое ж самае было і на радзіме жонкі ў в. Кулі на Бераставіччыне. Польскія ўлады настаўніцкай працы Івану не давалі. Памытарыўшы так 2 - 3 гады, ён з сям'ёй выехаў у Савецкі Саюз, стаў кадравым афіцэрам Чырвонай Арміі.

Большую частку жыцця пражыў Іван Дарашкевіч у Варонежы. 3 Варонежа пайшоў на фронт. Загінуў у баі ў ноч з 23 на 24 лютага 1943 г. каля в. Фецішчава Арлоўскай вобласці. Дом, у якім жылі Дарашкевічы ў Варонежы, быў разбураны ў час ваенных дзеянняў, загінуў увесь рукапісны архіў паэта.

Застаўся толькі верш, а дакладней - тэкст песні «Вперед, волжане», якую напісаў беларускі паэт, савецкі афіцэр 7 снежня 1942 г. пасля паспяховай ваеннай аперацыі. Зыходзячы з тэкста, можна меркаваць, што І.К.Дарашкевічу давялося ваяваць і на Волзе.

Знаёмячыся з гэтым артыкулам, у чытачоў можа паўстаць пытанне: дзе і ў якіх беларускіх выданнях друкаваўся Іван Дарашкевіч у міжваенны перыяд? Адказ адназначны - нідзе. I гэта з'яўляецца яшчэ адной загадкай Янука Д. Вось па гэтай, напэўна, прычыне, што ён не падаваў голасу ў беларускім друку, многія даследчыкі беларускай літаратуры не толькі ў 1920-1930 гадах, але і ў пачатку 1980-х гадоў лічылі яго загінуўшым у полымі першай сусветнай вайны. Цяжка сказаць, якія прычыны не дазвалялі Дарашкевічу друкавацца ў беларускіх газетах і часопісах у 1920-30 гг. Паколькі ён быў афіцэрам - можа гэтаму перашкаджалі ваенныя інструкцыі, а можа, знаходзячыся на ваеннай службе, ён вельмі хутка адчуў тую атмасферу падазронасці да беларускай творчай інтэлігенцыі, якая ўжо праяўлялася з боку ДПУ у 1920-х гадах і перарасла ў масавыя рэпрэсіі ў 1930-х.

У вершы «Сончык» (назва першых веснавых кветак) паэт нібы прадбачыць і свой драматычны лёс, і ахвярны лёс многіх беларускіх паэтаў, якія, нібы веснавыя кветкі, першымі абудзіліся, раскрыліся насустрач новаму жыццю і якім наканавана было загінуць у віхурах войнаў, рэвалюцый, рэпрэсій, не пабачыўшы сваіх кніг, не здзейсніўшы творчых задум.

Гэтак будзе са мной.

Ціхай цёплай вясной,

Як той сончык, я света хачу.

А як прыйдзе пара, згасне жыцця зара,

Як і ён, я навек замаўчу…

Наш святы абавязак не дапусціць, каб, гаворачы словамі яго верша, «то месца травой зарасло», вярнуць людзям тое, у што паэт «гарачым сэрцам верыў, чым жыў...» - яго вершы. Тым больш, што самыя плённыя гады паэтычнай творчасці Янука Д. - Івана Канстанцінавіча Дарашкевіча - звязаны з Бераставіччынай, з яе працавітымі і песеннымі людзьмі, з яе такім, здаецца, звычайным і такім непаўторным наваколлем.

Мікалай Пацэнка,Лаўрэат прэмій Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне” і Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, метадыст па ахове гісторыка-культурнай спадчыны аддзела культуры райвыканкома

г.п. Вялікая Бераставіца, вул. Чырвонаармейская, д.4, 8-015-11-2-28-27 раб., 8-033-65-43-496 МТС.




З вершаў Янука Дарашкевіча
Стогн

Хочацца крыкнуць, каб неба ўздрыгнулася

Страшна-галосна , каб людзям пачулася,

Як тут канае іх брат-чалавек!

Голадам змораны, цемравам скручаны,

Працай нямернай забіты, замучаны

Моўчкі без скаргі канчае свой век!

Гіне ён… Помач ніскуль не яўляецца …

Стогны ў паветры яго расплываюцца …

Людзі не хочуць іх ведаць, ні чуць.

Што ім да гэтага стогну народнага?

Быццам, як свята, іх жыцця выгоднага

Дні за дзянькамі так роўна бягуць!

Не да яго ім. Мой браце змарнованы,

Скрыўджаны, зганьбляны, імі аплёваны,

Толькі ім сілы свае падавай!

Толькі кармі іх ты працай крываваю,

Жыцце дастаў ім з раскошай, з забаваю,

Сам жа ты з голаду гінь, падыхай…

Эх, небарака! Калі ты падымешся

Моцнай сцяною , як хваляй уздымешся,

Сказаці ўсім, што і ты чалавек!

Чы мо пакоры спрадвеку навучаны

Цемравам вечным, нядоляю скручаны,

Гэтак ў пакуце жыць будзеш ўвесь век?
Сончык

Зачарнелі паля, аджывае зямля,

Сонца свеціць ласкава, цяпло.

Лес маркотна шуміць, сэрцу

хочацца жыць

Ды вярнуць то, што ў вечнасць

ўцякло.

І пачуўшы прывет, - сонца



цёплага свет -

Робка выглянуў сончык з зямлі.

Распусціў капшучок, прыпадняў

сцебялёк


І зацвіў… А часіны цяклі …

Горач спёку жане, лес заціх,

як ва сне,

Пташкі змоўклі, абрыдла цяпло.

І час смерці настаў; сончык

ціха сканаў,

А то мейсца травой зарасло.

Гэтак будзе са мной. Ціхай цёплай

вясной,

Як той сончык, я света хачу.

А як прыйдзе пара, згасне жыцця

зара,


Як і ён, я навек замаўчу…
* * *

Мы прасціліся, помніш, без слёз.

Хоць душа разрывалась

ад болю …

Буйны вецер развеяў, разнёс

Нашы думкі па чыстаму полю.

Ты маўчала. Я доўга глядзеў

Ў твае вечна задуманы вочы…

О, як моцна я сэрцам хацеў,

Каб канца не было гэтай ночы!

Але час наш прабіў … Ты ўзяла

Маю руку ды ціха сказала:

“Не гаруй! Дзе бы я ні была,

Я це буду кахаць, як кахала!

Загародак для сэрца няма:

Яно свет праляціць,

як салоўка, -

Пацалуй жа мяне!” І сама

Ты ка мне нахіліла галоўку.

Як ва сне, я абняў це рукой

(Ты забыла сказаць: адхіліся!),

Нашы вусны бы самі сабой

У пацалунак прашчальны

зліліся.
* * *

Шкада разбітых мар … На цёмным

дне жыцця

Блішчаць яны маркотна, быццам

зоры.


Шкада мінуўшых дзён …

Бяздольнае дзіця,

Я не правёў вас вольна на прасторы.

Без мэты не прайшлі. І цяжка

ўспомніць мне.

Што не зыймаць вас болей

на паперы,

Што вы нішто, што вы прайшлі

ва сне

Без гонару, без працы ды без веры.



І годы праляцяць, і згіне след

на іх.


Як гіне след ў густым тумане ночы,

І вечнасць не аддасць часінаў

дарагіх,

Не ўбачаць іх мае навекі вочы.

В ўсё ж такі я жыў, хоць сумны

як пясняр.

Любіў адну, яна мяне любіла…

Шкада мінуўшых дзён … шкада

разбітых мар…

Іх верне мне сырая маць-магіла.





База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка